"Кветкi самотнай князёўны" - читать интересную книгу автора (Адамович Лидия)

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Аленка не магла стрымацца ад смеху — мужчына гадоў трыццацi ў белым касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён, вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу — у iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася Аленцы, чымсьцi таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся.

…Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазiраў на Аленку. Ён здаваўся дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклiкаў такi выбух смеху, што Аленка, прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спiну сяброўкi.

— Сцiхнi ты, дурнiца! — таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. Ён сюды накiроўваецца!

Мужчына i сапраўды iшоў да iх. Як нi стрымлiвалася Аленка, як нi сцiскала вусны, але ўсё ж хiхiкнула, калi той запынiўся ля Галi i, гледзячы паўзверх яе пляча, звярнуўся да Аленкi:

— Можна вас?

Аленка моўчкi кiўнула, падала яму руку i пайшла следам, стараючыся думаць аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася нiчога, акрамя як стаяць на месцы i ледзь-ледзь перасоўваць ногi. Вось так яны i танцавалi — на месцы. Смех у Аленкi ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў сваiм дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча, Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася i летуценна пачала ўяўляць, што танцуе з Мiколам.

…Вочы ў Мiколы глыбокiя, блакiтныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя i добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлiвае, мора перад штормам. У такiя вочы можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца i патануць. Як яна зайздросцiла хлопцу, якi жыў з Мiколам у адным пакойчыку ў iнтэрнаце, — ён бачыў яго ранiцою, вечарам, кожны дзень… I не ўяўляў нават, якое гэта шчасце — бачыць перад сабою Мiколу, яе бога, назiраць за яго рухамi, калi ён умываецца, за ягонымi вуснамi, калi ён гаворыць, за ягонымi пальцамi, што перабiраюць струны гiтары… З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамi пад дзвярыма Мiколавага пакойчыка i ўбiрала ў сябе ўсе гукi i словы, што даносiлiся адтуль… Яна ведала, што Мiкола збiрае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ёй так хацелася пайсцi з iм у гэты паход, але яе не запрашалi…

Нават нумар пакоя, у якiм жыў Мiкола, выклiкаў асалоду. На лекцыях Аленка, як заварожаная, пiсала проста ў канспекце запаветныя лiчбы: 405… 405… i выводзiла лiтары: Мiкола Гайда… Мiкола Гайда… i з трапяткiм сэрцам падстаўляла пад ягонае прозвiшча сваё iмя, i мiлавалася сугучнасцю: Алена Гайда… Алена Гайда…

— Самотная князёўна на чужым бале? — абарваў яе думкi прыглушаны голас.

Алена ўзняла вочы — яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым "старым мужчынам"? "Ён падобны на цыгана, — падумала дзяўчына. — На старога цыгана!" I адвяла позiрк.

— Баль заканчваецца, — прамовiў мужчына лагодна. — Можа, мы пойдзем дадому разам?

— Да якога яшчэ дому? — раздражнёна павяла плячыма Аленка.

— Да вашага, вядома. Цi можна правесцi вас?

— Пашукайце сабе па ўзросту, — цвёрда сказала Аленка, глянуўшы яму ў твар.

— Нават так? — усмiхнуўся ён. — Што ж, дзякую за танец!

I правёў яе на месца.

У гэты час з'явiўся Мiкола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпiленым кажуху. Хлопцы абступiлi яго. Мiкола гучна i весела вiтаўся з iмi, пацiскаючы рукi. Але танцы скончылiся, моладзь пачала выходзiць з клуба, i Аленка настойлiва чакала, калi Мiкола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку i палiў з хлопцамi.

Да Галi падышоў Анатоль, кiрпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкi ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зiму, "каб холадна не было", смяяўся на пытаннi дзяўчат, — гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысiнкаю на галаве. Усмiхнуўся i выцягнуў з-за пазухi маленькую кветачку.

— Ой, цюльпанчык! — ускрыкнула Аленка. — Жывы! Малайчына, Анатоль!

— Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, — усмiхнуўся хлопец. — Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы…

Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.

— Пайшлi да маiх, — шапнула Анатолю, — а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы… Аленка, пайшлi разам! — звярнулася да сяброўкi.

— Не, — адмоўна махнула галавою Аленка. — Я тут застануся, на ганку… Мiколу пачакаю… Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо…

— Ну, глядзi сама, — адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.

… Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк — палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.

— А я, як нi пагляджу ў акно — усё вы стаiце, — падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка. — Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?

Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. "Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! — з непрыяззю падумала Аленка. — Цыган стары!"

— Давайце знаёмiцца, — прапанаваў ён. — Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер «Менскбудпраекта». Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?

— Не, — суха адказала Аленка. — Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць…

— Мы амаль землякi, — усмiхнуўся Вайдаш. — У мяне ў Менску кватэра… Спускайцеся ўнiз! — працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. — Цi чакаеце каго?

Аленка не адказала.

— Ён не варты гэтага! — засмяяўся Дуброўскi. — Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе — шмат хто бачыць яе ля маёнтка… Вось i вас, здаецца, закранула яна…

— Што? — у Аленкi пахаладзела спiна. — Якая здань?

Але з прыступак сышла.

— Гэта даўняе паданне, — мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, — з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека — ён робiцца сляпым духоўна… Ён любiць толькi цела… i гiне ў сляпым каханнi… Першай ахвярай Чорнай зданi стала Дарына, нарачоная князя Вiтаўта. Але i да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць…

— Ой, раскажыце, калi ласка! — устрапянулася Аленка, узрадаваная тым, што можа распавесцi Мiколу нешта таемнае, аб чым, магчыма, i ён не ведае… Зацiкавiць яго, спадабацца яму, а там, глядзiш, i ў паход возьме!..

— Недалёка ад панскага маёнтка, недзе ў лесе, — уздыхнуўшы, павольна пачаў аповяд Вайдаш, — знаходзiцца мур на месцы былога маёнтка Дарыны, якi пабудаваў для яе князь Вiтаўт, дараваўшы здраду яе… У лабiрынтах падзямелля iснуе, паводле падання, Блакiтны пакойчык, у якiм ляжыць прыгожы жалезны кубак з накрыўкай. Хто адкрые яго — знiшчыць здань…

…Руiны старога маёнтка чарнелi пад шапкаю снегу. Халодныя сняжынкi сыпалi ў твар. Аленка, зачараваная i ўзрушаная, прыслухоўвалася да голасу Вайдаша. Прыслухоўвалася i… ужо не iснавала ў цяперашнiм часе: у белым прывiдным тумане з'явiўся на канi магутны i суровы князь Вiтаўт.

— Я Дарына, Дарына! — выйшла з снежнай завiрухi дзяўчына. — Ты пазнаў мяне, князь?

Вочы яе — цёмная ноч, косы быццам у русалкi.

— Я была маленькаю, калi ты прыязджаў да майго бацькi, — прашаптала дзяўчына.

— Памятаю цябе, Дарына! — адказаў Вiтаўт i падхапiў, пасадзiў яе на каня, да сябе…

Мiльганула недзе сярод дрэў Чорная здань, працягнула кашчавую руку да кволай Дарыны…

…I Аленцы падалося, што яна пачула дзiкi смех. Ён стаяў у вушах, калi Вайдаш закончыў аповяд i падвёў яе да хаты. Яны развiталiся. Зачынiўшы ў сенцах за сабою дзверы, Аленка дакранулася да клямкi, каб увайсцi ў хату, але ў гэты момант пачула здзеклiвы шэпт:

— Не хацела за пана — будзеш валяцца ў нагах у хама!

— За пана, за пана!.. — крыклiва паўтарыў нехта.

Крык гэты прымусiў здрыгануцца Аленку, рассыпаўся на гукi, i вось ужо кожная частачка яго гучала паасобку, утвараючы манатонны, цiхi гоман, падобны на шапаценне лiстоў… Аленка рванула дзверы i ўскочыла ў хату…

Iрэна не захацела iсцi сёння ў касметычны салон. Яна здзерла бульбiну, наклала мякоцце на сурвэтку i прыклала да твару. Уладкавалася на крэсле i ўключыла Бетховена. Iрэне вельмi падабалася ягоная «Апасiяната», асаблiва стрыманая i велiчная другая частка. Разлiваючыся, музыка напаўнялася ўсё большай мяккасцю i цеплынёй…

Iрэна думала аб апошняй сваёй практыцы ў дзiцячым садзе. Апошняй, пераддыпломнай. Яна так любiла дзяцей, iх дапытлiвыя вочкi! Нiколi не забудзе чарнявай жыдовачкi Алiны Савiкоўскай, яе бацькi працуюць у оперным тэатры, сама ж дзяўчынка з маленства займаецца ў музычнай школе.

— Вы такая прыгожая, быццам фея! — сказала Алiна Iрэне ў першы ж дзень яе прыходу ў садок. — Вы прыйшлi да нас з казкi, праўда? Вы так цудоўна граеце на пiянiна!

Iрэне падабалася, калi ёй гавораць камплiменты, нават дзецi. Наогул, яна купалася ў камплiментах мужчын на вулiцы, у iнстытуце, у гасцях, як у кветках, ёй гаварылi камплiменты жанчыны, якiя працавалi ў касметычных салонах, дзе часта Iрэна рабiла прычоскi, манiкюр, макiяжы, масаж…

Iрэна сама любiла сваё цела, маладое, прыгожае, гнуткае, свае рукi з акуратнымi тонкiмi пальчыкамi, свае валасы пшанiчнага колеру, свае шэрыя вочы i мяккiя вусны… Але чаму ж Янка пакiнуў яе? Чым яна яму не дагадзiла?..

Не хацелася ўспамiнаць тую вечарынку, на якой ён зачараваўся яе сяброўкай Рэняй, хоць некалькi дзён назад смяяўся з Рэнiных ног i паходкi. Яны стаялi на балконе i палiлi цыгарэты… А потым ён болей не прыйшоў да Iрэны. А Рэня, прыбегшы да яе ў iнстытут, выпалiла проста ў вочы:

— Iрэнэчка, не крыўдуй, ён сказаў, што хоча са мною сустракацца. Мае бацькi паедуць жыць у вёску. Там прырода, лес, ты ж ведаеш, што мой бацька хварэе на лёгкiя. А нам з Янкам застанецца кватэра. Шкада, што машыну бацька забiрае!

I, крутнуўшы поўнымi сцёгнамi, абцягнутымi кароткай джынсавай спаднiчкай, заспяшалася на выхад…

Бацька пайшоў з сям'i. "У нас з тваёй мацi даўно няма ўзаемаразумення, сказаў Iрэне тата, — каханне даўно згасла, ператварыўшыся ў самоту ад аднастайнасцi, клопатаў, сварак i шэрай будзённасцi…" Ён вярнуўся ў вёску i жыў адзiн у старой бацькоўскай хаце.

Iрэна паднялася з крэсла i пайшла ў ванну. Змыла твар, усмiхнулася сабе ў люстэрка i пачала распранацца. Цела адчула асалоду цёплай вады. Iрэна ляжала ў ванне i пацiху пацягвала з кубачка каву. Заўтра ёй трэба распавядаць дзеткам пра музычныя iнструменты. З задавальненнем пойдзе сёння ў бiблiятэку. А па дарозе трэба зайсцi да суседкi, Аленчынай мацi. Можа, i Аленка будзе дома, раскажа, як Новы год сустрэла.

Iрэна ўключыла фен, пачала сушыць валасы i адначасова любавацца iмi. Янка так любiў расплятаць яе косы! Спачатку цалаваў iх, потым вочы, вусны, шыю… Цалаваў яе рукi. Цалаваў усё яе цела. Кружыў па пакоi на руках сваiх. "Маленькi мой зайчык, маё сонейка, кветачка мая… — шаптаў ёй на вуха. Русалачка мая…" Разам з iм яна ўзлятала на неба, танула ў вiры асалоды… А цяпер яго няма…

Iрэна ўздыхнула i адкiнула фен. Апранула чырвоную сукенку, вузенькую, класiчнага пакрою, з чорным банцiкам пад каўняром, i выйшла з кватэры.

— Iрэначка! — заўсмiхалася Аленчына мацi. — Заходзь, даражэнькая!

— Добрай ранiцы, цётка Соф'я! Адпачываеце?

— Якое там адпачыванне, Iрэначка! — уздыхнула цётка Соф'я, маладжавая жанчына, пухлая, з вузкiмi вуснамi i зачасанымi ўгору валасамi, якiя агалялi i так вялiкi лоб, паправiла пояс на дарагiм халаце i дадала, запрашаючы Iрэну прысесцi: — Нiкога ў хаце няма. Кiнулi ўсе мяне, а я з ранiцы заўсёды такая хворая! Трэба выйсцi ў горад развеяцца… Можа, пойдзеш са мною?

— Ды я ж у бiблiятэку…

— Вось якiя вы, маладыя, — паскардзiлася Соф'я i выйшла на кухню, вярнулася з падносам, на якiм стаялi два кубкi кавы i пiражкi. — Частуйся, Iрэначка, сама пякла… Ты такога нiколi не зробiш, як Аленка! Ты нiколi мацi не кiнеш, а Аленка мая ўладкавалася ў iнтэрнат студэнцкi i нават з кватэры выпiсалася, знацца з мацi не хоча! Свякруха жыла са мною, усё малiлася, а хiба ж я яе чапала? Сама запсiхавала i паехала ад мяне ў сваю вёску, у Жыровiчы, там манастыр, ведаеш? Вось няхай там i молiцца! Адзiн муж кахае мяне, Iрэначка, вось ён мяне не кiне нiколi!

Iрэна адвярнулася, каб схаваць усмешку: «кахае».

— Кожную ранiцу я хварэю, Iрэначка! — скардзiлася Соф'я. — Быццам не цела ў мяне, а вата, рукi як вяроўкi вiсяць, ногi не маюць моцы… Быццам хто кроў высмактаў з мяне. Мне трэба з ранiцы пагаварыць з кiм, энергii набрацца, тады ўсё праходзiць, так мне экстрасенс параiў. Я — знак агню. I муж мой — знак агню. Гэта не падыходзiць. Мне каб вось знак зямлi, як Аленка, знак вады, як свякруха, а яны мяне пакiнулi… — Соф'я змахнула з вачэй слязу. — А ты хто, Iрэначка? Ты ж з маёй Аленкай у адзiн месяц нарадзiлiся…

— Я — Панна, — адказала Iрэна. — Знак зямлi…

— Ой, зайчык ты мой! — узрадавалася Соф'я i абняла дзяўчыну. — Ты мне падыходзiш! Давай размаўляць, можа, палягчэе мне…

— А пра што размаўляць? — даверлiва запытала Iрэна.

— Ай, золатка маё! — заўсмiхалася Соф'я. — Памятаеш, як мы з табою пасябравалi? Стаiш ты ля ваенторга, а Янка падбягае, на рукi цябе бярэ, кружыць. Усе пазiраюць на вас, зайздросцяць… А потым вы ў аўтобус селi, ты яму галаву на плячо схiлiла дый за шыю абняла, а бабы шэпчуць: "Як у койцы!" А вы цалавацца, а бабы ад злосцi: "Кiнь ты яе ў пельку! Цалуюцца, а тады кусацца будуць!" Злыя людзi, Iрэначка, вось i сурочылi вас…

— Не трэба пра гэта! — адсунулася ад яе Iрэна.

— Ну як жа ж не трэба, калi ён, гад, учора гэтак жа з Рэняй ля ваенторга цалаваўся!

— Цётка Соф'я! — Iрэна роспачна ўскочыла з месца i схапiлася за цыгарэту, чыркнула запалкай i зацягнулася на поўны ўдых.

— Ён жа ж, Iрэначка, ёй кожны дзень кветкi купляе, як i табе раней купляў!

— Хопiць! — Iрэна выпусцiла ў твар Соф'i сiвы клубок дыму, зацягнулася зноў, але, папярхнуўшыся, закашлялася i закрычала на яе: — Ведзьма! Што ты мне нервы псуеш зранку?

— Iрэначка! — лагодным голасам прамовiла Соф'я, паклала ёй руку на плячо i пагладзiла. — Ты лепш закадры старога… Вось адна лярва маладая твайго бацьку закадрыла, дык ён ёй падаркi кожны дзень носiць… Каб i ты старога мела, то i табе б тое ж было…

Соф'я прытулiла да сябе Iрэну i паспрабавала пацалаваць, але тая вырвалася i пабегла да дзвярэй.

— Прыходзь, Iрэначка, золатка маё, яшчэ! — ласкава ўсмiхнулася Соф'я, твар яе пасвятлеў, з вачэй спала мроя. Яна жвавенька паднялася з месца i, па-маладзецку крэкнуўшы, пацягнулася. — Кроў у жылы вяртаецца…

Iрэна паспрабавала адчынiць дзверы, але не змагла. Соф'я падышла да яе, павярнула ў замку ключ, расчынiла дзверы i на развiтанне шапнула:

— Ты толькi на пiянiна сваiм не трынкай — рана не загоiцца! Рана ад злога чалавека, Iрэначка, зусiм не загойваецца. Век свайго Янку помнiць будзеш!

Iрэна размахнулася i стукнула Соф'ю па твары сумкай. Тая толькi ўсмiхнулася ў адказ — твар у яе памаладзеў, складкi пад вачыма разгладзiлiся, вусны чырванелi, як мак.

— Заходзь у госцi, Iрэначка! — маладым, сакавiтым голасам кiнула яна ўслед дзяўчыне.

Ранiцай Мiкола прачнуўся ў чужым пакоi. Спахапiўшыся, пачаў азiрацца навокал: цi не ў медвыцвярэзнiку? Ён ехаў ад бацькi з канiкулаў выпiўшы i заснуў у трамваi… Не, ён быў у самым звычайным iнтэрнатаўскiм пакойчыку. Насупраць стаяў другi ложак, засланы ружовай капай. Над iм вiселi партрэты артыстаў, выразаныя з часопiсаў. Ля акна стаяла белагаловая, з кароткай стрыжкай дзяўчына i разглядала яго пашпарт, якi дастала з кiшэнi нагавiц. Усё ягонае адзенне вiсела на спiнцы крэсла.

— Эй, што ты па кiшэнях лазiш? — ускочыў Мiкола i выхапiў у яе пашпарт.

— А ў цябе фiгура — клас! — гарэзлiва адказала дзяўчына. — Ну што, Гайда Мiкола бацькавiч? Ты мне падыходзiш па ўзросту. Мне таксама дваццаць пяць…

— А ты мне — не! — агрызнуўся той i пачаў нацягваць нагавiцы.

Дзяўчына падышла да яго, абняла за шыю, прытулiлася вуснамi да грудзей.

— Ты быў у мяне першы, — прашаптала яна. — I другога нiколi болей не будзе…

— Адчапiся! — адхiлiўся Мiкола i надзеў кашулю. — Адкуль ты такая ўзялася? Ненармальная…

— Зараз прынясу бульбачку, фаршырованую мясам, — засмяялася дзяўчына, пальчыкi аблiжаш! I не прыкiдвайся дурнем — гэта табе не пасуе! Я помню ўсё, усе твае словы ноччу…

I, какетлiва павёўшы брывамi, пабегла з пакойчыка. Вярнулася праз хвiлiну, хуценька паставiла жароўню на тумбачку, выцягнула дзве талерачкi i пачала раскладваць бульбу, яна так смачна пахла, мела залацiсты колер, а з яе выглядвалi скарыначкi запечанага мяса… Дзяўчына спрытна расклала вiдэльцы, нарэзала хлеб. Паставiла на стол пляшку гарэлкi. Легкадумны кароценькi халацiк, са знарок расшпiленымi ўнiзе двума гузiкамi, агаляў прыгожыя поўныя ногi.

— Проша пана! — усмiхнулася дзяўчына, паказваючы рукою на стол. — Проша частавацца!

Мiкола паслухаўся. Перад гэтым зiрнуў у акно — мясцовасць была незнаёмая.

— Можа, растлумачыш мне, дзе я? — з iронiяй сказаў дзяўчыне.

— Хто каму павiнен тлумачыць? — здзiвiлася тая. — Ты ж учора гаварыў, што ўсё жыццё мяне шукаў. У маiм трамваi да канца змены катаўся, рамансы на гiтары спяваў…

— Дзе гiтара? — спалохаўся Мiкола i, знайшоўшы позiркам яе ля сцяны, супакоiўся. Успомнiў — было такое. Але каб iсцi да яе ў iнтэрнат?!

— Сама мяне сюды прыцягнула?

— Ах ты, нягоднiк! — раззлавалася яна. — Ды сам жа ўслед плёўся! Можа, цяпер будзеш адмаўляцца, што мяне згвалцiў? У мяне сведкi ёсць! Зараз пайду ў палiклiнiку судмедэкспертызы, калi ты станеш адмаўляцца, што казаў мне ўчора пра каханне, пра вяселле…

— Ты, трамвайшчыца няшчасная! Смаркачы вытры, малалетка!

— Ды я з табою з аднаго года! Калi не будзеш болей са мною сустракацца, калi не прыйдзеш болей да мяне…

— Трэба ты мне, як сабаку пятая нага! Ды ў нас з табою розны iнтэлектуальны ўзровень: у мяне вышэйшая адукацыя, а ты — двоечнiца з калгаса! Прыехала сюды, курсы скончыла i гарадскою сябе лiчыш?

— Я хоць i двоечнiца з калгаса, а назаўсёды застануся ў горадзе! Iльготную кватэру атрымаю! А цябе запруць у вёску загадчыкам задрыпанага клуба, i будзеш там з даяркамi гуляць! З кiм ты там ажэнiшся? Ну, калi настаўнiца якая прыедзе пасля вучылiшча, бо пасля iнстытута альбо замужнiя, альбо не едуць зусiм, квас у горадзе застаюцца прадаваць! Iнтэлектуальную хочаш? Хрэн табе з маслам! Не хочаш мяне, iльготнай кватэры, тады iдзi прэч! Чуеш, прэч!

I выпхнула яго за дзверы.

Анатоль Хвашчэўскi сядзеў на педсавеце як на iголках. Спачатку разбiралi двоечнiкаў з яго групы, потым астатнiх гультаёў i прагульшчыкаў. Праца майстрам у ПТВ падабалася Анатолю, але яна забiрала шмат часу. Трэба было весцi справы ў турыстычным клубе вучылiшча, якi ён узначальваў, дый пра сябе не забываць — у яго па турызме толькi КМС, а хацелася б "майстра спорту". Хутка ён атрымае кватэру, а гэта ж столькi клопатаў! Не, трэба тэрмiнова жанiцца, тады б прыйшоў з працы, жонка налiла б баршчу, пад'еў — i на трэнiроўку. Як вольны час — у паход! А жонка няхай дома верцiцца, а то i ў вёску, да бацькоў, грады палоць, сала прывезцi… Галя падыходзiць яму за жонку, з беднай сям'i, значыць, не такая разбэшчаная будзе, як багатыя. I апранацца будзе, як прывыкла: дзве-тры сукенкi, i хопiць. А астатнiя грошы сэканомяць яму на паходы, на заплечнiкi, на спартовыя касцюмы…

Анатоль уздыхнуў з палёгкай — педсавет скончыўся. Глянуў на гадзiннiк спазняецца на сустрэчу з сябрам ажно на дваццаць хвiлiн!

… Сцяпан, высокi, плячысты, з зачасанымi ўгору валасамi i маленькiмi вусiкамi, убачыў Анатоля яшчэ здалёк i памахаў яму рукою.

— Прабач! — уздыхнуў Анатоль, пацiскаючы сябру руку. — Ну, як справы? Дыпломная пiшацца? I кiм жа ты будзеш, куды паедзеш пасля?

— Згодна дыплому — эканамiстам, але паеду на хутар, да бацькi, — адказаў Сцяпан. — Там у мяне двое братоў жанатых, сястра. Будзем фермерствам займацца! Добра, давай хутчэй да аўтобуса, а то Маруся ўсе вочы праглядзела ўжо, чакаючы нас!

— Жаночая справа — чакаць! — буркнуў Анатоль, працiскаючыся ў поўны аўтобус.

— Марусю бяром у паход? — цiха папытаўся Сцяпан, ставячы набiтую цяжкую сумку долу.

— Не, яна нам не падыходзiць, — сур'ёзна адказаў Анатоль. — Статус не той, разумееш? Я вяду групу, кiраўнiк паходу, адказны за ўсiх. А яна ва ўзросце, нiколi не хадзiла ў спартовыя паходы. Мы з ёй пазнаёмiлiся ў паходзе выхаднога дня… Вось грэчкi завязём, а яна нам палатку зашые, заплечнiкi адрамантуе…

— У якiм гэта яна ўзросце? — засмяяўся Сцяпан. — Табе ж дваццаць пяць, а ёй усяго трыццаць два!

— Усяго? — раззлаваўся Анатоль. — А дзяўчатам нашым па дваццаць два гады! Рознiца ў дзесяць год, разумееш?

Сцяпан хмыкнуў i адвярнуўся да акна.

— Ты мне не хмыкай! — незадаволена кiнуў Анатоль. — Мiкола Гайда нешта пыжыцца, прэтэндуе на лiдэрства. У мiнулым паходзе ўсё нешта мармытаў сабе пад нос. I ты туды ж? Калi так справа пойдзе, я паход не павяду! Альбо я — лiдэр i камандую ўсiмi, альбо паходу не будзе, не дам нi палатак, нi заплечнiкаў, не падпiшу пуцёўку!

— Хопiць, — супакоiў яго Сцяпан, — выходзь, прыехалi!

— Ой, хлопчыкi! Анатоль, Толечка! Сцяпан! — пляснула ў далонi ўзрадаваная Маруся.

Выглядала дзяўчына вельмi прывабна: доўгi пышны халат з глыбокiм выразам, чырвоныя манiсты, чарнявыя валасы, закручаныя чырвонай стужкай у «хвосцiк», вялiкiя чорныя вочы нагадвалi цыганку. Мяккiя вусны расплылiся ва ўсмешцы:

— Толечка, я твой эдельвейс, якi ты мне з паходу прынёс, засушыла. Ён у мяне як скарб, самы вялiкi скарб!

Яна запрасiла хлопцаў садзiцца, а сама пабегла на кухню прыхапiць тое-сёе на стол. Прынесла смажаную курыцу, паставiла пляшку лiкёру i зноў жа хуценька некуды пабегла. Пачуўся гул кавамолкi, Маруся з'явiлася праз хвiлiну з падносам, на якiм стаялi тры кубачкi духмянай кавы.

— Усё, будзем частавацца! — смеючыся, выдыхнула Маруся. — Гэта я ад радасцi так замiтусiлася. Для цябе, Толечка! А ён жа, Сцяпанка, нават у кiно мяне не запросiць, нягоднiк! Пасварыся на яго, Сцяпан, добра! — засмяялася яна, ружавашчокая, з ямачкамi на шчоках, вясёлая, танюткаю рукою разлiла па келiхах чырвоны, як кроў, лiкёр…

— Ну, вып'ем за Марусю, — прапанаваў Анатоль, — Новы год не прыйшлося нам з ёю сустрэць, справы, сама разумееш… Ну, за ўсё харошае, каб у гэтым годзе табе пашанцавала замуж выйсцi!

— Дык я ж толькi за цябе збiраюся! — усмiхнулася Маруся, падносячы келiх да вуснаў.

— Мы тут да цябе па справе прыйшлi, — мармытнуў Анатоль, адкусваючы кавалак мяса з курынай ножкi. — Ты мне летась добрыя шкарпэткi ў паход звязала, але вось яны парвалiся…

— Звяжу новыя, — засмяялася Маруся. — Чула, ты летам у паход групу вядзеш па Беларусi, краязнаўчы паход…

— Ужо расказаў? Памяло! — зыркнуў вачыма на Сцяпана Анатоль. — Я ж сказаў, раз i назаўсёды: Марусi нельга ў спартовыя паходы!

— Ну чаму ж? — запярэчыла тая. — Я на турзлёты ад свайго «Менскбудпраекта» езджу! А тут паход у вас першай складанасцi, для навiчкоў! Чаму ты не хочаш мяне браць?

— Усё! — стукнуў кулаком па стале Анатоль. — Размова пра паходы скончана, Маруся, — сказаў больш лагодна, — ты ж наша выручалачка! Ты ж заўсёды дапамагаеш i цяпер, калi ласка, дапамажы…

Ён падняўся з-за стала, выняў з сумкi палатку i два заплечнiкi, умольна глянуў у вочы Марусi i прашаптаў:

— Калi ласка…

— Добра, — уздыхнула Маруся, — зашыю…

I Анатоль узрадавана пачаў выкладваць Марусi пачастункi: грэчку, кнiгi, якiя купляў ёй у час вандровак…

Сцяпан моўчкi пазiраў на абаiх, адной рукою абапёршыся на поручань канапы, другую — паклаў на спiнку.

— Ты што, можа, яшчэ i бялiзну яму мыеш? — папытаўся ў Марусi.

— I мыю, i грошы яго захоўваю, — уздыхнула Маруся, — а ён прыбяжыць на хвiлiну, кiне мне свой поўны заплечнiк: «Зашый-памый» i зноў у свой iнтэрнат, быццам яму там мёдам намазана.

— А чаму б вам не пажанiцца? — засмяяўся Сцяпан.

— Я лепшую гаспадыню, чым Маруся, не знайду, — прамармытаў Анатоль. — Але ёсць адна прычана, па якой я не магу з ёй ажанiцца. Яна гэта ведае…

Анатоль падняўся, чмокнуў Марусю ў шчаку.

— Ну што, Сцяпан, паедзем? — уздыхнуў ён. — Справы, Маруся, прабач… Дзякую за ўсё! Трэба ж яшчэ на трэнiроўку паспець. Да Мiколы заехаць…

— Добра, — усмiхнулася Маруся, — бывай! Калi заглянеш?

Анатоль пацiснуў плячыма.

— Ну й мудак ты! — кiнуў Сцяпан, калi яны выйшлi ад Марусi. — Такая дзяўчына, а ты яшчэ носам круцiш!

— Рознiца ва ўзросце, разумееш? — заклапочана закiваў галавою Анатоль. На цэлых сем год…

— Ды якая там рознiца? У цябе вунь залысiны на галаве, а яна як кветачка!

— А табе што, спадабалася? — устрывожыўся Анатоль. — Ты глядзi ў мяне! Маруся — мая сяброўка! А наконт залысiн — глупства, жанчына ўсё роўна хутчэй старэе… Дый у сексуальным плане будуць праблемы, калi жонка старэйшая… Да таго ж яна ўжо не дзяўчына, а я хачу менавiта дзяўчыну. Здраджваць не будзе, разумееш? Яна акрамя мяне не будзе нiкога ведаць i будзе лiчыць, што лепш нi з кiм не будзе…

— Значыць, ты ўсё ж — сексуальна заклапочаны, — усмiхнуўся Сцяпан. Ведаеш, мне нiколi ў галаву не прыходзiлi такiя глупствы!

— Радзiць у такiм узросце цяжка… — працягнуў Анатоль.

— Табе радзiць? Чаго ты панiкуеш? — раззлаваўся Сцяпан. — Ну, жанiся тады на маладой дурнiцы, на Гальцы сваёй iнфантыльнай! Вось яна табе падыходзiць якраз як карове сядло!