"Чорны замак Альшанскі" - читать интересную книгу автора (Караткевіч Уладзімір)РАЗДЗЕЛ V ЧАЛАВЕК ЗНІКМінула яшчэ чатыры дні. Прыйшоў красавік. Купы снегу, адкінутыя ўзімку машынамі пад дрэвы, сталі зусім малыя, брудныя і наздраватыя. І яшчэ снег падаў два разы, ён кожны раз чаргаваўся з дажджом, які з'ядаў яго на вачах. Усё часцей празрыста, па-вясенняму, сінела неба. У зацішку, з сонечнага боку двароў было ўжо зусім суха. І ўсё ж вясна наступала, нібы азіраючыся, часта саступаючы дарогу імжацы, холаду і слаце. За гэтыя дні я некалькі разоў званіў да Мар'яна. Адказу не было. На чацвёрты дзень я не вытрымаў і паехаў да яго на кватэру. Нават сабакі не адказалі брэхам на мой званок. Кватэра маўчала, нібы вымерла. Урэшце нічога дзіўнага ў гэтым не было. Едучы кудысь, Мар'ян заўсёды заводзіў псоў да нейкіх суседзяў, хаця мог бы і да мяне. Не хацеў перашкаджаць маёй рабоце. Наша агульная падазронасць апошніх дзён зрабіла тое, што я нават агледзеў замок. Мне здалося, што ля яго абдрапана фарба. Але так бывае заўсёды, калі чалавек упоцемку спрабуе трапіць ключом у адтуліну. З'едлівая пажылая вахцёрка, якую мы — хай даруе нам бог — клікалі часам «Цэрберам», часам «Цэнзарам Феакціставым», на мае пытанні адказала досыць рэзка: — Я яму, сэрцайка, не мамка. Не бачу. З'ехаў некуды. Раніцай прыбіраю. Пад'езд мыю, першую пляцоўку. Каб у свіноце не сядзець. Пасля тут цэлы дзень. Вечарам Саня прыходзіць. І ён не бачыў. Сабакі? Адвёў, пэўна, як заўсёды… Што ж што не бачылі. Унь там чорны ход у двор. Там часам нават мне можна не заўважыць, як прыходзяць ці выходзяць. Але ён ім рэдка карыстаецца. Двор не дужа зручны. Двор сапраўды не быў зручны. Усе гэтыя пуні, закамаркі, безжыццёвыя з выгляду галубятні, гаражы. І ягоны гараж. Замкнёны. Невядома нават, ці пусты, ці з машынай. А за пунямі той самы пустыр і дрэвы ля парніковай гаспадаркі. О, божа мой! Я пацягнуўся дадому, не ведаючы, што й думаць. Які д'ябал мог затрымаць яго ў Вільні? Знайшоў нешта ў архіве? То мог бы і звякнуць. Не ў дужа добрым настроі зайшоў я ў свой двор і ўбачыў Хасэ-Марыя Лыганоўскага, які корпаўся ў кветніку пад нашымі вокнамі. Жываплот вакол кветніка ў адным месцы парадзеў, і лекар якраз высаджваў на тое месца нейкія кусцікі. Мядзяны твар ад паветра і працы быў з глыбінным румянцам. Капялюш ляжаў на лаўцы, і ўсяму двару відаць была хвалістая грыва срэбных валасоў. — Гісторыку-дэтэктыву асабістае прывітанне! — сказаў ён. — Кандацьеру ад псіхалогіі — узаемна, — буркнуў я. Ён прытаптаў зямлю вакол перасаджаных сцяблін, адкруціў паліўны кран, адмыў ад гразі рукі і, выціраючы іх насавіком — па-лекарску — палец за пальцам, бадзёра сказаў: — Закурым, сусед. Тут, у зацішку, нават прыгравала. Мы селі на лавачку, я распячатаў пачак і пачаставаў яго. Ён сачыў за гэтым працэсам пільнымі шэрымі вачыма. — Слухайце, — раптам сказаў ён, — у вас часам у сваяцтве не было людзей… ну з пэўнымі адхіленнямі ў псіхіцы? Пазней, калі я, на свой жах, зразумеў, што са мною сапраўды нешта не да ладу, я часта ўспамінаў гэтую першую размову і тое, што заўважыла ўсё гэта спрактыкаванае вока ўсімі знанага псіхіятра. Заўважыла яшчэ тады, калі нават я не заўважаў нічога. А тады я толькі зарагатаў. — Ды не! Здаровыя ўсе былі, як пні. — То й добра, — ён з відавочнай палёгкаю зацягнуўся, — значыць, гэта проста псіхіка кавалера. Тое, што і ў мяне. І ў Хілінскага. Ва ўсіх такіх. — Ды што такое? — Метадычны вы ў дробязях. Я вось быў у вас. Усё на сваім, спрадвеку заведзеным месцы. Там папера, там попельніца, там строга адно, а там — і навекі — іншае. Пачак адкрываеце так. Малако — толькі ў адной малочніцы. Кветкі купляеце толькі на Барскай у кіёску, хаця побач кветкавы магазін. Голіцеся, пэўна, таксама толькі ў аднаго майстра. — Эге, — зарагатаў я. — Калі няма яго, то няголены пайду або ўдома пагалюся. — І лазеншчык у вас толькі адзін. І не будзеце кнігу чытаць, пакуль рук не памыеце. І, калі кніга старая, абавязкова памыеце пасля. І раз на месяц выбіванне кіліма, а раз на два тыдні — пыласос яму. — Слухайце, — сказаў я, — але адкуль вы гэта ведаеце? — Я не ведаю. Я «умозаключаю», раблю вывады. — Але нашто? — Прафесійная звычка. Папрацавалі б з маё. — Ну і якія ж вывады? — Ды вас яны не датычацца. Проста метадычнасць закаранелага кавалера. У такіх або ў хаце гармідар і свінюшнік, боты на стале, або вось такое… Але ўвогуле гэта часам бывае адзнакаю пэўных адхіленняў у псіхіцы. Пры эпілепсіі, пры пачатках некаторых іншых хвароб. — Ну калі так меркаваць, то большасць немцаў эпілептыкі. І ўвогуле, усе, хто як мага зручней арганізуе працу. — Не смейцеся. Вось вам адзін прыклад, але важкі — Дастаеўскі. — Вельмі ўлешчаны, — сказаў я. Мы засмяяліся. Ці мог я думаць, што мне сапраўды давядзецца звяртацца да яго? І не ў такі ўжо далёкі час. На пляцоўцы я ўбачыў Хілінскага, які якраз заходзіў у кватэру. — Зноў нешта? — ён уважліва разглядаў мяне. Я расказаў. — З'ехаў кудысь. — Адам быў страшэнна стомлены. — Мо так і сядзіць у Вільні. А што не папярэдзіў аб затрымцы — тут усякае можа быць. Не малы. І не такія ўжо вы сябры, што сарочкі няма калі перамяніць. — Усё ж я адзіны ягоны сябар. І не мог ён з-за хваробы жонкі так затрымацца. Ён жа кожны дзень званка чакаў. Я страшэнна непакоюся, Адаме. — Добра. Калі ўжо так, то вось зараз пазваню Шчуку — мы ж прыяцелі. Хай навядзе даведкі, ці няма там каго… неапазнанага. І тэлефон твой дам. Хай табе сорамна будзе, калі гэты… твой… свечнік віленскі табе прывязе. Ну, бывай, лабузю. Пазваню, памалюся богу дый і завалюся спаць. …Мінула яшчэ два дні. Недзе ў чацвер ці ў пятніцу, мо ў чатыры гадзіны раніцы, калі не раней, зазваніў тэлефон. Спалоханы спрасонку, я схапіў трубку. — Алё. Хілінскі ад твайго імя званіў? — прагучаў нізкі голас. — Так, — з цяжкасцю прыпамінаючы, аб чым ідзе справа, адказаў я. — Косміч ля тэлефона. — Патрэбны твае паслугі. Ты не мог бы пад'ехаць для пазнавання? — Вядома, — голас у мяне сеў. — Машына праз дзесяць хвілін будзе ля пад'езда. — Так. Апранаюся і адразу спускаюся ўніз. Дрыжучы ад перарванага сну, хвалявання і холаду, у поўным непаразуменні, што б то магло азначаць, я спусціўся па сходах у золкі туман, нібы на дно малочнага возера. Праз нейкую хвіліну з гэтага туману вынырнулі вясёлкавыя, размытыя плямы фараў. У «казле» было пасля вуліцы горача ад матора і неяк асабліва сонна. Тры чалавекі, што ехалі са мной — праўдзівей, везлі мяне, — увесь час надрыўна і вельмі заразліва пазяхалі. Пахнула бензінам, мокрым сукном і яшчэ чымсьці. Чалавек год пяцідзесяці, што сядзеў побач са здаравенным шафёрам, працягнуў мне цёплую і моцную руку. Гэта і быў Андрэй Шчука. Быў ён са звычайнымі рысамі твару, што называецца «без асаблівых прыкмет», каб не паўдзесятка шнараў на шыі і руках. Урэшце, не вельмі й прыкметных. А поціск ягоны мне заўсёды падабаўся: я пра многае мяркую па поціску. Лейтэнант, які прымасціўся побач са мною, прыемна пачырванеў і сунуў мне халаднаватую далоньку. — Клепча… Якуб… Іванавіч… вельмі прыемна. Ну, гэты быў, прынамсі, устойлівы. І на тым дзякую богу. Машына рванула з месца, і толькі тут я заўважыў, што за ёю сляпуча мірганулі фары другой. Скосу, краем вока, я ўбачыў, як прыстройваецца да нашага картэжу адзін матацыкл… другі. Пачуццё было надзіва непрыемнае. Я ледзь не пачаў думаць, а можа, я ўсё ж зрабіў у жыцці нешта такое… сам, можа, і не думаў, а яно з пункту гледжання крымінальнага кодэкса… Пасля, раззлаваўшыся на сябе самога, я ўявіў яшчэ горшае глупства: што гэта я рэзідэнт і еду патаемна на спатканне з шэфам (божа мой, колькі ж гэта я наглядзеўся дрэнных карцін) у нейкі лясны дом. На прыём нейкага пасла гэта не паходзіла, не хапала сонечнага святла і ганаровага каравула. — І вось ён і кажа прадаўцу, — Клепча відавочна расказваў далей анекдот. — «А ці ёсць у вас аленева сядло?» Магазін жа завецца «Дары прыроды». «Не, — кажа прадавец, — ёсць натаценія». Рыба ў сэнсе. «Ну а ласіна ёсць?» — «Натаценія ёсць». — «Гм, ну а хаця каўбаса хатняя ёсць?» — «Бярыце натаценію, у ёй фосфару шмат». — «Ведаеце што, — кажа пакупнік, — мне не трэба, каб… свяцілася…» Шафёр коратка гмыкнуў, Шчука толькі галавой пакруціў. — За такія старыя анекдоты пры іхняй мірапамазанай вялікасці Мікалаі, ведаеш, што рабілі? — Ну? — Ссылалі туды, дзе козам рогі правяць… У Аляску. — Аляску да таго часу прадалі, таварыш палкоўнік, — сказаў Клепча. Палкоўнік на хвіліну замяўся. — Ды я не пра таго Мікалая кажу. Я пра Першага. Твайму ж анекдоту горай. — А якая ж тады, Андрэй Арсенцевіч, натаценія была? — Гэта праўда, на вялікі жаль, — не было. Уніклівы ты чалавек, Клепча, скрупулёзны. Дока! — Трэба ж ведаць, Андрэй Арсенцевіч. Іначай такіх памылак наробіш. — Ну і добра. — Шчука павярнуўся да мяне, але чамусьці толькі ў профіль. — Расказвайце. Я расказаў. Страшэнна мне было не па сабе. Я не разбіраўся ні ў тым, што робіцца, ні што яны такое гавораць, як не разбіраўся пасля ні ў дэталях апазнання, ні ў тым, хто з іх следчы абласной пракуратуры, а хто старшы ўмацаванай аператыўнай групы. Сяк-так яшчэ мог сказаць, што вось гэта «праваднік службовага сабакі» — так, здаецца, гэта называецца, — і то таму толькі, што пры ім быў сабака. У даміно згуляць, выпіць — гэта так, але ўсё жыццё я хацеў быць — па справе — далей ад людзей іхняй прафесіі. Таму што гэта толькі ў кепскіх раманах чалавек б'е ў ладкі і скача ад радасці з той прычыны, што да яго ў дом кожны дзень пачала ўчашчаць міліцыя. На месцы следчага я б у такіх выпадках абавязкова зацікавіўся, чаго-то ён скача? Але тады і рамана не было б! Таму што скрынку з доларамі абавязкова знайшлі б тут жа ў клумбе ў гэтага веселуна, і не трэба было б прыглядацца да падазроных паводзін хлопчыка Пеці і да таго, адкуль пенсіянер Сінічка бярэ грошы на штодзённыя оргіі з «мадэлькамі». За шклом машыны, як на здымку, паступова пачалі праяўляцца праз туман чорныя дрэвы. Туман плыў аднекуль хвалямі, пэўна, з нізіны. Машыну пачало кідаць на каранях дрэў. Пасля яна спынілася і дрэвы скончыліся, а вачам адкрылася вялікая паляна ў хаосе туману, які варушыўся над ёй. Мы выйшлі, і толькі тут Шчука спытаў: — Ну а галоўны неспакой? — Мне здалося, што драпіны вакол замка. — Віця, — звярнуўся Шчука да матацыкліста, адвязі Сцепанца, каб стаў ля кватэры… Адрас?… Вось па гэтаму адрасу. Адвязі і адразу вяртайся. Гук матацыкла хутка заглохнуў у ватным тумане, і зноў стала ціха. Мы ішлі па пластах зляжалай графітнай лістоты. Я зірнуў на гадзіннік, але заўважыў не час, а тое, як над сукном паліто вачавідна мітусіліся мікраскапічныя кропелькі туману. Край паляны. Я глянуў і раптам убачыў ля самых ног дробныя бязгучныя ўсплёскі, якія зрэдку лізалі пясок, і зразумеў, што гэта не паляна, а возера, густа ахутанае імглой. І адразу ўсё стала на сваё месца, і я нават пазнаў тое, што вакол. І гэтую крывую бярозку з шарападобным капам-наростам на ёй, і, крыху далей, цьмяны цень чаўна на прыколе, і стаўбур чорнага дуба ля вады. Пазнаў возера Романь, куды мы так часта выязджалі рыбаліць з Мар'янам. І тады прадчуванне нейкай вялізнай бяды, нават упэўненасць у ёй, сціснула маё сэрца. З паляны на беразе даляцелі глухія галасы, выплылі цені. Некалькі чалавечых, адзін — сабачы. Ля сабакі стаяў маўклівы чалавечак са смешным абліччам. На мяне, пакуль тое, ніхто не звяртаў увагі, і я прыстроіўся да яго. — Косміч. — Старшына Велінец, — сіпата сказаў ён. — А сабака? У-у, саб-бака мой. — Рам, — і ціха абазваў. — Не раю. — Укусіць? — Бескарысна. Палкоўнік прайшоў паўз нас, і толькі тут я зразумеў, чаму ён трымаўся заўсёды з правага боку і паказваў толькі профіль: у яго амаль не было правага вуха. Я ведаў, што гэта ў яго. У сорак пятым ці сорак сёмым годзе трапіў недзе пад Ашмяной у рукі банды Боўбеля. Не надта вясёленькая гісторыя. Дапытваў яго намеснік, і толькі таму ноччу Шчуку ўдалося ўцячы. Сам не выпусціў бы. Клепча сказаў бы пра Шчуку: «Стары, пагрызены, загартаваны ў бітвах воўк». — Да нас ён звыкнуў. А вы — свежы чалавек. Але гэта не сорам. Гэта каб звыклі. Я здзівіўся, што старшына заўважыў і гэта, а не заўважыў, што мы на «ты». Але тут ад купкі людзей даляцелі галасы, і я пазнаў іх: глухі голас палясоўшчыка і звонкія дысканты двух дзяцей. — Леснічоўка мая тут… на беразе… Ну, прыехаў… — Ён часта тут ловіць, дзядзька. — А мне што. Дзеці ходзяць у школу… — глухі ў тумане голас. — Мы, дзядзька, зараснікам, наўмання. Машына стаіць, — гэта дзіця. — «Запарожац» стаіць, дзядзька палкоўнік. — Дзень, значыцца, стаіць пустая… І другі таксама… А на трэці ўжо я трывогу падняў. І човен на вадзе, бачу… у глыбіні затокі, халера на яе. Вецер, паступова ўздыхаючы, пакрысе пачаў зганяць з возера туман. Ясней праступілі сілуэты людзей і нешта цёмнае, доўгае, што ляжала на траве ля іхніх ног. Над затокаю калыхаўся вэлюм, то падымаючыся, то зноў ападаючы на ваду. Усё ж, хаця і павольна, яго падносіла, і ўсё часцей праяўляўся на вадзе сілуэт чаўна, постаці людзей, якія, стоячы ў ім, скарадзілі дно, і пляма буя на вадзе. Я здагадаўся, што гэта месца здарэння. — Падыдзіце, Косміч, — сказаў голас палкоўніка. Я падышоў. З таго, цёмнага і доўгага, адкінулі брызент. Я ўбачыў, што тое ляжыць на пажоўклай леташняй траве, і тут мяне замуціла. Вопратка была падобная, але твар… Твару не было. «Ракі, ці што?» — недарэчна падумаў я. Успыхнулі яшчэ раз бліцы. Я адвярнуўся, і Шчука, відаць, зразумеў, што мне кепска: тысячы трупаў бачыў я на вайне, але паспеў адвыкнуць, а тут яшчэ гэта быў… не, ужо не быў. — Ён? — спытаў Шчука. — Твар — самі бачыце. Вопратка дужа падобная. Канстытуцыя — рыхтык ягоная. Прабачце, я павінен адысці. Я сеў на пень. Я глытаў нешта, а яно ўсё сядзела ў глотцы. Вясёлага было мала ва ўсіх гэтых падзеях. Ад вас ідзе абражаная жанчына. Ваш лепшы друг загінуў. Ягоныя словы, ягоны неспакой… — Ну што гэта, як красная дзеўка, — сказаў лейтэнант Клепча. Я раззлаваўся, і, дзіўна, мне адразу стала лягчэй. — Вось што, лейтэнант, — сказаў я. — Калі б пасля такога пераплёту я, скажам, спытаў бы ў вас, якой вы думкі аб творчасці Первенцава, або пачаў дасціпна гаварыць аб дасягненнях народнай гаспадаркі краіны — тады мяне трэ было б неадкладна браць пад белыя рукі і везці ў Навінкі. — Маўчыце, Клепча, — абарваў яго Шчука. — Адыдзем да машыны, Косміч. Ён хацеў адцягнуць маю ўвагу, дзякуй яму. — Што было ў яго ў кішэнях? — спытаў я. — Каша з тытуню, хлеба, паперы і іншага. Ён курыў? — Апошні час дужа мала. Яшчэ што? — Баначка з матылём. Вось. І ў чаўне два буйныя шчупакі. — Ягоная, — сказаў я. — Але не мог ён такога буйнага шчупака… І што ён, увогуле, шчупака на матыля лавіў? Лухта якая! — Спінінг знайшлі, — даляцеў па вадзе голас з чаўна. — Відаць, шчупак зацягнуў пад корч — вудзільна і патанула. — Ну, бачыце, — сказаў Шчука. — Ад чаго гэта здарылася? — спытаў я, — Упаў з чаўна ў ваду. Патануў. Як у яго са здароўем? — Ён быў дужа хворы чалавек. — Ну вось. Мог быць прыпадак. Мы падышлі да машыны. — Ягоны «Запарожац», — па аглядзе сказаў я. — І ўсё ж я не веру, што гэта ён. Так, машына, так, вопратка. Але ж аблічча… няма. Але ж гэты, здаецца, вышэй ростам. І потым, чаму паехаў адзін? З лесу, з туману, вынырнуў да машыны Велінец з сабакам. — Рам следу ад машыны не ўзяў, — сіпата сказаў ён. — І не дзіва. Колькі дзён! Акрамя таго, снег яшчэ ляжаў. Дождж злізаў яго. І зноў снег. І зноў стаяў… Відаць, канчаткова вясна. — Няўжо бываюць неапазнаныя? — спытаў я. Палкоўнік не адказаў. Яшчэ праз гадзіну мы ішлі да машыны. Цела ўжо забралі. Наперадзе ішлі Велінец і Клепча і гаварылі ўжо аб нечым іншым. — Ды зразумей ты, — гарачыўся Клепча, — матэрыял ягонага гарнітура. — Ну ладна, — з іроніяй цадзіў Велінец, — касцюм з матэрыялу, партыю якога ўкралі. Доказ мне яшчэ! Ну а каб, скажам, ён быў калісь паліцаем, чакаў патаемна ў душы «выбуху народнага гневу» і на гэты выпадак трымаў у страсе арсенал — ён што, тады хадзіў бы па вуліцах і плошчах з кулямётам у руках? Глупства! Матэрыял яго і апраўдвае. Дый характар ягоны. Самае, напэўна, страшнае злачынства ў ягоным жыцці — у жонкі з шуфляды тры рублі сцягнуў на гарэлку. А мяне калаціла! І ад раптоўнага ўсведамлення непапраўнасці, і ад гора, і ад нейкай няяснай надзеі, і ад злосці на гэтых, якім усё адно, якія так хутка ўсё забылі, пераключыліся са смерці чалавека на нейкі матэрыял ды яшчэ й жартуюць. …У маленечкім мястэчку Чурсы спыніліся перакусіць. Я глядзеў на гэтыя паўсотні дамоў, лялечную гарбатню, флігель ад разбуранага ў вайну палаца і гіганцкія, туманна-мокрыя, чорныя дрэвы старажытнага парку і ўспамінаў, як улетку мы хадзілі тут з Мар'янам і збіралі на прынаду слімакоў. Іх тут было безліч на берагах шматлікіх зялёных ставоў, у роснай прахалоднай траве. Я нідзе столькі іх не бачыў. І такіх вялізных, з яблык велічынёй. «Француз бы звар'яцеў з радасці», — сказаў тады Мар'ян. І вось я глядзеў, і ў мяне пякло вочы і нешта ў грудзях. — Ласіна ёсць, — прыбег Клепча, — мабыць, нехта па ліцэнзіі забіў ды здаў у гарбатню. Пашанцавала. У Менску не дастанеш. — Бы ў лепшых дамах Ландона, — сказаў Велінец. У гарбатні ўсе размясціліся пад дрэннай копіяй з карціны «Томаш Зан і Адам Міцкевіч на беразе Свіцязі». — Абажаю аленяў, — сказаў Клепча, умінаючы ежу. — Угу, — сказаў Шчука, — яшчэ з часоў дзіснееўскага Бембі ў кіно. Надзіва гожая і шляхетная істота. Пяшчотная, мяккая. Я не мог есці. Заказаў дзвесце грамаў «Белавежскай», цяпнуў яе нагбом, як апошні алкаш, і закурыў, адчуваючы, як паволі апякае мне ўсё ўсярэдзіне. Адчуваў, што я несправядлівы, што гэта штодзённая іхняя работа і не паміраць жа ім з голаду, і.ўсё адно пагарджаў імі. І таму нямала здзівіўся, калі палкоўнік пайшоў і прынёс сабе і мне па сто пяцьдзесят, сеў і, раптам, таксама амаль адштурхнуў талерку. — Не магу. За столькі год, а не мог звыкнуць. Вып'ем, Антон Глебавіч. — І пасля паўзы: — Ненавіджу свалачоў… Пакуль не здохну… У гэты момант Клепча заўважыў на карціне Занавы бакенбарды і раптам сказаў: — А чаго-то Пушкін? Хіба ён быў на Свіцязі? — Гэта Зан, — магчыма, занадта рэзка сказаў я. — Ну а гэты… Зан… хіба ён… — Памаўчыце вы, калі ласка, — абарваў яго Шчука і толькі тут адказаў на мае словы, сказаныя яшчэ на Романі: — Бывае і так, што не апазнаюць. Рэдка, але бывае. Дай бог памяці, у 63-м ці ў 64 годзе пісьменнік ваш адзін, ну, з гэтых, маладых ды ранніх, раманы яшчэ гістарычныя піша, плыў са сваякамі па Дняпры ля Рагачова. Бачыць, нешта ружовае. Падумаў, што незвычайнай велічыні глушаная рыба (вось трэба яшчэ гэтых «шахцёраў» з Бабруйска прыціснуць, што ездзяць рыбу глушыць). Устаў на носе і раптам стырнавому: «Вараці!…» Плыве спінаю дагары жанчына ў ружовай камбінацыі. Ну, усё зрабілі, прыехалі нашы па труп… Але й дагэтуль невядома: хто, адкуль, як? Можа, аднекуль з Урала ў невядомай кампаніі прыехала, а можа, і яшчэ аднекуль. Ці сама ўтапілася, ці, можа… Але выплыве. Так ці іначай, а яна выплывае рана ці позна, праўда. Так што й ты, хлопец, не квілі. Цяжка, ясна. Але суцешся хаця тым, што атрымаюць яны, калі гэта забойства, — спаўна. А ўжо мы пастараемся, перабяром усё. — Што ж, — сказаў Клепча, — усю Беларусь дагары нагамі перакуліш? Усіх сваякоў перабярэш? А тыя, можа, з Эстоніі? — А ты і эстонскіх перакулі, — сказаў Шчука. — І, дарэчы, вазьмі прыжыццёвае фота ды паездзі па акрузе. Можа, нехта бачыў такога чалавека ў кампаніі з кімсьці знаёмым… напярэдадні. — А па тым здымку? На беразе. — Па тым здымку людзі падумаюць, што паказваеш акцёра Аўсянікава ў ролі ценю бацькі Гамлета. Думаць трэба, хлопец. Калі машыны ўжо зноў ляцелі па плітачнай шашы алеяю трохсотгадовых ясеняў і вязаў, Шчука раптам спытаў: — Што то за кніга? Я расказаў. — Паказаць не можаш? Ага, тады заедзем да цябе ў хату. А пасля… можа, з намі на ягоную кватэру з'ездзіш? — Так… Слухай, ён жа трывожыўся! Ён казаў аб нейкай сувязі з тым, са старажытным, злачынствам! — Гэта магло быць проста ад нерваў. І потым, каб мы займаліся ўсімі злачынствамі, зробленымі за мільёны год, з таго часу як малпа стала чалавекам, то каму было б разбірацца, хто ўкраў у сябра Раткевіча аўтаручку. Дзіўна, ягоны грубаваты тон крыху супакойваў мяне. — Так што старажытным злачынствам займіся ты. Ты знаўца, гісторык, табе і карты ў рукі. А знойдзеш што-небудзь цікавае для сённяшняга дня — ну, тут мы заўсёды да тваіх паслуг. — Ты накшталт таго капеечнага крытыка, якому падавай творы толькі на злобу дня. А для гэтага газеты ёсць. Мы заехалі да мяне, узялі ў партфель кнігу і пакацілі на парніковую гаспадарку. І зноў была алея напалову выпляжаных ліп, і стары дом, і барокавая брама могілак. Толькі на дне спушчаных ставоў накапілася каламутная вясновая вада. А ўва мне ўсё яшчэ жыла няпэўная надзея, што вось пазвонім, вось у глыбіні кватэры аддадуцца крокі, лясне замок і заспаны Мар'ян скажа мне: — А ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам? Ніхто не адказаў на званок. Мы стаялі і чакалі доўга, і я чуў, як «Цэнзар Феакцістаў», з'едлівая вахцёрка, адказвае Клепчу: — Два дні назад як быццам чую — замок ляснуў. Гляджу — чалавек. Але дзверы зачыненыя. Пытае: «Што, там нікога няма, бабуся?» — Які хаця па выгляду чалавек? — А такі сабе… ну… нібы крыху гарадскі, а крыху нібы й не гарадскі. Урэшце прывялі панятых і адкрылі замок. І надзея мая адразу знікла, а пачуццё бяды ператварылася ва ўпэўненасць. Эльма ляжала нерухома на падлозе. Здаравенны тыгравы Эдгар, убачыўшы мяне, няпэўна матлянуў азадкам. Вочы ў яго былі няшчасныя і слязіліся, і ён адразу заплюшчыў іх. Нават не ўстаў насустрач. У перадпакоі рэзка і моташна пахнула чымсьці. — Ён не ездзіў у ніякую Вільню, — упэўнена сказаў я Шчуку, — іначай бы адвёў сабак. Ён і не думаў з'язджаць больш чым на адзін дзень. — Сабак усыпілі, — сказаў Шчука. — У той жа дзень усыпілі. Бачыце, яшчэ не з'едзена ежа, не выпіта вада. Толькі як маглі ўсыпіць на столькі дзён? — Мо шукалі нешта? Калі за адзін дзень не знайшлі, то маглі паўтарыць дозу. — Але як? Гэта выхаваныя псы. Яны нічога не возьмуць з нічыіх рук. Толькі ў Мар'яна… і ў мяне. — Акрамя паветра, якога ні з чыіх рук браць не трэба, — Шчука паказаў на замочную дзірку. — Я ведаю, чаго яны шукалі, — і я дастаў з партфеля кнігу. — Што ж, давай прысядзем тут, — Шчука паказаў на доўгую скрынку для абутку, — каб не перашкаджаць. Займіцеся хатай, лейтэнант. Мы селі на скрынку і пачалі ўважліва пераглядаць стары том. Усё гэта было дарэмна. Што можна было заўважыць за гадзіну, калі я цэлыя дні сядзеў над ім. — Забяры, — сказаў урэшце Шчука, — думай і далей над гэтым. Тут не нашага розуму справа. Магчыма, нейкая складаная галаваломка. А магчыма, і прасцей. Каштоўнасць кнігі вялікая? — Так. — То, можа, ніякай загадкі і няма. — Хочаце сказаць, што цана чалавечага жыцця не большая за цану гэтага хламу? — Ёсць такія, з вашага дазволу, людзі, для якіх жыццё другога не каштуе і шэлега. — Зайдзіце, — сказаў Клепча, — паглядзіце сваім вокам, чаго не хапае ў кватэры? Я зайшоў. Трус, відаць, ужо скончыўся. Толькі адзін з групы яшчэ перабіраў паперы ў шуфлядзе стала. Па-ранейшаму лёталі пад столлю анёлы, па-ранейшаму Юры папіхаў нагою цмока. Толькі Мар'яна не было. І не будзе болей. — Не хапае дзвюх карцін, — глуха сказаў я. — Тады, значыцца, пра кнігу й мовы няма, — сказаў Клепча. — Мо і сапраўды барыгі-спекулянты. Не выгарала, і ўсё. Такая гісторыя, расказвалі, нядаўна ў Маскве была, па вуліцы Качалава. Угаворвалі, угаворвалі прадаць — ну і ўсё скончылася на гэтым. І званілі, тэрарызавалі пасля са злосці: выпаў кавалак з рук… А вось карціны — гэта цікавей. — Таварыш палкоўнік, — чалавек у цывільным, што корпаўся ў шуфлядзе, працягнуў Шчуку аркуш паперы. — Гэта, бадай, цікавей за карціны. Шчука прачытаў і працягнуў паперу Клепчу. Той прабег вачыма, свіснуў і паглядзеў на мяне. Палкоўнік узяў аркуш і падаў яго мне. А калі я, у сваю чаргу, прачытаў тое, што было напісана, у мяне непрыемна заняло дых. Аркуш быў па ўсёй форме складзеным і завераным у натарыуса запаветам, па якім грамадзянін Мар'ян Пташынскі, на выпадак раптоўнай смерці, завяшчаў усё сваю маёмасць другу, грамадзяніну Антону Космічу, з умовай, каб азначаны Косміч утрымліваў былую жонку вышэйпамянёнага Пташынскага на ўвесь час яе хваробы. — Што ў яе? — спытаў Шчука. — Рак, — сказаў я. — Ляжыць у Гомелі. — Значыць, другі сэнс гэтага «на час хваробы» — да смерці, — сказаў Клепча. — Ну нашто ж так, — сказаў Шчука. — Пазваніце, Клепча, да нас, хай навядуць у Гомелі даведкі пра стан, як яе?… пра стан Юліі Пташынскай. Не паспеў лейтэнант пакласці трубку, як пачуўся званок у дзверы, і сэрца маё зноў упала ад неверагоднай раптоўнай надзеі. А пасля тупа забалела, бо гэта быў усяго толькі той чалавек, якога бачыў з чамаданчыкам на беразе Романі. Я здагадаўся, што гэта, мабыць, медыцынскі эксперт. — Што-то вы, Ягор Апанасавіч? — спытаўШчука. — Хацеў, каб хутчэй даведаліся аб выніках ускрыцця, а мне па дарозе, ну і… — То што выявілася? — Аніякіх слядоў гвалтоўнай смерці, — сказаў нізенькі румяны лекар. — Што ж яго, анёл божы? — Магчыма. У яго два мікра і адзін інфаркт. Завал сэрца — вось прычына. Мабыць, стаяў у чаўне і тут здарылася. Упаў у ваду і захлынуўся. — Чаго ж ён адзін ехаў?! — у роспачы крыкнуў я. — Ягоная справа, — буркнуў Клепча. — Ясна, што ягоная. І ніколі, ніколі ён не бярогся! Ніколі! — Што за карціны прапалі? — спытаў Шчука. — Гэта і падазрона, — сказаў я. — Каб кралі — кралі б іншыя. Гэту. Гэту. Гэту. Ім цаны няма. А тыя дзве — поўная лухта, толькі што не новая. «Хрыстос у Эмаусе», нямецкай школы канца мінулага стагоддзя, і англійская «Кромвель ля магільнай ямы Карла І». Гэтую ён у Кіеве ў ЦУМе купіў адразу пасля вайны. — Помню я гэтую карціну, — раптам сказаў Шчука, — доўга яна ў іх на сцяне вісела. Пашкоджаная крыху ўнізе. Кромвель у паланкіне сядзіць. Я вылупіў вочы: — Ну й памяць! — Памяць прафесійная. — Дакладна. Прадзёртая была. Ён рапараваў. Вялізныя дуры, яркія. «Кромвель» гэта «пад Рэмбранта наддае». Ён іх не цаніў. — То, можа, не разабраліся? — спытаў лекар. — Убачылі, што вялікія, у вочы кідаюцца — ну і ўзялі. — А чаго тады не ўзялі яшчэ чаго? — сказаў раптам «цывільны». — Вось. Грошы. І шмат нешта грошай. Грошай было восемсот дваццаць рублёў. — Мо спяшаліся? Не ведалі? — спытаў Клепча. — Гэта барыгі па мастацтву, — сказаў я. — Хоць сёе-тое, ды разумеюць. Не ўзялі б яны гэтых карцін. Можа, другое. Мо не цаніў, то прадаў. Яму дзеля жонкі былі патрэбны грошы. — І тое, — сказаў Шчука, — хай нашы пашукаюць па антыкварыятах. …За акном ужо ляжала сутонне, і мы збіраліся ісці, калі зазваніў тэлефон. Клепча зняў трубку. — Так… Так… Дзякуй вам. — Што такое? — спытаў Шчука. — Званілі ад нас. Юлія Пташынская памерла пяць дзён таму… Выгляд у яго быў надзіва значны. Ён глядзеў на мяне. — …і якраз у намеркаваны дзень смерці мужа. Ц-цік-кава… Мо і карціны… для адводу вачэй. Чырвань кінулася мне ў шчокі. Толькі тут я зразумеў, як можна расцаніць увесь гэты недарэчны, страшны збег абставін. — Слухайце, Клепча, не будзьце быдлам! — Ну-ну! — Ён мае рацыю, Якубе, — сказаў Шчука. — Гэта быў найлепшы ягоны сябар. — Адзіны і назаўсёды, — глуха сказаў я. — І я да канца жыцця рабіў бы толькі за хлеб, абы выбіць дзеля яго яшчэ год жыцця. А калі вы лічыце, што я такая пачвара, якая можа брата за шэлег забіць, то ведайце: тут няма нічога, што пасля смерці Мар'яна не павінна было б быць аддадзена музею на ягонай радзіме. — Хто гэта ведае? — ужо тонам ніжэй спытаў Клепча. — Я гэта ведаю. Так што калі я тут чымсьці і разжывуся, то гэта дзвюма сабакамі. З маімі раз'ездамі гэта зусім не патрэбна, але я іх не кіну, я іх буду трымаць, пакуль не памруць… у… памяць… У мяне ўжо душыла ў горле ад крыўды і ад непрыязні да гэтага чалавека. Уратаваў мяне Шчука, іначай гэта чорт ведае чым магло скончыцца. — Бярыце сабак і нясіце ў машыну, — буркнуў ён. — Памажы, Клепча. І змоўч урэшце, халера на цябе… Прабач, Косміч, я зараз закіну вас дадому. Хата будзе яшчэ некалькі дзён апячатаная. Пасля атрымаеш ключ, каб гэта ліквідаваць. Я дастану вам машыну, каб перавезці ўсё гэта, як завяшчаў нябожчык. — Нябожчык, — сказаў я, — значыць… няма надзеі, што не ён. — Няма, — сказаў Шчука. — На жаль, няма. Калі мы з ім даставілі да мяне сабак — Эльма так і не прачнулася і я валок яе на руках, цяжкую, як цяля, — ён адпусціў машыну і раптам сказаў мне: — Там побач з рэстаранам у вас што, кафэ? І сядаць не трэба? — Не трэба. І за мною яшчэ доўг гонару. Ён моўчкі павёў мяне пад руку. І толькі калі мы ўжо стаялі ля стойкі і прысёрбвалі каву з каньяком, азваўся нечакана мякка: — Плача нутро? То ж бо, я гэта ведаю. Сам двойчы перажыў такое… Дык вось, Антоне, калі нешта ўспомніш, калі нешта знойдзеш — ты Хілінскаму скажы. Мы ж сябры, ён мяне праінфармуе, — уздыхнуў. — Я ж ведаю, мала радасці чалавеку, ды яшчэ ўразліваму, цягацца па нашых установах. Паклаў мне руку на плячо. — А на Клепчу, хлопец, не сярдуй. Ён яшчэ малады, дурны, жарсткаваты ад маладосці. Зарываецца, як шчанюк-выжал. Жыццё яго не біла, не ламала. Вось ламане, як нас з Адамам, будзе ведаць цану дабрыні і даверу да таго, каго трэба. Пераканаецца, якая гэта палёгка, калі ніхто ў другі раз не б'е цябе доўбняй па галаве. |
||
|