"Дзікае паляванне караля Стаха" - читать интересную книгу автора (Караткевіч Уладзімір)РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫУ той самы вечар, гадзін каля дзесяці, я ляжаў, схаваўшыся ў здзічэлым невысокім бэзе і высокай траве якраз каля паваленай агароджы. Настрой бясстрашнасці яшчэ непадзельна валодаў мною (ён так і не знік да канца майго прабывання ў Балотных Ялінах). Здавалася, што гэта не маё, любімае мною, хударлявае і моцнае цела могуць дзяўбці крумкачы, а чыёсьці іншае, да якога мне няма ніякай справы. А між тым абставіны былі невясёлыя: і я, і Рыгор, і Свеціловіч торкаліся ў розныя бакі, як кацяняты ў кошыку, і не адкрылі злачынцаў. І месца было невясёлае. І час — таксама. Было амаль зусім цёмна. Над роўнай пахмурай паверхняй прорвы накіпалі нізкія чорныя хмары, бліжэй да ночы абяцалі зліву (восень была наогул дрэнная, змрочная, але з чыстымі буйнымі злівамі, амаль як летам). Ветрык узняўся быў, зашумелі чорна-зялёныя піраміды ялін», але потым зноў сціхнуў. Хмары павольна, вельмі павольна каціліся наперад, нагрувашчваліся над безнадзейным роўным краявідам. Недзе далёка-далёка бліснуў агеньчык і, сарамліва паміргаўшы, згас. І пачуццё самоты ўладна ахапіла сэрца. Я быў чужы тут. Свеціловіч сапраўды варты Надзеі Раманаўны, а я так патрэбны як дзірка ў плоце. Ці доўгі час я так ляжаў, ці не — не скажу. Хмары, даходзячы да мяне, рабіліся радзей, але на даляглядзе грувасціліся новыя. Дзіўны гук уразіў мой слых: недзе далёка і, як мне здалося, у правым баку ад мяне спяваў паляўнічы рог. І хоць я ведаў, што ён гучыць у баку ад шляху дзікага палявання, я мімаволі стаў часцей пазіраць у той край. Непакоіла мяне яшчэ і тое, што на балотах пачалі з'яўляцца там-сям белыя лапікі туманоў. Але тым справа і скончылася. Раптам другі гук даляцеў да мяне, недзе шастаў сухі верас. Я глянуў у той бок, пачаў углядацца да болю ў вачах і нарэшце заўважыў на фоне чорнай істужкі далёкіх лясоў рух нейкіх плям. Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а калі адкрыў іх, пабачыў, што проста перада мною і зусім недалёка вымалёўваюцца на раўніне туманныя сілуэты коннікаў. Зноў, як у той раз, бязгучна ляцелі яны перада мною страшэннымі скачкамі проста ў паветры. І поўнае маўчанне, быццам я аглух, вісела над імі. Вострыя шлыкі, валасы і плашчы, якія луналі ў паветры, дзіды — усё гэта адбілася ў маёй памяці. Я пачаў паўзці бліжэй да цаглянага падмурка агароджы. Паляванне разгарнулася, пасля сабралася ў натоўп, бязладны і імклівы, і пачало заварочваць. Я дастаў з кішэні рэвальвер. Іх было мала, іх было менш, як заўсёды, — коннікаў восем. Куды ж ты падзеў астатніх, кароль Стах? Куды яшчэ даслаў? Я паклаў рэвальвер на сагнуты локаць левай рукі і стрэліў. Я добры стралок і трапляў у цэль нават амаль у поўнай цемры, але тут здарылася дзіўнае: коннікі скакалі далей. Я прыкмеціў задняга — высокага прывіднага мужчыну, — стрэліў: хоць бы хто пахіснуўся. Але дзікае паляванне, як быццам жадаючы даказаць мне сваю прывіднасць, развярнулася і скакала бокам да мяне, недасяжнае для маіх стрэлаў. Я пачаў адпаўзаць задам да хмызоў і толькі паспеў наблізіцца да іх, як хтосьці скокнуў на мяне з-за хмызоў і жахлівым цяжарам прыціснуў да зямлі. Апошняе паветра вырвалася з маіх грудзей, я нават вохнуў. І адразу зразумеў, што гэта чалавек, з якім мне не выпадае цягацца па вазе і сіле. А ён спрабаваў круціць мне назад рукі і свісцячым шэптам сіпеў: — С-стой, ч-чорт, ч-чакай… Не ўц-цячэш, бан-дзюк, заб-бойца… Тр-рымайся, няўдалы… Я зразумеў, што, калі не ўжыву ўвесь свой спрыт, я загіну. Памятаю толькі, што з жалем сачыў за прывідным паляваннем, у якое я страляў і якому ані на волас не пашкодзіў. У наступны момант я, адчуваючы, што рука яго крадзецца да маёй глоткі, старажытным прыёмам падбіў яго руку, і нешта цёплае палілося на мой твар: ён уласнай рукою разбіў сабе нос. Пасля гэтага я, схапіўшы яго руку, пакаціўся па зямлі, заламіўшы яе пад сябе. Ён войкнуў, і я зразумеў, што і наступны мой ход меў поспех. Але адразу за тым я атрымаў такі ўдар між броваў, што балоты закруціліся перада мною. Шчасце, што я інстынктыўна паспеў напружыць мускулы жывата, і апошні ўдар, пад дыхала, не ўчыніў мне шкоды. Рукі, валасатыя, навобмацак, цягнуліся ўжо да маёй глоткі, калі я прыпомніў параду майго дзеда супраць мацнейшага праціўніка. Неймаверным выкрутам я павярнуўся на спіну, паддаў рукою цяжкі жывот невядомага і сукуў яго каленам, маім вострым і жорсткім каленам, у прычыннае месца. Ён інстынктыўна падаўся на мяне тварам і грудзьмі, і тады я, сабраўшы апошнія сілы, каленам і рукамі, выцягнутымі далей ад галавы, паддаў яго ў паветра. Гэта, напэўна, атрымалася нават занадта моцна: ён пераляцеў цераз галаву, зрабіў паўкруг у паветры і гэпнуўся ўсім цяжкім — ох, якім цяжкім! — целам аб зямлю. Адначасова я страціў прытомнасць. …Калі я ачуняў, я адразу пачуў, што недзе за маёй галавою хтось стогне. Ён не мог яшчэ ўзняцца, а я з вялікім намаганнем ужо спрабаваў стаць на ногі. Я вырашыў сунуць яго нагою пад сэрца, пазбавіць дыхання, але пакуль што ўгледзеўся ў балота, дзе знікла дзікае паляванне. І раптам пачуў вельмі знаёмы голас таго, хто крахтаў: — Ах, чорт, які гэта тут ёлуп! Якая падла! Балеснічкі нашы святыя! Я зарагатаў. Той самы голас адазваўся: — Гэта вы, пане Беларэцкі! Наўрад ці з гэтага дня я змагу быць жаданым госцем у жанчын. Во-ох! Ах, каб вас, каб! Крычалі б, што гэта вы. Чаго паўзлі ад агароджы?! Толькі ў памылку ўвялі. А гэтыя чэрці зараз унь дзе, каб вас ліха… прабачце. — Пане Дубатоўк! — зарагатаў я з палёгкаю. — Каб вас, пан Беларэцкі, халера ўхапіла… во-ох… прабачце. — Вялізны цень сеў, трымаючыся за жывот. — А гэта я пільнаваў. Занепакоіўся. Дайшлі да мяне чуткі, што дрэннае нешта робіцца з маёй доняй. В-ох! І ты таксама вартаваў? А каб цябе пярун шаснуў на божае нараджэнне!… Я падняў з зямлі рэвальвер. — І чаго вы так на мяне, пане Дубатоўк? — А чорт яго ведае! Паўзе нейкая гліста, дык я вось і схапіў. Балеснічкі нашы! Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым, як жа ж ты, падла, балюча б'ешся. Выявілася, што дзед і без нашых папярэджанняў даведаўся пра наведванні дзікага палявання і вырашыў падпільнаваць яго, «калі маладыя ўжо такія захэканцы і бабздыры, што не могуць абараніць жанчыны». Канец гэтай прыкрай сустрэчы вы ўжо назіралі. Ледзь стрымліваючы рогат, які мог здацца непачцівым, я пасадзіў стогнучага Дубатоўка на яго дрэннага коніка, які чакаў непадалёк. Ён узлез на яго, стогнучы і кленучы свет, сеў бокам, буркнуў нешта накшталт «д'ябал пацягнуў са зданямі змагацца — нарваўся на дурня з вострымі каленямі» і паехаў. Ягоны прыгнечаны твар, уся яго скасавураная постаць былі такія жаласныя, што я ледзь не пырскаў. А пасля ён паехаў у напрамку да сваёй хаты, стогнучы і праклінаючы ўсіх маіх сваякоў да дваццатага калена. Ён знік у цемры, і тут невытлумачальная трывога кальнула ў маё сэрца. Гэта ў падсвядомасці варушылася нейкая жахлівая думка, рыхтуючыся з'явіцца на свет божы. «Рукі?» Не, я так і не мог прыпамятаць, чаму хвалюе мяне гэта слова. Тут было нешта другое… Ага, чаму іх так мала? Чаму толькі восем прывідных коннікаў з'явілася сёння ля паваленай агароджы? Куды падзеліся астатнія? І раптам дзікая трывожная думка выплыла проста на язык: «Свеціловіч. Яго сустрэча з чалавекам у Халоднай лагчыне. Яго дурны жарт пра дзікае паляванне, які можна было зразумець так, быццам у яго ёсць нейкія цвёрдыя падазрэнні, што ён выкрыў удзельнікаў гэтай справы. Божа! Калі гэты чалавек сапраўды бандзюк, ён немінуча зробіць спробу забіць Свеціловіча сёння ж. Таму іх і мала! Напэўна, другая палова накіравалася да майго новага друга, а гэтыя — да Балотных Ялін. Можа, яны і размову нашу бачылі, мы ж, як дурні, стаялі сёння над урвішчам. Ох, якую памылку, калі ўсё гэта так, зрабіў ты, Андрэй Свеціловіч, не расказаўшы нам, хто быў гэты чалавек!» Я разумеў, трэба спяшацца, трэба спяшацца так, як ніколі ў жыцці. Можа, я яшчэ паспею. Поспех нашай справы і жыццё добрай юнацкай душы залежалі ад хуткасці маіх ног. І я пабег так, як не бегаў нават у тую ноч, калі за мною гналася дзікае паляванне караля Стаха. Я ўзяў нацянькі праз парк, пералез у адным месцы праз агароджу і прыпусціўся бегчы да хаты Свеціловіча. Я не ляцеў як шалёны, я добра ведаў, што мяне не выстачыць на ўсю дарогу, а таму бег размерана, прыціснуўшы локці да бакоў. Трыста крокаў бягом, як толькі магчыма, хутка, пяцьдзесят крокаў хуткай хадою — так я вырашыў. І я прытрымліваўся гэтага, хоць сэрца маё пасля першых дзвюх вёрст здатна было выскачыць з грудзей. Пасля пайшло лягчэй, я бег і ішоў амаль машынальна і толькі павялічыў норму бегу на чатырыста крокаў. Шлёп-шлёп-шлёп — і так чатырыста разоў, топ-топ — пяцьдзесят разоў. Туманныя, амаль не заўважаныя мной, праплывалі міма самотныя яліны і верас; у грудзях балюча пякло; свядомасць амаль не працавала. Пад канец я лічыў крокі машынальна. Я так стаміўся, што з радасцю лёг бы на зямлю або хоць павялічыў колькасць такіх спакойных і прыемных крокаў на два. Але я сумленна змагаўся са спакусаю. Так я прыбег да Свеціловічавай хаціны, маленькага пабеленага будыначка ў чэзлым садзіку. Проста па пустых градах, душачы там-сям апошнія капусныя качаны, я памчаў да ганка, упрыгожанага чатырма драўлянымі калонамі, і пачаў барабаніць у дзверы. Спакойны агеньчык у крайнім акне замігцеў, пасля старэчы голас спытаў з-за дзвярэй: — Каго гэта тут носіць? Гэта быў стары дзед, былы «дзядзька», які жыў разам са Свеціловічам. — Адчыні, Кандрат. Гэта я, Беларэцкі. — А Божа ж мой! А што здарылася? Чаго так захэкаліся? Дзверы адчыніліся. Кандрат у доўгай кашулі і валёнках стаяў перада мною, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, а ў другой — свечку. — Пан дома? — ліхаманкава спытаў я. — Н-няма, — спакойна адказаў ён. — А куды пайшоў? — А скуль мне ведаць? Хіба ён дзіцёнак, пане, каб казаць, куды ідзе. — Вядзі ў пакой, — грымнуў я, знерваваны гэтай халоднай непарушальнасцю. — Нашто? — Можа, ён пакінуў нейкую запіску. Мы ўвайшлі ў пакой Свеціловіча. Аскетычны ложак пад шэрай коўдраю, вымытая да жаўцізны і нацёртая воскам падлога, кілім на ёй. На простым сасновым стале некалькі тоўстых кніг, паперы, раскіданыя пер'і. На сцяне партрэты: гравіраваны — Марата ў ванне, паражонага кінжалам, алоўкам — Каліноўскага. На другой сцяне карыкатура: Мураўёў з бізуном у руцэ стаіць на кучы чарапоў. Яго бульдожы твар грозны. Каткоў, нізка схіліўшыся, ліжа яму зад. Я пераварушыў на стале ўсе паперы, але ў запале нічога не адшукаў, акрамя аркуша, на якім рукою Свеціловіча было напісана: — Былі сёння пану якія лісты? — спытаў я ў конча здзіўленага Кандрата. — Быў адзін, я знайшоў яго пад дзвярыма, калі вярнуўся з агародчыка. І аддаў, вядома. — Ён быў не ў гэтым канверце? — Чакайце… Ну, вядома, так. — А дзе сам ліст? — Ліст? Д'ябал яго ведае. Хіба, можа, у печцы? Я кінуўся да печкі, адчыніў дзверцы — адтуль шыбанула не вельмі гарачым духам. Я пабачыў ля самых дзверцаў маленькі лапік белай паперы. Схапіў яго — почырк быў той самы, што на канверце. — Шчасце тваё, чортава душа, — вылаяўся я, — што ты рана вытапіў печку. Але гэта было яшчэ не зусім шчасцем. Паперка была складзена ўдвая, і той яе бок, што быў бліжэй да жарынак, зараз ужо ўкрытых шэрым попелам, стаў зусім карычневым. Літар там нельга было разабраць. Справа была яснай: хтосьці прыслаў ліст, каб выбавіць Свеціловіча з хаты. Ён паверыў. Відаць, той, хто пісаў, быў яму добра знаёмы. Тут замыслілі нешта езуіцкі вытанчанае. Каб ён не пайшоў да мяне, напісалі, што размаўлялі са мною, што я пабег у павет, што я буду чакаць яго недзе «…ніны, дзе тры асобныя хвоі». Што гэта за «…ніны»? Да лагчыны? Да раўніны? Марудзіць не было калі. — Кандрат, дзе тут непадалёк на раўніне тры асобныя хвоі? — Ляд яго ведае, — задумаўся ён. — Хіба што толькі ля Волатавай прорвы. Там стаяць тры вялізныя хвоі. Гэта там, дзе коні караля Стаха, — кажуць людзі, — ускочылі ў дрыгву. А што такое? — А тое, што над панам Андрэем жахлівая небяспека… Даўно ён пайшоў? — Ды не, напэўна, гадзіну таму. Я выцягнуў яго на ганак, і ён, ледзь не плачучы, паказаў мне шлях да трох хвой. Я загадаў яму заставацца тут, а сам пабег. Я не ішоў на гэты раз, перамяжаючы бег. Я ляцеў, я імчаў, я выкладваў апошнія сілы, як быццам хацеў там, ля трох хвой, упасці мёртвым. На хаду я скінуў куртку, шапку, выкінуў з кішэняў залаты партабак і кішэнькавае выданне Дантэ, якое заўсёды насіў з сабою. Бегчы стала трохі лягчэй. Я скінуў бы нават боты, каб для гэтага не трэба было затрымацца. Гэта быў шалёны бег. Па маіх разліках, я павінен быў дабегчы да хвой хвілін на дваццаць пазней друга. Жах, адчай, нянавісць надавалі мне сілы. Вецер, які ўзняўся раптам, падштурхваў у спіну. Я не заўважаў, што хмары нарэшце заснавалі ўсё неба, што нешта цяжкае, давячае навісла над зямлёю: я — імчаў… Тры вялізныя хвоі ўжо вымалёўваліся над чэзлымі хмызамі, а над імі была такая цемра, такое змрочнае неба… Я рынуўся ў хмызы, ламаючы іх нагамі. І тут… здалёк прагучаў стрэл старажытнага пулгака. Я крыкнуў дзікім голасам, і, як быццам у адказ на мой крык, цішыню ночы раздзёр шалёны тупат конскіх капытоў. Я выскачыў на паляну і пабачыў далёка цені дзесяці коннікаў, якія на поўным намёце паварочвалі ў хмызы. А пад соснамі я пабачыў чалавечую постаць, якая павольна, вельмі павольна асядала на зямлю. Пакуль я дабег туды, чалавек упаў дагары тварам і шырока раскінуўшы рукі, як быццам жадаў целам сваім прыкрыць сваю зямлю ад куль. Я паспеў яшчэ стрэліць некалькі разоў у бок уцякаючых коннікаў, мне здалося нават, што адзін з іх пахіснуўся ў сядле, але адразу за гэтым выбух нечаканага гора зваліў мяне на калені поруч з ляжачым чалавекам. — Брат! Брат мой! Брат! Ён ляжаў перада мною зусім як жывы, і толькі маленькая ранка, з якой амаль не цякла кроў, гаварыла мне жорсткую непапраўную праўду. Куля прабіла скронь і выйшла ў патыліцу. Я глядзеў на яго, на гэта бязлітасна загубленае маладое жыццё, я ўчапіўся ў яго рукамі, зваў, тармасіў і выў, як воўк, як быццам гэта магло дапамагчы. Пасля сеў, узяў яго галаву на калені і пачаў гладзіць валасы. — Андрусь! Андрусь! Прачніся! Прачніся, дарагі! Мёртвы, ён быў прыгожы нейкай вышэйшай, нечалавечай, прыгажосцю. Твар закінуты, галава павісла, і стройная шыя, як выразьбленая з белага мармуру, ляжала на маім калене. Доўгія светлыя валасы пераблыталіся з сухой жоўтай травою, і яна лашчыла іх. Рот усміхаўся, быццам смерць прынесла яму нейкую разгадку жыцця, вочы былі мірна закрыты, і доўгія веі зацянялі іх. Рукі, такія прыгожыя і моцныя, што жанчыны маглі б цалаваць іх у хвіліну шчасця, ляжалі ўздоўж цела, як быццам адпачывалі. Як скарбячая маці, сядзеў я, паклаўшы на калені сына, які прайшоў пакуты на крыжы. Я выў над імі і кляў Бога, бязлітаснага да свайго народа, да лепшых яго сыноў. — Божа! Божа! Усемагутны, усяведны! Каб ты знік, адступнік, які прадаў свой народ. Нешта бабухнула нада мною, і ў наступны момант цэлы акіян вады, жахлівая зліва абурылася на балоты і пусткі, на загублены ў лясах край. Стагналі пад ім яліны, прыгіналіся да зямлі. Ён біў мне ў спіну, якою я закрыў твар мёртвага, выў, наўскос, парывамі паласаваў зямлю. Я сядзеў, як звар'яцелы, не заўважаючы нічога. Словы лепшага чалавека, якія я чуў некалькі гадзін таму, гучалі ў маіх вушах. «Сэрца маё баліць… ідуць, гінуць, блытаюць, бо сорамна стаяць… і не ўваскрэснуць пасля распяцця… Але, думаеш, усіх перадушылі? Гады, гады наперадзе! Якая залатая, якая чароўная далячынь, якая будучыня чакае!… Сонца!» Я застагнаў. Сонца закацілася за хмары, будучыня, забітая і халадзеючая пад дажджом, ляжыць тут, на маіх каленях. Я плакаў, дождж заліваў мае вочы, ліўся ў рот. А рукі мае ўсё гладзілі гэту залатую юнацкую галаву. — Радзіма мая! Гаротная маці! Плач! |
||
|