"Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - читать интересную книгу автора (Караткевіч Уладзімір)РАЗДЗЕЛ ХІ «…І ПАДУЦЬ ПЕРАД ІМ НАРОДЫ»Лёг перад Змеем, гледзячы ў прах, і паставіў ягоную нагу сабе на патыліцу, а сэрца маё калацілася, як рыба на пяску. …абурыўся духам пры выглядзе гэтага горада, поўнага ідалаў. Прарок Іллюк прымазаўся да нападаючых позна — можа, п'яны быў і толькі што праспаўся. Цяпер ён стаяў і крычаў на ўвесь стары горад: — Біце! Вызваляйце! Як Хрыстос прыйшоў на нейкі там год праўлення Тыверыя, так і на гэты раз — на нейкі там год праўлення Жыкгімонта зноў ён прыйшоў. Нячэсаная кучма калацілася. Звярыныя шкуры здаваліся ў агні запёклай крывёй, а голыя страшныя мускулы рук былі нібы з медзі. — Прадказаў вам прыход ягоны — я — Ілія!… Старайцеся, хлопцы. Бог вялікі глядзіць на вас… Вызваляйце — аддасць ён вам багатыя дамы на рабунак! Два чалавекі ў чорным сукне пераглянуліся. Стаялі яны наводдаль, каб тыя, хто біў бервяном у браму, не зачапілі. — Прарока гэтага даўно трэба ўзяць. Адразу, як толькі прарвуцца, хапаем яго і валачом. — Кінь, — сказаў другі. — Каму ты яго павалачэш? Гаспадарам нашым? З іх вось-вось галовы палятуць. — Кепска ты іх ведаеш. Усё скончыцца мірам. — Брэшаш! — Убачыш. Вароты бурыліся ўжо вялізнымі кавалкамі. Іскры цягнула, бы ў трубу. Ляск мячоў за імі скончыўся, а замест яго ўзніклі аднекуль анёльскія ціхія спевы. Нібы з неба. Дзіўнае нешта адбывалася ў замку. Таму, відаць, біцца і кінулі. Апошні ўдар бервяна разваліў браму. Веерам, кілімам ляглі на зямлю жарыны. Топчучы вуголлі, натоўп уварваўся ў замак. — На злом! — раўлі галасы. — Хрыста! Хрыста забіваюць! Гурма валіла валам. І раптам спынілася. Анёльскія спевы ўзнесліся ўгору. З вялікім здзіўленнем сачыў народ, як рухалася ім насустрач разубранае шэсце з крыжамі і як ішлі перад ім трынаццаць чалавек, апранутыя ў радно. Людзі стаялі моўчкі. Завязваўся світанак, і ў ягоным няпэўным святле цьмяна ззяла золата рыз і адзіная залатая пляма ў гурме тых, што нападалі: залатыя вышэй кісцяў рукі Ціхона Вуса. І, нягледзячы на тое, што святлела, некаторым у натоўпе рамеснікаў здалося, што наступае ноч. Зноў наступае. Таму што невялікі хрэсны ход падыходзіў, а з усіх нібы вынялі душу. І Вус, і Зянон, і Турай з сынам, і разьбяр, і каваль, і яшчэ некаторыя разумелі, што гэтых, залатых, трэба няшчадна да апошняга біць. Але біць іх было нельга. Паперадзе, перад шэсцем, ішлі трынаццаць, апранутыя горш за апошняга мешчаніна, але ўсё ж так, як усе. Яны былі шчытом, які нельга было патрушчыць. — Лёгка ж яны абышліся, — ціха сказаў Кляонік. — А табе што? — агрызнуўся нехта. — Ты ж Хрыста патрабаваў — вось ён. — Дурань, — сказаў Кляонік. — Я праўды патрабаваў. — Ну і трымай. Лотр уздзеў рукі. — Людзі славутага горада! — узгласіў ён. — Мы з пострахам праверылі ўсё, што магчыма, і ўпэўніліся, наколькі можа ўпэўніцца слабым сваім розумам чалавек, у тым, што яны кажуць праўду. Натоўп забурчэў. Усе радаваліся, што адолелі. Але адначасова было неяк ніякава на душы. Таму што разлічвалі на другі канчатак і ўсе чыста настроіліся на яго, а цяпер было так, нібы сабраўся ехаць, а тут выявілася, што ў гэтым няма патрэбы. — Што ж крычыцё вы? Ныня і мы разам з вамі ўдзячна ўсклікнем: Хрыстос прыйшоў у Гародню! Ён зрабіў вялікасны і пагрозны жэст: — Занад доўга чыніліся распусты. Вось градзе Езус узвысіць царкву і ўратаваць свет. Радасны галас пакрыў ягоныя словы. Натоўп выбухнуў крыкамі шчасця і захаплення. |
|
|