"Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - читать интересную книгу автора (Караткевіч Уладзімір)РАЗДЗЕЛ V АНАФЕМАЯ сказаў яму, што няма чаго запасіць, саліць, сушыць лаянку там, дзе яе і так досыць. Нашто гэтая справа, калі і так свет трымаецца толькі на ёй і лаюцца ўсе, ад папы і да таго, хто ходзіць з чарпаком. І чым больш лаюцца, тым больш лаянка — гарох у сценку… І потым, пры чым тут рыжы кот? Гаршком назаві, ды ў печку не стаў. У той год Рым анафемстваваў Лютара і ўсіх, хто з ім, успамінаў праклёнам Арыя, Вальдэнса*, чарнакніжніка Агрыпу, Гуса і Героніма Пражскага і іншых ерэсіярхаў. У той год Масква ўспамінала анафемай Святаполка Акаяннага і ноўгарадскіх «жыдоўствуючых», якія адмаўлялі манастыры і царкоўнае землеўладанне і казалі, што Хрыстос і без біскупа ёсць Хрыстос, а біскуп без Хрыста — тфу, і нашто ён тады ўвогуле? * Вальдэнсы — рэлегійная секта, якая ўзнікла на поўдні Францыі ў канцы ХІІ ст. Заснавальнік — П'ер Вальд, ліонскі купец (рэд.). У той год Гародня анафемствавала мышэй. Ніхто не кінуў горада: ні цяжарныя, ні легкаважная моладзь. Нават калі і былі гэткія богабаязныя, то было іх так мала, што іхнія ўцёкі практычна не змянілі колькасці мышынага статка. …Над Гародняй білі званы. Глуха бухаў дамініканскі касцёл, пагражаў бернардынскі, надрываліся званы Каложы і манастыра Барыса і Глеба, трывожна гудзелі святая Ганна і набрамная Зафея, стагналі званы францысканцаў. І пагрозна раўлі — нібы адна адну праглынуць жадалі — барадатыя, праваслаўныя, і босыя, каталіцкія, пашчы дыяканаў. — І ў тэрмін належны не пайшлі… Закон Божы пераступіўшы… — І nunc, anima anceps…* — І за тое хай будзе ім Іудзіна ўдушэнне, Лазарава гніенне… — De ventre inferi…* — Гіезіева пракажэнне… — Анафема! — …валхва імгненная смерць… — А-на-а-фе-ма-а! — Анафема, маранафа! — Анафема!… — А-на-а-фе-ма-а-а!!! Гуд званоў быў жахлівы. Рыканне бязмежных, як пячора, глотак яшчэ страшнейшае. А між тым мала хто звяртаў увагу на анафемстваванне. Напярэдадні, пасля вялікай бойкі на Старым рынку, людзі разышліся, але горад нібы застыў у чаканні нечага. Штосьці віравала пад вонкавым спакоем, мяшчане-рамеснікі шапталіся і глядзелі на варту з удаваным спакоем і патаемнай злараднасцю. Усю ноч з дома ў дом мільгалі нейкія цёмныя цені. І ледзь толькі загулі званы, увесь горад (і ў адно імгненне) устаў. Відаць, дамовіліся загадзя, што пачнуць з пачаткам анафемы. У вокамгненне высыпалі з двароў узброеныя хто чым людзі, хапалі самотных вартаўнікоў, цяклі завулкамі, зліваліся. Места валіла да Старога рынку. Разбіваць хлебныя склады. Хай сабе там і мала чаго ёсць — потым можна пайсці на склады замкавыя. Немагчыма больш было цярпець. Над вуліцай стаяў такі крык, што яго пачулі нават ліцадзеі за мурамі. Яны якраз апраналіся ў грубы кужэль і перапаясваліся вервіем, калі места пачало рыкаць. — Што гэта там? — з трывогаю спытаў тонкі Ладысь Гарнец. Юрась ускладаў на галаву цярновы, з тупымі шыпамі, вянец: — А чорт яго ведае! Горад… Відаць, нічога страшнага. Бачыш, варта нават брамы не зачыняе. — Што рабіць будзем? — спытаў Жарнакрут. Братчык спакойна ўскінуў сабе на плечы вялізны лёгкі крыж. Паправіў яго. — Хадзем. І спакойна пайшоў да брамы. Дванаццаць чалавек у радне рушылі за ім. Следам пацягнуўся прадзёрты, брынклівы фургон. Горад крычаў страшна. Тое, што ў замку дагэтуль не ўзнялі гвалту, можна было растлумачыць толькі гулам замкавых званоў. Цэрквы былі блізка. Вуліцы рамеснікаў — наводдаль. Замак маўчаў, але гарланне і крык каціліся ўсё бліжэй да яго. Людзей было мала — ледзь адзін з пяцёх — дзесяцёх выйшаў на вуліцы, — але яны так напіналіся ў крыку, што ім здавалася: няма сілы, якая магла б стаць на іхняй дарозе. Нізкалобы сотнік Карніла першы ўбачыў з кутняй вежы далёкі натоўп і, нягледзячы на тое, што быў цяжкадум, зразумеў, чым гэта пахне. Пыл стаяў ужо над Старым рынкам: відаць, купцы баранілі плошчу ад рамеснікаў… Не, рамеснікі з мяшчанамі яшчэ далёка. Дарогаю, пэўна, разбіваюць нечыя дамы… Чаму ж пыл над рынкам? І сотнік зразумеў: гандляры бягуць за зброяй… Збіраюцца… Будзе страшэнная бойка. Трэба разбараняць. Як? Мо бегчы па Лотра? Д'ябла яго паслухаюцца. Што такое кардынал у пераважна праваслаўным горадзе? Карніла рынуўся з забрала і пабег. Шчасце, што Балвановіч тут, а не ва ўлюбёным Барысаглебскім манастыры. Балвановіч толькі што сытна, з мёдам, паснедаў і заваліўся адпачыць. Хай яны там задушацца са сваёй анафемай. Паўсюль бываць — здохнеш хутчэй. Замкавы мітрапалічы палац быў у два жылля* з сутарэннямі, у дзесяць пакояў з каплічкай. Стаяў трохі наводдаль ад Вітаўтавага палаца. Святліцы ў ім былі скляпенчатыя, нізкія, душныя, але затое вельмі цёплыя ўзімку: не тое, што агульны замкавы палац. Там — колькі ні палі — золь сабачая. Ад задухі маленькія вокны былі адчынены. Відаць было, як віліся над вежамі ўспуджаныя перазвонам стрыжы. Балвановіч ляжаў і соп. У яго на жываце ляжала вялізная, вельмі дарагая заморская кошка. Прывозілі такіх аж аднекуль з-за Індыі партугальцы. Прадавалі ў сябе, у Гішпаніі, у Рыме. Кошка была загадкава-суровая, з ізумруднымі вачыма, з аксамітнай карычнева-залатой шкурай*. Цягнулася да пастырава аблічча, нібы цалавала, і потым вараціла морду: ад мітрапаліта несла віном. — Ну і выпіў, — казаў Балвановіч. — Час такі, што зап'еш. Мо і ты хочаш? Тады я… Побач з ложкам стаяў толькі што распячатаны глячок з мёдам і сподак суніц з вяршкамі. Грынь выпіваў чарку, мачаў палец у вяршкі і мазаў кошку па носе. Тая аблізвалася. Спачатку — нездаволена, потым — нібы робячы ласку. — Не п'еш? Як папа? Брэшаш, і ён п'е. Павінна была ведаць, калі цябе з карабля ў папскай вобласці купілі… У-у, шэльма, у-у, латрыга, шпіёнка ты мая папская. Чаго морду вароціш? Не даспадобы? А мне, думаеш, даспадобы, што лазутчыкі вакол? Самага вернага дыякана пасадзілі. А горад больш чым на тры чвэрці праваслаўны. Вось няхай самі ў ім і спраўляюцца, а я сам сябе пад хатні затвор пасаджу. Мне і тут няблага. І вып'ю сабе, і закушу. Цішыня вакол, звон. І добра сабе. Ён не паварухнуў і вухам, калі пачуў грукат. Нехта бег пераходамі, тупаў па сходах, як жарабец. Потым дзверы з гулам расчыніліся, і, нібы нехта кінуў да ложка самавар, уляцеў у пакой і ўпаў ніцма Карніла. — Блаславі, святы ойча. — Гэта ты за блаславеннем так бег, прыхвасцень? — Але. — Брэшаш ты. — Святы ойча… — Ізыдзі, рука Ватыкана. — Праваслаўны я, ойча… — Малаважна. Такіх паўсюль паляць. Чацвёрты ты Сікст… Карніла пакрыўдзіўся: — Я ўжо і не ведаю, на што гэта вы намякаеце. — Інквізітар ты… Фараон… Саўл. — Лайцеся сабе, лайцеся. Кідайце хульныя словы. А ў горадзе мяшчане бунтуюць. Павалілі з доўбнямі, з друкамі на Стары рынак. — Няхай валяць, — мітрапаліт павараціўся да Карнілы задам. — Дулеб ты багамерзкі. Кошка ўскараскалася пярэднімі лапамі на Грынеў бок і глядзела на Карнілу, нібы д'ябал з-за муроў пекла. — Купецтва ім насустрач кінулася. З мячамі. — Няхай сабе і так. — Кроў пральецца. — А нябесны наш айцец не праліваў крыві? — Дык разбараняць трэба, — амаль стагнаў Карніла. — З харугвамі ісці. — Вось няхай Лотр з Басяцкім бяруць свае пратэсы сатанінскія ды Камара бяруць ды ідуць. Пагляджу я. — Праваслаўныя б'юцца! — Малаважна… ідалапаклоннік ты. Няхай б'юцца. Як разбараняць, то я, а цэрквы ў нас розныя там Богушы адбіраюць ды ім аддаюць. — Лотр перадае: вярнуць праваслаўную Ніжнюю царкву. — Пук ты… Рэдзька няскрэбеная, смярдзючая… Якую Ніжнюю? Тую руіну, што ў замку? Хай ён сам там служыць, ракам у алтар поўзае ды спіною голай прастол ад дажджу закрывае… філісцімлянін. Там муры над зямлёю яму да задніцы… немец ён, жаўтапузік такі. — Ды не тую Ніжнюю… Тую, што на Падоле, пад Балонню. — І трохкупальную Ганны, — дзелавіта сказаў Грынь. — Пабойцеся Бога! — І яшчэ былое Спасаіконапрэабражэнне, што на Гараднічанцы. Драўляную… Даважка. — Добра, — змрочна буркнуў сотнік. — Толькі хутчэй. Мяшчане да складаў ірвуцца. Кардынал з іншымі пайшлі ўжо. Грынь Балвановіч раптам узвіўся так, што кошка, нібы падкінутая, пакацілася на падлогу. — Да скла-адаў?! Што ж ты раней не казаў?! Доўбня ты неўтаропленая… Даўгапят ты! Стрыгольнік*, праваслаўем пракляты! * Стрыгольніцтва — ерась, што был распаўсюджана ў Ноўгарадзе і Пскове ў ХІV-ХV стст. Стрыгольнікі паўставалі супраць права духавенства і манахаў на зямлю, супраць іхняй распусты. Адмаўлялі паборы за царкоўныя трэбы. Сцвярджалі, што адпраўляць культ можна і без папоў. Ерась была жорстка раздушана. — Ужо і не ведаю я, чаго вы мяне так бэсціце? Дарэмна вы гэта. — Шатны*! Адзяянні! Ах, каб ім другога прышэсця не дачакаць! * Той, хто распараджаецца адзеннем. Усё яшчэ гучала анафема і раўлі валасатыя і безвалосыя зяпы, а «другое прышэсце» падыходзіла да брамы места. Уваходзіла ў яе. І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам… Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад'есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны — і гэта было недарэчна і смешна. За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек. З цярновым вянцом на лбе. |
|
|