"Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - читать интересную книгу автора (Караткевіч Уладзімір)РАЗДЗЕЛ VІІІ КАТЗа апошняю з Гародзенскіх слабод, у глыбокім вільготным яры, наводдаль ад усялякага жытла, прыткнулася ля крыніцы халупа пад дзярновай страхой. Ганец скочыў з каня, штурхнуў скалочаныя з аполкаў дзверы і спыніўся: так раптоўна, пасля сонечнага святла, цемра ўкрала вочы. Некаторы час ён стаяў, нібыта сляпы, потым убачыў акенца, сноп святла, у якім курыўся дым, і высока над сваёю галавой — дзве пары зялёных вачэй. Вочы на хвіліну зніклі, потым нешта мякка ўдарылася аб падлогу, і вочы загарэліся ўжо каля зямлі. Наблізіліся. Нешта мякка пацёрлася аб ганцову нагу. Ён закалаціўся ад мярзоты. — Агысь, — кінуў ён безасабовы выгук, таму што не ведаў, якую істоту ён гоніць. Свінні ён крыкнуў бы «аюц», авечцы «ашкір», але тут, не ведаючы, жывёла гэта ці, можа, сам д'ябал, разгубіўся. — Апсік! — прагучала з цёмнага кута. Кот адышоў і завуркатаў. І толькі калі ён трапіў у квадрат святла на падлозе, ганец зразумеў, чаму ён не бачыў яго. Кот быў чорны, як кітайскі атрамант і як сама цемра: вялізны, з ягня, гладкі кацяра. Вочы трохі прызвычаіліся да цемры. Ганец убачыў невялікі пакой. Падлога была гладка адгабляваная і напалову, дзе бліжэй да ложка, укрытая шкурамі. Ложак таксама быў пад шкурамі, а над ложкам віселі два мячы, абодва двухручныя і даўжынёй амаль з чалавека. Роўны прызначаўся для дваран, палітычных злачынцаў і ўвогуле дзеля перарывання тых злачынстваў, у якіх суд не знаходзіў элементаў ерасі. Працаваць яму з гэтай прычыны даводзілася рэдка. А хвалісты, які не толькі сек, але яшчэ і рваў мускулы, быў дзеля людзей больш простых і ерэтыкоў. Гэтаму даводзілася б працаваць і працаваць, каб не такая акалічнасць, што простанароддзе ахвотней вешалі, а ерэтыкоў палілі. Такім чынам зберагалася ўласцівая натуры раўнавага. На лязе хвалістага мяча было выразана апошняе слова на дарогу: «І nunc…»*, хаця кат лаціны не ведаў. Стаялі яшчэ ў пакоі, у самым цёмным куту, разьблёная шафа, на якой блішчалі вочы другой невядомай істоты, стол і рознакаліберныя крэслы. І ад гэтага рабілася непамысна, бо адразу ўспаміналася, што кат мае права на адну рэч з канфіскаванага абсталявання асуджанага (астатняе забіралі суддзі і следчыя, аддаючы сёе-тое даносчыку). Халупа, відаць, была ўкапана ў схіл яра, таму што, вельмі малая знадворку, яна мела працяг: вялікае зусім цёмнае памяшканне, падобнае на пуню. Памяшканне было аддзелена ад першага пакоя завесай з аблезлых шкур. — Чаму не прыйшоў Пархвер? — спытаў той жа самы ясны голас. — Па мяне заўсёды прыходзіць Пархвер. — Сёння яму не да таго, — сказаў у цемру ганец. — Як гэта не да таго? Ён што, не мог мне выказаць павагу? Ён што, не ведае, хто я? — А што ён павінен ведаць? — А тое, што з высокіх людзей толькі шчаслівы пазбягае маіх рук. Як і д'яблавых лап. І таму са мной трэба сябраваць. Як трэба мець, на ўсякі выпадак, прыяцеляў і ў пекле. — Важная справа, гаспадар. — Ну, добра. Вочы ўрэшце прыстасаваліся да цемры. Толькі верх шафы безнадзейна губляўся ў ёй, і таямічай істоты нельга было разгледзець. Але астатняе было відаць. Кат сядзеў ля ложка на падлозе і складаў з пруткоў нешта дзівотнае, з крыламі. — Зараз, — сказаў ён. — Дамайструю вось толькі, і паскачам. Быў ён шырокі ў плячах, руках і клубах, але нейкі млявы і нібыта нават спешчаны. Аблічча шырокае. Бровы чорныя. Жорсткія мускулы ля рота. І дзіўна было бачыць у невялікіх вачах адценне нейкай дзіўнай меланхоліі, а ў беспярэчных складках ля рота — іронію і расчараванне. — Гэта чаго? — Я, братка, вынаходца. — А гэта нашто? Клетка? — Угу, — сказала з шафы невядомая істота. Нібы ў бочку. — Змоўкніце, пан, — сказаў туды кат. — Так, гэта клетка. Памаўчаў. Потым сказаў з прыемнай канфідэнцыйнасцю: — Разумееш, шырыцца маці наша царква. І рымская шырыцца, і ўсходняя. Рымская асабліва. І невядома, якая возьме верх. А хутчэй за ўсё — рана ці позна памірацца. І прыйдзе час — будзе яна, правая вера, над усімі інымі паганскімі верамі, над усім светам. І нават над жывёламі і гадамі. Усіх, хто хоць трохі іначай думае, змяце. І будзе тады рай, цішыня і добрарастварэнне ваздухоў. Чалавека, яго маці наша пяшчотай, ды неадступным апекаваннем, ды бацькоўскімі клопатамі ўловіць у мярэжу Божага царства і любві. А вось з жывёламі і гадамі цяжэй. Яны сабе скачуць, гуляючы вясёлымі нагамі, поўзаюць, ды лётаюць, ды пяюць, і няма ім справы, што распіналі калісьці хрысціян і, значыцца, цяпер хрысціяне да сканчэння свету павінны распінаць іншых і панаваць над імі. Паспрабуй улаві іхнюю душу. І ніхто над гэтым не думае. Ні філосафы гэтыя, ні акадэмікі, ні паэты, ніхто… Ёсць, вядома, ёсць, нічога не скажу. Але неяк усё бяскрыла, неяк усё толькі на людзей*. І раз яны, саплівыя кніжнікі, не хочуць думаць аб будучыні чалавецтва і ўвогуле ўсяго жывога — трэба гэта ўсё ўзяць у нашыя моцныя рукі. Мы не падрыхтаваліся. І камусьці трэба думаць аб будучыні, і рыхтавацца. Вось я, сціплы чалавек, і майструю. * Якім чынам непісьменны кат першай паловы ХVІ ст. мог прадбачыць з'яўленне, скажам, пана Канелапуласа, тэарэтыка партыі ЭРЭ, паэта, філосафа, акадэміка і тэарэтыка забойства, а таксама падобных яму, — таямніца сія вялікая ёсць! Пэўна, усё ад Бога, і некаторыя асобы дзякуючы яму маюць дар прадбачання. Кат прымацаваў да паробкі другое крыло. — Гэта клетка для салаўя, — ён разглядаў яе з пяшчотай і законным гонарам творцы. — З крыламі. Лятучая. Лётай сабе ў ёй дый слаў Пана Бога і нашу царкву. І нечакана лёгка ўскінуўся на ногі. — Хадзем, чаго табе пакажу. Ён хутка пайшоў да завескі, адшморгнуў яе і запаліў свяцільнік. У няпэўным мігатлівым святле праступілі ля сценак вялізнай пуні дзесяткі дзівотных, незвычайных для вока машын і спаруд. — Усясільны ён, усё ён можа, чалавечы мозг, калі з ім Бог і царква, — ціха сказаў кат. — Бачыш, унь прыбор для здабывання мозгу цераз нос і даследавання яго на прадмет небяспечных думак. Бяда толькі, вымае добра, а вось назад уставіць, калі нічога не знайшоў, — гэтага яшчэ не дабіўся. Нічога, даб'юся. Гэта доўбня з прываднымі коламі. Калі ўдала стукнуць год у трынаццаць — ніякіх думак і замераў у чалавека больш не застанецца, акрамя замеру маршыраваць і атрымоўваць за гэта хлеб. Ён песціў рукамі машыны. — А ото клеткі. Адна клетка была вялізная, як карабель, абцякальнай формы, з шарнірнымі лопасцямі. — Унь плаваючая клетка. З плаўнікамі. Для кіта… А унь там — бачыш, з нагамі — бегаючыя, для львоў… Гэ, брат, тут тыдзень можна паказваць. Клеткі розныя. Хачу яшчэ такія, каб поўзалі, прыдумаць. Для чарвякоў. — Для чарвякоў, бадай што, лішняе, — падаў голас ганец. — Ну, не кажы. Мала што! Яны таксама ля карэнняў рыюць. Паехалі? Ён падпяразваў сарочку скураным рэменем з кручкамі. Сарочка была відавочна з чужога пляча, і ганцу зноў стала непамысна. Кат узяў меч. — Можа, і не трэба, — сказаў ганец. — Ну, на ўсякі выпадак. А што? — Ды ерэтыкі. У лепшым выпадку вешаць, а то і вогнішча. Кат расплыўся ва ўсмешцы. — Ну, брат, гэта ты добрае прынёс… Гэта… — Уга-га! — падзяліла захапленне, сказала замест гаспадара істота на шафе. І толькі зараз у святле свяцільніка ганец убачыў там вялізную, у палову сажня, кугакаўку. Ён ніколі не бачыў такіх. У два разы большая за любога пугача. Ганец пазадкаваў да дзвярэй. — Ну, звяры, — сказаў кат, — не дурэйце тут без мяне, заставайцеся разумныя. Я вам за гэта мяса прывязу з горада. …Яны павольна ехалі берагам Нёмана. Сонца было ў зеніце і паліла няшчадна і нелітасціва. — Я, брат, чалавека ведаю да апошняга, — разважаў кат. — Як ніхто больш. Работа ў мяне старадрэўняя, пачэсная, ганаровая. З усімі вялікімі людзьмі, ужо не кажучы пра ўсіх разумных, знаёмы. І раптам ганец зноў убачыў на катавым твары расчараванне і меланхолію. — Але работа ў мяне няўдзячная. Гандляр, скажам, дагодзіць пакупцу — яму рукі ціснуць, у наступны раз да яго прыйдуць. А да мяне? Лекару ад таго, хто ачуняе — падарункі. — Кат усхліпнуў. — А я стараюся, начэй не сплю для агульнай, для грамадскай карысці, а мне — ну хоць бы хто. Айцы царквы, вядома, не ў лік, іх можна не браць пад увагу. Але нічога я так не хачу, як чалавечай падзякі. Мне — ад людзей бы дзякуй. Ну, сказаў бы хаця адзін: вось, братка, здорава ты з мяне галаву знёс. Я проста цяперака на сёмым небе. Дык не… Сёння хаця каго? Чаго гэта ўвесь сінедрыён сабраўся? — Хрыста з апосталамі смерцю караць. Кат спыніў каня. — Жартуеш, ці што? — Ды не, праўда. — Б-бацюхны, — глухім голасам сказаў кат. — В-вой! — Што, не любіш? — Ды не… Не! Выпадак які рэдкі! Шчасце, шчасце якое прываліла! Кат задумліва ўсміхнуўся сонцу і жаўрукам. Яны набліжаліся да брамы ў валу. — Лічыну апусці. — Не лічыну, а забрала… Для барацьбы за справядлівасць. — Кат апусціў чырвоную маску. — Пане мой Божа, шчасце якое. Слухай, няўжо грамада не падзякуе, не адзначыць маёй працы, доўгай маёй працы? І ён… Слухай, яму ж усё адно ўваскрасаць — можа, і пахваліць? — А можа… — Хутчэй, братка, хутчэй. Яны пусцілі коней наўскапыт. …Калі яны праязджалі праз Ростань, рэдкія людзі былога натоўпу яшчэ аставаліся на ёй. Сядзелі ля ратушы, маўчалі. І маўчанне стала яшчэ больш хмурнае, калі ўбачылі конніка ў чырвонай масцы. — Паскакалі, — сказаў Зянон, убачыўшы ката і ганца. — Паскакалі, — Гіаў стругаў мечнай загатоўкай трэсачку. Марка і Кляонік гулялі ў косці. Нічога не сказалі, толькі змрочна прасачылі за коннікамі. — Каб самазванец — яны б так хутка па ката не паскакалі, не павезлі, — сказаў Дудар. — Ясна, — жорстка кінуў Кірык. — Абмішуліліся мы. На нашых вачах другі раз Хрыста ўзялі, а мы далі ім узяць. Апошнюю нашу абарону перад мытарамі. Шкада. — Кінь глупства вярзці, галава, — усміхнуўся Кляонік. — Проста чалавек. Людзі. Таму і шкада. Каваль ужо амаль кіпеў: — Раз хапаюць, раз адразу па ката ды на каразн — значыцца, гэта не проста людзі. Вус глядзеў на свет змрочнымі вачыма праз бліскучыя залатыя пальцы. — Да нас прыйшоў. Ведаў, што кепска. — Каб нас абараніць, прыйшоў, — яшчэ ўзвысіў голас Вястун. — Каб горад свой абараніць. Ад голаду, ад іхняй чумы, ад падаткаў, ад манахаў. Сам Хрыстос! То што, дамо?! І раптам ён ускочыў. Абвёў вачыма бязлюдную плошчу, сляпучыя пад сонцам муры, зачыненыя ад гарачыні аканіцы. — Гэй, людзі! Плошча маўчала. — Людзі! — гаркнуў на ўвесь голас Кірык. — Забойства! Хрыстос прыйшоў у Гародню! |
|
|