"Восеньскiя вакацыi (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Мудров Винцесь)

Мудров ВинцесьВосеньскiя вакацыi (на белорусском языке)

Вiнцэсь Мудроў

Восеньскiя вакацыi

(З аповедаў пра Ваню Бянькова)

I

Першымi днямi лiстапада сямнаццацiгадовы Ваня Бянькоў прыехаў дадому, у вёску Бычкi Азярышчанскага раёну. Ваня вось ужо трэцi год вучыўся ў адным з баранавiцкiх ПТВ i, адпрацаваўшы са сваёй групай два месяцы на ўборцы лёну, зарабiў такiм чынам пяць дзён адпачынку.

Убiўшыся ў родную хату, хлопец праспаў цэлыя соднi, потым паўдня адваляўся ў ложку i падняўся толькi тады, калi мацi, Ларыса Пятроўна, сьцягнула зь яго коўдру i жартам агрэла падушкай па галаве.

- Мандрык тут, цi зьехаў куды? - запытаўся Iван, падлiваючы цёплай вады ў рукамыйнiк.

Лёшка Мандрык быў вядомы на ўсю вёску бандзюк - улетку Iван з-за яго ледзь не патрапiў у вязьнiцу, i Ларыса Пятроўна заўсёды хмурнела, калi чула гэтае прозьвiшча.

- Зьнiк недзе... Мандрычыха казала - паехаў на трактарыста вучыцца, - мацi падхапiла рагач, выцягнула зь печы чыгунок з гарачаю бульбаю, - а можа, дзе ў турме сядзiць - за яго дужа не бярыся.

Абкруцiўшы чыгунок анучкаю, Ларыса Пятроўна ўздыхнула, высыпала парную бульбу на талерку.

- На зiму ўсе разьехалiся. Адзiн Лябёдка застаўся. У калгасе рабiць ня хоча - гойсае на матацыкле. На Пакровы Бадунiсе гусака задушыў. Ехаў п'яны з Азярышча... так шыю i пераехаў. Бадунiха i цяпер бядуе. Зьбiраецца ў суд падаваць. - Ларыса Пятроўна накiнула на голаў хустку, мелькам зiрнула ў аскепак люстэрка, што стаяў на рукамыўнiку, падхапiла зь цьвiка ватоўку. - Ну, сядзi... Я на фэрму. А то ж, пэўна, равуць, нядоеныя, - ужо з парога азвалася мацi i, бразнуўшы клямкаю, затупала на падворку.

Лябёдка, пра якога згадвала Ларыса Пятроўна, быў гадоў на пяць старэйшы ад Iвана i да апошняга часу працаваў у бычкоўскiм клюбе кiнамэханiкам. У жнiўнi, акурат перад Iванавым ад'ездам на вучобу, з тым Лябёдкам бяда надарылася: заснуў, падпiты, у кiнабудцы, а нехта з супольнiкаў недапалак у бляшанку кiнуў, у якой стужка ляжала. Ну i задымiла, вядома. Дым з вокнаў папёр, людзi зьбеглiся, а Мандрычыха, загадчыца клюбу, зь перапуду ў Азярышча патэлефанавала, пажарную машыну выклiкала. Пасьля таго выпадку Лябёдку i выкiнулi з працы.

...Куснуўшы кiслы гурок, Iван пасьмiхнуўся - згадаў, як ачмурэлага ад дыму Лябёдку выносiлi з кiнабудкi, i, падпёршы рукою рухавыя пашчанкi, зiрнуў у вакно.

За вакном, у сутоньнi пахмурнага восеньскага дня, хiталася на ветры згалелая яблыня, а на яблынi, на самай высокай яе галiнцы, дрыжэй ад холаду самотны яблык. Яблык быў зьмерзлы, зморшчаны, i, пазiраючы на яго, Iван са скрухаю падумаў, што пройдуць тры днi i давядзецца зноўку зьбiрацца ў дарогу, каб ехаць у праклятушчыя Баранавiчы. Тры днi... i зноўку будзе халодны вагон, зноўку будуць бясконца ляпаць дзьверы, i ён, седзячы на бакавым месцы ля прыбiральнi, будзе стукацца патылiцай аб стоп-кран, аж пакуль у вачах хваравiтым трызьненьнем не паўстане будынак баранавiцкага вакзалу.

Хлопец уздыхнуў, захрабусьцеў кiслым агурком i адчуў раптам, як штосьцi мяккае i цёплае кранулася лыткi. Iван зiрнуў пад ногi i ўбачыў ката Барыса. Барыс пацёрся трохi аб ягоную лытку, пацягнуўся, наставiў на Iвана круглявыя вочы. Давялося кiнуць на падлогу кавалак бульбiны, але Барыс на такi пачастунак нават не глянуў.

- Зажэрся ты, братка! Цябе б, бляха, у Баранавiчы, у iнтэрнат, - прамовiў Iван, i кот, згаджаючыся з такiмi словамi, вякнуў ды паглядзеў на дзьверы.

Iван выпусьцiў ката на двор, удыхнуў празь дзьвярную пройму ядранага паветра i вырашыў таксама праветрыцца.

Перадзiм'ем у Бычках сумна. Прайдзiся празь усю вёску - жывой душы ня стрэнеш. Клюб зачынены, бiблiятэка таксама. Вецер пясок са сьнегам круцiць ды выцьвiлы сьцяжок на шасту матляе. Сьцяжок, як сьведчыць надпiс на кардонцы, у гонар камбайнэра Ф.I.Траяна ўзьняты, якi ў жнiўнi на сваiм СК-4 чатырыста тон збожжа намалацiў. Збожжа даўно на станцыю зьвезьлi. Хведзька Траян даўно тыя грошы прапiў, што яму ў прэмiю далi, а сьцяжок усё матляўся, i шост гудзеў на ветры, i не было ў сьвеце анiчога больш сумнага, чым гэтае матляньне i гэтае панылае гудзеньне.

"I на якую халеру прыехаў?" - падумаў Iван, тузануўшы дзьвярную ручку. Кiнабудка была зачыненая i, мяркуючы па той колькасьцi пяску, што намяло пад дзьверы, невядома калi адчынялася. Iван прыпаў вокам да шчылiны дзьвярэй, доўга глядзеў на стаптаны чаравiк, што ляжаў пасярод кiнабудкi, разважаючы каму той мог належаць - Лябёдку цi Мандрыку? - i гэтыя развагi былi перарваныя матацыклетным рокатам. Рокат чуўся з боку Азярышча: матацыкал змучана чхаў, страляў выхлапнымi газамi, i гэта сьведчыла за тое, што па дарозе ехала Лябёдкава "Панонiя".

Зьяжджаючы з Дабранскай гары, матацыкал загуў на фарсажы, а пад'ехаўшы да клюба, заляскатаў парывiста i глуха.

- Ваня! Прыехаў! - выгукнуў кiроўца "Панонii", задаволена пасьмiхнуўся i, зьняўшы крагi, працягнуў Iвану сваю перапэцканую машыннай алiвай руку. Лябёдку было цяжка пазнаць. Калi раней ён гойсаў на сваёй "Панонii" ў танкiсцкiм шлеме, дык цяпер галаву ягоную ўпрыгожваў моташлем з самаробным брылём, i гэты брыль рабiў яго падобным да вялiзнай качкi.

- Зь Вiцебска еду, ад брата, - растлумачыў Лябёдка, пасьля чаго крутнуў ручку газу i, матлянуўшы галавой, прамовiў: - Адвязвай ды сядай. Газанем, бляха!

За сьпiнай былога кiнамэханiка месьцiлася, прытарочаная да сядзеньня, пашарпаная валiза. Iван паспрабаваў быў разьвязаць аборку рукамi, потым пусьцiў у ход зубы i ў рэшце рэшт палез у кiшэнь па сьцiзорык.

- Асьцярожней толькi, у мяне там радыёлямпы, - мармытнуў Лябёдка i з натхненьнем паддаў газу.

Па тупкай сьцяжыне паехалi з грукатам, зь ветрыкам, а ўзьехаўшы на пясок, матацыкал запаволiў бег i завыў як перад скананьнем.

- Калi прыехаў? - запытаўся Лябёдка.

- Учора, - азваўся Iван; у гэты момант матацыкал стрэлiў выхлапнымi газамi, тузануўся i заглух.

- Даканаў мяне гэты пярдун! - Лябёдка грукнуў кулаком па бэнзабаку, i хлопцы, даўшы волю мацюкам, добрых трыста мэтраў - аж да самае сталоўкi пiхалi-разганялi матацыкал, але той так i не завёўся.

У сталоўцы, куды яны ўвайшлi, было пуста, адно за прылаўкам, падпёршы рукамi кучаравую галаву, сядзела дачка загадчыцы Люська Халiмонава i з сумам у вачах чытала нейкую кнiжку. Зь Люськаю Iван некалi вучыўся ў школе, сядзеў за адной партай, а аднойчы, здаецца, у сёмай клясе, нават пiсаў "любоўныя" цыдулкi. I хаця пасьля таго мiнула цi мала часу, Iван i цяпер пры стрэчы зь Люськаю чырванеў i наагул пачуваў сябе нiякавата.

Абабiўшы кiрзачы, Лябёдка паважнай хадою падышоў да Люськi, гульлiва пасьмiхнуўся, а Люська, не адрываючыся ад чытаньня, памацала рукой пад прылаўкам i выставiла перад наведнiкам бутэльку "Стралецкай".

Такiя Люсьчыны паводзiны наведнiку вiдочна не спадабалiся. Зьняўшы з галавы моташлем, ён налёг грудзiнаю на прылавак, з робленай цiкавасьцю зазiрнуў у кнiгу.

- Што, Мапасана чытаем? - прагугнiў Лябёдка, i шырокая пяцярня ягоная паволi легла на Люсьчын азадак.

Люська, вiдаць, толькi таго i чакала, бо кнiжка надта ж iмпэтна ўзьнялася ў паветра i гучна ляснула па Лябёдкавай патылiцы.

- Лябёдка! Зноў хулюганiш? - пачулася за перабойкаю, а ў раздатачным вакенцы ўзьнiк расчырванелы твар загадчыцы сталоўкi.

- Пятроўна! Цешчы ты мая дарагая! Я ж да вас сватацца прыйшоў! жартаўлiва заенчыў Лябёдка, i адказам яму быў грукат мэталёвага посуду i абураны голас Пятроўны:

- А каб цябе парвала, такога зяця!

Пятроўна выйшла з кухнi, паправiла на галаве хустку, а згледзеўшы Iвана, якi муляўся ля дзьвярэй, з усьмешкаю на вуснах запытала:

- Што, Ваня, прыехаў... будзеце цяпер на пару пiячыць? - Пятроўна хацела яшчэ нешта сказаць, аднак Лябёдка, абураны такiмi словамi, паставiў "Стралецкую" на блiжэйшы столiк i суворым голасам загадаў:

- Абслугоўвайце наведнiкаў!

Iван, слухаючы ўсё гэта, гатовы быў скрозь зямлю правалiцца. Ён ужо i ня рады быў, што пацёгся зь Лябёдкам у сталоўку, i, перакiдваючы з рукi на руку брынклiвую валiзу, кiдаў дакорлiвыя позiркi на шырозную Лябёдкаву сьпiну.

Пятроўна ляснула дзеля прылiку косткамi лiчыльнiкаў, з усьмешкаю на перакошаным твары прамовiла:

- Два шэсьцьдзесят... наведнiкi.

- Дзьве скумбрыны i чатыры хлеба, - усё тым жа афiцыйным тонам прасiпеў Лябёдка, пашнарыў па кiшэнях i, зьвяртаючыся да да Iвана, прабачальным голасам запытаў: - У цябе пару рваных ня знойдзецца?

Iван зь Лябёдкам расьлi бязбацькавiчамi. Iван свайго бацьку толькi на фотаздымку бачыў, а Лябёдкаў бацька, калi сын яшчэ i ў школу не хадзiў, завэрбаваўся па аргнаборы ў Карэлiю, i яго там, нецьвярозага, забiла на лесапавале. Бязбацькавiчы, як вядома - тыя ж браты. Iван мiнулым часам цэлымi соднямi прападаў у кiнабудцы. У карты граў, кружэлкi круцiў на клюбнай радыёле, а вечарамi стужкi перамотваў ды фiльмы глядзеў праз адтулiну. Праўда, калi Лябёдка бываў не ў гуморы - з бадуна, цi калi з Мандрычыхай палаецца, дык мог свайму "брату" i па карку заехаць, а то, згадаўшы саратаўскую вучэбку, у якой служыў у войску, мог загадаць разоў сорак ад падлогi адцiснуцца. I вось, сядаючы за стол у куце сталоўкi i адчуваючы, што настрой Лябёдкавы канчаткова сапсаваны, Iван з насьцярогаю пакасiўся на сваю былую аднаклясьнiцу.

"Стралецкая" - настойка на дзiва паганая. Яе глытаеш, а яна назад лезе...

Кульнуўшы па першай, хлопцы скрывiлiся, пусьцiлi пад ногi згуслую сьлiну i з драпежным выглядам на тварах сталi зьдзiраць зубамi скуру зь перасохлых рыбiн.

Пару хвiлiнаў яны сядзелi моўчкi, грызьлi каляную рыбу, аж пакуль Лябёдка не пацягнуўся за бутэлькай i, налiваючы па другой, не працадзiў:

- Яны яшчэ пашкадуюць...

Налiў сабе Лябёдка ў два разы болей, чым сябру, i пад пiльным Iванавым позiркам трунак улiўся ў ягонае нутро нат не зварухнуўшы коўцiка.

- Два разы вымпэл атрымлiвалi... Курва гэтая, Мандрычыха, на сэмiнары езьдзiла. А безь мяне... раз на тыдзень круцяць, i стужка праз мэтар iрвецца. - Былы кiнамэханiк выплюнуў на падлогу рыбiну луску, выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".

- А хто круцiць? - пацiкавiўся Iван, мерачыся запусьцiць пальцы ў пачак з куравам.

- Як хто - Мандрычыха!

- Мандрычыха?! - а яна ўмее?

Былы кiнамэханiк чыркнуў запалкаю, паднёс да папяросы, i жоўты вогнiк зь вясёлым iмпэтам мiльгануў у ягоных вачах.

- Мiшка Бадуноў круцiць. А яна так... ажыцьцяўляе агульнае кiраўнiцтва. Лябёдка зацягнуўся папяросай, з шумам выпусьцiў дым, i той паволi паплыў у бок вакенца раздачы.

- Мiшка ж непаўналетак, дык яна да Даўгалёва езьдзiла, дамаўлялася. Казалi, пляшку белай ставiла. Ну i дамовiлася, старая курва. Палову стаўкi сабе забiрае, а палову Бадунiсе аддае.

За сьценкаю зноўку штосьцi грукнула, палiлася вада, i пачуўся зычны голас Пятроўны:

- Хопiць смалiць! Не ў хляве!

Яшчэ празь iмгненьне ў пройме раздатачнага вакенца мiльгануў раззлаваны твар Пятроўны, вакенца зачынiлася, i загадчыца, ужо прыглушаным голасам, дадала:

- Закругляйцеся. Хутка зачыняць буду.

Шызы дым, якi дагэтуль плыў у вакенца, папоўз па сьцяне, ахутаў шыльду зь нязграбным надпiсам "У нас не курят".

- Задзяўбла, - прашаптаў Лябёдка, затушыў аб нутраны бок стала папяросiну i, падвысiўшы голас, выдыхнуў: - Куды зачыняцца?! Сталоўка да сямi працуе!

- Да дваццацi сямi! - крыкнула за сьценкаю Пятроўна, пасьля чаго Лябёдка хiтнуў галавой i пацягнуўся за бутэлькаю.

Рэшткi "Стралецкай" былi разьлiтыя пароўну.

- Азярышчанцы казалi - Даўгалёў ня ведае, што й рабiць. Кiнамэханiкi ж на дарозе не валяюцца! Ня сёньня-заўтра папросiць заяву напiсаць. Толькi во яму! - Лябёдка ляпнуў даланёй левай рукi па выстаўленай правай i падняў шклянку.

- Люська! Чаго ты тут мацюкi слухаеш?! Iдзi дахаты! - азвалася за сьценкаю Пятроўна, i Люська, захлопнуўшы кнiгу, без асаблiвай ахвоты падалася да вешалкi.

- Пятроўна, куды ж яна?! Хай пачакае... я ж папраўдзе жанiцца хачу! жартаўлiва заенчыў Лябёдка, а Люська, зьняўшы зь вешалкi палiто, крутнула пальцам ля скронi.

- У каго, у цябе? - крыкнуў увасьлед дзяўчыне былы кiнамэханiк, але тая не пачула - выбегла на двор.

Ад дзьвярэй павеяла халадэчай. Ачуўшыся, Iван пацёр лабешнiк, п'янавата ўтаропiўся ў супольнiка. Ад выпiтага кружылася галава, у вушах шумела i ён зусiм ня цямiў - пра што вёў гаворку сябра.

- У труне я бачыў гэты кiнапракат! - гукаў суразмоўнiк, раз-пораз пляскаючы даланёй па валiзе. У валiзе пры гэтым штосьцi бразгала. - Як захачу, дык буду мець болей, чым той Даўгалёў... з усёй яго канторай. - Слова "кантора" былы кiнамэханiк вымавiў зусiм цiха i, увабраўшы голаў у плечы, зiрнуў у бок прылаўка.

- Давайце, п'янтосы... зачыняць буду! У мяне карова целiцца, - азвалася з кухонных нетраў Пятроўна, i Лябёдка ад таго воклiчу перакрывiўся як ад зубнога болю.

- Каб ты сама ацялiлася, - працадзiў скрозь зубы былы кiнамэханiк, паныла глянуў на пустую пляшку i нечакана для Iвана ляпнуў яго па сьпiне. - Ваня-а! Сябрук! Хочаш, заўтра ж паедзем. Пакажу табе, як грошы робяцца. А? Ваня-а!

Iван кiсла пасьмiхнуўся, узьняў на прыяцеля ашклянелыя вочы.

- Як гэта? - выдыхнуў ён, не даючы веры Лябёдкавым словам.

- Пабачыш... Ва Ўсьвяцкi раён паедзем, у Вялiкарусiю, - Лябёдка разьвёў рукамi, зьбiраючыся, пэўна, паказаць, як ён будзе зарабляць грошы, i ў гэты момант сталоўка панурылася ў цемру. - Што гэта? - зьдзiўлена прамармытаў Лябёдка, рыпнуўшы крэслам, а зразумеўшы ў чым справа, абурана гаркнуў: Пятроўна! Харэ барзець! Уключы!

Пятроўна затупала на кухнi, потым яе шырокая постаць акрэсьлiлася ля прылаўка i, бразнуўшы ключамi, загадчыца сталоўкi коратка i рашуча загадала:

- Усё! Выкульвайцеся!

... На двары было цёмна, над галавой зьзялi зоркi, i Iван, азiрнуўшы азоранае неба, шчыра зьдзiвiўся: чаму ён ня бачыў гэтых зорак там, у Баранавiчах? Дыхнуўшы парай, хлопец абтрэс апошнiя кроплi i прыслухаўся. За сьпiнаю чулася гучнае цурчэньне.

- Ну, дык як, паедзем? - запытаўся Лябёдка праз хвiлю, асьвяцiўшы твар агнём запаленай сярнiчкi.

Жарынка Лябёдкавай папяросы задрыжэла ў цемры, узьнеслася ўгору, матлянулася некуды ўбок i неўзабаве вярнулася на месца.

- Вушанку толькi вазьмi, а то надзьме, - за рогам бразнула завала, пачулася незадаволенае мармытаньне, i яшчэ празь iмгненьне таропкiя крокi Пятроўны зьлiлiся з брэхам бычкоўскiх сабак.

Дапалiўшы папяросы, сябры выкацiлi на бальшак Лябёдкаву "Панонiю", крэкнулi, рыхтуючыся да разгону, i Лябёдка, тупаючы кiрзачамi па дарозе, засоплена выдыхнуў:

- Заўтра... а восьмай... ля сталоўкi.

Апошнiм высiлкам Iван пiхнуў матацыкал, павалiўся на зямлю i падняўся толькi тады, калi пачуў, як "Панонiя", ужо недзе пад самай гарой, зь неахвотаю заляскатала маторам.

Прыемна ўсё ж такi прачнуцца ў роднай хаце, зiрнуць на гадзiньнiк i, адчуўшы, што спаць можна колькi ўлезе, кульнуцца на левы бок. У такiя хвiлiны душу наведвае цiхая радасьць, i сны потым сьняцца прасьветлыя i шчымлiвыя.

Прачнуўшыся а сёмай, Ваня Бянькоў памружыўся на сьвятло, што цадзiлася з кухнi, i ў той самы мiг сон зьляцеў з павек i слых напоўнiўся да болю знаёмымi зыкамi: гудзеньнем у комiне, тахканьнем старых ходзiкаў i лагодным кацiным мурканьнем, якое перарывалася за кожным трэскам бярозавых дроў. Паляжаўшы на баку, Iван лёг на сьпiну, зiрнуў краем вока на ката Барыса i з насалодаю, аж да хрусту ў каленях, пацягнуўся. "I куды гэта Лябёдка сабраўся?" - падумаў ён, канчаткова абудзiўшыся, i разважаючы над гэтым пытаньнем, казелiў вочы на Барыса. Кот сядзеў на печы, вуркатаў свае песьнi i час ад часу ўтрапёна пазiраў на ўваходныя дзьверы. Iван удыхнуў паветра, каб паклiкаць Барыса, але ў той жа мiг у сенях бразнула даёнка i кот вомiгам растварыўся ў шарым запечным паўзмроку.

Мацi цiхенька адчынiла дзьверы, i ў хаце запахла сырадоем. Паставiўшы на ўслон даёнку, мацi зьняла зь цьвiка марлiну, страсянула абедзьвума рукамi, i неўзабаве сырадой ценькiм цурком палiўся ў збан. Iван заплюшчыў вочы, прыслухаўся да зыкаў, што даляталi з кухнi, i кожны матчын рух яскрава адбiваўся ў ягонай сьвядомасьцi. I вось цурчэньне стала больш глухiм, мацi штосьцi прамармытала сама сабе, грукнула вядром ды нечакана спалохана гойкнула:

- А каб ты спрах, кацера ты чортава!

Ну вядома - кот Барыс iзноў напужаў мацi. Печ у хаце высокая, i Барыс, сiгануўшы зь верхатуры, напачатку скочыў на матчыну сьпiну i толькi потым зьляцеў на падлогу.

- Во халера на маю галаву! I на чорта мне гэты кот?! - бедавала мацi, разьлiваючы сырадой, а напоўнiўшы другi гарлач, плёснула малака ў Барысаву чаропку. Хвiлiну Iван слухаў, як роспачна ляпаў языком кот Барыс, пасьля чаго крэкнуў i падняўся на ногi.

- Што, пiў учора? - запыталася Ларыса Пятроўна, калi сын, пачэрпнуўшы вады зь вядра, прыпаў да конаўкi.

- Угу! - вымавiў Iван, не перарываючы пiцьця, а наталiўшы смагу, выцер вусны i, апярэджваючы матчыны словы, дадаў: - Зь Лябёдкам, п'янтосам гэтым няшчасным.

Ён прабег на цырлах па халоднай падлозе, шмыгнуў у цёплую пасьцель i яшчэ раз, цяпер ужо з райскiм задавальненьнем, пацягнуўся.

- Алкаш гэты... узяўся тэлевiзары рамантаваць, - азвалася з кухнi мацi, плюхнуўшы вады ў даёнку. - Авадзiсе адрамантаваў, дык, казала, два днi гук быў, а на трэцi ня стала. - На кухнi iзноўку плюхнула вада, гэтым разам у мяднiцу, i мацi, адчынiўшы дзьверы, пачала выносiць збаны на холад.

- У нас жа тэлевiзараў мала, рамантаваць няма чаго, дык панадзiўся ў Азярышча езьдзiць. Думаў, там яму адвалiцца... А людзi, што ў тэлеатэлье працуюць, злавiлi ды ў каршэнь натаўклi - во як! - мацi крэкнула, падхапiўшы штосьцi цяжкое, i выйшла з хаты.

Iван асавела пазяхнуў, зьбiраючыся паспаць яшчэ якую гадзiну, але мацi iзноў убiлася ў хату i, кiнуўшы ля печы абярэмак дроў, недарэчна голасна абвясьцiла:

- У Пятроўны карова ацялiлася. Цялушачка такая ж, як наша Рагуля. Сама чорная, а на лобе мецiна...

Каб ня слухаць матчынай балбатнi, Iван утоўк галаву ў падушку, абхапiў яе рукамi i, ашчадна дыхаючы, стаў думаць - ехаць яму зь Лябёдкам ва Ўсьвяцкi раён, цi, мо, застацца дома.

Лябёдка, на якога не стамлялася лаяцца Ларыса Пятроўна, быў наагул хлопцам нiштаватым. Пiў, вядома, але ж i справу сваю ведаў. Пазалетась ягоны партрэт нават у раённай газэце надрукавалi. "Кiнамэханiк Бычкоўскага кiнастацыянару М. Лебядзько рыхтуецца да чарговага сэансу". Наблытаў, праўда, карэспандэнт у прозьвiшчы, але як не наблытаеш, калi яго ад Лябёдкавай кiнабудкi да старшынёўскага "казла" ўтрох вялi. Дакладней кажучы, вялi двое - сам Лябёдка ды Лёшка Мандрык, а Iван карэспандэнту ногi перастаўляў - гэтак чалавек напiўся.

Меў былы кiнамэханiк, апрача гарэлкi, яшчэ адну жарсьць - радыётэхнiку. У школе нават марыў у радыётэхнiчны iнстытут паступаць, а ў восьмай клясе, знайшоўшы ў нейкiм часопiсе схему, змайстраваў электрагiтару. Iнструмэнт гэты быў у той час вялiкай рэдкасьцю - паглядзець на яго нават з Азярышча прыяжджалi. Лябёдка зь iм на канцэртах выступаў, да клюбнай радыёлы падключыўшы. Ну, а як ужо ў войска iшоў, падараваў гiтару Лёшку Мандрыку, сыну загадчыцы клюба. Лёшка таксама на канцэртах брынкаць узяўся, хоць граць i ня ўмеў. Але брынкаў нядоўга - штосьцi там у гiтары замкнула, i Лёшку падчас канцэрту токам смальнула. Мандрычыха пасьля таго гiтару аб клюбны ганак разьбiла i чутку пусьцiла, што Лябёдка Лёшку халеру тую падараваў, каб са сьвету зьвесьцi.

З войску - а служыць яму давялося ў нейкай дужа сакрэтнай часьцi - Лябёдка вярнуўся зь сяржанцкiмi лычкамi на пагонах i з "корачкамi" радыёмэханiка ў кiшэнi. Уладкаваўшыся кiнамэханiкам, ён першыя паўгоду не вылазiў з кiнабудкi: самаробны тэлевiзар майстраваў, а змайстраваўшы - у п'янку кiнуўся. Аднойчы да таго дапiўся, што сеў на распалены лiтавальнiк i апошнiя свае штаны прапалiў. Пасьля таго выпадку больш тэлевiзарамi не захапляўся, а ўсё сваё начыньне: лiтавальнiк, лямпы з кандзёрамi i кавалак канiфолi Мiшку Бадунову падараваў...

- Ванька, чуеш?! - прашамацела ля вуха, i Iван выцягнуў галаву з падушкi. - Кашу еш, у печы стаiць... Я на фэрму. - На кухнi пстрыкнуў выключальнiк, нема вякнуў кот Барыс - мацi, вiдаць, наступiла яму на хвост, i Iван, паморшчыўшыся, зноўку ўтоўк галаву ў падушку. Хвiлю ён ляжаў, потым усхапiўся на ногi, прабег на кухню i, наставiўшы струмень у памыйную мяднiцу, прашаптаў: - Еду.

II

З Дабранскай гары, на якой стаiць сталоўка, вёска бачная як на далонi. Сёньня нядзеля, людзей не вiдаць, адно што на Траянчысiным двары завiхалася некалькi постацяў, туркацеў трактар ды чулася бязладная гамонка. Iван прымружыўся, пазiраючы ў бок Траянчысiнага двара, i мiжволi пасьмiхнуўся. Ну, вядома: Хведзька Траян зноўку дзялiў са сваёй сястрой угнаеньнi з матчынага сьвiнюшнiка. Загнаўшы на падворак трактар, Хведзька з жонкаю ўскiдвалi на трактарны вазок парсючыны гной, а сястра ягоная, Фроська - ускудлачаная, у квяцiстым халаце - стаяла на вазку i скiдвала гной долу.

Хведзька з Фроськаю ўжо ня першым разам матчына дабро дзялiлi. Летась нават таварыскiм судом судзiлiся i па пятнаццаць рублёў штрафу атрымалi. Iван на тым судзе якраз за сьведку быў. Яму i цяпер карцела пабегчы на Траянчысiн падворак ды паглядзець, як там усё будзе, але ж трэба было чакаць Лябёдку. Пагатоў, жалезны гараж, якi стаяў каля Лябёдкавай хаты, быў прачынены, i гэта наводзiла на думку, што сябрук ужо недзе лётаў на сваёй "Панонii" i мог зьявiцца ў любую хвiлiну.

На вясковую вулiцу тым часам пачалi выбягаць кабеты, старая Траянчыха ўголас залямантавала, Iван стаiў дых, чакаючы развязкi, але нiчога такога ня здарылася: Фроська нечакана зьлезла з вазка, Хведзька ўлез у кабiну, i трактар, напоўнiўшы навакольле белым дымам, паволi выехаў з падворка.

Убачыўшы такое, Iван незадаволена скрывiўся: летась было цiкавей. Летась Фроська братавай пад вока лiхтар наставiла i гной на галаву ўскiнула. Пятнаццаць рублёў штрафу за тое атрымала. На суд тады ўся вёска сышлася, нават з Гатава папрыходзiлi. У дзьвярах стаялi, а загадчыцы клюба Мандрычысе, якая судзьдзёй была, ад задухi i хваляваньня млосна стала.

Прыгадваючы ўсё гэта, Iван агледзеўся, разважаючы, чым бы гэта заняць рукi, а ўбачыўшы на сьцяне сталоўкi пакарабачаную трубку, у якой, па iдэi, павiнен быў тырчаць чырвоны сьцяг, стаў накiдваць на яе сваю вушанку. Зь пятага цi шостага разу яму гэта ўдалося, Iван задаволена пацёр рукi, агледзеўся, шукаючы якую палку, i ў гэты момант чуйны слых ягоны вылучыў зь бязладнага туркаценьня трактара дробны ляскат Лябёдкавай "Панонii".

Матацыкал ляскатаў з натугаю, i, што самае дзiўнае, за сьпiнаю Лябёдкавай сядзела, загалiўшы белыя сьцёгны, загадчыца сталоўкi Пятроўна.

"Куды гэта яны? Цi не ва Ўсьвяцкi раён?" - падумаў Iван i на ўсялякi выпадак прыхаваўся за рогам сталоўкi.

Лябёдкавы драндулет даехаў толькi да сярэдзiны гары. Чхнуўшы, матацыкал заглух, зьехаў з дарогi i занурыўся пярэднiм колам у прыдарожны кювэт.

- Пятроўна, пачакай! - даляцеў да Iванавых вушэй зычны воклiч, але Пятроўна, якая ўжо шыбавала па бальшаку, на той воклiч нават не азiрнулася. Датупаўшы да сталоўкi, кабета перавяла дых - было добра чуваць яе нэрвовае дыханьне, - павярнула ключ i кiнула на парог грукатлiвую завалу.

- Во паразыт няшчасны! - прамовiла Пятроўна, расчынiўшы дзьверы, i ваконныя шыбы палахлiва зумкнулi ад грукату ейных ботаў.

Праз пару хвiлiн ля дзьвярэй сталоўкi цяжка засоп i былы кiнамэханiк. Падагнаўшы матацыкал да слупа, ён таксама перавёў дых, мацюкнуўся, i шыбы зноўку зумкнулi, цяпер ужо ад надраўнага голасу Пятроўны.

- Забiрай сваю халеру! - загадчыца выставiла на ганак валiзу, грукнула завалай i прашаптала тое ж нядобрае слова, якое хвiлю таму прамовiў Лябёдка.

- Пятроўна... давязу! - крыкнуў быў Лябёдка, калi загадчыца рушыла па дарозе, але тая махнула рукой, сiганула цераз кювэт i неўзабаве зьнiкла за прыдарожнымi кустамi.

Iван кашлянуў, выйшаў насустрач сябру.

- А-а! Ваня! - Лябёдкава рука балюча сьцiснула пальцы. - Вось, забылiся ўчора, - кiўнуў сябрук у бок валiзы i выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".

Папяросiны ў пачку былi пустыя. Лябёдка паспрабаваў быў напхаць у адну зь iх тытуню, але хутка кiнуў гэты занятак i з уздыхам прысеў на ганак сталоўкi.

- Ну як, чуў? - запытаўся сябрук, падхапiўшы валiзу. Размова вiдочна iшла пра дзяльбу ўгнаеньня. - Зноў за сьведку выступаць будзеш? - рагатнуў Лябёдка, ляснуў чамаданнымi зашчапкамi, а Iван пасьля такiх слоў незадаволена плюнуў.

Летась, падчас таварыскага суда, на якiм Фроську Траянiху судзiлi, Iван у кiнабудцы сядзеў, бо ў зале не было месцаў. I вось, калi Мандрычыха пачала пытацца, хто бачыў бойку, усе, хто сядзеў у клюбе, языкi папрыкусвалi ды вочы ў падлогу панурылi. Хвiлiн пяць так сядзелi, нават кашляць перасталi. Тут у Iвана язык i разьвязаўся. Крыкнуў праз адтулiну, маўляў, ён бачыў i аб усiм распавесьцi можа. Мандрычыха тады акрыяла, пачала нешта пытацца, а Iван адказваў, у адтулiну гарлаючы.

Пасьля суда мацi яго цэлы вечар прабiрала, спрабавала нават вушы накруцiць. Фроська ж ейнай сяброўкай была, а Iван на тую сяброўку невядома што нагаварыў...

- Во, бляха... - вылаяўся Лябёдка, узьняўшы чамаданнае вечка, - шэсьць е пяць эс... так i знаў, што паб'ецца.

Выкiнуўшы з валiзы шкляныя аскалёпкi, былы кiнамэханiк iзноў мацюкнуўся, падняўся на ногi, а Iван, згадаўшы пра шапку, пабег здымаць яе са сьцяны сталоўкi.

З Дабранскай гары ляцелi, не адчуваючы пад сабой азадкаў. Вецер пругка бiў у твары, душа сьцiскалася ў камяк, i рот неяк сам сабою адкрываўся. Iвану карцела сьпяваць, крычаць штосьцi насустрач ветру, а аднаго разу, калi "Панонiя", наехаўшы на грудок, адарвалася ад зямлi, заманулася нават куснуць ад захапленьня Лябёдкаву сьпiну.

Яны ехалi ў Вялiкарусiю.

Ужо ад самой гэтай назвы павявала нечым патаемным. Гэтае "Р", гэтае "У", гэтае "С" працiналi разам зь ветрам душу, казыталi яе трапяткiм халадком. Хоць Iвану i раней даводзiлася бываць у Вялiкарусii (езьдзiлi з мацi ў Невель купляць партфэль i чаравiкi), але тое было даўно. Ды i езьдзiлi яны на рэйсавым аўтобусе. А тут гналi на матацыкле, па прасёлачнай дарозе i ня ў нейкi там Невель, а ў нязнаны i загадкавы Ўсьвяцкi раён.

Праехаўшы кiлямэтраў дзесяць-дванаццаць, "Панонiя" пайшла з натугаю, зь неахвотаю, аглушальна страляючы выхлапнымi газамi. Гэтая стралянiна ўзьняла ў паветра навакольных гракоў, i яны, зьбiўшыся ў кучу, кружлялi ў вышынi, перабiваючы сваiм граем матацыклетнае стракаценьне. Цiснучыся да Лябёдкавай сьпiны, Iван зiрнуў угору i з усьмешкаю на вуснах згадаў, як мацi хрысьцiлася аднойчы, пабачыўшы над галавою гэтых чорных птушак.

- Эй, што там у цябе? - гукнуў Лябёдка, таргануўшы правым локцем.

- Дзе? - не зразумеў Iван.

- За пазухай! У сьпiну цiсьне...

За пазухай у Iвана ляжалi ўкручаныя ў газэцiну лусьцiкi.

- Хлеб з маслам. Узяў у дарогу, - патлумачыў Iван, а сябар, крутнуўшы галавой, жартам пракрычаў:

- Лепш бы ты бутэльку ўзяў! Хлеба з маслам нам i так дадуць!

На чарговым пад'ёме "Панонiя" яшчэ раз стрэльнула - хвацка, напята, раскацiста, i Лябёдка, зьехаўшы на ўзьмежак, заглушыў матор.

- Ну i гакае! Што пугаўём лупiць, - захоплена зазначыў Iван, слухаючы гулкае рэха, а зьлезшы з матацыкла, задаволена пацягнуўся.

Сябар мiж тым быў нечым устурбаваны. Прыўзьняўшыся на понажах, ён падняў сядзеньне, выцягнуў з-пад яго нейкую брудную анучку, пасьля чаго прыгнуўся i пусьцiў сьлiну на матацыклетны рухавiк.

- На, зьбегай, змачы ў лужыне, - загадаў ён, працягнуўшы анучку, i Iван, ня цямячы, навошта ўсё гэта трэба, пабег выконваць загад.

Пабоўтаўшы анучку ў халоднай вадзе, ён хацеў яе выкруцiць, але пачуў воклiк: - Ня трэба! - i подбежкам вярнуўся да матацыкла.

- Грэецца, халера, аж нагу пячэ, - Лябёдка пляснуў анучу на распалены рухавiк, i галава ягоная схавалася ў аблачыне смуродлiвай пары.

- Фу, бляха! - Былы кiнамэханiк паморшчыўся, паляпаў па сьцёгнах, шукаючы папярос, а згадаўшы, што курыва няма, мацюкнуўся i сеў на край узбочыны.

Мясьцiны навокал былi глухiя - анi людзей, анi паселiшчаў - адно кусты, кусты, ды сям-там пракiдвалiся пералескi зь цёмнымi елкамi ды беластвольнымi бярозамi. Гулкае бязьлюдзьдзе i асьлiзлае неба над галавой нарадзiлi ў душы няўцямную трывогу, таму Iван, якi таксама ўладкаваўся на ўзбочыне, падсеў блiжэй да сябра.

- Пажаваць чаго, цi што? А, Ваня?

Iван кiўнуў, пагаджаючыся з такiмi словамi, памружыўся на сiнi далягляд i толькi пасьля таго, зразумеўшы намёк, выцягнуў з-за пазухi пакет з лусьцiкамi.

Потым яны елi хлеб з маслам, Лябёдка пры гэтым чытаў раённую газэту, у якую былi загорнутыя лусьцiкi, а прачытаўшы ўголас пра вiзыт Эрыха Хонэкера ў Маскву, абклаў таго мацюкамi i пусьцiў газэту па ветры.

- Кiлямэтраў пяць яшчэ, - крэкнуў Лябёдка, падымаючыся на ногi. - Вунь, за тым лесам - павернем на бальшак, а там ужо недалёка. - Лябёдка паставiў нагу на понаж, а Iван, перш чым асядлаць "Панонiю", паглядзеў на неба. Угары iзноў усхадзiлiся гракi. Надрыўна гарлаючы, яны кружлялi вакол "Зары камунiзму", якая белай птушкай ўздымалася над зямлёю.

Адбiўшы азадкi i ўдосыць наглытаўшыся пылу, яны выехалi на бальшак, павярнулi направа, i неўзабаве з-за пагорка ўсплыў дарожны ўказальнiк з надпiсам "Чурилово". Iван тыцнуў кампаньёна ў бок, пытаючыся такiм чынам, цi ня Ўсьвяцкi гэта раён, i кампаньён сьцьвярджальна кiўнуў галавой.

Па вёсцы пракацiлiся з шыкам, з форсам, разганяючы перапуджаных курэй i прымушаючы азiрацца чурылаўскiх цётак. Ля сельмага Лябёдка, па старой звычцы, газануў, даў кругаля вакол нейкай кабеты, i спынiўся ў лiчаных сантымэтрах ад сельмагаўскага парога.

- Лётаюць як самашэччыя! I калi ўжо сабе галовы скруцяць? - азвалася за сьпiнаю кабета, i Iван, злазячы з матацыкла, падзiвiўся з таго, што вялiкарусы размаўляюць на той жа мове, што i бычкоўцы.

Кабета незадаволена пратупала да крамы, адчынiла рыпучыя дзьверы, а сьледам за ёю ў краму ўвайшоў i Лябёдка. Iвану таксама карцела зiрнуць на тутэйшыя тавары, але навокал круцiлiся вясковыя падшывальцы i трэба было сьцерагчы валiзу. Ён навалiўся жыватом на сядзеньне, прытулiў да валiзы вуха i, мружычыся, не раўнуючы, як той кот Барыс, стаў глядзець на пашарпаныя крамныя дзьверы. Дзьверы доўга не расчынялiся, нарэшце разнасьцежылiся, зь iх выйшла дзябёлая кабета, якая, узяўшы рукi ў бокi, доўга азiралася, а згледзеўшы некага, сiпла галёкнула:

- Манька, ты круп узяла?!

- Анягож! - адгукнулася нябачная Манька, i Iван, паслухаўшы ўсё гэта, пераканаўся, што вялiкарусы ва Ўсьвяцкiм раёне размаўляюць на чысьцюткай беларускай мове.

Лябёдка выйшаў з крамы хвiлiн праз пятнаццаць. Стоячы на ганку, сябрук надарваў пачак "Беламору", выцягнуў папяросу, а ўбачыўшы, што да крамы iдзе маладая жанчына, нядбайным рухам кiнуў пачак Iвану. Iван злавiў яго абедзьвума рукамi, але некалькi беламорын упала на пясок, i эфэкт ад кiдка быў змазаны.

- Жывем, Ваня! Працы - на месяц! - прамовiў Лябёдка, зiрнуў краем вока на маладуху i, перахапiўшы з Iванавых рук пачак, стоена шапятнуў: - Кабеньчыха. Перадапошняя хата направа.

Вёска Чуралава памерамi была - што тыя Бычкi. Двароў восемдзесят-дзевяноста. Але ў адрозьненьне ад Бычкоў хаты тут стаялi ў поўным бязладзьдзi: анiякiх табе вулiц, так што пакуль знайшлi Кабеньчыху, давялося ладна пакруцiцца.

Падкацiўшы да патрэбнай хаты, яны зьмерылi вачыма тэлевiзiйную антэну, што тырчала над страхою, i наструнена пераглянулiся: у глыбiнi разьлеглага, парослага жухлай лебядою двара, заходзiўся ад брэху вiславухi сабака. Каб не бянтэжыць гаспадароў, Лябёдка зьняў з галавы шлем, прылашчыў валасы i, не рашаючыся ўвайсьцi ў двор, зычна кашлянуў. У адным з вакенцаў матлянулася фiранка, i праз хвiлю-другую на парозе хаты зьявiлася пахiлая бабуля.

- Мы па выклiку! Тэлевiзары рамантуем! - выгукнуў Лябёдка, але бабуля не пачула.

- Ну до табе, до! - крыкнула гаспадыня на сабаку i, прыбраўшы з вуха хусьцiнку, дробна затупала да весьнiц.

- Тэлевiзары, бабка, рамантуем. Прыехалi во... па выклiку, - Лябёдка страсянуў над галавою валiзкай.

Ага! Цiлiвiзеры! А дзеткi ж вы мае, а што ж вы адразу не сказалi? пляснула рукамi бабуля i таропка адчынiла брамку.

Бабчын вiславухi дварняк тым часам ужо асiп i брахаў з падвываньнем.

- Цi сьцiхнеш ты, нячыстая сiла?! - прасiпела гаспадыня, падхапiла з-пад ног дубец, i сабака, пакрыўджана скавытнуўшы, сьпехам залез у будку.

- I калi ўжо акалееш? - з гэтымi словамi старая пiхнула рукою дзьверы, i яны ўвайшлi ў хату.

У хаце было прыцемна - лямпачка пад стольлю была заседжана мухамi, давала мала сьвятла, таму давялося цягнуць бабчын "Тэмп-6" да вакна i падключацца да разэткi праз падаўжальнiк.

Тыцнуўшы ў Iванавы рукi лiтавальнiк, майстар Лябёдка зьняў з тэлевiзара заднюю панэль, пахiтаў галавою i папрасiў у гаспадынi вiльготную анучку вiдавочна, каб сьцерцi пыл зь лямпаў.

Наступныя дзесяць хвiлiн майстар торкаў некуды правадкi, сочачы пры гэтым за стрэлкаю прыбора, а згадаўшы пра лiтавальнiк, запытаў:

- Грэецца?

Лiтавальнiк быў халодны. Iван патузаў шнур, паварушыў вiлку ў разэтцы, але марна: iнструмэнт ня грэўся.

- Эх, Ваня... вучыць цябе яшчэ ды вучыць... Стрыжань у лiтавальнiк не ўпiхнуў, таму i ня грэецца, - уздыхнуўшы, Лябёдка выдзер з тэлевiзiйных нетраў нейкую зялёную дэтальку, паглядзеў на гаспадыню i ўстурбавана правёў даланёю па твары.

- Кандэнсатар згарэў. Страшэнна дэфiцытная рэч. У мяне, праўда, ёсьць адзiн, але гэта для райкамаўскага тэлевiзара. Там таксама кандзёр накрыўся.

- Вы ж ужо як-небудзь... - выдыхнула гаспадыня, матлянулася на кухню, i майстар, пачуўшы бразгат шклянак за сьценкаю, падмiргнуў кампаньёну i задаволена падкiнуў на далонi згарэлы кандэнсатар.

Праз поўгадзiны справа была зроблена. У хаце пахла канiфольлю, пад стольлю луналi пасмы белага дыму, а сьцены хаты аж дрыжэлi ад грому вайсковага параду, якi паказвалi па тэлевiзары. Узяўшы за працу тры рублi i запытаўшыся, цi патрэбная квiтанцыя, Лябёдка зачынiў валiзу i зь дзiўнай рашучасьцю накiраваўся да дзьвярэй.

- Можа б, перакусiлi чаго? - нясьмела вымавiла ўсьлед яму бабуля.

- Няма часу, бабка. Яшчэ пяць хат абысьцi трэба. Праўда... - майстар павярнуўся да напарнiка, зьмерыў яго позiркам i з разважлiвай заклапочанасьцю прамармытаў: - Iван галодны. Цэлы дзень ня пiў, ня еў. Як ты, Ваня, перакусiш? - i не пасьпеў Iван раскрыць рота, як Лябёдка штурхнуў яго да стала i спрытным рухам адкаркаваў бутэльку "Прамянiстага".

Яны выпiлi па шклянцы, аддзьмулiся, захоплена ўтыркнулi вiдэльцы ў румяныя шкваркi, якiя сквiрчэлi i стралялi тлушчам на гарачай патэльнi.

- Кантрастнасьць нармальная, толькi сьняжыць крыху, - прамовiў, кульнуўшы другую шклянку, Лябёдка. - Зь Вялiкалуцкага рэтрансьлятара сыгнал кволы. Наступным разам пад'едзем - паспрабуем антэну на Вiцебск павярнуць.

Гаспадыня закiвала галавой, стоена ўздыхнула, i ўся яе пастава выдавала на тое, што ёй карцела нешта сказаць.

Карцела сказаць слова i Iвану. Выцершы рукавом сальныя вусны, ён павярнуўся да бабулi i задаў пытаньне, якое даўно ўжо сьпела на языку:

- А вы рускiя?

Гэтае пытаньне не на жарты ўсхвалявала бабулю. Старая шморгнула носам, залыпала павекамi i няўпэўнена прашаптала:

- Рускiя...

- Рускiя, а гамонiце па-нашаму: картошку бульбай называеце...

- А адкуль жа вы? - пацiкавiлася гаспадыня.

- Зь Неўля мы, з тэлеатэлье, - адказаў за Iвана Лябёдка i, храбуснуўшы шкваркай, стукнуў напарнiка каленам па назе.

- А мы, дзеткi, i самi ня ведаем - хто мы, - нечакана пажвавела бабуля. Мой Ляксей, царства яму нябеснае, расказваў... Прыедзем, кажа, у Пскоў, пачнем там гаманiць, а скрабары сьмяюцца, кажуць: - Iзноў пылякi прыехалi! - старая перахрысьцiлася на цёмны кут, аблашчыла майстра сьцярожкiм паглядам i прыцiшаным голасам запытала:

- Можа б вы i маёй сястры цiлiвiзер зрабiлi?

Прапанова такая не зьдзiвiла майстра. Ён адкiнуўся ў крэсьле, змучана аддзьмуўся, выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".

- Непадалёку тут жыве, у Берасьцянцы... крайняя хата ад ракi. Туды i дарога добрая.

Старая дапытлiва замiргала вачанятамi, а майстар, зiрнуўшы на сьпiсаны алоўкам пачак, гаротна ўздыхнуў.

- Не магу, бабуля. У мяне тут толькi па Чурылаву пяць выклiкаў. Во... глядзi, - майстар тыцнуў пальцам у пачак, - Лiхаманавы, Пракопаўна, Балабайка...

- Балабайку зяць зрабiў. Учора прыехаў, - перапынiла Лябёдку гаспадыня, выбегла ў сенi i праз хвiлю паўстала ў пройме дзьвярэй з пляшкаю "Прамянiстага".

З гасьцiннай хаты Праскоўi Кабенькi - так звалi гаспадыню - выкульвалiся, задаволена адрыгваючы вiном i цыбуляй. У паветры кружылiся сьняжынкi, бабчын сабака прыязна махаў хвастом, а сама гаспадыня, якая таксама кульнула чарку, не магла суняць расстайную сьлязiну.

Iдучы да матацыкла, Iван падлiчыў у галаве дзённую выручку, якую можна мець ад рамонту тэлевiзараў, потым уявiў тую кучу грошай i з захапленьнем паглядзеў на камлюкаватую Лябёдкаву сьпiну.

- Дзядзькi, да нас зайдзiце! У нас таксама тэлевiзар зламаўся... I ў мяне зламаўся... - разам загаманiла вясковая дзятва, калi яны падышлi да весьнiц. Падшывальцаў сабралася ня меней як тузiн; усе яны аглушальна гаманiлi, i Лябёдка, насунуўшы на голаў шлем i ўкiнуўшы ў рот папяросу, скрозь зубы працадзiў: - Зойдзем, толькi ў Берасьцянку зьлётаем.

Прытарочыўшы да бэнзабаку валiзу, майстар вохнуў, паведамiў падшывальцам, што недапiты - гэта горш, чым недабiты, таргануў галавой, i падшывальцы, умомант зразумеўшы той жэст, добрых тры кiлямэтры пiхалi матацыкал, аж пакуль ён не завёўся.

Дарожны паказальнiк з надпiсам "Берестянка. 2 км" трымаўся на адным цьвiку, паказваючы вострым канцом на прысыпаную рэдкiм сьняжком узбочыну. "Цi не на той сьвет паказвае?" - падумаў Iван, згадаў родную хату i ўпершыню пашкадаваў, што выбраўся ў гэтую вандроўку.

Дарога ў Берасьцянку i сапраўды нагадвала дарогу ў пекла. Уся яна была разьбiтая коламi "беларусаў", глыбокiя каляiны прыхапiла марозам, i ехаць па той праселiцы было папросту немагчыма. Дапамагаючы сабе нагамi, Лябёдка коўзаўся на матацыкле па калдобiнах, пругкi алешнiк хвастаў яго па твары, i майстар, адплёўваючыся каляным лiсьцем, слаў праклёны на "беларусаў", нялюдзкую дарогу i старую Кабеньчыху, якая яго ў тую дарогу выправiла.

Iван шыбаваў сьледам, прыцiскаў да грудзей валiзку (зьнялi з матацыкла, каб не пабiць радыёлямпы) i п'янавата пасьмiхаўся: цяжка было ўтрымацца ад усьмешкi, пазiраючы на Лябёдкавы пакуты.

Да вёскi дабiралiся цэлую гадзiну, пры гэтым два разы спынялiся, каб ахаладзiць рухавiк, а выбiўшыся з кустоў на роўнае поле i ўбачыўшы на даляглядзе вясковыя хаты, Лябёдка, а гледзячы на яго i Iван, зморана павалiлiся на пасiвелую ад марозу траву.

Iвана, праўда, дарога ня надта i стамiла: на зямлю ён павалiўся хутчэй з пачуцьця салiдарнасьцi, а паляжаўшы хвiлiну-другую, прыўзьняўся на локцi i азiрнуў навакольле. Нават такiм шэрым днём мясьцiны тутэйшыя ўяўлялiся даволi маляўнiчымi. Роўнае поле, пасярод яго стаяла згалелае дрэва, а леваруч, блiжэй да вёскi, блiскала мiж кустоў цi то рачулка, цi то азярына.

- Ловаць. Вялiкая рака, - выдыхнуў Лябёдка, перахапiўшы Iванавы позiрк. Я тут летась рыбу лавiў.

Колькi часу яны ляжалi моўчкi, смалiлi папяросы, аж пакуль Лябёдка не мацюкнуўся i не падхапiўся на ногi.

- Усё! З бальшаку цяпер нi на крок... I грошы буду браць па прэйскуранту! - прамовiў ён, шпурнуўшы недакурак, i гэта азначала, што хмель выпетрыўся зь Лябёдкавай галавы, i настрой з тае нагоды канчаткова сапсаваўся.

...Берасьцянка - невялiчкая, ня болей дзесяцi хат вёска - упiралася сваiм канцом у рачны бераг. Памятаючы словы бабцi Параскi, кампаньёны, не пытаючыся дарогi, паехалi да Ловацi, а ўбачыўшы над крайняй хатай шост з пакарабачанай антэнай, рашуча завярнулi ў двор. Лябёдка па-майстэрску дакладна ўпiсаўся ў вузенькiя весьнiцы, узьняў у паветра курэй, загнаў на страху вялiзнага чорнага ката i, выклiкаючы гаспадароў, да ўпору крутнуў ручку газу. Лябёдка, вiдаць, добра напужаў гаспадароў, бо яны доўга не высоўвалiся, а калi нарэшце дзьверы прачынiлiся, дык у дзьвярную пройму можна было ўпiхнуць хiба што нос. Нос, дарэчы, i вытыркнуўся з проймы, i Лябёдка, маракуючы - каму ён мог належаць мужчыну, цi жанчыне, прыязным голасам вымавiў:

- Вам прывiтаньне ад сястры.

Пройма пашырылася, зь цёмных сяней вытыркнулася сьсiвелая бабуля, якая зьдзiўлена-плаксiвым голасам запытала:

- Якой гэта сястры?

- Якой-якой... Кабеньчыхi, халера старая, - буркнуў Лябёдка, вырваў з Iванавых рук валiзку i, бачачы, што гаспадыня па-ранейшаму зь недаверам лыпае вачыма, дадаў: - Зь Неўля мы, з тэлеатэлье. Тэлевiзары рамантуем.

Зiрнуўшы на Лябёдкавы шлем, гаспадыня паспрабавала прычынiць дзьверы, аднак Лябёдка пасьпеў упiхнуць нагу ў дзьвярную шчылiну i з усёй рашучасьцю ўвайшоў у сенi.

- Давай, бабуля, гатуй пачастунак, а то ў нас часу мала, - загрымеў праз хвiлю ягоны голас, i Iван, азiрнуўшыся на бокi, падаўся ў хату.

У Кабеньчысiнай хаце было цёмна, няўтульна, а тут панаваў парадак, пахла нейкiмi зёлкамi, а на засланым белым абрусам стале красавалi папяровыя кветкi ў зялёнай вазе. Тэлевiзар таксама быў засланы белым абрусам, i Лябёдка, не рашаючыся зьняць яго сваiмi бруднымi рукамi, зь нецярплiвасьцю паглядзеў на гаспадыню. Бабуля ў сваю чаргу паглядзела на Iвана, потым перавяла позiрк на валiзку, а ўпэўнiўшыся, што перад ёю тэлемайстры, увiшна падхапiла покрыўку.

- Даччын цiлiвiзер, - паведамiла старая, змахнуўшы пыл з экрана. - Сабе новы ўзяла, а мне ўжо гэты... Прывезьлi зь зяцем, уключылi... Як тут былi, дык рабiў, а як зьехалi, дык зламаўся. - Бабуля ўздыхнула, склала ў дзьве столкi абрус, а ўбачыўшы, што майстар зморана аддзьмуўся, дэманструючы, што такiя размовы яму добра-такi надакучылi, цiхенька сышла на кухню.

- Памру зараз, - прасiпеў Лябёдка, паднес штэпсэльную вiлку да разэткi, але нечакана сумеўся i страсянуў вiлку ля вуха.

- У вас тут мужчыны ёсьць? - крыкнуў, зьвяртаючыся да бабулi, майстар, i голас ягоны сьведчыў за тое, што калi яму зараз жа не нальюць пахмялiцца, ён i папраўдзе памрэ.

Гаспадыня, вiдаць, адчула настрой тэлемайстра, бо ў тое ж iмгненьне на кухнi бразнулi шклянкi i аглушальна засквiрчэлi яйкi на распаленай патэльнi.

- Якiя там мужчыны!.. Бабы ды два дзяды... Базылю восемдзесят, а Хамёнку яшчэ больш... Японскую памятае.

Майстар выпусьцiў праз нос паветра, варухнуў кадыком i зь нейкай разьюшанай апантанасьцю стаў раскручваць штэпсэльную вiлку.

За вакном сутоньвалася. Сьнежныя крупы стукалi па шыбе, у комiне галасiў вятрыска, i ад усiх гэтых зыкаў Iвану зрабiлася не па сабе.

"I калi ўжо вернемся?" - падумаў ён, панылымi вачыма азiраючы хату. "Трэба было хоць цыдулку пакiнуць, каб мацi не хвалявалася".

Iван затрымаў позiрк на ходзiках, што цiкалi пад стольлю, i з грудзей ягоных вырваўся пакутлiвы ўздых. Гадзiньнiк паказваў палову трэцяй: акурат гэтым часам мацi вярталася зь дзённай дойкi. "Пабачыць, што мяне няма, i да Мiронаўны пацягнецца. Тая i скажа, з кiм паехаў..." - Iван уявiў, як роспачна будзе лаяцца мацi, як яна, зганяючы злосьць, будзе ганяцца з ручнiком за катом Барысам, i, заняты сваiмi думкамi, не пачуў Лябёдкавага воклiку:

- Эй, Ваня... заснуў?

У сьвятлiцы грала музыка, на кухнi сквiрчэлi шкваркi, а на тэлевiзiйным экране каласiлася жыта, i стройным шыхтом iшлi камбайны.

"Рублёў дзесяць зьдзярэ, i вiна вып'е пад самую завязку", - незадаволена падумаў Iван, з дакорам зiрнуў на сябра, але той, насуперак ягоным меркаваньням, ад грошай адмовiўся.

- Схавайце свае рублi... - кiнуў Лябёдка, згледзеўшы ў бабчыных руках пакамечаны трульнiк. - З-за такога рамонту i квiтанцыю неахвота выпiсваць... Чарку мо вып'ем, калi нальеце.

- Нальем, нальем. А як жа не налiць, - узрадавана замiтусiлася старая, ёсьць i чарка, i да чаркi... - i, падхапiўшы па дарозе чапялу, гаспадыня кiнулася да печы.

Пiлi i елi стоячы, бо расьседжвацца не было часу. Бабця Мар'яна (так сябе назвала гаспадыня) выставiла на стол бутэльку "чарнiла", а таксама яешню i саган гарачай бульбы на закуску. Бегаючы за матацыклам, Iван добра-такi выгаладаўся - бульба са шкваркамi проста раставалi ў роце. Згаладнеў i сябра. Налягаючы на бульбу - аж нос угiнаўся, - Лябёдка хапаў ротам паветра, варушыў коўцiкам i пры гэтым няўцямна мармытаў:

- Думаеш, калi ў мяне брат... у тэлеатэлье працуе... дык мне дэталi дарма даюцца? За адзiн трансфарматар... дзьве бутэлькi аддаў...

За лiчаныя хвiлiны яны выцерабiлi саган бульбы, праглынулi яечню, асушылi ад тлушчу патэльню, i ўвесь гэты час гаспадыня стаяла пасярод кухнi, пазiраючы на майстра, не раўнуючы, як на Мiколу-ўгоднiка. Выдавала на тое, што яна хацела нешта сказаць, i майстар, бачачы такую нерашучасьць, запытальна мiргнуў левым вокам.

- Дачка ж павiнна прыехаць. Трэба ж ёй аполец сала даць, ды нейкiх кiлбас... - выдыхнула, нарэшце, гаспадыня i, нiбыта спужаўшыся ўласных слоў, зацiснула рот ражком паркалёвай хусткi.

Хлопцы счакалi хвiлiну, спадзяючыся, што старая скончыць думку, але тая маўчала, i Лябёдка, кiўком галавы ўхвалiўшы такiя жадункi, разьлiў рэшткi вiна па шклянках.

- Дапiваем i йдзем, а то матор астыне. Пiхай тады... да самага дому, рука Лябёдкава пацягнулася за шклянкай, ды нечакана замёрла ў паветры.

- Можа б вы мне, мальцы, кабана закалолi? - пудка запыталася гаспадыня, а згледзеўшы на майстравым твары разгубленасьць, нахiлiлася i выцягнула з тумбачкi вялiзную, закаркаваную газэцiнай бутлю.

III

Спусьцiсты, парослы густым лазьняком бераг пачынаўся адразу за хатай. Убiўшыся ў кусты, Iван расшпiлiў прарэх, гучна выпусьцiў паветра i падуладны нэрвовым дрыжыкам струмень шапатлiва ўдарыў па ссохлым лiсьцi.

Iван хваляваўся. Нават далонi ўспацелi. I хвалявацца было з чаго: кабаноў ён зроду ня рэзаў. Ды што там кабаны... Ён i курыцы засекчы не даваў рады. Летась цюкаў пеўня, дык траха бяз пальцаў не застаўся, i певень, з рук вырваўшыся, наляцеў, безгаловы, на мацi i новую спаднiцу скрывавiў. Ну, а Лябёдка, хоць i наплёў гаспадынi, што за сваё жыцьцё дванаццаць сьвiней прыкончыў, але ж пры гэтым на бокi азiраўся i вусны прыкусваў. Дзе яму было iх прыкончваць, калi ў Лябёдчыхi ў двары апрача чатырох курэй ды аблезлага ката анiчога больш не вялося.

Дзесятым разам уздыхнуўшы, Iван падцягнуў штаны i пачуў, як недзе непадалёку гэтак жа роспачна ўздыхнуў Лябёдка.

- Нiчога, Ваня, прарвемся!

Яны вылезьлi з кустоў, i Лябёдка, прысмалiўшы беламорыну, стаў знаёмiць Iвана са сваiм плянам.

- Карацей, заходзiм у хлеў, прывязваем да задняй нагi вяроўку i на двор выпускаем. Ты яго за нагу трымаеш, а я... - акiнуўшы вачыма навакольле, Лябёдка засяродзiўся на агароджы, што атачала бабчын падворак, - гакну калом мiж вушэй, а як скапыцiцца - нож у горла.

- Бабуля казала, у яе швайка ёсьць. Так што лепш пад левую лапатку. Крывi ня будзе. I надзейней, - падзялiўся сваiмi думкамi Iван, i кампаньён, пачухаўшы за вухам, няўпэўнена прамармытаў: - Ты думаеш?

На хаду яны дасмалiлi папяросы, паплявалi на рукi i, падышоўшы да агароджы, удваiх сталi расхiстваць кол, якi на добры мэтар уехаў у зямлю. Рабiў гэта Iван з асаблiвым натхненьнем, радуючыся, што калоць кабана давядзецца ўрэшце рэшт не яму, а Лябёдку.

- Эх, Ваня-а! Кусьнем сьвежанiнкi, самагонкi сёрбнем... Жыцьцё! - адным духам вымавiў кампаньён, калi кол быў, нарэшце, выцягнуты. Iван лiзнуў параненую руку - у калу тырчэлi цьвiкi, - перавёў дых i, згадаўшы дом, з маркотаю прамовiў:

- А дахаты калi?

- Заўтра, Ваня, заўтра. У Мар'яны хата вялiкая - месца пераспаць будзе, узвалiўшы на карак альховы друк, Лябёдка шырокiм крокам рушыў на бабчын падворак.

Кабан ляжаў у сваiм катуху i цiха рохкаў.

"Пудоў дзесяць будзе", - падумалася Iвану, калi ён адчынiў загарадку i ўвайшоў у катух. Тут было душна i цёмна. Агледзеўшыся, ён разблытаў нягнуткiмi пальцамi вузельчык на вяроўцы i нечакана пудлiва падскочыў: над галавой ягонай, крануўшыся кiпцюром вуха, узьляцела ашалелая курыца. Спорна б'ючы крыламi, хахлатка вылецела на двор, загарлала на ўсю глотку, i бабка Мар'яна, прыструньваючы гэтую вар'ятку, абурана вымавiла: - Кыш, каб цябе парвала! Празь iмгненьне курыны лямант пачуўся дзесьцi на другiм канцы двара i неўзабаве зьмяшаўся з мэталёвым шоргатам знадворку. Гэта Лябёдка, седзячы на ганку хаты, тачыў нажы i швайку.

Змахнуўшы халодны пот з лоба, Iван зiрнуў на дарэшты заседжаную курасадню, памацаў падзертае вуха i, прысеўшы на кукiшкi, паклаў далонь на цёплы вепручыны азадак. Вяпрук крыху здрыгануўся, задзёр лыч i гэтак жа, як i ён, Iван, пакутлiва ўздыхнуў.

"Ляжыць, уздыхае... пра нешта думае. I пра што, цiкава, можа думаць вяпрук?" - Iван прыслухаўся да мэталёвага шоргату, правёў рукавом па мокрым носе i з дрыготкай у голасе прашаптаў:

- Выбачай, брат... скончылася тваё жыцьцё.

- Ну, як там? - пачуўся той хвiляй незадаволены Лябёдкавы воклiк.

Iван прыўзьняў вепручыную нагу, таропка накiнуў зашмаргу, i кабан, якi дагэтуль ляжаў незварушна, нечакана падхапiўся на ногi, рынуўся да адчыненай загарадкi, i давялося клiкаць на дапамогу Лябёдку, каб загнаць свавольнiка назад у катух.

Зачынiўшы загарадку, Лябёдка рушыў да матацыкла - зьлiваць бэнзын для лямпы, а Iван, прывязаўшы канец вяроўкi да ручкi дзьвярэй, падняў з падлогi пабiты марозам яблык.

- Пачастуйся наастачу, - прамовiў Iван, наторкнуўшы яблык на дубец i працягнуўшы вепруку.

Вяпрук схапiў пачастунак, страсянуў вушамi, закiдваючы яблык на зуб, а раскусiўшы, замёр на iмгненьне. Ён, вiдаць, разважаў - цi варта есьцi тое, што раскусiў, а зразумеўшы, што варта, рохнуў на знак падзякi i з насалодаю зачвякаў шырокай зяпай, пускаючы яблычны сок па адвiслым падбародзьдзi. Кабан чвякаў з такiм смакам, з такой асалодай, што ў Iвана нават зьвяло скiвiцы, i ён, плюнуўшы пракiслай сьлiнай у сьвiнячы лыч, задуменна прамармытаў:

- I як цябе забiць, халеру?

На двары тым часам усё было гатова. На ганку ляжалi наточаныя нажы, запраўленая бэнзынам лямпа гатовая была вырыгнуць сiняе полымя, там жа, ля ганку, ляжаў абярэмак саломы, а пасярод двара стаялi вялiзныя ночвы для трыбухоў.

- Толькi ж... мальцы... каб ён толькi не вiшчэў... - падавала голас бабця Мар'яна, якая мыла гарачай вадой эмалiраваную мяднiцу. - А то ж у мяне ад таго вiскату сэрца абрываецца. - Бабця пабоўтала рукою ў мяднiцы, зiрнула на майстра: - Увесну мужыкi яго лягчалi, дык я ў хаце хавалася ды падушкай галаву накрывала.

- Будзеце наступным разам лягчаць - мяне клiчце! - адказаў на тое Лябёдка, мацаючы пальцам наточаную швайку. - Я iх лягчаю за адну сэкунду. - Лябёдка запiхнуў швайку за халяву кiрзачоў, падняўся з парога i, убачыўшы недавер у бабчыных вачах, п'янаватым голасам растлумачыў: - Бяру бочку... кладу прынаду... парсюк туды лезе, я стаўлю бочку стырчма i... - майстар паказаў рукамi, як ён абразае тое, што трэба адрэзаць, як ён кiдае тое празь левае плячо, i бабуля, уражаная такiм аповедам, плюхнула ваду зь мяднiцы на свае апоркi.

... Напачатку ўсё iшло па пляну. Зацягнуўшы пятлю, Iван наматаў на руку канец вяроўкi, пералез цераз загарадку i, усхвалявана перавёўшы дых, адчынiў мыском чаравiка непадатную зашчапку. Кабан толькi гэтага i чакаў. Спатыкаючыся няўклюднымi нагамi аб карыта, ён выйшаў з катуха, вытыркнуў на двор галаву, але далей не пайшоў - захрас у дзьвярах, утароплена пазiраючы то на Лябёдку, то на альховы друк, што ляжак пасярод двара. На вядро з запаркаю, якое Лябёдка трымаў у выцягнутых руках, кабан не зьвяртаў анiякай увагi.

- Цых, цых, цых, - клiкала бабуля Мар'яна свайго гадунца.

- Еш, гад! - гукаў Лябёдка, кiдаючы едзiва ў парсючыны лыч.

- Пайшоў, падла! - з натугаю выдыхаў Iван, пiхаючы кабана нагою ў азадак, але кабан не прасоўваўся нi на крок.

Цi мала часу яны ўгаворвалi парсюка выйсьцi з хлява, пiхалi яму пад лыч вядро з запаркаю, аж пакуль Лябёдка, згубiўшы ўсялякае цярпеньне, не насунуў тое вядро на парсючыную мазгаўню i, мацюкнуўшыся, ня выцяў нагой па нахабнай пысе. Кабан заенчыў, потым зарохкаў i, панурыўшы сваю палiтую калатушай галаву, рушыў насустрач Лябёдку. Iшоў вяпрук з такой рашучасьцю, што ў Iвана нават прабеглi мурашкi па сьпiне, а бабця Мар'яна, якая стаяла на парозе хаты, спалохана войкнула.

Лябёдка мiж тым не губляў прысутнасьцi духу. Не спускаючы з кабана вачэй, ён паволi адступаў, шнарачы пры гэтым то адной, то другой нагой у пошуках выратавальнай дубiны.

- Уцякайце, ён кусьлiвы! - крыкнула бабуля. Лябёдка падхапiў зь зямлi кол, ступiў крок назад i, зачапiўшыся за ночвы, павалiўся на сьпiну.

- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робiцца?! - залямантавала старая. Iван адчайна, аж да сiнечы ў руках, нацягнуў вяроўку, а Лябёдка, якi ляжаў у ночвах i бiў нагамi ў паветры, заезаў вiславухаму нагою ў лыч. Вяпрук завiшчэў, хапануў крыўдзiцеля за мысок кiрзавага бота, i ўжо Лябёдка, выкулiўшыся з начовак, загарлаў што меў моцы, клянучы кабана самымi страшнымi словамi. Паквiтаўшыся зь Лябёдкам, кабан пайшоў у свой сьвiнушнiк, а Iван, убачыўшы гэта, сiгануў у катух i зачынiў загарадку.

Альховы кол абрынуўся на вепручыную галаву акурат у той момант, калi кабан падышоў да дзьвярэй. Удар атрымаўся такi хвацкi, што свавольнiк нават ня вiскнуў, адно толькi страсянуў вушамi i паволi апусьцiў галаву на вышчарблены парог хлеўчука. Празь iмгненьне ўсё было скончана. Не пасьпеў Iван вылезьцi са схову, як Лябёдка, аблаяўшы яго тымi ж словамi, якiмi надоечы абклаў вепрука, задзёр кабану пярэднюю нагу i загнаў у парсючынае цела гостра наточаную швайку. Кабан задрыгаў нагамi, затрос адвiслым чэравам, але глядзець на тыя курчы доўга не давялося, бо побач з кабаном заходзiўся ад болю няўдалы разьнiк. Скрывiўшы твар, ён скакаў на адной назе вакол ночваў i, махаючы скрываўленай швайкай, пякельна мацюкаўся. Давялося падстаўляць плячук i дапамагаць сябру зьняць з пакусанай нагi скарэлы кiрзач. Кiрзач не здымаўся, i тады бабця Мар'яна, ачуўшыся ад сполаху, здушана прамовiла:

- У хату зайдзiце, можа, перабiнтаваць трэба.

У хаце Iван сьцягнуў зь Лябёдкавай нагi абутак, Лябёдка паварушыў пасiнелымi пальцамi i на ўсялякi выпадак змазаў пакусанае месца ёдам з пляшачкi, якую дала бабуля.

- А ўсё ж такi я яго ўмачыў! - зазначыў Лябёдка, зiрнуўшы на бутлю самагонкi. У голасе ягоным гучалi пераможныя ноткi. - Зараз абсмалiм, разьбяром...

- Вы ж глядзiце, кiшку перавяжыце, - незадаволена буркнула бабуля, выкочваючы ў сенi кубел пад сала, I Лябёдка, ня надта цямячы - што там трэба перавязаць, падхапiў бутлю i гэтаксама незадаволена адказаў: - Перавяжам.

Яны чокнулiся, i немы лямант, што прагучаў знадворку, супаў са звонам чарак.

- А людцы мае добрыя! А што ж гэта... А куды ж ён падзеўся-а?!

На хаду глытаючы трунак, Лябёдка кiнуўся да дзьвярэй, а сьледам, падхапiўшы сябруковы кiрзач, рынуўся ў сенi й Iван.

- А што ж гэта такоя-а!! А цi ж не цябе я кармiла-гадавала-а?!

Яны вылецелi на ганак, ачмурэлымi вачыма паглядзелi спачатку на бабцю Мар'яну, потым на перакуленыя ночвы i на пляму крывi ля дзьвярэй сьвiнушнiка. Кабана, якога яны зьбiралiся смалiць, на двары не было.

- А куды ж ты зьбег... куды ж ты зьбег, мой парсючо-ок?! - галасiла старая, i ад гэтага ляманту стыла кроў у жылах, сьцягвалася скура на лобе, i гарачыя голкi калолi ў пахвiне.

Тупкая сьцяжына, што вяла са двара да весьнiц, была пазначана крывавай пасмай, крывёю былi запырсканы i самi весьнiцы, i Лябёдка, перш чым кiнуцца за кабаном, сьцiснуў кулакi i кляцьвенна выдыхнуў:

- Далёка не ўцячэш!

Iван ляцеў, ня гледзячы нi вока, нi бока, а паперадзе, прыпадаючы на босую нагу, бег, як жару хапiўшы, былы кiнамэханiк Лябёдка.

Крывавы сьлед кiраваў да берага ракi. Перагнаўшы сябра, Iван першым уляцеў у кусты, спынiўся на iмгненьне, каб падняць згубленую вепруком вяроўку, i сябра, наляцеўшы на яго, засоплена вылаяўся:

- Чаго ты тут стаў, як ёлупень...

Iван пацёр пабiты азадак, застагнаў, падхапiў вяроўку i так - зь вяроўчынай у адной руцэ i з кiрзачом у другой, - дадыбаў да вады.

- Вунь ён, сука, на дне ляжыць! - не сваiм голасам гукаў Лябёдка, апантана ўглядаючыся ў рачную плынь. Яшчэ празь iмгненьне сябрук ускочыў на камень, няўклюдна махнуў рукамi i нечакана плазам паляцеў у ваду. Халодныя пырскi ўзьнялiся ў халоднае неба, разьляцелiся ва ўсё канцы, кранулiся Iванавага твару.

- Сьлiзка, халера... лёд пад нагамi... - выгукнуў памiж мацюгамi Лябёдка i вокраччу вылез на бераг. Не падымаючыся з каленяў, ён працягнуў Iвану нецярплiвую руку, а Iван не зразумеўшы - што трэба напарнiку, прапанаваў таму кiрзавы бот.

- Вяроўку дай, йоп... - вылаяўся сябрук, схапiў вяроўку i, насунуўшы пятлю на цэўку рукi, зноўку папоўз да вады.

- Трымай, зашмаргу накiну... - Лябёдка чхнуў, страсянуў голай пяткай, i Iван, зразумеўшы такi жэст, ухапiў сябра за ногi. Наперадзе, мэтрах у трох ад берага, i папраўдзе штосьцi бялела. Лябёдка ўвайшоў на руках у ваду, замер на iмгненьне, усё адно як той кабан, раскусiўшы яблык, потым зноўку чхнуў i паехаў на руках, сьлiзгаючы далонямi коўзкiм дне. Iван паспрабаваў выцягнуць сябра на бераг, пры гэтым наступiў на вяроўку, i сябра, пусьцiўшы бурбалкi, адчаўна ўдарыў яго пяткай у пахвiну. Ад удару пацямнела ўваччу, падкасiлiся ногi, i цяпер ужо Iван, пасьлiзнуўшыся, з усяго маху абрынуўся ў Ловаць.

Ад ледзяной вады заняло дух, халоднымi шчымётамi сьцiснула сэрца. Пачабохтаўшыся ў рацэ, Iван ухапiўся рукой за Лябёдкавы штаны, потым за нейкi кусьцiк i, коўзаючыся на каленях па лёдзе, вылез на бераг.

- А навошта ж я цябе кармiла-паiла-а! А навошта ж я цябе дала калоць гэтым няўпрочына-ам! - надрывалася ў кустах бабка Мар'яна.

- Ну, што стаiш, як усраўшыся? - адплёўваючыся тваньню, выгукнуў Лябёдка. - Бяжы, цягнi якую жардзiну!

Iван памкнуўся бегчы, але ногi амаль ня гнулiся, i давялося шыбаваць на паўсагнутых, ляскаючы зубамi i сьцепанаючыся пасьля кожнага парыву ветру. Выламаўшы жардзiну, Iван згледзеў дзьвюх цётак, якiя беглi да ракi i, ня цямячы - хто патануў, заломвалi рукi i гэтак жа, як бабця Мар'яна, галасiлi. А д гэтага ляманту Iвану нават зрабiлася горача, ногi набылi былую гнуткасьць, i ён, узьняўшы жэрдку над галавой, як гэта робяць афрыканскiя тубыльцы, на злом галавы кiнуўся да берагу.

Лябёдка падхапiў жэрдку, крутнуў яе, перакiдваючы з рукi на руку, i пры гэтым заехаў адным канцом у лоб асiплай ад крыку Мар'яне. Бабка ацiхла, жордка торкнулася ў ваду, i па тым гуку, якi даляцеў з рачных глыбiняў, можна было зразумець, што на дне ляжаў не вяпрук, а вялiкi камень.

- Што рабiць будзем? - улякнута запытаўся Iван, калi яны адбеглi мэтраў на дваццаць нiжэй па цячэньнi.

- Што-што... Кiпцi драць, пакуль нумары ня згледзелi! - Лябёдка шпурнуў жардзiну ў раку, загадаў Iвану прыхапiць ягоны бот i, прыгнуўшы голаў, кiнуўся, прадзiраючыся скрозь кусты, у бок бабчынай хаты.

Iван дагнаў кампаньёна ўжо за вёскаю. Сьвецячы голай пяткай, кампаньён бег, пiхаючы матацыкал, на хаду нацiскаў на понаж, спрабуючы завесьцi свой драндулет, i пры гэтым прыкметна накульгваў на левую нагу.

- Аб-буваць... б-будзеш? - гукнуў Iван, махаючы ў паветры кiрзачом.

- У кусты заедзем - тады, - кiнуў праз плячук кампаньён, не збаўляючы тэмпа. - Давай лепш... падпiхнi! - i Iван, ушчаперыўшыся зубамi ў халяву Лябёдкавага кiрзача, вызвалiў такiм чынам рукi i ўпёрся абедзьвюма рукамi ў сядзеньне "Панонii".

Заехаўшы ў кусты, спынiлiся, каб выкруцiць мокрую вопратку. Iван вылiў ваду з чаравiка, выкруцiў кашулю, майку i шкарпэткi. Нагавiцы выкручвалi на пару з Лябёдкам i круцiлi iх да тае пары, пакуль штаны не затрашчалi.

- Н-не п-памятаеш, п-пад якую л-лапатку я ям-му ўляпiў? - запытаўся сябра, калi штаны былi выкручаны.

Згадваючы, пад якую лапатку была загнаная швайка, Iван зiрнуў угору, страсянуў мокрай чупрынаю i, набiраючы паветра для чыху, вымавiў:

- Пад правую.

- Пра-авую... - перадражнiў кампаньён, сморкнуўся ў жменю i, выцягнуўшы з кiшэнi разьмяклы трульнiк, прыляпiў яго на голую лытку.

Iван хацеў сказаць нешта ў сваё апраўданьне, але скiвiцы зьвяло ад холаду, Ён зiрнуў на дрыжачую Лябёдкаву лытку, чхнуў другiм разам i выцер вiльготнаю майкай сьсiнелыя вусны.

Матацыкал анiяк не заводзiўся. Каб яго завесьцi, патрэбны быў разгон, роўная дарога. Яны ж лезьлi па такiх калдобiнах, што ў Iвана ад натугi нават халодны пот выступiў на лобе. Змарыўся i гаспадар "Панонii". Лябёдка глуха соп, штохвiлi пляваўся, клянучы "мадзярскага пердуна" (так ён называў матацыкал), бабчынага кабана i ўсьвяцкiх пылякаў.

Вятрыска, якi дзьмуў у сьпiны, праймаў да касьцей, увушшу гуло i зьвiнела, уваччу мiльгцелi чорныя мятлушкi, i пiхаць "пердуна" ўжо не ставала сiлы. Нейкая хваравiта-млявая стома разьлiлася па целе; Iван ня столькi пхаў матацыкал, колькi абапiраўся на яго, каб лягчэй было iсьцi.

- Нiчога, Ваня, зараз бальшак будзе... там дарога пакатая... завядзёмся... - мармытаў Лябёдка, i словы гэтыя зморана застывалi ў горле.

Калi да чурылаўскага бальшака заставалася ня болей, чым паўкiлямэтры, паперадзе блiснула сьвятло, i натужлiва застагнала машына. Каб не трапляць абы-каму на вочы, яны збочылi з праселiцы, прыхавалiся разам з матацыклам за кустамi.

Па прасёлку кратаўся, абмацваючы навакольле сьвятлом фараў, вуркатлiвы "ўазiк". Лябёдка праводзiў легкавiк дапытлiвым позiркам, жарынкi фараў лiхаманкава заскакалi ў ягоных вачах, i ён, утулiўшы голаў, ледзь чутна прашаптаў:

- Цi не мянты паехалi?

Цяжка сапучы, яны выкацiлi "пердуна" на чурылаўскi гасьцiнец. Пхнуўшы матацыкал апошнiм разам, Iван павалiўся на халодны жвiр, заплюшчыў вочы i па шоргату шын адчуў, што Лябёдка павярнуў не направа, у бок Чурылава, а ў супрацьлеглы бок.

- Праз Рамнi паедзем. У Чурылаве павязаць могуць. Бачыў, "уазiк" паехаў? Лябёдка таргануў нагою понаж, але матацыкал нават ня чхнуў. - Уставай, Ваня, кiлямэтраў празь пяць вёска будзе - там i заначуем.

... Ён iшоў, не адчуваючы пад сабою ног. Колькi разоў яго заносiла ў прыдарожную канаву, ён падаў, хвiлiну-другую ляжаў нерухома i, лiзнуўшы перасьмяглым языком заiнелую травiну, падымаўся i зноўку тупаў па дарозе.

Лябёдка быў недзе далёка наперадзе. Напачатку зь цемры даляталi кароткiя мацюгi, а потым усё ацiхла, i навакольныя зыкi патанулi ў замарачным шуме, якiм поўнiлася галава. I ня чуў Iван нi шоргату ўласных крокаў, нi шапаценьня алешнiку, нi брэху сабак удалечынi, i замарачны шум, якi апанаваў сьвядомасьць, здаваўся яму пошумам вады ў iнтэрнатаўскiм душы. Ён стаяў пад цёплым дожджыкам, вада лiлася на грудзiну, на плечы, казытлiва зьбягала па сьпiне, i настылая душа ягоная расьцякалася разам з вадою ў акiяне цеплынi i лагоды. Павалiўшыся ў траву, ён на кароткую хвiлю апрытомеў, разьмежыў павекi, але ўжо ў наступнае iмгненьне замарач iзноў апанавала сьвядомасьць, i хваравiта-чырвоная iмгла iзноў замiтусiлася ў вачах.

- Ваня, ты што?! - усё адно як як з пустой бочкi прагучаў знаёмы голас. Падымайся... Недалёка ўжо... агнi вунь сьвецяцца.

Яго падхапiлi пад пахi, некуды пацягнулi; барвовы туман клубiўся навокал, i гарачкавыя патарочы падымалiся з туману, трывожачы душу сваiмi неакрэсьленымi i страшнымi абрысамi.

Сьвядомасьць вярнулася зьнянацку. Ён на дзiва выразна пачуў ракатаньне рухавiка i адрывiстыя галасы.

- З моста звалiлiся. Мокрыя ўсе... - сiпла гукаў Лябёдка, i ў адказ яму нехта кашлянуў i гэтаксама прастуджана прамовiў: - Ну, дзе дружбан?

- Тут... трызьнiць ужо. Два кiлямэтры на сабе цягну.

Яго зноўку падхапiлi, павялi да машыны, i ён, баючыся страцiць прытомнасьць, перастаўляў непаслухмяныя ногi, хiлячыся галавою да шырокага Лябёдкавага плечука.

IV

Прачнуўшыся, Iван акiнуў хату няўцямным позiркам i са зьдзiўленьнем адчуў, што цела ягонае зрабiлася бязважкiм i што ён ня чуе нi рук, нi ног. Адчуваньне гэтае было такiм яскравым, што Iван нават баяўся паварушыць чэлясамi: а раптам iх i сапраўды няма. Адарваўшы патылiцу ад падушкi, ён паварушыў нагою, а ўбачыўшы, як варухнулася коўдра, зморана апусьцiў галаву на падушку.

У вушах стаяў лёгкi звон. Было такое ўражаньне, што вушы закладзеныя пульхнатай ватаю, i скрозь гэтую вату прарывалiся гукi: мернае цiканьне ходзiкаў i бязладная матчына гамонка.

- Хрося, бедная, б'ецца... Пятнаццаць кароў доiць, дзяцей даглядае... А гэты... толькi i глядзiць - дзе б хто бутэльку паставiў, - гаманiла на кухнi мацi, i Iван, прыслухаўшыся, зразумеў, што гаворка iшла пра Хведзьку Траяна.

- Зь сястрой судзiцца... I з-за чаго?!

- З-за гаўна! - пачулася за сьценкаю. Зьвяглiвы голас гэты належаў загадчыцы сталовай.

- Колькi ён гэтага гною з фэрмы вывез! Табе, Пятроўна, скажы, дык не паверыш! Нават у Азярышча вазiў - ленiнградцам, што хаты пакуплялi. Пiў потым цэлы месяц.

- А чаго ня пiць? - азвалася Пятроўна. - Карову ня дзержыць...

- Якая там карова! - мацi бразнула талеркамi, прайшлася па кухнi. - На карову сена трэба накасiць, ды падаiць а пятай ранiцы... А жонка ж леная, як палка... Гаўна на лехi - i таго няма. Ад маткi цягнуць.

Сабраўшы сiлы, Iван павярнуўся на бок, ложак цiха рыпнуў, i гаворка на кухнi ацiхла.

- Сьпiць, - шапятнула мацi, адгарнуўшы фiранку. - Тры начы гарэў... ранiцою толькi тэмпература спала. Пацеў жа - аiйо! Не пасьпявала прасьцiны мяняць. - Мацi ўздыхнула, i голас ейны набыў пагрозьлiвае адценьне. Выправiўся... з п'янюгам гэтым... Лябёдчыха казала - з мосту звалiлiся. Дзiва што... Вочы залiўшы, куды хочаш увалiшся.

- Гэта ж мая Люська ўчора ў клюб хадзiла, - ледзь чутна прагугнiла Пятроўна, падладжваючы свой зьвяглiвы голас да матчынага шэпту, дык там Мiшка Раднёнак, што на малакавозцы робiць, пра Лябёдку расказваў. Казаў, езьдзiлi зь iм аж у Вялiкарусiю. Лябёдка тамака матацыкал у кустах кiнуў. Паўдня шукаў, пакуль знайшоў. А потым мальцу нейкаму гарэлку вазiлi.

- Гэта, вiдаць, шафёру, якi iх прывёз, - прамовiла мацi, адчынiла дзьверы, i Пятроўна, грукнуўшы ўслонам, запытала: - Ну што, пасунем?

Мацi зь Пятроўнай выйшлi з хаты, а Iван, пазяхнуўшы ў жменю, кульнуўся на жывот i ў той жа мiг заснуў. Спаў ён нядоўга i абудзiўся ад зыкаў, што даляталi з прысенку.

- Не пушчу! - грымеў, зумкаючы ў даёнках, матчын голас, i ў адказ ёй нехта прасьцюджана i басавiта паўтараў: - Па справе... гасьцiнец перадаць... Хвiлiну ў прысенку зацята барукалiся, здушана крахталi, на падлогу звалiлася даёнка, i прасьцюджаны бас прасiпеў: - Ды ня зьем я яго, халера!

Дзьверы адчынiлiся, пачуўся сiплы кашаль, i толькi па гэтым кашлi пазнаў Iван таго, хто шчамiўся ў хату.

- Ну, падлюка, глядзi... Зараз участковага паклiчу! - пакрыўджана вымавiла мацi, а яшчэ празь iмгненьне падчэпленая брылём моташлема фiранка памкнулася ўглыб сьвятлiцы.

- Панавешвала тут, - буркнуў Лябёдка, блытаючыся ў фiранцы, а выблытаўшыся i ўбачыўшы Iвана, зьняў з галавы шлем i вiнавата пасьмiхнуўся. - Ну як ты? голас Лябёдкавы быў дарэшты зьнявечаны прастудай.

- Нiчога, - адказаў Iван, кiўком галавы запрашаючы госьця прысесьцi на ложак.

- Ледзь прарваўся, - Лябёдка паглядзеў у бок уваходных дзьвярэй, уздыхнуў i, ссунуўшы коўдру, сьцярожка прысеў на край пасьцелi: - Дык, кажаш, нiчога?

- Нiчога, - паўтарыў Iван i ў сваю чаргу запытаўся: - Як нага? Балiць?

- На мне, Ваня, як на сабаку - на другi дзень загойваецца. Вось толькi глытка ные, - левая Лябёдкава рука кранулася вафэльнага ручнiка, якiм была абкручана шыя, а правая скамечыла вушанку, якая ляжала на каленях.

Iван пазнаў сваю шапку.

- Во, шапка твая, - усхапiўся Лябёдка, - забыўся тады ў бабулi. Я ж зь Берасьцянкi еду. Завёз Мар'яне падсьвiнка ды сто рублёў грошай даў. Добрая бабуля... Пра цябе спытвала. Даведалася, што хворы, дык забедавала. Во! сябрук таропка выцягнуў з кiшэнi слоiк з-пад гарчыцы, - мёду табе перадала... лякуйся.

Iван расчулена шморгнуў носам i, памаўчаўшы, запытаў:

- Дык я што... ну там, на дарозе, зусiм вырубiўся?

- Вырубiўся, - кiўнуў Лябёдка. - Я цябе два кiлямэтры на сабе цягнуў. Цягну, а ты мяне за вуха кусаеш ды просiш гарачую ваду адключыць. Трызьнiў, напэўна. Добра яшчэ, невельскiя хлопцы на ЗIЛе падвярнулiся. Да самай хаты давезьлi. Мы на заўтра ў Невель езьдзiлi. З Раднёнкам. Пару пляшак паставiлi, потым яшчэ ўзялi. Думаю во ў Невель падацца... Хлопцы тыя паабяцалi ў тэлеатэлье ўладкаваць. Так што, магчыма, хутка ў горад перабяруся. Хопiць ужо бычкоўскую гразь таўчы.

Лябёдка закашляўся, роспачна чхнуў, выцер нос ражком уцiральнiка, якi спавiваў шыю. Пару хвiлiн яны маўчалi, потым Лябёдку зноў пачаў бiць кашаль, i ён, прыкрыўшы даланёю рот, падняў з падлогi матацыклетны шлем.

- Ну што, Ваня... пайду, - вырвалася зь Лябёдкавай грудзiны, - а то мяне таксама дрыжыкi бяруць.

Калi за Лябёдкам зачынiлiся дзьверы, Iван пакруцiў у руках слоiк i нечакана заплакаў. Ён i сам ня мог зразумець - адкуль зьявiлiся гэтыя сьлёзы, што завiлымi раўчукамi зьбягалi па скронях, i кот Барыс, якi сядзеў на печы, са зьдзiўленьнем пазiраў на яго, сьвецячы ў паўзмроку сваiмi зялёнымi вачыма.