"Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Орлов Владимир (2))Орлов Владимир (2)Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)Уладзiмiр Арлоў Сiбiрская аповесць Нiчога не памерла ўва мне, толькi iлюзii. Генры Мiлер У гэтай гiсторыi пойдзе гаворка пра падзеi, якiя насуперак усяму сапраўды адбылiся, а таксама пра падзеi, якiя павiнны былi адбыцца, але ў апошнi момант сарвалiся; якiя чакалiся, аднак так i не здарылiся; якiя адбылiся не так, не тады i не з тымi; якiя здарылiся, але былi прызнаныя несапраўднымi; якiя нiколi не адбывалiся i не маглi адбыцца, аднак зрабiлiся агульнавядомымi i нават трапiлi ў энцыклапедыi. Рэмiнiсцэнцыя з забытага аўтара Загадкавае слова "Сiбiр" жыццёвыя вятры ўпершыню закiнулi ў маю свадомасць, калi я меў гадоў пяць ад нараджэння, а да нашых полацкiх суседзяў прыехаў з гэтага самага "Сiбiру" нейкi крэўны. Сiбiрскi сваяк выцягнуў з вагона багаж i ўбачыў на пераходзе праз чыгуначную каляiну папярэджанне: "Сцеражыся цягнiка!" Зацкавана азiрнуўшыся, ён выплюнуў з рота "беламорыну" i, схапiўшы валiзы, вомегам кiнуўся далей ад вакзала i ад сцiжмы беларускiх зладзюгаў-цягнiкоў, гатовых вокамгненна прыставiць ягонаму майну ногi. Гэтую показку на нашай вулiцы не распавядаў хiба што глуханямы дзед, якi жыў са сваiмi двума тузiнамi катоў каля пампоўнi. Слухачы дралi смехам бакi, i я рагатаў разам з усiмi, хоць напачатку - адно за кампанiю, бо, што такое "цягнiк", ведаў не лепей за сiбiрскага чалдона. Згадка пра маю першую сустрэчу з Сiбiрру твар у твар пахне не кедравай жывiцаю i не гарачымi пельменямi, а - свежай чалавечаю юшкай. Каляндар паказваў чэрвень, пiк гэтак званага застою. Пахаваўшы бацьку, я даганяў свой студэнцкi будаўнiчы атрад (скарочана - СБА) "Victoria", што ўжо кармiў беларускай крывёю сiбiрскую камарэчу на стромiстых берагах ракi Кець. Калi вы ўважлiва ўгледзiцеся ў новую палiтычную мапу свету, выдадзеную нядаўна венскай фiрмаю "Freytag und Berndt", дык знойдзеце ценькую чырвоную нiтачку чыгункi, што цягаецца на поўнач ад Томска, безнадзейна абрываючыся ў кропцы з мiкраскапiчным подпiсам Веlуi Jar. Якраз туды я павiнен быў трапiць, каб выпiць з сябрамi за светлую бацькаву памяць ацалелую ад памiнкаў пляшку "Белавежскай" ды зарабiць сваю тысячу, або, як тады казалi, дзесяць "кавалкаў", а потым уразiць чым-небудзь адну полацкую й пару менскiх дзяўчатак, з удаванаю абыякавасцю пракаментаваўшы сiтуацыю сакраментальнаю фразай: "Нiхто не забаронiць нам жыць прыгожа". Выгрузiўшыся з фiрмовага цягнiка "Масква-Томск", у вагоне-рэстаране якога можна было ўдосыць паразважаць над паведамленнем меню пра "котлеты из медвежатины свиные" i "котлеты из медвежатины говяжьи", я на поўную грудзiну ўдыхнуў сiбiрскага паветра i даведаўся, што адзiны цягнiк на Белы Яр адыходзiць праз гадзiну. Прабiцца за такi час праз бiтма набiтую залю да вакенца касы ўяўлялася задачаю гэткай жа простаю, як далучыць да Беларусi Ямала-Нянецкую аўтаномную акругу. Анiякай чаргi ў касу не iснавала; з розных бакоў да вакенца цягнулiся рукi з грашыма, якiя адпiхвалi адна адну, i ў вынiку касiрка, не маючы клопату, спакойна чытала газету. Я разумею, што "российское могущество будет прирастать Сибирью", што на яе абсягах безлiч светлага й глыбока народнага, ды яе вiзiтоўкаю назаўсёды застанецца для мяне жанравая сцэнка, убачаная з падваконня томскага вакзала. Вугрыстаму дзецюку з запаленымi вачыма падфартунiла прашчамiцца да касы i з сцiснута-пераможным выгукам "Белый Яр!" торкнуць касiрцы брудна-жоўты жмуток рублёвак. У той самы момант сiпатае кантральта нема заверашчала: "Ванек, отсеки фраера!" i двухметровы бамбiза з лагодным бурачковым тварам меланхалiчна ўпячатаў дзецюку памiж вачэй валасаты пудовы кулак. Кагадзешны трыумфатар аблiўся юхаю i засумаваў. Ехаць у Белы Яр яму ўжо вiдавочна не праглася. "Товарнищи, расступитесь! Человеку плохо!" - нясмела прапiшчэла з вакенца касiрка, марна спрабуючы перадаць напалову непрытомнаму пасажыру квiток. "Перебьется, дохляк", - пагардлiва кiнуў хтосьцi. Самым вялiкiм гуманiстам выявiўся Ванёк. Не раўнуючы, як выполваюць з ляхi пустазелiну, ён вырваў з натоўпу сваю ўкрываўленую ахвяру i, высока падняўшы яе, запрапанаваў прысутным перадаць "товарища" да выхаду. У аддзяку за гэта, ужо адплываючы ў бок дзвярэй на выцягнутых угору мужчынскiх руках, "товарищ" выпруцiўся й трапна харкнуў у твар Ваньку згусткамi крывi, смаркачоў i слiны. Мне зрабiлася млосна й востра захацелася назад, у Менск i ў Полацак. У Веlуi Jаr я прыбыў на кукурузнiку, заплацiўшы лётчыку дзвюма пляшкамi "зверабою". Пасажыры дамаўлялiся з экiпажам, i самалёцiк, палохаючы свойскую жывёлу i таежную зверыну, яшчэ два разы незапланавана прызямляўся на аселiцах, прычым аднойчы - бо авiятары адкаркавалi мае пляшкi, не адыходзячы ад штурвала - ледзьве размiнуўся з якойсьцi стадолiнай. На аэрадроме ўзвышалася велiчная жалезная брама, злева й справа ад якой анiякае абгародкi i не начавала, затое зверху спаруду аздабляла прыкручанае дротам мастацкае пано, з якога брываста-медалясты генсек рабiў падарожнiку ручкай, зазначаючы, што "Верной дорогой идете, товарищи". Ён жа паведамляў: "Вас приветствует центр Верхнекетского района Бл.Яр". Прымайстрыўшыся на драбiнах, гэтыя пранiкнёныя словы з непiсьменна-хулiганiстым скаротам спрытна падмалёўвала мiзэрная iстота з такой казлiнаю бародкай, што, здавалася, у гумовiках у гэткага служкi музаў могуць парыцца адно капытцы. На ўзлётным полi i вакол яго дацвiтаў малачай, пасвiлiся каровы i нiхто не спускаў нiкому юхi. Трывожную ноту ў гэтую пастараль унёс пастух, што падпiраў браму, пяшчотна пазiраючы на пастаўлены ў нагах зялёны "фаўст" з партвейнам невядомае ў Беларусi маркi "777". Пастух паважна адсмактаў з рыльца колькi глыткоў пiтва, прыкладна столькi ж налiў у чарапок свайму сабачку, якога любасна называў Алкашом, i папярэдзiў, што па дарозе з аэрадрома ў цэнтр Верхнякецкага раёна лютуе беглы калгасны бык-вытворца з неардынарным для парнакапытнага мяном - Юдзенiч. На шчасце, адмахаўшы па тайзе пару кiламетраў, я спаткаўся не з Юдзенiчам, а з маiм найлепшым сябрам Генiкам, якi вёз на "казле" скрынку маргарыну, што павiнны былi з'есцi байцы СБА, i скрынку дагестанскага каньяку "Абрау Дюрсо", што павiнны былi выпiць з мясцовым начальствам будатрадаўскiя важакi. Генiк займаў адказную пасаду нашага загадчыка гаспадаркi. Ён ужо добра засвоiў, што ўсушка, утруска i асаблiва шклабой на сiбiрскiх дарогах - рэч непазбежная, а таму праз паўгадзiны сiбiрская рэчаiснасць набыла дагестанскую стэрэаскапiчнасць, а камарыныя ўкусы толькi аздаблялi гэтае жыццё. "Казёл" загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, i Генiк - меў ён такую жарсць да партыйных i дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзiць за райкам партыi да ветру. Я прагна насычаўся сiбiрскiм каларытам, да якога апрача камар'я належалi старадаўнiя каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцiлi ў зямлю каранi, а таксама вусцiшная гайня цi то свойскiх, цi то здзiчэлых сабак усiх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генiкам ажыццявiць за райкамам свой антыпартыйны намер. Мы загрузiлiся ў аўто, i Генiк зноў задуменна паглядзеў на залацiстыя плады "Абрау Дюрсо". У вакне мiльгануўся глухi й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. "Зона", - лапiдарна патлумачыў загадчык гаспадаркi, i я паспеў заўважыць яшчэ адзiн лозунг - "Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому". Данiну тутэйшаму захапленню лозунгамi аддаў i наш будатрад. "Колькi спраў цудоўных намi здзейснiцца!" - было напiсана на нацягнутым памiж дзвюма лiстоўнiцамi кумачовым пасе. Пад iм стаяў з алюмiнiевай мiскаю ў руках яшчэ адзiн мой сябрук Мiшка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гiстфакаўскага самвыдавецкага альманаха "Мiлавiца" як паэт Мiхась Чарнiловiч. Мiхась то пiльна, як варажбiтка ў люстэрка, углядаўся ў мiску, то кiдаў хуткi позiрк на гадзiннiк. Гэткiм самым няўцямным клопатам былi занятыя яшчэ колькi байцоў СБА. "Сорак сем!" - выгукнуў Чарнiловiч i выплюнуў змесцiва мiскi ў хмызняк. "Пяцьдзесят!" - азваўся нехта, таксама апрастаўшы мiску. Як хутка высветлiлася, хлопцы лiчылi, колькi камароў уваб'ецца ў iхняе едзiва за хвiлiну. Рэшта байцоў эксперыментамi не займалася, а проста бегала з мiскамi i лыжкамi вакол недабудаванай сталоўкi, спрабуючы абагнаць даўгiя камарыныя шлейфы, што цягнулiся за кожным, i затаптаць у страўнiкi порцыю слiзкiх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намi летась у казахстанскiм будатрадзе, вiдаць, тужлiва прыгадваў нашага кухара карэйца Кiма, якi на Дзень будаўнiка згатаваў нам фiрмовую тушонку з суслiкаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калi барана не прывезлi, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваiх мясных карэйскiх сабакаў, i той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькi дарма Кiм адкрыў нам потым кулiнарную таямнiцу ды яшчэ i тады, як увесь атрад сядзеў за сталом. Днi, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былi цiкавейшыя, чым ночы пад накамарнiкамi, якiя слаба ратавалi ад машкары, павутоў i iншае заедзi, што прагла ўзяць у нас аналiз крывi. Удзень мы заводзiлi знаёмствы з iстотамi больш адметнымi. На будаўнiцтве цагельнi разам з намi рабiлi зэкi з зоны i вольныя пасяленцы, або папросту хiмiкi. Зэкi былi падканвойныя, i даступiцца да iх мы не маглi, затое з хiмiкамi без цырымонiй перакурвалi, а то i выцэджвалi пляшку "777-га", што ў белаярскiм абыходку з любасцю зваўся "трыма сямёрачкамi". У вынiку супольных перакураў, па-першае, выявiлася, што аэрадромны жывапiсец з казлiнаю бародкай у мiнулым быў дацэнтам (тут яго звалi Рэпiным) Ленiнградскай акадэмii мастацтваў i дацягваў на вольным пасяленнi тэрмiн за небескарыслiвую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананнi дыпломных прац. Апроч ленiнаў i брэжневых (Леанiда Iльiча ён дужа не любiў i называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскiх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна "прышпiльваў" на пагоны лiшнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнiк; нягледзячы на несамавiтую знешнасць, меў поспех у далёкiх ад мастацтва белаярскiх жанчын i збiраў, а можа, i сам выдумляў анекдоты пра "ментоў". Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Мiлiцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепiць. "Дзядзю мiлiцыянера", - адказвае з пясочнiцы юны скульптар. "А з чаго?" - "З пясочку, з вадзiчкi i з гаўняшкi". Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочнiцы. На пагрозлiвае пытанне хлопчык адказвае, што лепiць дзядзю пажарнiка. Палагаднелы мiлiцыянт удакладняе - з чаго? "З вадзiчкi i з пясочку". - "А гаўняшка?" Тут юны скульптар хiтравата прымружвае вочы: "Э не, тады дзядзя мiлiцыянер атрымаецца". З Рэпiным хадзiў, быццам злыганы, гэткi самы дробненькi, як i ягоны патрон, хiмiк Вася з вострымi блуклiвымi вачыма i з мянушкаю Iншапланецянiн. У вольным жыццi ён круцiў абаранку "МАЗа" i пацiху гандляваў руберойдам, цэментам ды iншымi дзяржаўнымi грузамi. Iншапланецянiн, што аддана цягаў за Рэпiным фарбы й пэндзлi, пакiдаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранiкаўся да цябе даверам. Калi так здаралася, ён прапаноўваў адысцiся ўбок i, пачынаючы хвалявацца й блiскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпалiся на яго пасля сустрэчы на трасе з iншапланецянiнам. Пасланец чужой цывiлiзацыi паўстаў перад спагадлiвым Васем у аблiччы адубелай iстоты, што галасавала ў марозную ноч на глухой таежнай паваротцы. У кабiне пасажыр хутаўся ў дзiўнаваты серабрысты балахон i трымаўся таксама дзiўна: сам маўчаў, а слухаючы анекдоты, не смяяўся. Прыгледзеўшыся да спадарожнiка, Вася з жахам убачыў у таго на месцы носа чорную дзiрку, адкуль штосьцi свяцiлася. Далей аповед рабiўся блытаным i няўцямным. У iм фiгуравалi нейкiя велiчэзныя срэбныя цылiндры, канцэнтрычныя кругi чыстай зямлi сярод сумётаў, украдзены цэмент i чамусьцi - падобны да старога стамлёнага габрэя сiвы дзядуля з вялiкiмi, шэрымi, як у начной мятлушкi, крыламi, што, палохаючы мантажнiкаў, лётаў у тайзе ўсцяж лiнiй электраперадач. (Самае неверагоднае, што пра гэтага дзеда з семiцкiмi рысамi я пачуў гадоў праз дзесяць ад аднаго зусiм нармальнага полацкага хлопца-вахтавiка, якога штомесяц на два тыднi закiдвалi самалётам кудысьцi пад Нафтаюганск.) Перакуры звялi нас i з двума цiхiмi хлапцамi-блiзнятамi, якiх нiхто ўсё адно не мог адрознiць i таму мянушку яны мелi ў множным лiку - Зваршчыкi. На "хiмii" зварачных апаратаў у iх у руках нiколi не бачылi, але на волi браты сапраўды працавалi зваршчыкамi i недзе пад Цюменню пасадзiлi ў трубаправод i акуратна заварылi начальнiка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлiвага закрыцця нарадаў, мог паўзцi да самай эўрапейскай часткi СССР, а ўперад нагамi - усяго нейкiх кiламетраў дваццаць. Начальнiк здолеў абраць правiльны маршрут i, нiбы прарок Iёна з чэрава левiяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцiлi газ. Дзякуючы гэтаму блiзняты атрымалi на судзе няшмат. Зрэшты, калi б начальнiк папоўз у Эўропу, мо не атрымалi б нiчога, бо сведкаў у тундры не было. Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстанi докерамi. Поплеч з намi варочалi скрынкi з "777-м" i з няспелымi яблыкамi трое бiчоў - два грывастыя нямытыя i няголеныя хлопцы i дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы i не прыцьмелыя вочы колеру мешкавiны - можна было б назваць "русской красавицей". Дзяўчына, праўда, скрынкi не цягала, а асядлаўшы адну з iх, бясконца курыла, запiваючы цыгарэтны дым дагестанскiмi "трыма сямёркамi". За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькi раз - дзеля таго, каб, схапiўшы мяне за рукаво штармоўкi, прамовiць: "Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку". Уражаны тым, што бiчоўка чытала Нiцшэ, я ледзьве не выпусцiў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справiцца з цяжарам, каралеўскiм рухам пераправiўшы са скрынкi да сваiх ног яшчэ адну пляшку, i зноў патанула ў фiласафiчным маўчаннi. Увечары, калi на беразе Кецi мы замочвалi з бiчамi докерскi заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегi вучылiся ў маскоўскiм авiяцыйным iнстытуце, два гады таму прыехалi сюды ў будатрад i, надыхаўшыся сiбiрскаю вольнiцай, назад у сталiцу не вярнулiся. "А пошла она в аэродинамическую задницу!" - з прафесiйнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авiяканструктарка. Напрыканцы балюшкi бiчы пачалi бесцырымонна-слiнява цалавацца - усе ўтраiх - i ўрэшце, прыхапiўшы па пляшцы "777-га", дружна залезлi пад перакулены баркас. Ранiцой мы сталiся сведкамi iхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалi па беразе, робячы фiзiчныя практыкаваннi, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку i падзялiла на тры кавалкi хлебную гарбушку. "Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы... - невядома да каго з нас летуценна прамовiла яна i, соладка пацягнуўшыся, какетлiва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас". У Бл. Яры я паспеў пазнаёмiцца i з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобiн, дзе прамiнула ягонае дзетдомаўскае дзяцiнства. Адно цыганiстае Сашкава брыво перасякаў безвалосы шнар - узнагарода за шкадобу да чацвераногiх сяброў. Паводле няпiсанага статуту ў дзетдоме рэгулярна наладжвалiся гэтак званыя сабачнiкi. Чаму забава так менавалася, уцямiць цяжка, бо ў ёй бралi ўдзел не сабакi, а каты. Злоўленых у наваколлi катоў старэйшыя выхаванцы, адцягнуўшы на загрыўку ў братоў сваiх меншых шкуру, прыбiвалi цвiкамi да плота, а за дваццаць крокаў ужо чакалi складзеныя загадзя крушнi. Ратаваць жывыя прыцэлы не забаранялася, аднак каменны град не павiнен быў нi на хвiлю слабець. У сiрочым прытулку бытавалi й iншыя традыцыi. Старэйшыя, напрыклад, вучылi малодшых лаяцца матам. Трохгадовых дзяўчынак абыдзень ставiлi на "зважай" i прымушалi па сто разоў голасна паўтараць: "я - б...", "я - б...", "я - б...". Наступнага тыдня дзеўчанятка гэткаю ж методаю доўжыла навуку: "я - п...", "я п...". Узбагацiўшы лексiчны запас вучняў, "педагогi" пераходзiлi да сiнтаксiсу. Дзецi, якiя ўжо ведалi грамату, акрамя вусных практыкаванняў, атрымлiвалi пiсьмовыя заданнi. Найбольшай вынаходлiвасцю ў гэтым вызначаўся нейкi Халiмон. Ён мог загадаць дзяўчу папрактыкавацца не на аркушыку, а ў класным сшытку i абавязкова здаць яго на праверку настаўнiцы. Адкупiцца дазвалялася толькi адным спосабам, пра якi не хочацца ўзгадваць. Асаблiвую асалоду дарылi "выхавацелям" хлопчыкi i дзяўчынкi, што траплялi ў дзетдом з добрых сем'яў, дзе прычынiлася якоесьцi няшчасце. Малых навучалi курыць, пiць вiно, рэзацца ў карты, б'ючы прайгралага па вушах лiнаркай або кормячы "вустрыцамi" - пасыпанымi зямлёю слiмакамi цi вусенямi. Старшакласнiкi, успамiнаў, гледзячы на нас сумнымi антрацытавымi вачыма, Сашка, выбiралi сабе дзяўчатак, звычайна малодшых, i тыя ўвечары, калi сыходзiлi выхавацелькi, беглi ў спальню да сваiх уладароў i заставалiся там да ранiцы. Узiмку дзяўчо, што круцiлася ў ложку адно, пякуча зайздросцiла парачкам, бо заснуць у выстылым дартуары было амаль немагчыма - торф i дровы адмiнiстрацыя заганяла налева. За што Сашка адзвiнеў два гады на зоне, даведацца мы не паспелi, бо непазначанаю на мапах вузкакалейкаю нашая брыгада ад'ехала на халтуру ў таежны пасёлак Ягаднае. (Генiк пасля чарговага шклабою прадбачлiва склаў з сябе паўнамоцтвы загадчыка гаспадаркi i яшчэ больш прадбачлiва, як засведчылi далейшыя падзеi, захапiў з сабою паляўнiчую стрэльбу.) Першы, хто сустрэў нас на новым месцы, быў капiтан пасялковае спецкамендатуры. Ягоная прывiтальная прамова змусiла задуменна прысвiснуць нават такога бывальца, як колiшнi марак савецкага рыбалоўнага флоту, наведнiк дацкiх, талiнскiх i рыжскiх публiчных дамоў Мiша Гарэлiк на мянушку Бугор, якi даводзiўся братам байцу Лявону Гарэлiку, таму самаму, што друкаваў у "Мiлавiцы" свае опусы ў духу вельмi ранняга Джозэфа Конрада пад псеўданiмам Джон Галяк. Усё жыхарства Ягаднага падзялялася на тры вялiкiя катэгорыi: супрацоўнiкi спецкамендатуры, былыя зэкi, што атабарылiся тут пасля "хiмii", i хiмiкi цяперашнiя. У пасёлку "хiмiчылi" тры сотнi мужчынаў i сотня прадстаўнiц лепшай паловы чалавецтва (гэтыя трапiлi сюды выключна з Ленiнграда i выключна за амаральныя паводзiны). На венерычныя хваробы ў пасёлку, калi верыць капiтану, не хварэлi хiба толькi бурундукi ды вавёркi. У лазню рэкамендавалася не хадзiць, каб не падчапiць заразы. У пясчаных кар'ерах рэкамендавалася не купацца, каб не зарэзалi i, згодна з мясцовай традыцыяй, не прысыпалi пясочкам. Перасоўвацца па пасёлку, асаблiва ўвечары, капiтан раiў групамi. Мець з хiмiкамi i хiмiцамi якiя-небудзь стасункi катэгарычна не рэкамендавалася. Напэўна, таму нас i пасялiлi на ўскраiне Ягаднага, дзе стаяла дзесяткi два занятых хiмiкамi фiнскiх дамкоў i прыкладна столькi ж чакала будучых насельнiкаў, што яшчэ цягнулi тэрмiн на зоне. Пакуль гаспадары гэтага "хiмкомплексу" былi ў тайзе, мы ў кампанii з двума прапаршчыкамi блукалi ад дамка да дамка, шукаючы вольную жылплошчу. Незанятых памяшканняў не бракавала, аднак частка з iх была перапрафiляваная ў прыбiральнi з адпаведным краявiдам i водарам. Некалькi дамкоў ужо адслужылi гэтую пачэсную службу; паветра там пачынала пахнуць тайгой, але культурны слой быў такi магутны, што заставалася толькi паспачуваць археолагам наступных стагоддзяў. Да таго часу сцены, праўда, павiнны былi спарахнець, i даследчыкi, прынамсi, не мелi б неабходнасцi сушыць мазгi над парадоксам: чаму тубыльцы, нягледзячы на наяўнасць газет i рознага лапушыстага таежнага зяленiва, карысталiся, перапрашаю, пальцамi, якiя потым старанна выцiралi аб пабелены тынк? Нарэшце мы знайшлi два дамкi, дзе яшчэ нядаўна хтосьцi жыў, i таму iх не паспелi ператварыць у будучую археалагiчную галаваломку. Мы з Генiкам, Бугром, Чарнiловiчам i рудым, як iржавая бляха, Джонам Галяком скiнулi заплечнiкi там, дзе на падлозе сiратлiва ляжаў агульны сшытак з перапiсанымi акуратным дзявочым почыркам песнямi, першая з якiх называлася "Полюбила заключенного". Хлопцы пацягнулiся ў краму, а я на выпадак, вiдаць, усё ж такi непазбежных кантактаў з тутэйшым жыхарствам наважыўся блiжэй пазнаёмiцца з яго фальклорам i разгарнуў спеўнiк: На равнине широкой Стоит крест деревянный. Его девушка нежно Прижимает к груди, А за ней, как икона, Там запретная зона, И, как свечку у гроба, Часовой на посту... Мы бежали с тобой Зеленеющим маем, Когда тундра надела Свой роскошный наряд... Немаведама якой вiхураю занесла сюды два вершы Ясенiна i адзiн - Арсенiя Таркоўскага, ад якiх, быццам ад галiнкi язмiну ў набiтым потнымi целамi агульным вагоне, на момант павеяла свежасцю. Далей iшла рарытэтная, амаль спрэс нецэнзурная песня пра тое, як бацька меў трох сыноў, прычым трэцi быў гермафрадыт. Я перагарнуў яшчэ старонку. Побач з даволi прафесiйным малюнкам таго, што сексолагi таямнiча называюць кейраю, тым самым круглявым почыркам уседлiвай васьмiкласнiцы было выведзена: Может, фраер в галстучке атласном Вас сейчас целует у ворот... Засвоiць iлюстраваны тэкст далей я не паспеў, бо знадворку разлеглiся такiя вусцiшныя цi, дакладней, велiчныя мацюкi, што ў параўнаннi з iмi нецэнзурны дрыблiнг Рэпiна-дацэнта выглядаў, як пяцiпавярховая хрушчоба побач з нью-йоркскiм хмарачосам. Не было сумневу, што тырады, генiяльна складзеныя амаль выключна з ненарматыўных лексемаў, належаць жаночаму голасу. Сэнс палымянай фiлiпiкi, аздобленай абяцанкамi нешта адкусiць, адкруцiць i адпiлаваць па кавалачку, зводзiўся да таго, што я ўварваўся на чужую тэрыторыю. Услед за ўдарам нагой дзверы адчынiлiся, i на парозе я ўбачыў зусiм не карготу са з'едзеным пранцамi носам, а зацягнутую ў зашмальцаваныя джынсы танклявую бландзiнку гадоў на дваццаць, якую i сёння ўлучыў бы ў дзесятку самых гожых iстотаў жаночага стану, сустрэтых за свае цяперашнiя ўжо сорак. Угледзеўшы сшытак з песнямi, таежная прыгажуня вырвала яго ў мяне з рук i выплюнула проста ў твар вытанчаную кулiнарную фантазiю на тэму яечнi з адпаведных частак майго цела. "Ты што?" - вырвалася ў мяне. I тут прычынiлася малаверагоднае: чароўная мацюкальнiца залiлася чырванню такой кансiстэнцыi, што барвы, здавалася, хапiла ёй i на невялiкiя мячыкi вызваленых ад станiка грудзей пад лёгкай майкай, i на выштукаваныя нiбыта па лякалу клубы, i на даўгiя ножкi ў кiтайскiх кедах. Працяг атрымаўся гэткi ж неспадзяваны: бландзiнка iмпэтна павярнулася i кiнулася прэч, але яўна не па падмогу. "Ёсць першы кантакт!" - падумаў я i з цiхiм жахам адчуў, у якое пекла ператворыцца нашае жыццё, калi ўсе хiмiцы Ягаднага акажуцца падобныя да першай вiзiтанткi. Увечары Генiк узяў аркушык паперы, падзялiў яго рыскаю на дзве часткi i зверху кожнае паставiў + i -. Мiнусы былi пералiчаныя капiтанам спецкамендатуры. Плюсаў набралася два: адсутнасць гнюсу, якi, у адрозненне ад нiзiннага Бл. Яра, тут збiвала ветрам назад у тайгу, i прысутнасць у Ягадным жаночага будатрада "Amazonki" з Томскага ўнiверсiтэта. Амазонкi таксама жылi ў "хiмкомплексе". "Трыццаць тры бабцы, гэта, я вам скажу, не сесiю спiхнуць..." - задуменна прамовiў Дж. Галяк. "Я балдзею..." - прыгаломшана азваўся калега Чарнiловiч. Генiк нi з пушчы нi з поля паведамiў, нiбыта антычныя амазонкi, каб лацвей было прыкладвацца да лука, выразалi сабе цi то левую, цi то правую грудку. "Мы гэтага не дапусцiм", - адлучана растулiў вусны Бугор, якi ўжо паспеў прыняць пару шклянак партвейну, i ў нашым жытле запала стоена-летуценнае маўчанне. Як паказалi блiжэйшыя днi, атрад "Amazonki" мала нагадваў запаведнiк непалоханых нявiннiц. Па-першае, там меўся "амазон" - "цяжкi" падлетак Вiця, старшакласнiк адной з томскiх школ, апошнiм подзвiгам якога, паводле чутак, была саляная кiслата, прадбачлiва налiтая на крэсла, куды грацыёзна апусцiла сваю попку ў тонкай мiнi-сукеначцы юная настаўнiца бiялогii. У СБА Вiця сапраўды пачаў новае жыццё. Як з адценнем законнага абурэння пагаворвалi шэраговыя амазонкi, першая выхаваннем падлетка грунтоўна занялася камандзiрка атрада Аляўцiна - рослая фiгурыстая дзеўка, што да ВНУ паспела паслужыць у савецкай армii радысткай. У абдымках у другой па лiку выхавацелькi, камiсаркi атрада пампушкi Ноны, Вiця, здавалася, мог адно адпачываць. У нас з амазонкамi таксама склалiся сякiя-такiя адносiны. У мяне яны спярша склалiся з будучым педагогам-матэматыкам Ленай, якую сяброўкi звалi Элен. Я абдымаў яе на лавачцы каля сталоўкi, а яна, ахутаўшыся цыгарэтным дымам, апавядала, што ў яе ў раднi вадзiлiся шведы. У Эленiным аблiччы сапраўды прысутнiчала штосьцi скандынаўскае: роўныя льняныя валасы да сярэдзiны таго месца, на якiм атрымала кiслотны апёк гаротная Вiцева выкладчыца; ромбападобны твар, ад якога цягнула халаднаватым ветрыкам; гэткiя ж, з марскiм халадком, светла-шэрыя вочы, што нязменна захоўвалi санлiвую абыякавасць, калi я спрабаваў ёй расказваць пра Беларусь, i адразу прачыналiся, як загаворваў пра вiленскiя начныя рэстарацыi, у прыватнасцi пра "Дайнаву", дзе ў тыя часы стары Шабаняўскас (той самы, чый голас даносiцца з рэпрадуктара ў рамане Ёнаса Авiжуса "Страчаны прытулак"), яшчэ спяваў аб прыгажунi Элiт, якую носяць па свеце "цуда-ножкi", i жанчыны ўскоквалi з-за столiкаў i дарылi сiвому маэстра чырвоныя ружы. Не ўважаючы на застрашлiвае папярэджанне спецкамендатуры, мы з Элен вечарамi купалiся ў кар'ерах, збiваючы магчымых забойцаў з панталыку тым, што кожны дзень выбiралi новы. Цi трэба ўдакладняць, што мы адважвалiся не толькi на гэта? Рассцiланне на беразе кар'ера шырокага махровага ручнiка напраўду вымагала адвагi, бо дым вогнiшча зусiм не з'яўляўся радыкальным антыкамарыным сродкам. Аднак укусы прыпякалi ўжо дома, а з водных працэдур мы вярталiся сцiшаныя i лагодныя. У падлеску валтузiлiся бурундукi цi якiя iншыя дробныя звярынкi, па-над вершалiнамi лiстоўнiц запальвалiся першыя зоркi, але пад нагамi яшчэ можна было закмецiць неверагодна буйныя чарнiцы, i нашыя вусны былi чорна-сiнiя, як у здаволеных вампiраў. "Ты знаешь, как будет по-белорусски звезда?" - сентыментальна пытаўся я. Яна ленавата маўчала, i адказваць даводзiлася самому: "Зорка". "А любовь, знаешь, как?" - не здаваўся я. "Не-а", - цягнула Элен. "Каханне". "Не может быть", - бескалёрным голасам адгукалася мая спадарожнiца, хаваючы позех чоўнiкам вузкай далонi. Нас было ўсяго дзесяць, а амазонак - у 3,3 раза болей, а таму ў атмасферы над Ягадным густа пульсавалi сiлавыя лiнii здаровай жаночай канкурэнцыi. Аднаго вечара я дзяжурыў у сталоўцы разам з чорненькай амазонкаю Вiкай i пачуў з яе вуснаў сваю характарыстыку, якою Элен дзялiлася з канфiдэнткамi. Паводле Элен, атрымлiвалася, што я "ничего мужик", аднак вальтануты, бо замест нармалёвай прэлюдыi абавязкова павiнен расказаць пра сваё беларускае балота. Асуджальнасць надзьмутых губак дзяжурнай адрасавалася, вядома, не мне. Вiка зрабiла бездакорны ход: я горка шкадаваў, што я - не "цяжкi" падлетак Вiця, а Элен - не мая настаўнiца бiялогii. Назаўтра вечаровае люстра кар'ера замест даўгiх iльняных пасмаў убачыла кароткiя чорныя кудзеркi. У адрозненне ад Элен дачка патомных фiлолагаў Вiка ажно два днi пабыла непадступнаю. Навучаны сумным досведам, пра Беларусь я даў сабе зарок i не заiкацца, але паколькi гуляць у маўчанку таксама не выпадала, на трэцi вечар (да чаго толькi нi давядзе ўзбунтаваная кроў!) у абладзе дурнаватага натхнення я неспадзявана заявiў, быццам належу да прыхiльнiкаў зараастрызму. Нашая секта iснавала ў глыбокiм падполлi, але не мела нiчога агульнага з аскезай. Асцярожна расшпiльваючы гузiк за гузiкам, я прыцiшана выкладваў усё ацалелае ў памяцi пасля экзамену па навуковым атэiзме - пра светлае божышча з дзiвосным iмем Ахурамазда, што вяло несупыннае змаганне з сваiм адвечным спадужнiкам, увасабленнем цёмных сiл Анхрам-Майнью. Будучы фiлолаг Вiка глядзела на "сектанта" круглымi вачыма i вiдавочна перамагала апошнiя перашкоды на шляху да ўступлення ў шэрагi зараастрыйцаў, якiх яна, мiла памыляючыся, называла зорааўстрыйцамi. Узгадваць тое i сумна, i смешна. Дзiвуючыся з сябе, я на хаду прыдумваў абрад далучэння да нашае веры, якi ў перакладзе з фарсi зваўся "палётам над вяршынямi", i ў Вiкi не ўзнiкла анiякага сумневу, што дзеля гэтага палёту сапраўды трэба скiнуць усё, што на ёй яшчэ заставалася. Вушкi, далонi, ступачкi i астатняе, што бывае ў жанчыны, у Вiкi было маленькае, i, калi я меў патрэбу назваць яе па iменi, мне заўсёды хацелася сказаць не проста Вiка, а - маленькая Вiка. Вялiкi й магутны Ахурамазда быў задаволены намi, пагатоў ацэнка Вiчыных iнтэлектуальных здольнасцяў, выстаўленая мною пасля "зорааўстрыйцаў", аказалася недаравальна паспешлiвай. Маленькая Вiка любiла Мiхаiла Афанасьевiча Булгакава, марыла стаць для каго-небудзь Маргарытаю i пачытвала экзiстэнцыялiстаў. Эпiзод пераходу ў зараастрызм яна пазней пракаментавала радкамi Пастарнака: Если даже вы в это выгрались, ваша правда. Так надо играть. Дадам, што не ад старажылаў, а менавiта ад яе я даведаўся пра закiнуты вайсковы аэрадром на ўсход ад Ягаднага, дзе кожная залева вымывала з пяску мармурова-жаўтлявыя чалавечыя чарапы i костачкi, сярод якiх маглi апынуцца i косцi майго расстралянага ў 1933-м дзеда Максiма. Аднойчы па дарозе з кар'ера Вiка трохi палахлiва расказала пра лагер, дзе трымалi гiшпанскiх iнтэрбрыгадаўцаў - нашых, а найбольш замежных, што прыехалi пасля грамадзянскай вайны ў краiну пераможнага сацыялiзму. Кiраўнiкi лагернага падполля нiбыта зарганiзавалi ўсеагульныя ўцёкi i ўпэўнена вывелi iнтэрбрыгадаўцаў на аточаную кулямётчыкамi прасеку. Мой найлепшы сябра Генiк сустракаўся пад таежнымi сузор'ямi з амазонкай, што мела неамазонiстае iмя - Варвара, была сiбiрачкаю шатан ведае ў якiм калене i размаўляла прыкладна так: "Ну как? Ништяк? А че стал середь дороги?" Гэта пра яе, перафразаваўшы Iгара Севяранiна, паэт М.Чарнiловiч сказаў: Амазонка из Томска, Амазонка из Томска, Вы безумно прелестны, Особенно сзади... На ролю Варварынай супернiцы лёс прызначыў сiбiрскую татарку Амiну, што з рук у рукi перадала Генiку ў запячатаным канверце свой лiст. Варвары паблiзу не было, i Генiк бесклапотна рушыў па сцежцы на бераг Кецi, да таго кедра, дзе, як пiсала Амiна, яна калiсьцi назвала нашага былога загадчыка гаспадаркi мядзведзем, хоць з iх дваiх на невялiкага мядзведзя выдавала якраз шыракаплечая круглявая прапраўнучка чынгiсханаўскага воiна. Праз гадзiну ўзмакрэлы i задыханы Генiк стаяў у дзвярах нашай фiнскай хацiны. Пад кедрам Амiна пачаставала яго вогненнай вадой, потым, напэўна ў адпаведнасцi са звычаямi яе старажытнага народа, праспявала пару працяжных гартанных песняў, а потым - мабыць, у працяг звычаю - без лiшнiх слоў забурыла Генiка на мох. Калi вы мяркуеце, што хiмiцы змiрылiся з нашым адносна гарманiчным (Мiша Бугор казаў - гарманальным) суiснаваннем з амазонкамi, дык памыляецеся. Вясёлыя ленiнградкi таксама змагалiся за нашы сэрцы, карыстаючыся ў гэтай барацьбе самымi разнастайнымi сродкамi. Штодня ў абед паводле дамовы з амазонкамi мы прыносiлi на кухню тры трохвёдзерныя вываркi вады. Трагiзм сiтуацыi палягаў у тым, што накрыўка ад вываркi згубiлася. Ад студнi да сталоўкi было з паўкiламетра, i прыкладна на палове шляху да нас прыстройвалася чародка хiмiц. Усе як на падбор сiмпатычныя, нафарбаваныя, у кароткiх шчыгульных спаднiчках i рознакаляровых майках з паскамi на тонкiх талiях, яны вiлiся вакол нас, нiбы стракатыя матылькi. Якi-кольвек з гэтых матылькоў пачынаў амаль пяшчотна: "Студентики, а студентики, пожалейте бедных девушек". "Совсем извелись без мужской ласки", падхоплiвала другая жамярыца. Далей чулася што-небудзь накшталт: "А я бы тому бородастенькому сто раз дала. Слышь, бородастенький? Ты хоть целоваться умеешь?" Напачатку мы неслi свой крыж у выглядзе цяжкой вываркi моўчкi, аднак валхвiцы вольнага кахання ўмомант ставалi нахабнымi i нагадвалi ўжо не матылькоў, а назойлiвых восаў. "Вы только попробуйте нас, мальчики, вас потом за уши не оттащишь", - прапаноўвалi яны, дэманструючы нам не самыя цнатлiвыя паставы, "Ану, вали отсюда, стервоза, а то вырублю на..." - страшным голасам казаў "бородастенький", ды гэта выклiкала толькi рогат. На падыходзе да кухнi эскорт рабiўся агрэсiўным. Ленiнградкi выкрыквалi пагрозы ў бок амазонак, якiя, маўляў, за...лi беднага Вiцюню, абзывалi амазонак сучкамi i блядзямi, а нас - iмпатэнтамi. Але найгоршае маячыла наперадзе. Перад самай сталоўкаю адна з нашых спадарожнiц раптам "здагадвалася": "Слушайте, девочки, так это же они заразиться от нас боятся!", колькi яе сябровак iмгненна падляталi да нас i з вясёлым крыкам: "А вот вам сифилис!" плявалi ў ненакрытую выварку. Пясок хутка выпiваў ваду, i мы асуджана паварочвалi назад да студнi. Дзяжурная амазонка здаганяла нас з пачкам соды i патрабавала як след вышараваць выварку, крыўдзiцелькi ж заходзiлiся воддаль смехам i абяцалi ператрахаць па чарзе спярша нас, а тады i амазонак. Урэшце экспедыцыi па ваду пачалi ладзiцца з аховаю: двое цягнулi выварку, а чацвёра адпрэчвалi плявакаў штыкецiнамi. Удзень мы калупалi рыдлёўкамi дол, збiвалi апалубку, завiхалiся вакол вялiзнай вуркатлiвай бетонамяшалкi i аддавалiся крозам пра вечаровыя спатканнi. Блiзу паўночы парачкi збiралiся каля раскладзенага на галявiне за "хiмкомплексам" вогнiшча i задуменна глядзелi на агонь. З цемры выходзiлi i ветлiва падсаджвалiся на пакладзеныя пры вогнiшчы бёрны маладыя хiмiкi з гiтарай. Яны прыладкоўвалi на чырвоным вуголлi конаўкi або iмбрыкi на чыфiр i заводзiлi песню. Гучала "Прокурор затребовал расстрела", "Как над Томском опускается туман, никогда я не прощу тебе обман...", але найдушэўней атрымлiвалася ў iх "Здравствуй, Невский, здравствуй, Кировский", бо шмат хто з нашых суседзяў таксама быў з Пiцера. Iдылiю гiтарных перабораў, пакладзеных на мулкiя мужчынскiя плечукi дзявочых галовак i мяккага чыфiравага кайфу руйнавала шумнае з'яўленне гурмы падлеткаў. Яны груба лаялiся, як па-пiсанаму часалi на блатным арго, хвалiлiся, хто колькi разоў "отодрал" сваю "чучундру", i дэманстратыўна забаўлялiся з кнопачнымi ножыкамi, з тронкаў якiх, цьмяна паблiскваючы, выляталi вузкiя клiнкi-джалы. Спачатку мы мелi гэтую кампанiю за малалетнiх хiмiкаў, пагатоў падлеткi ахвотна апавядалi, за што i па якiм артыкуле сядзелi, ды сапраўдныя вольныя пасяленцы пагардлiва растлумачылi нам, што гэта ўсяго толькi пасялковая шпана, занятая пошукамi сваiх жыццёвых iдэалаў. Ленiнградкi да вогнiшча не прыходзiлi. Трэба сказаць, што, хоць яны i чаплялiся да нас каля сталоўкi, мужчынскае ўвагi iм ставала. На кожную прыпадала ў сярэднiм па трое хiмiкаў-мужчынаў. Звычайна яны i сялiлiся па формуле 3 + 1, праўда, "бугры" мелi права выбару i маглi трымаць невялiкi гарэм, цi, па-мясцоваму, "курятник". Спецкамендатура праблемамi палiгамii не займалася. Амаль кожны дзень нашага iснавання быў адзначаны адметнай падзеяю. То "цяжкi" падлетак Вiця, зусiм ачмурэлы ад "трох сямёрак" i любошчаў з амазонкаўскiм кiраўнiцтвам, наловiць у мех з паўтузiна здзiчэлых катоў, падыме iх уначы разам з будатрадаўскiм сцягам на недарэчна высокi флагшток, а пасля перарэжа на блоку вяроўку, i каты будуць, не зацiхаючы нi на секунду, екатаць як рэзаныя, пакуль нейкi пiцерскi хлапец за пляшку "777-га" не ўзлезе, нацёршы рукi смалою, па слiзкiм шосце i не скiне жывой радыёкропкi на дол, а чацвераногiя вязнi не разбягуцца па наваколлi - усе як адзiн цалюткiя i гатовыя да новых прыгодаў. То двое абхазцаў, якiм заставалiся лiчаныя днi да волi i ад'езду ў Сухумi, хопяцца ў пасялковай краме за нажы i заробяць новы тэрмiн. То прыедзе маладая жонка начальнiка нiкалаеўскага порта, што "дахiмiчваў" у Ягадным за валютныя аперацыi. Жонку валютчыка адразу ахрысцiлi Дзекабрысткай. Мяркуючы па кансервах (ужо ад адных назваў - крабы па-японску, суп з амараў - набягаў поўны рот слiны), якiя яна разагравала каля ганка на раскладзеным памiж дзвюма цаглiнамi цяпельцы, а таксама па мяняных штодня крымпленавых сукенках, партовы дзеяч паспеў сёе-тое прыхаваць. Увечары шчаслiвая пара пад пахмурнымi зiркамi суседзяў пад ручку выходзiла на шпацыр. Гэта была памылка. Калi валютчыка на два днi адправiлi на далёкi аб'ект у тайгу, сем хiмiкаў у поцемках прыйшлi да Дзекабрысткi i гвалцiлi яе (па-мясцоваму гэта далiкатна называлася "рэпетыцыяй хору", а недалiкатна "сходить на хорька") да самае ранiцы, папярэдзiўшы, што калi заявiць у спецкамендатуру, праз тры днi на пасялковых кладах з'явяцца дзве новыя магiлкi - ейная i - каб не сумавала - каханага мужа. Папярэджанне паўтарылi i начальнiку порта, якога дзеля прафiлактыкi завалiлi сярод белага дня ў пыл i нязлосна, але спрактыкавана i доўга - нiбыта рабiлi не надта прыемную, аднак абавязковую работу - бiлi нагамi. На тутэйшым жаргоне апiсаная працэдура менавалася "самавучкай". Мы якраз iшлi палуднаваць i ўсё бачылi, ды засталiся гледачамi, бо ўмяшанне ў разборкi абяцала "пику в бок". Аднаго дня ў небе над пасёлкам з'явiўся пажарны верталёт, падобны да варанага рака з прапелерамi. Ён цягнуў на тросiку закручаны ў брызент лёгкi груз, што гайдаўся, быццам кiвач ад ходзiкаў. Верталёт скiнуў груз на падворку спецкамендатуры, i Ягаднае даведалася: пажарнiкi знайшлi на прасецы тое, што засталося ад пецярых зэкаў, якiя ў сакавiку рванулi на волю з недалёкай (у сiбiрскiх сумерах) зоны. Праляцеў почут, быццам пятага ўцекача таварышы бралi за "карову" - прасцей кажучы, каб па дарозе з'есцi. "Тайга - закон, медведь хозяин", - пракаментаваў падзею галоўны бугор хiмiкаў дзядзька Коля-масквiч з вытатуяваным на грудзях партрэтам Сталiна. Той дзядзька Коля, пра якога казалi, што ён жыве ў Сiбiры, чаргуючы зону з "хiмiяй", яшчэ з ваенных гадоў. Увесь гэты час я марна выглядаў хiмiцу, з якой сустрэўся ў першы дзень. Яна нiколi не з'яўлялася нi сярод плявучых налётчыцаў у ваколiцах сталоўкi, нi сярод тых жанчын, што развешвалi на вяроўках памытую бялiзну сваiх уладароў або нешта гатавалi на цаглiнах. Нарэшце гаспадыня спеўнiка аб'явiлася сама. "Эй, студент! - пачуў я аднойчы, цягнучы з Генiкам цяжкiя бляшаныя ношкi бетону. На сцежцы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, пругка пераважвалася з пяткi на насок чароўная мацюкальнiца. - Пошли покурим, - з насмешлiвым выклiкам прапанавала яна i супакоiла: - Не боись, я нынче хорошая". Я не баяўся, бо адчуваў, што той, першы раз памiж намi праскочыла iскра, пасля якой ужо не ўчынiш адно аднаму анiякага кепства. З цёплага пляскатага каменя на высокiм беразе было вiдно, як далёка ўнiзе паўзла па Кецi баржа-самаходка, i я падумаў, што, магчыма, на такой вось баржы сорак гадоў таму везлi на смерць майго галоднага завашыўленага дзеда Максiма. Чамусьцi некаторыя людзi маюць схiльнасць расказваць мне свае гiсторыi. Недзе на Васiльеўскай выспе бегала ў школу i ў лiтаратурную студыю дзяўчынка Iрына, якую ў дзесятым класе на школьным вечары ў гонар дня нараджэння камсамола запрасiў на танец незнаёмы юнак Юра, што адрэкамендаваўся фiлосафам. У кiшэнях у фiлосафа вялiся грошы, i ён засыпаў Iру кветкамi i закармiў у кавярнях марозiвам i яе ўлюбёнымi вяршкамi з курагой i арэхамi, якiя было смачна запiваць светлым сухiм вiном. Потым адбыўся паход у славуты пiцерскi "Норд", адкуль яны паехалi да Юры. Калi таксоўка везла Iру дадому, а Юра трымаў яе за руку, слёзы на вачах ужо высахлi i сэрца цвiло ад радасцi, якая называлася: "Я - жанчына!" Накрэсленая фiлосафам Юрам будучыня сваёй прастатой i яснасцю нагадвала план школьнага сачынення на тэму "Пячорын - лiшнi чалавек". Пункт 1. Унiверсiтэцкi факультэт фiлалогii. Пункт 2. Вяселле пасля першага курса, таму што болей Юра ну нiяк не зможа чакаць... Маме пакуль, вядома, нi слова. Iрынiна мама нi пра што не здагадвалася i здзiўлялася, што заняткi ў лiтаратурнай студыi зрабiлiся амаль штодзённымi. Пад Новы год у Юры быў дзень нараджэння. Iра ўпотайкi ад мацi здала ў "Букiнiст" пару дарэвалюцыйных кнiжак i доўга хадзiла па крамах, бо разумела, што фiлосафам нельга дарыць банальных падарункаў. Яна выбрала жоўта-зялёнае кашнэ, а ў заалагiчным магазiне купiла такое ж масцi чыюка i пачала вучыць яго словам "Сакрат" i "Гераклiт". За тыдзень, што заставаўся да Юравага дня нараджэння, попка навучыўся даволi чыста вымаўляць "Гера", а заместа "Сакрат" вiсклiва крычаў "Укралi". На горад падаў iскрысты снег, i жыццё нагадвала зiмовую казку. Пару наступных старонак празмерна далiкатныя натуры могуць прапусцiць. Фiлосаф Юра таксама падрыхтаваў Iрыне падарунак. Пасля некалькiх келiхаў шампанскага каханы сказаў, што, калi ён сапраўды дарагi ёй, Iра павiнна аддацца кожнаму з яго запрошаных сяброў. Яна не дала веры вушам, ускочыла, каб уцякаць, ды ногi не слухалiся - вiно выканала сваю ролю. А мо i не толькi вiно, бо яе агарнула такое пачуццё, быццам усё, што робiцца, адбываецца не з ёю, а з яе двайнiком, з Iркаю No 2, а яна, Iрка No 1, глядзiць на гэта адкульсьцi з-за гронкi крышталёвых вiсюлек люстры. Юра пранiклiва, як гiпнатызёр, казаў, што ягоныя сябры - людзi шырокiх поглядаў, што ўсе яны надзвычай прыстойныя i глыбокiя натуры, што пра гэты вечар нiхто i нiколi не даведаецца, затое за колькi гадзiнаў яна набудзе сексуальны досвед, на якi iншым спатрэбяцца гады... Глыбокiх натур на дзень нараджэння завiтала трое. Каб высветлiць, хто першы пачне надзяляць Iру сексуальным досведам, яны выцягнулi з калоды па карце. Юра дэмакратычна цягнуў з усiмi на роўных; ён дастаў кралю i апынуўся ў чарзе астатнiм. Iрыне далi яшчэ выпiць; далей свядомасць дзейнiчала ўжо са збоямi: нехта як быццам то зашморгваў, то адшморгваў перад вачыма чорную запавесу. У адным прасвеце яна патрапiла запомнiць Юру, якi, стоячы над канапаю, цэлiўся ў яе з фотаапарата. У другiм убачыла, як госцi зноў цягнулi карты, прычым адразу двое ўзялi тузоў, i Юра сказаў, што абодва маюць роўныя правы, а таму зараз яна даведаецца нешта новае... На ранiцу Iрка прачнулася ў абдымках у Юры. Ён адразу налiў ёй келiх шампанскага, а потым яшчэ адзiн. Ён быў, як заўсёды, пяшчотны i ўважлiвы, цалаваў яе ў нос i ў макаўку i ўгаворваў лiчыць усё ўчарашняе сном. Яна кахала Юру, а таму пагадзiлася: так, гэта сон. Ёй уявiлася, што Iрка No 1 вярнулася ўчора з-за крышталёвых вiсюлек дахаты i сёння пайшла ў школу. Яна ж, Iрка No 2, працягвае ёй снiцца i ў гэтым сне дазваляе Юру абдымаць сябе i называць ранейшымi ласкавымi iмёнамi, з ледзяной яснасцю разумеючы, што сама ўжо не пойдзе нi ў школу, нi дадому. Да вясны яна жыла ў фiлосафа Юры, амаль не выходзячы з ягонае аднапакаёўкi, каб не нарвацца на знаёмых. Вечарамi, цыкаючы на жоўта-зялёнага чыюка, наструнена прыслухоўвалася да крокаў на лесвiцы, баючыся, што Юра не прыйдзе. Ды ён нязменна вяртаўся i прыносiў не толькi вiно, але раз-пораз i кветкi. Вясна зрабiла фiлосафа задуменным i прыдзiрлiвым. Аднойчы Iрка выключыла ў ванным пакоi дожджык i пачула, як Юра прыцiшаным голасам са знаёмымi цёплымi iнтанацыямi запрашае нейкую жанчыну да сябе на дзень нараджэння. Якi сцэнар меўся быць гэтым разам, Iра не даведалася. Выслухаўшы яе слязлiвыя папрокi, Юра вытрас з чорнага канверта з-пад фотапаперы здымкi з мiнулага дня нараджэння, што святкаваўся тры месяцы таму. "Ты что, блядушка, из себя целку строишь? - крычаў ён. - Полюбуйся, полюбуйся на девочку Иришу. Вот она, между прочим, не с Юрочкой любимым, а с Сергеем... а у нее на личике невинном что нарисовано? Нет, господа присяжные заседатели, не ужас, не отвращение. Наша девочка глазки от сладости закатывает..." Колькi дзён Iрка начавала на вакзале, дзе яе спрабавалi згвалцiць двое хлапцоў з багажнi. На трэцюю ноч яна даядала пакiнутыя на фольгавых талерачках кавалкi хлеба, i яе проста ў буфеце пачало ванiтаваць. Галодная i хворая на грып, яна, як пабiты сабачка, прыцягнулася назад да Юры. Цяпер усялякiя сантыменты скончылiся i iхняе жыццё сапраўды пачало нагадваць стасункi памiж гаспадаром i сабакам. Ён кармiў яе, часам браў да сябе ў ложак, наводлiў бiў жалезным эспандэрам, калi яна адмаўлялася выконваць яго мужчынскiя каманды, i нават выгульваў - цягаў за сабою па фарцовачных клопатах, ужо не хаваючы, што ягонымi фiласофскiмi штудыямi быў гандаль джынсамi i кружэлкамi. Юра ўпiваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калi ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, "фiлосаф" не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, перамiргнуўшыся з гаспадаром, вёў Iрку ў другi пакой цi ў кухню, а на вулiцы - заводзiў у блiжэйшы пад'езд i, расшпiлiўшы на джынсах маланку, нагiнаў Iрчыну галаву. Улетку, калi, паводле шчаслiва-бесклапотнага зiмовага плана, Iрына мела здаваць iспыты на фiлалагiчны факультэт, абмежаваная адно межамi ўласнае фантазii ўлада над дзяўчом конча набiла Юру аскомiну i ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго "сабачку" выгнаў на вулiцу, уручыўшы "на обзаведение хозяйством" 10 рублёў 50 капеек i клетку з чыюкам. На адвiтанне Iрына яшчэ мусiла заняцца з фiлосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат. Я слухаў i намагаўся ўявiць, як папярэднiца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хiмiцы, ленiнградская дзяўчынка Iра, без пяцi хвiлiн медалiстка, чытала на пасяджэннях лiтаратурнай студыi свае верлiбры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў i называла антыпаэтычным верш аднакласнiка "Девочки на танцах", дзе былi радкi: "Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно". На вулiцы Iрку падабраў Жора на мянушку Кот, якi меў жывое i карае левае вока i шкляное i блакiтнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовiю (недзе там у халодным месяцавым святле сябры i прайгралi ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавiлi Ката ў адносiнах з жанчынамi ўсякай абыходлiвасцi, i самым ласкавым, што чула Iрка перад хвiлiнамi блiзкасцi, былi адрывiстыя загады накшталт "Ложись!" або "В стойку!". Калi Жору забралi трэцi раз, яна праходзiла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на "хiмiю", дзе i занялася складаннем спеўнiка, што трапiў да маiх рук у дзень прыезду. Калi Iрка замаўчала,на плыўнай рачной лукавiне паказалася лава сплаўнога лесу, аднак цяпер я не ўспамiнаў дзеда Максiма. Я глядзеў на тонкiя Iрчыны шчыкалаткi i прыцэўкi, думаў, наколькi яна прыгажэйшая за маленькую Вiку, i не верыў нi ў Жору-Ката, нi ў фiлосафа Юру, што мог завесцi яе на Лiцейным у першы-лепшы пад'езд i расшпiлiць на сваiх джынсах маланку. У закутку душы шкрэблася спадзяванне, што ўсё гэта з разраду туфты, якой кармiлi нас прыблатнёныя ягаднiнскiя падлеткi. "Ты знаешь, я не верю", - неяк па-дзяцiнаму разгублена прамовiў я, каб штосьцi сказаць. Iрчын твар пабiла чырвонымi плямамi, i яна рванула на галаву маечку з алiмпiйскiмi кольцамi. "А вот это видал?" Пасля таго я доўга баяўся зiрнуць у яркiм святле на аголеныя жаночыя грудзi, бо бачыў мала чаго страшнейшага за маладую грудку, спрэс пакрытую густой мёртва-сiняю татуiроўкай. "А теперь все! Уё...й! - раз'юшана працадзiла Iрка. - Понял? Уе...й!" Цi то ад непатушанага недакурка, цi то ад самой Iрчынае лютасцi пад нагамi ў яе пачало тлець шыгавiнне. Яна ўскочыла, i з яе яшчэ свежых чарэшневых вуснаў пасыпалася такое, што маiм вушам закарцела скруцiцца ў трубачкi, а галаве ушрубавацца ў плечы i яшчэ далей, каб схавацца дзе-небудзь на дне страўнiка. Сцежка вяла мяне прэч, а ў патылiцу павутамi ўпiвалiся набрынялыя нянавiсцю словы, сярод якiх "уё...й!" было цi не самым цнатлiвым i чыстым. Прысмак якойсьцi зробленай на цёплым камянi над ракою памылкi не пакiдаў мяне ўвесь наступны тыдзень. Магчыма, гэтае няўтульнае пачуванне падтрымлiваў нарад на будаўнiцтва пяцi тыпавых драўляных прыбiральняў. Нам з Генiкам выпала капаць ямы ды збiваць седалы з "ачкамi". Пачаўшы з элементарнага класiчнага ромба, мы спакваля асвоiлi сэрца, а пад канец з дапамогаю нажоўкi i долата быў народжаны шэдэўр у выглядзе пяцiканцовай зоркi. (Праз паўгода, калi нас пацягнуць за самвыдавецкiя альманахi - рукапiсны наваполацкi "Блакiтны лiхтар" i нашу машынапiсную родную гiстфакаўскую "Мiлавiцу", - маёр КДБ пад час прафiлактычнае размовы будзе казаць: "Не думайте вилять хвостом. О вас нам известно решительно все. Например, ваши стройотрядовские, так сказать, туалетные художества. В своем националистическом угаре вы дошли до изощренного надругательства над пятиконечной ленинской звездой". Я паспрабую рэабiлiтавацца, называючы сцiплыя дасягненнi ў выпiлоўваннi бяскрыўдным жартам, ды эфект атрымаецца адваротны. "Значит, кто-то спускает штаны, делает в дорогой каждому советскому человеку символ, и это, как вы выражаетесь, "жарт"?" "Гэта даўнi салярны сымболь, буду баранiцца я. - Яшчэ старажытныя iндыйцы..." "Можете рассказывать это своим "старажытным" индийцам". "Свастыка, мiж iншым, таксама сымболь сонца", неабачлiва вырвецца ў мяне, i я нарвуся на ледзяное пракурорскае пытанне: "Почему же вы в таком случае не вырезали свастику?") Наш расквечаны сякiмi-такiмi прыгодамi, але збольшага ўпарадкаваны побыт зрабiў рэзкi паварот, калi празаiк Джон Галяк скiнуў з сябе дрымоту i нечаканым манеўрам адбiў у начальнiка будупраўлення, якому мы падпарадкоўвалiся, цёмненькую амазонку Святланку. Калi вы нiколi не рамантавалi вузкакалеек, забiваючы за дзень у спружынiстыя шпалы па пяцьсот кастылёў, вам цяжка будзе даўмецца, чаму мы з такой тугою прыгадвалi сытае вуркатанне бетонамяшалкi i глыбокiя ношкi з рошчынаю цi з пiрамiдаю цэглы. Заставалася суцяшацца тым, што ў любой сiтуацыi прысутнiчае i станоўчы момант. Таежная вузкакалейка дапамагла ранняму мне больш глыбока адчуць i спасцiгнуць ранняга Ўладзiмiра Караткевiча, якога я тады адкрываў дзякуючы Генiку - першаму на маiм шляху гарадскому чалавеку, што гаварыў па-беларуску не на сцэне i не з тэлеэкрана. Згадзiцеся: чытаць баладу "Паўлюк Багрым", адлежваючы бакi на панцырным iнтэрнатаўскiм ложку i смокчучы з рыльца "лiдскае" або "жыгулёўскае" - гэта адно, а разгарнуць кнiжку ў кароткi перакур, калi ад вiдна да вiдна махаеш з-за пляча кувалдай, цаляючы па натурыстых кастылях, - зусiм iншае, i здаецца, што гэта якраз пра цябе: А ў краiне так цяжка (Асiны ад ганьбы палаюць), I над ёй фанабэрыцца П'яны, разбэшчаны гун. Як пры князю Ўсяславе Дзень вялiкi, а луста малая. Як пры князю Ягайле На кожную спiну бiзун. На жаль, новая праца спрыяла адно глыбокаму пранiкненню ў таямнiцы мастацкае творчасцi. З астатнiм атрымлiвалася тугавата. Праязджаючы паўз нас на вiсклiвай дрызiне, падобны да хамяка з туга набiтымi шчокамi начальнiк будупраўлення зларадна галёкаў: "Что, студенты, зае...сь?" Колькi дзён мы з непрывычкi сапраўды ледзьве дабрыдалi ўвечары да сваiх тапчагаў, а выпаўзшы на ватных нагах да вогнiшча, бездапаможна засыналi на плечуках у пасiяў. Гэта тады Мiхась Чарнiловiч назваў кувалду найлепшым супрацьзачынальным сродкам. Аднак маладыя арганiзмы хутка ўзялi сваё, i Мiхасёва дэфiнiцыя страцiла актуальнасць яшчэ да таго, як цёмненькая Святланка засумавала па мужчынскай ласцы настолькi, каб вярнуцца да хамякападобнага начальнiка. З хiмiкамi мы па-ранейшаму сустракалiся толькi ля вогнiшча, што зазвычай настройвае чалавека на мiралюбны лад. Памiж намi дзейнiчала няпiсаная дамова: яны, хiмiкi, не будуць чапаць нi нас, нi амазонак, а мы, студэнты, не будзем што б нi прычынiлася ў "хiмкомплексе" - стукаць ментам. Мiрнае суiснаванне ляснулася на Дзень будаўнiка. За ўсе два будатрадаўскiя месяцы гэтая жнiвеньская нядзеля лiчылася адзiным выхадным, калi можна было выспацца i наладзiць законную балюшку. Параiўшыся са сваiмi амазонкамi, мы вырашылi адзначыць свята на тэрасе так зваўся аточаны кедрамi чысты лапiк берага, што абрываўся да ракi строма, як мур фартэцы. Блукала пагалоска, быццам за жалезным Язэпам з той стромы выпраўлялi ў рай цi ў апраметную падарожнiкаў па ГУЛАГу, таму тубыльцы i хiмiкi не надта ганаравалi тэрасу. Нас такiя размовы не спынялi, i кожны (вядома, не адзiн) паспеў ужо ацанiць вартасцi гэтай падобнай да вялiкай альтанкi зацiшнае мясцiны, дзе апрача ўсяго iншага можна было, не падымаючыся з долу, дасхочу наесцiся буйных салодкiх бруснiцаў. Усё iшло б ладам, каб Бугру з Толiкам Раслiнскiм з суседняга фiнскага дамка не заманулася ў той дзень выпiць з самае ранiцы. Мне цяжка сказаць пра Толiка што-кольвек iстотнае, акрамя таго, што ён свяцiў з рота залатым зубам i без вялiкiх поспехаў займаўся ў секцыi бокса, а таму прывёз у Сiбiр пальчаткi i часам баксiраваў з "цяжкiм" падлеткам Вiцем. Мiша Бугор быў асобаю зусiм iншага кшталту i сумеру. Пяць гадоў Мiша плаваў на СРТ, што расшыфроўваецца як сярэднi рыбалоўны траўлер. Марское жыццё цяжка назваць школаю высокай маральнасцi. Мiша пiў вiскi на Ньюфаўндлендзе i, прымушаючы абарыгенаў акругляць вочы i застрашана блiскаць бялкамi, галёнамi скупляў медычны спiрт у аптэках Гаваны i Сант'яга-дэ-Куба. Змыты хваляю за борт ля берагоў Данii, ён трапiў у партовы шпiталь, а адтуль, дзякуючы знаёмству з вусатым польскiм матросам, што прызнаў Мiшу за земляка - у тамтэйшы публiчны дом. У доме пад чырвоным лiхтаром прыяцелi сербанулi рому, выбралi з прапанаванага гаспадыняю фотаальбома па дзяўчыне i бадзёра накiравалiся ў нумары. У самае адказнае iмгненне Мiша з ягонай маленькай мулаткаю пачулi ненавязлiвы стук у дзверы, а ўслед далiкатнае пытанне на чысцюткай расейскай мове: "Товарищ Горелик, вы здесь?" Абвялы Мiша не паспеў нацягнуць штаноў, як з калiдора пачулася ўжо не пытанне, а загад: "Товарищ Горелик, открывайте! Мы знаем, что вы здесь". За дзвярыма стаяў малады супрацоўнiк савецкага пасольства, што прыехаў выпiсваць Мiшу са шпiталя. Усю ноч Мiша на астатнiя грошы частаваў супрацоўнiка ў партовых барах, спяваў з iм задушэўныя расейскiя песнi i выслухоўваў цвёрдыя мужчынскiя абяцаннi, што ён, супрацоўнiк пасольства, - магiла i ўсё застанецца памiж iмi двума. Калi карабель прывёз Мiшу ў Талiн i зухаваты матрос, цiхамiрна пасвiстваючы, сышоў на прычал, каля чорнай "Волгi" яго спынiў някiдкi чалавек у макiнтошы з упраўлення КДБ па рабоце з маракамi, дзе наведнiку публiчнага дома растлумачылi, што ён зганьбiў годнасць савецкага чалавека i камунiста i заслужыў спiсанне на бераг. Тое Мiшава прыбыццё ў порт прыпiскi атрымалася нетыповым. Звычайна, адчуўшы пад нагамi талiнскую набярэжную, Бугор i кампанiя такiх самых сяброў-кавалераў абводзiлi наваколле фанабэрлiвымi позiркамi закiнутых у нейкую задрыпаную копанку альбатросаў i маналiтным кагалам тупалi на стаянку таксi. Падарожжа ў талiнскае прадмесце Пiрыта мела свой рытуал. Марскi воўк, якi хоць крыху паважаў сябе, браў адразу не меней за тры таксоўкi. У першай ён нядбайна кiдаў на сядзенне набыты недзе ў высокiх штармавых шыротах капялюш, у другой мясцiлася валiза, у трэцяй уладкоўваўся сам гаспадар. Кавалькада машын спынялася водблiз плывучага рэстарана-шхуны, адкуль усцешаныя афiцыянты паспешлiва выстаўлялi розную сухапутную драбязу. На колькi дзён рыбакi ўсталёўвалi на шхуне акупацыйны рэжым, прычым там i жылi, мыючы перад сном ногi шампанскiм. Закуплены з усiмi трыбухамi персанал баляваў разам з клiентурай, удасканальваючы веданне вялiкай i магутнай мовы старэйшага брата. Усе ўсiх паважалi, i жыццё нагадвала гульню дэльфiнаў у аквамарынавым Гольфстрыме. Але неўпрыцям насоўвалася чуллiвая хвiлiна развiтання з заробленымi ў сусветным акiяне грашыма, пасля якое афiцыянты i метрдатэль без лiшнiх цырымонiй выкiдалi пацяжэлых дэльфiнаў на халодны пустэльны бераг. Хлапцы абдымалiся i раз'язджалiся па сваяках, каб, залегшы на дно, перачакаць месяц-паўтара да новага выхаду ў мора. Каб вы лепей зразумелi, што такое Мiша Бугор, трэба ўзгадаць i гiсторыю з мухамi. Рэч у тым, што аднаго разу пасля наведання Пiрыты Мiша затрымаўся ў Талiне i ў абладзе маркотлiвых думак пра няўмольнае наблiжэнне зусiм цвярозых i галодных дзён на апошнiя рублi зайшоў у рэстаранчык, дзе стаўся сведкам жудаснага скандалу. Вастравокi клiент знайшоў у падлiўцы муху. Ён на ўсю залу пагражаў звярнуцца ў цэнтральныя i мясцовыя газеты i на тэлебачанне, а афiцыянты, кухары i дырэктар стаялi перад iм навыцяжку i ўзахапы перапрашалiся. Iнцыдэнт скончыўся тым, што рэспектабельнага наведнiка, якi не любiў падлiвак з мухамi, накармiлi i напаiлi па поўнай праграме, не ўзяўшы нi рубля. Вярнуўшыся ў матроскi iнтэрнат i наткнуўшыся позiркам на муху, Мiша не стаў сушыць мазгi над тым, як гэтая iстота прымудраецца шнураваць па столi дагары нагамi. Хутка тузiны з два чацвераногiх спрытнюг ужо сушылiся на шматтыражнай газецiне "Моряк Балтики". Пачатак аперацыi прайшоў блiскуча. Рэстарацыю найшыкоўнейшага на той час талiнскага гатэля "Viru" Мiшаў страўнiк пакiдаў пад завязку наладаваны адборным пiтвом i едзiвам. Назаўтра, у "Старым Томасе", абслуга аказалася някемлiвай i Мiшу давялося тлумачыць, што ва ўсiм цывiлiзаваным свеце клiента ў такiх выпадках кормяць i пояць задарма. На трэцi дзень Мiшу застукалi ў той момант, калi ён, з'еўшы булён, задуменна аздабляў карыснай жамярыцаю з цюбiка з-пад лекаў свiную адбiўную. Пра вынаходнiка паведамiла прэса, i - хоць Мiша паспеў выкарыстаць усяго трох сухiх мух - рахункi за дармовыя пачосткi яму з дапамогаю прадажных газетчыкаў i мiлiцыi выставiлi ажно сем рэстаранаў i кавярняў. Гiсторыю з мухамi я слухаў, седзячы ў салуне. Так мы называлi другi пакой нашай сiбiрскай хацiны, дзе зладзiлi нехлямяжы стол i пару лавак, а малады празаiк Джон Галяк здабыў недзе дзiцячы набор для выпальвання i, натхнёны братам, вывеў на вершняку над уваходам: "Тут жывуць дзiцяткi Джона Ячменнага Зярнятка". Мiша любiў Бёрнса. Тамсама, у салуне, сярод пахаў моцнага тытуню, прывялага багуну i потнага мужчынскага цела я пачуў драматычны аповед пра Мiшаву службу ў савецкай армii. Свой ганаровы абавязак перад сацыялiстычнаю радзiмай ён выконваў у густых пскоўскiх лясах, дзе мясцовыя жыхары (сама назва - "пскопские") растлумачылi маладзенькiм салдацiкам, што свята ў iх не лiчыцца за свята, калi каго-небудзь не зарэжуць. Але яшчэ да свята ў трох навабранцаў на дывiзiйных вучэннях не раскрылiся парашуты, i Мiша адчуў, што нiякая сiла, нават пагроза расстрэлу, ужо не змусiць яго скочыць у адкрыты люк самалёта. На "гражданку" паляцеў роспачны лiст улюбёнаму дзядзьку - вясковаму фельчару. Увесь доўгi дзядзькаў адказ быў прысвечаны ўспамiнам пра тое, як у дзяцiнстве Мiша хварэў на лунатызм i па начах непрытомна шпацыраваў з выцягнутымi наперад рукамi па хаце, палохаючы меншых брацiкаў i сястрычак. Тае ж начы шараговы Гарэлiк цiхутка падняўся з ложка i з выстаўленымi, як у невiдушчага, рукамi рушыў скрозь сiмфонiю размаiтых салдацкiх храпаў да тумбачкi днявальнага. Той таксама хроп, i, каб звярнуць на сябе ўвагу, "лунатык" мусiў двойчы ўрэзаць днявальнаму "пендаля". Наперадзе чакаў шпiталь i падазрэннi ў сiмуляцыi, але жалезная воля дапамагла сыну простага беларускага селянiна з-пад Вiлейкi вытрываць пакутлiвы аналiз спiннога мозгу i заняць бажаную пасаду вайсковага пiсара, на якой яму ўдалося тры разы выпiсаць самому сабе паперы на адпачынак у роднай вёсцы - там, дзе, шморгаючы смаркатым носам, бегала бясштаннае стварэнне, якому наканавана было праз паўтара дзесятка гадоў зацягнуць Мiшу ў ложак, потым у сельсавет, а потым зноў у ложак, але ўжо на законных падставах. Меланхалiчна выцадзiўшы ў Джона Ячменнага Зярнятка пару шклянак партвейну, Бугор любiў пафiласофнiчаць. "Запомнi, Вовiк, - вучыў ён, - старасць - гэта калi ўсе маладыя сiкухi здаюцца прыгожымi". Развiваючы тэму, ён грубавата разважаў, што жанчыны дзеляцца на тых, якiя могуць табе даць, i тых, якiя нiколi не дадуць, а таму i першых, i другiх (гэтых - каб адпомсцiць) трэба як мага часцей ставiць у нязвыклыя сiтуацыi, каб выбiць з каляiны. Трэба адзначыць, што, нягледзячы на тэарэтычную падкаванасць, жыццё ў Мiшы склалася якраз насуперак ягоным прынцыпам. Пакiнуўшы талiнскую шхуну-рэстаран, ён прыехаў неяк увосень на сваю дзедзiну над Вяллёй i пайшоў у такi круты загул, што, прачнуўшыся аднойчы ранiцой, здзiўлена ўбачыў на падушцы побач з сабою галаву дзеўчынёхi-аднавяскоўкi. Мiша асцярожлiва выбраўся з-пад коўдры i надзеў нагавiцы, каб iсцi дахаты, ды дзяўчына расплюшчыла вочы i растлумачыла, што нiкуды iсцi не трэба, бо гэта i ёсць ягоная хата, а яны ўжо муж i жонка: учора ў сельсавеце iх распiсалi, а вяселле зробяць, як Мiша прывязе з плавання грошы. З таго дня Мiшава жыццё пакацiлася па куп'i ды выбоiнах. У Талiне яго канчаткова спiсалi на бераг, неспадзяваная жонка нарадзiла крыклiвага дзiцёнка i вымагала грошай, а цешча пагражала аддаць пад суд за тунеядства, бо да сялянскае працы Бугор з яго марскiм характарам быў прыстасаваны, як кашалот да дрыгвянай сажалкi. У вынiку пералiчаных маласпрыяльных абставiн Мiша рэгулярна, прыкладна раз на месяц, уцякаў з-пад Вiлейкi ва Ўладзiвасток. Па дарозе ён заяўляўся ў наш студэнцкi iнтэрнат да брата i запрашаў нас у рэстаран старога гатэля "Беларусь". Тым вечарам з гаваркiм, поўным жыццёвае мудрасцi Мiшам не было б цаны, каб не адна акалiчнасць: ён нiколi не меў грошай, каб разлiчыцца, i мы выкладвалi свае стыпендыйныя рублi i траячкi, беручы з яго за гэта слова, што ва Ўладзiвасток ён паедзе наступнага разу, а заўтра ўраннi сядзе на маладзечанскую электрычку. Чарговымi ўцёкамi ад жонкi сталася Мiшава з'яўленне ў шэрагах будатрада "Victoria", дзе ён i атрымаў сваю мянушку, што прырасла да колiшняга марака, быццам скура. Дык вось, на Дзень будаўнiка Бугру разам з Толем Раслiнскiм захацелася свята ад самага ранку. Толiк меў план, паводле якога спярша трэба было падпаiць нашага земляка Жэню Шаньяна з Асiповiчаў, што быў шафёрам i "хiмiчыў" за смертазабойчую аварыю. Не ўважаючы на нашы слабыя пратэсты, байцы Гарэлiк i Раслiнскi ўзброiлiся двума фугасамi партвейну i рушылi ў свабодны пошук, дакляраваўшы сустрэцца з намi на тэрасе, дзе хiмiк Жэня напоiць усiх упокат. Апоўднi тройца выпiвакаў матлянулася пад нашымi вокнамi. Прысадзiсты карчавiты Мiша iшоў яшчэ роўна, але ступаў асцярожлiва, нiбы па кладцы. Толiк у адной руцэ нёс пляцёнку з трыма фугасамi i чамусьцi баксёрскiя пальчаткi, а другой падтрымлiваў румянашчокага мацака Жэню. "Когда мы придем к власти, крычаў Раслiнскi тугаватаму на вуха хiмiку, - ты будешь министром финансов!" Жэня сцiскаў у кулаку сiнi жмутак пяцёрак, i засталося незразумелым: цi Толевы словы ўжо былi пахвалою, цi толькi заахвочвалi жыхара Асiповiчаў да шчодрасцi. Калi мы выцягнулi прызапашаную з нагоды свята скрынку "777-га" на ганак i, маляўнiча размясцiўшыся на ёй i вакол, закурылi ў чаканнi сваiх сябровак, над "хiмкомплексам" раптам падзьмуў сiверкi вецер трывогi. На дарозе з боку пасёлка паказалася кладаўшчыца Панцялееўна, чыя постаць больш за ўсё iснае нагадвала вялiкую капусную бочку, да якой знiзу, зверху i з бакоў сяк-так прымайстраваныя яшчэ пяць бочачак. Панцялееўна пылiла неяк наўздзiў зварушлiва i здалёк крычала, каб мы хавалiся. Узяць у розум, што прычынiлася, удалося толькi тады, як бочка з пяццю бочачкамi дакацiлася да самага ганка. Кладаўшчыца з булькатаннем у грудзiне прахрыпела, што хiмiкi паддалi i iдуць ад крамы нас рэзаць. Землячок Жэня, мабыць, не расцiснуў кулака з пяцёркамi, i Толiк Раслiнскi, нацягнуўшы баксёрскiя пальчаткi, збiў няздатнага прэтэндэнта на партфель мiнiстра фiнансаў на горкi яблык. Нашы жлукты недзе зашылiся, а хiмiкi вось-вось будуць тут. Каля школы iх спрабаваў угамаваць настаўнiк Сацук, ды адзiн малады хiмiк выцягнуў лязо i намаляваў гэтаму Сацуку на лбе пяцiканцовую зорачку. "Ховайтесь... вашу мать!" - лямантавала Панцялееўна. I без яе застрашлiвага крыку было зразумела, што справы швах. Генiк кiнуўся па стрэльбу. Чарнiловiч схапiў манцiроўку, я выцягнуў з заплечнiка ёмкую турыстычную сякерку, а руды Лявон, ён жа Джон Галяк, быццам штукар зайца, дастаў з запазухi паважную фiнку. "Домой!" - раўнуў ён на сваю адбiтую ў начальнiка будупраўлення Святланку i на iншых амазонак. Аднак тыя нечакана цвёрда адмовiлiся, i мы эгаiстычна пачулiся трохi весялей. Больш таго, нашы рэдкiя шыхты неспадзеўкi папоўнiла расчырванела-ваяўнiчая татарка Амiна з дубальтовым шротнiкам. Маленькая Вiка прыўзнялася на дыбачкi i аддана прашаптала мне, што ў яе ёсць з сабою аптэчка. "Идуть! Убивцы!" - нема заверашчала нашая дабрадзейка Панцялееўна, паказваючы на дарогу, i пакацiлася па сцежцы ў тайгу. Хiмiкi iшлi пагрозлiва няспешна. "Дваццаць тры", - падлiчыў, узводзячы куркi, шляхетна спакойны Генiк. Разам з мужнымi дочкамi сiбiрскае зямлi нас было дзевяць плюс дзве стрэльбы. Дзяўчатам, каб iхнi выгляд залiшне не натхняў гасцей, мы загадалi схавацца ў салуне ў Джона Ячменнага Зярнятка, забяспечыўшы iх дзеля смеласцi пляшкай "777-га". Амiна наадрэз адмовiлася здаць мужчынам свой баявы шротнiк i засталася побач з намi на ганку. Хiмiкi, на якiх глядзелi пяць параў вачэй i дзве пары руляў, крокаў за трыццаць ад нас расступiлiся паўкругам, прапускаючы наперад дзядзьку Колю-масквiча. Некаторыя з няпрошаных гасцей былi на добрым падпiтку, аднак мы не ведалi, цешыцца з гэтае прычыны або наадварот: п'яныя маглi палезцi i пад кулi. Сёй-той вiдавочна невыпадкова трымаў правую руку кiшэнi i мог выцягнуць яе адтуль значна раней, чым мы патрапiлi б усiх перастраляць. Проста сказаць, што я спалохаўся, будзе прымiтыўна i недакладна. Мне ўспомнiлася нашая бяскрыўдная дзiцячая забава: пастукаць "у кружок" валейбольным мячом. Штораз, калi, прымаючы мяч, даводзiлася адступаць спiнаю наперад, мяне апаноўвала хмельна-вусцiшнае пачуццё бязважкасцi, бо гульня iшла не дзе-небудзь на цёплым пляжным пясочку цi на спартовай пляцоўцы, а на плоскiм, залiтым бiтумам даху нашага полацкага шасцiпавярховiка, i кожная хрыбетка памятала пра высачыню i адчувала яе магнiтнае поле, што з кожным новым крокам да краю ставала стакроць магутнейшым. Тады, на ганку ў Ягадным, мая хрыбетнiца перажыла такое самае адчуванне смяротнае бязважкасцi. Апрача таго, хваравiтае ўяўленне за лiчаныя iмгненнi пракруцiла перад вачыма поўнаметражную стужку з парахавым дымам, трупамi, перарэзанымi ад вуха да вуха гарлякамi, выпушчанымi з чэраваў сiнявата-белымi вантробамi i маленькаю Вiкай, якая так i не паспела перавязаць нам ранаў i якую пераможцы з агiдным гiгатаннем бяруць "на хорька", але я гэтага не бачу, бо мая душа ўжо растала ў высокiм блакiце i золаце гэтага дня, а ў ашклянелых вачах адбiваюцца мiкраскапiчныя кедры i асiрацелы, без зрэзанага разам з катамi сцяга, флагшток. "Эй, студенты! - цяжкавата варочаючы языком, загаварыў дзядзька Коля-масквiч. - Я вот этими руками, - крыху пагойдваючыся на таўстых, як бёрны, нагах, ён растапырыў перад сваiм налiтым злосцю тварам шырозныя далонi з кароткiмi i мясiстымi, бы сардэлькi, пальцамi, - вот этими руками семерых ребят замочил. Для меня зона, что для вас - воля, а химия - так, ни рыба ни мясо, ни тайга ни тундра". Праваруч мяне, дзе займала абарону Амiна, пачулiся дзiўнаватыя гукi. Я асцярожлiва скасавурыўся: татарка, сцiснуўшы стрэльбу, напаўголаса спявала ваяўнiчую песню свайго народа. "Слушайте сюда, - казаў далей дзядзька Коля. - Фиксатого отдайте, боксера х...ва, а вас нам и на... не надо..." Я выцер аб калашыны будатрадаўскiх штаноў узмакрэлыя рукi i падумаў, што сустрэча са смерцю адтэрмiноўваецца. Мы крыкнулi, што фiксатага, гэта значыць Толiка, у доме няма i дзядзька Коля-масквiч можа выслаць да нас двух хiмiкаў-кантралёраў. Пачаўшыся на драматычнай ноце, прыгода скончылася бурлескна. Абшнарыўшы дамок i напалохаўшы ў салуне дзяўчат, кантралёры патапталiся на ганку, няўдала паспрабавалi ўшчыкнуць Амiну i раптам нязмушана-элегантна падхапiлi нашую скрынку з партвейнам i, не надта прыспешваючы хаду, рушылi ў свой стан. Дачка татарскiх стэпаў ускiнула дубальтоўку. "Амiна! Па сраках!" - адчайна i ўадначас спуджана выгукнуў Мiхась Чарнiловiч, але Генiк з Джонам Галяком ужо вiселi ў татаркi на руках. Свята згэмталася. У адрозненне ад мясцiн, дзе служыў Мiша Бугор, так нiкога i не зарэзалi. Недзе хаваўся ад дзядзькi Колi-масквiча Раслiнскi з баксёрскiмi пальчаткамi; недзе скрыгатаў зубамi ад болю настаўнiк Сацук з пяцiканцовай зоркаю на лбе; Амiна, уладкаваўшыся на ганку, гартанна спявала пераможную татарскую песню, а ў салуне жавалi ад хвалявання беларускае сала, запiваючы яго цёплым партвейнам, нашы бясстрашныя сяброўкi. У панядзелак ваяўнiчыя хiмiкi працверазелi i даведалiся, што фiксатага з Бугром перакiнулi верталётам у Бл. Яр, а паколькi дзядзька Коля-масквiч меў даўгiя рукi i словамi не кiдаўся, герояў Дня будаўнiка, выключыўшы за п'янку з атрада, хуценька адправiлi на Вялiкую зямлю ў родны Менск. Дзядзька Коля загадаў за недагляд зрабiць некалькiм сваiм людзям "самавучку", а сам у раздрыпаных пачуццях на ўсю ноч зачынiўся з дзвюма хiмiцамi. Са жнiвеньскай непазбежнасцю восенi наблiжаўся гаркавы момант расстання. Вада ў кар'ерах прыкметна пахаладнела, а вечаровыя вогнiшчы зрабiлiся цiшэйшымi i маркотнейшымi. Хiмiкi зайздросцiлi нам, мы папрывыкалi да амазонак, а некаторыя з iх, як засведчылi будучыя падзеi, клапатлiва ўзгадоўвалi ў сваiх дзявочых сэрцах не абы-якiя надзеi. Моўчкi ўзiраўся ў агонь "цяжкi" падлетак Вiця, якому за два месяцы выпала прайсцi некалькi курсаў мужчынскiх унiверсiтэтаў. Нават пасялковыя падлеткi ўжо не пускалi нам у вочы чмуту, а сарамлiва пыталiся, якiя ў Менску ёсць iнстытуты i цi цяжка туды паступiць. У апошнi дзень маленькая Вiка, расчэсваючы грабянцом кудзеркi, дрыготкiм галаском прамовiла: "Ну вот и все. Теперь будем только вспоминать", - а потым цiха, як мышанё, заплакала. Дробныя слёзкi капалi ў шклянку з "трыма сямёркамi", а я не плакаў, а недарэчна думаў, што калi нават Вiка будзе капаць у шклянку ўвесь дзень, яе слёзы ўсё адно не зменяць колеру вiна. Чарнiловiч са сваёй Насцяю дамовiлiся, што яна прыедзе ў Менск i яны занясуць у загс заяву. Джон Галяк з цёмненькай Святланкаю да самага вечара адсутнiчалi. Варвара, непрыгожа скрывелiўшыся, таксама заплакала, а Амiна, што пасля Дня будаўнiка заслужана прыбiлася да нашае кампанii, выпiла тры шклянкi вiна i тры разы пальнула ў цёмнае неба з дубальтоўкi. Чмыхлiвы дызель прывёз нас па "нашай" вузкакалейцы ў Бл. Яр, дзе мы ўбачылi будатрад "Victoria" ў апагеi разброду i маральных хiстанняў. Шырыню фронту работ вызначала замова на дзве прыбiральнi-шпакоўнi для аэрадрома, дзе нам з Генiкам як ужо вядомым спецыялiстам з ходу даверылi выканаць пачэсную частку працы. Не маючы за што зацяць рукi, байцы СБА выпiвалi, гулялi ў карты на вушы, задзiралiся з мясцоваю шпаной i лавiлi браднiком у старыцах рыбу. Камандзiр атрада, аспiрант Валодзя Засохiн, нажлукцiўшыся грамадскага каньяку, вырашыў пакатацца на грузавiку i знёс палову дашчанай сталоўкi. Рэпiн-дацэнт тым часам выйшаў на волю, а цыганаваты Сашка вярнуўся на зону: акуратна разабраў у прадуктовай крамцы шыферны дах, украў дзве пляшкi гарэлкi i пару селядцоў, выпiў на мураве проста пад крамнаю сцяной, пажаваў салёны рыбiн хвост i бесклапотна задрамаў на месцы злачынства, дзе i быў праз гадзiну забраны мiлiцыянтамi. Апошняй прыкметнай падзеяю напярэдаднi вяртання на радзiму сталася нашая па-дзiцячаму дурная бойка - не падзялiлi шчупакоў - з Чэсем Мiкульскiм. Мы бiлiся на беразе старыцы, намагаючыся скiнуць ворага ў прыбярэжную бузу з густым багавiннем. Я перамог, каб потым да заканчэння альма-матэр мучыцца згрызотамi сумлення, бо Чэсь пасля Новага года памёр ад раку, i казалi, нiбыта, едучы ў будатрад, ён ужо ведаў, колькi яму засталося. Дзесьцi наверсе вырашылi, што збiраць з томскай тайгi ўсю колькiтысячную будатрадаўскую брацiю ў абласным цэнтры небяспечна, i эшалоны фармавалi i адпраўлялi на захад у гарадку Асiна, якому было наканавана перажыць выпрабаваннi, параўнальныя хiба толькi з падзеямi грамадзянскай вайны i замежнае iнтэрвенцыi. Па-першае, у крамах былi раскупленыя ўсе наяўныя прадукты, у тым лiку - i найперш - каламутнае, як вада з калюжыны, тамтэйшае пiва, дзе, здавалася, ты на ўласныя вочы, без усякiх мiкраскопаў бачыў жывых бактэрыяў i мiкробаў. Добра, каб гэтую балоцiста-жоўтую каламуць спажывалi адно загартаваныя студэнцкiя галовы i страўнiкi, але ж ёю пачаставалi яшчэ i двух нiштаватых ужо медзведзянятаў, якiх везлi з сабою хлопцы з рыжскага iнстытута грамадзянскай авiяцыi. Ачумеўшы ад пiва, мядзведзiкi ўначы сарвалiся з ланцугоў i ўволю нагойсалiся па чэзлым райцэнтраўскiм парку, дзе на лавачках i проста на траве спалi будатрадаўцы. З дзесятак байцоў пасля той вясёлае ночкi грузiлiся ў эшалоны з забiнтаванымi рукамi i галовамi, а яшчэ з дзесятак доўга заiкалiся. Самi касалапыя мелi выдатны шанец уратавацца, вярнуўшыся ў родную тайгу, ды невядомая цёмная сiла пацягнула iх з парку да райкама партыi, дзе дзяжурны пост мiлiцыi сустрэў бурых дыверсантаў шчыльным загараджальным агнём. На свой вагон мы ўрачыста пачапiлi лозунг-плагiят з белаярскае зоны пра "честный труд - дорогу к дому". Дарога дадому выпала галодная, бо цягнiк падоўгу стаяў сярод дзiкай тайгi, а станцыi, дзе згаладнелыя байцы маглi нечага прыкупiць, мiнаў на кур'ерскай хуткасцi. Для Новасiбiрска зрабiлi выключэнне, i прывакзальны пляц стаўся сведкам вiдовiшча, як дзве кроплi вады падобнага да прыступу Зiмовага палаца з рэвалюцыйных фiльмаў: байцы ў зеленкаватай будатрадаўскай форме з разгону караскалiся на высокую прывакзальную браму, збiвалi з яе замок i, не раўнуючы, як экспрапрыятары, ламалiся з пустымi пляцакамi ў магазiны. Эшалону як найхутчэй далi зялёнае святло, i цэлы ўзвод байцоў з напакаванымi заплечнiкамi ўбачыў ад свайго цягнiка толькi зялёны хвост. Пасля Новасiбiрска сэрца ў чыгуначнага начальства адпусцiлася, i мы ўжо спынялiся на невялiкiх станцыях, дзе да вагонаў кiдалiся зграi гандлярак. Любы прадукт - тры разварыстыя бульбiны з салёным агурком, нядошлая таранка-сухарэбрыца, пачак леташняга пячэння - каштаваў рубель. Гэткую агорклую аднастайнасць парушыла з'яўленне тавару больш дарагога. Тавар звалi Кацюшай. Даўно выжлукцiўшы падазрона празрыстае новасiбiрскае пiва, мы журботна шукалi нейкую адпаведнасць свайму настрою ў восеньскiх прыўральскiх краявiдах, як у купэ лiтаральна ўварвалася крамяная кiрпатая маладзёнка. У руках у яе быў кошык з вафлямi, на шчоках гарэлi ружы, а голас звiнеў, як хор вясновых сiнiцаў: "Приветик, мальчики мои, бедненькие, голодненькие, трезвенькие... Ну че приуныли? По червончику, и я - ваша. Думайте, мальчики, думайте, другие уже надумали". Яна ўзмахнула пышнай хiмiчнаю фрызурай, i праз хвiлю яе скорагаворка ўжо данеслася да нас з суседняга купэ. Не трэба падазраваць нас у сквапнасцi або ў занадта высокай маральнасцi. Тым не менш нашае купэ ад спакуслiвай прапановы дружна (калi не браць пад увагу пакутлiвыя ваганнi Чарнiловiча) адмовiлася. Мабыць, намi кiравала iнтуiцыя. Пералiчыўшы сумленна заробленыя чырвончыкi, Кацюша пакiнула эшалон ужо далёка за Ўралам. Байцы з трох вагонаў тройчы пракрычалi ёй "гiп-гiп-ура!" i асамотнена разбрылiся дзялiцца ўспамiнамi пра алькоўныя выкрунтасы сiбiрскае гетэры ды пра свае мужчынскiя здабыткi. Подзвiгi байцоў трох менскiх будатрадаў выглядалi гэткiмi маштабнымi, што на iх здзяйсненне не хапiла б i дзесяцi Кацюшаў. Мiхася Чарнiловiча такiя размовы вiдочна нервавалi, i ён пачынаў на нас непрыхiльна касавурыцца. На занядбаных абшарах расейскага нечарназем'я волаты чыгуначнага сексу быццам па камандзе замаркоцiлiся, i па вагонах прашасцела хвастом лёгкая панiка... Цяпер Чарнiловiч пеўнем хадзiў па чужых купэ i, зларадна малюючы пакутнiкам усялякiя жахi, бескарыслiва прапаноўваў свае медычныя кансультацыi. Ва ўсеагульным няшчасцi адразу ж захлынулася прага помсты нашаму таварышу Юру Асiноўскаму, што апанавала была вагон памiж уральскiх адгор'яў. Недзе на мяжы Эўропы з Азiяй цiхмяны баец Юра са спалатнелым тварам выйшаў з купэ i дрогкiм голасам папрасiў склiкаць атрадны сход, дзе мы даведалiся, што ў Асiноўскага прапалi з валiзы ўсе чыста грошы. Бязрадасную навiну аздаблялi звесткi пра хворых бацькоў, не вельмi здаровую малодшую сястрычку i хворую на якуюсьцi складаную хваробу кароўку. Да пералiку чужых хваробаў бядак сарамяжлiва дадаў кранальную падрабязнасць: ад празмерных перажыванняў у яго сапсаваўся страўнiк i разгулялася крывавая мытуха. Найбольшую шкадобу выклiкалi не сам Юра i не ягоныя хворыя - рэч звычайная - сваякi, а якраз гарапашная кароўка, што чакае не дачакаецца запрацаваных крывавым мазалём будатрадаўскiх рублёў. Калi ў часе галасавання пра збор грошай, дзве рукi нерашуча "ўстрымалiся", сход закiпеў высакародным абурэннем. У вынiку Юра атрымаў на тры сотнi болей за iншых байцоў i ягоны малады паарлелы арганiзм хутка перамог мытуху. Як нi горка зноў i зноў расчароўвацца ў людзях самому i расчароўваць астатнiх, аднак праўда вымагае, каб яе палыновы келiх выпiвалi да дна. Цiхi баец Юра "гнаў карцiнку". Двое хлапцоў, тыя самыя, што на сходзе адмовiлiся галасаваць "за", не толькi ехалi з Юрам у адным купэ, але i пражылi з iм год у адным пакоi, а таму мелi больш дадзеных для аналiзу сiтуацыi. Адзiн баец да непрытомнасцi напаiў акрыялага таварыша, а другi ўчынiў татальны ператрус Юраваму багажу, знайшоўшы "ўкрадзеныя" грошы на дне валiзы ў вопраднi з некалькi параў нямытых смярдзючых шкарпэтак. З прычыны павальных любошчаў з Кацюшай-буфетчыцай "Victoria" не спраўдзiла надзеяў роднага iнтэрната. Заместа хвацкiх балюшак з удзелам мясцовых вакханак i салютавання коркамi ад шампанскага, байцоў чакалi вiзiты да венеролагаў i розныя малапрыемныя працэдуры. Крыху рэабiлiтаваў сяброў хiба што чацвертакурснiк Вася Максiменка, якi, нягледзячы на захворванне, залез уначы з пляшкаю шампанскага на святлафор на рагу вулiц Свярдлова i Ўльянаўскай i чытаў адтуль рэдкiм мiнакам творы Мiхаiла Юр'евiча Лермантава. У пратаколе, чым Вася страшэнна ганарыўся, дзяжурны па аддзяленнi запiсаў, што пад час затрымання грамадзянiн Максiменка "оказал сопротивление путем внезапного открытия бутылки советского шампанского и полития им сотрудников милиции". (Ад выключэння з унiверсiтэта нашага сябрука ўратавала не толькi тое, што шампанскае было савецкае; крыху дапамог i сваяк-прарэктар.) Яшчэ адзiн баец выславiўся тым, што ездзiў на заняткi заўсёды "зайцам", а злоўлены кантралёрам, законапаслухмяна даставаў прывезеную з Сiбiры сторублёвую купюру, з якой, натуральна, не знаходзiлася рэшты. "Заяц" прымiльгаўся, i скончылася ўсё тым, што кантралёр у хаўрусе з кiроўцам неразменную купюру папросту адабралi, а яе ўладальнiка, папярэдне намяўшы бакi, выкiнулi з тралейбуса на высланы жаўталiсцем газон. Цёплы полацкi верасень, што мiльгануў памiж маiм вяртаннем з Сiбiры i пачаткам заняткаў, зачапiўся ў памяцi пераважна ўбогiм iнтэр'ерам бара "Пралеска" i аднайменным кактэйлем няпэўнага смаку, што мы з маiм сябрам дзяцiнства Санем Македонскiм выпiвалi перад танцамi ў Палацы культуры завода шкловалакна. ("Як звычайна", - з ленаватай няўважлiвасцю заўсёднiкаў кiдалi мы барменцы.) У палацы нас чакалi другакурснiцы кааператыўнага тэхнiкума Зiна i Iлона. Свет яшчэ раз засведчыў сваю недасканаласць: мне падабалася шатэнка Зiна, а Македонскаму - бландзiнка Iлона, у iх жа ўсё атрымалася наадварот. "Няхай выбiрае жанчына", - прапаноўваў фаталiст Саня, але мая падагрэтая кактэйлем натура бунтоўна ашчацiньвалася, i мы працягвалi "хадзiць" учацвярых. Роспачнай спробаю вырвацца з зачараванага чатырохкутнiка сталася начная паездка на таксi ў тады яшчэ безнадзейна зачынены Спасаўскi манастыр, дзе мы зусiм не чыталi малiтваў, а пiлi шампанскае, каб потым - даруйце, калi можаце, нам, Божа, i ты, нябесная наша заступнiца Еўфрасiння - разбiць пляшку i шклянкi аб спярэшчаны мацернымi словамi манастырскi мур. Пасля Зiна прыслала мне ў Менск ажно два лiсты, што ўразiлi не так дэманстрацыяй нечаканай вернасцi, як узроўнем фiлалагiчнае падрыхтоўкi будучых кааператарак. Зiна пiсала, нiбыта ў Iлоны ёсць новы "паринь", а яна, маўляў, па-ранейшаму ўспамiнае мяне i "пикник на графских развалинах". аднак "всиму есть придел". Трэба было разумець, што хутка з'явiцца "паринь" i ў Зiны. Пакуль я вярнуўся ў Менск, былыя байцы будатрада "Viсtоriа" паспелi пазалечваць ганарэю i прамантачыць сiбiрскiя заробкi. У хуткiм часе Чарнiловiч са старастаю нашай групы Лiляй падалi заяву ў загс. У цiхага Юры Асiноўскага, учадзеўшы ўначы ў хаце, памерлi бацькi, i ён перавёўся на завочнае аддзяленне i паехаў жыць дадому. Махнуўшы рукой на старыя будатрадаўскiя рахункi, мы з першай стыпендыi сабралi малодшай Юравай сястрычцы ды хворай кароўцы сто рублёў. У Чылi да ўлады прыйшоў Аўгуста Пiначэт. У СССР разгортвалася барацьба з п'янствам i алкагалiзмам. Наш гiстфакаўскi Клуб аматараў пiва, схаваўшыся за абрэвiятураю КАП, дзейнiчаў, як i братняя кампартыя Чылi, у глухiм падполлi. Унiверсiтэт трэслi франтальныя рэйды i праверкi. Пад час аднаго рэйду ў нашым iнтэрнаце партыйныя, камсамольскiя i прафсаюзныя дзеячы пачулi за замкнёнымi дзвярыма падазроныя шолахi i абклалi пакой, бы харты. Як толькi дзверы цiхенька прачынiлiся, гайня правяральшчыкаў уварвалася ў пакой i знайшла там зляканага студэнта, якi, колькi было змогi, iмiтаваў падрыхтоўку да семiнарскiх заняткаў па гiсторыi КПСС. Са сцянной шафы сакратар партбюро трыумфальна выцягнуў яшчэ больш перапалоханую студэнтачку ў строях Евы. "А мы дружым", - толькi i здолеў прамовiць юны служка Клiо, за што разам з сяброўкаю быў неадкладна выселены з iнтэрната. З таго дня варта было якой-небудзь знаёмай парачцы з'явiцца на вачах у гiстфакаўскай публiкi, як з усiх бакоў гучала яхiднае пытанне: "Што, дружыце?" Праверка выхаваўчай работы застукала ў iнтэрнатаўскiм ленiнскiм пакоi таталiзатар. На трох ссунутых сталах для самастойных заняткаў адбывалiся прусачыныя скачкi. Нашы вусатыя субкватаранты бегалi па выкладзеных алоўкамi дарожках. Стаўкi даходзiлi да двух чырвонцаў. Ажыятаж панаваў такi, што, здавалася, дай iм волю, i свае стаўкi зробяць класiкi марксiзму-ленiнiзму, якiя сачылi за падзеямi з аляпаватых партрэтаў. Акурат у той самы момант, як фаварыт Бiл Шалёная Карова ў глыбокiм роздуме супынiўся на сярэдзiне дыстанцыi, у дзверы i ўвалiлася праверка, якой было зусiм няпроста апанаваць нашую ўвагу, бо ўсе позiркi сышлiся ў кропцы, дзе Бiл нi з чога нi з якога вырашыў заняцца медытацыяй. Авалодаўшы становiшчам, рэйдавая брыгада абазвала нас будучымi байцамi iдэалагiчнага фронту, адразу ж зазначыўшы, што нiхто з нас гэтай высокай годнасцi не заслугоўвае. Абураныя тырады пачыналiся прыкладна так: "Здесь, под портретами вождей..." Карацей, жыццё iшло сваiм парадкам. Напружыўшы творчыя сiлы, мы выпусцiлi спачатку орган свайго пакоя No 25 насценгазету "Алiгатэр" (назваю служыла налепка ад вiннай пляшкi з падмаляванаю лiтарай "р"), а потым - чарговы нумар нашага альманаха "Мiлавiца". Пра франдзёрскi насценны орган хтосьцi iмгненна даклаў начальству, а "Мiлавiцу" ўзяў пачытаць камсамольскi сакратар Карагiн, i яна знiкла на цэлы месяц. Потым на нас зусiм беспадстаўна спiшуць i нейчы малюнак-загадку на кавалку ватману, што напярэдаднi iспытаў з'явiўся побач з раскладам заняткаў: тры разложыстыя дубы, перад кожным - бутэлька, а ўнiзе - перакуленая дагары нагамi адгадка: "Новы год на вайсковай катэдры". Ад блiзкага знаёмства з таварышам маёрам нас аддзялялi адна толькi сесiя i вакацыi. Згадкi пра Сiбiр, хiмiкаў, пясчаныя кар'еры i гарачыя вусны амазонак наведвалi нас усё радзей. Праўда, амазонкi прыслалi вiншаванне з "годовщиной Великого Октября". Мы не адгукнулiся на паштоўку: нашы адрасанткi павiнны былi зразумець, што мы - вярнулiся, вярнулiся дадому. Але яны не зразумелi. Неяк пад Новы год на лекцыю навуковага камунiзму нечакана прыбег задыханы Мiхась Чарнiловiч, якi грыпаваў i адлежваўся ў iнтэрнаце. Апрача кажушка на Мiхасю было толькi замытае спартовае трыко з пухiрамi на каЛёнях i чаравiкi на босую нагу. Таямнiцы навуковага камунiзму мы спасцiгалi ў аўдыторыi-амфiтэатры, якая мела запасны ўваход, што вёў адразу на верхатуру. На схаваных за абгародкаю прыступках хто-небудзь зазвычай жлукцiў пiва або перакiдваўся ў карты. У гэты зацiшны куток, куды з верхнiх радоў можна было без асаблiвых праблемаў трапiць проста ў час лекцыi, нас i сабраў упараны Чарнiловiч. "Амазонкi прыпёрлiся..." - выдыхнуў ён. Выявiлася, што Мiхась убачыў сiбiрачак з нашага вакна на першым паверсе ўжо на самых блiзкiх подступах да iнтэрната i, паспеўшы насунуць чаравiкi ды накiнуць кажух, махануў цераз падваконне ў сумёт. Адразу зрабiлася ясна, што сярод трох няпрошаных госцяў прыехала Насця, якой улетку Чарнiловiч дакляраваў вiзiт у адзiн з менскiх загсаў. З удзячнай палёгкаю я даведаўся, што маленькай Вiцы хапiла розуму не ехаць. Разам з Насцяю прыбыла камiсарка "амазонак" пампушыстая Нона, якой належылi неаспрэчныя заслугi ў выхаваннi "цяжкога" падлетка Вiцi. Трэцяя была Элен. Сiтуацыя пакiдала няшмат прасторы на манеўры. Чарнiловiча, прынесшы яму больш прыстойную апранаху, неадкладна адправiлi ў родную вёску. Генiк, Дж. Галяк i я адважна ўзялi амазонак на сябе. Досыць паспяхова разыграўшы сцэну сустрэчы пасля доўгай ростанi, мы запрасiлi сiбiрачак у "найлепшую менскую рэстарацыю". Гэтую ролю выконваў самы блiзкi ад iнтэрната рэстаран старога гатэля "Беларусь", што памятаў марскiя аповеды Мiшы Бугра. Афiцыйна Чарнiловiч адбыў на "студэнцкую навуковую канферэнцыю" ў Ташкент. На правах найблiжэйшага сябра маладога навукоўца менчук Генiк запрасiў Насцю спынiцца ў яго. Элен заставалася пры мне. Рэстаранавы калаўрот унёс карэктывы. Камiсарку Нону, не зважаючы на ленаваты супрацiў Дж. Галяка, узяўся безупынна запрашаць на танец i ўрэшце звёз нейкi даўгяла-баскетбалiст. Калi аркестр развiтаўся з публiкай, а потым вярнуўся i пачаў выконваць песнi гасцям з сонечнага Ўзбекiстана, якiя выцягвалi з-за халяваў загорнутыя ў смуродныя анучы пачкi грошай, асiрацелы Дж. Галяк i Насця з Генiкам падалiся ў Генiкаву Серабранку, а мы з Элен без вялiкага iмпэту пацягнулiся ў iнтэрнат, дзе я праз вакно запусцiў яе ў наш пакой. Закурыўшы, Элен сваiм звычайным бескалёрным тонам прамовiла: "Подонок ваш Михась. Только такой дуре, как Настька, и можно лапши про Ташкент навешать". Зрабiўшы зацяжку, яна працягвала выкрывальнiцкую палiтыку: "Викуша твоя, между прочим, вовсю с сыном декана трахается. Привета не передавала. Карьерой девочка занялясь". Праз некалькi зацяжак я атрымаў новую поўху: "Я тут, кстати, послушала, послушала, и никто на твоем белорусском языке нигде не говорит". У яе голасе прарэзалася вiдавочная злараднасць. Чарнiловiч аказаўся падонкам. Вiка трахалася з дэканавым сынам i рабiла кар'еру, а ў Менску нiхто не гаварыў па-беларуску. Ну што мне заставалася рабiць? Паслаць гэтага пракурора ў клятчастай максi-спаднiцы ў марозную ноч да яе скандынаўскiх продкаў? Вiдаць, такi варыянт сапраўды быў бы найлепшы. Але замест гэтага я паспрабаваў ажывiць у памяцi цёплы прыцемак над кар'ерам i шамаценне бурундукоў у падлеску... Неўзабаве пасля ад'езду амазонак маладзечанская электрычка зноў прывезла ў Менск хранiчнага ўцекача ад жонкi Мiшу Бугра. У нас як на тое надарылася выязное паседжанне Клуба аматараў пiва на Генiкавым летнiку. Марна прачакаўшы да вечара ў халодным iнтэрнатаўскiм фае, Мiша выпiў пляшку гарэлкi i ўсё-ткi сеў у маскоўскi цягнiк. Ён дапяў да Ўладзiвастока, наняўся на гандлёвы вадаплаў, што хадзiў у Японiю, кiнуў пiць i сабраў за год кучу грошай. Ужо купiўшы квiт на самалёт i спакаваўшы дзве валiзы падарункаў, Мiша выйшаў на шпацыр па пераднавагоднiм горадзе i нарваўся на бiча. Бiч вылез з каналiзацыйнага атвору i папрасiў дваццаць капеек на кiно. Бугор зацiкавiўся i даў бiчу дваццаць рублёў. Той прапанаваў пасядзець. Знаёмства задоўжылася да вясны. Увесну Мiша зарабiў на кабатажнай развалюсе грошы на дарогу i перад летняю сесiяй, даўно аплаканы жонкаю i сваякамi i на ўсякi выпадак памянуты намi, з'явiўся ў нас у пакоi, як вястун з таго свету. Ён пiў пiва з воблай i апавядаў вусцiшныя гiсторыi пра жыццё ў падземных уладзiвастоцкiх камунiкацыях, дзе бiчы спяць на трубах цэнтральнага ацяплення i ў лютыя маразы дзесяткамi гiнуць ад велiзарнай рознiцы тэмператураў знiзу i зверху цела, а дворнiкi выцягваюць iх потым праз люкi бусакамi. З кiшэнi Мiша вытрас жменю перамяшаных з махоркаю кедравых арэхаў. Гэта было апошняе прывiтанне з Сiбiры. |
|
|