"Жывы тэлеграф (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Прус Болеслав)Прус БолеславЖывы тэлеграф (на белорусском языке)Баляслаў Прус Жывы тэлеграф Пераклад: Янка Брыль У час вiзiту ў сiрочым прытулку панi графiня заўважыла на калiдоры незвычайную сцэну: чатыры хлопцы вырывалi адзiн у аднаго падзёртую кнiгу, даволi жвава лупцуючыся кулакамi. - Мне здаецца, дзецi, што вы б'яцеся? - крыкнула спалоханая дама. - За гэта нiводзiн з вас не атрымае пернiчка i да таго яшчэ будзе стаяць на каленях. - Бо гэта ён, проша панi, забраў у мяне "Рабiнзона"! - апраўдваўся адзiн хлопец. - Лухта, гэта ён! - запярэчыў другi. - Бачыш, як ты лжэш! - крыкнуў трэцi. - Гэта ты забраў у мяне "Рабiнзона". Манашка растлумачыла даме, што, хоць тут i пiльны нагляд, падобныя выпадкi здараюцца даволi часта, бо дзецям хочацца чытаць, а кнiжак у прытулку няма. У сэрцы графiнi затлела нейкая iскра. Паколькi, аднак, паню стамляла думанне, яна пастаралася забыцца пра гэта. Толькi ў салоне пана саветнiка, дзе прынята было гаварыць пра рэчы набожныя i дабрачынныя, графiня расказала пра выпадак у прытулку i пра тое, як растлумачвала яго манашка. Саветнiк, слухаючы графiню, таксама пранiкся незвычайным пачуццём i, як быстрэйшы ў думаннi, вырашыў, што трэба было б паслаць сiротам кнiжак. Прыгадаў нават, што ў шафе цi ў скрынi тлее ў яго мноства друкаванага слова, якое ён купляў калiсьцi сваiм дзецям... Аднак пан саветнiк быў зацяжкi, каб корпацца ў нейкай старызне. Увечары саветнiк быў у пана З., усё жыццё якога праходзiла ў аддаваннi дробных паслуг чалавецтву, асаблiва яго нiжэйшым пластам. Хочучы зрабiць прыемнасць пану З., саветнiк расказаў яму, што графiня ўбачыла ў прытулку i пачула там ад манашкi, дадаўшы са свайго боку, што варта было б пастарацца пра кнiгi для сiрот. - Ды гэта ж прасцей за ўсё! - выгукнуў пан З. - Зайду заўтра ў рэдакцыю "Кур'ера" i паўплываю на iх, каб зрабiлi аб'яву. Назаўтра пан З. прыбег, задыханы, у рэдакцыю, на прамiлы бог просячы, каб яна заклiкала грамадскасць ахвяроўваць кнiгi для сiрот. Ён трапiў вельмi дарэчы, бо ў нумары якраз не хапала некалькi радкоў з якой-небудзь сенсацыйнай весткай. I таму рэферант чуллiвага аддзела прысеў i напiсаў: "Чародка дзяцей, якiмi апякуецца грамадскасць, пакутуе ад недахопу кнiг. Малеча тужыць. Памятайце пра душы галодных!" Праз некалькi дзён, у нядзелю, каля зачыненых дзвярэй рэдакцыi я сустрэў бедна апранутага чалавека, з рукамi чорнымi, як у камiнара, з худой дзяўчынкай, што трымала пакунак старых кнiг. - Чаго вы хацелi? Чалавек зняў шапку i нясмела адказаў: - Мы, проша пана, прынеслi некалькi кнiжак для тых галодных, што вы пiсалi пра iх... А худая дзяўчынка зрабiла кнiксен i зачырванелася, наколькi гэта дазволiла ёй малакроўе. - Як вас завуць? - спытаўся я ў чалавека, узяўшы тыя кнiгi. - А навошта вам гэта? - спытаўся ён разгублена. - Павiнны ж мы надрукаваць, хто кнiгi даў. - Ой, не трэба! Я ж бедны чалавек з капялюшнай фабрыкi... Не, не трэба... I ён пайшоў са сваёю благенькай дачкой. Побач са мной стаяў вучоны, прафесар фiзiкi, i таму, вiдаць, мне прыйшоў на думку тэлеграф зусiм новай канструкцыi. Галоўнай станцыяй быў сiрочы прытулак, бакавой - рабочы з капялюшнай фабрыкi; калi адзiн даў сiгнал "увага", другi адразу ж адказаў. Калi адзiн пажадаў, другi - прынёс. А мы, усе iншыя, выконвалi функцыю тэлеграфных слупоў. |
|
|