"Салавей i ружа (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Уайлд Оскар)Уайлд ОскарСалавей i ружа (на белорусском языке)Оскар Уайлд Салавей i ружа Пераклад: Iрына Сляповiч - Яна сказала, што будзе танцаваць са мной, калi я прынясу ёй чырвоную ружу! - усклiкнуў малады Студэнт. - Але ў маiм садзе няма нiводнай чырвонай ружы. Са свайго гнязда на дубе гэта пачуў Салавей. Ён выглянуў з лiстоты i прыслухаўся. - Нiводнай чырвонай ружы ва ўсiм маiм садзе! - зноў усклiкнуў Студэнт, i яго прыгожыя вочы напоўнiлiся слязьмi. - Ах, ад якой дробязi залежыць шчасце! Я прачытаў усё, што напiсана мудрымi людзьмi, я ведаю ўсе сакрэты фiласофii, але таму толькi, што ў мяне няма чырвонай ружы, маё жыццё будзе разбiта. "Вось дзе нарэшце сапраўдны закаханы! - сказаў сам сабе Салавей. - Ноч у ноч спяваў я пра яго, хоць i не ведаў яшчэ, ноч у ноч я расказваў аб iм зоркам, i вось цяпер бачу яго самога. Валасы ў яго цёмныя, што гiяцынт, вусны чырвоныя, што ружа, якую ён шукае; але каханне зрабiла яго твар бледным, як слановая косць, а пакуты надалi яму мужнасцi". - Заўтра ўвечары ў Прынца баль, - шаптаў юнак, - i мая каханая будзе сярод гасцей. Калi я прынясу ёй чырвоную ружу, дык абдыму яе. Яна схiлiць галоўку мне на плячо, i мы будзем моцна трымацца за рукi. Але ў маiм садзе няма чырвонай ружы, i я, самотны, буду стаяць у кутку, а яна пройдзе мiма. Яна не заўважыць мяне, i маё сэрца гэтага не вытрымае. - Вось сапраўдны закаханы, - сказаў Салавей. - Тое, пра што я толькi пяю, для яго боль. О так, каханне - гэта цуд. Яно даражэйшае за смарагд, даражэйшае за цудоўны апал. Яго не купiш нi за гранат, нi за жэмчуг, яно не прадаецца на кiрмашы. Яго не прыдбаеш у краме, не выменяеш на золата. - На хорах будуць сядзець музыканты, - працягваў малады Студэнт, - i граць на арфах i скрыпках, а мая любая стане танцаваць з такой лёгкасцю, што яе ножкi будуць ледзьве дакранацца паркету. Вакол яе стоўпяцца прыдворныя ў блiскучым адзеннi. Але са мной яна танцаваць не будзе, бо ў мяне няма для яе чырвонай ружы. I ён упаў нiцма на траву, затулiў твар рукамi i зарыдаў. - Чаго ён плача? - спытала маленькая зялёная Яшчарка, якая прапаўзала мiма Студэнта, варушачы хвосцiкам. - Сапраўды чаго? - падхапiў Матылёк, што пырхаў паблiзу ў сонечных промнях. - Чаго ён? - пяшчотным шэптам пацiкавiлася Стакротка ў свайго суседа. - Ён плача праз чырвоную ружу, - адказаў Салавей. - Праз чырвоную ружу? - здзiвiлiся ўсе. - Ах, як смешна! А крыху цынiчная маленькая Яшчарка проста засмяялася яму ў вочы. Адзiн толькi Салавей разумеў Студэнтава гора. Ён моўчкi сядзеў на дубе i думаў пра таямнiцы Кахання. Раптам ён распасцёр свае шэрыя крылцы i ўзвiўся ў паветра. Як цень, ён праляцеў над гаем i, як цень, пранёсся над садам. Пасярод паплаўца рос прыгожы Куст ружы. Салавей убачыў яго, падляцеў i апусцiўся на галiнку. - Дай мне чырвоную ружу, - папрасiў ён, - а я табе спяю сваю найлепшую песню. Але Куст зарыпеў галiнамi. - Мае ружы белыя, - адказаў ён, - яны белыя, як марская пена, яны нават бялейшыя за снег на горных вяршынях. Ляцi да майго брата, што расце каля старога пясочнага гадзiннiка. Можа, ён цябе выручыць. I паляцеў Салавей да Куста, што рос каля старога пясочнага гадзiннiка. - Дай мне чырвоную ружу, а я табе спяю сваю найлепшую песню. Але i гэты Куст зарыпеў галiнамi. - Мае ружы жоўтыя, - адказаў ён, - яны жоўтыя, як валасы ў русалкi, што сядзiць на троне з бурштыну, яны нават жаўцейшыя за нарцыс, якi цвiце на няскошаным поплаве. Ляцi да майго брата, што расце пад акном у Студэнта. Можа, ён цябе выручыць. I паляцеў Салавей да трэцяга Куста ружы, што рос пад акном у Студэнта. - Дай мне чырвоную ружу, - пачаў упрошваць ён, - а я табе спяю сваю найлепшую песню. Але i трэцi Куст зарыпеў галiнамi. - Мае ружы чырвоныя, - адказаў ён, - яны чырвоныя, як лапкi ў голуба, яны чырванейшыя за вееры каралаў, што калышуцца ў пячорах на дне акiяна. Але ад зiмовай сцюжы ў маiх жылах застыла кроў, мароз пабiў мае пупышкi, бура паламала галiнкi, i сёлета ў мяне зусiм не будзе ружаў. - Адну чырвоную ружу - больш мне не трэба! - упрошваў Салавей. - Толькi адну чырвоную ружу! Няўжо нiчога няможна зрабiць? - Можна, - адказаў Куст, - але гэта так страшна, што я не асмельваюся сказаць табе. - Гавары, - папрасiў Салавей, - я не баюся. - Калi ты хочаш, каб у цябе была чырвоная ружа, ты павiнен стварыць яе, як засвецiць месяц, з гукаў сваiх песень i акрапiць крывёю свайго сэрца. Ты павiнен спяваць мне, прыцiснуўшыся грудзьмi да майго шыпа, усю ноч навылёт, а тым часам твая жывая кроў перальецца ў мае жылы i стане маёй крывёю. - Жыццё - дарагая цана за чырвоную ружу, - задуменна прамовiў Салавей, - яно любае кожнаму. Вялiкае шчасце, седзячы ў лесе, любавацца Сонцам у залатой каляснiцы i Месяцам у каляснiцы з жэмчугу. Салодка пахне глог, цвiтуць у далiнах мiлыя званочкi, растуць на ўзгорках верасы. Але Каханне даражэйшае за Жыццё, дый што значыць сэрца нейкай птушкi ў параўнаннi з чалавечым? I, узмахнуўшы шэрымi крылцамi, Салавей узвiўся ў паветра. Як цень, ён праляцеў над садам i, як цень, пранёсся над гаем. Малады Студэнт усё яшчэ ляжаў на траве, там, дзе пакiнуў яго Салавей, i слёзы яшчэ не высахлi на яго прыгожых вачах. - Радуйся! - усклiкнуў Салавей. - Радуйся, будзе ў цябе чырвоная ружа. Я ствару яе, як засвецiць месяц, з гукаў сваiх песень i акраплю крывёю свайго сэрца. За гэта я хачу ад цябе толькi аднаго: будзь верны свайму Каханню, таму што якая б мудрая нi была Фiласофiя, Каханне мудрэйшае; якая б магутная нi была Ўлада, Каханне магутнейшае. Яго крылы чырвоныя, што полымя, полымем ахоплена i яно само. Вусны ў яго салодкiя, бы мёд, а дыханне падобнае да паху ладану. Студэнт узняў вочы i прыслухаўся да Салаўя, але нiчога не зразумеў, бо ён ведаў толькi тое, пра што напiсана ў кнiгах. А Дуб зразумеў i засмуцiўся, таму што вельмi любiў свайго Салавейку, якi звiў гаяздо ў яго галiнах. - Праспявай мне апошнi раз, - прашаптаў ён, - мне будзе вельмi самотна без цябе. I заспяваў Салавей Дубу, i голас яго быў падобны да цурчання вады, што лiецца з сярэбранага збана. Калi ён скончыў спяваць, Студэнт падняўся i выняў з кiшэнi запiсную кнiжку i аловак. "О так, у яго ёсць форма, - сказаў ён сам сабе, iдучы дадому, - што праўда, то праўда. Але цi ёсць у яго пачуццi? Баюся, што няма. Па сутнасцi, ён такi самы, як i большасць артыстаў: уся ўвага скiравана на стыль, а шчырасцi нестае. Ён нiколi не прынясе сябе каму-небудзь у ахвяру. Ён думае толькi пра музыку, а кожны ведае, што мастацтва эгаiстычнае. Аднак трэба прызнаць, што асобныя яго пошчакi даволi мiлагучныя. Адно шкада - яны не маюць нiякага сэнсу i пазбаўленыя карысцi!" I юнак пайшоў да сябе ў пакой, лёг на маленькi вузкi ложак i пачаў думаць пра сваё каханне. Хутка ён заснуў. Калi на небе засвяцiў Месяц, Салавей прыляцеў да Куста ружы i прыцiснуўся да шыпа. Так ён спяваў усю ноч, а халодны крыштальны Месяц схiлiўся да яго i слухаў. Усю ноч навылёт спяваў Салавей. I ўсё глыбей i глыбей упiваўся шып у яго сэрца, i з сэрца кропля за кропляй сачылася жывая кроў. Спачатку Салавей спяваў пра тое, як нараджаецца каханне ў сэрцах хлопчыка i дзяўчынкi. I тады на самай верхняй галiнцы Куста Чырвонай ружы пачала распускацца дзiвосная кветка. З кожнай новай песняй з'яўляўся новы пялёстак. Спярша ружа была бледная, як туман над ракой, бледная, як першыя крокi золку, серабрыстая, як крылы досвiтку. Быццам адбiтак ружы ў сярэбраным люстры, быццам адбiтак ружы ў нерухомай вадзе сажалкi - вось якая была ружа, што расцвiла на верхняй галiнцы Куста. I тады Куст зашалясцеў i сказаў Салаўю, каб ён яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа. - Шчыльней цiснiся да мяне, Салавейка, бо iнакш дзень настане раней, чым запунсавее ружа! Салавей яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа, i галасней загучала яго песня, бо была тая песня пра нараджэнне кахання ў сэрцах юнака i дзяўчыны. I вось пялёсткi ружы зрабiлiся пунсовыя, як твар у маладога, калi ён цалуе ў вусны сваю нявесту. Але шып яшчэ не працяў сэрца птушкi, i Ружа заставалася белая, бо толькi жывая кроў Салаўя магла пафарбаваць сэрца Ружы. Зноў Куст загадаў Салаўю, каб ён яшчэ мацней прыцiснуўся да шыпа. - Прыцiснiся з усяе сiлы, Салавейка, бо iнакш дзень настане раней, чым запунсавее ружа! I Салавей прыцiснуўся да шыпа яшчэ мацней, i джала нарэшце ўпiлося ў яго сэрца. Яго захлiснула хваля невыноснага болю. Боль рабiўся нясцерпны, але песня гучала ўсё галасней i галасней, бо Салавей спяваў пра Каханне, якое знаходзiць дасканаласць у Смерцi. Пра Каханне, якое не памiрае i пасля смерцi. I стала дзiвосная ружа пунсовая, як небасхiл на свiтаннi. Пунсовы зрабiўся венчык, пунсовае, як рубiн, зрабiлася i яе сэрца. А голас у Салаўя слабеў i слабеў, i вось затрымцелi маленькiя крылцы, затуманiлiся вочкi, i Салавей адчуў, як нешта калючае сцiснула яму горла. Цяпер ён азваўся сваiм апошнiм пошчакам. Бледны Месяц пачуў яго i, забыўшыся на свiтанне, застаўся на небе. Пачула яго i Чырвоная ружа i, затрапятаўшы ў адказ, распусцiлася ўсiмi пялёсткамi насустрач халаднаватаму ранiшняму ветрыку. Рэха панесла гэты пошчак да сваёй барвовай пячоры ў гарах i разбудзiла пастухоў, якiя там спалi. Ён пракацiўся над рачнымi чаратамi, i тыя аддалi гэтыя гукi мору. - Глядзi, глядзi! - здзiвiўся Куст. - Ружа зрабiлася чырвоная. Але Салавей не адказаў. Ён ляжаў мёртвы ў высокай траве, i ў сэрцы ў яго быў шып. Апоўднi Студэнт расчынiў акно i выглянуў у сад. - Ах, якое шчасце! - узрадаваўся ён. - Дык тут жа ёсць чырвоная ружа! Нiколi ў жыццi я не бачыў такой чырвонай ружы! Яна, пэўна, мае якую-небудзь доўгую лацiнскую назву. I, высунуўшыся з акна, юнак сашчыкнуў кветку. Ён зараз жа надзеў капялюш i пабег да Прафесара, трымаючы ружу ў руцэ. Дачка Прафесара сядзела ў дзвярах i намотвала на шпульку блакiтныя ядвабныя нiткi. У яе ля ног ляжаў маленькi сабачка. - Вы казалi, што будзеце танцаваць са мной, калi я прынясу вам чырвоную ружу, - нагадаў ёй Студэнт. - Вось самая чырвоная ружа на свеце. Прыкалiце яе ўвечары ля сэрца, i, калi мы будзем танцаваць, яна раскажа, як я вас кахаю. Але дзяўчына не выказала радасцi. - Баюся, ружа не падыдзе да майго ўбрання, - адказала яна. - Апроч таго, пляменнiк камергера прыслаў мне сапраўдныя брыльянты, а каму невядома, што яны значна даражэйшыя за кветкi! - Ах, якая вы няўдзячная! - гнеўна выпалiў Студэнт i са злосцю кiнуў ружу на зямлю. Яна ўпала ў каляiну, i хутка па ёй праехалi коламi. - Ах, я няўдзячная?! - узлавалася дзяўчына. - Дык ведайце ж: вы грубiян! I ўрэшце, хто вы такi? Усяго толькi Студэнт. Сумняваюся, цi ёсць у вас такiя сярэбраныя спражкi, як у пляменнiка камергера! Яна ўсхапiлася з крэсла i пабегла ў пакой. "Якое гэта глупства - Каханне, - з горыччу разважаў Студэнт, iдучы дадому. - У iм няма i паловы таго зместу, якi ёсць у Логiцы; яно нiчога не даказвае, а абяцае заўжды нязбытнае i прымушае верыць у прывiд. Карацей кажучы, яно зусiм непрактычнае. А паколькi ў наш век быць практычным - самае галоўнае, то вярнуся я лепш да Фiласофii i буду вывучаць Метафiзiку". I Студэнт пайшоў да сябе ў пакой, выцягнуў вялiкую запыленую кнiгу i пачаў чытаць. |
|
|