"Чорная страла" - читать интересную книгу автора (Стывенсан Робэрт Льюіс)

Раздзел II На балоце

Гадзіне а шостай майскай раніцай Дзік пад'ехаў да балота, цераз якое пралягаў яго шлях да замка Мот. Зіхацела блакітнае неба; вясёлы вецер дзьмуў шумна і роўна; крылы ветракоў шпарка кружыліся; вербы, схіленыя над балотам, калыхаліся пад ветрам і раптоўна святлелі, быццам пшаніца. Дзік усю ноч правёў у сядле, але сэрца ў яго было здаровае, цела моцнае, і ён бадзёра працягваў свой шлях.

Сцяжынка мала-памалу спускалася ўсё ніжэй, усё бліжэй да дрыгвы; дзесьці далёка ззаду на пагорку каля Кэтлі ўзвышаўся млын, і гэтак жа далёка наперадзе маячылі макаўкі Тэнстолскага лесу. З абодвух бакоў сцяжынкі калыхаліся вербы і чарот; лужыны пеніліся пад ветрам; здрадніцкая дрыгва, зялёная, як ізумруд, падсцерагала і заваблівала неасцярожнага вандроўніка. Сцежка ішла нацянькі цераз багну; гэта была вельмі даўняя сцежка. Яе праклалі яшчэ рымскія салдаты; з таго часу прайшлі вякі, і ў многіх мясцінах яе залілі гіблыя воды балота.

Калі ад'ехаў на мілю ад Кэтлі, Дзік наблізіўся якраз да такога месца; сцежка тут зарасла вербалозам і чаротам, і гэта хоць каго магло збіць з панталыку. Ды і дрыгва была тут шырэйшай, чым усюды; чалавек, мала знаёмы з гэтымі мясцінамі, лёгка мог трапіць у бяду. У Дзіка сціснулася сэрца, калі ён згадаў пра хлопчыка, якому так бесталкова растлумачыў дарогу. За сябе ён не турбаваўся; зірнуўшы назад, туды, дзе вёрткія крылы ветранога млына выразна чарнелі на блакітным небе, і наперад, на ўзвышэнне, пакрытае Тэнстолскім лесам, ён упэўнена паехаў напрамкі, хоць конь яго ступаў у вадзе па калена.

Палавіна дрыгвы ўжо была ззаду, і ён ужо бачыў сухую сцежку, што бегла ўгару, як раптам справа ад сябе ён пачуў усплеск вады і заўважыў шэрага каня, які да жывата праваліўся ў ціну і адчайна біўся, спрабуючы вылезці з яе. Быццам пачуўшы набліжэнне дапамогі, конь раптам пранізліва заржаў. Яго налітыя крывёю вочы былі поўныя вар'яцкага страху; конь валтузіўся ў дрыгве, і хмары насякомых кружыліся над ім.

«Няўжо няшчасны хлопчык загінуў? — падумаў Дзік. — Гэта яго конь. Слаўны шэры конь! Як самотна глядзіш ты на мяне, мілы! Я зраблю для цябе ўсё, што магчыма. Я не пакіну цябе марудна тануць, вяршок за вяршком!»

Ён нацягнуў арбалет і ўсадзіў у галаву каня стралу.

Здзейсніўшы гэтую поўную суровай міласэрнасці справу, Дзік рушыў далей. На душы ў яго было нявесела. Ён пільна глядзеў па баках, спадзеючыся знайсці хоць след таго хлопчыка, якога скіраваў на гэтую дарогу.

«Трэба было расказаць яму ўсё больш падрабязна, — думаў ён. — Баюся, што ён загінуў у балоце».

Раптам хтосьці аклікнуў яго па імені, і, зірнуўшы праз плячо, Дзік убачыў твар хлопчыка, які глядзеў на яго з чароту.

— Ты тут! — усклікнуў Дзік, спыняючы каня. — Ты так зашыўся ў чарот, што я ледзь не праехаў міма. Я застрэліў твайго каня; яго зацягнула ў дрыгву, і я збавіў яго ад пакут. Клянуся небам, калі б ты быў дабрэйшы, ты б сам яго прыстрэліў. Ну, вылазь. Тут цябе ніхто не пакрыўдзіць.

— Добры хлопчык, у мяне няма ніякай зброі; ды мне і не патрэбна зброя, таму што я ўсё адно не ўмею ёю карыстацца, — адказаў уцякач, выходзячы на сцяжынку.

— Як ты можаш называць мяне хлопчыкам? — крыкнуў Дзік. — Я, напэўна, старэйшы за цябе.

— Даруй мне, добры майстар Шэлтан, — сказаў уцякач. — Я зусім не хацеў цябе пакрыўдзіць. Наадварот, я хачу прасіць у цябе дапамогі, таму што я трапіў у бяду, збіўся з дарогі, згубіў плашч і свайго беднага каня. У мяне ёсць дубец і шпоры, а ехаць няма на чым. А галоўнае, — дадаў ён, агледзеўшы сваю вопратку, — я такі брудны!

— Лухта! — усклікнуў Дзік. — Падумаеш, выкупаўся — што ж тут такога! Кроў ран і бруд вандровак толькі ўпрыгожваюць мужчыну.

— Калі так, я аддаю перавагу мужчынам без упрыгожванняў, — адказаў хлопчык. — Але што мне рабіць? Прашу цябе, добры майстар Рычард, дай мне параду. Калі я не дабяруся да Халівуда, я загіну.

— Я дам табе не толькі параду, — сказаў Дзік, злазячы з каня. — Я дам табе свайго каня, а сам пабягу побач. Калі я стамлюся, мы памяняемся. Так будзе хутчэй.

Хлопчык сеў на каня, і яны рушылі ў шлях, міжволі замаруджваючы ход з-за куп'істай дрыгвы. Дзік крочыў побач з хлопчыкам, паклаўшы руку яму на калена.

— Як цябе завуць? — спытаў Дзік.

— Заві мяне Джон Мэтчэм, — адказаў хлопчык.

— А што табе трэба ў Халівудзе? — спытаў Дзік.

— Я ратуюся ад крыўдзіцеля, — сказаў Джон Мэтчэм. — Добры абат Халівуда заўсёды абараняе слабых.

— А як ты трапіў да сэра Дэніэла, майстар Мэтчэм? — спытаў Дзік.

— Ён захапіў мяне сілай, — адказаў Джон Мэтчэм. — Ён выкраў мяне з майго роднага дома, апрануў мяне ў гэты ўбор, вёз мяне так доўга, што ў мяне ледзь не разарвалася сэрца, насміхаўся так, што я ледзь не плакаў. А калі мае сябры пагналіся за намі, ён пасадзіў мяне да сябе за спіну, каб іх стрэлы траплялі ў мяне! Адна з іх параніла мне нагу, і цяпер я злёгку кульгаю. Але прыйдзе судны дзень, і ён заплаціць за ўсё!

— Ужо ці не спадзяешся ты трапіць у месяц з арбалета? — усміхнуўся Дзік. — Ён храбры рыцар, і рука ў яго жалезная. І калі ён здагадаецца, што я дапамог табе ўцячы, мне будзе блага.

— Бедны хлопчык! — сказаў Джон Мэтчэм. — Ён твой апякун, я ведаю. Паводле яго слоў, ён і мой апякун таксама. Ён, здаецца, купіў права на ўладкаванне майго шлюбу. Я ў гэтым дрэнна разбіраюся, але ў яго ёсць нейкая прычына мяне прыцясняць.

— Ты зноў называеш мяне хлопчыкам! — усклікнуў Дзік.

— А хіба ты хочаш, каб я цябе называў дзяўчынкай, добры Рычард? — спытаў Мэтчэм.

— Толькі не дзяўчынкай, — адказаў Дзік. — Я дзяўчынак цярпець не магу.

— Ты кажаш, як блазан, — сказаў Джон Мэтчэм. — Ты намнога больш думаеш аб дзяўчынках, чым хочаш прызнацца.

— Вось ужо не! — рашуча сказаў Дзік. — Аб дзяўчынках я ніколі і не згадваю. Чорт з імі! Я люблю паляванне, бітвы, банкеты, я люблю вясёлае жыццё ў лясах. А дзяўчынкі на такія справы не здатныя. Была, зрэшты, адна не горшая за мужчыну. Але яе, бядачку, спалілі, як ведзьму, за тое, што яна насуперак прыродзе апраналася па-мужчынску.

Майстар Мэтчэм набожна перахрысціўся і прашаптаў малітву.

— Што ты робіш? — спытаў Дзік.

— Малюся за яе душу, — адказаў Мэтчэм дрыготкім голасам.

— За душу ведзьмы? — усклікнуў Дзік. — Ну што ж, памаліся за яе. Гэта была лепшая дзяўчына ў Еўропе, і называлі яе Жана д'Арк. Стары Эпльярд-лучнік расказваў, як уцякаў ад яе, быццам ад нячыстай сілы. Гэта была смелая дзяўчына.

— Калі ты не любіш дзяўчат, добры майстар Рычард, — запярэчыў Мэтчэм, — ты не сапраўдны мужчына. Бо Гасподзь знарок раздзяліў род чалавечы на дзве часткі і паслаў у свет каханне для бадзёрасці мужчын і суцяшэння жанчын.

— Лухта! — сказаў Дзік. — Ты шмат думаеш аб жанчынах таму, што ты блазан, немаўля! Па-твойму, я не сапраўдны мужчына. Ну што ж, злазь з каня, і я чым заўгодна — кулакамі, мячом або стралой — на тваёй уласнай персоне пакажу табе, мужчына я ці не.

— Я не воін, — сказаў Мэтчэм паспешліва. — Я зусім не хацеў цябе пакрыўдзіць. Я проста пажартаваў. А пра жанчын я загаварыў таму, што чуў, быццам ты хутка жэнішся.

— Я? Жанюся? — усклікнуў Дзік. — Першы раз чую! На кім жа я жанюся?

— На Джаане Сэдлі, — адказаў Мэтчэм, чырванеючы. — Гэта выдумка сэра Дэніэла. Гэтае вяселле яму выгаднае: ён атрымае грошы і жаніха, і нявесты. Мне казалі, што няшчасная дзяўчына горка скардзіцца на лёс. Не ведаю, можа, яна гэтак жа, як і ты, гідзіцца шлюбнага жыцця, а можа, ёй проста не падабаецца жаніх.

— Ад вяселля, як і ад смерці, нікуды не ўцячэш, — прамовіў Дзік пакорліва. — Дык яна пакутуе, кажаш? Бачыш, якія бесталковыя гэтыя дзяўчынкі! Пакутуе, хаця ні разу мяне не бачыла. Хіба я пакутую? Ні трошкі. Калі мне давядзецца жаніцца, я плакаць не буду… Ты ведаеш яе? Раскажы мне, якая яна. Прыгажуня ці вырадак? І які ў яе нораў: добры ці сварлівы?

— А ці не ўсё роўна табе? — сказаў Мэтчэм. — Калі трэба жаніцца, ты жэнішся. Якая табе справа, вырадак яна ці прыгажуня? Гэта ўсё дробязі. Ты ж не блазан, майстар Рычард. Калі табе давядзецца жаніцца, ты плакаць не станеш.

— А ты ўмееш падкалупнуць! — адказаў Шэлтан. — Зразумела, мне ўсё роўна.

— Прыемны муж будзе ў тваёй жонкі! — сказаў Мэтчэм.

— У яе будзе такі муж, якога ёй паслала неба, — запярэчыў Дзік. — Я не лепшы за іншых і не горшы.

— Няшчасная дзяўчына! — усклікнуў Мэтчэм.

— Чым жа яна такая няшчасная? — спытаў Дзік.

— Яна выходзіць замуж за чалавека, які зроблены з дрэва, — сказаў Мэтчэм. — О гора! Драўляны муж.

— Я, верагодна, сапраўды зроблены з дрэва, — сказаў Дзік, — калі ты едзеш на маім кані, а я іду пяшком. Але калі з дрэва, дык з добрага.

— Мілы Дзік, даруй мне! — усклікнуў Мэтчэм. — Я пажартаваў. У цябе самае чулае сэрца ва ўсёй Англіі! Даруй мне, мілы Дзік!

— Лухта, — сказаў Дзік, збянтэжаны гарачлівасцю свайго таварыша. — Ты мяне ні трошкі не пакрыўдзіў. Я, дзякуй Богу, не крыўдлівы.

Вецер дзьмуў ім у спіну і раптоўна данёс да іх рэзкі гук трубы; гэта трубіў трубач сэра Дэніэла.

— Цішэй! — сказаў Дзік. — Труба!

— Ах! — усклікнуў Мэтчэм. — Яны заўважылі, што я ўцёк, а ў мяне няма каня!

Ён збялеў як смерць.

— Не бойся, — адказаў Дзік. — Ты іх здорава перагнаў, а да перавозу ўжо рукой падаць. Гэта ў мяне няма каня, а не ў цябе.

— На жаль, мяне зловяць! — усклікнуў уцякач. — Дзік, добры Дзік, дапамажы мне!

— А хіба я табе не дапамагаю? — сказаў Дзік. — Мне шкада цябе, толькі ты вельмі баязлівы. Слухай жа, Джон Мэтчэм, — калі цябе сапраўды завуць Джон Мэтчэм: я, Рычард Шэлтан, даю слова даставіць цябе цэлым у Халівуд. Хай пакінуць мяне святыя, калі я пакіну цябе. Наперад, сэр Баязлівец. Дарога ўжо робіцца лепшай. Прышпор каня. Хутчэй! Хутчэй! Пра мяне не клапаціся: я бегаю, як алень.

Конь бег размашыстай рыссю, але Дзік без цяжкасці паспяваў за ім; так мінулі яны балота і дабраліся да хаціны перавозчыка на беразе ракі.