"Загадкавы святы" - читать интересную книгу автора (Буль Пьер)

Буль ПьерЗагадкавы святы

П'ер Буль

Загадкавы святы

Пераклад: А.Мароз

Блiзкай сяброўцы, чый заўжды неспакойны дух

мiласэрнасцi натхнiў мяне на гэтую жудасную гiсторыю

1

Незнаёмы дабраўся да лепразорыя, калi сонца апускалася над далiнай. Iшоў ён неяк няроўна. Падымаючыся па схiле Гары Хворых, ён то ледзь перастаўляў ногi, апусцiўшы плечы i нахiлiўшы галаву, нiбы зусiм знясiлены, то выпростваў сваё доўгае цела i паскараў хаду. Тады здавалася, што ён перамагаў стому напружаннем волi, незвычайную сiлу якой выдавалi рысы ягонага твару, нiбы яму было вельмi важна без спазнення дабрацца да мэты сваёй вандроўкi. Хоць было горача, на iм была доўгая, да пят, карычневая хламiда з воўны. Яго твар быў брудны ад поту i пылу. Каля крыжа, што пазначаў мяжу ўладанняў праказы, ён прысеў на камень, выпусцiў з рук свой кiй, на канцы якога матляўся невялiчкi клуначак з пажыткамi, i, зняможаны, нейкi час сядзеў нерухома, цяжка дыхаючы.

Праз хвiлiну ён быў на нагах, даўжэзны цень ад яго постацi падаў на зямлю паралельна ценю крыжа, яго вочы гарэлi, хударлявы скуласты твар раптам прасвятлеў. Непадалёку, каля агароджы, якою быў абнесены манастыр i невялiчкi пасёлак пры iм, ён заўважыў брата Роза, якi глядзеў на захад сонца, перад тым як iсцi званiць да вячэрняй iмшы.

Брат Роз i абат былi апошнiя манахi, што засталiся ў лепразорыi. Як любiў паўтараць лекар Жан Маяр, праказа забiвае павольна, але памалу яна дала рады ўсiм манахам, апроч тых, хто памёр ад старасцi. Тыя, што прыйшлi сюды, калi заснавалася калонiя, за часамi караля Луi Святога*, паўмiралi, i даўно ўжо нiхто не прыходзiў iм на змену. Брат Роз быў адзiн з апошнiх прадстаўнiкоў той кагорты. Ён прыйшоў сюды зусiм малады, недзе на пачатку стагоддзя. Праказу ён падхапiў шмат гадоў пазней, i яго моцны сялянскi арганiзм упарта змагаўся з хваробай. У шэсцьдзесят гадоў праказа яшчэ не апанавала яго, хоць адзнакi яе выразна былi вiдаць на руках i твары. Усё яшчэ жвавы, брат Роз быў неабходны лепразорыю чалавек. Ён дапамагаў абату пад час службы, званiў да малiтвы, даглядаў ляжачых хворых, насiў лекi за доктарам, назiраў, як абраблялiся палi, а таксама хаваў нябожчыкаў, бо хоць праказа i сапраўды забiвала павольна, але рэгулярна.

* Луi Святы - кароль Францыi Луi IX (1226-1270), з дынастыi Капетынгаў, быў вядомы сваёй рэлiгiйнасцю.

Незнаёмец перасек пазначаную крыжам мяжу i хуткiмi крокамi наблiзiўся да брата Роза, якi здзiўлена назiраў за iм. Непадалёк ад манаха чалавек раптам спынiўся, i на яго твары з'явiўся дзiўны выраз незадаволенасцi, быццам ён, разгледзеўшы наплечнiк* i сутану, быў расчараваны нечаканай сустрэчай. Аднак уважлiва ўгледзеўшыся, ён убачыў на твары брата Роза знакi, якiя тым часам гаварылi самi за сябе: прыпухлыя павекi i надброўныя дугi, такiя ж губы, тоўсты расплылы нос, гладкi, быццам рагавы, лоб, пакрыты падобнай да мякiны луской чэрап. Гэтыя сiмптомы, што выклiкалi ў кожнага агiду i жах, здаецца, супакоiлi яго, вочы ў яго зноў загарэлiся, а скулы пачырванелi ад дзiўнай узбуджанасцi.

* Частка ўбору манаха - кавалак тканiны, якi пакрываў плечы i спускаўся на грудзi i спiну.

Ён зрабiў у бок манаха два крокi. Той выставiў наперад сваю схуднелую руку, спрабуючы спынiць яго. Але незнаёмы не звярнуў нiякай увагi на гэты жэст i хутка iшоў да манаха. Гэта магло б напалохаць брата Роза, калi б нешта яшчэ магло палохаць пракажонага з Гары Хворых.

Невядомы вiдавочна не меў нiякiх дрэнных намераў. Ён падышоў да брата Роза, стаў на каленi, схапiў яго рукi, паднёс да вуснаў i палка пацалаваў. Манах, якi быў аслупянеў, вырваўся i адступiў на крок.

- Назад, чужынец! Хiба ты не ведаеш, што тут лепразорый? Цi, можа, думаеш, што сутана ўберагла мяне ад заразы? Я не нашыў чырвонага сэрца i не нашу ляскоткi*, бо мы тут усе такiя, мы нiколi не выходзiм за крыж i нiхто з тых, што жывуць у далiне, не прыходзiць сюды. Ды ты зiрнi на мой твар. Я пракажоны, як i ўсе, хто жыве на гэтай гары.

* Пракажоны павiнен быў насiць на адзеннi знак у выглядзе чырвонага сэрца i ляскотку, каб загадзя папераджаць здаровых пра сваё наблiжэнне.

- Ведаю, брат мой, - адказаў незнаёмы. - Бог накiраваў мяне да Гары Хворых. Я свядома прыйшоў да пракажоных, i ты першы, каго я сустрэў. Прывiтай мяне пацалункам.

Брат Роз здрыгануўся. Ён прывык чуць толькi сiплыя галасы пракажоных, i гэты вельмi нiзкi i глыбокi голас узрушыў яго, выклiкаў прадчуванне, што ён не можа належаць звычайнаму чалавеку. Незнаёмы развёў для абдымкаў рукi i зноў наблiзiўся да яго. Гэтым разам манах не думаў ухiляцца, i незнаёмы моцна абняў яго i, прыцiснуўшыся сваiм тварам да ягонага, доўга цалаваў яго папсаваныя праказай шчокi.

Тады брат Роз, аслеплены i адурманены цудоўным водарам, якi iшоў ад дыхання незнаёмага, зразумеў, хто гэта такi. Гэтая здагадка раптоўна апякла яго наiўную душу. Як толькi незнаёмы адпусцiў яго, ён, нават не пакланiўшыся, павярнуўся i кiнуўся бегчы да лепразорыя, крычучы на ўсе грудзi:

- Святы, святы! Брат абат! Бог паслаў нам святога!

2

У той час, пры Фiлiпе Валуа*, лепразорый на Гары Хворых ужо даўно не меў нiякiх зносiн з астатнiм светам. Гэта было асобнае каралеўства са сваiм уласным манархам, немачнае каралеўства праказы, якое выклiкала ў людзей страх i нянавiсць. Нiводзiн жыхар далiны не рызыкнуў бы падняцца на тую гару, i калi б якi пракажоны надумаў спусцiцца ў якую-небудзь вёску, то дабром гэта не скончылася б. Крыж каля ўвахода ў лепразорый быў неадольнай перашкодай.

* Фiлiп Валуа - Фiлiп IV, кароль Францыi (1328-1350), пад час яго праўлення пачалася стогадовая вайна з Англiяй (1337-1453).

Толькi калi прыбываў новы хворы, пракажоныя маглi здалёк бачыць здаровых людзей. У такi дзень своеасаблiвая працэсiя на чале з кюрэ падымалася на гару. Наперадзе натоўпу, скарыўшыся лёсу i не спрабуючы ўцячы, слухмяна iшоў адрынуты, якога падганяла магутная сiла людской агiды i жаху. Вiлы, якiмi хто-нiхто размахваў у натоўпе, былi непатрэбныя. Каля крыжа ён спыняўся i пачынаў махаць сваёй яшчэ новай, блiскучай на сонцы ляскоткай, а iншыя, стоячы воддаль, пачыналi прарэзлiва крычаць. Абат месiр Тама д'Арфёй, пачуўшы гэты лямант, уздыхаў, выходзiў за агароджу i iшоў насустрач. Часам з iм быў брат Роз, бо сяляне не цярпелi, калi збiралася шмат пракажоных. Кюрэ здалёк выкрыкваў iмя новага прыбыльца i афiцыйна сведчыў, што гэты чалавек быў зажыва адпеты, потым коратка пераказваў навiны, i на гэтым усё канчалася, працэсiя хуценька паварочвала назад. Выгнаннiк разам з абатам павольна ўступалi ў каралеўства праказы.

Гэтае каралеўства было мiнiяцюрнай копiяй знешняга свету, са сваёй iерархiяй i сацыяльнай няроўнасцю. Абат напачатку спрабаваў быў паламаць бар'еры, якiя ўвесь час паўставалi мiж рознымi групамi пракажоных, але ўжо даўно зразумеў марнасць сваiх намаганняў. Мэтр Жан Маяр, фiлосаф i адмысловы лекар, штодня знаходзiў выдатныя довады, каб пераканаць яго, што такi парадак неабходны для iснавання любога грамадства, нават калi яно складаецца з адных пракажоных.

Касты выдзяляла сама праказа, бясконца разнастайная паводле сваёй прыроды i свайго разбуральнага ўздзеяння на чалавечы арганiзм. Тыя, каго яна толькi ледзь закранула, чый твар быў толькi дэфармаваны, але не раз'едзены, чыё цела не пакрылася агiднымi язвамi, утваралi арыстакратыю i жылi пры манастыры ў гэтак званым малым лепразорыi. Яны раўнiва аберагалi свае прывiлеi i глядзелi на iншых хворых як на нячыстых iстот. Астатнiя жылi ў халупах, за мурамi манастыра. Iхнiя паселiшчы ўсе разам утваралi вялiкi лепразорый. Яны сялiлiся на схiлах гары тым вышэй, чым агiднейшыя былi ў iх праявы хваробы. Падобная да цукровай галавы ў выглядзе конуса гара была падзелена на зоны, што апярэзвалi яе. Зоны гэтыя звужалiся з наблiжэннем да вяршынi i давалi прытулак пракажоным з усё больш жахлiвым выглядам. Апошнюю зону часам называлi верхнiм лепразорыем, што было сiнонiмам праклятага месца. Урэшце, на самай вяршынi жыў мурын з Афрыкi, абiсiнец, якога прывезлi з апошняга крыжовага паходу рыцары i кiнулi, калi агледзелi ў яго праказу.

Мэтр Жан Маяр, якi ў свой час вучыўся ў Салерна i прачытаў там славуты твор Дантэ, часам параўноўваў Гару Хворых з Пеклам фларэнтыйскага паэта, якое дасцiпны дэман перавярнуў так, што заднiца апынулася вышэй за галаву i вастрыё конуса калола неба.

Жыхары малога лепразорыя - гэтая элiта - дзялiлiся на некалькi iзаляваных адзiн ад аднаго класаў: iльвападобныя, сабакападобныя, быкападобныя, свiнападобныя, пракажоныя з тварамi сатыраў i розныя iншыя. Яе вялiкасць Праказа забаўлялася, з незвычайнай шчодрасцю надаючы знешнасцi сваiх падданых самыя фантастычныя рысы. Уся гэтая арыстакратыя жыла ў манастырскiм пасёлку i пакiдала яго толькi, каб пайсцi здалёк паназiраць за работай на палетках, дзе працавалi пракажоныя з вялiкага лепразорыя, з нiжняй яго зоны, а гэта значыла, што iхняя знешнасць была ўжо занадта агiднай. Апрача лекара, брата Роза i часам абата, нiхто з тых, хто жыў у сценах манастыра, не разыкаваў падняцца ў верхнюю зону.

Зрэшты, вельмi рэдка пракажоныя з любой зоны падымалiся ў вышэйшую, дзе лютавала праказа, мярзотнейшая за тую, ад якой пакутавалi яны самi. Яшчэ радзей бывала наадварот. Калi ж гэта выпадкова здаралася, то госць трымаўся з мясцовымi жыхарамi правiлаў, абавязковых для ўсiх пракажоных за межамi лепразорыя; гэта значыць, ён здалёк павiнен быў даваць аб сабе знаць i не наблiжацца да людзей. Тады мясцовыя жыхары паказвалi на яго пальцамi i адступалiся ўбок, затыкаючы насы, каб паказаць сваю агiду, такую самую, якую пры выпадку выказвалi да iх пракажоныя ў лепшым стане.

Аднак адрынутыя з верхняга лепразорыя былi пазбаўленыя мажлiвасцi выхваляцца перавагай сваёй формы хваробы, бо амаль нiколi не сустракалi больш знядоленага чалавека, чым самi, i таму ўвесь час пакутавалi маральна не менш жорстка, чым фiзiчна. Сваю пагарду i адносную перавагу яны маглi паказваць толькi да мурына, якi жыў на вяршынi конуса, калi той выбiраўся са свайго берлагу, што здаралася выключна рэдка. Але калi ён адважваўся на гэта, дык апранаў поўны ўбор пракажонага i без перапынку махаў ляскоткай. Тады ўся Гара Хворых трымцела ад жудасцi.

Гэтыя парадкi не былi замацаваныя нiякiм законам, але ўсе падданыя праказы iх прымалi. Абат асуджаў iх, але i яму было непамысна, калi ён выпраўляўся на гару, i хоць ён i дакараў сябе за грэблiвасць, але не мог наблiзiцца да мурына. Абiсiнца зрэдку наведваў толькi Жан Маяр, якi сам прыносiў яму лекi i прымушаў сябе пабыць некалькi хвiлiн побач з iм. Гэткiм чынам лекар вывучыў некалькi слоў яго дзiўнай абiсiнскай мовы, i як ён зразумеў, абiсiнец быў у сваiм краi цi то знахаром, цi то чараўнiком.

Жан Маяр заўважыў, што калi ён вяртаўся пасля абходаў, якiя, дарэчы, нямала яму каштавалi, дык па ўсёй яго дарозе жыхары кожнай зоны дэманстратыўна расступалiся перад iм. У манастыры Тама д'Арфёй, ягоны сябар, сустракаў яго са змрочным выглядам, у якiм чытаўся папрок. Гэта не злавала яго. Астракiзм пракажоных, да якога ён ставiўся цвяроза, выклiкаў у яго такую самую паблажлiвую ўсмешку, як i дзiцячыя гульнi.

3

Чакаючы, калi пазвоняць да вячэрняй малiтвы, месiр Тама д'Арфёй разам з лекарам папiвалi вiно. Вiно было з невялiчкага вiнаграднiка, якi даглядаў брат Роз. Ён жа асабiста цiснуў вiно i сачыў, каб нiводная кропля соку не прапала. Дзякуючы яму сябры маглi ўвесь год кожны вечар выпiваць па келiху вiна. Гэта быў сцiплы пачастунак, якiм яны вельмi даражылi.

Абату пайшоў семдзесят пяты год. Ён таксама доўга змагаўся з праказай i процiстаўляў яе разбуральнай сiле дысцыплiну простага, пазбаўленага празмернасцей iснавання, строгае выкананне ўсiх рэлiгiйных абрадаў i няўхiльнае падпарадкаванне прадпiсанням Жана Маяра. Праказа, хоць i папсавала яму твар, усё ж пашкадавала яго, пазбавiўшы язваў, скулячак, гангрэны i iншых агiдных прыкрасцей. За гэта ён штодня дзякаваў небу i малiў бога, каб ён даў яму памерцi ад старасцi з ягоным цяперашнiм тварам. Ён належаў да львападобных i прывык да гэтага. Часам ён нават адчуваў гонар ад усведамлення таго, што ён быў выдатны леў, узорны прадстаўнiк гэтага тыпу, бо вакол яго танзуры захавалася густая карона валасоў. Жан Маяр, жартуючы, параўноўваў гэтую чупрыну з грывай цара звяроў.

Сам лекар з азызлым, але насмешлiвым носам, такiмi ж распухлымi губамi, у якiх, аднак, праглядвалася не пыха, а глыбокая пачуццёвасць, быў, бадай, пракажоны-сатыр. Ён са сцiплай усмешкай пагаджаўся з гэтым, часам сцвярджаючы, што тое, як праказа змяняе твар чалавека, пэўным чынам залежыць ад характару. Ён прыводзiў шмат прыкладаў у падтрымку гэтага тэзiса, у прыватнасцi, выпадак брата Роза, чые вернасць i адданасць не выклiкалi сумненняў i чыя галава, бясспрэчна, нагадвала галаву вялiкага сабакi.

Мэтр Жан Маяр у маладосцi шмат вандраваў, жыў бурлiвым жыццём шкаляра ў Францыi i Iталii, заўзята вывучаў медыцыну i фiласофiю i спазнаў нямала лёгкiх жыццёвых радасцей. Ён меў за абавязковае правiла не наракаць на лёс, i падобна было на тое, што ён зусiм не шкадаваў свайго блiскучага мiнулага. У той дзень, калi ён даведаўся, што падхапiў праказу (гэта было дзесяць гадоў таму, калi яму толькi мiнула сорак), ён не стаў пасылаць небу дарэмных праклёнаў. Ён пачаў наглядаць сабе лепразорый з добрым клiматам, бо шукаў месца спачынку. Гара Хворых спадабалася яму, i ён, на вялiкую радасць абату, якi ў яго асобе прыдбаў прыемнага таварыша i ўмелага лекара, прыехаў туды сам, не чакаючы, пакуль яго прымусяць. Яго дэвiзам было: "Праказа забiвае павольна". Ён па-фiласофску суцяшаўся гэтай думкай.

У той вечар Тама д'Арфёй быў не ў гуморы, што з нейкага часу не раз здаралася з iм. Паўздыхаўшы з-за манастыра, якi разбураўся без догляду, ён пасмуткаваў з прычыны жорсткасцi веку i заняпаду хрысцiянскiх дабрачыннасцей.

- Мiласэрнасцi больш няма ў каралеўстве. Нiкому няма клопату да няшчасных. А пракажоным не засталося нiчога, акрамя агiды. У мiнулым стагоддзi нiводзiн сеньёр не адважыўся б ставiцца да iх так, як сёння гэта робiць апошнi мужык. У тыя часы заўсёды хапала набожных душ, у якiх можна было знайсцi спагаду. I прыклад падаваўся зверху, я ведаю. Наш святы кароль Луi спачыў якраз незадоўга да майго нараджэння, але калi я быў падлеткам, яшчэ распавядалi, як ён абышоўся з надзвычай страшным пракажоным у Руамонцкiм абацтве. Калi пракажоны з'явiўся там, наш лiтасцiвы кароль сам узяў на сябе клопат пра небараку, якi быў падобны да д'ябла. Ён пацалаваў яго рукi i твар, прыслужваў яму за сталом, выбiраў i сам падносiў да ягонага азызлага рота лепшыя кавалкi. Ён абмыў яму ногi. Цяжка назваць такую агiдную паслугу, якую б ён яму не зрабiў.

- Так наш лiтасцiвы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, - сказаў лекар.

Абат пацiснуў плячыма i працягваў:

- I гэты прыклад меў свой плён. Тады людзi былi больш лiтасцiвыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якiя не баялiся наблiжацца да пракажоных.

- Але, - ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывiўшы сваю вялiзную сатыраву губу ў адмысловую грымасу. - Можна нават сказаць, што тады каралеўства кiшэла святымi, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, якi б не iмкнуўся знайсцi досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне i пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Нiколi, абат, ногi жабракоў не абмывалi лепей, чым тады. Нiколi пракажоных так не шкадавалi i не песцiлi. Я пытаюся ў сябе, цi цанiлi поўнай мерай адны i другiя гэтую дабрачыннасць i, што асаблiва важна, цi адчувалi яны належны гонар ад таго, што накiроўвалi гэтулькi душ у царства божае.

- Смейцеся, пане фiлосаф, - сказаў абат, - але мне страшэнна бракуе мiласэрнасцi, i праз гэта церпiць усё насельнiцтва лепразорыя. Што зробiш! У нашага караля Фiлiпа менш за ўсё балiць галава за пракажоных. Ён займаецца толькi вайною...

- I робiць гэта вельмi кепска, - перабiў лекар, - а яго васалы ваююць яшчэ горш i думаюць толькi, як набiць каўбух. Мяхi з вiном, акаваныя жалезам, няздатныя пабiць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лiчу, што яны добра прыстасавалiся да сваёй iзаляцыi.

Абат уздыхнуў:

- Гэта яшчэ горш. Яны прайшлi праз пакуты. Эгаiзм i злосць хваробы больш заразныя, чым праказа. Iхнiя сэрцы зачарсцвелi, i яны капiруюць паводзiны жыхароў далiны. Нi ў кога няма нiякага жалю да свайго брата. Вiдушчы пракажоны пагарджае сляпым. Бязносы пракажоны абыходзiць пракажонага, пакрытага язвамi...

- I ўсе ўцякаюць ад пракажонага мурына. Ваша праўда, але, я вам не раз казаў, пры нашай iзаляцыi павiнен быў узнiкнуць нейкi грамадскi парадак.

- Мне не патрэбны вашы абгрунтаваннi, - гнеўна крыкнуў абат. - Я ўсяго толькi бедны пастыр i лiчу, што гэтыя норавы агiдныя, але, што яшчэ горш...

Ён замаўчаў i прыгубiў чарку. Гэта быў спектакль. Ён нязграбна прытуляў сваю адвiслую, як у каня, нiжнюю губу да чаркi, амаль цалкам абхоплiваючы яе, i адначасова хлябтаў языком, як гэта робяць жывёлы. Лекар, употай назiраючы за iм, думаў, што яго сябар рабiўся ўсё больш i больш падобны да льва, але сёння гэта быў сумны леў, i гэта яму пасавала.

- Яшчэ горш, - працягваў абат, паставiўшы чарку, - я з жахам заўважаю, што i сам паддаюся гэтаму эгаiзму, якi мяне засмучае. Мне ўсё цяжэй быць мiласэрным да маiх пракажоных братоў. Кажу вам, нам патрэбен свежы струмень. Бываюць вечары, калi ад усёй гары тхне праказай. Ад гэтага паху знiкаюць усе хрысцiянскiя дабрачыннасцi.

- Што ж, я згодны, ад яе тхне праказай, - сказаў лекар. - Пах непрыемны, але цярпець можна, да яго можна прызвычаiцца, калi ты трошачкi фiлосаф. Да таго ж ён адганяе лiхiх людзей i вашых цяперашнiх баязлiвых хрысцiян, не забывайцеся пра гэта.

Ён збiраўся дадаць яшчэ нешта мудрае, калi з двара пачулiся крыкi брата Роза.

4

- Святы, брат абат! Бог нам паслаў святога! Ён прыйшоў, ён тут!

Абат здрыгануўся. Яго пляскаты нос зморшчыўся, як морда ўстрывожанага льва. Гэтая навiна, якая так цудоўна супала з ягонымi цяперашнiмi турботамi, здалася яму пасланнем нябёсаў. Ён ускочыў з крывога зэдлiка i падышоў да акна. Са свайго пакоя на другiм паверсе кляштара ён бачыў усю невялiчкую плошчу, на якую выходзiла цэнтральная вулiца лепразорыя. З наблiжэннем ночы над гэтым месцам звычайна апускалася панурая цiша, але ў гэты вечар лямант брата Роза выклiкаў дзiўнае рэха.

Дабрадзейны манах, спынiўшыся перад акном, не супакойваўся:

- Ён прыйшоў аднекуль вельмi здалёк, брат абат. Гэта вiдаць па яго запыленым адзеннi. Ён падышоў да мяне. Ён глянуў мне ў твар i не ўцёк. Ён абняў мяне. Ад ягонага дыхання пахне ладанам i мiртам.

Жан Маяр нецярплiва забурчаў.

- Гэты манах з'ехаў з глузду, i праз яго ў нас будуць непрыемнасцi з жыхарамi далiны. Нейкi падарожнiк, пэўна ж, не ведаючы, што мае справу з пракажоным... Ты не крыкнуў, каб адагнаць яго? Ты не папярэдзiў, што ты хворы? - гаварыў ён, звяртаючыся да манаха. - Так патрабуе закон, ты добра гэта ведаеш.

- Я так i зрабiў, пан лекар, а ён адказаў, што прыйшоў да пракажоных па добрай волi. Я так i зрабiў, кажу вам, i тады ён пяшчотна мяне пацалаваў.

- Пацалаваць пракажонага, - прашаптаў Жан Маяр з пагардай.

Абат не рашаўся аддацца пачуццю, якое пачынала ахоплiваць яго. Брат Роз быў такi збянтэжаны, што ён баяўся, цi манах не трызнiць.

- Дзе ён?

Манах павярнуўся i паказаў рукой. Са свайго акна абат угледзеў, як высокая постаць у рудой хламiдзе мiнула браму i накiравалася да кляштара. У гэтым нечаканым з'яўленнi было нешта таямнiчае, i гэта ап'янiла манаха i пераканала, што неба пачула яго малiтвы.

Незнаёмы напачатку, пакуль быў адзiн, крочыў даволi шпарка. Потым, зразумеўшы, што за iм сочаць цiкаўныя, якiя тоўпiлiся ў вузкiх завулках, што выходзiлi на галоўную вулiцу, пайшоў павальней, азiраючыся па баках.

Незвычайная ўзрушанасць брата Роза была з энтузiязмам сустрэта пракажонымi. Пры вонкавай абыякавасцi i бяздушнай пакоры яны, аднак, падзялялi тугу абата, бо ўсе хавалi ў сэрцах надзею, што ў iхнiм свеце зноў з'явяцца любоў, лiтасць i мiласэрнасць. Колiсь Тама д'Арфёй часта распавядаў iм з вышынi сваёй казальнiцы пра лiтасцiвага караля Луi i iншых святых, якiя iшлi ўслед за манархам. Цяпер ён больш не закранаў гэтай тэмы, бо баяўся, што гэта будзе жывiць у iх марную надзею. Аднак старэйшыя не забылiся тых гiсторый i пераказвалi iх малодшым.

Усе ўжо ўбачылi, што прыйшоў адзiн з тых легендарных персанажаў, пра сустрэчу з якiм яны ўпотай марылi. Крык "Святы" раптоўна раздзьмуў агонь, i ў iх адразу ўзнiкла прадчуванне цуду; незнаёмы быў Месiя, якога Ўсявышнi паслаў да iх, каб ператварыць iх пекла ў царства любовi. Аднак яны не наважвалiся наблiзiцца да яго. Здавалася, што незнаёмы выклiкаў у iх страх цi, можа, боязь расчаравання. Калi ён запаволiў хаду, нейкая старая з адвiслымi шчокамi, смялейшая за iншых, падышла крыху блiжай да дарогi i апынулася зусiм блiзка ад яго. Чужынец спынiўся, падышоў да яе i, пакуль астатнiя стаiўшы дыханне сачылi за iм, абняў i пацалаваў яе. Пасля гэтага ён пайшоў далей, а навокал пачуўся збянтэжаны гоман, у якiм адчувалася ўзрушанасць, што ахапiла лепразорый.

- Бачылi? - усклiкнуў надзвычай здзiўлены абат.

- Бачу. Здаецца, умельства здабываць месца ў царстве нябесным яшчэ не згiнула.

Пракажоныя рабiлiся ўсё смялейшыя, i незнаёмы iшоў па жывым калiдоры, а энтузiязм няшчасных гатовы быў абярнуцца фанатычным захапленнем. Калi ён падышоў да акна, сотнi знявечаных вуснаў паўтаралi крык брата Роза: "Святы, святы!" - i з усiх бакоў да яго цягнулiся рукi.

- Мiр табе, чужынец, - сказаў абат. - Мы ўсе, ты бачыш гэта, вельмi ўзрушаныя тымi знакамi тваёй прыязнасцi да нас, што ты выказваў, але цi добра ты разумееш, якой жахлiвай небяспецы сябе аддаеш?

- Я не баюся праказы.

Прыцiхлы натоўп быў, як i брат Роз, уражаны гэтым нiзкiм глухiм голасам, якi гучаў так дзiўна, бясспрэчна, таму, што чужынец гаварыў сцяўшы зубы. Збянтэжаны гэтым голасам i ўзрушаны высакароднасцю адказу, абат збег па драўляных сходах, рэзка адчынiў дзверы i апынуўся перад незнаёмым. Той упаў перад iм нiц, потым схапiў ягоныя рукi i асыпаў iх пацалункамi.

- Устань, брат мой, - вымавiў абат, спрабуючы вызвалiцца. - Я бласлаўляю пачуццё, якое цябе натхняе. Мне проста вельмi хацелася наблiзiцца да цябе, але гэта мая слабасць. Паглядзi на мяне лепей. Паглядзi на няшчасных, якiя стаяць вакол цябе, i падумай, якую цану ты рызыкуеш заплацiць за праяўленне тваiх высокiх пачуццяў.

Незнаёмы з хвiлiну ўглядаўся ў iльвiныя рысы абата, яго расплылы на ўвесь твар нос, потым павольна агледзеў пракажоных, якiя паўколам абступiлi яго. За выключэннем малых дзяцей тут цяжка было знайсцi сапраўды чалавечы твар. Узрушанасць, як часта казаў лекар, робiць гэтых гратэскных iстот пачварнымi. Але словы, прадыктаваныя абату абавязкам, насуперак яго ўласным памкненням, выклiкалi ў пракажоных трывогу i гнеў. Натоўп iнстынктыўна паўстаў супраць перашкод, якiя ставiлiся перад святым у выкананнi яго мiсii. Пракажоныя, з iх аголенымi хваробай нервамi, не цярпелi, калi нешта рабiлася iм насуперак, i роспач ператварыла натоўп у жудасную зграю, у якой напоўнiцу праявiлiся характары жывёлiн, аблiчча якiх насiлi з ласкi Яе Вялiкасцi Праказы ўсе яе падданыя: горыч "iльвоў" вылiлася ў мармытанне, якое нагадвала прыглушаны рык, свiнападобныя, выцягнуўшы насы, рохкалi, нiбы дзiкi. "Сабакi" ашчэрылi зубы i пагрозлiва гыркалi. Здавалася, усе былi гатовыя кiнуцца на абата, каб разадраць яго.

Аднак незнаёмага гэта вiдовiшча не ўразiла. Ён зноў зiрнуў на абата i запытаўся тым самым глухiм голасам:

- Хiба ўсе людзi не браты?

- Бясспрэчна, хоць сёння шмат хто забыўся пра гэта.

- Шмат хто забыўся, гэта праўда, - як рэха, паўтарыў незнаёмы.

Жан Маяр, якi ўважлiва сачыў за iм, адзначыў горыч, з якой былi сказаны гэтыя словы. Зрэшты, гэта яго не здзiвiла, бо, паводле яго фiласофii, гэтае пачуццё не пярэчыла святасцi.

- Я пра гэта не забываюся, - казаў далей чужынец, - i вось я з вамi. Чаму ж ты мяне гонiш, брат мой?

- Я? Ганю цябе?!

Набожнай стойкасцi старога прыйшоў канец. Незнаёмы ўпэўнена падышоў да абата, абняў i палка пацалаваў, выцiраючы слёзы, якiя ручаямi кацiлiся па львiным твары.

Супакоены гэтым канчатковым доказам рашучасцi незнаёмага, натоўп яшчэ цясней абступiў яго, пачулiся ўхвальныя выкрыкi, кожнаму пракажонаму не цярпелася атрымаць цудадзейны пацалунак. Але Жан Маяр адцягнуў яго ўбок i цiха сказаў яму:

- Пачакай, чужынец. Цi добра ты ведаеш, што чакае цябе, калi ты прабудзеш тут ноч, што ты, здаецца, i збiраешся зрабiць? Паўсюль у далiне жыхары будуць цкаваць цябе. Калi ты, як яно здаецца, не тутэйшы, то не можаш нават уявiць, якiя суровыя тут законы наконт пракажоных. Iдзi адсюль зараз жа, i, мажлiва, твайго вiзiту не заўважаць.

- Даруй нашаму лекару, - сказаў абат, якi цяпер таксама ўстрывожыўся. - Ён думае, як толькi што думаў i я сам, што гэта яго абавязак казаць так. Гэта вучоны чалавек. Ён не лечыць праказы, бо яна невылечная, ён i сам пракажоны, але нiхто не разбiраецца ў гэтым лепш за яго. Аднак ён далёкi ад спраў боскiх. А я, брат мой, пазнаў цябе.

- Аман, святы айцец, - сказаў Жан Маяр i замiргаў вачыма, ад чаго на ягоным твары з'явiлася жахлiвая грымаса.

- Я прыйшоў з горада, званiцы якога, магчыма, вiдаць з вашай гары. Я ведаю звычаi гэтага краю i чэрствасць сэрцаў яго жыхароў. Аднак, месiр доктар, калi такiя твае абавязкi...

Здавалася, незнаёмы iнстынктыўна адчуў у мэтру Маяру ворага. Ён гаварыў з iм нерашуча, адвярнуўшыся ўбок.

- Толькi, месiр доктар, я не маю нiякага жадання вяртацца ў далiну. З гэтага дня я хачу жыць сярод пракажоных. Хiба пракажоныя адмовяцца прыняць мяне?

- Вядома ж, не! - крыкнуў абат. - Я пазнаў цябе. Будзь блаславёны, пасланец Госпада.

- Тады дазвольце мне застацца. Мне не трэба нiчога, акрамя абярэмка саломы ў самай убогай хацiне.

- Ты будзеш маiм госцем. Увайдзi ў гэты кляштар, тут цяпер твой дом. Для мяне вялiкае шчасце i гонар прыняць цябе. Уваходзь. Ты, пэўна, здарожыўся?

Пад iранiчным позiркам Жана Маяра абат уцягнуў чужынца ў свой пакой, пачаставаў яго вiном i настояў на тым, каб уласнаручна памыць яму ногi. Незнаёмы дазволiў, але як быццам бы з нейкай агiдай. Ён адмовiўся ад прапанаванага жытла i выказаў настойлiвае жаданне вярнуцца да натоўпу, якi нецярплiва гаманiў.

Лекар, якi не пераставаў сачыць за iм, хацеў быў выпрабаваць яго святасць.

- Ты яшчэ не бачыў сапраўды страшных пракажоных. Тыя, што тут, яшчэ маюць нейкае аблiчча - чалавечае цi не - не важна. Перш чым ты сустрэнешся з iншымi, падрыхтуйся да самага брыдкага.

- Хiба ўсе людзi не браты? - паўтарыў нiзкiм голасам чужынец. - Нiякая форма праказы мне не гiдкая. Але, - сказаў ён устрывожана, - хiба не ўсе пракажоныя жывуць пры манастыры?

- На жаль, брат мой, - сказаў абат, - ён стаў занадта цесны для iх. Многiя, самыя страшныя, вымушаны жыць у халупах на схiлах гары. Каб абысцi вялiкi лепразорый, трэба днi са два.

Было падобна, што чужынца ахапiла нечаканая трывога, i ён рэзка ўскочыў.

- Брат абат, я не магу затрымлiвацца, - хутка сказаў ён, - я адчуваю сябе вiнаватым перад гэтымi няшчаснымi.

5

- Нiякая форма праказы мне не гiдкая, - задумлiва паўтарыў лекар. - Вось сапраўды смелы чалавек.

Чужынец выйшаў так хутка, што абат нават не паспеў варухнуцца, каб затрымаць яго. Жан Маяр падышоў да акна i выглянуў на вулiцу. Змяркалася.

- Дзiўная птушка гэты ваш святы. Вось пайшоў лавiць пракажоных. Чаго, чаго, а гэтага тут хапае. I дваццацi крокаў не зрабiў, а ўжо пацёрся тварам аб дзесятак выдатных струплявых пыс. Нiхто з нашых не хоча прапусцiць такога свята. На плошчы аж цёмна ад людзей. А вось пайшлi па жанчыну, каб прывесцi да яго. Што ён робiць? Ды ўсё тое самае. Нахiляецца, прыцiскаецца да яе грудзей сваiмi, цалуе ў лоб i шчокi, зноў цалуе, потым пераходзiць да iншай. Вядома, гэтыя шлёндры хацелi б яшчэ, але ён не затрымлiваецца. Як святы спяшаецца ўсiх прывiтаць або давесцi сваю святасць.

- Мэтр Жан, гэта блюзнерства, - сказаў абат, у якога яшчэ не прайшоў экстаз. - Гэта святы, i велiч яго мiсii не дазваляе яму затрымлiвацца нi на хвiлiну.

- Вядома, - прабурчаў лекар, - але цi не хочацца вам пагаварыць з iм крыху больш i даведацца, што ў яго за святасць. Бываюць, вы ведаеце, святыя каралi. Гэты не з iх. Бываюць святыя рыцары. Гэта таксама не той выпадак. Святы манах? У яго няма танзуры. Ён i не мужык, да таго ж я нiколi не чуў пра мужыкоў-святых.

- А! Хiба важна, хто ён у мiрскiм жыццi. Гэта святы, i нам гэтага дастаткова. Цi не адчулi вы, як i я, водару, якi зыходзiць, калi ён дыхае? Я i цяпер яшчэ п'яны ад яго. Брату Розу не прымроiлася. Водар ладану i мiрту.

- Глядзi ты! Сапраўды. Я абнюхаў яго ўсяго, як i вы, хоць ён i не палiчыў мяне годным свайго пацалунку. Богу не заўгодна было паслаць да нас пекную святую. Я, праўда, не прывык мець справу са святымi, але я нiколi не чуў, што яны неяк спецыфiчна пахнуць.

- А вось тут вы i памыляецеся, хоць вы i выдатны лекар, - сур'ёзна сказаў стары. - У былыя часы некаторых святых ахiнаў водар, якi напаўняў паветра навокал. Гэта даведзена.

Жан Маяр моўчкi глянуў на свайго набожнага сябра, потым, не вельмi перакананы, пакiваў галавой. Калi праз гадзiну ён пайшоў ад абата, месiр Тама Д'Арфёй усё яшчэ быў усхваляваны, а ўзрушанасць, якая панавала вакол кляштара, доўга не давала яму заснуць.

Чужынец да позняй ночы блукаў па малым лепразорыi. Спачатку ён хадзiў па вулiцах паселiшча без нiякага парадку, цалаваў усiх, каго сустракаў, пры гэтым яго нiбы магнiтам цягнула да вялiкiх груп пракажоных. Потым, калi першая ўзрушанасць, якую выклiкала яго з'яўленне, трохi сцiшылася i вулiцы апусцелi, ён быццам бы задумаўся, i ў яго незвычайных паводзiнах з'явiлася нешта накшталт метаду.

Ён папрасiў брата Роза, якi неадступна хадзiў следам за iм, быць яму праваднiком i пачаў заходзiць у кожнае жытло. Там ён знайшоў пракажоных, якiя не выйшлi - хто з прычыны кепскага стану, хто проста праз абыякавасць. У кожнай хацiне ён выказваў сваю мiласэрнасць у простым i строгiм рытуале: зайшоўшы, ён абдымаў i цалаваў усiх па чарзе. Можна было падумаць, што ён баяўся, каб хто не схаваўся. Нiкому не ўдалося пазбегнуць яго ласкi. Упартых ён праследаваў, заганяў у куток, i там - зноў абдымаў, i яго дзiўны голас, у якiм, здаецца, чуўся горкi папрок, ушчуваў няшчаснага за ягоны сорам.

- Хiба ўсе людзi не браты? - паўтараў ён. - Я прыйшоў да цябе з любоўю, а ты мяне цураешся!

Тады сэрца самага здзiчэлага пракажонага мякчэла, i ён са слязьмi прымаў яго пацалунак. Зрабiўшы гэта i агледзеўшы ўсе закуткi, каб упэўнiцца, што не прапусцiў нiкога - нi хворага ў пасцелi, нi дзiцяцi ў калысцы, - чужынец выходзiў i нецярплiва iшоў да наступнага дома.

Ён скончыў свой абход i зноў апынуўся на галоўнай вулiцы пасёлка позна ўночы. Некалькi пракажоных, якiя не спалi, убачылi яго ў гэты момант у святле лiхтара, якi трымаў брат Роз. Яны заўважылi, што яго твар быў бледны i мокры ад поту, i ад думкi, што ён ахвяруе сваiм здароўем дзеля iх, iм зрабiлася прыемна. Брат Роз тым часам малiў яго крыху адпачыць, перш чым iсцi ў вялiкi лепразорый, што ён збiраўся зрабiць. Манах хацеў забраць яго ў сваю халупу, раз ужо ён не скарыстаўся з гасцiннасцi абата, але незнаёмы адмовiўся махам галавы. Яны перакiнулiся некалькiмi словамi, якiх нiхто не пачуў, i схавалiся ў цемры. Святы знiк, i ў тую ноч на вулiчках пасёлка больш не бачылi яго ценю. Усе былi перакананыя, што ён урэшце заначаваў у манаха. Паступова размовы сцiхлi, i цiша зноў запанавала на Гары Хворых.

6

Тама д'Арфёй падняўся незадоўга да першай ранiшняй малiтвы (яшчэ не было шасцi) i пайшоў у каплiцу, каб падзякаваць небу. Ён прабыў там зусiм нядоўга, бо яму было вельмi цiкава даведацца, як там новы госць лепразорыя. Выходзячы, ён напаткаў Жана Маяра. Той акурат скончыў ранiшнi абход у лякарнi. Лякарня, або, як казалi, Божы дом, уяўляла сабой доўгi барак, дзе размяшчалi хворых, стан якiх вымагаў сталага лячэння. Манахаў, якiя хадзiлi б ля хворых, не было, а брат Роз часцей за ўсё быў заняты iншымi справамi, i таму лекар патрабаваў ад пракажоных, якiя яшчэ былi чагосьцi вартыя, па чарзе глядзець хворых, што яны рабiлi, не хаваючы агiды.

Жан Маяр размаўляў з братам Розам. У адказ на пытанне: "Дзе ён?", якое абат задаў яшчэ здалёк, ён пацiснуў плячыма i буркнуў:

- Пайшоў да вялiкага лепразорыя. Пайшоў яшчэ давiдна, пераначаваўшы ў Божым доме.

- У Божым доме! Але ж наша ўбогая лякарня заваленая хворымi, нават пракажоным не хапае ложкаў.

- Ён так пажадаў, - сказаў брат Роз, - ён спаў з двума самымi страшнымi хворымi.

- Ён спаў з пракажонымi?!

- Ён так пажадаў, - паўтарыў манах. - Ён паспаў усяго некалькi гадзiн, а перад тым дапамагаў даглядаць хворых.

- Мэтр Жан, - сурова сказаў абат, - хiба гэта не захапляе вас?

- Не спрачаюся, гэта смелы ўчынак, i я не адмовiўся б, каб бог паслаў нам добраахвотнага санiтара, да таго ж святога. Я не пярэчыў бы гэтаму, калi б святы дух не выяўляўся ў iм праз шкодную гарачку. Ён ашалеў. Калi так пойдзе далей, яго здароўе не вытрымае. Да таго ж няма хваробы больш шкоднай за шаленства, нават калi яно святое, i сёння з ранiцы ўсе мае лайдакi заразiлiся iм. Гэтыя эмоцыi нiчога iм не дадуць. Вам трэба ўжыць свой аўтарытэт, каб прымусiць яго крыху сцiшыцца i праяўляць сваю святасць больш памяркоўна. Гэта вам кажа медык. Баюся, каб уся гэтая ўзрушанасць не перарасла ў вар'яцтва.

Абат задумаўся. Ён ведаў, што яго сябар - чалавек цвярозага розуму i добры лекар i што ён часта, як бы мiмаходзь, дае добрыя парады. Ён сам не ўхваляў нiякiх эксцэсаў, i, хоць ён не прызнаваўся сабе ў гэтым, яго бянтэжылi паводзiны незнаёмага.

- Не мая воля патушыць святы агонь, - сказаў ён, - але, магчыма, мне ўдасца пераканаць яго паберагчы свае сiлы дзеля самой яго мiсii.

- Тады правядзiце мяне. Я павiнен наведаць вялiкi лепразорый. Мы абавязкова сустрэнем гэтую птушку, i вы зможаце яго паўшчуваць. Сёння я збiраюся заначаваць на паўдарозе да вяршынi, а заўтра падымуся на самы верх. Ужо даўно я не адведваў майго цемнаскурага калегу.

Гэтай фамiльярнай фразай пра мурына, якi жыў на вяршынi, Жан Маяр намякаў на элементарныя веды ў медыцыне, якiя, як яму здалося, ён у таго разгледзеў. Але нiякi жарт не мог уратаваць абата ад трымцення, калi гаворка iшла пра чорную жудасць. Аднак лекар стаяў на сваiм:

- Апошнiм часам вы не пакiдалi сценаў манастыра, а гэта вам не пашкодзiла б. Пракажоным патрэбен мацыён у разумных межах.

З хвiлiну абат вагаўся. Яго зусiм не вабiла правесцi ноч дзе бог дасць. Але лекар меў рацыю: ён не выяўляў нiякага жадання пакiдаць манастыр i адчуваў дакоры сумлення за тое, што стараўся пазбягаць сустрэч са страшнымi пракажонымi. Да таго ж яму карцела як мага хутчэй пабачыць чужынца. I ён наважыўся.

- Пойдзем, - сказаў ён. - Сядзенне ў чатырох сценах кепска адбiваецца i на душы, i на целе. Я з вамi.

Яны выйшлi з манастыра разам з верным братам Розам, якi нёс скрынкi з лекамi, i з маладым пракажоным, на якога нагрузiлi коўдры i харч. Гэты пракажоны прыслужваў абату. Тама д'Арфёй не адважваўся прызнацца нават сабе самому, што выбраў яго з эгаiстычных меркаванняў: праказа ледзь закранула яго твар, i ён быў амаль чалавечы.

Спачатку яны iшлi праз палеткi каля манастыра. Навокал было хораша, сцежка падымалася ўгору не настолькi крута, каб замiнаць размове. Сябры гутарылi. Жвавыя рухi i ранiшняе паветра ўзбадзёрылi абата. Праходзячы праз вiнаграднiк, вiно з якога абат пiў штодня, ён узнёс хвалу небу за багаты ўраджай i пахвалiў брата Роза за добры догляд. Дабрадзейны манах пачырванеў ад задавальнення.

- Зямля тут добрая, - сказаў ён, - пагана, што вышэй яна нiкуды не вартая. А нам трэба будзе ўзараць яшчэ. Што нi год ратоў усё прыбывае.

- Праказа забiвае павольна, - мудра заўважыў лекар.

I праўда, насельнiцтва лепразорыя ўсё расло, i гэта турбавала абата. Праказа не толькi павольна забiвае, але i зусiм не стрымлiвае iнстынкт размнажэння. Жан Маяр нават сцвярджаў, што яна распальвае сексуальныя апетыты. Сапраўды, нараджалася больш, чым памiрала. Дзецi, якiх немагчыма было iзаляваць, зараджалiся праказай, ледзь паспеўшы з'явiцца на свет, i былi асуджаныя на тое, каб не ведаць у сваiм жыццi нiчога, акрамя Гары Хворых.

Пры кожным такiм нараджэннi - у большасцi яны былi пазашлюбныя - абат уздыхаў, а лекару, якi прымаў роды ў пракажонай, рабiлася непамысна. Адзiн прапаведаваў цнатлiвасць, другi асцярожнасць, i абодва з аднолькавым поспехам.

Пракажоныя не баялiся пракляццяў, пагарджалi парадамi i штоночы так шчыравалi, што гэта не магло застацца без вынiкаў. Не здатны выкаранiць зло, Тама д'Арфёй намагаўся абмежаваць яго з дапамогай вянчанняў i хрышчэнняў, да якiх усе ставiлiся абыякава. Лекар кляўся, што будзе скручваць галовы загадзя асуджаным небаракам, але нiколi не мог на гэта адважыцца. Такiм чынам колькасць падданых Яе Вялiкасцi Праказы ўвесь час расла.

Абат уздыхнуў, але не адказаў брату Розу. Яны мiнулi палi. Дарога зрабiлася больш крутая. Неўзабаве, за паваротам, перад iмi адкрылася панарама далiны, над якой узвышалася Гара Хворых. На поўднi было ясна, i можна было разглядзець кожнае дрэва вялiзнага лесу. У другiм баку было наадварот: ад горада слаўся, ахутваючы наваколле, чырванаваты туман.

- Я яшчэ ўчора заўважыў яго, - сказаў лекар. - Дзiўны туман. Сонца не разганяе яго.

- Гэта пыл, - сказаў брат Роз. - Воблака стаiць над дарогамi i сцежкамi. Памятаю, у дзяцiнстве я бачыў такое, калi быў кiрмаш. Купцы з усяго каралеўства з'ехалiся ў горад. Дарогi былi проста пераараныя вазамi i вершнiкамi.

- Мажлiва, кiрмаш цi вялiкае свята.

Нейкi час яны стаялi засмучаныя, не кажучы нi слова. У сваёй турме яны не бачылi нiчога, акрамя праказы, i сяк-так мiрылiся з лесам, але досыць было iм глянуць на далiну, як у iх абуджалiся ўспамiны пра знешнi свет i выклiкалi тугу, якую ўзмацняў няспынны гул званоў, што далятаў здалёк. Жан Маяр паспрабаваў у звыклай для яго форме развеяць гэтую тугу:

- Што нам дым i гоман у далiне, абат! Не сумняваюся, гэта адно з вашых новых рэлiгiйных святаў. Звоняць як апантаныя. Можа, здарыўся нейкi цуд? На добрую навiну злятаецца процьма пiлiгрымаў i гандляроў, якiя прагнуць збыць свой няпотраб. Мы смяёмся з усяго гэтага. Хiба ад учора ў нас няма свайго святога?

- Урэшце, вы маеце рацыю, мэтр Жан, - сказаў абат. - Бог пасялiў нас на Гары Хворых i паслаў нам святога, каб нам стала сорамна за наш эгаiзм. Я ўпэўнены, што ў глыбiнi душы вы адчуваеце тое, што i я: нiхто не можа бясконца жыць без любовi i мiласэрнасцi.

- Так, - сказаў лекар, - аман, абат, але мне не церпiцца зноў убачыць гэтага Месiю пры дзённым святле... А вось, здаецца, i ён.

Яны падышлi да лясiстай зоны, дзе было шмат хацiн, якiя стаялi даволi далёка ад сцежкi. Чужынец быў тут. Ён стаяў нерухома, абапёршыся спiнай на дрэва, лiсце якога напалову хавала яго. Ён не заўважыў iх, увесь паглыблены ў назiранне за тузiнам малых, якiя, здавалася, былi цалкам захопленыя нейкай дзiўнай цырымонiяй. Большасць нерухома сядзела ў тры рады на кукiшках. Адзiн, у цёмных лахманах, стаяў перад гуртам на каленях. Крыху далей тварам да iх стаяў, як падалося, галоўны ў гэтай хеўры. Ён нешта казаў i махаў рукамi. Яны не заўважылi нi чужынца, нi тых, што прыйшлi пасля яго.

Абат хацеў выдаць сваю прысутнасць, калi Жан Маяр цiха сказаў:

- Стойце цiха, мне хочацца паглядзець на яго, калi ён думае, што яго нiхто не бачыць.

- Але што робяць дзецi?

- Гэта проста гульня.

- Гульня?

- Паназiраем за iмi. Хiба не яны заўтрашнi дзень лепразорыя? Улюбёная iхняя гульня. Пракажоныя дзецi гуляюць у пракажонага.

На галаву таго, што стаяў на каленях, была накiнута чорная тканiна, а да грудзей быў прышпiлены шматок чырвонай, - неахайна выразанай у форме сэрца. Ён прадстаўляў пракажонага. Старэйшы хлопчык, якi стаяў перад iм, iмiтаваў абрад адпявання. Скончыўшы чытаць малiтвы, у якiя ён устаўляў словы, падобныя гучаннем да лацiнскiх, ад чаго прысутныя проста памiралi са смеху, хлопчык нахiлiўся i кiнуў некалькi жменяў зямлi на галаву таму, што стаяў на каленях, сказаўшы пры гэтым:

- Гэта значыць, што ты памёр для гэтага свету.

Хлопчыкi ў трох радах шапталiся i штурхалi адзiн аднаго локцямi. Пракажоны ўпаў нiцма. Завадатар казаў далей:

- Я забараняю табе калi-небудзь уваходзiць у царкву, наблiжацца да людзей.

- Я назаўсёды забараняю табе мыць рукi ў крынiцах, ручаях цi ў якой iншай вадзе, акрамя той, што ў тваёй мiсцы.

- Ты не надзенеш нiякай вопраткi, акрамя вопраткi пракажонага.

- Я забараняю табе, калi ты будзеш у дарозе, адказваць таму, хто звернецца да цябе з пытаннем, перш чым ты не станеш так, каб вецер дзьмуў у твой бок, каб не заразiць гэтага чалавека. Больш таго, з гэтага часу ты будзеш пазбягаць вялiкiх дарог, каб нiкога не сустрэць.

- А калi ты будзеш iсцi па палях, я забараняю табе дакранацца да агароджаў i кустоў каля сцежкi.

- Я забараняю табе дакранацца да каго б нi было, асаблiва да дзяцей i маладых людзей.

- Ад сёння я забараняю табе есцi цi пiць з кiм-небудзь, апрача пракажоных.

Скончыўшы сваё павучанне, ён махнуў рукой. Пракажоны ўстаў i падышоў да шырокай ямы, бразгаючы дзвюма жалязякамi, звязанымi разам, якiя замянялi ляскотку. Калi ён iшоў, усе астатнiя адсоўвалiся ад яго, затыкаючы насы i ўдаючы самую вялiкую агiду. Ён лёг у магiлу. Iншыя пачалi здалёк кiдаць жменямi зямлю, пакуль не засыпалi яго напалову.

У жыццi гэта называецца separatio leprosarum - цырымонiя, якая папярэднiчае iнтэрнаванню ў лепразорый новавыкрытага пракажонага i якая выкрэслiвае яго з лiку жывых. Дзецi, якiя нарадзiлiся ў лепразорыi, не спазналi яе на сабе, але яна так уразiла iх бацькоў, што яны ўвесь час гаварылi пра яе мiж сабой, параўноўваючы розныя яе варыянты. Вялiкiя i малыя ведалi рытуал да драбнiц.

Хлапчукi ўнеслi столькi рэалiзму ў гэтую iмiтацыю, што гэта ўразiла абата. Што ж да лекара, якi пад час сваiх падарожжаў нагледзеўся такiх забаў, то яго больш цiкавiла рэакцыя чужынца на ўсё гэта. А той быў, здавалася, зачараваны гульнёй. Калi дзецi скончылi, ён выйшаў да iх са сваёй схованкi. Жан Маяр адзначыў, што ён быў бляднейшы, чым напярэдаднi. Стомленасць i недасыпанне адбiлiся на яго зняможаным твары. Аднак вочы гарэлi нейкiм амаль драпежным агнём.

Калi ён падышоў, дзецi змоўклi. Адзiн, самы малодшы, заплакаў i ўцёк. "Яшчэ крыху, i яны разляцяцца, як чарада вераб'ёў", - падумаў лекар. Але чужынец усмiхнуўся i загаварыў спакойным голасам, i яны пачалi слухаць i хутка зацiкавiлiся.

Абат зноў хацеў быў падысцi, але Жан Маяр спынiў яго.

Яны здагадалiся, што чужынец распытвае пра гульню. Раптам па ўсiм наваколлi разнёсся яго смех, якога яны яшчэ не чулi. Смяяўся ён, як i гаварыў, праз зубы. Хутка стала ясна, што ён прапаноўваў хлапчукам прыняць яго ў гульню i тыя, зацiкаўленыя, згадзiлiся.

Новая гульня была прасцейшая, але таксама iнспiраваная праказай. Цяпер старэйшы хлапчук начапiў на сябе належныя аксесуары i выконваў ролю пракажонага. Астатнiя, крычучы ад страху, уцякалi, а ён ганяўся за iмi, бразгаючы сваiмi жалязякамi. Той, каго ён даганяў, павiнен быў замянiць яго. Але чужынец па-свойму ўвайшоў у гэтую гульню: замест таго каб уцякаць ад пракажонага, ён пайшоў яму насустрач, абняў, прыцiснуў да сябе i пацалаваў.

Калi ён адпусцiў хлопчыка, той выглядаў збянтэжаным, але незнаёмы ласкава загаварыў да яго, i тады ўся гурма сабралася вакол iх. Падобна было, што ён звяртаўся да iх з чымсьцi накшталт казанi, з якой лекар i абат разабралi толькi знаёмае ўжо пытанне, сказанае з горкiм папрокам:

- Хiба ўсе людзi не браты?

- Вось дык прапаведнiк! - прашаптаў Жан Маяр. - Абат, гэта ваш сур'ёзны канкурэнт.

Падобна было, што ён ахрысцiў свавольнiкаў у сваю веру. Калi гульня ўзнавiлася, яна стала дэманстрацыяй мiласэрнасцi. Чужынец стаў выконваць ролю пракажонага, а хлопчыкi, замест таго каб уцякаць, кiдалiся ў ягоныя абдымкi i цалавалi яго.

Усе яны, у тым лiку i той хлопчык, што з плачам уцёк, але потым вярнуўся, пабывалi ў яго абдымках. Пасля гэтага, быццам страцiўшы ўсякую цiкаўнасць да гульнi, ён раптам адкiнуў вэлюм i чырвонае сэрца i, нiчога не сказаўшы, iмклiва пайшоў прэч, угору па схiле. Ён пайшоў так нечакана, што дзецi аслупянелi.

Сябры рушылi далей. Яны маўчалi, паглыбленыя ў думкi i зберагаючы сiлы, бо неба аблажылi хмары, а спёка стала невыносная.

- Абат, - раптам сказаў Жан Маяр, - назiраючы за iм, я раптам западозрыў яго ў махлярстве.

Тама д'Арфёй запратэставаў - з тым большым абурэннем, што i яго самаго збянтэжылi i занепакоiлi паводзiны чужынца.

- Мэтр Жан, - сурова сказаў ён, - асабiста я не ўбачыў нiчога, акрамя ўрока мiласэрнасцi, дадзенага дзецям, якiя, не маючы на ўвазе нiчога кепскага, знайшлi сабе брыдкую забаву. I ўрок быў карысны. Яны больш не будуць гуляць у гэтыя жорсткiя гульнi.

- Прынамсi, нейкi час. Аман, абат.

А ён тым часам зноў абрынуўся на iншых пракажоных, як коршак на куранят.

7

Яны зноў дагналi яго ў вялiкiм паселiшчы пракажоных, дзе вырашылi заначаваць. Гэта было апошняе паселiшча перад праклятай зонай верхняга лепразорыя. У лекара тут была хацiна, дзе ён адпачываў пад час сваiх абходаў. Дастаўшыся туды пад вечар, лекар пайшоў паглядзець сваiх хворых, а потым далучыўся да абата. Сябры як маглi ўладкавалiся, каб павячэраць, пакуль брат Роз i абатаў слуга слалi пасцелi.

Як Жан Маяр даведаўся пад час абходу, чужынец яшчэ не пабыў у гэтай вёсцы, але навiна пра яго з'яўленне на Гары Хворых ужо даляцела таямнiчымi шляхамi да тутэйшых пракажоных, i ўсе яны сабралiся на паляне, чакаючы яго.

Заклапочаны тым, каб у час свайго турнэ не ўпусцiць нiводнай душы, ён, вядома, збочваў на кожную сцежку, якiя вiлiся вакол гары, заходзiў у кожную хацiну i такiм чынам iшоў па доўгай спiралi, у той час, як лекар i яго спадарожнiкi паднялiся самай кароткай дарогай.

Апусцiлася ноч. Натоўп пракажоных на паляне выглядаў цяпер нейкай няяснай масай, i абат адчуў ад гэтага палёгку. Яго балюча ўразiла гэтая безлiч гнойных балячак, мярзотных язваў, лахманы скуры, што вiселi на панявечаных руках, якiя часам, здавалася, былi гатовыя адарвацца ад цела, як ссохлыя пялёсткi, усе нягоды, якiя сталi звыклымi ў гэтым ужо жахлiвым месцы. Ён хацеў, хоць i не прызнаўся б у гэтым, каб цемра разагнала i смурод, якi iшоў ад зборышча, смурод кепскай праказы, не такi, да якога ён ужо прызвычаiўся ў малым лепразорыi.

Калi ў хацiну ўварвалася хваля паветра яшчэ больш смярдзючая за iншыя, ён збялеў, ускочыў i рэзка прычынiў дошку, якая замяняла аканiцу. Потым яму стала сорамна за гэтую нестрыманасць, i ён, прыгнечаны, зноў сеў.

- Бедныя людзi, - прашаптаў ён.

- Праказа забiвае паволi... - сказаў лекар. - Але вы дарэмна так засмучаецеся, абат. Хвароба дае i пэўныя выгоды.

- Сапраўды выгоды, - прашаптаў, падцiснуўшы, як раз'юшаны леў, свае вялiзныя губы Тама д'Арфёй.

- Вядома. Праказа добра адганяе ўзброеных людзей, а такое лiха, як вайна, здаецца, збiраецца надоўга пасялiцца ў нашым каралеўстве. Наша слаўная праказа прымушае ангельцаў трымацца воддаль. Нiводзiн вораг каралеўства не наважыцца напасцi на лепразорый - як i нiхто свой, дарэчы. I дзякуй богу. Я маю на ўвазе тых рыцараў, якiя, быццам баронячы бедны люд, рабуюць вёскi, што трапляюцца на iх дарозе. Гара Хворых здаецца мне асяродкам мiру i спакою. Так Усявышнi ператварае зло ў даброць.

- Аман, бязбожнiк, - сказаў Тама д'Арфёй, слаба ўсмiхаючыся.

- Я не ўпэўнены, што пакiнуў бы гэтае сховiшча, каб зноў вярнуцца ў вар'яцкi свет, нават калi б гэта было магчыма.

Абат, разважаючы над апошнiм выказваннем, быў ужо гатовы прыйсцi да высновы, што фiласофiя - цудоўная штука, але гоман, якi ўсчаўся на дварэ, прымусiў яго прыслухацца. Ён расчынiў акно, але не мог разабраць нi слова, бо, пачынаючы з пэўнай вышынi, на гары жылi хворыя, галасавыя звязкi ў якiх былi пашкоджаныя праказай, i iх гаворка нагадвала мала зразумелае чужым звярынае рыканне. Толькi лекар крыху разумеў прымiтыўныя мовы, на якiх размаўлялi на розных паверхах гары. Ён пацвердзiў абату тое, пра што той ужо здагадаўся: чужынец быў блiзка. Ён папрасiў брата Роза патушыць свечку. Сябры ўладкавалiся каля акна, шырыня якога якраз дазваляла iм прасунуцца сваiмi вялiзнымi галовамi. Яны пiльна ўглядалiся ў цемру, чакаючы прыходу святога.

Пра яго з'яўленне абвясцiлi бязладныя крыкi ўсiх пракажоных, якiя ўсхапiлiся на ногi. Ад гэтых крыкаў у сяброў заледзянела кроў. Пачварная фантасмагарычнасць таго, што адбывалася, агаломшыла iх, як бязглузды кашмар.

Як прэлюдыя да д'ябальскага вiдовiшча, у лесе ўспыхнула некалькi мiгатлiвых агеньчыкаў. Яны мiгцелi ўсё часцей, i ў хуткiм часе таямнiчае мiгценне злiлося ў адно цэлае, асвяцiўшы лес магiчным святлом. Тады на сцежцы, што выходзiла на паляну, з'явiлася працэсiя, падобная да карнавальнай.

На чале iшлi дзецi з паходнямi, над якiмi ўспыхвалi чырвоныя языкi полымя. Але абат i лекар-фiлосаф акамянелi ад жаху, калi ўбачылi групу, якая iшла за дзецьмi, а брат Роз, якога цяжка было чым-небудзь збянтэжыць, глуха ўскрыкнуў, калi наважыўся зiрнуць у шчылiну. Iх жах быў выклiканы i агiднасцю вiдовiшча, i яго незразумеласцю, бо страшная, пачварная iстота выглядала досыць экстравагантна. Яны ўбачылi вялiзнае цела такой непамернай шырынi, што яно выступала па абодва бакi дарогi. Знiзу яно трымалася на некалькiх нагах, а зверху яго вянчалi тры галавы.

Cerbero fiera crudele e diversa

Con tre gole caninamente...*

машынальна прамармытаў Жан Маяр, выцiраючы лоб.

* Цэрбер драпежны i люты.

Страшныя тры ў яго пашчы...

(Дантэ. "Боская камедыя". Пекла. Песня VI.)

Сапраўды, адзiнае разумнае, што магло прыйсцi ў гэтую хвiлiну яму ў галаву, - гэта атаясамiць тую iстоту з дэманам, якi ахоўвае браму ў пекла.

Першае ўражанне ад гэтага д'ябальскага стварэння не дазволiла iм спачатку разглядзець яго як след. Калi ж яны прымусiлi сябе зрабiць гэта - бо толькi так можна было скiнуць з сябе здранцвенне, што iх ахапiла, - то заўважылi, што кожная асобная частка пачвары была агiдная па-свойму. Абат, як толькi апамятаўся ад першага шоку i змог убачыць яшчэ нешта, акрамя страшнага цэлага, засяродзiў сваю ўвагу на галовах. Яны неадольна прыцягвалi позiрк. У той, што злева, не было носа, ад губ засталiся толькi абрыўкi. Чорная дзiрка пасярэдзiне твару нагадвала прорву, якую не можа асвяцiць нiякi агонь. Што да правай, то на ёй не было месца, якое б нагадвала чалавечае цела, якое не гнiло. Яна была суцэльнай язвай, гангрэнай, па форме аддалена падобнай да шара, i трэба было доўга ўглядацца, каб разгледзець на ёй нос i рот, схаваныя ў брыдкiх пухiрах, ад якiх у святле паходняў падалi неверагодныя ценi.

Трэцяя галава ў знямозе звесiлася наперад. Яна ў такт хадзе матлялася то ўлева, то ўправа. Гэта навяло абата на думку, што яна iмкнецца схаваць тое, што яна яшчэ больш мярзотная, чым дзве другiя. А калi яна стала падымацца, то ў яго замерла сэрца ад прадчування, што ён убачыць твар. Сапраўды, галава павольна паднялася. Манахава трывога перарасла ў панiку, калi ён пазнаў твар незнаёмага. Гэта быў менавiта ён. Абапал яго iшлi пракажоныя з халуп, што стаялi ў баку ад паселiшча; iм захацелася правесцi яго да гэтага месца. Яны падтрымлiвалi незнаёмага, амаль неслi. А ён так моцна абвiў рукамi шыi спадарожнiкаў, так цесна да iх прыцiснуўся, што тры целы здавалiся адным.

Жах знiк адразу, як толькi яны зразумелi, што тут няма нiчога звышнатуральнага. Абат сваiм целам адчуў мярзотнасць блiзкасцi незнаёмага з гэтымi iстотамi, i яго перасмыкнула ад агiды.

- Гэты чалавек святы! - з усяе моцы закрычаў ён, нiбы хацеў пераканаць сам сябе. - Толькi святы можа вытрываць такое.

8

- Бясспрэчна, гэта святы, - сказаў Жан Маяр, - але я лiчыў, што святасць нясе душам мiр i спакой, а гэта сапраўдны шаленец. Вось ён зноў пачынае свае штукi.

Чужынец, адпушчаны пракажонымi, нейкi час стаяў прыгаломшаны, хiстаючыся ў бакi. Але калi натоўп цесна абступiў яго, ён авалодаў сабой. Не адкладаючы на потым, нават не перавёўшы дыху, ён яшчэ больш прагна пачаў раздаваць пацалункi, укладаючы ў iх адначасова i палкасць пачуцця, i манатонную рытуальнасць цырымонii. Ён распасцiраў рукi для абдымкаў, падыходзiў да пракажонага, апантана прыцiскаў яго да сябе, прыкладаўся вуснамi да брыдкай плоцi, потым адпускаў яго i браўся за другога.

- Я памыляўся, калi падазраваў яго ў ашуканстве, - прамармытаў сам сабе лекар. - Ён з аднолькавай утрапёнасцю кiдаецца на ўсiх пракажоных: мужчын i жанчын, дзяцей i старых, незалежна ад полу i ўзросту. Вар'ят? Святы вар'ят, ёсць i такiя. З учарашняга дня гэты дзiвак перацалаваў больш за пяць соцень пракажоных пыс, i яму ўсё яшчэ мала... Абат, я бачу толькi адно разумнае тлумачэнне.

- Разумнае тлумачэнне, - з насмешкай сказаў абат.

- Грэшнiк, грэшнiк, якi каецца, якога турбуюць, не даюць спакою пакуты сумлення i якi спадзяецца ўратаваць сваю душу, заслужыць колькасцю такiх учынкаў месца ў раi, на якое страцiў права. Але каб абудзiць у iм такую заўзятасць, такую прагу ахвяравання, трэба было нагадаць яму пра нейкае незвычайнае злачынства.

- Хама Няверлiвы, - сказаў Тама д'Арфёй, - калi ўжо ты пакiнеш выпiнацца з жылаў, шукаючы тлумачэнняў дабрачыннасцi божай? Гэта святы.

- Такая ўжо мая прафесiя, шукаць тлумачэннi, - адказаў лекар, - а сам я прывык лiчыць, што зацiкаўленасць - магутны штуршок да ўчынкаў. Нават да святых.

Ён зноў уважлiва паглядзеў у акно i, крыху памаўчаўшы, сказаў сур'ёзным тонам:

- Шчыра кажучы, я збянтэжаны. Сапраўды, яго гераiзм наводзiць на думку пра падтрымку найвышэйшай сiлы... Але чаму Ўсявышнi не даў свайму абранцу больш прывабнага твару? Вы звярнулi ўвагу на гэты брыдкi кручкаваты нос, бледную скуру, скуласты твар, упарта сцiснутыя тонкiя вусны?.. Цi не хавае гэты водар ладану i мiрту, якi вы ўчора пачулi, якi ўсiх ап'яняе, каго ён цалуе, цi не хавае гэты водар сернага смуроду?

- Ты сам д'ябал! - прашаптаў абат. - Ты не верыш у бога i хацеў бы пераканаць...

- Вядома, я памыляюся. Сатана ўсяго толькi папоўская выдумка, якая натхнiла месiра Дантэ на цудоўныя вершы. Але зiрнiце на яго цяпер.

Чужынец стаяў пасярэдзiне паляны, шчыльна аточаны натоўпам. Абат iзноў падышоў да акна i ўбачыў, як яго доўгая постаць, што ўзвышалася над натоўпам, схiлялася ў святле паходняў, якiя дзецi трымалi ў выцягнутых руках, над немаўляткам, што працягнула яму пракажоная.

Мажлiва, словы Жана Маяра пасеялi трывогу ў душы абата? Мажлiва, безлiч пачуццяў, якiя ён толькi што перажыў, стварылi спрыяльную глебу для галюцынацый? Можа, дрыготкае полымя паходняў нейкiм фантастычным чынам скажала рэчаiснасць? Але старога ахапiў жах, калi ён убачыў твар. святога, якi ў гэты момант, здавалася, быў налiты лютай злосцю. Паводзiны малога яшчэ больш узмацнiлi гэтае ўражанне. Дзiця так крычала i бiлася, што мацi ледзьве магла яго ўтрымаць. Тыя некалькi секунд, пакуль святы стаяў, схiлiўшыся над малым са страшным выразам твару, якi быў падобны да сатанiнскага, абату здавалася, што ён бачыць ахвяру, аддадзеную пачварнаму людаеду.

Ён заплюшчыў вочы i перажагнаўся. Калi ён iх зноў расплюшчыў, галюцынацыя знiкла. Святы выпрастаўся i перайшоў на iншае месца.

Малое толькi слаба скуголiла. Манах прыклаў руку да лба i выказаў сваё незадавальненне лекару, чые блюзнерскiя размовы маглi пасеяць сумненнi ў простых i чыстых душах.

- Пагаворым з iм? - спытаўся той, пацiснуўшы плячыма.

Абат вагаўся. Ён адчуваў, што падзеi гэтага вечара зламалi яго i цяпер ён стаў амаль абыякавы да перспектывы змяшацца з натоўпам пракажоных.

- Пачакаем да заўтра. Ён павiнен будзе пайсцi адпачыць.

- Каб сярод ночы iсцi далей... Хоць вы, вiдаць, маеце рацыю. Ён спынiцца, калi абыдзе ўвесь лепразорый, чаго пры яго тэмпах чакаць ужо нядоўга. Дзе-небудзь каля вяршынi мы яго дагонiм... Абат, вас не цiкавiць, як ён успрыме пракажоных праклятай зоны?

Месiра Тама д'Арфёй перасмыкнула, але ён нiчога не адказаў, i сябры леглi спаць.

У халупе быў толькi адзiн пакой. Як толькi патушылi свечку, лекар зноў загаварыў:

- Калi ён не пабаiцца абняць пракажоных там, угары, калi не пакажа нiякай агiды да чорнага страшыдлы, што жыве на вяршынi, тады, думаю, нават я сам схiлюся перад iм i прызнаю яго святым.

9

Яны выправiлiся ў дарогу на свiтанку, бо наперадзе iх чакаў нялёгкi шлях: сцежка крута падымалася ўгору. Як i прадбачыў Жан Маяр, чужынец выйшаў раней за iх. Як i напярэдаднi, ён iшоў па спiралi, радыус якой паступова змяншаўся. Паказвала на навальнiцу: парыла. На цяжкiх пад'ёмах у абата пачыналася задышка,i ён раз-пораз спатыкаўся.

Яны iшлi па пустэльнай мясцовасцi, памiж змрочных выветраных скал, якiя грувасцiлiся абапал сцежкi i пазначалi ўваход у верхнi лепразорый.

- Вось i дзевятае кола i яго знядоленыя жыхары.

O sovra tutte mal cteata plebe,

Che stai nel loco onde parlare e duro

Me foste state qui pecore o rebe!*

* О вы, няшчасныя! Такая ваша доля

Пакутаваць у гэтым страшным месцы,

Дзе нават пазайздросцiш i жывёле!

(Дантэ. "Боская камедыя". Пекла. Песня XXXII.)

- Я не разумею па-iталiйску, - змрочна сказаў абат, - але я сам сабе думаю, што ваш фларэнтыец знайшоў бы тут яшчэ некалькi жахаў для свайго пекла.

- Адзiн дык акурат, - сказаў лекар, спыняючыся, каб перавесцi дых, ягонае пекла было безданню, i ў яго спускалiся. Наведнiкi не рызыкавалi задыхнуцца, як мы, пры ўзыходжаннi.

Стары не ўсмiхнуўся, крыху пастаяўшы, ён рушыў далей, цяжка ступаючы, потым спытаўся сур'ёзным тонам:

- Цi доўга яшчэ засталося тым, хто тут?..

- Некалькi месяцаў, а можа, гадоў. Я ведаў пракажонага, цела якога было спрэс гной, у iм кiшэла ўсякая нечысць. У такiм стане ён жыў яшчэ доўга.

У абата вырваўся ўздых.

- Праказа забiвае павольна, i ён быў гэтаму рады. Ён баяўся смерцi, дадаў Жан Маяр.

Яны паднялiся яшчэ вышэй. Конус гары рабiўся ўсё вузейшы. У абата буйнымi кроплямi выступiў пот, якi вельмi, як яму здавалася, смярдзеў. Яшчэ нiколi ён не адчуваў цяжару гадоў i хваробы так, як у гэты дзень.

Трэба сказаць, што стаяла страшэнная духата. Цёмныя хмары грувасцiлiся над далiнаю. Горад i наваколле ўсё яшчэ былi схаваныя пад бледна-чырвоным покрывам. Лекар паспрабаваў пераключыць увагу свайго спадарожнiка на гэтае вiдовiшча.

- Дзiўна, абат. Гэта, бясспрэчна, пыл, i стаiць ён ужо тры днi. Дарогi павiнны быць ушчэнт разбiтыя няспыннай людской плынню. Якiм кiрмашом, якiм святам можна ўсё гэта растлумачыць?

- Адкуль мне ведаць? Вайна, панiка, мажлiва, - раздражнёна адказаў абат. "Што нам да таго", - казалi вы ўчора. Ворагi каралеўства нас не чапаюць.

Вялебны Тама д'Арфёй меў сапраўды кепскi настрой. Прычыны таго былi розныя. Перш за ўсё таму, што верхнi лепразорый заўсёды выклiкаў у яго панурыя думкi. Хоць лекар i запэўнiваў яго, што ягонае цела ўжо не зазнае iстотных пашкоджанняў, абату часам бачыўся ў аблiччах некаторых жыхароў праклятай зоны яго ўласны партрэт у будучынi, i гэта было для яго невыносным. Да таго ж ён вiнавацiў свайго сябра за сумненнi, якiя той унёс у яго душу, што да святога. Ён злаваўся на яго за тое, што лекар паступова нiшчыў радасць, якую ён адчуваў пасля з'яўлення незнаёмага. Уночы яго мучылi недарэчныя кашмары: анёлы ператваралiся ў дэманаў.

Жан Маяр не настойваў. Яны доўга iшлi моўчкi. Падыходзячы да вяршынi, яны заўважылi таго, хто нарабiў iм столькi клопату. Чужынец сядзеў на скале, непадалёк ад некалькiх буданоў апошняга перад вяршыняй паселiшча.

Нiводнага пракажонага не было вiдаць, але яны адчувалi позiркi, што пiльна сачылi за iмi з-за складзеных з галля сцен. Пракажоныя тут часцей за ўсё не пакiдалi сваiх вартых жалю логваў, нiбы саромеючыся паказацца на белы свет.

Здавалася, што чужынец спаў, апусцiўшы галаву. Ён заўважыў iх толькi, калi яны падышлi зусiм блiзка. Тады ён ускочыў i павярнуўся да iх зняможаным тварам. Лекар вельмi мякка сказаў:

- Ты зусiм знясiлены цi, прынамсi, выглядаеш так. Твая смеласць i твая заўзятасць здзiўляюць нас, але няма сэнсу дзеля мiласэрнасцi губiць самога сябе, i ты зробiш лепш, калi будзеш ашчаджаць свае сiлы. Наш абат i сам святы чалавек, але ён скажа табе, што калi ты хочаш доўга аддаваць сябе iншым, дык трэба берагчы здароўе. А ты, я бачу, вось-вось знепрытомнееш.

- Гэта спёка, - прашаптаў святы.

Ён па-ранейшаму гаварыў праз упарта сцiснутыя зубы, ад чаго губы выцягвалiся ў дзiўную грымасу; але голас яго быў ужо не такi глыбокi. Ён быў ледзь мацнейшы за шэпт.

- Брат мой, - сказаў абат, - мэтр Жан Маяр даў мудрыя парады. Я казаў табе: у тым, што датычыць нашага фiзiчнага здароўя, няма чалавека больш дасведчанага за яго. Таму, калi ты згодны, то зменшы свой запал. Вярнiся з намi ў манастыр, дзе ты адпачнеш. А заўтра з новымi сiламi прадоўжыш сваю мiсiю.

- Твае рукi дрыжаць, - дадаў лекар, - я ўпэўнены, што ў цябе гарачка.

Ён памкнуўся ўзяць яго за руку. Чужынец ускочыў i адступiўся на некалькi крокаў. У яго змрочных вачах успыхнуў шалёны агонь.

- Мне яшчэ трэба ўбачыць тых, хто жыве тут, - сказаў ён тым самым прыдушаным голасам.

Ён перасiлiў знямогу, цвёрдымi крокамi накiраваўся да блiжэйшага будана i ўвайшоў у яго. Лекар, хiтаючы галавой, рушыў за iм, бо ў яго былi там справы. Брат Роз з медыкаментамi пайшоў следам. Абат не мог прымусiць сябе наблiзiцца да клаакi, з якой несла агiдным смуродам. Ён сеў на зямлю непадалёку i пачаў чакаць.

Жан Маяр выйшаў, змянiўшыся з твару. Ён загаварыў сур'ёзным, нязвыклым для яго тонам.

- Абат, - сказаў ён, - я каюся за мае насмешкi i падазрэннi. Сапраўды, у iм ёсць нешта звышнатуральнае. Тое, што ён зрабiў пры мне, пераходзiць межы ўсякага гераiзму, бо кажу вам, тых, хто тут жыве, можна параўнаць з гнiлымi трупамi. Я, лекар, пракажоны, здатны толькi кранацца iх кончыкамi пальцаў, адвярнуўшы твар. Ён жа нават не здрыгануўся.

- I ён iх аб...

- Так, ён iх моцна абняў i прыцiснуў да сябе гэтак жа палка, як i iншых.

Нейкi час Тама д'Арфёй маўчаў. Яму было непамысна. Ён не мог знайсцi адпаведных слоў, каб ухвалiць гэты незвычайны ўчынак. Урэшце ён выцiснуў з сябе:

- Бог надзяляе сваiх абранцаў такой смеласцю, якая мяне бянтэжыць. Я адчуваю сябе непаўнацэнным.

- Я таксама, - прызнаўся лекар.

- Хiба ўсе людзi не браты? - пачулi яны шэпт ззаду.

Яны здрыганулiся. Гэты невыразны i разам з тым пагардлiвы голас цяпер выклiкаў у iх iнстынктыўную агiду.

Святы абышоў усе халупы i цяпер пакiдаў паселiшча. Ён сеў непадалёку ад iх, прыклаў руку да грудзей i не варушыўся.

Яны збiралiся падысцi да яго, калi раптоўны пошуг ветру адцягнуў iх увагу. Яны мiжволi павярнулiся, падстаўляючы спацелыя твары ягонай адноснай прахалодзе, i заўважылi перамены, што адбылiся з краявiдам: покрыва пылу, што засцiлала далiну, дзе-нiдзе прарвалася i праз гэтыя дзiркi сталi вiдаць асобныя яе мясцiны. У той самы момант сонца, прабiўшы хмары, высвецiла шматлiкiя дэталi. Як яны i меркавалi, на дарогах панавала небывалае ажыўленне. Брат Роз, якi меў востры зрок, апiсваў iм вазы, конных i пешых. Ён казаў, што ўсе iдуць у адным кiрунку - з горада.

- Гэта падобна на ўцёкi, - сказаў Жан Маяр, - несумненна, вайна, але...

Ён не скончыў фразы i задумаўся. Пошугi ветру зрабiлiся больш працяглымi. Раптам абат, якi ўцягваў паветра на поўныя грудзi, здрыгануўся i паглядзеў на сябра. Той, як i ён сам, са збянтэжаным выглядам уцягваў паветра вялiзнымi ноздрамi.

- Вы адчулi?

Жан Маяр кiўнуў галавой на згоду i зноў стаў прынюхвацца.

- Цi не мярцвячынай пахне? Нехта з нашых небаракаў...

- Гэта не можа быць з гары. Мы стаiм спiнай да паселiшча, а гэты смурод прыносiць вецер. I потым, iхняя падла заўжды смярдзiць праказай, а гэта праказай не пахне, я ў гэтым гатовы прысягнуць.

Нейкi час яны ў нерашучасцi маўчалi. Вецер сцiх, i смурод прапаў. Яны зноў былi павярнулiся да чужынца, якi нерухома ляжаў на зямлi, калi iхнюю ўвагу зноў адцягнулi прарэзлiвыя гукi, падобныя да ляскоткi. Яны даносiлiся з самага верху гары i, як здавалася, наблiжалiся.

10

Жах i панiка адразу ахапiлi Гару Хворых, нiбы гэтыя гукi былi знакам трывогi. З буданоў пачулася невыразнае ўстрывожанае мармытанне, дзверы рэзка парасчынялiся. Абатаў слуга, скiнуўшы свой груз, кiнуўся наўцёкi ўнiз па схiле. Брат Роз замармытаў нешта поўным жаху голасам.

- Мурын, мурын!

Дабрачынны манах з поўнай абыякавасцю прайшоў усе кругi мясцовага пекла, уваходзiў услед за лекарам у страшныя буданы, дапамагаў перавязваць агiдную плоць, але з наблiжэннем чорнага пракажонага страцiў усю сваю смеласць. Калi ён суправаджаў Жана Маяра ў абходах верхняга лепразорыя, то нiколi не падымаўся на самы верх. Лекар iшоў туды адзiн. Ды i сам ён мусiў звяртацца да свайго прафесiйнага сумлення i ўсёй сваёй фiласофii, каб наблiзiцца да абiсiнца.

Тым часам гукi наблiжалiся, i ён паспрабаваў пажартаваць, аднак у яго голасе бракавала ўпэўненасцi:

- А вось i сатана, якi жыве на вяршынi. Усё, як у месiра Дантэ, выходзiць, у нашым пекле ёсць усё.

Абат трымцеў i адчуваў, што ў яго падгiнаюцца ногi. Ён не мог вымавiць нi слова. На павароце сцежкi, якая спускалася да iх, з'явiлася жудасная постаць. У гэты момант чужынец, здаецца, ачомаўся i ўзняў галаву. Ён устаў. Яго вяло ўбок, але непахiсная воля, здавалася, i на гэты раз перамагла стому. Мурын спынiўся непадалёк ад яго, здзiўлены тым, што ён не ўцякае. На iм быў поўны ўбор пракажонага: шэрая вопратка з выразна бачным чырвоным сэрцам на грудзях. Чорны вэлюм хаваў яго твар.

Чужынец раскiнуў рукi i зрабiў крок яму насустрач. Абат iнстынктыўна здрыгануўся i не змог стрымацца, каб не крыкнуць:

- Не, брат мой! Не! Толькi не яго, не гэтага! Бог гэтага не патрабуе! Бог не можа патрабаваць такога!

Брат Роз, нягледзячы на бязмежную павагу да святога, не мог вытрымаць гэтага вiдовiшча. Ён лёг на зямлю i закрыў галаву рукамi.

- Хiба ўсе людзi не браты? - прашаптаў святы.

- Не замiнайце яму, - прамармытаў Жан Маяр, - магу вас запэўнiць, што праказа знявечыла яго менш за iншых.

- Ён жа чорны, - прастагнаў прыгнечаны тым, што адбываецца, Тама д'Арфёй.

Чужынец зрабiў яшчэ крок. Абат у адчаi махнуў рукой. У гэты момант, быццам каб памацнiць яго роспач, вецер зноў прынёс смурод. Адразу ўсё наваколле напоўнiлася жахлiвымi мiязмамi, якiя перабiлi адвечны смурод праказы, не змешваючыся з iм. Абат i лекар не маглi паварушыцца ад агiды. Чужынец не зважаў на гэта i iшоў проста да мурына.

Але той пачуў смурод, i гэта неяк асаблiва падзейнiчала на яго. Надзвычай хуткiм рухам, падобным да таго, як птушкi ўзнiмаюць галовы, ён павярнуўся сваiм схаваным пад вэлюмам тварам у бок далiны i на некалькi секунд замёр, нiбы ўбачыў удалечынi нейкi звышнатуральны знак. Чужынец, распасцёршы рукi для абдымкаў, наблiжаўся, i мурын гэтак жа механiчна павярнуўся да яго. Абат зусiм страцiў уладу над сабой.

- Не давайце яму, - закрычаў ён, - у iмя любовi да бога! Кажу вам, бог не можа гэтага жадаць! Ён ачмурэў ад гэтага паху...

- Гэты пах, - прашаптаў Жан Маяр. - Колiсь у Iталii, мне здаецца...

Лекар выглядаў збянтэжаным. Ад намагання прыгадаць вельмi старое перажыванне зморшчыны на яго гратэскным лобе прарэзалiся яшчэ глыбей.

Ён адарваўся ад сваiх думак, калi манахi пачалi зацята жагнацца. Чужынец падышоў да пракажонага. Сваю любоў i мiласэрнасць ён праявiў гвалтам. Рэзкiм рухам ён сарваў вэлюм з мурына, i ўсе ўбачылi яго твар, запухлы, вялiзны, знявечаны, але галоўнае - чорны, як у дэмана, толькi сiнюшныя плямы праказы выдзялялiся на iм. Святы абняў гэтае мярзоцце i прыпаў губамi да яго шчакi.

Абдымкi былi нядоўгiя. Тое, як раптоўна яны скончылiся, зусiм збiла з тропу прысутных.

Спачатку мурын схапiў аберуч галаву святога i адвёў ад свайго твару, на якiм, нягледзячы на зверападобнасць, было напiсана чалавечае пачуццё: страх.

Нейкi час ён разглядаў яго, потым, не выпускаючы, павярнуўся ў бок далiны, зрабiўшы неверагодна рэзкi рух, якi моцна нагадваў рэфлекс напалоханай жывёлiны. Яго ноздры надзiмалiся, нiбы яму хацелася надыхацца гэтым пахам, якi яшчэ ахiнаў схiлы гары. Пакуль ён так стаяў, страх усё больш акрэслiваўся на яго твары, у яго рысах i вачах чыталiся жах, жудасць i роспач, калi тым жа машынальным рухам ён зноў перавёў позiрк на святога.

Тады яго вусны, пакрытыя агiднымi пухiрамi, растулiлiся. З iх вырваўся крык, ад якога задрыжала ўся Гара Хворых, а ў пракажоных верхняга лепразорыя захаланула кроў. У той самы момант мурын далёка адштурхнуў святога з сiлай, якую мог даць толькi смяротны жах. Святы, спатыкаючыся, зрабiў некалькi крокаў назад, звалiўся на зямлю i знерухомеў, нiбы зламаная лялька.

Мурын павярнуўся да Жана Маяра i сказаў некалькi слоў на сваёй варварскай мове.

Потым ён павярнуўся i кiнуўся бегчы, пасылаючы праклёны небу, пад жалобны акампанемент ляскоткi.

11

Знiкненне мурына быццам бы крыху супакоiла абата. Ён яшчэ раз перажагнаўся i спытаўся ў сябра:

- Што ён сказаў?

Жан Маяр адказаў не адразу. Ён стаяў збялелы. Зморшчыны на яго твары прарэзалiся яшчэ глыбей. Яму здавалася, што абрыўкi ўспамiнаў, якiя перад тым невыразна ўсплылi ў памяцi, пачалi злiвацца ў звязанае цэлае, сэнс якога ён быў ужо гатовы раскрыць. Але раней нават, чым ён паспеў зразумець i ясна выказаць разгадку гэтай таямнiцы, ён скамянеў ад прадчування жахлiвасцi свайго адкрыцця. Ад гэтага прадчування ён страцiў сваю звычайную спакойнасць. Урэшце ён загаварыў перарывiстым голасам:

- Ён сказаў... праўда, я зразумеў толькi адно слова - чорны... Дайце падумаць... Так, чорны. Ён казаў пра нешта чорнае, гэта дакладна, я добра ведаю гэтае слова яго мовы. Ён часта з засмучаным выглядам паўтараў яго мне i бiў сябе ў грудзi... Тады ён вiдавочна меў на ўвазе свой колер... Але цяпер гэта не тое.

Яго разважаннi перапынiла новая хваля смуроду. Раптам ён падышоў да чужынца, якi ляжаў па-ранейшаму нерухома, i сурова сказаў:

- Ты прыйшоў з горада, як ты нам казаў, i павiнен ведаць, што там адбываецца. Спачатку мы думалi, што гэта нейкае вялiкае свята, але...

Ён ускрыкнуў, убачыўшы твар чалавека, якi ляжаў на зямлi. Твар святога зрабiўся як у мерцвяка i, здавалася, распадаўся на вачах.

- Абат, гэты чалавек памiрае.

- Сапраўды свята! - прашаптаў святы з жудаснай грымасай на твары.

Ён паспрабаваў устаць, але яго галава цяжка ўпала. Ён заплюшчыў вочы i знерухомеў. Жан Маяр, забыўшыся пра ўсё, акрамя сваiх прафесiйных абавязкаў, стаў на каленi i прыклаў галаву да яго грудзей. Ад гэтага дотыку святы расплюшчыў вочы, яго твар ажыў, дзiўна вышчарыўся. Апошнiм намаганнем ён абняў i канвульсiўна прыцiснуў лекара да сябе, шэпчучы:

- Брат мой!

Жан Маяр рэзка вырваўся. На яго твары быў такi самы жах, i ноздры раздзiмалiся, як у мурына. Ён яшчэ больш збялеў.

- Водар святасцi рассеяўся, абат! - закрычаў ён. - Застаўся толькi смурод, такi самы, якi далятае з горада. Вядома, праказа так не пахне, не можа пахнуць!

У гэты момант святы перабiў яго. Яго ахапiў магутны прыступ гарачкi, i яе хваравiтая энергiя раптам вылiлася ў бязладны паток слоў:

- Свята, кажаце?.. Ах, якое свята! З шэсцем... шэсцем мёртвых... воз з мерцвякамi ўночы. Гэта я iх вазiў. Нiхто больш не асмельваўся. Я сам скiдаў мёртвых, а часам i не зусiм яшчэ мёртвых, у магiлы. Толькi я iшоў прэч, як ваўкi прыходзiлi разграбаць зямлю. Пасля мяне нiхто не асмелiцца хадзiць за возам... Але хiба ўсе людзi не браты?

Ён залямантаваў. Яго нечакана гучны голас разляцеўся над усёй гарой. Упершыню ён шырока раскрыў рот, развёўшы скiвiцы, быццам, выканаўшы сваю мiсiю, ён ужо не меў патрэбы стрымлiвацца. Стаў вiдаць яго чорна-сiнi, раздуты, як бурдзюк, язык, якi яму ўдалося з учарашняга дня нiкому не паказаць, i такое самае паднябенне, ад якога iшоў густы смурод.

- Дарагi доктар, мiлы доктар, я цябе пазнаў. Калi я захварэў, ты падышоў да мяне на дзесяць крокаў, толькi на дзесяць, у недарэчнай масцы i пракураны ладанам. Гэта ты загадаў забiць мае дзверы, але ты забыўся пра акно i пакiнуў нейкiя свае парфумы... Ты забаранiў усiм наблiжацца да майго жытла. Ты паставiў на iм белы крыж i напiсаў: "Божа, злiтуйся з нас".

- Божа, злiтуйся з нас, - як рэха, прашаптаў Жан Маяр, якога нiбы маланка ўдарыла.

- Нiхто не злiтаваўся з мяне; але я не пабаяўся абдымаць пракажоных... i цябе, любы лекар-пракажоны. Кажаш, праказа забiвае паволi?.. Ха, ха! А хiба я сам не выдатны лекар, найлепшы лекар?

- Абат, - закрычаў Жан Маяр, якi выйшаў са здранцвення, - абат! Ваш святы... Наш святы!..

У парыве лютасцi ён кiнуўся на гэтага чалавека, якi зноў адкiнуўся назад i страцiў прытомнасць. Некалькiмi рэзкiмi, лiхаманкавымi рухамi ён задраў да шыi яго доўгую рудую хламiду i сарваў сподняе. Абат убачыў, як ён пахiснуўся i адступiў на крок перад той апошняй жахлiвай карцiнай, якая яму адкрылася.

Страшныя пухлiны, брыдкiя плямы агiдна чорнага колеру пакрывалi пах святога. Такiя самыя злавесныя плямы былi пад пахамi i пачалi з'яўляцца ў iншых мясцiнах на целе. Гэтыя плямы, якiя былi ўжо вялiкiя i месцамi злiлiся ў адно, пачалi ўбiраць цела ў пахавальны саян.

Лекар брыдка вылаяўся. Ён увесь калацiўся ад лютасцi. Павярнуўшыся да сябра, ён закрычаў, паказваючы пальцам на злавесныя знакi:

- Пошасць, у сто разоў больш заразная i ў тысячу разоў страшнейшая за праказу, абат! Хвароба, ад якой памiраюць за пяць дзён! ЧОРНАЯ ЧУМА!