"Несапраўдны архiрэй (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Давидович Сергей)Давидович СергейНесапраўдны архiрэй (на белорусском языке)Сяргей Давiдовiч Несапраўдны архiрэй Адчынiлiся дзверы, i ў хату да Дануты ўвайшла яе сяброўка Хаўрося. Прывiтаўшыся, Хаўрося запыталася: - Ну як, да Вялiкадня рыхтуешся? - А як жа! - адказала Данута. - Усё перамыла, усё паператрэсла. Нацiснула на Сцяпана, той нават печ пабялiў... - I сапраўды, у хаце павесялела, - азiрнулася Хаўрося. Слова за словам - i пацякла звычайная жаночая гаворка пра тое, што ўжо не раз гаворана-перагаворана. Не абмiнулi яны i гаркотную тэму пра сваiх мужыкоў, якiя колiсь так пiлi гарэлку, ажно гай шумеў. Ляцiць, бывала, Данута да Хаўросi: забяры свайго Язэпа, ляжыць у нас пад сталом, як нежывы. Назаўтра - Хаўрося да Дануты: Сцяпан твой з нашага ганка звалiўся ў крапiву i толькi бурбалкi пускае з носа... I гэтак мiтусiлiся адна да другой штодня... Час ляцiць хутка i непрыкметна. Гэтыя дзве сям'i пасталелi i пачалi пацiху старэць. Надзiва сваiм жонкам i ўсiм аднавяскоўцам, Сцяпан з Язэпам раптоўна i рашуча "завязалi"- кiнулi пiць. Цi здароўе iх прыцiснула, цi пад старасць за розум узялiся, а можа, i тое i другое разам. Але мала таго што адмовiлiся ад атрутнага зелля, дык яшчэ адзiн з iх, Язэп, зрабiўся набожным. Ранiцай молiцца, вечарам молiцца, у нядзелю i на святы бяжыць у царкву. У дадатак да ўсяго - адпусцiў бараду, хоць з яго iкону пiшы. Сцяпан жартуе: "Язэп! Цi не вальтануўся ты? Пiў да адурэння, а кiнуўся ў маленне!" Язэп спакойна адказваў: "На ўсё воля боская!.." Наблiжаўся Вялiкдзень. Вернiкi чакалi яго з нецярпеннем i рыхтавалiся да свята. Рыхтаваўся ў царкве i святы айцец Мiкалай. Хваляваўся! На службу ў царкву манiлася прыехаць раённае начальства - цяпер гэта модна. Сёння амаль усе кiраўнiкi, хоць не вераць нi ў бога, нi ў чорта, а ў царкву сунуцца трэба ж паказаць электарату, што ў Бога ўсе роўныя: i авечкi, з якiх садралi сем шкураў, i ваўкi-шкуралупы ў авечых шкурах. Вось i мiтусiцца айцец Мiкалай, i прадумвае ўсё да драбнiц. Рыхтаваўся да свята i Язэп. Пасцiўся, паўтараў пацеры ды бараду пачэсваў. Сцяпан пры сустрэчы не злазiў са свайго конiка: "Лепей бы ты, Язэп, пiў у меру, чым з барадой улез у веру!" Язэп цiхмяна адказваў: "На ўсё воля боская!" I вось свята падышло, як кажуць, пад самыя вокны. Заўтра Вялiкдзень! Язэп збiраўся на ўсяночную, але, адчуўшы ламату ў нагах, перахрысцiўся i лёг раней спаць, каб ранiцай устаць бадзёрым i днём насалодзiць душу богаслужэннем. Зранку, яшчэ было прыцемна, нехта настойлiва загрукацеў у акно. Язэп устаў, падцягнуў кальсоны i адчынiў дзверы. На ганку стаяў Васiль Шэршань з суседняй вёскi, у якой знаходзiлася царква. "Хрыстос уваскрос, Язэпка, браток! - неяк спуджана крыкнуў Шэршань. - Айца Мiкалая скруцiла пасля ўсяночнай, як перавясла! Мусiць, перастаяў ноччу... Ляжыць, крануцца не можа - палена паленам..." Язэп здзiвiўся: "А я што?.. Я пры чым тут?.. Ах, прабач, сапраўды ўваскрос!" "Браточак! - ледзь не плача Шэршань. - Айцец клiча цябе да сябе! Хутчэй!" Язэп яшчэ больш здзiвiўся: "Дык я ж не доктар! У самiх карова жвачку перастала жваць, а тут святы чалавек... Гэта мудрэй каровы!" Шэршань тлумачыць: "Я так зразумеў, што айцец хоча, каб ты яго сёння падмянiў. Ты ж у нас самы набожны!" Язэп зрабiў крок назад: "Я!.. Ды ў айца Мiкалая, пэўна, гарачка! Я ж нi бэ нi мэ..." "Ты нi бэ нi мэ?! - строга спыталася Хаўрося, якая стаяла за спiнай мужа i ўсё чула. - Ты ж мне ўсе вушы прадзёўб сваiмi малiтвамi! Табе што, цяжка ў царкве перад людзьмi пачытаць iх?" Язэп узмалiўся: "Адна справа - дома, другая - у царкве, прынародна! Я баюся! Ба-ю-ся!" Хаўрося запэўнiла: "Калi што - я дапамагу, падкажу з натоўпу. Хутчэй апранайся i едзь да святога айца - там i вырашыце". "Яно-то з'ездзiць можна... - з неахвотай згадзiўся Язэп, - там заадно i на свята застануся... А калi ж я разгавеюся?!" Хаўрося ўзарвалася: "Не нагавеўся за жыццё?! На сто чалавек хапiла б тваiх гавенняў! Едзь ды падмянi святога айца, можа, Бог i даруе твае п'яныя выкаблукi!" Язэп у хваляваннi хуценька апрануўся, выйшаў з хаты i сеў на падводу. "Прыпынiся вунь ля той хаты! - папрасiў Васiля. - Гукну Сцяпана, можа, для смеласцi паедзе са мной..." Сцяпан ужо прачнуўся i вельмi здзiвiўся просьбе сябра. "Язэпе! Я, каб ведаў, бараду адпусцiў бы ды пацеры вывучыў", - смяецца ён. Язэп прапусцiў мiма вушэй сябраў жарт: "Сцяпанка! Сцёпачка! Паехалi са мною! А што, калi i на самой справе прыйдзецца падмянiць айца? З табой мне зручней! Смялей! Ты ж хоць падтрымаеш маральна". У Язэпавым голасе было столькi болю, што Сцяпан згадзiўся: "Ладна! Ты калiсьцi памагаў мне свiнню калоць, памагу i я табе. Бог мне, спадзяюся, залiчыць..." Прыехаўшы ў суседнюю вёску, Язэп адчынiў дзверы айцовай хаты, перахрысцiўся i, стаўшы на калена, схапiў абвiслую руку айца i цмокнуў яе. "Хрыстос уваскрос! Са святам, святы айцец! Хай Бог..." "Ай! Ай! Ой! - закрычаў на ложку айцец. - Пусцi руку! Б'е, як токам!" Язэп збялеў i адскочыў: "А што з вамi, бацюхна?! Што?!" Айцец прастагнаў: "Чортаў радзiкулiт скруцiў! Вачамi крануць не магу! Ай! Ой!.. Богам цябе прашу, не адкажыся, будзь сёння маiм намеснiкам - адслужы службу замест мяне! Начальства ж едзе з раёна... Людзi пачнуць хутка збiрацца..." Язэп пацiснуў плячыма: "Я ж не ўмею... Такая адказнасць... Баюся я..." Айцец прастагнаў: "Рабi ўсё, як я раблю! Ты ж не раз бачыў i чуў... Чытай малiтвы i махай кадзiлам. Галоўнае - не спыняйся i працягла спявай уголас, што ведаеш са Святога Пiсання". Язэп разгублена прамармытаў: "Калi ж так трэба, святы айцец, дык я паспрабую. Спадзяюся, што Бог мне дапаможа". Айцец прастагнаў: "Ой, паможа! Ай, паможа!" Язэп хацеў iсцi, але айцец спынiў: "Куды ты, сын мой! Вазьмi ж вунь ключы ад царквы. Там пераапранiся ў маё царкоўнае адзенне, надзень крыж на шыю i не падвядзi мяне i Бога!" Язэп дрыготкаю рукой узяў ключы i даўся з хаты. На двары чакаў Сцяпан, якi падскочыў да сябра: "Ну што? Што з айцом Мiкалаем? Чаго выклiкаў?" Язэп замест адказу моўчкi паказаў ключы. "Няўжо будзеш сёння за галоўнага?!" - усклiкнуў Сцяпан. Язэп кiўнуў галавой - у яго адняўся язык. Сцяпан стаў у святарову позу, узняў угару руку i распеўна прагаварыў: "Слухай, душа, былога алкаша!" Язэп не сцярпеў: "Што ты падкусваеш? Навошта дабiваеш? Я цябе ўзяў для падтрымкi духу... А ты?" - "Эх, Язэп! Некалi мы падтрымлiвалi дух па-iншаму... Аж гай шумеў!" - сказаў Сцяпан. Язэп махнуў рукой: "Пайшлi ў царкву! Трэба ж хоць агледзецца ды асвоiцца там, трэба пераапрануцца". Калi сябры прыйшлi ў царкву i Язэп апрануў айцова чорнае адзенне ды начапiў на шыю вялiкi блiскучы крыж, Сцяпан схапiўся за галаву: "Язэ-эп! Ты ж - вылiты святы айцец! Як з iконы саскочыў! Вось хто мне адпусцiць усе мае грахi задарма!" Люстэрка не было, Язэп сябе не бачыў, таму няўпэўнена запытаўся: "Што, сапраўды нiчога?.." "Якое нiчога! - усклiкнуў Сцяпан. - Ты - натуральны... архiрэй цi архiмандрыт, цi... хто там яшчэ? Намеснiк Бога на зямлi!" Язэп абуральна махнуў рукой: "Ат! Ад цябе праўды не дачакаешся... Запалi лепш свечкi ля абразоў ды расчынi дзверы - вось-вось людзi пачнуць збiрацца..." Сцяпан выканаў загад сябра i спытаўся: "Што яшчэ, Ваша высокапраасвяшчэнства?" Язэп паглядзеў наўкола, нешта прыкiнуў i сказаў: "Я буду тут, за алтаром, а ты, як прыедуць высокiя госцi, правядзi iх праз натоўп на пачэснае месца да самага алтара i хуценька заходзь да мяне. Запалiш i падасi мне ў адну руку гэтыя скрыжаваныя свечкi ў падсвечнiку, у другую руку дасi кадзiла - я адразу i пачну службу... Дарэчы, а дзе яно?"- "Вось, вiсiць яно, бацюхна!" - iранiзуе Сцяпан. "Хопiць зубаскалiць! - просiць Язэп. - Справа ж сур'ёзная, адказная. Не дай Бог апраставалосiцца! I скiнь ты сваю ватоўку!" Час цягнуўся марудна, трывожна. Язэп мармытаў пад нос усё, што ведаў, хваляваўся. Ды i Сцяпан прыцiх, напружыўся. Нарэшце першымi пачалi заходзiць у царкву бабы. За iмi пацягнулiся i другiя прыхаджане - i мясцовыя, i на падводах, з другiх вёсак. Людзей набiлася - не дыхнуць! Усе чакалi пачатку службы i не ведалi, што айцец Мiкалай ляжыць дома, што той гнiляк. Язэп адчуў, што ўзмакрэла спiна, пачалi падрыгваць каленi. Нейкая суш убiлася ў рот, язык прылiп да нёба - не адарваць. Трэба было пачынаць службу, але не прыехала яшчэ высокае начальства. Здавалася, што духата ўзарве дах царквы, нават свечкi пачалi гарэць цьмяна - не хапала кiслароду. Язэпава хваляванне распiрала i яго самога, як духата царкву. Нарэшце падкацiлi да царквы "Волга" i "уазiк", i з iх вышчамiлiся гладкiя i важныя кiраўнiкi раёна. Сцяпан кiнуўся iм насустрач, распiхваючы вернiкаў. Падбег да самага тоўстага, ледзь выгаворваючы, запрасiў у царкву: "Заходзьце, калi ласка! Вас даўно чакае... - Сцяпан запнуўся. Не сказаць жа, што чакае Язэп, былы алкаш... - Вас даўно чакае... Вас чакае... архiрэй!" - выпалiў ён. Сярод начальства пайшоў гоман: "Архiрэй! Ого! Дзеля нас сам архiрэй прыехаў!.. Дзе газетчык? Дзе наш фотакор?" Чынна i важна дэлегацыя пайшла праз натоўп за Сцяпанам аж да самага алтара, блiжэй да архiрэя. Паставiўшы гасцей на пачэснае месца, Сцяпан слiзгануў за алтар да Язэпа. "Давай, Язэп! Не дрэйф! Успомнi маладосць, калi жыццё аж кiпела ад нашых выкрутасаў!" Язэп горача зашаптаў: "Давай! Запальвай свечкi, распальвай кадзiла!" Сцяпан запалiў свечкi, кiнуўся да кадзiла, а яно - пустое. Не ведае, што запальваць. Сцяпан пахаладзеў. "Язэп! Кадзiла пустое! Што там павiнна быць? Можа, газа?" Язэп запырскаў слiнай: "Якая газа? Гэта ж не газоўка, не лямпа!" У царкве пачалi хвалявацца, гаманiць вернiкi. Надта ж доўга нiхто не паказваўся з-за алтара. Язэп кiнуўся да Сцяпана: "Не губi, Сцёпачка! Памажы, браток! Ну хоць што-небудзь запалi ў iм! Хоць што! Толькi б яно дымiлася!" Сцяпан замiтусiўся, не ведаючы, што рабiць: лiхарадкава абмацаў кiшэнi, кiнуўся да ватоўкi, скубянуў з дзiркi пачарнелай ваты. Рукi трэслiся, запалка нiяк не магла смаргануць па карабку. "Зараз, Язэпка! Будзе дым! Будзе!" - Сцяпан запалiў кавалак газеты, падсунуў яе пад вату - i кадзiла ажыло, запыхкала густым дымам. Дым быў непрыемны, едкi, затое вярнуў, як з комiна. Сцяпан усунуў у здзервянелую руку сябра кадзiла i падпiхнуў да дзвярэй алтара. Язэп ужо нiчога не чуў i амаль нiчога не бачыў. Ён як не сваiмi рукамi трымаў падсвечнiк з запаленымi свечкамi i кадзiла. Пiхнуўшы нагой дзверы, Язэп выйшаў да людзей. Гоман i шэпты сцiхлi. Цiшыня была нясцерпная. З вялiкай цяжкасцю Язэп адарваў язык ад нёба i расцiснуў здранцвелыя пашчэмкi. Рот-то ён раскрыў, але ўсё, што ведаў, iмгненна выскачыла з галавы. З чаго пачынаць? Жах! "Госпадзi, есi! Пачуй нас на небесi! Для ўсёй Беларусi сваю благадаць прынясi!.." Язэп запнуўся i аслупянеў: "Што я мялю? Якi сорам!.." Вернiкi пачалi хрысцiцца, пераглядвацца - такой малiтвы яны яшчэ не чулi. Язэп зноў раскрыў рот i адначасова замахаў кадзiлам. Едкi дым распаўзаўся па царкве, завiсаў над галовамi прыхаджан. Тут Язэп успомнiў пра перадвелiкодны пост: "Госпадзi! Мы пасцiлi, i ты папасцi! Мы адпасцiлi - у нас пагасцi! А хто не пасцiў - грахi адпусцi!.." Зноў разанула думка: "Куда мяне заносiць? Што з маiм языком?!." Дым ад ваты пачаў лезцi Язэпу ў нос, у вочы. Па шчоках пакацiлiся слёзы. Начальства зашапталася: "Гляньце! Архiрэй плача! Вось гэта дык пропаведзь! Шчырая, аж да слёз!" Язэп узняў вочы: "Госпадзi! - Дым засцiлаў вочы, круцiў у носе, дзёр горла. - Госпадзi! На нас пашлi... апчхi... апчхi..." Язэп ужо анiчога не бачыў, слёзы ручаямi кацiлiся з вачэй. Пачалi пацiху выцiраць слёзы i ўсе астатнiя. Дыхаць было цяжка. Язэп нервова задраў галаву ўверх, узняў над ёй падсвечнiк са свечкамi, замахаў iмi крыж-накрыж: "Госпадзi! З вышынi сваёй пасады... - Раптам зароў дзiкiм голасам: - Ой, халера ясная! О-ё-ёй!.." Растоплены, гарачы воск са свечак закапаў яму на твар. Язэп сабраў астатнiя сiлы: "Госпадзi!.. Ды што гэта такое! Ой, пячэ, сволач!" "Хрыстос уваскрос з мёртвых! Язэп! Дурань! Хрыстос уваскрос! - пачуў Язэп голас сваёй жонкi, якi далятаў з закуранай цемры. - Смерцю смерць перамог!" напiналася жонка. Кропля воску зноў ляпнула Язэпу ля самага вока. Ён зароў: "Хаўрося! Дурыдла! Заткнiся! Без цябе тут хоць памiрай!" За алтаром зарагатаў Сцяпан: "Вось такую пропаведзь я люблю!" Вернiкi зашапталiся: "Гэта ж не айцец Мiкалай! Гэта ж Язэп - былы п'янчуга i валацуга! А за алтаром сядзiць яго сабутэльнiк". Раённае начальства, выцiраючы падкураныя вочы, занепакоiлася: "Кажуць, гэта не архiрэй... Нейкi алкаголiк... А мы пёрлiся ў такую далеч, быццам у нас сваiх п'янiц мала". Язэп апусцiў рукi i перастаў махаць кадзiлам, ад чаго дым вярнуў яму ў твар. "Апчхi! Госпадзi!.. Кха! Кхе!" З натоўпу вернiкаў пачуўся жаночы голас: "Цяпер ужо ты заткнiся, Язэп! Хопiць дурыць нам мазгi!" Другi голас падтрымаў жанчыну: "Затушы ты сваю курылку! Задушыш! Дзе айца Мiкалая дзеў?" Пачулiся галасы: "Пэўна, задушыў i галавой пад корч! Вызваць трэба мiлiцыю, няхай забойцу арыштуюць!" За мужа заступiлася Хаўрося: "Што ты пляцеш, жаба разлезлая! Жывы айцец Мiкалай!" Язэп папляваў на вату, прыцiснуў яе пальцамi: "Ды расчынiце вы дзверы, няма чым дыхаць!" Потым стомлена сказаў: "Айца Мiкалая, акрамя хваробы, нiхто не душыў. Ляжыць ён хворы, а я хацеў як лепей... Я ж толькi вучуся..." "Дрэнны ты вучань! - крыкнулi з натоўпу. - Пайшлi дамоў, людцы! Лепей ля абразоў памолiмся!" Галоўны раённы начальнiк узняў руку ўверх: "Стойце, грамадзяне! Калi ўжо так атрымалася, дазвольце мне сказаць!" Усе прыцiхлi, хаця хтосьцi прашаптаў: "Яшчэ адзiн прапаведнiк..." "Грамадзяне! Дарагiя нашы грамадзяне! - працягваў кiраўнiк. - Пасяўная, як кажуць, на носе! Давайце паднапнёмся - i стары, i малы, i крывы - i адсеемся раней мiнулагодняга!" Нехта з вернiкаў цiха сказаў: "Заўтра ж свята. Другi дзень Вялiкадня. Рабiць - грэх..." Кiраўнiк павучальна абсек: "Не рабiць грэх! А праца, як кажуць, - галоўная заваёва нашай улады. Ура, таварышы вернiкi!" Усе, насупiўшыся, маўчалi, i толькi за алтаром Сцяпан крыкнуў: "Ура!"- не зразумеў, што да чаго. "Цяпер усе свабодныя да заўтра!"- закончыў кiраўнiк. "Хрыстос уваскрос! - пачулася ў дзвярах. Людзi азiрнулiся - на парозе стаяў айцец Мiкалай. - Хрыстос уваскрос!" - паўтарыў ён урачыста. "Сапраўды ўваскрос!" - дружна адказалi вернiкi. Хтосьцi нават крыкнуў: "Айцец уваскрос!" Сцяпан за алтаром дадаў: "Язэп загiнуў!" Пачуўся голас: "Святы айцец! Гэты прахiндзей сказаў, што вы хворы, што вы..." Айцец перапынiў: "Нельга чалавека абзываць такiм словам! Будзем заўжды мiласэрнымi, тым больш што ён не прахiндзей, а выконваў маё даручэнне. Я i сапраўды ляжаў i не мог варухнуцца, але раптоўна адпусцiла - Бог памог!" Падышоўшы да Язэпа, айцец сказаў: "Зараз мы пераапранёмся, i служба працягнецца. Я i вас запрашаю застацца!"- звярнуўся ён да кiраўнiкоў раёна. "Не! - у адзiн голас адказалi яны. - Досыць, што мы наслухалiся "архiрэя". Паедзем рыхтаваць астатнiх жыхароў раёна да пасяўной", а самi дружна пачасалi вусы, уцiснулiся ў машыны i пакацiлi. Паветра ў царкве пасвяжэла, людзi радасна схамянулiся, i неўзабаве пачалася сапраўдная служба. "Хрыстос уваскрос!" "Сапраўды ўваскрос!" |
|
|