"Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Лонг)

ЛонгПастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)

Лонг

Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою

Пераклаў Анатоль Клышка

УСТУП

На Лесбасе, палюючы, я ўбачыў у гаi, прысвечаным нiмфам, найпрыгажэйшае вiдовiшча, якое калi-небудзь бачыў: маляўнiчую выяву, гiсторыю аднаго кахання. Прыгожы быў i сам гай - шмат дрэў, поўна кветак, удосталь вады: адна крынiца ўсё жывiла, i кветкi, i дрэвы; але прывабнейшы быў абраз - тут i адменнае майстэрства, i праўда кахання; так што i шмат чужаземцаў, прачуўшы пра яго славу, iшло сюды, нiмфам малiлiся, абразам дзiвiлiся. А на iм жанчыны - адны нараджаюць, другiя - немаўлят у пялёнкi завiнаюць; дзецi пакiнутыя i авечкi ды козы, што кормяць iх, пастухi, што дзяцей да сябе прымаюць, маладыя, што ў шлюб уступаюць, напад разбойнiкаў, уварванне захопнiкаў. Шмат iншага, але ўсё пра каханне бачыў я i здзiвiўся, i прага мяне агарнула паспрачацца ў выяве з тым абразом. I, знайшоўшы таго, хто мне змог вытлумачыць абраз, вышчыраваў я чатыры кнiгi ў ахвяру Эрасу, нiмфам i Пану, у дарунак усiм людзям на ўцеху: хворага вылечыць, зажуранага суцешыць, таму, хто ўжо кахаў, згадкi абудзiць, таго, хто яшчэ не кахаў, навучыць.

Бо ўвогуле нiхто ж ад кахання не ўцёк i не ўцячэ, пакуль ёсць краса i вочы бачаць. Нам жа хай дасць бог у ясным розуме каханне iншых людзей апiсаць.

КНIГА ПЕРШАЯ

1

Горад на Лесбасе ёсць - Мiтылена, вялiкi, прыгожы; яго разразаюць каналы, яго аздабляюць масты з часанага белага каменю. Можна падумаць, што бачыш не горад, а выспу. Ад гэтага горада Мiтылена прыблiзна за стадыяў дзвесце быў маёнтак аднага багацея. Цудоўнае ўладанне: дзiчына ў гарах, пшанiца ў палях, вiнаградная лаза на пагорках, чароды авечак, коз на пашах, i мора набягае на мяккi пясок разлеглага ўзбярэжжа.

2

У гэтым маёнтку казапас, на iмя Ламан, пасвячы, знайшоў дзiця, якое кармiла адна з яго коз. Быў там лес i гушчар з цярнiны, якую абвiваў плюшч, ды мяккая трава, на ёй i ляжала дзiця. Сюды ўпотай усё бегала каза, знiкаючы i пакiдаючы сваё казлянятка, абы пабыць з немаўлём. Згледзеў Ламан, што яна бегае туды i назад, шкада ж яму было пакiнутага казлянятка; i аднаго разу ў самы поўдзень падаўся ён услед за ёю назiркам i бачыць, як каза асцярожна пераступае цераз дзiця, каб не пашкодзiць яго капытцамi, i як малое, нiбы з матчынай цыцы, ссе струменiстае малако. Поўны здзiўлення, ён, вядома, падыходзiць блiжэй i знаходзiць хлопчыка, моцнага i прыгожага, i пры iм рэчы, зараскошныя як на долю падкiдыша: было там коўдзерка пурпуровае, зашпiлька залатая i ножык з тронкам са слановай косцi.

3

Спярша ён намерыўся забраць толькi прыкметныя знакi, не турбуючыся пра малога; але пасля засаромеўшыся, што з казою i то не зраўняўся ў спагадлiвасцi, i дачакаўшыся ночы, прыносiць усё да свае жонкi Мiрталы - i прыкметныя знакi, i дзiця, i самую казу. Жонка здзiвiлася, што козы прыводзяць на свет i хлапчукоў, але ён усё расказаў, як знайшоў падкiнутага, як бачыў, што дзiця ссала казу, як сорамна стала кiнуць яго на пэўную смерць. Яна з iм згадзiлася, яны хаваюць усё, што ляжала пры iм пакiнутае, а дзiця прызнаюць сваiм i аддаюць казе кармiць яго. I каб iмя дзiцяцi здавалася пастушыным, вырашылi назваць яго Дафнiсам.

4

Ужо два гады мiнула, i вось пастух на iмя Дрыяс, што пасвiў на памежных лугах, натыкаецца на такую ж праяву i знайду.

Была тут пячора нiмфаў - вялiкая скала, усярэдзiне пустая, а зверху акруглая. Статуi ж самiх нiмфаў былi зроблены з каменю: ногi босыя, рукi да плячэй голыя, валасы распушчаныя на шыю, павязка на паяснiцы, усмешка ў вачах; а ўсе разам нiбы танцуюць у карагодзе. Уваход у пячору быў якраз пасярод вялiкай скалы. Вада, што выбiвалася з крынiцы, утварала ручаiну, так што перад пячораю рассцiлаўся дужа прывабны луг, густую i мяккую траву яго i паiла гэтая вiльгаць. Тут вiселi даёнкi, флейты-папярочкi, сiрынгi, дудачкi-чарацянкi ахвярныя дары даўнейшых пастухоў.

5

У гэтую пячору нiмфаў часта забягала авечка, якая нядаўна акацiлася, так што не раз нават думалi, быццам яна загiнула. Каб пакараць яе i вярнуць да парадку, пастух скруцiў вiтку з зялёнай галiнкi на ўзор пятлi i падаўся да скалы, каб злавiць авечку. Але, падышоўшы, ён убачыў тое, што найменш спадзяваўся ўбачыць, авечку, якая зусiм у чалавечы спосаб дае дзiцяцi ссаць вымя, поўнае малака, а немаўля без плачу прагна шукае то аднаго, то другога саска сваiм роцiкам, чыстым i свежым, бо авечка аблiзвала языком твар немаўляцi, як толькi яно напiвалася. Гэта была дзяўчынка, i пры ёй ляжалi пялёнкi i прыкметныя знакi: залататканая павязка на галаву, гафтаваныя золатам чаравiчкi i залатыя бранзалеты на ногi.

6

Прызнаўшы ў гэтай знаходцы боскую волю i ўзяўшы прыклад ад авечкi спагадаць малечы i любiць яе, пастух бярэ немаўля на рукi, кладзе яго прыкметныя знакi ў торбу i молiцца нiмфам, каб яму пашчасцiла выгадаваць iх апякунку ў дабры i шчасцi. А калi ўжо быў час дахаты гнаць чараду, вяртаецца ён у двор, жонцы, што бачыў, расказвае ды, што знайшоў, паказвае i ўгаворвае яе прызнаць дзiця за дачку i ўпотай гадаваць, як сваю. Напэ - так звалi жанчыну - тут жа стала дзiцяцi за мацi i любiла яго, нiбы баялася, што авечка пераўзыдзе яе ў злагадзе, i дае дзяўчынцы для пэўнасцi таксама пастушынае iмя - Хлоя.

7

Гэтыя дзецi вельмi хутка выраслi i красою выдалiся прыгажэйшымi за вясковых. Ужо было хлопцу пятнаццаць гадоў ад нараджэння, а дзяўчацi - на два гады меней, калi аднае начы Дрыяс i Ламан бачаць такi сон. Здаецца, прыйшлi тыя нiмфы з пячоры, дзе была крынiца i дзе Дрыяс знайшоў дзяўчынку, i перадалi Дафнiса i Хлою вельмi вясёламу i прыгожаму хлопчыку, якi меў крылы за плячыма i нёс кароткiя стрэлы i маленькi лук; гэты хлопчык, крануўшыся адною стралою абаiх, прызначыў пасвiць надалей яму коз, а ёй авечак.

8

Саснiўшы гэты сон, абодва зажурылiся, што гэтыя дзецi павiнны былi коз i авечак пасвiць,хоць пялёнкi шчаслiвейшую долю iм прадракалi, таму яны iх i далiкатнейшаю ядою кармiлi, i лiтарам iх вучылi i ўсяму, што ў сельскiм жыццi за годнае ўважалася. I ўсё ж падумалi яны, што павiнны ў гэтым слухацца багоў, бо i ўратавала дзяцей найвышэйшая боская воля. I калi яны адзiн аднаму свой сон расказалi i прынеслi ў пячору нiмфаў ахвяру крылатаму хлопчыку - яго iмя было iм невядомае, - паслалi яны дзяцей пастухамi з чародамi, навучыўшы перад тым iх усяму: як трэба да полудня пасвiць, як трэба пасвiць, калi спёка ападае; калi гнаць на вадапой, калi гнаць назад у загон, на якую худобу пастухоўскага кiя ўжыць, на якую - аднаго голасу. Дзецi з вялiкай радасцю ўзялiся за работу, як бы iм высокую ўладу даручылi, i любiлi коз i авечак больш, чым гэта звычайна водзiцца ў пастухоў, яна была ўдзячная авечцы за тое, што яе ўратавала, ён жа не забыўся, як яго, падкiнутага, каза кармiла.

9

Вясна была ў самым пачатку, i ўсе кветкi цвiлi - у лясах, на лугах, а колькi iх было ў гарах; i ўсюды ўжо пчалiны гуд, птушыны шчэбет, гульнi малечы з новага прыплоду; ягняты скачуць па пагорках, гудуць у лугах пчолкi, у гушчары спяваюць птушкi. I як гожая пара года поўнiла ўсё весялосцю, то i яны абое - маладыя, прывабныя - пераймалi ўсё, што чулi i бачылi. Чулi спеў птушак - i самi спявалi, бачылi скокi ягнятак - i самi лёгка скакалi, i, пчол наследуючы, збiралi яны кветкi, аднымi з iх убiралi сабе грудзi, з другiх плялi вяночкi i прыносiлi ў дарунак нiмфам.

10

I ўсё яны рабiлi разам, пасвячы блiзка адно каля аднаго чароды. I часта Дафнiс займаў авечак, якiя разбягалiся, часта i Хлоя зганяла ўнiз са скал вельмi адважных коз. А то адно з iх глядзела абедзве чарады, калi другое занадта захаплялася гульнёю. Гульнi ж iхнiя былi пастушыныя, дзiцячыя. Яна, назбiраўшы дзе-небудзь там бадылiнак, пляла з iх пастку на цвыркуноў i за работаю спускала з вока авечак; а ён, нарэзаўшы тонкiх чароцiн, пракруцiўшы дзiрачкi ў каленцах, злеплiваў трубачкi адну з адною мяккiм воскам i аж да ночы вучыўся iграць на сiрынзе. Калi-нiкалi яны дзялiлiся мiж сабою малаком i вiном i спажывалi разам полудзень, што бралi з сабою з дому. I хутчэй можна было бачыць асобна авечак i коз, чым Хлою i Дафнiса.

11

Тым часам, калi яны бавiлiся, Эрас учынiў iм такую сур'ёзную штуку. Ваўчыца, якая нядаўна вывела ваўчанят, часта цягала авечак з навакольных сёл, бо ёй, каб пракармiць сваiх малых, трэба было шмат яды. I вось сяляне, сышоўшыся ўночы, выкапалi яму - сажань у шырыню, чатыры ў глыбiню. Большую частку выбранай зямлi, аднёсшы далёка, раскiдалi, а на яму наслалi сухiх доўгiх жэрдачак i прысыпалi рэштай зямлi, каб усё тут выглядала, як было дагэтуль; але калi б нават заяц прабег тут, то праламаў бы латы, якiя былi слабейшыя за саломiнкi, i тады можна было б убачыць, што гэта не зямля, а падабенства зямлi. I хоць яны выкапалi шмат такiх ям па гарах i раўнiнах, не пашчасцiла iм злавiць ваўчыцу: яна ўчула, што зямля тут падманная; затое шмат коз i авечак зламалi сабе каркi, ды бязмала i Дафнiс, а выйшла яно так:

12

Два казлы, раз'ятрыўшыся адзiн на аднаго, схапiлiся ў рожкi. У гэтай гвалтоўнай сутычцы адзiн з iх зламаў сабе рог i, падскочыўшы ад болю, кiнуўся ўцякаць; але другi, перамогшы, бег за iм следам, не даючы ўцекачу супачынку. Дафнiс, перажываючы за зламаны рог i зазлаваўшыся на нахабнага казла, ухапiў палку ды свой пастуховы кiй i кiнуўся даганяць даганяльшчыка. Але таму, што нi той, што ўцякаў, нi другi, разгневаны, што яго даганяў, не глядзелi, што ў iх было пад нагамi, то абодва падаюць у яму, перш казёл, а Дафнiс за iм. Гэта i ўратавала Дафнiса, бо, як падаў, апорай яму быў казёл. Плачучы, чакаў ён, цi не прыйдзе хто, каб яго выцягнуць; а Хлоя, убачыўшы гэта, спяшаючыся, пабегла да ямы; i, пераканаўшыся, што Дафнiс жывы, клiча валапаса з суседняга поля на дапамогу. Прыйшоўшы, ён пачаў шукаць доўгай вяроўкi, трымаючыся за якую Дафнiс мог бы вылезцi наверх. Але вяроўкi не было, i Хлоя, развязаўшы сваю павязку, дала яе апусцiць валапасу; так яны, стоячы на беразе ямы, абое цягнулi, а ён, ухапiўшыся рукамi за павязку, выбраўся наверх. Выцягнулi яны i няшчаснага казла, якi страцiў абодва рагi; такая вось кара спасцiгла за пераможанага казла. Яны аддалi яго валапасу з удзячнасцю за паратунак, каб той яго прынёс у ахвяру, а дома збiралiся зманiць, што напалi ваўкi, калi б хто заўважыў нястачу; самi ж, вярнуўшыся назад, агледзелi сваiх авечак i коз; а ўбачыўшы, што козы i авечкi ў добрым ладзе пасуцца, уселiся яны на дубовай калодзе i пачалi разглядаць, цi не паранiў Дафнiс, падаючы, чаго сабе да крывi. Але не было анi раны, анi крывi, толькi ў зямлi i гразi былi валасы ды ўсё цела. I ён намерыўся памыцца, пакуль Ламан i Мiртала не даведалiся, што з iм здарылася.

13

I, увайшоўшы разам з Хлояй у пячору нiмфаў, ён аддаў пiльнаваць ёй свой кароткi хiтон i пастуховую торбу, а сам, стаўшы над крынiцаю, узяўся мыць сабе валасы i ўсё цела. А валасы яго былi чорныя i густыя, цела - загарэлае ад сонца: можна было падумаць, што гэта ад ценю валасоў такое смуглае. Калi Хлоя ўбачыла так яго, здаўся ёй Дафнiс прыгожым, а таму, што падаўся прыгожым упершыню, падумала яна, што прычынаю красы тут купанне. I калi яна змывала яму спiну, адчула, якое мяккае цела, так што яна не раз украдкам дакраналася да сябе, каб пераканацца, цi яе цела далiкатнейшае. А пазней яны - сонца ж было на захадзе - пагналi чароды дахаты. Хлоя ж з таго часу нiчога больш не хацела, абы толькi зноў бачыць, як Дафнiс купаецца.

Назаўтра, калi яны зноў прыйшлi на пашу, Дафнiс, седзячы, як звычайна, пад дубам, iграў на сiрынзе i заадно сачыў за козамi, якiя ляжалi i нiбы прыслухоўвалiся да яго iгры, а Хлоя, седзячы побач з iм, хоць i сачыла за чарадою авечак, але яшчэ часцей паглядала на Дафнiса; i зноў ён, калi iграў на сiрынзе, здаўся ёй прыгожым, i зноў яна палiчыла музыку за прычыну яго красы, а таму яна пасля яго ўхапiла сiрынгу, каб паспрабаваць, цi не зробiцца таксама прыгожаю. Яна ўгаварыла яго зноў скупацца, i глядзела на яго, калi ён купаўся, i, бачачы яго, дакранулася, i зноў адышла з подзiвам, а гэты подзiў быў пачаткам кахання.

Што здарылася з ёю, гэтага не ведала маладое дзяўчо, якое вырасла ў вёсцы i яшчэ нi разу не чула iмя Эрас. Смутак сцiснуў ёй сэрца, вочы няўважна блукалi, i яна часта вымаўляла: Дафнiс! Яда ёй была не ў памяцi, начамi не спала, забывалася пра сваiх авечак, яна то смяялася, то плакала; то засынала, то зрывалася са сну; твар яе то быў бледны, то раптам зноў успыхваў чырванню. Нават кароўка, якую ўджалiць авадзень, не мучыцца так. Аднаго разу, калi яна была адна, прыйшлi ёй на розум вось такiя словы:

14

"Хворая я цяпер, але што за хвароба, не ведаю: мне балiць, а няма на мне раны; сумую я, хоць нiводная з маiх авечак не прапала; я ўся палаю, хоць сяджу ў такiм цянi. Колькi разоў нi абдзiралi мяне калючкi, я не плакала; колькi пчол нi джалiлi мяне, я не адмаўлялася ад яды; але тое, што цяпер ранiць сэрца, яшчэ вастрэйшае. Дафнiс прыгожы, але ж i кветкi прыгожыя; прыгожа гучыць яго сiрынга, але прыгожа спяваюць i салаўi; ды я пра iх анi не думаю. О, калi б я была яго сiрынгаю i ўбiрала яго дыханне, цi калi б я была козачкаю i каб ён пасвiў мяне! О лiхая вада, толькi Дафнiса ты зрабiла прыгожым, а я ж дарэмна купалася. Гiну я, любыя нiмфы, i нават вы не ратуеце дзяўчыны, што вырасла пры вас. Хто ж вас вянкамi прыбiраць будзе пасля мяне? Хто бедных ягнятак кармiць будзе? Хто дагледзiць майго стракатлiвага цвыркуна, якога я з вялiкаю цяжкасцю злавiла, каб ён перад пячораю сваiм цвырканнем спяваў мне на сон; але я цяпер праз Дафнiса страцiла сон, i дарэмна стракоча мой цвыркун".

15

Так пакутавала, так казала яна, намагаючыся знайсцi назву кахання. Але Доркан, той валапас, што Дафнiса выцягнуў i казла з ямы, дзяцюк з першым пушком на барадзе, якi ведаў каханне ў слове i яве, з таго самага дня адразу закахаўся ў Хлою, i чым далей беглi днi, тым больш распалялася душа, i, на Дафнiса як на хлапчука не зважаючы, наважыўся падарункамi або сiлаю дамагчыся свайго. Спярша ён прынёс iм падарункi: яму валапасаву сiрынгу на дзевяць дудачак, якiя былi меддзю замест воску змацаваныя, а ёй - шкуру ланi, якую носяць вакханкi, - плямiстую, нiбы яе фарбамi размалявалi. З гэтага часу ён, лiчачыся за сябра, штораз меней зважаў на Дафнiса, а Хлоi штодня прыносiў цi мяккага сыру, цi вянок з кветак, цi спелы яблык; аднаго разу прынёс цялятка-сысунка, пазалочаны драўляны кубак, маладзенькiх горных птушак. А яна, недасведчаная ў хiтрыках кахання, прымаючы гасцiнцы, цешылася, а яшчэ больш з таго, што яна цяпер мела чым абдорваць Дафнiса.

I аднаго разу, бо ўжо i Дафнiс павiнен быў спазнаць мукi кахання, усчалася ў яго з Дорканам спрэчка, хто з iх прыгажэйшы, а суддзёю мела быць Хлоя, а за ўзнагароду таму, хто пераможа, было прызначана пацалаваць Хлою. Першы Доркан вось што сказаў:

16

"Я, дзяўчына, большы за Дафнiса, дый я валапас, а ён казапас; i я нагэтулькi лепшы за яго, наколькi каровы лепшыя за козы; i белы я, як малако, валасы залацiстыя, як даспелае поле перад жнiвом, i выкармiла мяне мацi, а не якая жывёла. Ён жа малы i безбароды, як жанчына, i чорны, як воўк. Ён пасе казлоў i пахне пагана, а такi бедны, што i сабакi не пракормiць. Калi яго, як кажуць, паiла сваiм малаком каза, то нiчым ён ад казляняцi i не рознiцца".

Гэтак i падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго - Дафнiс: "Мяне выкармiла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, i яны большыя, чым Дорканавы каровы; я анi не пахну ад iх, як i Пан, хоць той больш як на палавiну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, i хлеба, спечанага на ражне, i белага вiна, а гэта - дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такi i Дыянiс; цёмны я, але такi i гiяцынт; Дыянiс жа пераўзыходзiць сатыраў, а гiяцынт - лiлеi. Ён жа руды, як лiс, i барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. I калi табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго - у шчэць на барадзе. I ўспомнiш тады, дзяўчына, што цябе выкармiла авечка, а ты такая прыгожая".

17

Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале i ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафнiса, ускочыла i пацалавала яго, хоць i прастадушна i няўмела, але так, што змагла душу распалiць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы iншай дарогi да кахання; а Дафнiс, бы яго не пацалавалi, а ўкусiлi, тут жа спахмурнеў i часта ўздрыгваў, не могучы суцiшыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў - аблiўся румянцам. Тады ён першы раз са здзiўленнем заўважыў, што валасы яе залацiстыя i вочы ў яе вялiкiя, як у цялушкi, i твар яе сапраўды бялейшы за казiнае малако, - быццам ён толькi што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без iх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а пiць калi хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклiвы зрабiўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабiўся, а некалi быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кiнуў сiрынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькi перад Хлояй быў гаваркi. I калi часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:

18

"Што ж гэта зрабiў са мною Хлоiн пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы i вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалiнае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта - маленькiх ягнят i тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакiдае, сэрца хоча выскачыць, душа замiрае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзiўная хвароба, iмя якой я i назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўi, а мая сiрынга маўчыць; як скачуць казляняткi, а я нерухома сяджу; як цвiтуць кветкi, а я вянкоў не пляту! Расцвiтаюць лiлеi i гiяцынты, а Дафнiс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?"

19

Так пакутаваў i казаў наймiлейшы Дафнiс, першы раз спазнаючы ў слове i яве каханне.

А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпiльнаваўшы, калi Дрыяс паблiзу саджаў атожылкi вiнаграднай лазы, падышоў з некалькiмi адборнымi сырамi i даў iх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калi Дрыяс яшчэ сам пасвiў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жанiцьбу з Хлояй. Калi б яму аддалi яе ў жонкi, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раi пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы i штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусiўшыся гэткiмi падарункамi, амаль згадзiўся на шлюб. Але калi разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долi, i збаяўся, што трапiць у непапраўную бяду, калi ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовiў, перапрасiў яго i названых дароў не прыняў.

20

Доркан, другi раз ашукаўшыся ў сваёй надзеi i намарна страцiўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калi яна будзе адна. I падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкi - аднаго дня Дафнiс, другога дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хiтрасць.

Ён узяў шкуру вялiкага воўка, якога некалi бык, абараняючы сваiх кароў, закалоў рагамi, захiнуўся ў яе з галавы да ног, пярэднiя лапы нацягнуў на свае рукi, заднiя - на ногi ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякi. Прыкiнуўшыся як мага найлепш дзiкiм зверам, iдзе ён да ручаiны, з якой пасля пашы пiлi козы i авечкi. У вельмi глыбокай упадзiне была ручаiна, усё месца навокал глушылася цярнiнаю, ажынаю, нiзенькiм ялаўцом i бадзякамi; лёгка мог бы там i сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калi надыдзе час вадапою, i меў вялiкую надзею, што ён перапалохае сваiм выглядам Хлою i яна апынецца ў ягоных руках.

21

Прамiнула няшмат часу, i Хлоя пагнала статкi да ручаiны, пакiнуўшы Дафнiса зразаць зялёныя парасткi на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакi, якiя беглi тут жа, сцерагучы авечак i коз, i па сабачай звычцы прынюхвалiся, учулi Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасцi на дзяўчыну, голасна загаўкалi i кiнулiся на яго, як на сапраўднага воўка; i перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногi, аблажылi яго i пачалi рваць шкуру. Нейкi час ён яшчэ цiха ляжаў у гушчары пад накiнутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калi Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клiкаць Дафнiса на дапамогу, а сабакi, сарваўшы воўчую шкуру, упiлiся ў яго цела, ён залямантаваў i пачаў прасiць дапамогi ў дзяўчыны i Дафнiса, якi ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклiкам хутка супакоiлi сабак, а Доркана, у якога былi пакусаны сцёгны i плечы, павялi да ручаiны, прамылi яму раны ад сабачых зубоў i прыклалi да iх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палiчылi апрананне ў шкуру за пастухоўскi жарт, i, зусiм не гневаючыся, суцешылi яго, i, правёўшы яшчэ трохi пад рукi, адпусцiлi дахаты.

22

Доркан, выбавiўшыся з бяды i ўратаваўшыся, хоць i не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафнiс i Хлоя мелi шмат клопату, аж да ночы збiраючы коз i авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю i ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з iх на скалы ўзбеглi, а другiя аж да мора дабеглi. Хоць i былi яны прывучаныя слухацца голасу i на сiрынгу супакойвацца, а калi пляснуць у далонi - збiрацца, але на той раз страх прымусiў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалi iх Дафнiс i Хлоя i загналi ў аборы. Толькi тае начы заснулi яны глыбокiм сном i знайшлi ў стоме лекi ад мук кахання.

Але калi зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелi ў той жа спосаб. Радавалiся, убачыўшыся, журылiся, расстаючыся, нечага прагнулi, але не ведалi, чаго прагнуць. Адно толькi ведалi яны, што яго загубiў пацалунак, а яе - купанне.

23

Распальвала iх i сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквiце, дрэвы ў пладах, палi ў каласах; усцяж мiлае цыкад стракатанне, садавiны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкi, спакойна воды коцячы, спявалi, што вятры сваiм подзьмухам па соснах на сiрынзе iгралi, што яблыкi ў знямозе кахання долу спадалi, што сонца, закаханае ў красу, усiх раздзявала.

Дафнiс, распалены ўсiм гэтым, кiдаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта i пiў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзiне. Хлоя ж, падаiўшы авечак i многiх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасiць малако; а мухi моцна даймалi i кусалi, калi яна iх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбiралася вянком з хваёвых галiнак i, ахiнуўшы паяснiцу шкурай аляняцi, напаўняла посуд вiном i малаком, каб разам з Дафнiсам выпiць гэтага пiтва.

24

Калi ж надышоў поўдзень, вочы iх адразу трапiлi ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафнiса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго нiякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняцi, у хваёвым вянку, калi яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць нiмфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок i надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калi ён раздзяваўся i купаўся, захiналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамi яны кiдалi адно ў аднаго яблыкi або прыбiралi адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. I Хлоя параўноўвала яго валасы з мiртам, бо яны былi чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы i румяны. Ён вучыў яе iграць на сiрынзе; але калi яна пачынала дзьмуць, ён выхоплiваў у яе i сам губамi перабiраў чароцiны; i ўдаючы, што папраўляе яе памылкi, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сiрынгу цалаваў Хлою.

25

Аднаго разу апоўднi, калi ён iграў на сiрынзе, а чароды ляжалi ў цянi, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафнiс адклаў сiрынгу, прагна агледзеў яе ўсю - цяпер жа ён анi не саромеўся - i патаемна i разам з тым цiха прашаптаў: "Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць нi яблыкi, нi кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак ранiць сэрца i, як малады мёд, прыводзiць у шаленства. I я баюся пацалункам разбудзiць яе. О гаварлiвыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваiм моцным стракатаннем. Яшчэ i казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамi. О ваўкi, баязлiвейшыя за лiсоў, чаму ж вы iх не схапiлi?!"

26

Калi ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкi, якая хацела яе злавiць, упала Хлоi на грудзi; ластаўка - за цыкадаю, i хоць не змагла яе злавiць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блiзка, што кранулася сваiм крыллем Хлоiнай шчакi. Не ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула i прахапiлася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку i Дафнiса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоiлася i працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоi на грудзях, адазвалася, нiбы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафнiс засмяяўся. I, карыстаючыся нагодаю, прасунуў руку мiж грудзей i выняў добрую цыкаду, якая i ў яго руцэ не маўчала. Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, i пацалавала, i зноў пасадзiла стракатлiўку сабе на грудзi.

27

Усцешыла iх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. I калi Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафнiс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: "Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, i пасвiла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, i кароўкi радавалiся яе спевам, пасвячы iх, яна не мела патрэбы нi бiць iх пастуховым кiем, нi пароць ражном; а садзiлася пад хвойкаю, прыбiралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана i Пiтыс, i каровы, зачараваныя спевам, не адыходзiлiся ад яе. Адзiн хлопец, што непадалёк пасвiў кароў i ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысiў свой голас, моцны, як у мужчыны, i мiлы, як у дзiцяцi, завабiў у свой статак восем яе найлепшых кароў i пагнаў iх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы i няўдачаю ў спевах, молiць багоў, каб далi ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багi слухаюцца i ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах i гэтак жа прыгожа спявае, як яна. I сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсцi сваiх заблуканых кароў".

28

Такiя ўцехi даравала iм лета. Але калi была восень у самым росквiце i саспеў вiнаград, прысталi ў тыя мясцiны тырыйскiя пiраты на лёгкiм карыйскiм судне (каб iх за варвараў не палiчылi), высадзiлiся, узброеныя мячамi i ў паўпанцырах, пачалi рабаваць усё, што траплялася пад рукi: духмянае вiно, шмат збожжа, скрылi мёду; пагналi яны i некалькi кароў з Дорканавага статка. Схапiлi яны i Дафнiса, якi блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, якi здаўся iм больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнiкi не сталi трацiць больш намаганняў нi на коз, нi на iншае дабро ў ваколiцы, а пагналi яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы i моцна клiкаў Хлою. Яны хутка адвязалi канат i, хапiўшы ў рукi вёслы, адплылi ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сiрынгу ў падарунак Дафнiсу. Але бачачы коз, якiя ў бязладдзi разбеглiся, i чуючы, як Дафнiс мацней i мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз i авечак, кiнула сiрынгу i памчала бегма да Доркана прасiць дапамогi.

29

Але той ляжаў цяжка збiты разбойнiкамi, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе iскру даўнейшага кахання i прамовiў: "Хлоя, я зараз памру; бязбожныя пiраты, калi я змагаўся за сваiх валоў, мяне самога забiлi, як вала. Але ты павiнна ўратаваць для сябе Дафнiса, папомсцiцца за мяне, знiшчыць iх. Я прывучыў сваiх кароў слухацца гукаў сiрынгi i збягацца на яе поклiк, нават калi б далёка яны дзе пасвiлiся. Дык iдзi ж i, узяўшы гэтую сiрынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалi навучыў Дафнiса, а Дафнiс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сiрынга i мае каровы, што апынулiся там. Я дару табе гэтую сiрынгу, з якою ў змаганнi, хто лепшы, шмат валапасаў i аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, i аплач мяне, калi памру. А калi ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвiць гэтыя кароўкi, успомнi пра мяне".

30

Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошнi раз,i разам з гэтым пацалункам i гэтымi словамi адляцела яго душа.

А Хлоя, узяўшы сiрынгу i прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькi магла; i каровы чуюць песню, пазнаюць i, равучы, кiдаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахiляецца на адзiн бок, i пад цяжарам кароў марская бездань завiрыла, карабель пераварочваецца i тоне, хвалi сышлiся над iм. Тыя, што былi там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У пiратаў на поясе былi мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногi аж да паловы прыкрывалi накаленнiкi, а Дафнiс, якi толькi што пасвiў на лузе коз, быў босы i напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкi час пiраты яшчэ плылi, але цяжкае ўзбраенне пацягнула iх у бездань; Дафнiс жа сваё адзенне лёгка скiнуў, але, плывучы, зазнаў мукi, бо раней плаваў толькi ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабiць; ён iрвануўся ў сярэдзiну кароў i, ухапiўшы аберуч дзвюх iх за рогi, рухаўся так без клопату i турбот, нiбы кiруючы павозкаю.

Гавяда ж плавае так, як нiводзiн чалавек, толькi ўступае вадзяным птушкам i самiм рыбам. Нiводная карова пры плаваннi не гiне, хiба толькi рог у яе на капытах размокне i адвалiцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многiя мясцiны на моры, якiя маюць назву "валовага броду".

31

Такiм чынам Дафнiс, насуперак усякаму спадзяванню, уратаваўся ад дваякай небяспекi: i ад разбойнiкаў адрабiўся, i ў моры не ўтапiўся. Выбраўшыся на сушу i знайшоўшы там Хлою, якая адначасна смяялася i плакала, кiнуўся ёй на грудзi i спытаўся, чаму яна на сiрынзе iграла; i яна яму ўсё расказала, як яна прыбегла да Доркана, i як яго каровы навучаныя былi, як ён загадаў ёй зайграць, i што Доркан памёр, толькi, засаромеўшыся, пра пацалунак не сказала. Пастанавiлi яны свайму дабрадзею апошнюю пашану аддаць, разам з Дорканавымi родзiчамi пахавалi няшчаснага. Яны шмат зямлi нанасiлi на яго магiлу, абсадзiлi яе многiмi садовымi дрэвамi i павесiлi ў гонар яго пачаткi свае працы; потым i малака ўзлiлi, расцiснулi вiнаградных гронак, паламалi шмат сiрынгаў. Чуваць было i жаласлiвае рыканне кароў, i вiдаць было iм пры гэтым, як трывожна кiдалiся яны туды i сюды, i, як разважылi аўчары i казапасы, гэта была пахавальная песня гавяды па сваiм мёртвым валапасе.

32

Пасля пахавання Доркана Хлоя купае Дафнiса, да нiмфаў яго адвёўшы. Тады першы раз у яго на вачах вымыла яна сваё цела, белае, чыстае ў сваёй красе, якому не трэба i купанне было, каб быць прыгожым; а пасля, назбiраўшы кветак, якiх толькi можна было знайсцi тою парою, прыбралi ў вянкi статуi, а Дорканаву сiрынгу ў ахвяру прывесiлi да скалы. Пасля гэтага яны пайшлi паглядзець сваiх коз i авечак. Але тыя ўсе ляжалi, нi травы не бралi, нi голасу не падавалi, а, як я думаю, яны, не бачачы Дафнiса i Хлоi, па iх сумавалi. Калi ж жывёла зноў убачыла iх, пачула, як заўсёды, iх воклiк i гукi сiрынгi, авечкi паднялiся i пачалi пасвiцца, а гарэзлiвыя козы скакаць наўкол, нiбы цешылiся ратунку свайго звыклага пастуха. Але ў душы ў Дафнiса не было радасцi, калi ён пабачыў Хлою голую, красу, дагэтуль прыкрытую, - адкрытаю. Сэрца яго балела, нiбы яго нейкая атрута грызла, ён то парывiста дыхаў, нiбы нехта за iм гнаўся, то задыхаўся, нiбы занямогся ад гэтай пагонi. Яму купанне ў ручаiне здалося страшнейшым за нядаўняе ў моры. Думаў, што душа ў яго ўсё яшчэ астаецца ў разбойнiкаў, бо быў малады, з вёскi i не ведаў яшчэ аб Эрасавым разбоi.

КНIГА ДРУГАЯ

1

Восень была ўжо ў самай красе, надыходзiў збор вiнаграду, i ў палях усё было ў рабоце; хто рыхтаваў нацiсi, хто чысцiў бочкi, хто кашы плёў. Той рупiўся аб маленькiх сярпах, каб зразаць вiнаградныя гронкi, а той - пра камень, каб выцiскаць з гронак сок, а яшчэ iншы - пра сухiя галiнкi, ачышчаныя ад кары, каб уночы запалiць iх i пры святле несцi дадому вiнаграднае сусла.

Не зважаючы на сваiх коз i авечак, Дафнiс i Хлоя памагалi пры рабоце. Ён прыносiў гронкi ў кашах i, ссыпаючы ў нацiсi, таптаў i разлiваў вiно ў бочкi, а яна гатавала ўсiм яду, налiвала iм пiць леташняга вiна, зрэзвала з невысокiх лоз гронкi. Бо на Лесбасе ўвесь вiнаград невысокi, не цягнецца ўгару, не лезе на дрэва, лозы сцелюцца i паўзуць, як плюшч; нават дзiця, якое толькi што з пялёнак выбавiла рукi, магло б дацягнуцца да гронак.

2

Як водзiцца на свяце Дыянiса i нараджэння вiна, жанчыны, што былi запрошаны з навакольных вёсак дапамагчы сабраць вiнаград, кiдалi вокам на Дафнiса i хвалiлi яго, кажучы, што красою ён падобны да Дыянiса. А адна адважнейшая нават так пацалавала, што ён успыхнуў, i Хлою гэта засмуцiла. Мужчыны, што рабiлi пры нацiсях, кiдалi Хлоi не адно жартоўнае слоўца, i скакалi, звар'яцеўшы, нiбы сатыры перад вакханкаю, i запэўнiвалi, што хацелi б зрабiцца авечкамi, абы толькi iх пасвiла такая пастушка; i на гэты раз яна радавалася, а ён сумаваў. I абаiм хацелася, каб як мага хучэй скончыўся збор вiнаграду i яны змаглi зноў вярнуцца ў свае звычайныя мясцiны i замест буйных выкрыкаў пачуць сiрынгу ды бляянне авечак. I калi праз некалькi дзён вiнаград быў сабраны, i сусла было ў бочках, i не было патрэбы ў мностве рук, яны зноў пагналi ў поле свае чароды; поўныя радасцi, яны пакланiлiся нiмфам, прынёсшы iм у ахвяру гронкi на лозах, - з зажынак. Яны i раней нiколi не праходзiлi безуважна паўз iх, а заўсёды, выганяючы на пашу, ушаноўвалi iх, i, з пашы вяртаючыся, пакланялiся iм, i заўсёды што-небудзь прыносiлi: цi кветку, цi плод, цi зялёную галiнку, цi вылiвалi ў ахвяру малака. Затое пазней багiнi адплочвалi iм; тады ж абое, як кажуць, нiбы спушчаныя з прывязi сабачкi, скакалi, iгралi на сiрынзе, спявалi, барукалiся з казламi, баранамi.

3

Калi яны так весялiлiся, да iх падышоў стары, апрануты ў казлiную шкуру, абуты ў хадакi, на iм вiсела пастушыная торба, ды i тая старая. Ён прысеў да iх i так сказаў: "Я, дзеткi, стары Фiлет, шмат спяваў тут нiмфам, шмат разоў Пану там iграў на сiрынзе i толькi iгрою пасвiў вялiкi статак. А прыйшоў да вас, каб тое, што бачыў я, расказаць, тое, што чуў я, перадаць вам. Я садок сваiмi рукамi заклаў, даглядаю i цяпер, калi ўжо з-за старасцi перастаў пасвiць; што кожная пара года прыносiць, тое я i маю там: увесну ружы i лiлеi, гiяцынты i фiялкi дваякага роду; улетку мак i дзiкiя грушы i яблыкi ўсялякiх гатункаў; цяпер вiнаград i фiгi, гранаты i зялёныя мiрты. Уранку ў гэтым садку збiраюцца чароды птушак - адны яды пашукаць, другiя - каб паспяваць; густы, цянiсты ён, тры крынiцы яго арашаюць; калi б хто агароджу прыняў, то мог бы падумаць, што бачыць гай.

4

Калi я сёння апоўднi зайшоў, убачыў пад гранатавымi i мiртавымi кустамi хлопчыка з мiртавымi ягадамi i гранатамi ў руках, белага, як малако, русявага, як агонь, блiскучага, як бы ён толькi што выкупаўся. Быў ён голы, адзiн i гарэзаваў, зрываючы, што яму спадабалася, як быццам гэта быў яго сад. Я i кiнуўся да яго злавiць, баючыся, каб ён, сваволячы, не паламаў мiртаў i гранатаў; але ён спрытна i лёгка выслiзнуў ад мяне, то ўцякаючы ў кусты ружаў, то хаваючыся ў макi, як маладзенькая курапатка. Я не раз зазнаваў клопату, даганяючы казлянят-сысункоў, не раз знемагаў, ганяючыся за маладымi цяляткамi; але гэтае стварэнне было надзвычай выкрутлiвае i няўлоўнае. Стамiўся я, бо ўжо стары, абапёрся на кiй, заадно сочачы, каб ён не ўцёк, i спытаўся ў яго, ад якiх ён суседзяў i як ён надумаўся пустошыць чужы сад. Але ён мне нiчога не адказаў, а, падышоўшы блiжэй, усмiхнуўся вельмi пяшчотна i пачаў кiдаць у мяне мiртавымi ягадамi, i, сам не ведаю як, заваражыў ён мяне, што больш я не мог гневацца. Тады я папрасiў яго, каб даўся мне ў рукi i больш не баяўся, i пакляўся я мiртамi, што зноў дазволю яму заўсёды i садавiну браць, i кветкi рваць, калi ад яго хоць адзiн пацалунак мне прыпадзе.

5

Тады ён вельмi звонка рассмяяўся, i голас яго быў такi, якога не мае нi ластаўка, нi салоўка, нi лебедзь, калi ён такi стары, як я ... "Мне, Фiлет, не цяжка цябе пацалаваць, бо я больш хачу цалавацца, чым ты зрабiцца маладым. Але паглядзi, цi пад твой узрост такi падарунак. Твая ж старасць не стрымае цябе, каб не гнацца за мною пасля аднаго пацалунка. Але не злавiць мяне нi ястрабу, нi арлу, нi якой iншай шпарчэйшай за iх птушцы. Я не хлопчык, нават калi i здаюся хлопчыкам, я старэйшы, чым Кронас i чым увесь час. Я ведаў цябе, калi ты яшчэ дзецюком пасвiў там на паплавах шырока расцягнуты статак, i я быў пры табе, як ты каля тых дубоў iграў на сiрынзе, калi быў закаханы ў Амарылiс. Але ты не бачыў мяне, хоць я стаяў вельмi блiзка ля дзяўчыны. Гэта я яе табе даў, i ты ўжо маеш сыноў - добрых валапасаў i земляробаў. Цяпер я пасу Дафнiса i Хлою,i калi я з самага ранку звяду iх, тады iду ў твой сад, i радуюся кветкам i кустам, i мыюся вось у гэтых крынiцах. Таму такiя прыгожыя кветкi i кусты, бо iх пояць воды, у якiх я купаюся. Паглядзi ж, цi хоць адзiн куст у цябе зламаны, цi якi плод сарваны, цi корань кветкi якой растаптаны, цi якая крынiца закаламучаная. I цешся, што сярод людзей ты адзiны ў старасцi ўбачыў гэтае дзiця".

6

Сказаўшы гэта, ён узвiўся, як малады салоўка, на кусты мiрту i, перебiраючыся з галiнкi на галiнку, дабраўся праз лiсце на вяршыню. Я заўважыў крыльцы ў яго за плячыма i мiж крыллем i плячыма невялiкi лук i стрэлы i больш не ўбачыў нi iх, нi яго самога.

"Калi я нездарма дажыў да сiвых валасоў i мой розум не здзяцiнеў ад старасцi, то вы, дзеткi, прысвечаны Эрасу i Эрас дбае пра вас".

7

З вялiкаю асалодаю, нiбы казку, а не праўдзiвае апавяданне, слухалi яны гэта i спыталiся ў яго, што ж такое Эрас, хлопчык цi птушка, i ў чым яго сiла. I Фiлет на гэта сказаў: "Эрас, дзеткi, бог малады, прыгожы, крылаты; таму яго цешыць маладосць, таму за красою ганяецца i душы ўскрыляе. А сiла яго такая, якой i Дзеўс не мае. Ён пануе над стыхiямi, пануе над зоркамi, пануе над такiмi, як сам, багамi; такой улады вы не маеце над сваiмi козамi i авечкамi. Усе кветкi - работа Эраса; гэтыя раслiны - яго стварэнне. З яго волi рэкi цякуць, вятры дзьмуць. Бачыў я быка, распаленага жадобаю, як аваднём уджалены, роў ён; бачыў i казла, поўнага iмпэту да казы, за ёю ўсюды ён бегаў следам. I сам я быў малады i кахаў Амарылiс; i мне яда не была ў галаве, i я пiць не пiў i сон забыў. Душа мая балела, сэрца бiлася, цела трымцела; то я крычаў, нiбы мяне бiлi, то я маўчаў, нiбы мяне ўжо забiлi, то я ў рэкi кiдаўся, нiбы мяне агнём палiлi; я клiкаў Пана на дапамогу, ён жа i сам быў у Пiтыс закаханы; я праслаўляў Эхо, бо яна за мною iмя Амарылiс паўтарала; я свае сiрынгi разбiў, бо яны хоць кароў чаруюць, але Амарылiс не вабяць. I няма ад Эраса анiякiх лекаў - нi ў ядзеннi, нi ў пiценнi, нi ў замоваў гаварэннi, - хiба толькi пацалункi, ды абдымкi, ды голымi адно з адным ляжаць".

8

Пасля гэтых павучанняў Фiлет пакiдае iх, абдораны некалькiмi сырамi i казляняткам, у якога пракiнулiся ўжо рожкi. Астаўшыся на адзiноце i пачуўшы ўпершыню тады iмя Эраса, яны адчулi ў душы нястрымнае каханне, i, вярнуўшыся ўночы ў свае падвор'i, пачалi яны параўноўваць тое, што пачулi, з тым, што самi адчулi: "Закаханыя пакутуюць, i мы таксама. Яны нi на што не зважаюць, i мы даўно таксама. Яны не спяць, i нам цяпер так цярпець даводзiцца. Iм здаецца, што iх палiць агнём, i ў нас агонь палае. Яны хацелi б заўсёды адно аднаго бачыць, i мы таксама молiм, каб хутчэй вярнуўся дзень. Мабыць, гэта каханне, i мы кахаем адно аднаго, не ведаючы, цi гэта каханне i цi кахаюць мяне. Бо чаму ж мы тады пакутуем, чаму шукаем адно аднаго? Фiлет усю праўду сказаў. Гэты хлопчык у садзе прыснiўся некалi нашым бацькам i наказаў, каб мы пасвiлi статкi. А як яго злавiць? Ён малы i ўцячэ. А як ад яго ўцячы? Ён мае крылле i схопiць. У нiмфаў нам трэба шукаць заступнiцтва i дапамогi. Але i Фiлету, калi ён закахаўся ў Амарылiс, Пан не дапамог. Дык, значыць, нам патрэбна звярнуцца да лекаў, якiм ён вучыў нас, - пацалункi, i абдымкi, i голымi класцiся на зямлi. Хоць ужо i холадна, але выцерпiм, цярпеў жа i Фiлет".

9

Такою навукаю была для абаiх гэтая ноч. I калi на другi дзень, выгнаўшы статкi на пашу, яны ўбачылi адно аднаго, то пацалавалiся, чаго нiколi раней не рабiлi, i абнялiся, абвiўшы адно аднаго рукамi; а на трэцiя лекi - раздзеўшыся легчы - было заадважна не толькi для дзяўчыны, але i для маладога казапаса.

I зноў прыйшла ноч без сну з думкамi пра тое, што зрабiлi, i з папрокамi за тое, што ўпусцiлi. "Цалавалiся мы, а карысцi нiякай; абдымалiся мы, а, бадай што, не лепш. I вось легчы разам - адзiныя лекi ад кахання; паспрабуйма i iх; пэўна ў гэтым будзе нешта мацнейшае за пацалунак".

10

Пры такiх думках, як гэта бывае, снiлiся iм i каханне, i пацалункi, i абдымкi; i што яны ўдзень не рабiлi, тое рабiлi ўночы: голыя ляжалi адно каля аднаго. I яшчэ больш натхнёныя падымалiся яны з надыходам дня i са свiстам гналi свае статкi, спяшаючыся да пацалункаў: i, убачыўшы адно аднаго, беглi, усмiхаючыся, насустрач. I, вядома, былi пацалункi, а тады i абдымкi, толькi з трэцiмi лекамi яны марудзiлi, нi Дафнiс не адважваўся сказаць, нi Хлоя не рашалася пачаць, але выпадак i гэта зрабiў.

11

Седзячы адно пры адным каля дубовага пня, ужываючы слодыч пацалункаў, яны прагна аддавалiся раскошы. Абвiвалi адно аднаго рукамi, мацней прыцiскаючыся вуснамi да вуснаў. I калi Дафнiс у такiм абдымку больш парывiста прыцягнуў да сябе сваю Хлою, яна падалася на бок, i ён схiляецца ўслед за ёю, не хочучы згубiць яе пацалунка. I пазнаўшы ў гэтым тое, што бачылi ў сне, яны доўгi час пакоiлiся доле, нiбы звязаныя. Але не ведаючы, што рабiць далей, i ўважаючы гэта за вяршыню раскошы кахання, дарэмна правёўшы большую частку дня ў абдымках, яна рассталiся i пагналi назад свае статкi, злуючыся на ноч. Можа, з часам яны i зрабiлi б што трэба, калi б вось якi рэзрух не ахапiў усе тыя мясцiны.

12

Маладыя багатыя метымненцы, якiя хацелi падчас збору вiнаграду павесялiцца за горадам, падрыхтавалi маленькi карабель, слуг пасадзiлi на вёслы i паплылi ўздоўж мiтыленскiх палёў, што падыходзiлi блiзка да мора. Бо гэтае ўзбярэжжа багатае на добрыя прыстанi, раскошна ўпрыгожанае будынкамi; скрозь купальнi, паркi, гаi: адно стварыла прырода, другое - людское ўмельства; усё цудоўнае для весялосцi. Плывучы ўздоўж берага i прыстаючы то тут, то там, яны весялiлiся, нiкому не чынячы нi найменшага лiха, то лавiлi з надморскай скалы на кручкi, прывязаныя тонкаю лескаю да доўгiх чароцiн, рыбу, што вадзiлася мiж камянёў; то з сабакамi i сеткамi лавiлi зайцоў, якiя ўцякалi ад гаманы ў вiнаграднiках. Выпраўлялiся яшчэ i на птушак, лавiлi ў сiло дзiкiх гусей, качак i дроф, так што апроч забавы яны мелi сеё-тое i на стол. Калi ж яшчэ ў чым была патрэба, бралi ў сялян, плоцячы iм большыя грошы, чым таго цана вымагала. Але трэба былi iм толькi хлеб, вiно ды начлег, бо яны ўважалi неасцярожным з прыходам восенi аставацца на ноч у адкрытым моры; таму, баючыся буры ўначы, яны выцягвалi карабель на бераг.

13

Аднаму селянiну трэба была вяроўка, каб падняць угору камень, якiм прыцiскаюць патаптаны вiнаград, бо старая вяроўка перацерлася, i ён употай прабраўся да мора, падышоў да карабля, якога нiхто не ахоўваў, адвязаў канат, панёс дадому i ўжыў на патрэбу. Назаўтра ранiцаю метымнейскiя дзецюкi пачалi шукаць канат, але нiхто ў крадзяжы не прызнаўся, i яны паплылi далей, палаяўшы трохi гаспадароў; адплыўшы на трыццаць стадый, яны прысталi ў тых мясцiнах, дзе жылi Дафнiс i Хлоя, бо раўнiна выдалася iм прыдатнаю да лову зайцоў. Вяроўкi ў iх цяпер не было, каб ужыць яе як прычальны канат; яны скруцiлi пярэвiтку з доўгiх зялёных лазiн i прывязалi ёю карму карабля да берага. Пасля гэтага, выпусцiўшы сабак высочваць дзiчыну, расставiлi на найбольш прыдатных сцежках сеткi. Сабакi, разбегшыся з моцным гаўканнем, напалохалi коз, i тыя, пакiнуўшы горныя схiлы, прабеглi ладна-такi да мора; не знайшоўшы на марскiм пяску нiчога пагрызцi, адважнейшыя з iх падышлi да карабля i згрызлi зялёную пярэвiтку, якою быў прывязаны карабель.

14

А на моры ўзнялося лёгкае хваляванне, з гор падзьмуў вецер. Хваля, адплываючы, вельмi хутка падхапiла адвязаны карабель i панесла ў адкрытае мора. Як толькi заўважылi гэта метымнейцы, адны з iх пабеглi да мора, другiя сабралi сабак; усе яны ўзнялi такi лямант, што, пачуўшы яго, збеглiся ўсе людзi з наваколля. Але гэта анi не дапамагло, бо вецер падзьмуў з усяе моцы i карабель хутка i нястрымна адносiла плынню. Метымнейцы, страцiўшы нямала дабра, шукалi, хто ж пасвiў коз; i, знайшоўшы Дафнiса, пачалi яго бiць i зрываць з яго адзетак. Адзiн з iх, узяўшы сабачы павадок, загнуў Дафнiсу рукi назад, каб яго звязаць. Але Дафнiс крычаў, як яго бiлi, i малiў сялян аб паратунку, клiчучы найперш Ламана i Дрыяса на дапамогу. I тыя, два дужыя дзяды з моцнымi ад сялянскай работы кулакамi, далi адпор i запатрабавалi справядлiва разабрацца ў тым, што адбылося.

15

А таму, што на гэтым настойвалi i iншыя, то за суддзю прызначаюць Фiлета, валапаса: ён быў найстарэйшы з усiх тут i славiўся сярод вяскоўцаў надзвычайнаю справядлiвасцю. Напачатку метымнейцы выклалi сваю скаргу, ясна i сцiсла, бо за суддзю ж у iх быў валапас: "Мы прыехалi ў гэтыя мясцiны папаляваць на зайцоў. Прывязаўшы карабель зялёнаю лазою, мы пакiнулi яго на беразе, а самi пусцiлi сабак шукаць дзiчыну. Тым часам козы гэтага пастуха, прыйшоўшы да мора, зжыраюць лазу i адпускаюць карабель. Ты ж бачыў, як яго адносiла ў мора, i як ты думаеш, колькi на iм было дабра. Колькi адзення загiнула, а колькi сабачай аздобы, а колькi грошай! Калi б хто меў гэтулькi, мог бы купiць тутэйшыя палi. У абмен за гэта мы настойваем забраць яго паганага пастуха, якi сваiх коз пасе каля мора, нiбы марак".

16

Так выклалi метымнейцы сваю скаргу.

Пасля кухталёў Дафнiс адчуваў сябе пагана, але як убачыў, што Хлоя тут, на ўсё забыўся i так сказаў: "Я сваiх коз пасу добра. Нiколi яшчэ нiводзiн з вяскоўцаў не абвiнавацiў мяне, што мая каза ў яго садзе ласавалася або вiнаградны парастак паламала. А вось гэтыя - сапраўды паганыя лоўчыя, i сабакi iх кепска навучаныя: носячыся шалёна i злосна гаўкаючы, яны маiх коз з гор i пашаў да мора, як ваўкi, сагналi. А козы мае лазу ад'елi? Бо на пяску не было нi травы, нi сунiчнiку, нi чабору. А карабель знiшчылi вецер i мора. Гэта вiна буры, а не коз. А там былi ўборы, грошы? Хто, маючы розум, дасць веры, што карабель з такiм дабром быў прывязаны пярэвiткаю?"

17

Пры гэтым Дафнiс заплакаў i моцна расчулiў сялян, так што Фiлет, суддзя, пакляўся Панам i нiмфамi, што Дафнiс анi не вiнаваты, гэтак жа як i яго козы, а вiнаватыя мора i вецер, якiя, аднак, падлягаюць iншым суддзям. Але не пераканаў Фiлет метымнейцаў гэтымi словамi, i яны, раззлаваўшыся, пацягнулi Дафнiса, стараючыся яго звязаць.

Тут сяляне, узбунтаваўшыся, самi накiнулiся на iх, як шпакi цi галкi; i хутка адбiваюць Дафнiса, якi i сам ужо бiўся; яны лупяць палкамi метымнейцаў, i неўзабаве тыя кiдаюцца ўцякаць. Яны не адставалi ад iх, аж пакуль не прагналi са сваiх на чужыя землi.

18

Пакуль тыя гналi метымнейцаў, Хлоя цiхенька адводзiць Дафнiса да нiмфаў i асцярожна яму абмывае твар, што ўвесь быў залiты крывёю з расквашанага кухталём носа, i дае з'есцi з пастухоўскай торбы лусту хлеба i кавалак сыру. Тады - што найбольш павiнна было яго падмацаваць - яна абдорвае яго сваiх пяшчотных вуснаў падарункам - мядова-салодкiм пацалункам.

19

Вось з якой бяды выбавiўся тады Дафнiс. Але ўсё тым не скончылася, бо, калi метымнейцы з цяжкасцю дабралiся да сваiх - пешкi замест прыплысцi на караблi, параненыя замест веселуноў, - яны склiкалi грамадзян на сход i паклалi алiўную галiнку, молячы абароны i просячы адплаты; яны не сказалi нi слова праўды, каб з iх не смяялiся з-за таго, якое ганьбы зазналi яны ад пастухоў, а мiтыленцаў абвiнавацiлi, што тыя iх карабель забралi i iх дабро, як на полi бiтвы, абрабавалi.

Метымнейцы, убачыўшы раны, далi iм веры i палiчылi справядлiвым папомсцiцца за гэтых маладых людзей з сама знатных iх дамоў, i таму пастанавiлi, не аб'яўляючы вайны, напасцi на мiтыленцаў; i загадалi свайму ваяводзе выправiць дзесяць караблёў, каб спустошыць iх узбярэжжа; блiзка была зiма, i давяраць мору большы флот было ненадзейна.

20

Адразу ж на другi дзень ваявода з воiнамi, якiя заадно былi i веслярамi, выйшаў у адкрытае мора i напаў на прыбярэжныя палi мiтыленцаў. I нарабаваў шмат жывёлы, збожжа, вiна (бо якраз толькi што закончыўся збор вiнаграду); а да таго i нямала людзей, што там працавалi. Падплыў ён i ў мясцiны, дзе былi Хлоя i Дафнiс; хутка высадзiўшыся, цягаў здабычу, якая там толькi траплялася.

Дафнiс якраз не пасвiў коз, а ў лесе зразаў зялёныя галiнкi, каб узiмку кармiць казлянят; убачыўшы згары напад, ён схаваўся ў дупле сухога бука; Хлоя ж была каля статкаў; ратуючыся ад пагонi, яна, шукаючы прытулку, бяжыць да нiмфаў, молячы iмем багiняў пашкадаваць яе i тых, каго яна пасе. Але гэта было дарэмна; метымнейцы, удосталь паздзекаваўшыся са статуй, занялi статкi i пацягнулi яе, б'ючы, як казу цi авечку, лазiною.

21

Напоўнiўшы караблi нарабаванаю рознаю здабычаю, яны пастанавiлi далей не плыць, а вярнуцца дадому, баючыся зiмы i ворагаў. I вось паплылi яны, цяжка налягаючы на вёслы, бо не было ветру; Дафнiс жа, калi ўсё суцiшылася, спусцiўся ў далiну, дзе яны заўсёды пасвiлi, i нi коз не ўбачыў, нi на авечак не натрапiў, нi Хлоi не знайшоў, а толькi поўнае разбурэнне ды кiнутую сiрынгу, якою звычайна Хлоя цешылася; з моцным крыкам i жаласным енкам пачаў ён бегаць то да бука, дзе яны звычайна сядзелi, то да мора, спадзеючыся яе ўбачыць, то да нiмфаў, да якiх яна бегла, калi за ёю гналiся. Там ён кiнуўся на зямлю, вiнавацячы нiмфаў, што здрадзiлi ёй:

22

"У вас забралi Хлою, i вы маглi спакойна глядзець на гэта? Тую, якая вянкi вам пляла, першага малака ўзлiвала, якая вам сiрынгу ў дар ахвяравала? Нiводнай казы ў мяне воўк не сцягнуў, а ворагi ўсю чараду пагналi i тую, што пасвiла са мною. З коз яны шкуру здзiраюць, авечак у ахвяру прыносяць; Хлоя ж з гэтага часу будзе ў горадзе жыць. Як мне вярнуцца да бацькi i мацеры без коз, без Хлоi, чым мне тады заняцца? Мне ж няма ўжо чаго пасвiць. Тут хачу ляжаць i чакаць смерцi або новага нападу. Цi ж i ты, Хлоя, гэтак тужыш? Цi ж успамiнаеш гэтую раўнiну, гэтых нiмфаў i мяне? А цi суцяшаюць цябе авечкi i козы, узятыя ў палон разам з табою?"

23

Пакуль ён бедаваў так, ад слёз i болю яго агарнуў глыбокi сон; i з'явiлiся яму тры нiмфы, высокiя i прыгожыя жанчыны, напаўадзетыя, босыя, з распушчанымi валасамi, якраз як на статуях. Напачатку, як яму здалося, яны спагадлiва паглядзелi на Дафнiса; пасля старэйшая з iх, падбадзёрваючы, кажа: "Не наракай на нас, Дафнiс; мы больш, чым ты, рупiмся пра Хлою. Мы зжалiлiся над ёю, калi яна яшчэ дзiцём была, тут у пячоры ляжала, кармiлi яе. Яна не мае нiчога супольнага нi з гэтымi лугамi, нi Ламанавымi авечкамi. I цяпер мы пра яе паклапацiлiся, так што не будзе яна адвезена ў Метымну на рабскую долю i не будзе яна часткаю ваеннай здабычы. Вось таго Пана, што пад хвойкаю стаiць, якога вы нiколi, нi разу вянком не ўшаноўвалi, мы ўпрасiлi дапамагчы Хлоi; ён звык больш, чым мы, да ваенных паходаў i ўжо нямала паваяваў, пакiдаючы гэтыя палi; i ён вырушыць, як люты вораг, на метымнейцаў. Не тужы нi па чым, а ўставай i пакажыся на вочы Ламану i Мiртале; яны ж таксама ляжаць доле, думаючы, што i ты зрабiўся часткаю здабычы; Хлоя ж заўтра вернецца да цябе з козамi, з авечкамi, i будзеце вы разам пасвiць i разам iграць на сiрынзе; а далей Эрас пра вас паклапоцiцца".

24

Убачыўшы i пачуўшы гэта, Дафнiс ускочыў са сну i, плачучы з радасцi i з гора, укленчыў перад статуямi нiмфаў i паабяцаў, калi Хлоя ўратуецца, прынесцi ў ахвяру найлепшую з коз. Пасля пабег пад хвойку, дзе стаяла статуя Пана, казланогага i рагатага, у адной руцэ ён трымаў сiрынгу, другою рукою стрымлiваў уздыбленага казла; упаў i перад Панам на каленi, молячы яго за Хлою i абяцаючы ахвяраваць казла. I толькi на захадзе сонца ён ледзь прыпынiў свае слёзы i малiтвы i, сабраўшы галiнкi, што нарэзаў, вярнуўся дадому, разагнаўшы смутак Ламана i яго блiзкiх, напоўнiўшы iх радасцю, трохi падсiлкаваўся i забыўся сном, хоць i ў сне плакаў, то жадаючы яшчэ раз убачыць у сне нiмфаў, то каб хутчэй настаў дзень, у якi яму вярнуць Хлою было паабяцана. З усiх начэй гэтая падалася яму найдаўжэйшаю. А тае начы вось што здарылася.

25

Ваявода метымнейцаў, адплыўшы стадыяў з дзесятак, захацеў даць адпачыць сваiм воiнам, якiя стамiлiся ад нападу. I вось, дасягнуўшы мыса, што выступаў у мора, выгiнаючыся паўмесяцам, за якiм мора ўтварала бухту, зацiшнейшую за ўсе iншыя, ваявода пакiнуў караблi на якары ў адкрытым моры, каб з сушы нi на адзiн з iх не маглi напасцi сяляне, i дазволiў метымнейцам мiрныя ўцехi. I тыя, нарабаваўшы ўсяго ўдосталь, пiлi, забаўлялiся, нiбы святкавалi перамогу. Але толькi скончыўся дзень i весялосць з надыходам ночы сунялася, як раптам уся зямля нiбы агнём занялася, i пачулiся шумныя ўсплёскi вёслаў, нiбы падплываў вялiкi флот, i адзiн закрычаў: "Да зброi!", а другi клiкаў ваяводу, трэцяму падалося, што ён паранены, i ляжаў там як забiты. Здавалася, што гэта начны бой, толькi ворагаў не было вiдаць.

26

Так прамiнула для iх ноч, i надышоў дзень, яшчэ страшнейшы, чым ноч. Дафнiсавы казлы i козы на рагах мелi плюшч з гронкамi ягад, а Хлоiны бараны i авечкi завылi, як ваўкi. Саму ж яе ўбачылi ў вянку з хваёвых галiнак. I на моры самiм дзеелася шмат незвычайнага. Калi яны паспрабавалi выцягнуць якары, тыя заселi ў глыбiнi; калi метымнейцы бралiся за вёслы, тыя ламалiся; дэльфiны, выскокваючы ўгару з мора, бiлi хвастамi караблi i расслаблялi iх змацаваннi. Са стромай скалы на мысе быў чуваць голас сiрынгi, але ён не цешыў, як звычайна голас дуды, а кожнага, хто слухаў, палохаў, як ваенная труба. Устрывожаныя, кiнулiся яны па зброю i крычалi: "Ворагi", хоць iх не бачылi, так што малiлi яны, каб хутчэй зноў ноч прыйшла, нiбы з ёю будуць мець перамiр'е. Кожны, хто разумна разважае, зразумеў, што гэтыя прывiды i гукi ад Пана, якi за нешта гневаецца на мараплаўцаў. Але яны не маглi разгадаць прычыны - яны ж не абрабавалi нiводнага Панавага свяцiлiшча, - пакуль апоўднi ваяводу не агарнуў, не без волi багоў, сон, i, з'явiўшыся яму ў сне, Пан вось што сказаў:

27

"О сама злачынныя i сама бязбожныя з людзей, як маглi вы, звар'яцелыя, адважыцца на гэта? Напоўнiлi вайною ваколiцы, што любыя мне, пагналi статкi кароў, коз, авечак, што пад маёю апекаю, адарвалi ад алтароў дзяўчыну, з якое Эрас хоча стварыць мiф кахання; i не пасаромелiся вы нiмфаў, што глядзелi на вас, нi Пана, мяне. Таму не ўбачыце вы Метымны, пакуль плывяце з такою здабычаю, i не ўцячы вам ад гэтай сiрынгi, якая наганяе на вас жах; я патаплю вас, аддам на корм рыбам, калi вы як мага хутчэй не аддадзiце Хлою нiмфам i Хлоiны чароды, яе коз i авечак. Устань жа i высадзi дзяўчыну з усiм тым, што я табе сказаў. I я сам цябе ў плаваннi правяду, а ёй дарогу дадому пакажу".

28

Вельмi ўстрывожаны Брыаксiс (так звалi ваяводу) ускочыў з ложа i, склiкаўшы начальнiкаў караблёў, загадаў як мага хутчэй знайсцi сярод палонных Хлою. Яны хутка яе знайшлi i яму на вочы прывялi: яна ж сядзела ў вянку з хваёвых галiнак.

Убачыўшы яе якраз такой, як яна выглядала ў сне, ён сам адвозiць яе на сваiм галоўным караблi да берага. I як толькi яна ступiла на зямлю, зноў са скалы пачуўся голас сiрынгi, але ўжо не ваенны, не грозны, а пастухоўскi, нiбы на пашу авечак гоняць. I авечкi зараз жа збеглi з караблёў па сходцах, не коўзаючыся на сваiх раздвоеных капытках, а яшчэ адважней збеглi козы, бо iм у звычку лазiць па скалах.

29

Яны сталi ў кола, акружыўшы Хлою, нiбы хор, скакалi i бляялi, як быццам яны радавалiся; а козы, авечкi, каровы iншых пастухоў аставалiся на сваiх месцах усярэдзiне карабля, як бы голас сiрынгi i не клiкаў iх. Пакуль усе ў здзiўленнi ўслаўлялi Пана, на сушы i на моры адбылiся яшчэ дзiўнейшыя праявы. Караблi раней, чым метымнейцы паднялi якары, паплылi, карабель жа ваяводы вёў дэльфiн, якi ўсё выскокваў з вады. А коз i авечак вёў найсаладзейшы голас сiрынгi, але таго, хто iграў, нiдзе не было вiдаць; так што авечкi i козы, iдучы ўперад, заадно пасвiлiся, радуючыся песнi.

30

Быў, бадай, час другой пашы, калi Дафнiс з высокай вартоўнi ўбачыў статкi i Хлою; моцна ўскрыкнуўшы: "О нiмфы i Пан!", пабег ён унiз на раўнiну i абняў Хлою; i тут жа асунуўся, страцiўшы прытомнасць. Ледзь ачуняў ён ад Хлоiных пацалункаў i абдымкаў, якiмi яна яго сагравала, тады падышоў да знаёмага бука i, сеўшы пад iм, пачаў распытвацца ў Хлоi, як яна змагла ўцячы ад гэтулькiх ворагаў. Яна яму ўсё расказала: пра плюшч на козах, пра выццё авечак, пра хваёвыя галiнкi, што паявiлiся ў яе на галаве, пра агонь на сушы, шум на моры, пра дваякiя галасы сiрынгi - ваенны i мiрны, пра жахлiвую ноч i пра тое, як ёй музыка паказала дарогу, якое яна не ведала. Тут Дафнiс зразумеў i сон, спасланы на яго нiмфамi, i Панаву дапамогу, i сам расказаў усё, што бачыў, усё, што чуў, i як яму нiмфы, калi ён ужо збiраўся памерцi, жыццё ўратавалi. Пасля ён паслаў, каб яна прывяла Дрыяса, Ламана i iх сямейнiкаў i прынесла ўсё, што трэба пры ахвяраваннi; а тым часам злавiў найлепшую з коз, прыбраў яе вянком з плюшчу, так, як яны паўсталi перад вачыма ворагаў, узлiў малака мiж яе рагоў i зарэзаў яе ў ахвяру нiмфам, пасля, падвесiўшы, абадраў i прысвяцiў iм шкуру.

31

Як толькi прыйшла ўжо Хлоя са сваiмi, ён распалiў агонь i, частку мяса зварыўшы, а другую - спёкшы, першыя кавалачкi прынёс у ахвяру нiмфам, узлiў iм кубак маладога вiна, а пасля, зрабiўшы з зялёнага лiсця ложа, зазнаў слодычы ў пiтве i гульнях, заадно паглядваючы на статкi, каб i воўк не напаў i не зрабiў таго, што мелiся зрабiць ворагi. Спявалi ў гонар нiмфаў нямала песняў, складзеных даўнейшымi пастухамi.

Калi ж надышла ноч, яны ляглi спаць там жа, на полi, а на другi дзень згадалi Пана i, прыбраўшы вянкамi з хваёвых галiнак важака казiнай чарады, павялi яго да хвойкi; тут, узлiўшы вiна, уславiўшы бога, зарэзалi таго казла, падвесiлi i знялi шкуру. Мяса, спёкшы i зварыўшы, яны паклалi непадалёк на лузе на лiсцi; шкуру ж разам з рагамi прымацавалi да хвойкi каля статуi пастушыны дар пастушынаму богу. Яшчэ прынеслi яму ў ахвяру мяса i ўзлiлi з большага кубка вiна. Хлоя спявала, а Дафнiс iграў на сiрынзе.

32

Пасля яны ляглi i пачалi баляваць; выпадкова падышоў да iх валапас Фiлет, якi якраз прынёс Пану некалькi вянкоў i вiнаградных гронак яшчэ на лазе з лiсцем. З iм iшоў яго найменшы сын Тытыр, хлопчык з залацiстымi валасамi, сiнявокi, беленькi i жвавенькi: iдучы, ён лёгка падскокваў, як казлянятка. Усе паднялiся, дапамаглi прыбраць вянкамi Пана i павесiлi гронкi на голле хвойкi; тады запрасiлi Фiлета прылегчы побач з сабою для балявання.

I як гэта водзiцца ў старых людзей, калi яны трошкi падпiлi, пачалi доўга расказваць адзiн аднаму: як яны пасвiлi, калi маладыя былi, як iм удавалася ўратавацца ад шмат якiх разбойнiцкiх нападаў. Адзiн хвалiўся, што забiў ваўка, другi, што iгрою на сiрынзе толькi Пану ўступае, - то быў Фiлет, якi пахваляўся гэтым.

33

I вось Дафнiс i Хлоя пачалi яго настойлiва прасiць, каб ён i з iмi падзялiўся сваiм умельствам i пайграў на сiрынзе на свяце бога, якi i сам вяселiцца сiрынгаю. Фiлет паабяцаў, хоць паскардзiўся на старасць, - не той ужо дых, i ўзяў Дафнiсаву сiрынгу. Але яна была замалою для яго вялiкага майстэрства, бо зроблена была на вусны хлопчыка. Тады ён паслаў Тытыра па сваю сiрынгу, бо яго падвор'е было адсюль толькi стадыяў за дзесяць. I вось хлопчык, скiнуўшы плашч, голы пусцiўся бегчы, як алянятка; а Ламан паабяцаў iм расказаць пра сiрынгу паданне, якое прапяяў яму адзiн сiцылiйскi казапас, атрымаўшы ва ўзнагароду казла i сiрынгу.

34

"Сiрынга, гэтая дудка, колiсь не дудкаю была, а дзяўчынаю, прыгожаю, з пяшчотным голасам. Яна пасвiла коз, гуляла з нiмфамi, а пяяла, як i цяпер. Калi яна так пасвiла, гуляла, пяяла, падышоў Пан i пачаў яе схiляць на тое, чаго яму хацелася, i абяцаць ёй за гэта, што ўсе яе козы будуць прыводзiць двайнятак. Яна пасмяялася з яго кахання i сказала, што не хоча такога каханка, якi не казёл i не цалкам мужчына.

Пан кiнуўся ў пагоню за ёю, каб узяць яе сiлаю. Сiрынга ўцякла ад Пана i яго гвалту; уцякаючы, яна, зняможаная, хаваецца ў чароце, знiкае ў балоце. Пан у злосцi вырэзвае чарот, але дзяўчыны не знаходзiць i, зразумеўшы бяду, гэтую дудку вынаходзiць, злучае воскам няроўныя трубкi, бо ў iх каханне было няроўнае; i былая прыгожая дзяўчына цяпер пяшчотная сiрынга".

35

Толькi што скончыў Ламан сваё апавяданне i Фiлет пахвалiў, што расказаная казка саладзейшая за песню, як ужо стаiць зноў Тытыр, падаючы бацьку сiрынгу, вялiкую, з доўгiмi трубкамi; i там, дзе яны звычайна змацоўваюцца воскам, яна аздоблена меддзю. Можна было б падумаць, што гэта была тая сiрынга, якую Пан першую зрабiў. Фiлет падняўся, сеў на сядзеннi прама i напачатку праверыў трубкi, цi праходзiць паветра; а пасля, пераканаўшыся, што нiчога не замiнае подыху, ён моцна, па-маладому падзьмуў. Можна было падумаць, што чуваць некалькi дудак разам, такая магутная была яго iгра. Патрошку зменшваючы сiлу, ён перайшоў да больш пяшчотных напеваў, а каб паказаць усё майстэрства добрай пастухоўскай музыкi, ён зайграў, як належыць для статка кароў, як трэба для коз i якiя напевы любяць авечкi. Пяшчотна для авечак, моцна для кароў, высока для коз.

Цалкам усе сiрынгi гэтыя адна (сiрынга) пераймала.

36

Усе ляжалi ў маўклiвай насалодзе, Дрыяс жа ўстаў i папрасiў, каб яму сыгралi Дыянiсаў напеў, i пачаў танцаваць танец вiнаградараў. Ён то паказваў таго, хто збiрае вiнаград, то таго, хто нясе поўныя кашы, пасля таго, хто топча гронкi, потым таго, хто напаўняе бочкi, далей таго, хто п'е сусла. Усё вытанцоўваў Дрыяс так зграбна i выразна, што, здавалася, вiдаць былi i вiнаградныя лозы, i нацiсi, i бочкi, i што Дрыяс сапраўды пiў.

37

Гэты трэцi стары, заслужыўшы пахвалу за танец, цалуе Хлою i Дафнiса. Тыя, хутка ўсхапiўшыся, станцавалi Ламанаву казку. Дафнiс паказваў Пана, Хлоя Сiрынгу. Ён умольваў яе, пераконваючы, яна безуважна пасмiхалася. Ён пагнаўся за ёю i бег пры гэтым на кончыках пальцаў, удаючы капыты, яна ж паказвала зняможаную пагоняй. Пасля Хлоя ў лесе, нiбы ў балоце, хаваецца; Дафнiс жа, узяўшы Фiлетаву вялiкую сiрынгу, зайграў сумную песню, як закаханы, пасля пяшчотную, нiбы ўгаворваючы, потым прываблiвую, нiбы шукаючы яе, так што Фiлет, ускочыўшы, пацалаваў яго, i падараваў яму пасля пацалунка сваю сiрынгу, i пажадаў, каб i Дафнiс пакiнуў яе некалi такому ж годнаму пераемнiку.

38

Дафнiс жа прынёс у дар Пану сваю ўласную малую сiрынгу i, пацалаваўшы Хлою, як бы ён сапраўды пасля ўцёкаў знайшоў яе, пагнаў статак, iграючы на новай сiрынзе.

Ужо надыходзiла ноч, i Хлоя пагнала сваю чараду, збiраючы яе напевам сiрынгi; i козы беглi побач з авечкамi, i Дафнiс iшоў поруч з Хлояю, так што да самай ночы яны цешылiся адно адным i ўмовiлiся назаўтра яшчэ раней выгнаць статкi; так i зрабiлi. Толькi што бралася на дзень, а яны прыйшлi ўжо на пашу. Напачатку звярнулiся з прывiтаннем да нiмфаў, пасля - да Пана, а потым, усеўшыся пад дубам, iгралi на сiрынзе, далей цалавалiся, абдымалiся i ляжалi адно каля аднаго; i, нiчога не зрабiўшы больш, паднялiся. Не забылiся i паесцi, выпiлi i вiна, змяшаўшы яго з малаком.

39

Ад усяго гэтага яшчэ больш разгарачыўшыся i паадважнеўшы, яны паспрачалiся адно з адным, хто з iх мацней любiць, i памаленьку дайшлi да клятваў у вернасцi. Дафнiс Панам пакляўся, падышоўшы да яго хвойкi, што ён не будзе жыць адзiн, без Хлоi, нi адзiнага дня; а Хлоя паклялася Дафнiсу нiмфамi, увайшоўшы ў iх пячору, што хоча з Дафнiсам жыць i памерцi. Дзявочая прастадушнасць Хлоi даходзiла да таго, што, выйшаўшы з пячоры, яна вымагала ад яго i другой клятвы. "Дафнiс! - казала яна. - Пан - гэта бог, якi часта ўлюбляецца i часта здраждвае; кахаў ён Пiтыс, кахаў Сiрынгу; нiколi не ўпусцiць ён, каб не зачапiць дрыяд, не дае праходу нiмфам, заступнiцам жывёлы. Ён безуважна ставiцца да клятваў i цябе не пакарае, хоць бы ты пакахаў больш жанчын, чым мае чароцiн твая сiрынга; ты ж паклянiся гэтым статкам i тою казою, што цябе ўзгадавала, не пакiнуць Хлоi, пакуль яна табе будзе верная; калi ж яна саграшыць супроць цябе i супроць нiмфаў, уцякай ад яе, ненавiдзь i забi яе, як ваўка".

Дафнiс узрадаваўся яе недаверу i, стаўшы сярод чарады коз i ўзяўшы адною рукою казу, другою - казла, пакляўся Хлоi любiць яе датуль, пакуль яна яго любiць будзе; калi ж яна каго iншага замест Дафнiса выбера, тады ён не яе сябе заб'е.

Яна ўзрадавалася i паверыла яму, як дзяўчына i як пастушка, што лiчыць коз i авечак уласнымi багамi аўчароў i казапасаў.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

1

Калi мiтыленцы дачулiся пра напад дзесяцi караблёў, а людзi, што прыйшлi з вёсак, расказалi iм пра разбой, яны, палiчыўшы, што такога ад метымнейцаў нельга стрываць, пастанавiлi як найхутчэй узяцца за зброю; адабраўшы тры тысячы шчытаносцаў i пяцьсот коннiкаў, яны паслалi свайго ваяводу Гiпаса па сушы, баючыся мора ў зiмовую пару.

2

Ён вырушыў у паход, але анi не дратаваў метымнейскiх палёў, не рабаваў нi статкаў, нi набытку сялян i пастухоў, бо ўважаў, што так рабiць больш падыходзiць разбойнiку, чым ваяводзе; шпарка павёў ён войска на сам горад, каб напасцi на брамы, пакуль яны без аховы.

I калi ён быў яшчэ стадыяў за сто да горада, яго перастрэў пасланец, просячы аб замiрэннi. Бо калi метымнейцы вызналi ў палонных, што мiтыленцы анi не ведалi, з-за чаго ўсё ўсчалося, i што сяляне i пастухi проста асадзiлi нахрапiстых дзецюкоў, то тады ў Метымне людзе раскаялiся, бо рашылiся выступiць супроць суседняга горада больш з асляплення, чым з розуму; а таму яны спяшалiся аддаць усё нарабаванае, каб спакойна зноў сустракацца i на зямлi, i на моры.

Гэтага пасланца Гiпас, хоць i быў выбраны паўнамоцным ваяводаю, паслаў да мiтыленцаў, а сам за стадыяў дзесяць да Метымны стаў лагерам i чакаў загадаў са свайго горада. Мiнула два днi, прыйшоў ганец з наказам прыняць назад нарабаванае i, не чынячы шкоды, вярнуцца дадому; маючы на выбар вайну i мiр, яны прызналi больш карысным мiр.

3

I вось вайна мiж метымнейцамi i мiтыленцамi як неспадзявана пачалася, так i закончылася.

Надышла зiма, i была яна для Дафнiса i Хлоi больш гаротлiвая, чым вайна; бо раптоўна выпаў глыбокi снег, усе дарогi адцяў, а ўсiх сялян у хаты загнаў. Бурна спадалi з гор патокi i скоўвалiся ў далiне лёдам; дрэвы, пацяжэўшы, панiклi; уся зямля схавалася пад снегам, выступаючы дзе-небудзь ля крынiц i рэчак. Нiхто не гнаў статка на пашу, нi сам не выходзiў за дзверы, а як запявалi пеўнi, раскладалi вялiкi агонь, i адны пачыналi прасцi лён, другiя круцiць казiную воўну, трэцiя - рабiць сiлы на птушак. Тады ўжо была турбота быдлу ў яслi мякiны падкiнуць, козам i авечкам у стойлы - галiнак з лiсцем, свiнням у свiнушнiкi - жалудоў ды букавых арэшкаў.

4

Пры гэтым вымушаным сядзеннi ў хаце ўсе iншыя земляробы i пастухi былi рады, што хоць на кароткi час iм не трэба нiчога рабiць i яны могуць спакойна паснедаць i доўга паспаць; так што зiма iм здавалася мiлейшаю, чым лета i восень i нават чым вясна. А Хлоя i Дафнiс, успамiнаючы мiнулыя ўцехi: як яны цалавалiся, як абдымалiся, як разам спажывалi сваю яду - сумавалi i не спалi начамi i чакалi вясновай пары як новага нараджэння пасля смерцi. Iх сум агортваў, калi iм траплялася ў рукi пастухова торба, з якой яны елi, або калi яны бачылi даёнку, з якой яны разам пiлi, або нядбала кiнутую сiрынгу, якая была дарункам кахання.

Таму яны малiлi нiмфаў i Пана збавiць iх ад гэтых пакут i нарэшце зноў паказаць iм i iх статкам сонца; молячыся, яны шукалi рады, як iм адно з адным убачыцца. Хлоя ж зусiм нiчога не магла тут нi зрабiць, нi прыдумаць: з ёю ўвесь час была яе названая мацi, вучыла яе часаць воўну, круцiць верацёны ды ўсё нагадвала пра вяселле; а Дафнiс быў вольны i больш здатны на выдумкi, чым дзяўчына, таму i знайшоў спосаб, як убачыць Хлою.

5

Перад Дрыясавай хатаю, пры ўваходзе на панадворак, раслi два вялiкiя мiрты i плюшч. Мiрты стаялi побач, а пасярод iх - плюшч, так што ён раскiдваў, як вiнаградная лаза, свае парасткi на абодва бакi i сваiм пераплеценым лiсцем нiбы ўтвараў пячору; i шмат буйных ягад, як вiнаградныя гронкi, звiсала з галiнак. Там збiралася шмат зiмовага птаства, якому не ставала ў полi спажывы: шмат чорных i шэрых драздоў, туркавак, шпакоў i розных iншых птушак, ласых на плюшчовыя ягады. Удаючы, што збiраецца паляваць на гэтых птушак, i падаўся з хаты Дафнiс, напоўнiўшы сваю пастуховую торбу мядовымi коржыкамi, а каб больш далi веры, узяў з сабою птушыны клей, сiлкi. Дарогi было ад сiлы стадыяў дзесяць; але снег яшчэ не растаў i шмат даў яму клопату; але для кахання сапраўды ўсё не бяда - нi агонь, нi вада, нi нават скiфскi снег.

6

Дабегшы пад Дрыясаву хату i абтросшы ногi ад снегу, ён расставiў сiлкi i намазаў доўгiя галiнкi клеем: тады прысеў, чакаючы птушак i Хлою. Птушкi зляцелiся вялiкiмi чародамi, i шмат iх злавiлася, так што нямала яму было работы, iх збiраючы, забiваючы i аскубаючы пер'е. Але з жылля нiхто не выходзiў, нi гаспадар, нi жонка, нi свойская птушка - усе аставалiся пры агнi ўсярэдзiне замкнуўшыся; так што Дафнiс зусiм разгубiўся, быццам злавесныя птушкi яго сюды прывялi; i надумаўся ён прывесцi якую прычапку, каб адчынiць дзверы, i пачаў перабiраць, што ж такое сказаць, каб больш верагодным здалося. "Я прыйшоў агню ўзяць". - "А хiба няма суседзяў за стадый ад цябе?" - "Я прыйшоў хлеба пазычыць". - "Але ж у цябе торба поўная яды". - "Мне трэба вiна". - "Але толькi ўчора цi заўчора збiраў вiнаград". - "За мною гнаўся воўк". - "А дзе ж воўчыя сляды?" - "Прыйшоў я птушак палавiць". - "Чаго ж дадому не iдзеш, калi нешта ўпаляваў". - "Я хачу Хлою ўбачыць". - "Але ж хто прызнаецца ў гэтым бацьку i мацеры дзяўчыны?" Усюды непярэлiўкi. Што нi сказаў бы, выдавала б падазроным. Лепш я памаўчу. Хлою я зноў увесну ўбачу, бо, як мне здаецца, не суджана ўбачыць яе ўзiмку".

Так паразважаўшы, сабраў ён пацiху сваю здабычу i хацеў ужо iсцi; але злiтаваўся над iм Эрас, i вось што адбылося.

7

Дрыясава сям'я сядзела за сталом; мяса было падзелена, хлеб пададзены, вiно разбаўлена ў кратэры. Адзiн з аўчароў, улучыўшы хвiлiну, калi яго нiхто не бачыў, ухапiў кавалак мяса i ўцёк з iм праз дзверы. Разгневаны Дрыяс (а гэта была якраз яго доля) схапiў кiя i сам, як сабака, пагнаўся ўслед. Гонячыся за iм, ён апынуўся каля плюшча i ўбачыў Дафнiса, якi, узвалiўшы сваю здабычу на плечы, якраз збiраўся ўцячы. Тут жа забыўшыся пра мяса i пра сабаку, стары голасна ўсклiкнуў: "Здароў, сынок!", абняў, пацалаваў яго i, узяўшы за руку, павёў у хату.

Убачыўшы адно аднаго, Дафнiс i Хлоя ледзь не асунулiся долу; але авалодалi сабою i ўтрымалiся на нагах, прывiталiся, пацалавалiся; i ў гэтым як быццам бы апору сабе знайшлi, каб не ўпасцi.

8

Атрымаўшы насуперак спадзяванню i пацалунак, i спатканне з Хлояю, Дафнiс падсеў блiжэй да агню; зняўшы з плячэй, паклаў на стол туркавак i драздоў i расказаў, як ён, калi яму надакучыла сядзець у хаце, пайшоў на паляванне i як ён налавiў птушак - адных сiлкамi, другiх клеем, калi яны ласавалiся ягадамi мiртаў i плюшча. Усе пахвалiлi яго руплiвасць i запрасiлi адведаць з таго, што не паспеў ухапiць сабака. А Хлоi сказалi налiць вiна. I яна радасна падала ўсiм, а Дафнiсу пасля ўсiх; яна ўдавала, што гневаецца на яго, чаму ён, прыйшоўшы, хацеў уцячы, не пабачыўшы яе. Але ўсё ж яна прыгубiла, перш чым яму паднесцi, i толькi ўжо тады падала. А ён, хоць яго i даймала смага, пiў паволi, каб праз гэтую павольнасць падоўжыць асалоду.

9

Хутка стол апусцеў ад хлеба i мяса. Але яны аставалiся яшчэ сядзець, распытваючы пра Мiрталу i Ламана, называлi iх шчаслiвымi, бо доля паслала iм такую падпору на старасць. I ён быў рад пахвалам, iх жа чула Хлоя; калi ж яго папрасiлi астацца, бо назаўтра яны хочуць прынесцi ахвяру Дыянiсу, ён з радасцi ледзь не схiлiўся ў паклоне перад iмi замест Дыянiса. Тут жа выняў з пастуховай торбы шмат мядовых коржыкаў i злоўленых птушак, якiх i прыгатавалi на вячэру. Другi раз паставiлi кратэр з вiном i другi раз агонь распалiлi. Хутка надышла ноч, зноў пайшло другое банкетаванне, пасля якога расказвалi розныя паданнi, спявалi песнi, пакуль нарэшце не разышлiся спаць - Хлоя са сваёю мацi, Дрыяс з Дафнiсам. Хлоя не мела iншае радасцi, апроч тае, што заўтра зноў убачыць Дафнiса, а Дафнiс радаваўся сцiплай уцесе: уважаў за радасць тое, што ляжаў з Хлоiным бацькам; так што ён абдымаў таго i не раз цалаваў, мроячы ў дрымоце, што робiць усё гэта з Хлояй.

10

Надышоў дзень - мароз быў страшэнны, паўночны вецер усё ледзянiў. Яны ўсталi, прынеслi ў ахвяру Дыянiсу гадавалага барана, развялi вялiкi агонь i падрыхтавалi яду. Пакуль Напэ хлеб пякла, а Дрыяс смажыў барана, Дафнiс i Хлоя, улучыўшы вольную часiну, выбеглi з хаты туды, дзе рос плюшч: зноў паставiўшы сiлкi i намазаўшы галiнкi птушыным клеем, налавiлi нямала птушак. А заадно тут была асалода пацалункаў i радасная гаворка. "Дзеля цябе прыйшоў я, Хлоя". - "Ведаю, Дафнiс". - "Дзеля цябе пазбаўляю жыцця гэтых няшчасных драздоў". - "Што ж я павiнна зрабiць для цябе?" - "Помнi пра мяне". - "Помню, клянуся нiмфамi, якiмi некалi паклялася ў той пячоры, куды мы зноў пойдзем, як толькi растане снег". - "Але ж так шмат снегу, Хлоя, баюся, што я сам раней растану". - "Мацуйся, Дафнiс, сонца ўжо грэе". - "О Хлоя, каб жа яно было такое гарачае, як агонь, што палiць мне сэрца". - "Жартуеш, дурыш мяне". "Не, клянуся тымi козамi, якiмi ты мне загадала клясцiся".

11

Калi Хлоя Дафнiсу так адклiкалася, як Эхо, Напэ з дамашнiмi паклiкала iх, i яны прыбеглi, несучы яшчэ багацейшую за ўчарашнюю здабычу; тады ўзлiлi яны Дыянiсу першыя кроплi з кратэра i пачалi банкетаваць, усклаўшы на галаву вянкi з плюшчу. А калi надышоў час i адгучалi iх усклiкi "Iакх!" i "Эвоэ!", яны правялi Дафнiса, папоўнiўшы мясам i хлебам яго пастухову торбу. Далi i туркавак i драздоў аднесцi Ламану i Мiртале, бо сабе ж яны могуць яшчэ налавiць, пакуль трывае зiма i не скончылiся ягады на плюшчы. I ён пайшоў, пацалаваўшы ўсiх iншых раней за Хлою, каб яе пацалунак чыстым астаўся на яго губах.

I ён не раз яшчэ хадзiў гэтаю дарогаю пад рознымi прычапкамi, так што не ўся зiма прамiнула для iх без кахання.

12

А ўжо калi надышла вясна, сышоў снег, выступiла зямля, адскочыла трава, пастухi пагналi статкi на пашы, а раней за ўсiх Хлоя i Дафнiс, бо служылi яны вышэйшаму пастуху. Тут жа пабеглi яны да нiмфаў у пячору, адтуль да Пана пад хвойку i нарэшце да дуба, пад якiм яны i ўселiся, статкi пасвiлi i адно аднаго цалавалi. Пачалi яны шукаць кветак, каб прыбраць вянкамi статуi багоў; а тых толькi што выманiлi з зямлi зефiр, песцячы, ды сонца, грэючы; але ўсё ж знайшлi фiялкi, нарцысы, кураслеп i ўсiх iншых узгадаванцаў вясны. Хлоя i Дафнiс надаiлi з-пад некалькiх коз i авечак свежага малака, зрабiлi ўзлiванне, пасля чаго ўпрыгожылi вянкамi статуi багоў. I на сiрынзе яны пачалi зноў iграць, як бы хацелi з салаўямi ў спевах паспрачацца; i тыя адклiкалiся з гушчарнiку i пакрысе ўдасканальвалi свае жальбы пра Iтыса, нiбы прыпамiналi сваю песню пасля доўгага маўчання.

13

Тут i там бляялi авечкi, тут i там падскоквалi ягняты i, залазячы пад маткi, ссалi вымя; за някотнымi авечкамi ганялiся бараны i, уздымаючыся на заднiя ногi, пакрывалi iх - адзiн адну, другi другую. Гэтак жа ганялiся казлы за козамi, скакалi ў нясцерпе вакол iх i змагалiся за коз; кожны меў сваiх i ахоўваў iх, каб нiякi iншы крадком не ўжыў з яго права.

Нават старых такое вiдовiшча пацягнула б да любоўных уцех, а Дафнiс i Хлоя - маладыя, поўныя здароўя i сiл, i ўжо доўгi час прагнулi кахання; палымнелi яны, чуючы ўсё гэта, знемагалi, бачачы ўсё гэта, i самi шукалi чагосьцi большага, чым пацалункi ды абдымкi, а найбольш Дафнiс. Бо, вядома, прасядзеўшы зiму ў хаце, нiчога не робячы, ён узмужнеў, i рваўся да пацалункаў, i ўспыхваў ад абдымкаў, i ва ўсiм зрабiўся больш гарачым i адважным.

14

Вось i пачаў ён прасiць Хлою, каб дазволiла яму ўсё, чаго ён хоча; голая з голым iм паляжала даўжэй, чым яны дагэтуль рабiлi; бо толькi гэта ўпушчана з Фiлетавых павучанняў, так што гэта якраз тыя адзiныя лекi, што iх каханне суцiшаюць.

Калi ж яна спыталася, што яшчэ ёсць больш, чым цалаванне, абдыманне i само ляжанне, i што ён будзе рабiць, калi будзе голы пры ёй голай ляжаць, ён сказаў: "Тое самае, што бараны робяць з авечкамi, а казлы з козамi. Хiба ты не бачыш, што пасля гэтага авечкi ад бараноў не ўцякаюць, а тыя не ганяюцца за iмi да стомы, а, ужыўшы супольнай асалоды, разам пасуцца; салодкая, як вiдаць, гэтая работа, i яна адольвае горыч кахання". - "Але хiба не бачыш ты, Дафнiс, што козы i казлы, а бараны i авечкi робяць гэта стоячы, як козы i авечкi таксама стоячы iх прымаюць, тыя ж на iх скачуць, яны ж носяць iх на спiне? А ты хочаш, каб я з табою ляжала ды яшчэ i голая? Да таго ж наколькi шчыльней шэрсць iх пакрывае, чым мяне мая вопратка". Паслухаўся Дафнiс, лёг пры ёй i ляжаў так доўгi час, але, не ўмеючы зрабiць тое, да чаго ён палка iмкнуўся, падняў яе i, абняўшы ззаду, прыцiснуўся да яе, пераймаючы казлоў. Але яшчэ больш збянтэжаны прысеў i заплакаў з таго, што ў каханнi ён яшчэ менш разбiраецца, чым бараны.

15

Меў ён суседа, што абрабляў уласную зямлю, на iмя Хромiс, лепшыя гады якога ўжо адышлi. Той узяў сабе жонку з горада, маладую, у самым росквiце, куды больш прывабную за вясковых; Лiкэнiён было ёй iмя. Бачачы, як штодня Дафнiс праганяў сваiх коз на пашу, а пад ноч з пашы, Лiкэнiён захацелася, прынадзiўшы яго падарункамi, зрабiць сваiм каханкам. I вось неяк, падпiльнаваўшы яго аднаго, яна падарыла яму сiрынгу, мёду ў сотах i пастухову торбу з аленевай шкуры. Але прызнацца яму пабаялася, бо заўважыла яго каханне да Хлоi: добра ж бачыла, як ён хiнецца да дзяўчыны. Спачатку яна здагадалася з iх кiўкоў галавою i з усмешак, а неяк аднаго ранку, сказаўшы Хромiсу, што нiбыта iдзе адведаць парадзiху суседку, пайшла за iмi назiркам, схавалася ў гушчарнiку, каб яе не ўбачылi, i ўчула ўсё, што яны казалi, i пабачыла ўсё, што яны рабiлi; не прайшло паўз яе i што плакаў Дафнiс. Спачуваючы няшчасным i рашыўшы, што гэта двойчы зручны момант - iх ад мук уратаваць, а заадно i сваю пажадлiвасць утаймаваць - прыдумала яна такую хiтрасць.

16

На другi дзень, нiбыта яна зноў выпраўляецца адведаць тую парадзiху, адкрыта iдзе да дуба, дзе сядзелi Дафнiс i Хлоя, i, спрытна ўдаючы перапалоханую, кажа: "Уратуй мяне, Дафнiс, няшчасную, бо з маiх дваццацi гусей арол украў найлепшага гусака, але ноша яго была надта цяжкая, не змог ён занесцi на звычайнае месца - на высокую скалу, а мусiў апусцiцца там, у нiзкiм ляску. Дык хадзi - заклiнаю нiмфамi i тым Панам! - са мною ў лес (адна я ж баюся), выратуй мне гусака, не дапусцi ўбытку ў чарадзе. Можа, i самога арла зможаш забiць, i ён не будзе ўжо без канца цягаць у вас ягнят i казлянят. А тым часам статак паглядзiць Хлоя; козы ж добра ведаюць яе, яна ж заўсёды з табою пасе iх".

17

Зусiм не здагадваючыся, што яго чакае, Дафнiс адразу ж падняўся, узяў пастуховы кiй i пайшоў за Лiкэнiён. Яна ж вяла яго як мага далей ад Хлоi; i, калi яны апынулiся ў найбольшым гушчары, яна сказала яму прысесцi паблiзу ручаiны i прамовiла: "Ты, Дафнiс, кахаеш Хлою; гэта я ўведала ўночы ад нiмфаў. У сне яны расказалi мне i пра твае ўчарашнiя слёзы i загадалi дапамагчы табе i навучыць цябе, што трэба рабiць. Але ж гэта не пацалункi, не абдымкi i не тое, што робяць бараны i казлы; iншыя гэта скачкi i нашмат саладзейшыя, чым у iх, i даўжэйшы час трывае асалода. Дык калi хочаш пазбавiцца свае бяды i зазнаць тыя ўцехi, якiх ты шукаеш, то хадзi, аддайся мне, будзь мiлым вучнем; я ж, каб дагадзiць тым нiмфам, навучу цябе гэтаму".

18

Дафнiс не мог утрымацца ад радасцi, праставаты казапас, да таго ж закаханы i малады, упаў ён да ног Лiкэнiён, молячы як мага хутчэй навучыць яго ўмельству зрабiць з Хлояю тое, што ён так хоча; i як бы яна мела навучыць яго нечаму вялiкаму i сапраўды ад бога спасланаму, ён абяцае ёй маладзенькае казляня, далiкатнага сыру з аднае смятанкi i нават казу. Знайшоўшы ў iм такую пастушыную шчодрасць, якой яна анi не чакала, Лiкэнiён пачала навучаць такiм спосабам: яна сказала, каб падсеў блiжэй да яе i цалаваў яе так часта i палка, як ён гэта звычайна робiць, i, цалуючы, заадно абняў яе i лёг долу. Калi ж ён прысеў, пацалаваў, прылёг да яе i яна адчула, што ён поўны сiлы для работы i гарыць жаданнем, яна прыпадняла яго, бо ён ляжаў на баку, спрытна падставiлася пад яго i навяла яго на дарогу, якую ён так доўга расшукваў; а там не спатрэбiлася мудраваць, сама прырода навучыла, што рабiць далей.

19

Як толькi Дафнiс закончыў навуку кахання, ён, усё яшчэ па-пастухоўску прастадушны, хацеў бегчы да Хлоi, каб тут жа зрабiць з ёю тое, чаму навучыўся, як быццам баяўся забыцца, калi прамарудзiць; але Лiкэнiён, затрымаўшы яго, сказала так: "Яшчэ вось што павiнен ты давучыць, Дафнiс. Я ж жанчына i нiякага болю цяпер не адчувала, бо даўно ўжо навучыў мяне гэтаму iншы мужчына, узяўшы ва ўзнагароду маё дзявоцтва. Хлоя ж, змагаючыся з табою ў гэтай сутычцы, будзе крычаць i плакаць i будзе ляжаць у крывi, нiбы забiтая. Але ты не бойся крывi, а, угаварыўшы яе аддацца табе, прывядзi яе на гэтае месца, дзе, калi яна i закрычыць, нiхто не пачуе i дзе, калi яна i заплача, нiхто не ўбачыць, а калi давядзецца ёй у кроў абрабiцца, то зможа ў гэтай ручаiне памыцца. I помнi, што я раней за Хлою мужчынам цябе зрабiла".

20

Пасля такiх павучанняў Лiкэнiён падалася ў другi бок лесу, нiбы ўсё яшчэ шукаючы гусака; а Дафнiс, абдумваючы яе словы, стрымаў сваё першае парыванне, баючыся вымагаць ад Хлоi нечага большага, чым пацалункi ды абдымкi, бо ён не хацеў, каб яна ад яго крычала, нiбы ад ворага, плакала ад болю i сплывала крывёю, нiбы яе забiваюць. Толькi ледзь падвучыўшыся, ён баяўся крывi i думаў, што толькi з раны кроў можа лiцца. I рашыўшы з ёю цешыцца звычайным спосабам, Дафнiс выйшаў з лесу; прыйшоўшы туды, дзе сядзела Хлоя, плетучы з фiялак вянок, ён схлусiў ёй, што вырваў гусака з арлiных кiпцюроў, i, абняўшы яе, пачаў цалаваць, як ён, цешачыся, рабiў з Лiкэнiён, бо гэта ж была дазволеная i бяспечная ўцеха. А яна надзела яму вянок на галаву i цалавала яго валасы, якiя здалiся ёй прыгажэйшымi за фiялкi. I дастаўшы са свае пастуховай торбы пляйстар сушанай садавiны i некалькi скiбак хлеба, дала яму падсiлкавацца; i калi ён еў, яна выхоплiвала ў яго з рота кавалачкi i глытала, як маленькае птушаня.

21

Калi яны так елi, а яшчэ больш цалавалiся, чым елi, то ўбачылi рыбацкi човен, што праплываў паўз iх. Ветру не было, мора было спакойнае, i даводзiлася веславаць. I рыбакi з усiх сiл працавалi вёсламi, бо спяшалiся прывезцi ў горад аднаму багацею толькi што злоўленую рыбу. I як гэта заўсёды робяць маракi, каб забыць пра стому, так рабiлi, вяслуючы, тыя. Адзiн з iх, задаючы тэмп, запяваў марскiя песнi, а рэшта, як хор, усе разам i ў лад падхоплiвала iх.

Пакуль яны так рабiлi ў адкрытым моры, песня замiрала, бо тоны яе гублялiся ў далёкай прасторы; але калi яны, аб'ехаўшы мыс, увайшлi ў глыбокую выгнутую паўмесяцам бухту, iх усклiкi чулiся мацней i бадзёрая песня выразней далятала да берага. Бо глыбокая цяснiна прылягала да раўнiны i, нiбы поласць флейты, прымаючы ў сябе гук, на кожны голас адгукалася рэхам - выразна чулiся i плёскат вёслаў, i галасы весляроў. Люба слухаць было гэта. Бо спярша далятаў гук з мора, i доўга, пасля таго, як ён замiраў, гучаў толькi водгалас з сушы, спыняючыся нагэтулькi пазней, наколькi ён i пазней пачынаўся.

22

Дафнiс, ведаючы ўсё гэта, сачыў толькi за морам i любаваўся, гледзячы, як карабель хутчэй за птушку пралятае паўз раўнiну, i стараўся нешта запомнiць з песень, каб сыграць пасля на сiрынзе. А Хлоя, якая тады ўпершыню пачула тое, што рэхам завецца, то глядзела на мора, дзе маракi ў такт вёслам спявалi, то, павярнуўшыся да лесу, шукала, хто ж iм адгукаецца. I калi тыя праплылi паўз яе i ў цяснiне запанавала цiша, яна спыталася ў Дафнiса, цi ёсць за мысам яшчэ мора, i цi праплыў там другi карабель, i цi не спявалi другiя маракi тую самую песню i ўсе ў адзiн час замоўклi. Усмiхнуўся пяшчотна Дафнiс, яшчэ пяшчотней пацалаваў Хлою i, усклаўшы на яе вянок з фiялак, пачаў расказваць ёй легенду пра Эхо, наперад выпрасiўшы ў яе яшчэ дзесяць пацалункаў у плату за аповяд.

23

"Род нiмфаў, мая любая, вялiкi: мэлii, дрыяды, гэлеi, усе красунi, усе пявуннi. Адна з iх мела дачку Эхо, смертную, бо ад смертнага бацькi, прыгожую, бо ад прыгожае маткi. Нiмфы яе ўзгадавалi, музы яе на сiрынзе, на дудцы iграць навучылi, пад лiру, пад кiфару ўсялякiя песнi спяваць, так што, увабраўшыся ў дзявочую красу, з нiмфамi яна танцавала, з музамi спявала. Але ад усiх мужчын уцякала - i людзей, i багоў, любячы сваё дзявоцтва. Зазлаваў на дзяўчыну Пан, зайздросцячы яе спевам, намарна прагнучы яе красы, спаслаў вар'яцтва на пастухоў авечак i коз. I гэтыя, як сабакi цi ваўкi, разрываюць i па ўсёй зямлi раскiдаюць яе часткi, якiя яшчэ ўсё спяваюць. Зямля з ласкi да нiмфаў пахавала ўсе гэтыя часткi. А ўмельства гучання зберагла i з волi муз падае голас i ўсё пераймае, як некалi дзяўчына: багоў, людзей, музычныя iнструменты, звяроў; нават iгру на сiрынзе самога Пана пераймае. А ён, пачуўшы гэта, ускоквае i ганяецца па гарах, не так хочучы злавiць, як даведацца, хто ж гэта за таямнiчы вучань".

Калi Дафнiс расказаў гэтую легенду, Хлоя не дзесяць, а безлiч разоў пацалавала яго, бо амаль тое ж за iм паўтарала Эхо, нiбы сведчачы, што ён анi не салгаў.

24

З кожным днём сонца больш прыгравала, бо вясна канчалася, пачыналася лета, i зноў прыйшлi да iх новыя летнiя радасцi. Ён плаваў у рэках, Хлоя купалася ў ручаiнах; ён iграў на сiрынзе наўзахапкi з пошумам хвойкi, яна ж спявала навыперадкi з салаўямi. Яны ганялiся за стракатлiвымi цвыркунамi, лавiлi звонкiх цыкад, збiралi кветкi, абтрасалi дрэвы, елi плады. Урэшце клалiся разам голыя, накрыўшыся адною казлiнаю шкураю. I Хлоя лёгка стала б жанчынаю, калi б Дафнiса не бянтэжыла кроў. Праўда, баючыся, каб не страцiць калi-небудзь улады над сабою, ён не дазваляў Хлоi раздзявацца дагала; Хлою ж гэта дзiвiла, але яна саромелася спытацца чаму.

25

У гэтае лета да Хлоi заляцалася шмат хлопцаў, i з розных месцаў прыходзiла шмат народу да Дрыяса сватаць яе; адны прыносiлi падарункi, другiя - вялiкiя абяцанкi. Напэ, падахвочаная спадзеўкамi, раiла яму выдаць Хлою i не трымаць далей дома такую дарослую дзяўчыну, якая, пасучы, можа не сёння-заўтра страцiць сваё дзявоцтва, узяўшы сабе мужам якога з пастухоў за некалькi яблыкаў цi ружаў; лепей жа зрабiць яе сапраўднаю гаспадыняю дома, а вялiкiя падарункi самiм узяць i зберагчы для свайго ўлюбёнага роднага сына (якраз незадоўга перад тым у iх нарадзiўся хлопчык). Часам Дрыяс пагаджаўся з гэтымi гаворкамi, бо кожны залётнiк абяцаў большыя падарункi, чым можна было ўзяць за дачку пастуха; а часам ён зноў пачынаў думаць, што дзяўчына вартая лепшага мужа, чым сялянскiя хлопцы, i што калi б яна некалi знайшла сваiх сапраўдных бацькоў, то абагацiла б i ашчаслiвiла i яго i жонку; i марудзiў з адказам, адкладаючы яго з дня на дзень, тым часам збiраючы нiштавата падарункаў.

Хлоя, даведаўшыся пра гэта, цяжка зажурылася, але доўгi час не казала Дафнiсу, не хочучы яго засмучаць; калi ж ён пачаў прыставаць i распытваць, што здарылася, i яшчэ больш засмуцiўся ад няведання, чым бы ад ведання, яна яму ўсё расказала: што шмат залётнiкаў сватаецца да яе i якiя яны багатыя, пра ўгаворы Напэ, якая прыспешвае вяселле, пра Дрыяса, якi не адмовiў нiкому, але адклаў усё да збору вiнаграду.

26

Сам не свой зрабiўся Дафнiс ад гэтага, i, сеўшы, заплакаў, i казаў, што памрэ, калi Хлоя не будзе з iм больш пасвiць; i не толькi ён адзiн, але разам з iм i авечкi без такое пастушкi. Пасля, сабраўшыся з духам, ён трохi суцешыўся i надумаў угаварыць яе бацьку, палiчыўшы i сябе сярод залётнiкаў i спадзеючыся, што возьме верх над iмi. Толькi адно турбавала - Ламан не быў багаты, i гэта адно аслабляла яго надзею. Але ён наважыў сватацца, i Хлоя згадзiлася з гэтым. Ламану ён не адважыўся сказаць, Мiртале ж даверыўся адкрыць сваё каханне i пра шлюб слоўца ўкiнуў; а яна ўночы расказала пра гэта Ламану. Той сурова сустрэў прапанову i пачаў папракаць, што яна хоча з дачкою простых пастухоў звесцi хлопца, якому прыкметныя знакi абяцаюць багатую долю; бо, калi ён сваiх сапраўдных бацькоў знойдзе, зробiць iх вольнымi i дасць iм куды большыя надзелы зямлi. Мiртала ж, баючыся, каб Дафнiс, зусiм страцiўшы надзею на шлюб, з-за кахання не рашыўся зрабiць чаго над сабою, падала яму зусiм iншыя прычыны адмовы. "Мы, дзiцятка, бедныя людзi, i нам трэба нявестку, якая сама прынясла б чым болей у хату; яны ж багатыя i хочуць багатых зяцёў. Iдзi ж, угавары Хлою, хай яна пераканае свайго бацьку, каб ён не вымагаў шмат i выдаў яе за цябе. Бо напэўна яна цябе кахае i ёй хочацца лепш спаць з прыгожым, хоць бедным, хлопцам, чым з багатаю малпаю".

27

Мiртала, якая нiколi не спадзявалася, што Дрыяс дасць згоду - меў жа ён багацейшых залётнiкаў, - думала, што знайшла найлепшую адгаворку, каб унiкнуць шлюбу; Дафнiс не мог адкiнуць яе словы. Бачачы, як далёка ён ад сваiх спадзяванняў, рабiў тое, што звычайна робяць няшчасныя закаханыя: плакаў i зноў клiкаў нiмфаў на дапамогу. I ўночы, калi ён спаў, яны з'явiлiся ў сне ў тым самым аблiччы, як i мiнулы раз, i зноў загаварыла старэйшая: "Пра Хлоiн шлюб дбае iншы бог; мы ж дамо табе падарункi, якiмi задобрыш Дрыяса. Карабель маладых метымнейцаў, лазовую вiтку якога некалi з'елi твае козы, у той дзень ветрам адагнала далёка ад зямлi; але ўночы, калi з адкрытага мора наляцела бура i яно ўсхадзiлася, карабель выкiнула на скалы гэтага мыса. Сам карабель i шмат чаго ў iм загiнула; але гаманец з трыма тысячамi драхмаў, выкiнуты хваляю на бераг, ляжыць там i цяпер, прыкрыты марскою травою побач з мёртвым дэльфiнам, i нiхто з падарожных не падыходзiць да таго месца, унiкаючы смуроду гнiлiзны. Але ты падыдзi, i, падышоўшы, вазьмi, i, узяўшы, дай. Гэтага на разе табе досыць, каб не здацца бедным; а з часам ты станеш i сапраўды багатым".

28

Гэта сказаўшы, яны знiклi разам з ноччу. Калi ж заняўся дзень, Дафнiс, узрадаваны, ускочыў i, голасна насвiстваючы, пагнаў сваiх коз на пашу; пацалаваў Хлою i, ушанаваўшы нiмфаў, пабег да мора, нiбы хочучы абмыцца; i там на пяску, поблiз прыбою, хадзiў ён, шукаючы тыя тры тысячы. Не шмат давялося прыкласцi клопату, бо неўзабаве дайшоў да яго нядобры пах дэльфiна, якi ляжаў там i гнiў; гэты смурод падлы i паказаў яму дарогу, ён пабег проста туды i, разгробшы водарасцi, знайшоў гаманец, набiты серабром. Падняўшы яго i паклаўшы ў сваю пастухову торбу, не адышоў, аднак, пакуль удзячна не памалiўся нiмфам i мору; бо хоць i быў пастух, але мора ўжо здавалася яму мiлейшым, чым зямля, бо яно спрыяла яму ў шлюбе з Хлояй.

29

З трыма тысячамi драхмаў ён больш не марудзiў, лiчачы сябе найбагацейшым чалавекам на свеце, а не толькi сярод тамтэйшых сялян, - тут жа прыбягае да Хлоi i расказвае ёй сон, паказвае гаманец, просiць яе папiльнаваць статак, пакуль ён не вернецца, i як мага iмчыцца да Дрыяса. Знайшоўшы яго на таку, дзе той з Напэ малацiў пшанiцу, ён з усёй адвагаю кiдаецца ў гаворку пра шлюб: "Дай мне Хлою за жонку. Я ўмею на сiрынзе прыгожа iграць, i вiнаградныя лозы падразаць, i дрэвы саджаць. Умею зямлю араць i веяць збожжа на ветры. А як статак пасу - Хлоя сведкаю. Узяўшы пяцьдзесят коз, я падвоiў лiк iх; я выгадаваў вялiкiх i прыгожых казлоў; а раней мы чужымi казламi сваiх коз пакрывалi. Да таго ж я малады i сусед вам што трэба: а выкармiла мяне каза, як i Хлою - авечка. Пераважаючы ва ўсiм гэтым над iншымi, я не ўступлю i ў падарунках. Даюць яны коз i авечак, пару шалудзiвых валоў, збожжа, што i курэй не выстачыць пракармiць; а ад мяне - вось вам тры тысячы драхмаў. Толькi няхай нiхто не ведае, нават Ламан, мой бацька". З гэтымi словамi ён даў грошы, абняўшы, пацалаваў яго.

30

Яны ж, убачыўшы неспадзявана гэтулькi грошай, тут жа паабяцалi выдаць за яго Хлою i ўгаварыць Ламана. Напэ асталася з Дафнiсам ганяць валоў наўкол току i выбiваць малацiльнымi дошкамi калоссе; а Дрыяс, схаваўшы гаманец туды ж, дзе ляжалi Хлоiны прыкметныя знакi, хутка пабег да Ламана i Мiрталы, каб - яшчэ такога не бывала - сватаць iх сына. Знайшоў ён iх, калi тыя мералi толькi што правеяны ячмень i былi вельмi зажураныя, бо ўраджай быў цi не меншы, чым пасеяна; на гэта ён iх суцешыў, што скрозь чуваць тыя самыя скаргi; а пасля пачаў прасiць выдаць Дафнiса за Хлою i сказаў, што хоць шмат даюць другiя, але ён ад iх нiчога не возьме, а хацеў бы яшчэ i са сваiх прыпасаў iм дадаць; яны адно з адным гадавалiся i, разам пасучы, павязаны такою дружбаю, якую нялёгка разарваць, i тыя гады, каб iм адно з адным спаць. Гэта i яшчэ шмат чаго казаў ён, бо ўзнагародаю, каб угаварыў iх, меў тры тысячы. А Ламан, якi не мог ужо выставiць за прычыну нi сваю беднасць, бо тыя ж перад iмi не задавалiся, нi Дафнiсавы гады - ён ужо ж дзяцюк, а сапраўднай прычыны, што Дафнiсу суджаны лепшы, чым гэты, шлюб, не выказаў; памаўчаўшы трошкi, ён так адказаў:

31

"Вы справядлiва робiце, аддаючы перавагу суседзям перад чужымi i не ставячы багацце вышэй за сумленную беднасць. Хай будуць за гэта спагадлiвыя да вас Пан i нiмфы! Я i сам спяшаюся з гэтым вяселлем; бо быў бы вар'ятам, калi б я, стары чалавек, якому ўжо неўзабаве для работы трэба будуць больш спрытныя рукi, не палiчыў бы за вялiкае дабро параднiцца з вашым домам; кожны б Хлою хацеў, прыгожая, мiлая дзяўчына, спрытная ва ўсiм. Але я раб i нi над чым, што маю, не гаспадар; трэба, каб мой пан уведаў пра гэта i даў згоду. Давайма адкладзём вяселле на восень. Тады i сам ён тут будзе, як кажуць людзi, што з горада прыходзяць да нас. Тады яны стануць мужам i жонкаю. Цяпер жа хай любяць адно аднаго, як брат i сястра. Толькi ведай, Дрыяс, вось што: дамагаешся ты хлопца, якi стаiць вышэй, чым мы". Сказаўшы гэта, пацалаваў яго i даў яму папiць, бо быў полудзень - самая спёка, i, усяляк ушаноўваючы, правёў яго ў дарогу.

32

Але Дрыяс не пусцiў паўз вушы апошнiх Ламанавых слоў i, iдучы дадому, даўся ў думкi, хто ж такi Дафнiс. "Яго выкармiла каза, значыць, багi дбаюць пра яго; ён прыгожы i анi не падобны нi да гэтага кiрпатага старога, нi да яго лысай жонкi. А мае ж ён тры тысячы, гэтулькi i грушак-дзiчак у казапаса звычайна не бывае. Можа, i яго падкiнулi, як Хлою? Можа, i яго знайшоў Ламан, як я яе? Можа, i пры iм ляжалi прыкметныя знакi, падобныя да тых, што знойдзены мною? Калi гэта было так, о ўладны Пане, i вы, любыя нiмфы, тады, можа, калi ён знойдзе сваiх, што-небудзь выйдзе на свет з Хлоiнай таямнiцы?" Так ён думаў i мроiў сам сабе, аж пакуль не дайшоў да току; прыйшоўшы туды i ўбачыўшы Дафнiса, якi напружана чакаў, што ж давядзецца пачуць, падбадзёрыў яго, назваўшы яго зяцем i паабяцаўшы ўвосень справiць вяселле, i падаў яму правую руку ў знак таго, што Хлоя не будзе належаць нiкому, апроч Дафнiса.

33

Хутчэй чым думка, не пiўшы, не еўшы, пабег да Хлоi; знайшоўшы яе - яна якраз даiла i рабiла сыры, сказаў ёй радасную вестку пра вяселле i як бы жонку ўжо, не тоячыся, пацалаваў i разам рабiў усю работу. Даiў малако ў даёнкi, укладаў сыры ў пляцёнкi, каб сушылiся; падводзiў ягнят i казлянят пад маткi. Калi ўсё як мае быць было пароблена, яны памылiся, паелi, папiлi i пайшлi шукаць спелых пладоў. Iх было мноства ў гэтую ўсёдайную пару года: шмат грушак, дзiкiх i садовых, шмат яблык, адны пападалi долу ўжо, другiя былi яшчэ на дрэвах; тыя, што на зямлi, больш духмяныя, тыя, што на голлi, больш румяныя; адны пахлi, як вiно, а другiя блiшчалi, як золата. Адна яблыня была абабраная: нi пладоў на ёй, нi лiсця - усе галiнкi голыя. Толькi ў самым версе гайдаўся адзiнюткi яблык - вялiкi, прыгожы, сваёй духмянасцю ўсе iншыя перабiваў. Збiраючы, нехта пабаяўся лезцi высока i не парупiўся яго зняць, а можа, збярог для закаханага пастуха.

34

Як толькi Дафнiс убачыў гэты яблык, тут жа падышоў, узлез, каб зняць яго, не зважаючы, што Хлоя пярэчыла яму. Зазлаваўшы, што ён яе не слухае, яна пабегла да статкаў; Дафнiс жа хутка ўзлез, каб дастаць яблык, прынёс дарунак Хлоi i прамовiў такiя словы да гняўлiвай: "Дзяўчынка! Гэты яблык прыгожыя Горы ўзрадзiлi, прыгожае дрэва яго жывiла, сонца спялiла, а Доля яго ацалiла. Я не мог, маючы вочы, пакiнуць яго, каб ён долу ўпаў i каб статак, пасучыся, яго растаптаў, цi паўзун-гад атруцiў, цi час там яго зглумiў; яго, якiм толькi любавацца ды захапляцца. Такi яблык Афрадыта ва ўзнагароду за красу атрымала, гэты - я табе даю ў знак твае перамогi. I суддзi вашы падобныя: той жа быў пастух авечак, а я казапас".

Гэта сказаўшы, паклаў ён яблык у складкi адзення на грудзях; i калi ён падышоў блiзка, яна пацалавала яго, так што Дафнiс анi не каяўся, што так адважна лез на гэтую вышыню: бо атрымаў ён даражэйшае, чым нават залаты яблык, - пацалунак.

КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

1

З Мiтылены прыйшоў раб, якi належаў таму гаспадару, што i Ламан, i прынёс вестку, што незадоўга да збору вiнаграду прыедзе iх гаспадар, каб паглядзець, цi не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.

Лета ўжо канчалася, наблiжалася восень, i Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысцiў крынiцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкi дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.

2

А сад быў надзiва прыгожы, нiбы царскi. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокiм месцы, маючы чатыры плетры ўшыркi. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякiх парод былi тут: яблынi, мiрты, грушы i гранаты, а таксама фiгi i алiвы; а ў другiм месцы высокiя вiнаградныя лозы абвiвалi яблынi i грушы, чарнеючы гронкамi, нiбы спрачаючыся з пладамi; гэта былi садовыя дрэвы. Але i былi кiпарысы i лаўры, платаны i хвойкi. Усе iх замест вiнаграднай лазы абвiваў плюшч, i яго вялiкiя чорныя пучкi нагадвалi вiнаградныя гронкi. Пладовыя дрэвы стаялi ўсярэдзiне, нiбы пад аховаю: iх абступалi непладовыя, нiбы агароджа, зробленая рукамi людзей; а ўсё разам аточваў нiзенькi мур. Усё было акуратна падзелена i размерана, i дрэвы раслi роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лiсце; так што створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былi i градкi кветак; адны ўзрасцiла самасеем зямля, другiя - умельства; кусты руж, гiяцынты i лiлеi - з працы рук, фiялкi, нарцысы, гусiныя лапкi зрадзiла зямля. Улетку тут быў цень, увесну кветкi, увосень - плады, i на ўсякую пару свая раскоша.

3

Адсюль адсланяўся шырокi вiд на раўнiну i можна было згледзець пастухоў, якiя пасвiлi жывёлу; адсюль адсланяўся i прыгожы вiд на мора i можна было ўбачыць, як праплывалi караблi; так што i гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзiне па даўжынi i шырынi яго стаяла каплiца Дыянiса i ахвярнiк; ён абвiваўся плюшчом, каплiца - вiнаграднай лазою. Усярэдзiне каплiцы былi намаляваны карцiны з жыцця Дыянiса: роды Семелы, сон Арыядны, Лiкург скаваны, Пентэй разарваны. Былi i пераможаныя iндыйцы i тырэнцы, перакiнутыя ў дэльфiнаў; усюды сатыры вiнаград тапталi, усюды вакханкi танцавалi. Не абмiнулi i Пана: сядзеў на скале, iграючы на сiрынзе як бы агульную песню i для тых, што вiнаград тапталi, i для тых, што танцавалi.

4

Гэты сад старанна даглядаў Ламан, сухое голле падразаў, вiнаградныя лозы падвязваў. Дыянiса ён упрыгожыў вянкамi; да кветак правёў ваду. Была там крынiца, якую знайшоў для кветак Дафнiс. Гэтая крынiца хоць служыла кветкам, усё ж называлi яе Дафнiсавай крынiцаю. Ламан загадаў Дафнiсу, каб ён як мага лепш адкармiў коз, бо гаспадар, сказаў ён, абавязкова захоча пабачыць iх, прыехаўшы пасля доўгай адлучкi. Але Дафнiс быў упэўнены, што i так яго пахваляць за коз, бо лiк iх, як ён iх узяў, падвоiўся; i воўк нiводнае не ўхапiў, i былi яны тлусцейшыя за авечак; але каб гаспадар ахватней згадзiўся на яго шлюб, усё старанне i руплiвасць скiраваў на статак, выганяючы яго, ледзь на золак займала, i прыганяючы позна ўвечары. Два разы вадзiў на вадапой, расшукваў найлепшыя пашы ў тутэйшых мясцiнах. Парупiўся i пра мiсы, каб былi новыя, i каб даёнак было шмат, i большыя пляцёнкi для сушэння сыроў. Яго дбайнасць да таго дайшла, што i рогi алеем намазваў i воўну расчэсваў. Можна было падумаць, што бачыш святы Панаў статак. Ва ўсёй гэтай рабоце яму дапамагала i Хлоя; занядбаўшы сваю ўласную атару, яна праводзiла больш часу каля яго коз, так што Дафнiс думаў, што толькi з-за яе яны так цудоўна выглядаюць.

5

Калi яны былi так занятыя, з горада прыйшоў другi пасланец з наказам як найхутчэй збiраць вiнаград; i сам, казаў ён, тут астанецца, пакуль з вiнаградных гронак не наробяць сусла, а пасля ён вернецца ў горад, каб прывезцi з сабою гаспадара ўжо на заканчэнне збору вiнаграду. Гэтага Эўдрама так называлi яго, бо бегаць i была яго работа, - прынялi як толькi маглi i зараз жа пачалi збiраць вiнаград, насiць гронкi ў нацiсi, сусла злiваць у бочкi, а найлепшыя з вiнаградных гронак зразалi разам з лазою, каб тыя, што прыедуць з горада, мелi ўяву пра ўраджай i ад яго асалоду.

6

Калi Эўдрам ужо збiраўся вярнуцца ў горад, даў яму Дафнiс нямала; а даў яму гасцiнцаў, на што i стаць было казапасу: добра адцiснутыя сыры, маладзенькае казляня, казлiную шкуру з белаю густою воўнаю, каб узiмку, бегучы, на сябе накiнуць. Эўдрам узрадаваўся, пацалаваў Дафнiса i паабяцаў, што скажа гаспадару толькi добрае пра яго. Так ён адышоў у прыязным настроi; а Дафнiс у неспакоi пасвiў далей разам з Хлояю чароды. Ды i яна мела шмат страху: падлетак, якi дагэтуль звык бачыць толькi коз, горы, сялян, Хлою, павiнен быў упершыню ўбачыць гаспадара, толькi iмя якога ён чуў раней. Таму яна i турбавалася за Дафнiса, як ён сустрэнецца з гаспадаром, i пра шлюб душа яе непакоiлася, цi не дарэмна мрояць яны аб iм. I ўвесь час яны цалавалiся i абдымалiся так цесна, нiбы зраслiся; але пацалункi ў iх былi баязлiвыя i абдымкi сумныя, нiбы ўжо гаспадар быў тут, i яны са страху павiнны былi ад яго хавацца. А да гэтага надарылася iм яшчэ i такая бяда.

7

Быў там Лампiс, грубы валапас. Ён таксама сватаў Хлою ў Дрыяса i ўжо шмат падарункаў прынёс, каб прыспешыць вяселле. Але даведаўшыся, што Дафнiс ажэнiцца з ёю, калi ўладар дазволiць, ён пачаў шукаць спосабу, каб разгневаць супроць iх гаспадара; ведаючы, што таго вельмi радуе сад, надумаў ён як мага яго знiшчыць i знявечыць. Калi ссекчы дрэвы, то выдасць стук i яго зловяць; таму надумаўся ён спляжыць кветкi. Ён дачакаўся ночы, пералез цераз агароджу i адны з iх вырваў, другiя - паламаў, а рэшту растаптаў, як свiння. I непрыкметна ўцёк.

Назаўтра ранiцаю прыйшоў Ламан у сад, каб палiць кветкi вадою з крынiцы. Убачыўшы такое спусташэнне ўсяе мясцiны - работа не грабежнiка, а толькi ворага! - ён тут жа разарваў свой кароценькi хiтон i моцным крыкам пачаў клiкаць багоў; так што Мiртала, кiнуўшы тое, што мела ў руках, выбегла з хаты, i Дафнiс, якi толькi што выгнаў коз, прыбег; убачыўшы, яны закрычалi, а закрычаўшы, заплакалi.

8

Хоць жальбою кветкам не паможаш, але яны плакалi са страху перад гаспадаром; i чужы б хто, трапiўшы сюды, заплакаў, бо гэтая мясцiна была збэшчаная, а ўся зямля збiтая ў гразь. А тыя з кветак, што ўцалелi ад руйнавання, i далей цвiлi i зiхацелi i былi ўсё яшчэ прыгожыя, нават палеглыя на зямлю. I ўсё яшчэ садзiлiся на iх пчолы i няспынна гулi, як бы яны аплаквалi iх. А Ламан у роспачы ўсклiкаў: "Бяда гэтым кустам ружаў! Як iх паламалi! Бяда градкам фiялак! Як iх здратавалi! Бяда гiяцынтам i нарцысам! Што за нягодны чалавек вырваў iх! Вернецца вясна, а яны не распусцяцца; будзе лета, а яны красавацца не будуць; увосень нiкога яны вянком не прыбяруць. I ты ж, уладару Дыянiсе, не злiтаваўся над няшчаснымi кветкамi, сярод якiх ты жывеш, на якiя ты глядзiш, з якiх часта я табе вянкi плёў i цешыўся iмi? Як, як пакажу цяпер гэты сад гаспадару? Што ён скажа, калi гэта ўбачыць? Загадае павесiць мяне, старога чалавека, на першай хвойцы, як Марсiя; а можа, i Дафнiса, думаючы, нiбыта яго козы гэта зрабiлi".

9

Яшчэ гарачэйшыя слёзы пры гэтым палiлiся, i не кветкi аплаквалi яны, а самiх сябе. I Хлоя аплаквала Дафнiса, як бы яго ўжо мелiся павесiць, i малiлася, каб уладар не прыязджаў, i перажывала цяжкiя днi, нiбы ўжо бачыла, як лупцуюць Дафнiса. I калi ўжо ноч надышла, Эўдрам прынёс вестку, што старэйшы гаспадар прыедзе праз тры днi, а яго сын будзе заўтра. Яны зноў пачалi разважаць над тым, што адбылося, i, падзялiўшыся сваiмi страхамi з Эўдрамам, папрасiлi ў яго рады; ён, спагадаючы Дафнiсу, параiў расказаць усё маладому гаспадару i абяцаў iм сваю дапамогу пры гэтым, бо як малочны брат быў у яго ў пашане. I калi надышоў дзень, яны так i зрабiлi.

10

Астыл прыехаў конна, i з iм яго парасiт, таксама конна. У Астыла быў першы пушок на падбародку, а Гнатан - так звалi нахлебнiка - даўно ўжо галiў бараду. Ламан з Мiрталаю i Дафнiсам, прыпаўшы да ног маладога гаспадара, прасiлi паспагадаць няшчаснаму старому i адвесцi ад яго, нi ў чым не вiнаватага, гнеў свайго бацькi; i Ламан тут жа расказаў яму ўсё. Паспагадаў просьбе Астыл, пайшоў у сад i, убачыўшы панiшчаныя кветкi, паабяцаў iм, што сам папросiць бацьку дараваць i зверне вiну на коней: нiбыта яны, прывязаныя там, разгуляўшыся, сарвалiся з прывязi, адны кветкi паламалi, другiя - здратавалi, трэцiя - збiлi. За гэта Ламан i Мiртала пажадалi яму ўсялякага дабра, а Дафнiс прынёс гасцiнцы: казлянят, сыры, птушак з птушанятамi, гронкi вiнаграду на лозах, яблыкi на галiнках. Сярод гэтых гасцiнцаў было i духмянае лесбаскае вiно, з усiх мацункаў найлепшае.

11

Астыл пахвалiў гасцiнцы i пайшоў паляваць на зайцоў, бо дзяцюк ён быў багаты, жыў заўсёды ў раскошы i прыехаў у вёску, каб зазнаць адменнай уцехi. Гнатан жа, чалавек, якi ўмеў толькi есцi ды пiць, абы набрацца, а набраўшыся, распуснiчаць, i ў якога толькi i было ўсяго што губа, чэрава ды тое, што пад чэравам, старанна разгледзеў Дафнiса, калi той прынёс свае гасцiнцы, i, схiльны ад прыроды да хлопцаў, знайшоўшы красу, якой i ў горадзе не знайсцi, надумаў узяцца за Дафнiса, спадзеючыся лёгка ўгаварыць гэтага казапаса.

Наважыўшыся так, ён пайшоў не з Астылам на паляванне, а туды, дзе пасвiў Дафнiс, кажучы, што хоча коз паглядзець, а напраўду - Дафнiсам палюбавацца. I, каб расчулiць, ён хвалiў яго коз, папрасiў яго сыграць на сiрынзе пастушыную песню i сказаў, што ён хутка даб'ецца для Дафнiса волi, бо ўсё можа зрабiць.

12

Гнатан, убачыўшы, што прыручыў хлопца, падпiльнаваў яго ўночы, калi ён гнаў з пашы коз, i, падбегшы, спярша пацалаваў, а потым папрасiў, каб той дазволiў яму ззаду тое, што козы дазваляюць сваiм казлам. Доўга не мог уцямiць Дафнiс i нарэшце адказаў, што ён добра ведае, як казлы скачуць на коз, але нiхто нiколi не бачыў, каб казёл ускокваў на казла, а баран замест авечкi - на барана, нi пеўнi замест курэй на пеўняў, тады Гнатан, пусцiўшы ў ход рукi, хацеў узяць яго гвалтам. Але Дафнiс штурхнуў п'янага, якi ледзь трымаўся на нагах, павалiў на зямлю i ўцёк, як алянятка, пакiнуўшы там ляжаць таго, каго весцi дадому пад руку мог мужчына, а не хлопчык.

Больш Дафнiс увогуле з iм не вадзiўся i пасвiў сваiх коз то тут, то там, унiкаў Гнатана, ахоўваючы сваю Хлою. Ды i Гнатан больш не лез да яго, ведаючы, што той не толькi прыгожы, але i дужы. Чакаў толькi зручнага моманту, каб пагаварыць пра яго с Астылам, i спадзяваўся атрымаць яго ў падарунак ад дзецюка, якi любiў адорваць часта i шчодра.

13

Але тады нiчога не выпадала зрабiць, бо прыехаў Дыянiсафан разам з Клеарыстаю, i скрозь чуўся вялiкi галас цягла, службы, мужчын, жанок. Аднак пасля ўсяго склаў доўгую любоўную прамову.

Дыянiсафан хоць ужо i быў напалову сiвы, але быў высокi i прыгожы i мог бы яшчэ пазмагацца з маладымi, да таго ж багаты, як мала хто, i сумленны, як нiхто. Прыехаўшы, ён у першы ж дзень прынёс ахвяры багам, апекунам палёў Дэметры, Дыянiсу, Пану, нiмфам, а ўсiм, хто быў там, паставiў кратэр вiна. У наступныя днi ён аглядваў Ламанаву гаспадарку. Убачыўшы палi ў барознах, гронкi на лозах, сад у цэлай красе - за кветкi Астыл узяў вiну на сябе, - ён вельмi ўсцешыўся, пахвалiў Ламана i паабяцаў адпусцiць яго на волю. Пасля гэтага пайшоў на казiную пашу, каб паглядзець i коз, i таго, хто iх пасвiў.

14

Хлоя, засаромеўшыся i спалохаўшыся такога гурту людзей, уцякла ў лес, а Дафнiс стаяў там, апяразаны калматаю казлiнаю шкураю, з толькi што пашытаю пастуховаю торбаю цераз плячо, у руцэ адной трымаў свежы сыр, другою прытрымлiваў малочных казлянятак; калi Апалон некалi, служачы Лаамеданту, пасвiў быкоў, ён быў такi самы, як тады выглядаў Дафнiс. Ён нiчога не казаў, а толькi, пачырванеўшы, апусцiў вочы, перадаючы гасцiнцы; а Ламан сказаў: "Гэта, уладару, пастух тваiх коз. Ты мне перадаў пасвiць пяцьдзесят коз i двух казлоў, а гэты выхадзiў табе сто коз i дзесяць казлоў. Бачыш, якiя тлустыя, з густою воўнаю, i рогi ў iх не зламаныя. Ён прывучаў iх да музыкi; пачуўшы сiрынгу, яны робяць усё, што трэба".

15

Клеарыста, якая была пры гэтай гаворцы, захацела ўбачыць тое, што ён казаў, i загадала Дафнiсу, каб зайграў сваiм козам, як гэта ён звычайна робiць, i паабяцала за iгру хiтон, хламiду i сандалi. Ён пасадзiў iх, як у тэатры, стаў пад букам, выняў з торбы сiрынгу i найперш злёгку дзьмухнуў: козы пасталi i паднялi галавы. Пасля ён зайграў "на пашу": i козы пасвiлiся, апусцiўшы ўнiз галовы; далей ён выдаў мяккiя тоны: козы, сабраўшыся, паляглi. I вось зайграў пранiзлiвы напеў: козы, нiбы да iх наблiжаўся воўк, уцяклi ў лес. Праз хвiлiну ён выдаў поклiчны напеў: выбраўшыся з лесу, яны збеглiся каля яго ног. Нiколi не ўбачыш рабоў, каб яны так слухалiся гаспадара. Усе дзiву далiся, а больш за ўсiх Клеарыста, яна паклялася аддаць тыя падарункi пастуху - прыгажуну i да таго ж музыку. Вярнуўшыся ў двор, селi снедаць i Дафнiсу таксама са свае яды паслалi.

Ён еў разам з Хлояй, смакуючы гарадскiя стравы, i быў у добрай надзеi выпрасiць у гаспадара дазвол на шлюб.

16

А Гнатан, пабачыўшы праяву з козамi, толькi яшчэ больш распалiўся пажадлiвасцю, уважаючы, што яго жыццё не жыццё, калi не даможацца Дафнiса. Прыпiльнаваўшы, калi Астыл праходжваўся ў садзе, завёў яго ў каплiцу Дыянiса i пачаў цалаваць яму ногi i рукi. Калi Астыл запытаўся, навошта ён гэта робiць, i загадаў яму расказаць, пакляўшыся дапамагчы, той сказаў: "Гiне твой Гнатан, о ўладару! Ён, якi дагэтуль толькi твой стол любiў; ён, якi некалi кляўся, што няма нiчога лепшага за старое вiно, ён, хто цанiў тваiх кухараў вышэй за ўсiх мiтыленскiх дзецюкоў, цяпер толькi Дафнiса ўважае прыгожым. Я не адведаю нiводнай дарагой стравы, хоць бы колькi нi рыхтавалi кожнага дня мяса, цi рыбы, цi мядовых коржыкаў, а ахвотна зрабiўшыся казою, еў бы траву, лiсце, слухаючы Дафнiсаву сiрынгу, пасучыся пад яго наглядам. Уратуй свайго Гнатана i адолей неадольнага Эраса. Калi ж не, то, клянуся табе маiм богам, узяўшы нож i напоўнiўшы ўдосталь сваё чэрава ядою, я заб'ю сябе самога перад Дафнiсавымi дзвярыма: ты нiколi больш не назавеш мяне сваiм Гнатонiкам, як ты заўсёды меў звычку жартам называць".

17

Тут ён так заплакаў i зноў пачаў цалаваць ногi дзецюку, якi быў i велiкадушны i не быў ужо недасведчаны ў муках кахання, а таму i не мог адмовiць i паабяцаў у свайго бацькi выпрасiць Дафнiса i ўзяць яго ў горад слугою сабе, а каханкам Гнатану. I каб вярнуць вясёлы настрой таму, ён, пасмiхаючыся, спытаўся ў яго, цi не саромеецца ён кахаць Ламанавага сына i так хацець легчы з хлопцам, што пасе козы; i пры гэтым зрабiў мiну, што яго гiдзiць казлiны смурод. Але Гнатан, якi ў застоллях распуснiкаў вывучыўся ўсялякаму любоўнаму пустаслоўю, не без трапнасцi сказаў пра сябе i пра Дафнiса: "Нiводнага закаханага, мой уладару, гэта не абыходзiць: у якой бы постацi ён нi знайшоў красу, ён у яе палоне. Праз гэта не адзiн кахае раслiну, раку, дзiкага звера. А, мiж iншым, хто не паспагадае закаханаму, якi мае баяцца каханага? Я люблю цела раба, але красу - вольнага. Цi бачыш, як гiяцынты, яго кудзеры, з-пад броваў вочы блiшчаць, як дарагi камень у залатой аправе? Твар яго поўнiцца румянцам, рот - зубамi бялюткiмi, як слановая косць: якi закаханы не хацеў бы сарваць адтуль чыстыя пацалункi? Калi я закахаўся ў пастуха, то гэтым пераймаю багоў. Валапасам быў Анхiс, а яго мела Афрадыта; козы пасвiў Бранх, а яго любiў Апалон; аўчаром быў Ганiмед, а яго выкраў Дзеўс. Не грэбуйма хлопцам, якога i козы, як закаханыя, слухаюцца, што мы i бачым; падзякуйма Дзеўсавым арлам, што даюць аставацца яшчэ на зямлi такой красе".

18

Весела пасмяяўся Астыл, асаблiва з гэтых слоў, i, сказаўшы, што Эрас з кожнага робiць вялiкага сафiста, стаў чакаць зручнага моманту, каб пагаварыць з бацькам пра Дафнiса.

Усю гэтую размову ўпотай чуў Эўдрам, якi, любячы Дафнiса як добрага дзецюка, мучыўся, што такая краса будзе згнюшана Гнатанам, i адразу ўсё расказаў Дафнiсу i Ламану. Дафнiс, уражаны, вырашыў або адважыцца ўцякаць разам з Хлояй, або памерцi, узяўшы i яе сваёй хаўруснiцаю. А Ламан, выклiкаўшы Мiрталу з хаты, сказаў: "Мы прапалi, жонка. Якраз час раскрыць нашу таямнiцу. Прапалi нашы козы i ўсё астатняе; але, клянуся Панам i нiмфамi, нават калi б меў астацца, як кажуць, валом у стайнi, не змаўчу пра Дафнiсаву долю, а як знайшоў яго падкiнутага, раскажу, як яго гадавалi, адкрыю, што я знайшоў пры iм, пакажу. Хай ведае гэты нягоднiк Гнатан, хто такi ён i каго адважваецца кахаць. Дастань мне толькi гэтыя прыкметныя знакi - каб былi пад рукою".

19

Умовiўшыся так, яны вярнулiся ў хату; а Астыл, зайшоўшы да бацькi, калi той быў вольны, папрасiў дазволу ўзяць з сабою Дафнiса ў горад, бо ён прыгожы i зашкода яго для работы ў вёсцы, а Гнатан хутка мог бы навучыць яго гарадскiм манерам. Бацька ахвотна згаджаецца i пасылае па Ламана i Мiрталу, каб абвясцiць iм добрую навiну, што Дафнiс будзе надалей замест козам i казлам слугаваць Астылу; паабяцаў замест яго даць двух казапасаў. I тут Ламан, калi ўжо збеглiся ўсе рабы, усцешаныя, што будуць мець такога прыгожага таварыша, папрасiў слова i пачаў казаць: "Выслухай, о ўладару, ад старога чалавека праўдзiвае слова: клянуся Панам i нiмфамi, што анi не схлушу. Я Дафнiсу не бацька, i Мiртала не мела шчасця быць яго мацераю. Iншыя бацькi падкiнулi дзiцятка, вiдаць, маючы ўжо даволi большых дзяцей; я ж знайшоў пакiнутага i гадаванага маёю казою; калi яна памерла, я пахаваў яе ў садзе, бо любiў яе за мацярынскi клопат. Знайшоў пры iм i прыкладзеныя прыкметныя знакi; прызнаюся, уладару, што iх хаваю; яны сведкi лепшай долi, чым наша. Каб ён быў рабом Астылу, я не супроць, прыгожы слуга прыгожага i добрага ўладара. Але каб з яго згнюшаўся п'яны Гнатан, не магу сцярпець; ён стараецца адвесцi яго ў Мiтылену, каб зрабiць жанчынаю".

20

Ламан, сказаўшы гэта, замоўк i залiўся слязамi. Калi ж Гнатан, нахабна паводзячы сябе, пачаў пагражаць бойкаю, Дыянiсафан, уражаны аповядам, загадаў Гнатану замоўкнуць, кiнуўшы на яго суровы нахмураны позiрк, i пачаў зноў выпытваць у Ламана, загадаўшы казаць праўду i не выдумваць нiякiх баек, абы затрымаць пры сабе сына. Але Ламан стаяў на сваiм, кляўся ўсiмi багамi i аддаваў сябе на ўсялякую муку, калi ён хлусiць; i Дыянiсафан з Клеарыстаю, якая сядзела побач, пачаў узважваць яго словы: "Навошта Ламану хлусiць, калi ён мог за аднаго двух казапасаў атрымаць? Ды i як бы селянiн выдумаў такое? I хiба адразу не было вiдаць, што ад такога старога i ад непагляднай жанчыны такi прыгожы сын не мог нарадзiцца?"

21

I надумаўся ён больш не гадаць, а зараз жа паглядзець прыкметныя знакi, цi сапраўды яны паказваюць на больш слаўную долю. Мiртала пайшла, каб iх прынесцi: яны зберагалiся ў старой пастуховай торбе. Калi яна ўнясла iх, Дыянiсафан першы паглядзеў i, убачыўшы пурпуровую кашульку, золатакаваную засцежку i кiнжальчык з тронкам са слановай косцi, голасна ўскрыкнуў: "О ўладару Дзеўсе!" I клiча жонку, каб тая паглядзела. Калi яна зiрнула, таксама голасна ўскрыкнула: "Любыя мойры! Цi ж не пакiнулi мы гэтага з нашым дзiцем i цi не ў гэтыя мясцiны казалi мы Сафрасiнi аднесцi яго? Гэта ж не якiя-небудзь iншыя, а якраз тыя. Любы муж, наша гэтае дзiця, твой сын Дафнiс, i бацькоўскiх коз ён пасвiў!"

22

Пакуль яна яшчэ гаварыла, а Дыянiсафан цалаваў прыкметныя знакi i плакаў з празмернай радасцi, Астыл, уразумеўшы, што Дафнiс яго брат, скiнуў плашч i пусцiўся бегчы ў сад, каб першым пацалаваць Дафнiса. А Дафнiс, убачыўшы, што да яго бяжыць Астыл, а за iм цэлая грамада, гукаючы: "Дафнiсе!", падумаў, што ён хоча яго злавiць, кiнуў сваю торбу i сiрынгу i панёсся да берага, каб кiнуцца ў мора з высокай скалы. I было б амаль нечуванае - зноў страцiць Дафнiса, ледзь толькi яго адшукаўшы, калi б Астыл не зразумеў гэтага i зноў не закрычаў: "Стой, Дафнiсе, нiчога не бойся: брат я табе, а бацькi - тыя, што да гэтага дня былi ўладарамi тваiмi. Ламан толькi што нам пра казу расказаў i прыкметныя знакi паказаў; абярнiся i паглядзi, як усе радуюцца i смяюцца. Але мяне першага пацалуй; клянуся ж нiмфамi, што не хлушу".

23

Толькi пасля гэтай клятвы прыпынiўся Дафнiс i пачакаў, пакуль падбег Астыл, i тады пацалаваў яго. А калi цалаваў, падбегла рэшта слуг i служанак, сам бацька, а з iм i мацi. Усе яго абдымалi, цалавалi, радуючыся i плачучы. Але ён бацьку i мацi перш чым iншых ласкава прывiтаў: як бы ён ужо даўно iх знаў, прыцiскаў да сваiх грудзей i не хацеў выпускаць з абдымкаў: так хутка дае веры прырода. Нават Хлою на хвiлю забыў. I, вярнуўшыся дадому, надзеў дарагiя шаты, прысеў пры родным бацьку i слухаў яго аповяд:

24

"Ажанiўся я, дзецi, зусiм малады i ў хуткiм часе зрабiўся, як мне здавалася, шчаслiвым бацькам, бо нарадзiўся ў мяне першым сын, другою была дачка i трэцiм Астыл. Мне здавалася, што сям'я даволi вялiкая, i калi нарэшце яшчэ гэты сын нарадзiўся, я выкiнуў яго, а гэтыя рэчы прыдаў яму не як прыкметныя знакi, а як пахавальныя ахвяры. Але доля судзiла iнакш. Большы мой сын i дачка загiнулi ад аднае хваробы ў адзiн i той самы дзень; цябе зберагла мне вышэйшая воля багоў, каб быць яшчэ адною апораю ў старасцi. Не папракай мяне, што я ўчынiў, бо не з добрае волi рашыўся на гэта, i ты, Астыле, не журыся, што цяпер толькi частку ты замест усяго багацця дастанеш, але для разумных людзей няма лепшага за брата скарбу, любiце адзiн аднаго, а што да багацця, - з царамi пазмагаецеся. Шмат я вам зямлi пакiну, шмат спраўных слуг, золата, серабра i ўсялякага дабра, што бывае ў багацеяў. Толькi асобна Дафнiсу даю гэты маёнтак разам з Ламанам i Мiрталаю ды козамi, якiх ён пасвiў".

25

Калi ён яшчэ так казаў, Дафнiс ускочыў i прамовiў: "Акурат у час ты мне напомнiў, бацька. Пайду паганю маiх коз на вадапой. Цяпер пэўна чакаюць яны, сасмяглыя, маёй сiрынгi, а я тут сяджу". Усе ад душы засмяялiся, што ён, стаўшы ўладаром, яшчэ хоча быць казапасам. I паслалi некага iншага падбаць пра коз, самi ж, прынёсшы ахвяру Дзеўсу-збаўцу, наладзiлi ўсiм банкет. Толькi Гнатана не было на банкеце, поўны страху, ён цалюткiя дзень i ноч хаваўся ў каплiцы Дыянiса як чалавек, што просiць лiтасцi.

Хутка дайшла да ўсiх вестка, што Дыянiсафан знайшоў сына i што Дафнiс-казапас - уладальнiк гэтых мясцiн, i з самага ранку з усiх бакоў пачалi збягацца людзi, каб разам парадавацца з дзецюком ды прынесцi дарункi бацьку; сярод iх першы быў Дрыяс, Хлоiн апякун.

26

Дыянiсафан папрасiў усiх iх астацца, каб яны, выказаўшы радасць, узялi ўдзел у свяце з гэтай нагоды. Было падрыхтавана шмат вiна, горы пшанiчнага хлеба, балотнай птушкi, малочных парасят, рознага печыва на мёдзе; зарэзана шмат ахвярнай жывёлы мясцовым багам.

Тут i Дафнiс сабраў увесь свой пастухоўскi скарб i падзялiў у ахвяру багам. Дыянiсу ахвяраваў пастуховую торбу i шкуру, Пану - сiрынгу i папярочную флейту; пастуховы кiй - нiмфам, i яшчэ даёнкi, што сам змайстраваў. Але звычнае да таго мiлейшае, чым неспадзяванае шчасце, што Дафнiс аплакваў кожную з гэтых рэчаў, з якою развiтваўся; i не прысвяцiў даёнкi, перш чым не падаiў яшчэ раз коз, i шкуры - перш чым не адзеў яе, i сiрынгi - перш чым не пайграў на ёй; i кожную рэч асобна ён пацалаваў i пагаварыў з козамi i кожнага казла на iмя назваў; i напiўся з крынiцы, як гэта не раз рабiў разам з Хлояй. Але ў каханнi сваiм яшчэ не прызнаўся, чакаючы лепшага часу.

27

Калi Дафнiс быў заняты ахвярамi, вось што адбылося з Хлояй. Яна сядзела, плачучы, сваю чараду пасучы, i натуральна, як водзiцца, казала: "Забыў мяне Дафнiс. Ён марыць пра багатых нарачоных. Навошта я загадала яму паклясцiся замест нiмфаў козамi? Ён пакiнуў iх гэтак жа, як i Хлою. Нават калi ён прыносiў ахвяры нiмфам i Пану, не захацеў убачыць Хлоi. Вiдаць, знайшоў у свае мацеры прыгажэйшых служанак, чым я. Будзь шчаслiвы! Але я жыць не буду".

28

Калi яна так казала, так раздумвала, валапас Лампiс з кучкаю сялян напаў на яе i выкраў, упэўнены, што Дафнiс ужо не ажэнiцца з ёю, а Дрыяс будзе рады яму. Яны цягнулi яе, а яна жаласна крычала; хтось, хто бачыў гэта, даў знаць Напэ, а тая Дрыясу, а Дрыяс Дафнiсу. Той быў сам не свой, не адважваючыся сказаць пра гэта бацьку i не могучы вынесцi болю, пабег у сад i там енчыў i казаў: "О бяда, што мяне пазналi! Як добра было б мне пасвiць чараду! Якi шчаслiвейшы я быў рабом! Тады бачыў я Хлою, тады...*, а цяпер Лампiс выкраў яе i ўцякае, а надыдзе ноч - ён з ёю спаць будзе. Я ж п'ю i раскашуюся i дарэмна кляўся Панам, козамi i нiмфамi".

* Тэкст у рукапiсе папсаваны.

29

Гэтыя Дафнiсавы словы пачуў Гнатан, якi хаваўся ў садзе; i ён, зразумеўшы, што гэта найлепшая часiна памiрыцца з iм, узяў з сабою некалькi маладых хлопцаў Астыла i кiнуўся да Дрыяса. Ён загадаў яму паказаць дарогу да Лампiсавага двара i бягом iрвануўся туды; ён заспеў яго якраз тады, калi той цягнуў Хлою ў свой дом, вырваў яе з яго рук i добра аддубасiў яго памагатых сялян. Ён хацеў звязаць яшчэ Лампiса i адвезцi яго як палоннага, але той паспеў раней уцячы. Зрабiўшы гэта, Гнатан з надыходам ночы вярнуўся. Дыянiсафан ужо спаў, а Дафнiс без сну ўсё яшчэ плакаў у садзе. Ён прыводзiць да яго Хлою, аддае яе i расказвае ўсё; i просiць яго не помнiць лiха, i прыняць яго як карыснага раба, i не пазбаўляць стала, без якога ён памрэ з голаду. Дафнiс, убачыўшы Хлою i трымаючы яе ў сваiх руках, прымiрыўся з iм як з новым сваiм дабрачынцам, а Хлою папрасiў дараваць яму, што ён так доўга не парупiўся пра яе.

30

Параiўшыся мiж сабою, яны вырашылi пра вяселле пакуль што ўтаiць, а Хлою схаваць i адкрыць сваё каханне толькi мацеры. Але Дрыяс не згадзiўся, ён настойваў, каб сказаць бацьку, i абацаў, што яго ўгаворыць.

I як настаў дзень, ён, узяўшы ў пастуховую торбу прыкметныя знакi, пайшоў да Дыянiсафана i Клеарысты, якiя сядзелi ў садзе, - каля iх былi Астыл i Дафнiс - i калi ўсе замоўклi, ён пачаў казаць: "Такая самая неабходнасць, што i Ламана, вымушае мяне гаварыць пра тое, што дасюль было таямнiцаю. Гэтую Хлою не я на свет пусцiў, не я кармiў, а iншыя яе нарадзiлi, i калi яна ў пячоры нiмфаў ляжала, яе авечка кармiла. Гэта я сам убачыў, а ўбачыўшы, здзiвiўся, а здзiвiўшыся, выгадаваў. Пра гэта сведчыць i яе краса, бо яна анi да нас не падобная; пра гэта сведчаць i прыкметныя знакi, занадта дарагiя для пастухоў. Паглядзiце, крэўных дзяўчыны знайдзiце i тады ўбачыце, цi яна годная Дафнiса".

31

I Дрыяс не сказаў гэтыя словы на вецер, i Дыянiсафан не без увагi iх выслухаў; а, паглядзеўшы на Дафнiса i ўбачыўшы, як той збялеў i крадком плакаў, адразу ж распазнаў: гэта каханне; i баючыся больш за ўласнага сына, чым за чужую дзяўчыну, з усёй стараннасцю пачаў перабiраць Дрыясавы словы. Калi ж убачыў прынесеныя прыкметныя знакi: золатам гафтаваныя чаравiчкi, бранзалеты, галаўную павязку, - ён, паклiкаўшы Хлою, казаў ёй не баяцца, бо мужа яна ўжо мае, а неўзабаве адшукаюцца бацька i мацi. I Клеарыста ўзяла яе да сябе i прыбрала яе ўжо як сынаву жонку, а Дыянiсафан, адклiкаўшы Дафнiса аднаго, спытаўся, цi Хлоя яшчэ дзяўчына; i калi Дафнiс пакляўся, што мiж iмi нiчога больш не было, апроч пацалункаў i клятваў у вернасцi, Дыянiсафан усцешыўся гэтай змове i запрасiў абаiх да стала.

32

Цяпер можна было пабачыць, якою бывае краса, калi да яе дадаць аздобы. Бо калi Хлоя была апранута, а валасы прычэсаны, а твар умыты, яна ўсiм здалася да таго прыгожаю, што i Дафнiс яе ледзь пазнаў. Цяпер кожны i без прыкметных знакаў пакляўся б, што бацькам такой дзяўчыны не мог быць Дрыяс. А ён таксама тут быў i разам з Напэ браў удзел у банкеце, лежачы на асобным ложы за адным сталом з Ламанам i Мiрталаю.

У наступныя днi зноў прыносiлi жывёлу ў ахвяру, ставiлi кратэры з вiном; i Хлоя таксама прысвяцiла багам свае скарбы: сiрынгу, пастухову торбу, шкуру, даёнкi. Узлiла вiна крынiцы ў пячоры, бо пры ёй гадавалася i часта ў ёй купалася. Прыбрала таксама вянкамi магiлу авечкi, што паказаў Дрыяс, i яшчэ раз сыграла на сiрынзе сваiм авечкам, а сыграўшы, памалiлася багiням, каб знайсцi ёй тых, што яе падкiнулi, i каб яны былi годныя яе шлюбу з Дафнiсам.

33

А калi досыць насвяткавалiся на вёсцы, уздумалi вярнуцца ў горад, расшукаць Хлоiных бацькоў i не адкладаць надалей вяселля. На золку, падрыхтаваўшыся ў дарогу, яны далi Дрыясу яшчэ тры тысячы драхмаў, а Ламану палавiну ўраджаю з палёў i вiнаграднiкаў, коз разам з iх казапасамi, чатыры пары валоў, адзення на зiму i волю яго жонцы. Пасля гэтага вырушылi конна i вазамi ў Мiтылену, з вялiкаю пышнасцю.

Гарадчукi iх тады не заўважылi, бо прыехалi яны ўночы; але назаўтра каля iх дзвярэй сабралася грамада мужчын i жанчын. Мужчыны выказвалi радасць Дыянiсафану, што знайшоўся сын, а яшчэ больш, калi пабачылi красу Дафнiса; жанкi ж разам з Клеарыстаю радавалiся, што з сынам заадно i сынавую яна прывязла. Яны дзiву далiся з Хлоi, з яе непараўнанай красы. Увесь горад усхадзiўся з-за хлопца i дзяўчыны, хвалiлi ўжо гэты шлюб i жадалi, каб яе род знайшоўся годным яе красы; i шмат вельмi багатых жанок малiла багоў, каб быць прызнанымi за мацi такой прыгожай дзяўчыны.

34

А Дыянiсафану, якi пасля доўгiх роздумаў моцна заснуў, прыснiўся такi сон. Здаецца, нiмфы просяць Эраса, каб ён нарэшце згадзiўся на гэты шлюб; ён аслабiў маленькi лук, паклаў яго разам з сагайдаком i загадаў Дыянiсафану наладзiць банкет для ўсiх найвяльможных мiтыленцаў i, калi ён напоўнiць апошнi кратэр, паказаць тады кожнаму Хлоiны прыкметныя знакi; а пасля праспяваць вясельны гiмн.

Пабачыўшы i пачуўшы гэта ў сне, Дыянiсафан устаў на золку i распарадзiўся падрыхтаваць раскошны банкет з усяго, што дае зямля i мора, што ёсць у азёрах i рэках; i запрашае ўсiх найвяльможных мiтыленцаў на баль. Калi ўжо надышла ноч i быў напоўнены кратэр, з якога ўзлiваюць Гермесу, адзiн са слуг унёс на сярэбраным прыборы прыкметныя знакi i, абыходзячы па чарзе направа, усiм iх паказваў.

35

Нiхто не апазнаваў iх; а Мегакл, якi з-за старасцi ляжаў на вышэйшым месцы за сталом, ледзь глянуў i моцна, з яшчэ маладою сiлаю ў голасе, усклiкнуў: "Што гэта бачу? Што з табою сталася, дочухна? Цi жывая ты, цi, можа, якi пастух толькi гэта знайшоў i падняў? Прашу, Дыянiсафане, скажы мне: адкуль маеш прыкметныя знакi майго дзiцяцi? Адшукаўшы свайго Дафнiса, не адмоў знайсцi i мне".

Але Дыянiсафан папрасiў яго спачатку расказаць, як пакiнулi Хлою, i Мегакл, не аслабляючы сiлы голасу, расказаў: "Да нядаўняга быў я бедны, бо ўсё, што меў, патрацiў на харэгii i трыерархii. Якраз тады нарадзiлася ў мяне дачка. Не хочучы гадаваць яе ў беднасцi, я ўпрыгожыў яе гэтымi прыкметнымi знакамi i пакiнуў, бо ведаў, што многiя праз такi спосаб хочуць зрабiцца бацькамi. Вось i пакiнуў дзiця ў пячоры нiмфаў, даручыўшы яго багiням. I да мяне з той пары штодня плыло багацце, але я ўжо нашчадка не меў. Бо не пашчасцiла мне зрабiцца бацькам хоць бы дачкi другой. А багi, як бы смеючыся з мяне, спасылаюць уночы сны, паведамляючы, што авечка зробiць мяне бацькам".

36

Яшчэ мацней, чым Мегакл, ускрыкнуў Дыянiсафан i прывёў Хлою, вельмi прыгожа ўбраную, i сказаў: "Вось гэтае дзiця ты пакiнуў. Гэтую дзяўчыну з волi багоў выкармiла табе авечка, як каза мне Дафнiса. Вазьмi ж гэтыя прыкметныя знакi i дачку; а ўзяўшы, аддай яе Дафнiсу за жонку. Абаiх пакiнулi, абаiх знайшлi, абаiмi апекавалiся Пан, нiмфы i Эрас".

Мегакл пахвалiў яго словы, паслаў па сваю жонку Раду, а Хлою прытулiў да грудзей. I асталiся яны там начаваць: Дафнiс пакляўся, што больш нiкому не аддасць Хлою, нават роднаму бацьку.

37

Калi надышоў дзень, яны ўмовiлiся назад у вёску разам вяртацца: Дафнiс i Хлоя прасiлi аб гэтым, бо не маглi вынесцi жыцця ў горадзе. Ды i бацькам было даспадобы зрабiць iм вяселле паводле пастухоўскага звычаю. Прыйшоўшы да Ламана, яны прывялi Дрыяса да Мегакла, пазнаёмiлi Раду з Напэ i пачалi рыхтавацца да шыкоўнага святкавання. Бацька перад нiмфамi заручыў Хлою з Дафнiсам i разам з многiмi iншымi ахвяраваннямi павесiў i прыкметныя знакi, а Дрыясу дадаў, чаго яму яшчэ не ставала да дзесяцi тысяч драхмаў.

38

Стаяў цудоўны дзень, i Дыянiсафан загадаў тут жа перад пячораю падрыхтаваць ложа з зялёнага лiсця i, запрасiўшы ўсiх людзей з вёскi, раскошна пачаставаць. Тут былi Ламан i Мiртала, Дрыяс i Напэ, Дорканавы родзiчы, Фiлет са сваiмi дзецьмi, Хромiс i Лiкэнiён; не абышлося i без Лампiса, якому даравалi. Усё было так, як водзiцца ў гэтакiх гасцях, па-вясковаму: адзiн спяваў жнiўныя песнi, другi сыпаў жартамi, як гэта бывае пры выцiсканнi сусла. Фiлет iграў на сiрынзе, Лампiс на флейце, Дрыяс i Ламан танцавалi, Хлоя i Дафнiс цалавалiся; а поблiзу пасвiлiся козы, як бы i яны разам святкавалi.

Гасцям з горада гэта не вельмi спадабалася; а Дафнiс падклiкаў, называючы iмя то адной, то другой казы, даваў iм галiнак з зялёным лiсцем i, схапiўшы за рогi, цалаваў.

39

I гэтак не толькi той дзень, але i большую частку жыцця правялi яны па-пастухоўску, шанавалi багоў - нiмфаў, Пана, Эраса, нажылi вялiкiя чароды авечак i коз i ўважалi за найлепшую яду плады i малако. А калi нарадзiўся ў iх сын, яны далi выкармiць казе, а дачушцы, якая нарадзiлася другою, дазволiлi ссаць вымя авечкi; i сына назвалi Фiлапеменам, а дачку Агелаю. Так яны i пражылi пастухамi аж да самае старасцi. I пячоры аздобiлi, паставiлi там карцiны i ўзвялi ахвярнiк Эрасу-Пастуху; i Пану яны замест яго хвойкi зладзiлi пад жыллё каплiцу i назвалi яе каплiцаю Пана-Ваяўнiка.

40

Але ўсё гэта назвалi i зрабiлi яны пазней; а тады з надыходам начы ўсе правялi iх да шлюбнага пакоя, адны на сiрынгах, другiя на флейтах iграючы, трэцiя ўзняўшы ўгару вялiкiя паходнi. А калi яны былi перад дзвярыма, завялi рэзкiм голасам, нiбы зямлю трохзубцамi дралi, а не вясельную песню спявалi. А Дафнiс i Хлоя ляглi голымi, абнялi адно аднаго i цалавалiся, правёўшы ноч без сну, як совы; i Дафнiс рабiў тое, што навучыла яго Лiкэнiён, а Хлоя толькi цяпер даведалася, што ўсё, што рабiлася ў лесе, было толькi пастушынымi гульнямi.

КАМЕНТАРЫ

УСТУП

Лесбас - вялiкая выспа ў Эгейскiм моры каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азii. Дзеянне гэтага рамана аб каханнi, на думку даследнiкаў, невыпадкова разгортваецца на гэтай выспе, якая здаўна славiлася цудоўным клiматам, урадлiвымi землямi, а таксама як асяродак старажытнагрэцкай лiрыкi кахання: тут нарадзiлася шмат паэтаў, у тым лiку славутая Сафо (VII-VI ст. да н.э.).

Нiмфы - Дзеўсавы дочкi, багiнi, якiя ўвасаблялi розныя сiлы прыроды; заступнiцы i апякункi лясоў (дрыяды), палёў (лiманiяды), далiн (папэi), мораў (нерэiды), рэк (наяды), гор (арэады) i г.д. Антычнае мастацтва паказвала iх у выглядзе прыгожых дзяўчат, голых цi напаўадзетых.

...змог вытлумачыць абраз... - У шмат якiх гарадах старажытнай Грэцыi на ўтрыманнi мясцовых улад была афiцыйная пасада праваднiка, якi паказваў i тлумачыў выдатныя помнiкi гэтай мясцовасцi.

Эрас - сын Афрадыты, бог кахання. Мастакi паказвалi яго ў выглядзе крылатага хлопчыка з лукамi i стрэламi, якiмi ён ранiць сэрца. Iмя гэтае азначае "каханне". Калi ўлiчыць, што ў антычныя часы ўласныя iмёны нiчым не адрознiвалiся ад агульных назваў, то амаль заўсёды гэтае слова можна разумець дваяка: у агульным значэннi i як iмя бога.

Пан - сын Гермеса i Пенелопы, бог лясоў i пашаў, апякун паляўнiчых i пастухоў; меў казлiныя рогi, вушы i ногi. Ён вынайшаў дудку. Час паўдзённай сонечнай спёкi лiчыўся "гадзiнаю Пана". I калi яго трывожылi моцным крыкам i спевамi, Пан палохаў людзей i звяроў сваiмi гукамi, якiя наводзiлi "панiчны жах".

...хворага вылечыць... - Старажытнагрэцкая медыцына лiчыла, што ў хворага праз успрыманне прыгожых формаў i чытанне прыемных (у тым лiку эратычных) твораў абуджаюцца жыццёвыя сiлы.

КНIГА ПЕРШАЯ

Мiтылена (цяперашняя назва Мiтылiнi) - галоўны горад на ўсходнiм узбярэжжы выспы Лесбаса, у часы Рымскай iмперыi меў важнае значэнне.

...прыблiзна за стадыяў дзвесце... - гэта эначыць каля 3,8 кiламетра (стадый - мера даўжынi, прыкладна роўная 192 м).

Дафнiс - паводле позняй грэцкай мiфалогii - сын Гермеса i нiмфы; абагоўлены пасля свае смерцi; апякун сiцылiйскiх пастухоў, заснавальнiк старажытнагрэцкай пастушынай iдылiчнай паэзii.

...ахвярныя дары даўнешых пастухоў - Пакiдаючы сваё пастухоўства, казапасы, аўчары, валапасы прысвячалi нiмфам i Пану свае даёнкi, пастуховыя кii, торбы, сiрынгi. У ахвяру багам клалi таксама i рэчы памерлых пастухоў.

Хлоя - у антычнай мiфалогii эпiтэт багiнi пладароднай зямлi Дэметры. Пастушыным iмя лiчылася, вiдаць, таму, што па-грэцку "хлоэ" значыць "маладая зелянiна, зялёныя пасынкi, маладыя атожылкi".

...яго iмя было iм невядомае... - сведчанне, што гэта былi простыя, не вельмi адукаваныя людзi.

Вакханкi - удзельнiцы мiстэрый бога вiна i весялосцi Дыянiса-Вакха. Культ Дыянiса быў звязаны з п'янымi гульбiшчамi (вакханалiямi) i экстатычнымi оргiямi. У мастацтве вакханак паказвалi паўраздзетымi, з накiнутаю на плечы цi на паяснiцу звярынаю шкураю з тырсам (жазлом), увiтым вiнаградам, у руках.

...а ён казапас... - Свойская жывёла падзялялася на тры групы, адсюль i адпаведны чын пастухоўства. Першае месца займалi тыя, што пасвiлi кароў i быкоў - валапасы, другое - тыя, што пасвiлi авечак, трэцяе - казапасы.

Дзеўс - вярхоўнае боства старажытных грэкаў; цар багоў i людзей, бог неба, грому i маланкi. Быў сынам тытана Кронаса, якi з'ядаў сваiх дзяцей. Паводле мiфа, Дзеўсава мацi Рэя ўратавала сына, схаваўшы яго на выспе Крыт, на гары Iдзе, - там нiмфы выкармiлi яго малаком казы Алматэi.

Безбароды я, але такi i Дыянiс... - Антычнае мастацтва паказвала Дыянiса звычайна ў выглядзе безбародага, жанчынападобнага дзецюка.

Сатыры - лясныя казланогiя боствы, з вострымi вушамi i конскiмi хвастамi. Вясёлыя, памаўзлiвыя, яны суправаджалi Дыянiса.

...яны кiдалi адно ў аднаго яблыкi... - яблык быў сiмвалам кахання. Кiдаць яблык на грудзi - значыла прызнавацца ў каханнi.

...спявала пра Пана i Пiтыс... - Пан закахаўся ў нiмфу Пiтыс. Але суровы Барэй, бог паўночнага ветру, бачачы, што дзяўчына аддае перавагу Пану, скiнуў яе са скалы. Яна памерла, але з яе цела вырасла першая хвойка - дрэва, прысвечанае Пану ("пiтыс" - па-грэцку i значыць "хвойка").

Тырыйскiя пiраты - марскiя разбойнiкi з горада Тыра ў Фiнiкii; яшчэ з часоў Гамеравай "Адысеi" наводзiлi жах на мараходаў у Эгейскiм моры.

...на лёгкiм карыйскiм судне... - Жыхары Карыi - прыбярэжнай часткi на поўднi Малой Азii - славiлiся карабельным будаўнiцтвам.

...каб iх за варвараў не палiчылi... - Варварамi грэкi называлi ўсiх негрэкаў, чужаземцаў, што не ўмеюць гаварыць па-грэцку. У iх гэта слова не мела адмоўнага значэння, як у наш час.

...дзецюка, якi здаўся iм больш вартаю здабычаю... - Пiраты былi адначасова i гандлярамi рабоў.

Лускаватыя паўпанцыры - падпанцыры з металiчнай лускi.

Накаленнiкi - часцей за ўсё металiчныя, закрывалi пярэднi бок нагi.

...многiя мясцiны на моры, якiя маюць назву "валовага броду". - Вядомымi "Басфорамi" ("валовымi брадамi") былi, напрыклад, пралiвы мiж Чорным морам i Мармуровым i мiж Чорным i Азоўскiм.

...Хлоя купае Дафнiса... - Удзельнiкi пахавання абавязкова пасля мылiся, каб ачысцiцца ад дакранання да нябожчыка.

КНIГА ДРУГАЯ

Нацiсь - прылада для выцiскання соку, звычайна каменная (або драўляная) з адтокам. Некалькi чалавек, трымаючыся за адпаведны шост або прыробленыя да яго петлi цi кольцы пад музыку i спевы - каб спарней працавалася - тапталi нагамi прынесены ў кашах спелы вiнаград. Сок пасля пералiвалi, як апiсваецца тут у Лонга, у драўляныя бочкi, якiя ўкопвалi ў зямлю (апроч бочак ужывалi i вялiкiя глiняныя збаны або мяхi). Бочкi з сярэдзiны i звонку былi пакрытыя смалою. Прастаяўшы з восенi да вясны, пры частым памешваннi, ачышчэннi ад шумавiння, вiно, як усякае натуральнае, мела прыкладна 13 градусаў. П'ючы, грэкi яго разводзiлi вадою ў прапорцыi дзве часткi вiна на тры часткi вады, але часам i не прытрымлiвалiся гэтага ў залежнасцi ад гатунку вiна i трываласцi бяседнiкаў. Рабам прызначалася вiно паўторна выцiснутае - з вiнаградных жамерынаў.

У антычныя часы вiно шырока ўжывалася як пiтво для лепшай страўнасцi, а таксама ў культавых i лячэбных мэтах.

...вылiвалi ў ахвяру малака... - каб улесцiць багоў, грэкi лiчылi, што павiнны дзялiцца з iмi часткаю свайго набытку, а таму рабiлi ахвяраваннi багам i ўзлiваннi - з вiна, цi малака, цi вады з малаком, цi алею.

Пры кожным банкеце напачатку ў гонар бога ўзлiвалi неразведзенага вiна. Пасля з кожнага кубка ўзлiвалася таксама некалькi кропляў у гонар таго цi iншага бога. Рабiлi ўзлiванне таксама пры адыходзе, звычайна ў гонар Гермеса, бога дарог, - нешта на ўзор беларускага развiтальнага тоста - "на рукавiцы".

Фiлет - ад грэцкага слова "фiлео" - "люблю, кахаю".

...нi лебедзь, калi ён стары, як я... - Старажытныя грэкi лiчылi, што лебедзь пяе адзiн раз у жыццi: прадчуваючы смерць, ён узнiмаецца ўгору i пяе найпрыгажэйшую з песень. Адсюль i выраз "лебядзiная песня" - апошнi найбольш значны твор.

Кронас - паводле старажытнагрэцкай мiфалогii, сын Урана (Неба) i Геi (Зямлi), якi, скiнуўшы бацьку, запанаваў над светам; бацька i папярэднiк Дзеўса (гл. заўвагу).

Амарылiс - у перакладзе значыць "чырвоная лiлея".

Эхо - у старажытнагрэцкай мiфалогii чорная нiмфа, увасабленне рэха, што чуваць у гарах i цяснiнах.

Паводле аднае версii, самааддана i без узаемнасцi закахалася ў Нарцыса, сына рачнога бога, уся высахла i зрабiлася нявiднаю, ад яе астаўся адзiн голас.

Паводле другое версii, раўнiвая Гера, расшукваючы сярод нiмфаў свайго памаўзлiвага мужа, была затрымана доўгiмi размовамi Эхо i, раззлаваўшыся, жорстка пакарала яе за гэта - тая перастала гаварыць i магла толькi паўтараць канчаткi сказаных у яе прысутнасцi слоў. Яшчэ адну версiю мiфа пра Эхо гл. кн.III, раздзел 23.

Метымнейуы - жыхары Метымны, найбольшага пасля Мiтылены горада на выспе Лесбасе.

...карабель жа ваяводы вёў дэльфiн... - У старажытных грэкаў былi пашыраны павер'i пра дальфiнаў як разумных iстот, што спагадаюць людзям на моры, засцерагаюць iх перад бураю, паказваюць iм дарогу i г.д.

...зрабiўшы з зялёнага лiсця ложа... - Старажытныя грэкi банкетавалi не седзячы, а лежачы на баку.

...прапяяў яму адзiн сiцылiйскi казапас... - Згадка пра сiцылiйскага пастуха невыпадковая: старажытнагрэцкая iдылiчная паэзiя якраз i ўзнiкла ў Сiцылii.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

...нi нават скiфскi снег... - Землi на поўнач ад Чорнага мора, якiя насялялi скiфы, у антычнай лiтаратуры служылi за прыклад марозных i снежных краёў.

...злавесныя птушкi... - старажытны грэк жыў увесь час сярод вешчых знакаў. Конь захроп па дарозе ў горад, скрыпнуў адметна воз цi мацней падзьмуў вецер i г.д. - усё нешта наперад казала яму пра тое, што мела адбыцца.

Было больш за дзесятак розных вiдаў варажбы: алектрыямантыя (як паводзяць куры пры ядзе), iхтыямантыя (як плаваюць у вадзе рыбы), пiрамантыя (як гарыць агонь), гiдрамантыя (як цячэ вада), кледанамантыя (якiя мiжвольныя рухi ў чалавека, у якiм вуху зазвiнела, як ён чхнуў), хiрамантыя i г.д. Сярод iх цi не першае месца займала арнiтамантыя - варажба па палёце птушак.

Ужо з'яўленне тых цi iншых птушак было для старажытнага грэка добрым або лiхiм знакам, бо птушкi, асаблiва драпежныя, неслi людзям волю багоў. Арол Дзеўсаву, ястраб, крумкач - Апалонаву, варона, сава, чайка, чапля - Афiнiну, дзяцел - Арэсаву. Разабрацца ў прарочых складанасцях мог толькi спецыяльны варажбiт. Стаўшы тварам на поўнач, ён сачыў, з якога боку падляталi птушкi. З правага боку - вяшчалi спагаду багоў, з левага - iх непрыхiльнасць. Мелi значэнне не толькi кiрунак, але вышыня, хуткасць лёту, уклад ног, крык (умелы варажбiт мог адрознiць шэсцьдзесят чатыры адценнi крыку крумкача), i з усяго гэтага выводзiлася канчатковае меркаванне.

Таямнiцы варажбы перадавалiся вусным спосабам - ад бацькi да сына.

Iакх - боства нявысветленага паходжання; часта атаясамлiвалася з Дыянiсам.

"Эвоэ!" - культавы ўсклiк на святкаваннях Дыянiса.

Iтыс - паводле старажытнагрэцкага мiфа, сын фракiйскага цара Тэрэя i афiнскай царэўны Прокны.

Тэрэй, здрадзiўшы з жончынай сястрою Фiламенаю, выразаў ёй язык, упэўнены, што цяпер яго Прокна нiколi не даведаецца пра здраду. I тады Фiламена выткала дыван, на якiм паказвала, што з ёю ўчынiў Тэрэй. Сёстры ў помсту цару забiлi Iтыса. А пасля, баючыся кары, упрасiлi вярхоўнага Дзеўса абярнуць iх у птушак. I цяпер штовясны яны, ужо салавей i ластаўка, пяючы, аплакваюць няшчасную Iтысаву долю. Тэрэй жа быў абернуты ў ястраба цi ва ўдода (розныя варыянты мiфа).

Мэлii - нiмфы, якiя нарадзiлiся з зямлi, акропленай крывёю Ўрана.

Дрыяды - драўляныя, г.зн. лясныя нiмфы.

Гэлеi - балотныя нiмфы.

...дбае iншы бог... - гэта значыць Эрас.

Драхма - "жменя", старажытнагрэцкая мера вагi (4,366 г) i сярэбраная манета. Такiя грошы - тры тысячы драхмаў - рабiлi адразу Дрыяса заможным.

...выбiваць малацiльнымi дошкамi калоссе... - Згаданы тут спосаб малацьбы палягаў на тым, што валы цягнулi па калоссi (грэкi зжыналi толькi каласы, салома аставалася на полi i iшла на ўгнаенне - яе спальвалi) драўляныя дошкi даўжынёю два з палавiнай метры з замацаванымi знiзу жалезнымi зубамi цi вострым каменнем. Часам паганяты сам станавiўся на дошкi, каб абцяжарыць iх. Пустое калоссе адкiдвалася вiламi з трыма зубамi, пасля чаго збожжа веялi на ветры драўлянымi шуфлiкамi накшталт вясла (сiты ўжывалiся рэдка).

Горы - багiнi пораў года, яснага надвор'я, ураджаю, юнацтва i красы; спадарожнiцы багоў, пераважна Афрадыты.

Афрадыта - багiня кахання i красы, мацi бога кахання Эраса. Паводле адной версii мiфа, дачка Дзеўса i Дыёна, паводле другой - нарадзiлася з марскiх хваль i зефiрам пасля была перанесена на выспу Кiпр (адсюль яе эпiтэт Кiпрыда). Платон адрознiваў Афрадыту Ўранiю (Нябесную) - увасабленне кахання i Афрадыту звычайную - увасабленне цялеснага, пажадлiвага кахання. Мужам Афрадыты быў бог агню i кавальства кульгавы Гефест, якому яна здраджвала з Арэсам, богам вайны. Калi Гефест даведаўся пра гэта ад Гелiяса, бога сонца, ён расставiў сеткi, якiя i схапiлi каханкаў у чуллiвай паставе. Склiканыя Гефестам на месцы злаўчынку багi выказалi, аднак, замест абурэння захапленне цудоўнаю параю.

Тут, у аповесцi, маецца на ўвазе спрэчка пра залаты яблык - "яблык разладу" - трох багiнь - Афрадыты, Геры i Афiны.

...той жа быў пастух авечак... - Парыс.

КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

Плетр - адна шостая стадыя, г.зн. каля 31 м.

Ахвярнiк у антычныя часы знаходзiўся не ў сярэдзiне каплiцы, а перад ёю.

Семела. - Мiфы пра Дыянiса расказваюць, што ён нарадзiўся ад Дзеўса i яго каханкi Семелы. Дзеўсава жонка Гера, каб адпомсцiць Семеле, прыняла выгляд яе кармiлiцы i ўзбудзiла ў яе жаданне пераканацца навочна, што яе каханы сапраўды бог, за якога ён сябе выдае, а таму папрасiла Дзеўса, каб ён з'явiўся перад ёю ва ўсёй боскай велiчы з громам i маланкамi. Вымушаны клятваю, ён паўстаў перад ёю ў полымi перуноў, i смертная Семела не вытрымала нябеснага агню. Памiраючы, яна заўчасна нарадзiла Дыянiса, якога, аднак, уратаваў Дзеўс, уклаўшы сабе ў сцягно, а калi надышла пара, пусцiў яго на свет.

Арыядна - дачка крыцкага цара Мiнаса, якая дапамагала Тэсею забiць страшыдла Мiнатаўра; яму афiняне мусiлi пасылаць штогод ганебную данiну - сем хлопцаў i сем дзяўчат. Яна дала каханаму клубочак нiтак, якi i вывеў Тэсея з лабiрынта, дзе жыў Мiнатаўр i адкуль нiхто дагатуль з-за дзiўна заблытаных калiдораў не мог знайсцi выйсця (адсюль выраз "нiтка Арыядны"). Тэсей пасля ўцёк з каханай на выспу Наксас, дзе пакiнуў яе, калi яна спала. Там яе знайшоў Дыянiс i ажанiўся з ёю.

Лiкург - фракiйскi цар, якi забараняў святкаванне вакханалiй. Разгневаны Дыянiс зняволiў яго ў пячоры.

Пентэй - малады фiванскi цар, якi таксама выступаў супраць вакханалiй. Дыянiс за гэта пазбавiў розуму яго мацi, i тая, прыняўшы свайго сына за дзiкага звера, разам з яго сёстрамi i iншымi вакханкамi разарвала яго.

...пераможаныя iндыйцы i тырэнцы, перакiнутыя ў дэльфiнаў... - Паводле мiфаў, Дыянiс, iдучы на Ўсход, пакарыў Iндыю. Маракоў-пiратаў, якiя хацелi схапiць i прадаць у няволю Дыянiса, што пад выглядам прыгожага дзецюка пераплываў з iмi на караблi праз Эгейскае мора, ён абярнуў у дэльфiнаў. Тырэнiя, цi Этрурыя - вобласць у Iталii.

Эўдрам - грэцкае iмя, якое можна перакласцi: "хуткi ў бегу".

Марсiй - сатыр, якi, знайшоўшы кiнутую Афiнаю флейту, адважыўся спаборнiчаць у iгры з Апалонам, але быў пераможаны. Абражаны Апалон садраў з яго скуру i павесiў у пячоры. Гэтая скура нiбы трымцела з радасцi, калi iгралi на флейце.

Парасiт - прафесiйны нахлебнiк. Цi не каля кожнай багатай сям'i ўвiваўся такi дзяньгуб, якi, забаўляючы гаспадара, жыў на яго кошт.

...духмянае лесбаскае вiно... - Лесбаскае вiно славiлася сваiм водарам i слодыччу.

Дэметра - дачка Крона i Рэi, багiня-апякунка земляробаў; у мастацтве яе паказвалi са снапом у руках, ёй прысвячалася свята ўраджаю.

Лаамедант - цар Троi, Прыямаў бацька; Апалон у яго на працягу года пасвiў статак у пакаранне за забойства.

Хiтон - у старажытных грэкаў вузкая кашуля без рукавоў, якая надзявалася на голае цела; хламiда - шырокi плашч, яго накiдвалi паверх хiтона.

Анхiс - малаазiйскi цар, у якога, калi ён аднаго разу пасвiў статак, закахалася Афрадыта. Багi, разгневаўшыся на Афрадыту за тое, што яна ўвесь час спасылае iм каханне да людзей, а сама нi разу не кахала смертнага, прымусiлi яе закахацца ў Анхiса, ад яго i нарадзiўся ў яе Эней. Афрадыта забаранiла Анхiсу раскрываць таямнiцу iх кахання, але Анхiс не ўтрываў i за гэта быў скалечаны маланкаю.

Бранх - прыгожы, малады пастух, улюбёнец (паводле iншых мiфаў, сын) Апалона, якi абдарыў яго ўменнем прадбачыць будучыню.

Ганiмед - фрыгiйскi (траянскi) царэвiч, сваёю красою так моцна ўразiў Дзеўса, што быў выкрадзены Дзеўсавым арлом (або самiм Дзеўсам, якi перакiнуўся ў арла) i ўзнесены на Алiмп; там цар багоў зрабiў яго сваiм вiначэрпам.

Мойры - багiнi лёсу; паводле мiфа, iх тры: адна прадзе нiтку жыцця, другая вымае, не гледзячы, лёс, што выпаў чалавеку, трэцяя абцiнае нiтку жыцця.

Харэгiя - абавязак, якi ўскладаўся на багатага грамадзянiна - на свой кошт наняць, адзець i навучыць хор да свята.

Трыерархiя - выправа за свой кошт трыеры для дзяржавы; трыера - судна з трыма радамi весляроў.

Фiлапемен - па-старажытнагрэцку значыць "той, хто любiць пастухоў", "пастухалюб", а Агела - "чарада", "атара".

ПЕРЛЫ РАМАНА

Маналог Хлоi (I, 14)

Слоўная сутычка Доркана i Дафнiса (I, 16)

Маналог Дафнiса (I, 18)

Лета (I, 23)

Дафнiс разглядвае сонную Хлою (I, 25)

Казка пра туркаўку (I, 27)

Эрас у садзе (II, 4-6)

Сiла кахання (II, 7)

Абвiнавачванне Дафнiса (II, 15)

Дафнiсава скарга (II, 22)

Панiчны страх (II, 25)

Казка пра Сiрынгу (II, 34)

Мiм (II, 37)

Дафнiсава размова з самiм сабою (III, 6)

Размова Дафнiса i Хлоi ўзiмку на дварэ (III, 10)

Вясна (III, 12)

Казка пра Эхо (III, 23)

Яблык кахання (III, 33)

Плач па спустошаным садзе (IV, 8)

Гнатанава скарга (IV, 16)

Хлоiны нараканнi (IV, 27)

Пастушынае вяселле (IV, 38)