"Пра каханне i вераломства (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Труайя Анри)Труайя АнриПра каханне i вераломства (на белорусском языке)Анры Труая Пра каханне i вераломства Пераклад: Л.Казыра Вось ужо тры месяцы i васемнаццаць дзён Жан Дзюпон усё шукаў i шукаў нагоды, каб парваць са сваёй палюбоўнiцай. Як паветра патрэбна была нейкая важная прычына, нейкая сур'ёзная падстава, бо ў звычайныя для такiх выпадкаў словы накшталт: "Я больш не кахаю цябе" апантаная жанчына верыць з вялiкай неахвотай. Сёмага снежня а дзевятай гадзiне вечара Жан зайшоў у знаёмы пакой. Трэба было рыхтаваць глебу для разрыву. Як i большасць мужчын, Жан Дзюпон не змог прыдумаць нiчога лепшага, як строiць з сябе чалавека стомленага, прыгнечанага, страшэнна заклапочанага. На языку ўжо круцiлiся даўно завучаныя фразы: "Ведаеш, я цяпер такi заняты... Не звяртай увагi... Ну, што ты... Гэта пройдзе... Табе проста цяжка мяне зразумець... У мяне столькi работы... Раскажы лепш пра сябе, дарагая..." Мiж тым "дарагая" паводзiла сябе неяк дзiўна ў гэты вечар. Твар расчырванеўся, з вачэй вось-вось пальюцца слёзы, уся дрыжыць, нервуецца... На Жанаў пацалунак нiяк не адрэагавала. Не запрасiла сесцi. Не абняла. Не паўтарыла сто разоў чутае: "Любы, ты пахнеш вулiцай". Не шапнула на вушка: "О, ведаю, мiлы мой донжуан, што табе карцiць!.." Не, не i не! Дэнiза Пакэ пазiрала яму проста ў вочы з такiм выглядам, нiбы ў яе дамскай сумачцы быў схаваны флакончык з сернай кiслатой. I вось пачуўся замагiльны голас: - Жан, я больш не кахаю цябе. Нам не трэба сустракацца... - Што? - ледзь выцiснуў з сябе Жан. Ён аж задыхнуўся ад радасцi i... нечаканасцi. - Мiлы мой! Дарагi! - усхлiпнула Дэнiза. - Я зрабiла табе балюча... Але павер: так трэба. Я пакахала iншага. Гэта зубны ўрач. Ён з Аўстралii. Я яму расказвала пра цябе, i, ведаеш, ён хоць i нiколi не бачыў цябе, але з павагай... А потым быў разыграны звычайны ў такiх выпадках спектакль. Супакоены, шчаслiвы Жан Дзюпон бездакорна сыграў ролю мужчыны, жыццё для якога страцiла ўсялякi сэнс. На твары - глыбокi адчай i поўная безнадзейнасць. Нiбы ў перадсмяротнай сутарзе рукi ўчапiлiся за крэсла. Дыханне збiлася... - Ну што ж... Вось ты як... Разумею, разумею... - толькi i змог прамармытаць Жан. Не магла супакоiцца i Дэнiза. Уся ў слязах, яна ўсё расказвала i расказвала: - Ведаеш, я спачатку супрацiўлялася, як толькi магла. Але гэта аказалася мацней за мяне, мацней за нас... - Ён твой палюбоўнiк? - Ну... калi ты так хочаш... - Бывай, Дэнiза! - Але ж мы застаёмся сябрамi? - Пра якое яшчэ сяброўства ты пляцеш? - Пачакай, хочаш не хочаш, але бачыцца з табою нам усё роўна давядзецца ў нашым бюро. - Ды такiх бюро ведаеш колькi ў горадзе?! Пляваў я на тваё бюро. Знайду сабе работу ў iншым месцы. - Ты мяне ненавiдзiш? - Не, я проста стараюся забыцца пра тваё iснаванне. - Ты пакутуеш? I тут Жану Дзюпону ўспомнiўся нейкi стары фiльм, дзе адзiн барадаты ўнурысты акцёр на аналагiчнае пытанне мудра i проста адрэзаў адным словам: "Страшэнна". I Жан сказаў: - Страшэнна! З выглядам ушчэнт разбiтага чалавека Жан устаў i накiраваўся да выхаду... Уздых палёгкi вырваўся з ягоных грудзей толькi тады, калi дзверы за iм зачынiлiся. Малады чалавек пацёр ад задавальнення рукi i куляй вылецеў з пад'езда. Свежы, бадзёры подых ветру сустрэў яго на вулiцы. Жан спынiўся, каб трохi аддыхацца. Вольны, вольны, вольны! - тахкала сэрца... А вакол бурлiла жыццё. З лёгкiм шумам праносiлiся машыны, шпарка крочылi вясёлыя прахожыя, ярка зiхацелi вiтрыны крамаў, i нават дождж быў нейкi ўрачысты i святочны. Жану здалося, што ўвесь свет хоча далучыцца да ягонай радасцi. I хiба ў такiм настроi можна было вяртацца дамоў на метро? Не, толькi таксi. Таксi i кiно. А пасля сеанса - куфаль добрага пiва, а можа, i "сябровачку на вечарок", як казаў Жанаў калега Клiш... На бульвары Манмартр стаяла чарада таксовак. Туды i рвануўся Жан Дзюпон. Не паспеў ён дабегчы да сярэдзiны вулiцы, як яго ашаламуцiў пранiзлiвы рык аўтамабiльнай сiрэны: проста на яго iмчала машына. Жан хацеў адскочыць назад i грымнуўся аб асфальт... Замерлi ў начным змроку дзве фары. Да iх цяпер ужо смертаноснага святла далучаўся крывавы колер светлавой рэкламы... - О-ой! - пачулася ў цемры. Жан цераз сiлу расплюшчыў вочы: перад яго носам стаялi чыесьцi брудныя чаравiкi, а зверху, нiбы ў дно калодзежа, у яго ўпiвалiся незнаёмыя вочы... Яму стала страшна... Неверагодны боль скалануў усё цела, i Жан страцiў прытомнасць... * * * Папацелi хiрургi над яго пераломамi... - А цяпер - два месяцы поўнага спакою... у гiпсе, - такi канчатковы прысуд вынес доктар. I дадаў: - Танна яшчэ адкупiўся... Праз два днi пасля гэтага няшчаснага здарэння ў шпiталь прыйшоў Жэром Клiш - верны Жанаў сябра. Ён прысеў ля ложка хворага i спагадлiва пачаў: - Эх, дарагi ты мой бедалага... Як жа гэта цябе... I сапраўды, шкада было глядзець на гэтае цела, закаванае ў гiпс. На падушцы замест галавы ляжаў забiнтаваны шар, на якiм вiднеўся невялiкi квадратны выраз, дзе Жэром з цяжкасцю пазнаваў сябравы вочы, нос, губы... Па зразумелых прычынах Жана паклалi ў асобны пакой. - Вось так, брат... Папаў я ў пераплёт... - данеслася з падушкi. - Паслухай, Жан! Няўжо табе рабiць не было чаго?.. Каб з-за жанчыны пайсцi на такое?! - Якой жанчыны? - Ды не прытварайся ты! - Пра якую жанчыну ты вярзеш? - Ну як "пра якую"? - пра Дэнiзу Пакэ! - Не зразумеў... - А што, хiба ты не з-за яе?.. I тут Жан так застагнаў, нiбы на яго зноў наехаў аўтамабiль: - У цябе што, не ўсе дома? Цi зусiм здурэў? - Супакойся, Жан! Дэнiза сама мне ўсё расказала. У цябе ж былi з ёю шуры-муры? - Ну, былi... - А ў той вечар ты хадзiў да яе? - Ну, хадзiў... - Хiба тады яна не адкрыла табе сакрэт, пра якi, дарэчы, ведала ўсё бюро? Ну... пра тое, што яна пакахала другога? - Ну, дапусцiм... - У такiм выпадку больш пытанняў у мяне няма. Жэром глядзеў на свайго сябра з той трыумфальнай усмешкай, з якой атлет прымае апладысменты, бразнуўшы аб памост узятую штангу. - Пачакай, а далей... - не мог уцямiць Жан. - А далей усё проста: Дэнiза пасылае цябе на ўсе чатыры, ты выходзiш на вулiцу i кiдаешся пад колы першага сустрэчнага аўтамабiля... - Ах ты, iдыёт! - захрыпеў Жан. - Ты што, забыўся, што я сам амаль чатыры месяцы толькi i думаў, як парваць з ёю! А Дэнiза мне толькi аблегчыла ўсё... Яна... - Пачакай, Жан! Ты мне нiколi не гаварыў пра свой намер. - Толькi таму, што я чалавек сцiплы i выхаваны! - Ну, ведаеш... - Паслухай, Жэром, павер мне: сёмага снежня, як я iшоў ад Дэнiзы, я быў самы шчаслiвы чалавек на зямлi, я быў... - I таму ты вырашыў кiнуцца пад машыну? - Ды нiкуды я не кiдаўся, - зароў Жан. - Паслiзнуўся, страцiў раўнавагу вось i ўсё! Жэром хiтра ўсмiхнуўся, даючы зразумець, што такога чалавека, як ён, не так проста абвесцi вакол пальца. - Цудоўна! Генiяльна! - сказаў ён. - Толькi вось сведкi на гэты конт маюць iншую думку. "Гэта быў свядомы ўчынак чалавека, якi страцiў усялякую надзею i ўпаў у адчай", - вось што ў адзiн голас паўтараюць сведкi. Жан ужо не мог больш трываць. - Якiя сведкi?! Што ты мелеш? А Дэнiза? У яе вы спыталiся? Яна што, не магла растлумачыць?.. - Вось яна нам i растлумачыла, што чалавек ты звышадчувальны, тонкi, далiкатны i што яна дарэмна не патурбавалася, каб прыняць пэўныя меры перасцярогi. Тая частка Жанавага твару, што вiднелася з-пад бiнтаў, пакрылася потам. Ён задыхаўся. У вачах з'явiлася штосьцi дэманiчнае. - Вось што я табе скажу: я нiколi не кахаў i не кахаю Дэнiзу! Я ненавiджу яе! Няхай мне яе на талерачцы прынясуць, голенькую, i я скажу: "Не". Яна распаўнела! Нiякага выгляду не мае! Зубы дрэнныя! Ходзiць, як качка! Апранацца не ўмее! Пазногцi i то дагледзець не можа! - Ну-ну... Расказвай байкi... - перапынiў яго Жэром са сваёй хiтрай усмешкай. Спляжаны, зняможаны Жан адкiнуўся на падушку. - Ведаеш, - працягваў Жэром, - не трэба тут паказваць свой гонар. Ну што тут такога абразлiвага, калi чалавек кахае жанчыну, ды кахае так, што гатоў богу душу аддаць, калi даведваецца, што яго не кахаюць? Жан заплюшчыў вочы i нiбы збiраў усе свае сiлы для апошняга слова. - Жэром! - ледзь прабiўся яго цiхi голас. - Я не хачу цябе бачыць. Iдзi адсюль. Iдзi i нiколi больш не прыходзь. А Жэром быццам i не чуў гэтых слоў. Ён асцярожна папраўляў коўдру i супакойваў хворага: - Ай-яй-яй, варушышся, круцiшся. Прастудзiшся яшчэ. Вось дзiвак! - Не называй мяне так! Я забараняю табе! - Дарэчы, ты ведаеш, што вечарам да цябе зойдзе наш шэф Маландрэн? - Пляваць мне на яго! - чуеш?! - на ўсiх мне напляваць! Ён хацеў прыўзняцца на адзiн локаць, але рэзкi боль прымусiў яго зноў упасцi на падушку. I нiбы праз туман бачыў ён, як Жэром устаў, апрануў палiто i ўзяў свой капялюш... * * * У той самы вечар у шпiталi з'явiўся месьё Маландрэн - невысокi тоўсценькi чалавечак з чорнымi блiскучымi вачыма. - Вiтаю вас, дарагi, - бадзёра пачаў шэф, - i вiншую! Вiншую вас з тым, што вы нарэшце парушылi будзённае цiхаплыннае жыццё нашага бюро! - Месьё Маландрэн, мне прыемна гэта чуць ад вас, але што я такое зрабiў, каб... - адказаў, запiнаючыся, Жан. - Вось гэта прыгода дык прыгода! Вы ведаеце, Жан, я ў захапленнi ад вас. - Месьё Маландрэн, што вы, што вы, я... - Паслухайце, Жан, як жа гэта цудоўна, як жа гэта прыгожа - так кахаць! Кахаць да самазабыцця, калi нават уласнае жыццё аддаецца на алтар гэтаму высокаму пачуццю!.. - Месьё Маландрэн, але ж я нiкога не кахаю i, паверце, вельмi даражу сваiм жыццём. - Мiлы мой, - не супакойваўся Маландрэн, - мне сорак сем гадоў. Але i я калiсьцi быў малады. I я скажу вам шчыра: я разумею вас. На вашым месцы я зрабiў бы тое самае. Ведаеце, толькi сапраўдныя мужчыны i могуць запалiць агонь высокiх пачуццяў! Пасля ранiшнiх дэбатаў з Жэромам цяжка было Жану падтрымлiваць гаворку. I ўсё ж ён паспрабаваў не пагадзiцца з шэфам: - Гэты самы звычайны няшчасны выпадак. Нiякiм самазабойствам тут i не пахне... Месьё Маландрэн па-бацькоўску ўсмiхнуўся. - Вы цудоўны чалавек, Жан. I ваша сцiпласць робiць вам толькi гонар. Я вельмi цаню вас, i, ведаеце, я сёння прасiў месьё Мурга падумаць пра больш высокую пасаду для вас. - Дзякую, месьё Маландрэн, паверце, я... - Нiчога, нiчога, дарагi. Давайце вашу руку i хутчэй папраўляйцеся! Вы чалавек маёй натуры. Мне прыемна мець справу з тым, хто разумее мяне з паўслова. I месьё Маландрэн пацiснуў тое, што было два днi назад Жанавай рукой, а цяпер стала гiпсавай трубою. Цяжкi одум апанаваў маладога чалавека, калi ён застаўся адзiн. Спачатку яго раздражняла тое, што i Жэром, i Маландрэн далi такое рамантычнае тлумачэнне ягонай бядзе. Ну, а Дэнiза, тая, вядома, заганарылася: як-нiяк з-за яе чалавек кiнуўся пад машыну. О! Яна вялiкая артыстка i ахвотна возьме на сябе ролю вераломнай жанчыны-фаталiсткi, што ўпiваецца каханнем i прымушае трапятацца кожнага мужчыну! Напэўна ж, яна цяпер выхваляецца, называе мяне "мой бедненькi", носiць свае штучныя самацветы ў даўнейшай аправе i не шкадуе памады, тушы, фарбы! Якое глупства! Я ж нiколi не кахаў яе! Парваць з ёю вырашыў яшчэ тады, калi ёй i не снiлася пра гэта! А цяпер вось стаў прагнаным пакрыўджаным рыцарам! I ўсе нябось лiчаць, што я - ахвяра, я - выцiснуты лiмон, я - цацка, якую капрызнае дзiця шпурнула пад канапу! I тым не менш пасля размовы з Маландрэнам штосьцi пахiснулася ў пазiцыi Жана. Як бы там нi было, а агульныя сiмпатыi - на ягоным баку. Салiдныя, паважаныя людзi ганяць паводзiны Дэнiзы i хваляць мяне... Сама думка, што можна памерцi з-за каханай, падабалася ўсiм жанчынам i нават некаторым мужчынам. Аднак жа ён не хацеў памерцi з-за жанчыны, а значыць, i ягоная рэпутацыя фальшывая! I не далёка ён адышоўся ад Дэнiзы, раз таксама ўводзiць у зман людзей!.. Дык навошта яму тады гэтыя сiмпатыi?.. Ах! Ну чаму ж мне нiхто не верыць?.. Дрэнна спалася ў тую ноч Жану. Яму ўсё снiлася нейкая велiзарная чорная малпа, якая паўтарала Жанавы словы, жэсты i, нарэшце, заняла яго месца ў бюро... Назаўтра апоўднi завiтала маладая прыгожанькая балбатлiвая сакратарка з iх бюро. - Гэта так хораша, што вы пайшлi на такое! - прашчабятала яна, чырванеючы. - Скажыце, вы вельмi кахалi яе? Жану стала не па сабе. Ён хацеў яшчэ раз растлумачыць, паставiць усё на месца, разважаць, але сiл i мужнасцi яму ўжо бракавала, i ён адвярнуў галаву ўбок. - Ах! Каб жа гэта ўсе мужчыны былi такiя, як вы! Скажыце, вы шмат пакутавалi? Жан акiнуў яе позiркам. Яна з трывогай чакала адказу. Яна баялася расчаравацца. I Жан пашкадаваў яе: - Гэта было вельмi страшна. - Ну, а... пад машыну... Вы адразу рашылiся?.. - Так... не... ну, ведаеце, у такi момант не думаеш... I ён змоўк. Агiдна стала на душы ад уласнай хлуснi i гэтай незаслужанай увагi. - Дзякуй вам! Калi глядзiш на такiх мужчын, як вы, зноў пачынаеш верыць, што ёсць-такi каханне на свеце! - Не будзем больш пра гэта, - сцiпла сказаў Жан. I ашчаслiўленая сакратарка выйшла з пакоя... Калегi не пакiдалi ў самоце Жана. Штодня абавязкова хтосьцi заходзiў, i кожны перш-наперш спяшаўся засведчыць сваю павагу да рыцарскага ўчынку хворага. Па пошце прыйшлi дзве ананiмныя запiскi, якiя парадавалi i сагрэлi Жанава сэрца: "Як бы мне хацелася, каб мяне пакахалi так, як кахаеш ты". Подпiс: "Незнаёмая бландзiнка". А ў другой запiсцы быў вершык: Ты, хто памерцi гатоў за каханне, Пажывi для мяне, не ўмiрай! Ты сустрэнеш мяне на спатканнi, I жыццё ператворыцца ў рай! I подпiс: "Адна з тваiх каляжанак, якая любiць высокiя, чыстыя пачуццi". * * * Усе гэтыя размовы з саслужыўцамi, гэтыя бясконцыя дыфiрамбы, гэтыя пяшчотныя словы павагi i захаплення рабiлi сваю справу, i Жан пачынаў памалу сумнявацца ў самiм сабе. А хiба й на самай справе яму так ужо хацелася парваць з Дэнiзай? I цi прынесла яму душэўную палёгку яго свабода? Няўжо ён быў такi шчаслiвы, калi выбягаў з пад'езда? Вядома, у той вечар, можа, i не было ўжо колiшняй узнёсласцi ў iх адносiнах з Дэнiзай. Але пяшчоту да гэтай жанчыны сэрца, безумоўна, захавала. Падточваў душу чарвячок цiхай, затоенай рэўнасцi, як-нiяк перавага была аддадзена нейкаму зубному ўрачу... I чорт нанёс гэтую машыну! Быў жа, вiдаць, у мяне час, каб уратавацца! Але ж не, палез... Жыць надакучыла, цi што?!. I зноў зайшоў Жэром: - Ну, як маешся, Рамэо? - Ды ведаеш, не зусiм... Да папраўкi яшчэ далёка... I Жан пачаў распытвацца пра Дэнiзу: як яна? Цi хвалюецца? Цi адчувае сваю вiну? Як выглядае? Цi збiраецца прыйсцi ў шпiталь? У адказ Жэром закашляўся, закруцiўся i... мусiў прызнацца, што Дэнiза нават не пацiкавiлася яго здароўем. "Што ж... Гордая яна... - тлумачыў сам сабе Жан паводзiны былой сяброўкi. - Гордая, таму i не хоча выносiць напаказ свае пачуццi. У гэтым мы з ёй аднолькавыя..." Як толькi Жэром пайшоў, Жан паклiкаў санiтарку i папрасiў яе з'ездзiць да яго дадому i прывезцi невялiкую скрыначку, дзе захоўвалiся пiсьмы i фатаграфii Дэнiзы. Ён перачытваў гэтыя доўгiя любоўныя пасланнi, дзе амаль кожная фраза выклiкала ў памяцi пiкантныя ўспамiны. Слязiлiся вочы i млела сэрца, калi ўглядаўся ён у фатаграфii той, хто ледзьве не стала прычынай яго пагiбелi. Але чаму ж яна не прыходзiць? Яна ж ва ўсiм вiнаватая! I яна гэта ведае лепш, чым хто! А можа, яна сама сабе не давярае i баiцца сустрэчы з iм, каб не пачаць усё спачатку?!. I зноў Жан паклiкаў санiтарку i прадыктаваў ёй вось гэтае пiсьмо: "Дэнiза, дарагая! Я дараваў табе. Чакаю цябе! Прыходзь! - Жан". Пацягнулiся бясконцыя днi пакутлiвага чакання. Пры кожным слове, пры кожным гуку ў калiдоры Жан уздрыгваў, замiраў i прагным позiркам упiваўся ў дзверы. Але тая, каго ён чакаў, усё не iшла. Замест яе прыходзiлi саслужыўцы. Жан сустракаў iх так холадна, паводзiў сябе з iмi так жорстка, што ахвотнiкаў хадзiць у шпiталь рабiлася ўсё менш i менш. Адзiнай уцехай яму былi фатаграфii Дэнiзы. З iмi ён засыпаў i прачынаўся, з iмi ён гаварыў, сумаваў i плакаў. "Ну i баба, - шапталiся памiж сабою санiтаркi, - да чаго давяла чалавека... Зусiм галаву страцiў..." Тым не менш яны з радасцю згаджалiся напiсаць пад дыктоўку хворага чарговае пiсьмо Дэнiзе. Аднак усе Жанавы лiсты засталiся без адказу. * * * Праз два месяцы Жана выпiсалi са шпiталя, а яшчэ праз тыдзень урач дазволiў яму рабiць невялiкiя прагулкi па вулiцы. I перш-наперш малады чалавек пакульгаў да Дэнiзы. Калi нарэшце ён даплёўся да пятага паверха i апынуўся перад знаёмымi дзвярыма, сэрца яго забiлася так, што давялося спынiцца i перадыхнуць. "Нiчога, я такi дайду да яе, нiкуды яна не дзенецца, вось зараз зайду, i ўсё будзе добра. Не можа быць, каб яна пра ўсё забылася..." - так супакойваў сам сябе Жан... I ён рашуча нацiснуў на званок... Хвiлiна, другая... Дзвярэй нiхто не адчыняў... Яшчэ званок... Другi... Трэцi... Цiшыня. Тады Жан пачаў стукаць у дзверы кулаком... - Што вы там забылiся? - пачулася з нiжняга паверха. Да яго спяшалася кансьержка. - Ды мне трэба пабачыць мадэмуазель Дэнiзу Пакэ, - адказаў Жан. - Паслухайце, малады чалавек. Вось ужо тры тыднi, як яна пераехала адсюль. - Як?! Тры тыднi?!. - Ну, а што ёй тут рабiць?! Замуж выйшла i паехала сабе да мужа!.. ...Штосьцi абарвалася ў Жанавай душы. Ашаломлены, няшчасны малады чалавек ледзьве спусцiўся па лесвiцы. Доўга блукаў ён па начным Парыжы, i нейкае новае, невядомае дагэтуль пачуццё пакрысе авалодвала ўсёй яго iстотай. Жан памалу супакоiўся i абыякава пазiраў, як кудысьцi спяшаюцца людзi, як сотнямi агеньчыкаў мiльгаюць рэкламы... "Жыццё iдзе сваiм ходам, - нечакана падумалася Жану, - ды толькi мне з iм ужо не па дарозе..." Ён даклыпаў да бульвара Манмартр. Схадзiўся моцны вецер, палiў густы дождж. На мокрым блiшчастым асфальце адбiвалiся агнi вiтрын. Недалёка стаялi свабодныя таксi... Вось каля самага тратуара iмчыць машына... Жан увабраў галаву ў плечы, сцiснуў кулакi i, калi да машыны заставалася два цi тры метры, кiнуўся пад колы... Ён яшчэ паспеў адчуць моцны ўдар, i здалося яму, што проста над iм грымнуў страшэнны пярун... ...Калi Жана дасталi з-пад машыны, ён ужо не дыхаў... |
|
|