"Залаты век Беларусi (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Акиньчиц Станислав)

Дарожныя знакi гiсторыi

XVI стагодзьдзе, стагодзьдзе Рэфармыцыi перамянiла гiсторыю i сталася крынiцаю прагрэсу i блаславенства ў жыцьцi многiх народаў. Увесь сьвет глядзiць на гэты пэрыяд як на час, калi былi закладзеныя падвалiны сучаснай эканомiкi, палiтыкi, навукi i культуры. Для нашай краiны гэта таксама выключнае стагодзьдзе. Большасьць найважнейшых для Беларусi падзеяў i зьяваў сабраныя менавiта ў гэты час. У пэўным сэнсе мы — нацыя XVI стагодзьдзя.

Прыняўшы iдэi Рэфармацыi, зьвярнуўшыся да Бiблii i асабiстых адносiнаў з Богам, беларускае грамадзтва перажыло вялiзарны ўздым у самых розных сфэрах свайго жыцьця. Пачалi шырока распаўсюджвацца школьнiцтва i кнiгадрукаваньне, юрыдычныя i палiтычныя набыткi нашых продкаў нават сёньня выклiкаюць захапленьне. Параўноўваючы разьвiцьцё розных краiнаў Эўропы XVI стагодзьдзя, можна сказаць, што Беларусь — Вялiкае Княства Лiтоўскае iшла ў тым самым накiрунку, што i Англiя: такое самае абмежаваньне ўлады манарха, такое самае разьвiцьцё мясцовага самакiраваньня, такое самае прыняцьцё Рэфармацыi вышэйшымi слаямi грамадзтва, такая самая эканамiчная актыўнасьць магнатаў i шляхты (у Англii — лордаў i сквайраў). На ўсходзе Эўропы паўставала краiна, па сваiм культурным, эканамiчным i палiтычным патэнцыяле здольная ўплываць на ўвесь кантынэнт. Чаго вартае хаця б змаганьне за рэлiгiйныя правы гугенотаў у Францыi.

Аднак на пачатку XVII стагодзьдзя гэтыя працэсы раптоўна загамавалiся. Здрада Рэфармацыi палiтычнай элiтай Вялiкага Княства Лiтоўскага стала прычынаю лявiны праклёнаў, якiя абрынулiся на наш народ i наступствы якiх мы адчуваем да сёньняшняга дня. Беларусы як нацыя згубiлi вельмi важны кансалiдуючы, умацоўваючы чыньнiк — iдэю, якая абапiраецца на Божае Слова, Бiблiю, якая вынiкае з разуменьня сябе не як выпадковасьцi ў гэтым сьвеце, а як часткi спрадвечнага Божага пляну.

Войны Вялiкага Княства з Маскоўскай дзяржавай у сярэдзiне XVII стагодзьдзя практычна пазбавiлi нашу краiну гарадзкога насельнiцтва, найбольш прыхiльнага Рэфармацыi, i зьдзесяткавалi шляхту, якая заставалася яшчэ вернай iдэям Лютара i Кальвiна. На два стагодзьдзi эвангельскае хрысьцiянства ў Беларусi ператварылася ў маргiнальную зьяву, якая практычна не ўплывала на гiсторыю краiны. Здавалася, з Рэфармацыяй скончана назаўсёды. Але ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Беларусi пачалi iмклiва разьвiвацца баптысты i пяцiдзесятнiкi, iдэйныя нашчадкi беларускай Рэфармацыi Залатога Веку. Як i iх папярэднiкi з XVI стагодзьдзя, яны мелi вялiкi ўдзел у духоўным i маральным адраджэньнi нацыi. Не маглi яны пакiнуць без увагi i той факт, што беларускi народ, пачынаючы з XVI стагодзьдзя, быў пазбаўлены Слова Божага на роднай мове. У 1927 годзе баптысцкi пастар Лукаш Дзёкуць-Малей выдаў першы пераклад Новага Запавету на сучасную беларускую мову. На працягу ўсяго XX стагодзьдзя большасьць спробаў выданьня беларускiх перакладаў Бiблii так цi iнакш былi зьвязаныя зь дзейнасьцю эвангельскiх хрысьцiянаў.

Камунiстычная дыктатура, панаваўшая ў Беларусi 70 гадоў, зрабiла ўсё магчымае, каб вынiшчыць у нашым народзе памяць пра беларускую Рэфармацыю XVI стагодзьдзя, зрабiць беларусаў нацыяй без гiсторыi, людзьмi, якiя ня могуць нiчога скарыстаць з досьведу папярэднiх пакаленьняў. Але падман i бяспамяцтва ня будуць вечна ўладарыць на нашай беларускай зямлi. Залаты Век Беларусi, XVI стагодзьдзе паказваюць нам, дзе той добры шлях, па якому варта iсьцi, каб Беларусь заняла свой пачэсны пасад мiж народамi.