"Залаты век Беларусi (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Акиньчиц Станислав)Дзевяноста пяць тэзiсаў, якiя зьмянiлi сьветВечарам 31 кастрычнiка 1517 году вулiцы Вiтэнбэрга, сталiцы аднаго з Саксонскiх княстваў, былi запоўненыя ўзрушаным натоўпам, якi выходзiў з замкавага касьцёлу пасьля ўрачыстай iмшы напярэдаднi сьвята Ўсiх Сьвятых. Некалькi гадоў назад курфюрст саксонскi Фрыдрых Мудры, якi прагнуў зрабiць Вiтэнбэрг, невялiкi яшчэ горад на беразе Эльбы, новай сталiцай Саксонii, канкурэнтам славутаму сваiмi кiрмашамi i ўнiвэрсытэтам Ляйпцыгу, атрымаў ад папы рымскага прывiлей адпушчэньня грахоў для кожнага, хто на сьвята Ўсiх Сьвятых паспавядаецца i будзе на iмшы ў замкавым касьцёле. На гэты фэст з усёй Саксонii зьбiралiся жадаючыя атрымаць душэўны супакой. На некалькi дзён колькасьць жыхароў у Вiтэнбэргу павялiчвалася ў два-тры разы. Тут можна было ўбачыць князёў i баронаў, здрабнелую шляхту i вiтэнбэргскiх месьцiчаў. Тлумна цягнулiся жабракi аж з-пад Дрэздэна, студэнты новаўтворанага ўнiвэрсытэту сьпяшалiся замольваць свае грахi, сяляне з усяго навакольля зьяжджалiся цэлымi сем'ямi, ператвараючы гарадзкi пляц у вялiкi табар. I вось увесь гэты разнастайны, галасьлiвы натоўп напоўнiў замкавы касьцёл, суцiшваючыся, здымаючы каптуры i капелюшы, каб пабожна ўдзельнiчаць у iмшы, спадзеючыся атрымаць нейкую пэўнасьць, калi ня ў гэтым жыцьцi, дык хаця б пасьля сьмерцi. Пачалася iмша. Хор манахаў з кляштару аўгустынiянаў засьпяваў «Альлелюя», i ўрачыстая мэлёдыя ўзьнялася пад гатычнае скляпеньне касьцёла. Пасьля на амбону ўзыйшоў сярэдняга веку манах у пацёртым, латаным манаскiм адзеньнi. Лёгкi шум прабег па натоўпу. "Марцiн Лютар, прафэсар", — зашаптаў студэнт месьцiчу, у якога здымаў пакой на паддашшы. Марцiн Лютар стаў на амбоне, выцягнуў некалькi аркушоў паперы, сьпiсаных дробнымi лiтарамi, i гучным голасам прамовiў: "Наш Госпад i Настаўнiк Iсус Хрыстос гаворыць: "Пакайцеся!" Ён прагне, каб усё жыцьцё веручых было пакаяньнем". У касьцёле запанавала цiшыня. Брат Марцiн гаварыў пра тое, што мучыла многiх, што сабралiся ў гэты вечар. "Калi ўсё жыцьцё павiнна быць пакаяньнем, чаго вартыя iндульгенцыi? Калi можна за грошы набыць прабачэньне грахоў, у чым тады сэнс пакаяньня?" — працягваў манах. З гневам, з абурэньнем Лютар гаварыў пра iндульгенцыi, пра безсэнсоўныя спробы адкупiцца ад кары, пра тых, якiя падманваюць людзей дзеля асабiстай выгоды, прадаючы неiснуючыя квiткi ў Валадарства Нябеснае. Сваю пропаведзь брат Марцiн скончыў, зачытаўшы 95 тэзiсаў супраць iндульгенцыяў, пасьля зыйшоў з амбоны, выйшаў з касьцёлу i прыбiў аркушы з тэзiсамi да брамы. "Калi нехта можа абвергнуць тое, што тут напiсана, я запрашаю да дыскусii цi тут, у Вiтэнбэргу, цi ў любым горадзе Сьвятой Рымскай iмпэрыi нямецкай нацыi", — абвесьцiў ён i вярнуўся на сваё мейсца. У касьцёле раптам стала шумна: гэта студэнты пачалi абмяркоўваць тэзiсы Лютара, падтрымлiваючы цi абвяргаючы прафэсара, але большасьць людзей разгублена маўчала. Хор зноў засьпяваў, служба пайшла далей, але сэрцы сотняў людзей былi ўсхваляваныя словамi, якiя яны пачулi. Дзевяноста пяць тэзiсаў ускалыхнулi горад. Некалькi дзён увесь Вiтэнбэрг толькi i гаварыў пра пропаведзь брата Марцiна. Ужо назаўтра студэнты пераклалi тэзiсы Лютара, напiсаныя на лацiне, на нямецкую мову, а Ганс Люфт, якi меў друкарню паблiзу ўнiвэрсытэту, надрукаваў гэты пераклад. Шматлiкiя паломнiкi, што прыйшлi на сьвята Ўсiх Сьвятых у горад, панесьлi па ўсёй краiне тэзiсы вiтэнбэргскага прафэсара. У палацах i ў карчмах пачалiся зацятыя спрэчкi пра iндульгенцыi, пра збаўленьне, пра пакаяньне, пра Бiблiю, пра тое, якой павiнна быць царква. Пропаведзь Марцiна Лютара стала той запалкай, якая падпалiла Нямеччыну. Уся краiна загаварыла пра Рэфармацыю. Рэфармацыя — гэта лацiнскае слова, якое ўтвараецца праз дадаваньне прыстаўкi «рэ-» да слова «фармацыя». "Фармацыя" азначае наданьне нечаму пэўнага кшталту, формы, а прыстаўка «рэ-» — што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такiм чынам, Рэфармацыя — гэта аднаўленьне першапачатковага кшталту, першаснага вобразу. Рэфармацыя — гэта вяртаньне да першакрынiцы — Бiблii, вяртаньне да Божага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека. I Марцiн Лютар быў тым, хто на поўны голас заявiў пра гэта. Кiм жа быў гэты прафэсар зь Вiтэнбэргу, словы якога ўскалыхнулi Эўропу? Марцiн Лютар быў манахам ордэну аўгустынiянаў i прымаў дзейны ўдзел у жыцьцi каталiцкае царквы як сьвятар i прафэсар тэалёгii. Здавалася, ён мог бы быць задаволены сваiм жыцьцём, стаўшы ў 29 год прафэсарам, а пазьней — вiкарыем (наглядчыкам) усiх саксонскiх кляштараў аўгустынiянаў. Але брат Марцiн увесь час пытаўся ў сябе: "Як дасягнуць мiру з Богам? Як знайсьцi ласку ў Бога?" I гэтыя пытаньнi не давалi яму спакою. Для Лютара, як i для iншых вернiкаў таго часу, Бог быў грозным, немiласэрным Судзьдзёю, Якi сочыць за чалавекам i карае кожны ягоны праступак. Гэтага Бога трэба было задобрыць сваiмi ўчынкамi. У Лютара было вельмi чульлiвае сумленьне. Некаторыя кажуць, што «надта» чульлiвае. Ён рабiў усё, каб здабыць мiласьць Бога, але ад гэтага яго жыцьцё станавiлася яшчэ горшым. Будучы манахам, сьвятаром, прафэсарам, ён праводзiў сваё жыцьцё ў пастах i малiтвах да сьвятых, насiў кашулi з конскага воласу, пастаянна спавядаўся ў сваiх грахах, хадзiў у паломнiцтвы, купляў iндульгенцыi, выконваў усе патрабаваньнi каталiцкай царквы. Але гэта падавалася яму недастатковым, i нават калi ён сам лiчыў, што робiць усё магчымае, каб жыць праведна, супакою не было. Нiводзiн сьвятар ня мог сказаць яму ўпэўнена, што ён прабачаны, i Лютар сам ведаў, што ня мае мiру з Богам. У гэты час ён наведаў Рым, сталiцу хрысьцiянства, малiўся, пасьцiўся, выконваў усе абрады, дакранаўся ўсiх рэлiквiяў, але ўнутры было пуста. Гледзячы на духоўнае i маральнае сапсуцьцё рымскага духавенства, брат Марцiн губляў надзею. Як прафэсар тэалёгii ў Вiтэнбэргу ён чытаў студэнтам лекцыi — камэнтаваў Псальмы i Новы Запавет. У адзiн з доўгiх зiмовых вечароў Марцiн Лютар, вывучаючы Пасланьне да Рымлянаў, раптам спынiўся на словах, якiя далi адказ на ўсе пытаньнi загубленага чалавека: "Праведнiк вераю жыць будзе". Вось яно, выратаваньне! "Я адчуў сябе цалкам адроджаным… Гэтыя словы Паўла сталiся для мяне брамамi раю", — апiсваў брат Марцiн свае перажываньнi таго вечару. Апраўданьне Божае прыходзiць да нас не праз нашыя ўласныя намаганьнi, але мы атрымлiваем яго, калi прымаем вераю тое, што Iсус Хрыстос ужо зрабiў для нас на крыжы. Усьведамленьне гэтага перавярнула жыцьцё Марцiна Лютара. Ён зразумеў, што збаўленьне — гэта перш за ўсё асабiстыя адносiны з Богам. Крок за крокам дасьледуючы Бiблiю, ён адкрыў, што царква цалкам сказiла Эвангельле. Замест Божай мiласьцi прапаведвалiся чалавечыя заслугi, замест веры — забабоны i рэлiгiйныя абрады, замест Слова Божага — легенды i традыцыi. Асаблiва ўражвала вiтэнбэргскага прафэсара вучэньне аб iндульгенцыях, аб тым, што манахi i сьвятары за пэўную плату могуць вымалiць прабачэньне грахоў. Заплацiўшы грошы, якiя павiнны былi пайсьцi на пабудову базылiкi сьвятога Пятра ў Рыме, чалавек атрымлiваў спэцыяльную грамату, змацаваную папскай пячаткай, якая гарантавала прабачэньне грахоў жывому або памёршаму. З гэтым згадзiцца Марцiн Лютар нiяк ня мог, i таму на браме замкавага касьцёлу ў Вiтэнбэргу зьявiлiся 95 тэзiсаў супраць iндульгенцыяў. Некалькi папскiх тэолягаў прынялi выклiк Лютара да дыскусii, але нiчога не змаглi супрацьпаставiць ягоным тэзiсам, толькi абвiнавацiлi брата Марцiна ў тым, што ён паўтарае вучэньне Яна Гуса, асуджанае каталiцкай царквою на саборы ў Канстанцы. На гэта Лютар адказаў, што нават адзiн чалавек, абапiраючыся на Сьвятое Пiсьмо, можа выступаць i супраць папы, i супраць сабору. Калi празь нейкi час гусiты з Чэхii прыслалi Марцiну Лютару творы Яна Гуса, ён, прачытаўшы iх, знайшоў, што мноства iдэяў праскага рэфарматара падобныя да яго ўласных. Менавiта тады ён абвесьцiў сваiм пасьлядоўнiкам: "Усе мы — гусiты, ня ведаючы пра гэта". Папа рымскi выслаў Лютару грозны загад адмовiцца ад сваiх поглядаў. Рэфарматар адказаў на гэта "Зваротам да хрысьцiянскай шляхты нямецкай нацыi", якi быў надрукаваны нечуваным на тыя часы накладам у 4 000 асобнiкаў i разыйшоўся так хутка, што празь месяц ужо друкавалася новае выданьне. У гэтым звароце, напiсаным па-нямецку, Лютар сьцьвярджаў, што няма сэнсу гаварыць пра тое, што сьвятары — гэта нейкiя асаблiвыя людзi, бо згодна зь Бiблiяй усе веручыя належаць да сьвятарства, i нагадваў, што сапраўдная Рэфармацыя пачынаецца ў сэрцы чалавека. Падзеi набiралi разгон. 15 чэрвеня 1520 году папа рымскi Леў X падпiсаў бульлю (пасланьне), у якой Марцiну Лютару давалася 60 дзён, каб ён адмовiўся ад сваiх словаў, i загадвалася спалiць усе ягоныя творы. Але абвесьцiць гэтае пасланьне папскiя легаты (пасланьнiкi) змаглi толькi ў некаторых гарадах. У Майнцы, Ляйпцыгу, Кёльне не было пра гэта нават гаворкi, бо яны ледзь уцяклi ад абуранага натоўпу. А 20 сьнежня 1520 году ля брамы Вiтэнбэргу Лютар, акружаны ўсхваляванымi студэнтамi, выкладчыкамi i месьцiчамi, кiдае ў вагонь папскае пасланьне. Вясною 1521 году Марцiн Лютар па загаду iмпэратара зьявiўся на Вормскiм сойме (сходзе нямецкiх князёў i прадстаўнiкоў гарадоў). Ад яго зноў запатрабавалi адрачэньня ад сваiх тэзiсаў. Тады Лютар, нагадаўшы, што папа i саборы неаднойчы памылялiся, абвесьцiў, што калi яго не пераканаюць на падставе Бiблii, ён не адмовiцца ад выказаных думак: "На гэтым я стаю, я не магу iнакш. Няхай дапаможа мне Бог". Iмпэратар нiчым ня змог аспрэчыць рэфарматара, аднак прысудзiў яго на выгнаньне. Тады саксонскi курфюрст Фрыдрых Мудры, якi спрыяў Лютару, схаваў яго ў замку Вартбург. Там Марцiн Лютар пачаў сваю працу над перакладам Бiблii на нямецкую мову. У верасьнi 1522 году зьявiўся ў продажы Новы Запавет у яго перакладзе. Нягледзячы на вялiкi наклад i завялiкую цану ў паўтары дукаты, усе асобнiкi раскупiлi за два месяцы, i каб хоць неяк задаволiць попыт, на працягу двух гадоў выйшла 70 выданьняў гэтага перакладу. У 1534 годзе зьявiлася поўная Бiблiя на нямецкай мове. Яе папулярнасьць была такой вялiзарнай, што нават каталiцкiя друкарнi выдавалi гэты пераклад. Да сёньняшняга дня Бiблiя ў перакладзе Марцiна Лютара зьяўляецца найпапулярнейшым нямецкiм перакладам Сьвятога Пiсьма. Больш таго, гэты пераклад стварыў i ўнармаваў сучасную нямецкую мову, зьяўляючыся найбольшым нямецкiм празаiчным творам. Але ня толькi перакладамi i рэлiгiйнымi трактатамi Марцiн Лютар абнаўляў царкву. Ён пiсаў таксама песьнi, якiя сьпявалi па ўсёй Нямеччыне i за яе межамi. Ягоныя псальмы распаўсюджвалi Эвангельле хутчэй за ягоныя пропаведзi. Марцiн Лютар зрэфармаваў таксама лiтургiю, праводзячы яе на нямецкай мове i ставячы ў яе цэнтры пропаведзь Слова Божага. Вучэньне Лютара можна абагульнiць наступнымi прынцыпамi: 1. Sola gratia — толькi ласка Божая. Чалавек сваiмi ўласнымi намаганьнямi нiяк ня можа заплацiць за свае грахi. Бог Сам вырашыў гэтую праблему, паслаўшы Свайго Сына Iсуса Хрыста, Якi Сваёй сьмерцяй заплацiў за кожнага грэшнiка. Чалавек нiчым не заслужыў свайго выратаваньня, гэта iнiцыятыва мiласэрнага Бога. 2. Sola fides — толькi вера. Адказам чалавека на Божую iнiцыятыву павiнна быць вера. Вера — гэта прыняцьцё таго, што Бог ужо зрабiў для кожнага чалавека. Чалавек сам па сабе ня можа быць праведным. Праведнасьць зьяўляецца дарам ад Бога, якi прыходзiць толькi празь веру. 3. Sola Scriptura — толькi Сьвятое Пiсьмо. У Бiблii Бог адкрывае Свой плян, якi мае для кожнага чалавека i для сьвету. Бiблiя зьяўляецца адзiным крытэрам, якi паказвае Божыя стандарты для кожнай сфэры жыцьця чалавека. 4. Sola Christo — толькi Хрыстос. Няма iншага шляху выратаваньня чалавека, як толькi вера ў Iсуса Хрыста. Верыць у Хрыста — гэта значыць iмкнуцца жыць жыцьцём Сына Божага. Насьлядаваньне Хрыста зьяўляецца сутнасьцю хрысьцiянскага жыцьця. Рэформы, пачатыя Марцiнам Лютарам, ахапiлi ўсю Эўропу. У 1526 годзе Альбрэхт Гогенцольлерн абвесьцiў лютаранства афiцыйным веравызнаньнем Прусii. У гэты самы час Швэцыя вяла змаганьне за вызваленьне ад дацкага панаваньня, i змагары за незалежнасьць iшлi пад штандарамi Рэфармацыi, ствараючы лютаранскую царкву ў сваёй краiне. У 1529 годзе нямецкiя князi на iмпэратарскiм сойме ў Шпэеры выступiлi з пратэстам супраць пастановаў, скiраваных на забарону рэфармацыйнага руху. З гэтага часу пасьлядоўнiкаў Рэфармацыi сталi называць пратэстантамi. У 1518 годзе рух Рэфармацыi ахапiў Швайцарыю. Гэтая горная краiна ўяўляла сабою саюз вольных кантонаў, кожны зь якiх быў малою рэспублiкаю. З тых часоў, калi швайцарцы, абараняючы незалежнасьць сваёй краiны, разьбiлi славутыя аддзелы бургундзкiх рыцараў, усе эўрапейскiя валадары запрагнулi мець у сваiм войску швайцарскую пяхоту. Маладыя людзi з альпiйскiх вёсак iшлi ў чужаземныя войскi i сотнямi гiнулi на палях бiтваў. Лямантам у пустынi стаў голас Ульрыка Цвiнглi, патрыёта i рэфарматара, якi з амбоны катэдральнага касьцёлу ў Цюрыху выступiў супраць наёмнай службы, нязгоднай з хрысьцiянскай маральнасьцю. Абвяшчаючы, як i Лютар, збаўленьне празь веру, Цвiнглi выступiў таксама супраць iндульгенцыяў, заклiкаючы выгнаць з гораду тых, хто прадае адпушчэньне грахоў, як ашуканцаў i махляроў, i сьцьвердзiў, што толькi Бiблiя ўтрымлiвае прынцыпы, абавязковыя для кожнага хрысьцiянiна. У хуткiм часе рада Цюрыху абвесьцiла пра пераход кантону на бок Рэфармацыi. Замест незразумелай лацiны ў царкоўных пропаведзях загучала родная мова. Цюрыхскiя цэрквы пазбавiлiся алтароў, абразоў, статуяй i сталi дамамi малiтвы. Надаючы царкве першасны вобраз, Цвiнглi арганiзаваў самакiраваньне ў царкоўных супольнасьцях. Рэформы Цвiнглi прынялi найбольш перадавыя кантоны Бэрн, Базэль, Цюрых. Але спроба распаўсюдзiць Рэфармацыю на ўсю краiну сустрэла ўпарты супрацiў так званых «старых» кантонаў, якiя мелi немалы даход з наёмнай службы швайцарцаў. Спрэчка пра веру сталася спрэчкаю пра далейшыя шляхi разьвiцьця краiны. Гэта прывяло да вайны. 12 сьнежня 1531 году ў бiтве пры Капэлi цюрыхскi аддзел у 1 800 ваяроў быў разьбiты 8-тысячнай армiяй, сабранай старымi кантонамi. Паранены Цвiнглi трапiў у рукi ворагаў, якiя прапанавалi яму захаваць жыцьцё, калi ён вырачацца сваёй веры, але Цвiнглi адмовiўся i быў забiты. Аднак сьмерць Цвiнглi не спынiла Рэфармацыю ў Швайцарыi. Яе працягнуў iншы рэфарматар — Жан Кальвiн. Пакаяўшыся ў 1534 годзе, ужо ў 1536 годзе ён скончыў трактат "Хрысьцiянскае выхаваньне", названы гiсторыкамi "кнiгаю, якая мела найбольшы ўплыў на тэалёгiю ў гiсторыi Царквы" i "клясычным тэкстам францускай мовы". Жан Кальвiн вярнуў хрысьцiянству праўду, што кожны чалавек створаны Богам для нейкай канкрэтнай мэты, i сэнсам яго жыцьця зьяўляецца знайсьцi i рэалiзаваць Божы плян. Грэх зрабiў чалавека няздольным ажыцявiць сваё прызначэньне, але Хрыстос вызвалiў яго з гэтай няволi i даў яму шанец рэалiзавацца. Толькi дзякуючы веры ў Хрыста чалавек можа стаць самiм сабою i дасягнуць сваёй мэты. У тым жа 1536 годзе Кальвiн быў запрошаны ў Жэневу, вялiкi горад, поўны распусты i п'янства. Два гады змагаючыся з немаральнасьцю i духоўнай абыякавасьцю жэнеўцаў, рэфарматар адмовiўся рабiць ламаньне хлеба, калi жыхары гораду не пакаюцца ў сваiх грахах. Рада Жэневы ў адказ пастанавiла выгнаць занадта радыкальнага прапаведнiка. Аднак праз тры гады жэнеўскiя месьцiчы зноў запрасiлi Кальвiна да сябе, i ў хуткiм часе сьвет убачыў прыклад зрэфармаванага гораду. Вулiцы Жэневы сталi бясьпечныя нават уначы, i iдучы па iм, ня трэба было баяцца, што нехта вылье памыi на галаву або пачне чапляцца нейкi п'янiца. Апошнi шынок, дзе прадавалi вiно гарадзкiм алькаголiкам, зачынiўся тры гады таму, а ягоны гаспадар зьехаў у Францыю, дзе людзям яшчэ патрэбна вiно, каб уцячы ад праблемаў у сям'i цi ад безнадзейнасьцi жыцьця. Каля кожнага дому чыста прыбрана, бо кожная вулiца мае адказнага, якi глядзiць за парадкам i мае права штрафаваць таго, хто ператварае сваё жытло ў сьметнiк. Квартал гарадзкой басоты цяпер не пазнаць: адзiн стаў майстрам, другi працуе ў друкарнi, а Жан Дзiвак стаў банкiрам. Банк яго пакуль што невялiкi, але хто ведае, што будзе праз пару дзесяткаў гадоў. Кожны грош палiчаны i не iдзе абы-куды, але пускаецца на разьвiцьцё справы. У нядзелю горад пусьцее, бо кожны сьпяшаецца ў царкву, трымаючы пад пахаю Бiблiю. Сваiм вучэньнем Жан Кальвiн iмкнуўся выхаваць моцных людзей, якiя не хiстаюцца, але супрацоўнiчаюць з Богам i выконваюць Яго волю. Дзеля гэтага на пропаведзях ён вучыў карыстацца бiблiйнымi прынцыпамi ў штодзённым жыцьцi, дзеля гэтага заклаў у Жэневе мноства пачатковых школаў i адкрыў Акадэмiю, дзеля гэтага арганiзаваў жыцьцё царквы так, каб кожны вернiк нёс адказнасьць за яе служэньне. Чэрпаючы зь Бiблii iдэалы самакiраваньня, Кальвiн вучыў, што каралi пастаўленыя Богам над народам як кара за чалавечыя грахi, i сьцьвярджаў, што Бог можа навучыць народных прадстаўнiкоў абыйсьцiся без манарха i, узяўшы ўладу ў свае рукi, рабiць Божыя справы. Ня дзiўна, што ўдзельнiкi вайны за незалежнасьць Галяндыi, змагары Слаўнай рэвалюцыi 1648 году ў Англii, перасяленцы ў ангельскiх калёнiях у Паўночнай Амэрыцы называлi жэнеўскага рэфарматара сваiм духоўным бацькам. Ягоныя iдэi сталiся асновай сёньняшняга грамадзтва, таму гiсторыкi ў адзiн голас называюць Кальвiна "заснавальнiкам новай цывiлiзацыi". Рэфармацыя кардынальна зьмянiла аблiчча Эўропы. Калi ў Сярэднявеччы паўночныя краiны былi без параўнаньня больш бедныя i адсталыя, чым Iталiя, Францыя, Гiшпанiя, то пасьля Рэфармацыi ўсё стала дакладна наадварот. Паўночныя краiны, прыняўшы Рэфармацыю, пачалi iмклiва разьвiвацца, i ня гледзячы на менш спрыяльныя прыродныя ўмовы, хутка багацелi, а краiны Паўднёвай Эўропы паступова ставалiся беднымi i адсталымi на фоне сваiх паўночных суседзяў. Шэраг нямецкiх земляў, а таксама Швайцарыя пачалi перажываць iмклiвы эканамiчны ўздым. Галяндыя, напалову затопленая, зьнiшчаная саракагадовай вайной за незалежнасьць, ужо празь пяцьдзесят гадоў становiцца цэнтрам мiжнароднага грашовага рынку, дзяржавай, зь якой усе мусяць лiчыцца. У Швэцыi ўцекачы-пратэстанты зь iншых краiнаў Эўропы сталi распачынальнiкамi эканамiчных i палiтычных пераўтварэньняў, якiя стварылi з краiны дзiкiх вiкiнгаў адну з самых уплывовых дзяржаваў. У Англii Слаўная рэвалюцыя 1648 году, асноўнай сiлай якой былi пурытане — ангельскiя кальвiнiсты, стала пачаткам сусьветнага панаваньня Брытанii. Пазьней рух мэтадыстаў прадухiлiў у Англii паўтарэньне падзеяў Францускай рэвалюцыi 1789 году i зрабiў Англiю "майстэрняй сьвету". Фэнамэнальная гiсторыя Злучаных Штатаў Амэрыкi непарыўна зьвязаная зь дзейнасьцю эвангельскiх мiсыянэраў i разьвiцьцём эвангельскiх цэркваў. Сацыёлягi сьцьвярджаюць, што фармаваньне рынкавай эканомiкi бярэ свой пачатак з Рэфармацыi, якая сфармавала так званую "пратэстанцкую этыку", паводле якой каштоўнасьць чалавека вызначаецца якасьцю яго працы. Такi падыход да працы стварыў падставы сёньняшняга дабрабыту заходняй цывiлiзацыi. Адзiн з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносiнах з Богам, якiя базуюцца на чытаньнi i разуменьнi Бiблii кожным чалавекам, таму разьвiцьцё Рэфармацыi выклiкала дынамiчны рост колькасьцi навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква iмкнулася мець школу, у якой бы дзецi i дарослыя вучылiся чытаць, пiсаць, лiчыць i г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краiнай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўнi. З Рэфармацыi таксама бярэ свой пачатак такая навука як пэдагогiка. Ян Амос Каменскi, прапаведнiк i настаўнiк, увёў тыя прынцыпы, на якiх трымаецца сучаснае навучаньне, напрыклад: "Настаўнiк павiнен вучыць ня столькi, колькi ён можа, а колькi вучань можа зразумець". Каб дзецi лепш маглi ўспрыняць матэрыял, ён першы пачаў выкарыстоўваць малюнкi ў навучальным працэсе. Чытаючы Бiблiю, многiя адукаваныя людзi XVI–XVII стагодзьдзяў зьвярнулi ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, разьвiваў i абрабляў той сьвет, у якiм ён жыве. Гэта дало пачатак разьвiцьцю прыродазнаўчых навукаў. Дацкi астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Ўнiборгу найлепшую ў Эўропе абсэрваторыю, якая стала навуковым цэнтрам Данii. Дзякуючы гэтаму, Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамiчныя вылiчэньнi i склаў каталёг тысячаў зорак. На аснове гэтых дасьледваньняў нямецкi вучоны Ёган Кеплер, якi прысьвяцiў сваё жыцьцё пошуку матэматычнай гармонii, у адпаведнасьцi зь якой Бог стварыў сусьвет, адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, канчаткова давёўшы гелiяцэнтрычную будову Сонечнай сыстэмы i стаўшы адным з пачынальнiкаў сучаснай астраномii. Нямецкi батанiк Фукс даў навуцы найбольш шырокую i сыстэматызаваную батанiчную намэнклятуру. Ангельскi фiлёзаф Фрэнсiс Бэкан, якi лiчыў неабходным аднавiць панаваньне чалавека над прыродай, страчанае ў вынiку грэхападзеньня, стаў адным з заснавальнiкаў мэтаду навуковага экспэрымэнту, якi прадвызначыў iмклiвае разьвiцьцё навукi ў наступных стагодзьдзях. У пазьнейшыя часы iдэi, народжаныя з чытаньня Слова Божага, натхнялi матэматыка Готфрыда Ляйбнiца i фiзыка Iсаака Ньютана. Менавiта вяртаньне хрысьцiянскага сьвету да Бiблii дало пачатак астраномii, фiзыцы, хiмii, батанiцы, анатомii i iншым навукам, безь якiх немагчыма ўявiць сучасную цывiлiзацыю. Да часоў Рэфармацыi адносiцца ўзьнiкненьне паняцьцяў, якiя сёньня вядомыя як агульначалавечыя каштоўнасьцi. Свабода сумленьня, свабода слова, права на жыцьцё, права на адукацыю i многiя iншыя сягаюць сваiмi каранямi ў XVI стагодзьдзе. Нельга не заўважыць уплыву Рэфармацыi i на нацыянальнае разьвiцьцё народаў. Кожны раз прыняцьцё iдэяў Рэфармацыi суправаджалася нацыянальным уздымам, вяло да незалежнасьцi, як у выпадку Галяндыi цi Швэцыi, або падымала нацыянальную культуру, мову на дзяржаўны ўзровень, як гэта было ў Нямеччыне, Францыi, Англii. Адным з прынцыповых патрабаваньняў рэфарматараў заўсёды было патрабаваньне шырокага ўжываньня роднай мовы. Можна з упэўненасьцю сказаць, што тое грамадзтва, у якiм мы сёньне жывем, тая культура, тая тэхнiка, якiя нас атачаюць, сталi тым, чым ёсьць, дзякуючы Рэфармацыi. Рэфармацыя распачала працэсы, якiя зьмянiлi сьвет, менавiта яна стала пачаткам пэрыяду, названага гiсторыкамi Новым Часам. |
||
|