"Залаты век Беларусi (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Акиньчиц Станислав)Уздоўж Вiльлi i НёманаВялiкi рух Рэфармацыi, якi ахапiў у XVI стагодзьдзi Эўропу, не абмiнуў i Вялiкае Княства Лiтоўскае, беларускую дзяржаву, пачаткi якой губляюцца ў трывожным XIII стагодзьдзi. У 1242 годзе тумэны Бату-хана ператварыўшы ў пустыню Ўладзiмiра-Суздальскую Русь, прайшлi вогненым катком праз Кiеўшчыну, Валынь, Паўднёвую Польшчу i Вэнгрыю, пакiдаючы пасьля сябе папялiшчы гарадоў i зарастаючыя маладым лесам палi. У гэтай сытуацыi беларускiя княствы, якiх не закранула яшчэ татарская навала, пачалi аб'ядноўвацца. Цэнтрам новага дзяржаўнага ўтварэньня стала Лiтва, пушчанскi край ў ваколiцах Наваградка, дзе ўжо даўно жылi разам, то ваюючы, то сваячачыся, славяне i балты. Каля 1250 г. Мiндоўг, абраны наваградзкiм князем, пашырыў сваю ўладу аж да Менску. Здольны дыплямат i мудры ваявода, у 1253 г. ён быў каранаваны ў Наваградку папскiм легатам, i такiм чынам нэўтралiзаваў небясьпечнага ворага на паўночным захадзе — Тэўтонскi ордэн. Зьяўленьне магутнай улады ў Верхнiм Панямоньнi занепакоiла суседзяў, i празь некалькi гадоў да межаў Беларусi пацягнулiся незьлiчоныя татарскiя орды хана Бурундая. Перш чым iсьцi на Наваградак, Бурундай запатрабаваў пад пагрозай вайны Галiцка-Валынскаму княству зруйнаваць усе ўмацаваньнi вакол гарадоў, i князю Данiле Галiцкаму прыйшлося зрабiць гэты самагубчы крок, бо хто ж мог супрацьстаяць татарам. Але паход Бурундая на Лiтву (так у старажытнасьцi называлi беларускiя землi) не прынёс Ардзе перамогi. Спустошыўшы Случчыну i Наваградчыну, Бурундай ня змог падпарадкаваць беларускiя княствы i адыйшоў назад у прычарнаморскiя стэпы. З тых часоў засталiся ў народзе паданьнi пра бiтвы з татарамi пад Койданавым i Магiльным. Пасьпяхова адбiўшы татараў, наваградзкае княства пачало падпарадкоўваць сабе балцкiя плямёны ўздоўж Вiльлi, i прэтэндаваць на Жамойць, змагаючыся пры гэтым з Тэўтонскiм ордэнам. Адначасова шляхам дамовы "Старыны ня рухаем, навiны ня ўзводзiм" да Наваградку далучылiся Полацак, Вiцебск, Тураў, Пiнск. Новая дзяржава, якая атрымала назву Вялiкае Княства Лiтоўскае, ад самага пачатку карысталася наваградзкiм гербам Пагоня — на чырвоным полi срэбны вершнiк з узьнятым мячом. На беларускiх землях «пагоняй» называлася склiканьне баярства на вайну, усеагульнае апалчэньне. У першай палове XIV стагодзьдзя Вялiкае Княства Лiтоўскае аб'яднала практычна ўсю Беларусь i частку Жамойцi, пастаянна адбiваючы напады крыжакоў з захаду i поўначы i татараў з усходу i поўдня. У 1323 годзе вялiкi князь Гедзiмiн перанёс сталiцу дзяржавы з Наваградку ў Вiльню i пачаў будаваць мураваныя замкi ў паўночна-заходняй Беларусi (у Вiльнi, Наваградку, Лiдзе, Мядзелi), каб супрацьстаяць крыжацкiм нападам. Ягоны сын, Альгерд, у 1362 годзе разьбiў татараў у бiтве каля ракi Сiнiя Воды i вызвалiў з-пад iхняй улады ўкраiнскiя землi — Кiеўшчыну, Валынь i Падольле, паклаўшы пачатак заняпаду Залатой Арды. Вялiкае Княства Лiтоўскае стала адной з найвялiкшых i адной з магутнейшых дзяржаваў у Эўропе. У гэты час беларускiя землi канчаткова аб'ядналiся i замацавалi сваё цэнтральнае месца ў дзяржаве, у вынiку чаго, паводле вобразнага выразу Ф.Багушэвiча, Беларусь стала тут "як зерне ў гарэху". Пачынаючы з гэтага часу i аж да другой паловы XIX стагодзьдзя сучасная Беларусь называлася Лiтвою, а яе жыхары — лiцьвiнамi або людзьмi лiтоўскiмi, лiтвою. Справаводзтва пры двары вялiкага князя вялося на дзьвюх мовах: уся дакумантацыя, зьвязаная з Захадам, выконвалася на лацiне, а дакуманты, прызначаныя для ўласнай дзяржавы i ў адносiнах з усходнiмi суседзямi, пiсалiся як на лацiне, так i на царкоўнаславянскай мове, якая ў Вялiкiм Княстве выконвала тыя самыя функцыi, што i лацiна ў Заходняй Эўропе. Гэтыя мовы, па сутнасьцi, былi мёртвымi, але дазвалялi паразумявацца з усiмi навакольнымi народамi. Ужо ў сярэдзiне XIV стагодзьдзя ў граматах, пiсаных у Вiльнi цi Полацку на царкоўнаславянскай мове, заўважаюцца ўплывы жывой беларускай мовы, а на пачатку другой паловы XV стагодзьдзя старабеларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялiкага Княства Лiтоўскага. Сьмерць вялiкага князя Альгерда выклiкала крывавую мiжусобную барацьбу ў Княстве, у вынiку чаго вялiкiм князем лiтоўскiм стаў Альгердаў сын — Ягайла. Стаўшы на чале дзяржавы, Альгердавiч апынуўся ў досыць складанай сытуацыi, бо на паўночным захадзе ўзмоцнiлi свой наступ Тэўтонскi i Лiвонскi ордэн, захапiўшы Жамойць, з поўдня прыходзiлi трывожныя весткi з Арды, на ўсходзе пачыналiся першыя канфлiкты зь Вялiкiм Княствам Маскоўскiм, а на захадзе не сьцiхала спрэчка з Польскiм Каралеўствам пра Валынь. Апроч усяго Ягайла ня быў старэйшым сынам Альгерда i за вялiкакняскi пасад трэба было змагацца i са сваiмi роднымi братамi, i са стрыечнымi. Таму вялiкi князь лiтоўскi шукаў апiрышча ў саюзе з суседнiмi дзяржавамi, або з Масквой, або з Польшчай. Аднак ледзь пачаўшы перамовы з Дзьмiтрам Данскiм, Ягайла хутка адмовiўся ад гэтых крокаў, бо маскоўскi князь запатрабаваў ад Альгердавiча прызнаць сябе "малодшым братам" Масквы i ахрысьцiць у праваслаўе "ўсю Лiтву". Саюз з Польшчай выглядаў больш прывабным, бо дазваляў вялiкаму князю лiтоўскаму стаць адначасова польскiм каралём. У дадатак гэта давала магчымасьць сумеснымi намаганьнямi спынiць крыжацкую агрэсiю. Пасьля адпаведных перамоваў у 1385 г. у Крэве было падпiсанае пагадненьне аб дынастычнай вунii (аб'яднаньне, у якiм дзьве дзяржавы маюць аднаго караля). Ягайла са свайго боку абавязваўся хрысьцiць паводле каталiцкага абраду яшчэ ня хрышчаных лiцьвiнаў. Але Крэўская вунiя не прынесла супакою Княству, не задаволенаму падпiсанымi ўмовамi. На чале апазыцыi стаў стрыечны брат Ягайлы, Вiтаўт, якога падтрымлiвала значная частка беларускiх баяраў. Каб канчаткова не згубiць улады над Вялiкiм Княствам, Ягайла пайшоў на саступкi i прызнаў Вiтаўта вялiкiм князем лiтоўскiм. У 1410 годзе аб'яднаныя войскi Вялiкага Княства Лiтоўскага i Польскага Каралеўства пад Грунвальдам разграмiлi армiю Тэўтонскага ордэну. Краiна ўздыхнула з палёгкай. Скончылася перамогай амаль двухсотгадовая вайна, заходняя мяжа на стагодзьдзi стала самай спакойнай. Праз сто гадоў Тэўтонскi ордэн прызнае сваю васальную залежнасьць ад Польскага Каралеўства, а Лiвонскi ордэн стане галоўным экнамiчным партнёрам Княства, ягоная сталiца Рыга гандлёвай брамай для Беларусi ў Заходнюю Эўропу. Адносны супакой, якi панаваў у Вялiкiм Княстве ў сярэдзiне XV стагодзьдзя, а таксама шчыльны кантакт з Заходняй Эўропай перамянiў ваяўнiчых беларускiх баяраў у шляхту, якая ўсё больш займалася арганiзацыяй сваiх гаспадарак i пачынала сур'ёзна задумвацца аб сваiх правах. Грамата вялiкага князя Казiмiра ад 1447 году аб праве свабоднага выезду за мяжу на вучобу ва ўнiвэрсытэты i "для лепшаго счасьтя набытья" дазволiла дзесяткам i сотням ураджэнцаў Беларусi атрымлiваць вышэйшую адукацыю ў навучальных установах Кракава, Прагi, Вены, Падуi, Балёньi. Толькi на пераломе XV–XVI стагодзьдзяў у Кракаўскiм унiвэрсытэце вучылася 140 студэнтаў-лiцьвiнаў, сярод якiх быў i славуты Франьцiшак Скарына з Полацку. Усьлед за iншымi эўрапейскiмi краiнамi шляхта Вялiкага Княства пачала абмяжоўваць уладу манарха. У 1492 годзе вялiкi князь Аляксандар выдаў прывiлей, паводле якога «гаспадар» быў абавязаны весьцi дыпляматычныя зносiны зь iншымi краiнамi толькi па ўзгадненьню з панамi раднымi, у справах унутраных нiчога не адмяняць з таго, што было вырашана разам з радаю, бяз згоды яе членаў не рабiць прызначэньнi на дзяржаўныя пасады цi зьмяшчэньнi зь iх, распараджацца фiнансамi толькi пад кантролем рады. Такiм чынам дзяржаўную кампэтэнцыю гаспадарскай рады Вялiкага Княства Лiтоўскага можна параўнаць з кампэтэнцыяй сучаснага парляманту. Гэта была даволi прадстаўнiчая структура, у якую ўваходзiлi каталiцкiя бiскупы, ваяводы i кашталяны вiленскi i троцкi, канцлер, гетман, скарбнiк, маршалкi i iншыя прадстаўнiкi дзяржаўнага апарату Княства, разам каля 50 чалавек. У канцы XV стагодзьдзя аформiўся яшчэ адзiн прадстаўнiчы ворган дзяржаўнай улады — сойм, у склад якога ўваходзiлi паны-радныя, прадстаўнiкi вялiкакняскай адмiнiстрацыi i шляхта з усёй краiны. Спачатку ўся шляхта запрашалася на сойм, але пасьля было ўведзена прадстаўнiцтва — два дэпутаты ад павету, хоць нiякаму шляхцiчу не адмаўлялася права на асабiстую прысутнасьць на сойме. Вялiкае Княства Лiтоўскае нiколi не было жорстка цэнтралiзаванай дзяржавай. Асновай яго заўсёды была дамова памiж вялiкiм князем i канкрэтнай зямлёй. Так у Полацку i Вiцебску вялiкi князь ня меў права асабiста прызначаць ваяводу бяз згоды земскага сойму — сходу прадстаўнiкоў шляхты ваяводзтва. Большасьць беларускiх гарадоў карысталiся магдэбурскiм правам, гэта значыць правам на самакiраваньне, якое вызваляла горад ад суду i ўлады вялiкакняскiх ваяводаў. Беларусь уваходзiла ў XVI стагодзьдзе як эўрапейская дзяржава, якая жыла тымi самымi прынцыпамi, што i рэшта Эўропы. Але на ўсходзе паднiмалiся чорныя хмары. Маскоўская дзяржава, падпарадкаваўшы сабе апошнiх канкурэнтаў, Вялiкi Ноўгарад i Цьвер, усутыч падыйшла да межаў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Пасваячыўшыся праз шлюб з Палеолагамi, дынастыяй Бiзантыйскай iмпэрыi, якая перастала iснаваць пад ударамi туркаў, маскоўскi князь Iван III пераняў герб Бiзантыi (дзьвюхгаловы арол), i яе палiтычную дактрыну, абвесьцiўшы Маскву трэцiм Рымам, а сябе — "гасударом усяе Русi". Iван III так фармулюе сваю пазыцыю: "Ано не то адно наша отчiна, коi городы i волостi i ныне за намi, i вся Руськая земля, Кiев i Смоленск i iные городы… с Божьею волею iз старiны, от нашiх прародiтелей наша отчiзна". I гэта не былi толькi словы. Ад 1492 году ўсходняя мяжа становiцца самай неспакойнай мяжой Княства. Адна за другою пяць войнаў з Масквою спусташалi ўсходнюю Беларусь. Вялiкае Княства страцiла Вязьму, Смаленск, Чарнiгаў, Бранск. Аднак 8 верасьня 1514 году пад Воршаю 30-тысячнае беларускае войска, ведзенае гетманам Канстанцiнам Астроскiм, зьнiшчыла 80-тысячную маскоўскую армiю i на нейкi час спынiла агрэсiю. Як i ў-ва ўсёй Эўропе, у Беларусi на пачатку XVI стагодзьдзя царква i рэлiгiя зьяўлялiся адным з неабходных элемэнтаў жыцьця грамадзтва. Будынак праваслаўнай царквы або каталiцкага касьцёла быў мейсцам, дзе людзей хрысьцiлi, хавалi, дзе яны зьбiралiся ў нядзелi i сьвяты. Царкоўныя званы рэгулявалi жыцьцё навакольных паселiшчаў, папярэджвалi аб небясьпецы. Аднак, хаця хрысьцiянства не было навiною ў краiне, большая частка сялянаў, а таксама месьцiчаў i шляхты характарызавалася хутчэй рэлiгiйнай абыякавасьцю, чым гарачай пабожнасьцю, молячыся i ў царкве, i старым паганскiм багам. Праваслаўная царква ўвайшла ў новае стагодзьдзе яўна ня могучы даць адказ на выклiк часу. Духоўны ўзровень сьвятароў хутчэй адпiхваў людзей ад веры, чым прыцягваў да яе. "У нас яшчэ чытаюць старасьвецкiя саборнiкi, чытаюць пралогi, але iх ужо не разумеюць нi той, хто чытае, нi той, хто слухае", — прызнаваўся адзiн з рэлiгiйных дзеячоў таго часу. Дакуманты ў адзiн голас сьведчаць пра недастойнае жыцьцё духавенства: "Аще-лi кто вопрашает iх о кнiгах, то отвещают глаголющее: убозi есьмы, не имамы чым кнiг стяжатi. Ходят-же не яко убозi, но рiзы носяще светлы i блещащеся, расшiряюще воскрылья, шеi же яко у тельцов, на заколенiе упiтанных". Князь Канстанцiн Астроскi, сын знакамiтага ваяводы, з абурэньнем пiсаў да тураўскiх сьвятароў: "Вы не захоўваеце прыстойнасьцi згодна сана свайго… ходзячы па корчмах, пiцьцё бязь меры ўжываеце". Не нашмат лепшай была сытуацыя i ў каталiцкай царкве. Шляхта паўсюдна наракала на немаральныя паводзiны сьвятароў i iх неадукаванасьць. Гучным стаўся выпадак, калi адзiн зь бiскупаў заблытаўся i ня змог назваць падставовыя праўды веры. Жыгiмонт Аўгуст, малады вялiкi князь лiтоўскi, пiсаў у 1547 г. да кракаўскага бiскупа: "Яшчэ вельмi сьвежыя ў гэтым нашым Вялiкiм Княстве павевы хрысьцiянскай веры. Бо тут, па-за Вiльняй, цёмны неадукаваны народ аддае чэсьць боскую (ня кажучы ўжо пра iншыя забабоны) гаям, дубам, лiпам, ручаям, валунам, вужам, i прыносяць iм ахвяры, як супольныя, так i прыватныя". Сапраўды, павевы хрысьцiянства нават на пачатку XVI стагодзьдзя былi вельмi слабымi ў нашай краiне. Хоць праваслаўная царква была прысутнай у Беларусi ад часоў Рагнеды, яна ахапiла сваiм уплывам толькi частку насельнiцтва. Адначасова зь ёю ў гарадах дзейнiчалi каталiцкiя асяродкi. Але яшчэ ў канцы XIV стагодзьдзя Вялiкае Княства заставалася адзiнай нехрысьцiянскай дзяржавай у Эўропе. У 1413 г. Беларусь наведаў Геранiм Праскi, сябра i паплечнiк Яна Гуса. На працягу некалькiх месяцаў ён зьбiраў вялiкiя грамады слухачоў у Вiльнi, Полацку, Вiцебску, iншых гарадах, прапаведуючы iм Слова Божае, заклiкаючы жыць па веры. Неўзабаве з Чэхii ў Вiльню прыбыла дэлегацыя, запрашаючы вялiкага князя лiтоўскага стаць чэскiм каралём i падтрымаць гусiтаў у iх барацьбе за рэформу царквы. Вiтаўт прыхiльна прыняў пасланцоў i абяцаў дапамогу. У 1420 годзе пяцiтысячнае беларускае войска на чале з Жыгiмонтам Карыбутавiчам увайшло ў Чэхiю, здабыло замак Нэйстау i абвясьцiла ўладу Вiтаўта ў Чэскiм Каралеўстве. На працягу сямi гадоў лiцьвiны i чэхi разам змагалiся за права жыць паводле Эвангельля, адбiваючы крыжовыя паходы нямецкiх iмпэратараў. Калi ваяры Карыбутавiча вярнулiся ў Беларусь, многiя зь iх, прыняўшы ў Чэхii iдэi Яна Гуса, пачалi распаўсюджаваць iх у сябе на радзiме. Пазьней да iх далучылiся тыя, хто атрымлiваў адукацыю ў Праскiм унiвэрсытэце. Такiм чынам, пасьлядоўнiкi Яна Гуса прапаведвалi ў Беларусi, пачынаючы з часоў Геранiма Праскага. Недзе каля 1490 году папа рымскi Сыкст IV усталяваў iнквiзыцыю ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, надаючы ёй права далучэньня да каталiцкай царквы герэтыкоў i схiзматыкаў. Пад схiзматыкамi тут разумелiся праваслаўныя, а пад герэтыкамi — гусiты, бо iншага руху, «герэтычнага» у вачах рымскай царквы, у Беларусi ў той час не iснавала. На самым пачатку Рэфармацыi ў Беларусi мы бачым вызнаньне чэскiх братоў, якое спачатку аддзялялася ад iншых рэфарматараў, але хутка злучылася з вызнаўцамi кальвiнiзму. Аднак сапраўдным пачаткам Рэфармацыi для Беларусi стала выданьне доктарам Франьцiшкам Скарынаю з Полацку перакладу Бiблii на тагачасную беларускую лiтаратурную мову. У той самы год, калi ў Вiтэнбэргу Марцiн Лютар абвесьцiў 95 тэзiсаў супраць iндульгенцыяў, у Празе доктар лекарскiх навук пачаў друкаваць асобныя кнiгi Старога Запавету. У прадмовах Скарына пiсаў: "Прото я, Францiшек, Скорынiн сын с Полацька, в лекарьскых науках доктор, разумея сее, iже без страху Божiя, без мудростi i без добрых обычаев не ест мощно почстiве жiтi людем посполiте на землi, казал есмi тiснутi Прытчi iлi Прысловiя…рускiя языком напред ко чтi i к похвале Створiтелю, Спасiтелю, Утешiтелю Богу в Троiце едiному… потом людем простым абы, научывшыся мудростi, добре жiвучы на свете, мiлостiвого Бога хвалiлi, по тому яко же прiлежыть на велiкую высокость i велеможность iменi Его святого". У той час "рускiм языком" называлася старабеларуская мова, у адрозьненьнi ад царкоўнаславянскай, званай «словенской». Беларуская Бiблiя, выдадзеная Скарынам, значна апярэдзiла падобныя выданьнi ў суседнiх народаў, стаўшы другой пасьля чэскай друкаванай Бiблiяй у славянскiм сьвеце. Што гэта значыла для Беларусi, яскрава сьведчыць такi прыклад. У Санкт-Пецярбургу, у бiблiятэцы Акадэмii навук, захоўваецца ўнiкальны, шыкоўна аздоблены помнiк кнiжнага мастацтва Беларусi пачатку XVI стагодзьдзя — Бiблiя на царкоўнаславянскай мове. Яе перапiсваў адзiн чалавек — Мацей з Тарапца, званы Дзесятым, на працягу пяцi гадоў: пачаў у 1502 годзе ў Вiльнi, а скончыў у 1507 годзе ў Супрасьлi. Кнiжны фалiянт Мацея Дзесятага па аб'ёму тэксту крыху пераўзыходзiць 23 кнiгi Бiблii, выдадзеныя на працягу 1517–1519 гадоў у Празе беларускiм першадрукаром. I хоць Скарына працаваў не адзiн, калi ўлiчыць тэхнiчныя цяжкасьцi пры падрыхтоўцы i выпуску кнiг друкарскiм спосабам, яго Бiблiю па выдатках чалавечае працы магчыма параўнаць з рукапiснай Бiблiяй 1507 году. Прыблiзна за такi самы час, калi Мацей Дзесяты перапiсваў адну кнiгу, Скарына змог падрыхтаваць да друку i выдаць некалькi сотняў камплектаў Бiблii. Паколькi наклад Скарынавых выданьняў сягаў паўтысячы асобнiкаў, агулам за два з паловай гады зь ягонай друкарнi ў Празе выйшла звыш 10 тысячаў кнiгаў. Такую бiблiятэку не змаглi б адолець сто перапiсчыкаў i за дзесяць гадоў. Скарына даў свайму народу Бiблiю на зразумелай мове, задавальняючы ў пэўнай меры кнiжны голад, якi iснаваў тады ў Вялiкiм Княстве, ды i ў-ва ўсёй Усходняй Эўропе. Захавалася перапiска памiж пiсарам вялiкага князя лiтоўскага Якубам i маскоўскiм дойлiдам Ярмолiчам, якiя жылi напрыканцы XV ст. Якуб прасiў свайго маскоўскага прыяцеля прыдбаць для яго Пасланьнi апостала Паўла, на што той даў адказ, што патрэбных кнiгаў купiць гатовымi ён ня змог, i абяцаў замовiць iх у "дабрапiсцаў". Калi нават вялiкакняскi пiсар адчуваў дэфiцыт кнiгаў i шукаў iх за мяжою, то набыць Бiблiю шляхцiчу цi месьцiчу было яшчэ цяжэй. У такiх умовах ужо толькi друкаваньне Бiблii само па сабе было рэфарматарскiм крокам. Сучаснiк Скарыны, каталiцкi кардынал Гозi, аднойчы сказаў: "Дазволiць народу чытаць Бiблiю — значыць даваць сьвятыню сабакам i кiдаць пэрлы перад сьвiньнямi". Пазыцыi прыхiльнiкаў Рэфармацыi i яе ворагаў у гэтым пытаньнi кардынальна розьнiлiся. Але Скарына ня толькi iмкнуўся зрабiць Бiблiю больш даступнай, ён прагнуў зрабiць яе як мага больш зразумелай чытачу. Палачанiн сьцьвярджаў неабходнасьць асабiстых адносiнаў чалавека з Богам, адмаўляў патрэбу ў «пасярэднiках» памiж Словам Божым i веручым, акцэнтаваў увагу на вывучэньнi Бiблii i жыцьцi згодна са Словам Божым, "понеже не толiко докторове i людi вченыi в нiх разумеють, но всякiй человек простый i посполiтый, чтучы iх iлi слухаючы, можеть поразуметi, что ест потребно к душному спасенiю его". Менавiта на людзей простых i паспалiтых зарыентаваныя прадмовы Скарыны перад кожнай з кнiгаў. У гэтых прадмовах доктар Франьцiшак даваў разнастайныя зьвесткi па гiсторыi, геаграфii, культуры, асаблiва што тычылася народаў Блiзкага Ўсходу. Найчасьцей свае прадмовы рэфарматар пачынаў з тлумачэньня назвы кнiгi i далей сьцiсла выкладаў яе зьмест: "Сiя кнiга Есфер называется еврейскiм языком Мьгiля, то ест лiсты iлi грамоты, пiшеть в ней найболей о том, яко Аман побрал лiсты от царя Асвера на побiтiе всех iудеев, i теже яко царiца Есфер выбавiла iх от побiтiя i выпросiла от царя лiсты протiвные". Апрача прадмоваў, перад кожным разьдзелам Бiблii быў надрукаваны так званы аргумант — кароткi зьмест разьдзелу. Iмкнучыся, як i iншыя дзеячы Рэфармацыi, навучыць чытачоў разумець Бiблiю, Скарына даваў на палях тлумачэньне незразумелых царкоўнаславянскiх цi грэцкiх словаў, а таксама параметры месцаў у Бiблii, дзе гаворыцца пра нешта падобнае: "Так же будь ведома, положiл есмi некоторые на сторонiцах в сей Псалтырi главы з розных кнiг, а то для того, абы знакомiто было iже всi iные светые пiсма згожаються с Псалтырею i одно на другое светчыть. А то, чтучы в тых кнiгах, iже суть главы на боцех опiсаны, знайдете. Так же положiл есмi на боцех некоторыi слова для людей простых, не рушаючы самое Псалтырi нi в чем же, яко суть онагрi i геродеево жылiще i хлябiе, i iные слова, которыi суть в Псалтырi неразумныi простым людем, найдуть iх на боцех рускiм языком, что которое слово знаменуеть. Теже розделiл есмi всi псалмы на стiхi по тому, яко ся в ыных языцех делiть". Нават памеры Скарынавых выданьняў сьведчаць, што рэфарматар друкаваў Бiблiю для штодзённага чытаньня людзей паспалiтых, а не для лiтургiчных мэтаў. Калi напрастольныя Эвангельлi ў той час рабiлiся "ў аркуш", то кнiгi Скарыны былi надрукаваны "ў чацьвёрку", г. зн. у чатыры разы меньшыя, а то i "ў васьмёрку", што рабiла iх зручнейшымi ў карыстаньнi. Нягледзячы на стрыманую, а часта адкрыта варожую пазыцыю праваслаўнага духавенства, Скарынавы пераклады шырока разыйшлiся па ўсяму Вялiкаму Княству, даючы магчымасьць сотням i тысячам лiцьвiнаў зразумець Слова Божае. Скарына сваёю дзейнасьцю падрыхтаваў зьмены ў сьвядомасьцi i характары мысьленьня сваiх суайчыньнiкаў, заклаў асновы ўздыму Рэфармацыi ў Беларусi ў сярэдзiне XVI ст. Праз сто гадоў вунiяцкi архiмандрыт Сялява, зьвяртаючыся да праваслаўных, пiсаў лiтаральна наступнае: "Перад вунiяй (Берасьцейскай 1596 г.) быў Скарына, герэтык гусiт, каторы для вас друкаваў у Празе кнiгi па-руску". Дарэчы, гэта адзiная ўзгадка ў дакумантах той эпохi, у якой гаворыцца пра веравызнаньне Скарыны. На працягу доўгiх гадоў сярод навукоўцаў не сьцiхаюць спрэчкi пра тое, кiм быў па веравызнаньню Франьцiшак Скарына з Полацку, католiкам цi праваслаўным, хоць аргумантацыя аднога i другога боку базуецца толькi на ўскосных довадах. Сам Скарына нiдзе ў сваiх творах не ўжываў словаў «каталiцкi» або "праваслаўны", ён заўсёды гаварыў пра хрысьцiянства. А ўсе крынiцы XVI ст., якiя нешта гавораць пра Скарыну, сьведчаць аб вялiкай рэфарматарскай дзейнасьцi беларускага першадрукара, нездарма Сялява называе яго "герэтыкам гусiтам". Калi ў мiсыйным запале Скарына павёз свой пераклад Бiблii ў Маскву, усе кнiгi па загаду маскоўскага цара былi спалены, бо праваслаўныя багасловы заявiлi пра ўплыў iдэяў Лютара на Скарынавы выданьнi. Празь некалькi дзесяткаў гадоў князь Андрэй Курбскi, якi ўцёк ад Iвана Жахлiвага ў Вялiкае Княства, рэзка крытыкаваў у сваiм лiсьце да Рыгора Хадкевiча, вялiкага гетмана лiтоўскага, пераклад Скарыны, вiнавацячы палачанiна ў "злачыннай сувязi" з Рэфармацыяй, у скажэньнi праваслаўнай веры i герэтычным мысьленьнi. Ён сьцьвярджаў, што Бiблiя Скарыны «растленна», пярэчыць "всем апостальскiм i святым уставам", i ў-ва ўсiм згодная зь Бiблiяй Марцiна Лютара. У 1530 г. вялiкi князь лiтоўскi Жыгiмонт Стары ў Вiльнi абвесьцiў першы дэкрэт супраць "лютаранаў i анабаптыстаў", у якiм забараняў пропаведзь антыкаталiцкiх поглядаў ня толькi публiчна, але i ў прыватных размовах, а таксама распаўсюджваньне кнiгаў падобнага зьместу. Гэты дакумант не называе нiякiх прозьвiшчаў, але пасьля абвяшчэньня дэкрэту Франьцiшак Скарына выехаў зь Вiльнi ў Каралявец да Альбрэхта Гогенцольлерна, якi ўжо аб'явiў лютаранства веравызнаньнем сваёй дзяржавы. Празь некалькi месяцаў мы зноў бачым Скарыну ў Вiльнi, але зь лiстамi ад прускага герцага да вiленскага ваяводы i вiленскага магiстрату, у якiх герцаг Альбрэхт просiць не чынiць крыўды доктару Франьцiшку з Полацку. Усе гэтыя факты яскрава паказваюць, што адным з тых "лютаранаў i анабаптыстаў", супраць якiх быў скiраваны вялiкакняскi дэкрэт, быў i беларускi першадрукар Франьцiшак Скарына. Уся дзейнасьць Скарыны — гэта перш за ўсё рэфарматарская дзейнасьць, накiраваная на аднаўленьне асабiстых адносiнаў чалавека з Богам. Усе прадмовы першадрукара прасякнуты iдэямi Рэфармацыi, прагненьнем вярнуць хрысьцiянаў да першакрынiцы — Бiблii. I таму абсалютна справядлiва мы можам назваць Франьцiшка Скарыну адным зь першых дзеячоў Рэфармацыi ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, распачынальнiкам беларускай Рэфармацыi. У сваiм жаданьнi вярнуць хрысьцiянству эвангельскае аблiчча, Скарына ня быў самотны. Ужо ў 1525 г. манах франьцiшканiн Станiслаў Рапегелан у Вiльнi прапаведваў вучэньне Марцiна Лютара. У хуткiм часе ён выехаў у Вiтэнбэрг, доўгi час быў вучнем самога Лютара i атрымаў ад яго ступень доктара тэалёгii, а пасьля вярнуўся ў Беларусь далей прапаведваць iдэi рэформы. Рэфармацыя пачала жыва цiкавiць месьцiчаў i шляхту, многiя зь якiх пазнаёмiлiся зь ёю пад час паездак за мяжу. Гэтаму ня змог зашкодзiць нi ўжо ўзгаданы вялiкакняскi дэкрэт у 1530 г., нi наступны падобны дакумант у 1538 г. У 1539 г. пры падтрымцы троцкага ваяводы Гаштоўта магiстар вызваленых навук Юры з Эйшышак спрабаваў заснаваць у Вiльнi лютаранскую школу, але гэта яму забаранiла капiтула (рада каталiцкiх сьвятароў). Але ў тым жа 1539 г. iншы выпускнiк Вiтэнбэрскага ўнiвэрсытэту, Абрагам Кульва, адкрыў школу, у якой вучылiся больш за 60 вучняў, перад усiм дзецi магнатаў i шляхты. Апрача таго, ён прапаведваў iдэi Лютара ў вiленскiм касьцёле сьвятой Ганны. Дзейнасьць Кульвы настолькi пашырыла эвангельскае вучэньне сярод жыхароў Вiльнi, што вiленскi бiскуп Павал Гальшанскi быў вымушаны зьвярнуцца да Жыгiмонта Старога з просьбай пра дапомогу ў спыненьнi распаўсюджваньня «сэктанцтва». У 1542 г. у новым дэкрэце кароль i вялiкi князь загадаў Кульве вырачыся сваiх поглядаў, а таксама пагражаў кожнаму шляхцiчу пазбаўленьнем шляхецкай годнасьцi i канфiскацыяй маёмасьцi ў выпадку, калi той будзе вызнаваць вучэньне Лютара, забараняў скiроўваць моладзь на вучобу ў Нямеччыну i запрашаць немцаў у якасьцi выхавацеляў i настаўнiкаў. Аднак нiякiя дэкрэты i рэпрэсii не маглi спынiць духоўнае аднаўленьне, i ўжо ў наступным годзе быў адменены закон, забараняўшы вучобу ў нямецкiх унiвэрсытэтах. |
||
|