"Адна ноч (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Быков Василь)Быков ВасильАдна ноч (на белорусском языке)Васiль Быкаў Адна ноч 1 "Юнкерсы" з'явiлiся раптоўна. Iх крыжастыя iмклiвыя ценi нечакана выслiзнулi з-за стромкiх, разбiтых мiнамi чарапiчных дахаў i абрынулi на горад iмпэтны грымотны рэў. Запаволiўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамi неба i, заўважыўшы, што ад блiжэйшага самалёта ўжо адвалiлiся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вулiцы. Некалькi доўгiх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы i рукаты баец у шапцы i цеснай старой гiмнасцёрцы, сцiснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулi ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спiну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка i звонка бразнула побач, i затым вулiца, шэрыя дамы i сквер патанулi ў вiхуры шызага пылу. "Паўтонная, не меней", - падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола лапацела - ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкi асфальту; у паветры пыльнымi струменямi церушыла зямля; паволi асядаючы, доўга матлялiся дробныя лiсткi акацый, шматкi паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму i рэву матораў прагрукацеў кулямёт - ад пашкрэбанага з балконамi дома насупраць сыпнула жарствой, i вялiкая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях, шалёна закруцiлася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлi пiкiроўшчыкi. Трэба было бегчы далей. У скверы мiж тоненькiх дрэўцаў ужо замiльгалi прыгнутыя спiны, нехта выскачыў з-за агароджы i адразу кiнуўся на другi бок вулiцы. Па цёмнаму лапiку на спiне Валока пазнаў сяржанта, аддзялённага з iхняга ўзвода. Узрадаваўшыся, што наперадзе чалавек, баец ускочыў i, прыгнуўшыся, падаўся следам. Сяржант у некалькi скачкоў перабег вулiцу i пад новы скогат бомбаў шаснуў убок, у падваротню. Валока ж трошкi адстаў, ззаду рванула, i калi, задыханы, ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасцi аж спаткнуўся: з двара на яго выскачылi два немцы. Валока ажно прысеў, але i немцы тут, вiдаць, не чакалi яго, пярэднi нешта гергетаў задняму, на iмгненне ў яго расшыраных вачах блiснуў спалох i здзiўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, цiскануў на спуск - аўтамат тузануўся, немец выпусцiў з рук карабiн i ляпнуўся тварам на брук. Яго новенькая блiшчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацiлася на тратуар. Куды знiк заднi, Валока не згледзеў. Будынкi зноў скаланулiся, захiсталiся ад блiзкiх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад'езд шуганулi клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкiнутую немцаву руку, на якой яшчэ торгалiся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, i кiнуўся ў нейкiя расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хiлiлася столь, i некуды ад парога ўнiз беглi прыступкi; спяшаючыся, Валока не патрапiў на iх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз iрванула, i, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру. Тут было цiха i цёмна. Засень i халодны бетон падлогi прыемна студзiлi яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцiшыўся, услухаўся, ступiў раз, другi, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамi i знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулi па нечых пыльных i яшчэ цёплых ад надворнае гарачынi ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузанулiся з-пад яго рук, i ў той жа момант нешта тупое i цяжкае гахнула яго ў спiну. Валока войкнуў, ухапiў ротам паветра i з усяе сiлы рвануў у цемру тыя ногi. Свядомасць разанула здагадка - немец! Вораг не ўтрымаўся, хiснуўся, але яго рукi паспелi ўхапiць Валоку за галаву i сашчапiлiся на шыi. Баец напружыўся, iрвануўся, ды марна. Вораг, сагнуўшы яго, гнуў голаў унiз i, шкрэбаючы па падлозе падкутымi ботамi, намагаўся апынуцца наверсе. Валока, крыху супакоiўшыся, ухапiўся за вопратку немца, напяўся i са злосцю падумаў, што лёгка яму не паддасца. Сам намацаўшы падэшвамi апору, ён усiм целам рынуў на ворага. - Ы-ых! Валока, задыхаючыся ад болю ў шыi, адчуў, як грукнулi аб бетон варожыя косцi. Ён цяпер апынуўся наверсе i кiдаў туды-сюды свае ногi - шукаў апору. Рукамi ж ён учапiўся ў варожыя рукi, што сцiскалi яго шыю, i пачаў выдзiраць з iх галаву. Праз хвiлiну цi меней, натужваючыся, як толькi можна было, i ледзьве адольваючы варожую сiлу, ён вызвалiў галаву, дужа падаўся наперад плячом i з натугай распластаў немца ў доле. Няпэўна яшчэ, але Валока адчуў, што сам дужэйшы за яго, цяжэйшы; толькi, вiдаць, той быў больш спрытны, бо не паспеў баец саўладаць з пругкасцю яго ўчэпiстых рук, як тыя зноў ухапiлi яго за горла. Немец гэта зрабiў нечакана i хвацка. Валока толькi крэкнуў ад неспадзеўкi i болю, на момант абвяў i разгубiўся, а немец крутнуўся пад iм, брыкнуў у бок нагамi i рвануўся наверх. - А-а-а! Сволач! Ы-ых! - хрыпеў Валока. Ён не ведаў ужо, як супрацiўляцца, i iнстынктыўна ўчапiўся ў тыя рукi, што сцiскалi яго шыю. Ён iрваў iх ад сябе, стараючыся разняць мёртвую хватку i не даць кiпцюрастым пальцам ашчаперыць глотку. Урэшце, выкручваючыся з апошнiх сiл на падлозе, Валока ўсё ж ададраў адну руку, але другая тады спаўзла нiжэй i ўчапiлася ў каўнер яго зашпiленай гiмнасцёркi. Баец пачаў задыхацца. Грудзi распiрала ад нястачы паветра, - здавалася, вось-вось хрусне горла, i Валоку апанаваў страх, што вось так недарэчна даў загубiць сябе. З роспачнай нечалавечай сiлай ён iрвануўся, як мог упёрся ў падлогу каленямi, напружыўся i дзвюма рукамi моцна крутнуў убок адну, найбольш учэпiстую руку ворага. Каўнер байца затрашчаў; зноў нешта глуха стукнулася аб падлогу, вораг засоп, размашыста шоргнулi па бетоннай падлозе ягоныя боты. Ад некалькiх роспачных рыўкоў палепшала; Валока вызвалiў шыю i, здаецца, пачаў асiльваць немца. Тады ў пачуццi шыбанула злосць i недзе ў свядомасцi мiльгануў люты намер забiць адразу ж, - ён набавiў сiлы. Баец цяпер зразумеў, што яму можа дапамагчы тут. Валтузячыся i сапучы, ён намацаў нагамi сцяну, зноў упёрся ў яе i пхнуўся ўсiм целам на ворага. Той зноў апынуўся ўнiзе Валока нешта замычаў ад зларадства i, усе больш заходзячыся ад лютасцi, урэшце дабраўся да варожае шыi. - I-i-i, э-э! - мычаў немец, i Валока адчуваў, што перамагае. Вораг прыкметна збавiў iмпэт i толькi абараняўся, хапаючыся за разлютаваныя Валокавы рукi i шалёна тузаючыся. Валоку, аднак, вельмi замiнала сумка з дыскамi, якая перакруцiлася на баку, трапiла пад немца i почапкай трымала яго, як на прьшязi. Пасля, змагаючыся, Валока зноў страцiў апору, у валтузнi недзе прапала сцяна; ногi шкрэблi па слiзкай падлозе, але баец з усяе сiлы трымаўся наверсе i не выпускаў варожае шыi. Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, iрвануў аберуч ягоныя рукi, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кiнуўся ўбок выгнутым целам. Толькi Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапiў пяцярнёй горла i цiскануў. Але ў той момант здарылася штосьцi страшнае. Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася i рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам i грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спiну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкiм смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалiлася i прыцiснула... Валока iнстынктыўна хiснуўся ад немца, ускiнуў над сабою рукi, затулiўся, бездапаможна падставiўшы абвалу потную, пабiтую спiну. Грымоцце, аднак, хутка спынiлася, сцiхнуў абвал, але ўсё Валокава цела скавалi цесната i цяжар. Нельга было нi выдыхнуць, нi варухнуцца, i толькi ў свядомасцi блiскала кароценькая i радасная думка: "Жывы". Але не было паветра, i ён задыхаўся ад пяску i нейкага смярдзючага ўдушша. Адчуўшы, што гiне, Валока рвануўся з тае магiлы; нешта туга, але падатлiва рассунулася над iм, ён шпарка задыхаў i расплюшчыў запарушаныя пяском, балючыя вочы. 2 Дзiва, як ён уцалеў. Навокал ужо не было ранейшай цемры, разам з ею знiк недзе i халаднаваты прастор склепа. Было душна, i скрозь грувасцiўся цагляны ды бетонны друз. Спачатку Валоку здалося, што выбухам ён адкiнуты кудысьцi з таго месца, дзе бiўся з немцам, але, угледзеўшыся ў прыцемкi, пазнаў абсыпаныя шчэбнем уцалелыя крутыя прыступкi, з якiх ён звалiўся сюды. Iх было толькi шэсць; вышэй разламаная бетонная плiта, як крыга ў паводку, касабочыла са столi i, упершыся рабром у лесвiцу, загароджвала выхад. З другога боку, наўкось ад Валокi, урэзалася канцом у завалены цэглай дол шырокая двухтаўровая бэлька. Яна была сагнута, - пэўна, ад выбуху, i калi б упала на якiх паўметра блiжэй, дык наўрад цi давялося б цяпер Валоку бачыць яе. Павярнуўшыся, баец вызвалiў ад завалля рукi, прыўзняўся, але ногi былi яшчэ моцна нечым прыцiснуты. Цi ён аглух, цi сапраўды было зусiм цiха, толькi ў вушах нешта вiсклiва, працягла i балюча звiнела. Пакрысе ён павярнуўся на бок i паспрабаваў устаць. Ногi, здаецца, уцалелi, рукi таксама, толькi адна вельмi балела ў плячы. Ссыпаючы з сябе пыл i абломкi, ён прыўзняўся на руках, выцягнуў з-пад друзу адну нагу, пасля другую i сеў. I тады з грудзей яго прарваўся сударгавы нястрымны кашаль. Валока аж захлiпаўся ад ўдушша, грудзi разрывалiся; пыл i пясок забiлi, мусiць, усе лёгкiя. Уздрыгваючы ўсiм целам, некалькi пакутных хвiлiн чалавек кашляў i адплёўваўся i пасля, калi палегчала, зноў агледзеўся наўкола. Так, яго добра завалiла тут. Завалiла лесвiцу i склеп, уцалеў толькi змрочны закутак за прыступкамi ды якiх метры са два ля выхаду. Той бок склепа, насупраць ад увахода, быў зусiм забiты цэглай, бетоннымi глыбамi; столь над iм скасабочылася, разламаўшыся на кавалкi, i з чорных шчылiн дзе-нiдзе тырчала ржавая арматура. З адной такой шчылiны ў паўзмрок сутарэння цадзiўся знадворку тоненькi мiльготкi праменьчык. У iм, роячыся, густа блiскалi пылiнкi, i ён ледзьве прабiваўся да долу, дзе клаў на цагляны зломак прыцьмелую плямку святла. Ад гэтай яго кволай спробы прабiць змрок i было тут трошкi вiдна. Паматаўшы галавой, Валока вытрас з вушэй пясок i ўчуў, як глухiмi ўздыхамi з-пад зямлi данеслiся сюды гукi вайны - выбухi, далёкi маторны гул i глухаватыя кулямётныя чэргi. Гэта насцярожыла i заклапацiла; падумалася, што трэба хутчэй вылазiць, бо рота, мусiць, ужо адышлася далека. Баец падняўся на ногi i, спатыкаючыся, пабрыў было да прыступак. Там ён агледзеўся, убачыў i выцягнуў з-пад шчэбня свой згублены аўтамат, рукавом выцер яго ад пылу. Тое, што знайшлася зброя, трохi супакоiла яго; чалавек аддыхаўся i адчуў, што болей за iншае балiць плячо. Упершыню ён успомнiў тады пра немца. Вядома, таму ўжо капец; прыбiла, напэўна, у куце; так, дзякаваць Богу, не давялося i душыць, падумаў Валока. Да немца, мёртвага, у байца злосцi ўжо не было. Угары зноў прыглушана загрукацелi чэргi, то наш "дзягцяр"; Валока пазнаў бы яго дзе хочаш. Гэта ўзбадзёрыла байца. Прыгнуўшы голаў, ён абмацаў навiслую над прыступкамi глыбу, паднатужыўся, паштурхаў, аднак нiчога нiдзе не кранулася. Мусiць, зверху яго тут добра прывалiла нечым. Але як жа тады выкараскацца? Пакутуючы ад болю, ён сышоў з прыступак, угледзеўся ў змрок пакарэжанага падстолля. Нiдзе нiякае дзiркi, нiякай адтулiны, здатнай для таго, каб можна было пралезцi. Зрушваючы абломкi цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу пад промнем i ў другiм месцы памацаў рукамi скасабочаную патрэсканую столь. Адзiн кавалак бетону кратаўся, але толькi ледзь-ледзь хоць i быў разламаны, ды ўсё ж трымаўся, пэўна, на арматуры. Валока зазiрнуў у шчылiну, але там, апроч добра асветленых на зломе тоўстых яе краёў, нiчога не было вiдаць. Што ж рабiць, - як вылезцi, няўжо няма нiякага ходу? А можа, трэба крыкнуць, паклiкаць на дапамогу? А калi тут паблiзу немцы? Хто ведае, цi ўтрымалi нашы той сквер? Такая бамбёжка, мусiць, дала немцам якую карысць. Ён злез з друзу, зазiрнуў у цёмны куток збоч лесвiцы - скрозь пыльнае цаглянае завалле. Колькi трэба перакапаць яго, каб дабрацца да якой праломiны! Дык што ж рабiць! Раптам на кучы цэглы i ламачча варухнуўся кавалак цаглiны. Пасля, крануты аднекуль знутры, заварушыўся друз i яшчэ некалькi кавалкаў ссунулася ўнiз. Валока здрыгануўся, сумеўся i ажно прыгнуўся, углядаючыся. "Вось табе i на!" без страху, поўны аднаго толькi здзiўлення, сказаў ён сабе. I у той жа час згледзеў край чорнага,акаймаванага галуном пагона, засыпанае глiнай плячо мундзiра, i раптам нечакана акрэслiўся дагэтуль не заўважаны ў паўзмроку твар немца. Яго немаладыя, вiльготнага бляску вочы чамусьцi вельмi напружана, быццам збянтэжана глядзелi на байца. Валока ўнутрана сцяўся ("Ах ты, пракляты, уцалеў!") i левай рукой падхапiў ствол аўтамата. Але былы страх знiк, цяпер баец не дужа i баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохi паўзiраўся ў байца i затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывiўся ад болю, вораг прастагнаў i немачна заплюшчыў вочы. "Забiць!" - блiснула думка. Валока прывычна скiраваў на ворага аўтамат, гатовы вось-вось нацiснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз i так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць i прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызвалiцца з-пад абломкаў. "Ну лезь, паспрабуй! Падыдзi! - казаў сабе баец, пiльна назiраючы за кожным аслабелым рухам ворага. - Вылезеш, тут жа i ляжаш!" Гэта быў чацвёрты вораг, якi трапiў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэлiў у сорак трэцiм пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакi. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзiўлена паглядзеў на Валоку i сцiх. З другiм давялося трохi пазмагацца. Баец даганяў яго ў акопе, той страляў з парабелума, паранiў яго сябра Макiўчука, - то быў нейкi афiцэр у фуражцы з кукардай, i Валока, загнаўшы яго ў тупiк, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад'ездзе. Цяпер вось гэты. Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Вакола чакаў, калi ён вылезе i што будзе потым. Толькi вылезцi яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цаглiны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывiўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зiрнуў на байца i зноў бяссiльна абвяў. "А, даняло, сабака!" - прабурчаў Валока, усе напружана сочачы за iм. Але аўтамат ён апусцiў. Немец пакутна торгаўся, разварушваючы драбязу i ўсё не могучы выдраць ногi, прываленыя нейкай бетоннай глыбай. Валока яшчэ пастаяў насупраць, назiраючы за марнымi намаганнямi ворага. Мусiць, ад таго, што немец страцiў ужо былую небяспеку для яго, паволi асядала ў байцу злосць i мякчэла, адступала кудысьцi рашучасць забiць. Немец застагнаў, апусцiў голаў, кусаючы вусны. "Пераломаны ногi, цi што?" - падумаў Валока. Бачачы, што немцу не выбрацца без дапамогi, ён неяк не ў лад са сваiм пачуццём ступiў блiжэй i, упершыся абцасам, адвалiў убок вялiзны пляскаты кавалак сцяны. Затым сам аж здзiвiўся, навошта зрабiў тое, - немец вальней заварушыўся, абапёрся аб дол рукамi i, схiлiўшы ўнiз галаву з разматлянымi пыльнымi космамi, паволi выцягваў з-пад друзу ногi. Ага!.. Цэлы... Ён ужо апынуўся на волi, але чамусьцi не спяшаўся скарыстаць яе, - мусiць, яго добра прыбiла ў часе абвалу. Тоячы ў душы супярэчлiвую, перамешаную са спачуваннем зласлiвасць, Валока стрымана назiраў за iм. Абапiраючыся рукамi на загрувашчаны дол, немец нейкi час сядзеў, не могучы, вiдаць, саўладаць са слабасцю i болем. Побач, сцяўшы над пераноссем запарушаныя пылам бровы, з аўтаматам напагатове чакаў Валока. Немец усё мацаў сваю нагу ў калене, варушыў ботам. Затым, нiбы чагосьцi здзiвiўшыся, зiрнуў на байца i ўслухаўся. Знадворку глуха даносiлася далёкая стралянiна; грымнула некалькi выбухаў; праз шчылiны ў столi сям-там прасеялася крыху пяску. Немец паглядзеў угору i, нiбы прыпамятаўшы штосьцi, таропка ўстаў i, кульгаючы, падаўся да лесвiцы. Валока не бачыў у яго нiякае зброi, ведаў, нiкуды яму не вырвацца адсюль, i таму спакойна сеў на цагляны зломак, з перавагай пазiраючы на ворага. Аўтамат ён трымаў мiж калень. "Ага, паспрабуй", - з'едлiва падумаў баец, гледзячы, як немец штурхае плiту над прыступкамi. Той рабiў гэта, вiдаць, з усяе сiлы, ззаду ў кароткiм разрэзе аж матлялiся канцы мундзiра, але плiты зрушыць не здолеў. Тады немец павярнуўся; на яго збянтэжаным твары было пытанне, але безудзельна спакойны выгляд Валокi, мусiць, даў яму зразумець, што выйсця адсюль няма. Ён вяла саступiў з прыступак i сеў, абхапiўшы рукамi нагу. Валока з прытоенай цiкавасцю агледзеў яго пакамечаную, абсыпаную пылам постаць з яфрэйтарскiм шаўронам на разадраным да локця рукаве i ўпершыню ўбачыў на яго баку кабуру. Гэта зацiкавiла i насцярожыла, з'явiўся новы клопат: што рабiць, калi вораг ажыў ды яшчэ ў дадатак да ўсяго i ўзброены? Немец тым часам, вiдаць, паволi спакайнеў, правай нагой спiхнуў з левай бот, закасаў штанiну i насоўкай пачаў перавязваць калена. Калена было скрываўлена, кроў паўзла i паўзла з нейкае невялiчкай, але вельмi крывацёчнае раны, i хутка насоўка стала ўшчэнт мокрая. Па ўсiм выглядзе немца нельга было заўважыць, каб ён збiраўся ратавацца ад байца або нападаць, i гэта супакойвала. Неяк мiжвольна пранiкшыся спачуваннем да яго болю, Валока адставiў убок нагу i намацаў у кiшэнi пацёрты, даўно ўжо ношаны там перавязачны пакет. Баец мог i не даваць яго: не так ужо i шкада яму было гэтага падбiтага гiтлераўца. Аднак нейкае чалавечае велiкадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба. Немец не чакаў, пэўна, гэтага, i пачак упаў у друз ля яго ботаў. Спярша салдат сумеўся, але затым зразумеў - погляд яго адразу праяснiўся. Ён нават буркнуў "данке" i, праз боль усмiхнуўшыся, дастаў пакет. Твар у яго быў ужо немалады, загарэлы лоб перарэзалi маршчыны,i над скронямi блiшчалi залысiны. На абсiвераных няголеных шчоках шархацела русявае шчацiнне. Валока ўсё глядзеў на ворага, не ведаючы, што рабiць далей, i толькi iнстынктыўна адчуваючы, што трэба асцерагацца. Немец вышэй закасаў штанiну i пачаў ашчадна абкручваць бiнтом калена. У гэтым занятку ён мерна гойдаўся, раз-пораз падстаўляючы святлу са шчылiны зашчацiненую шчаку з шырокiм косым рубцом каля вуха, - мусiць, колiшнiм следам асколка. Валока ўбачыў тое i сам сабе ўсмiхнуўся: гэткi ж самы рубец насiў i ён на левым баку - то была памятка баёў пад Курскам. Немец вiдавочна ачуньваў i насцярожаным позiркам шэрых вачэй зрэдку пазiраў на байца. Але доўга разглядваць адзiн аднаго iм не давялося. Зямлю пад нагамi зноў затаўклi выбухi, - напэўна, то смалянула "кацюша" або шасцiствольны нямецкi мiнамёт. Зварухнуўшыся, абодва яны схiлiлi галовы i ўслухалiся. Немец застыў з нацягненым ля нагi бiнтом i чакаў, утаропiўшы позiрк у пакарэжаную столь склепа. Але выбухi паволi зацiхлi, асыпалiся апошнiя пасмы пяску са шчылiн, i зноў стала цiха i глуха. Адзiн толькi праменьчык косаю дымчатаю паскай скупа цадзiўся ў паўзмрок падзямелля. Валока заварушыўся: трэба ж было нешта рабiць, як вылазiць. I прыпёрла ж яшчэ гэтага немца! Але ён быў пабiты i, здаецца, дбаў толькi пра свой боль. Мабыць, таму галоўны Валокаў клопат, як вылезцi, на нейкi час прыцiшыў у iм страх перад немцам. "Хай спрабуе", - падумаў баец, маючы на ўвазе нечаканы напад. Ён трымаў у руках аўтамат, адчуваў у сабе сiлу i спадзяваўся на яе. Да таго ж Валока бачыў побач не якога там загадкава драпежнага фашыста, а пажылога ўжо, пабiтага i ўезджанага вайной чалавека. Хоць немец i маўчаў, аднак няцяжка было меркаваць, што ён адчуваў цяпер, i толькi яго салдацкая форма не давала Валоку забыцца, што гэта вораг. Засцярожлiва пазiраючы спадылба, баец уздзеў на плячо аўтамат i, спатыкаючыся, палез па друзу пад паўразбураную, паламаную столь. Трэба было шукаць нейкае выйсце. 3 Шчылiны на зломах у бетоне былi дзе-нiдзе шырокiя, у iх можна прасунуць пальцы, але ўхапiцца не было як. Задраўшы ў падстолле твар, Валока як-колечы спрабаваў расхiстаць абломак, ля якога цадзiўся промень, штурхнуў яго ўгору i пацягнуў на сябе. З шчылiны пасыпаўся пясок i жарства, баец адхiнуў убок твар i яшчэ больш напяўся, каб як-небудзь разварушыць плiту. Увесь час ён не забываўся пра немца ўнiзе i, ледзьве скасiўшы вочы, адчуваў i бачыў кожны яго рух на прыступках. Немец спачатку цiкаўна глядзеў на марныя байцовы спробы, затым не дужа ўпэўнена ўстаў. Валока адразу кiнуў плiту i ўзяўся за аўтамат. Але вораг у другi раз амаль добразычлiва ўсмiхнуўся i трахнуў на рамянi кабуру. - Найн, найн, - заспакоена прагаварыў ён, махнуўшы прытым рукой. Здаецца, кабура ў яго сапраўды была пустая. Валока з недаверам, аднак, апусцiў аўтамат i вылаяўся ў душы. У яго зноў заварушылася непадуладная яму насцярожанасць да гэтага чалавека-ворага. А немец тым часам, узмахваючы рукамi i кульгаючы, узлез на кучу, задраў голаў, агледзеў шчылiны i ў адным месцы прасунуў у злом пальцы. Дзве пары рук уперлiся ў адзiн кавалак бетону. Дзiўна гэта было Валоку! Каб хто расказаў - не паверыў бы, але цяпер неяк усё выходзiла само сабой, i баец, здаецца, нi ў чым не мог папракнуць сябе. Толькi якую гадзiну назад, не бачачы i нiколi не ведаючы адзiн аднаго, яны душылiся, бiлiся ў гэтым склепе, поўныя злосцi i лютае прагi знiшчэння, а зараз, нiбы нiчога мiж iмi i не здарылася, суладна рвалi са столi кавалак бетону, каб выкараскацца з агульнай бяды. Плiта краталася - трошкi ўгору, трошкi ўнiз, жарства са шчылiн усе сыпалася, i Валоку здавалася, што можна расхiстаць i выдраць яе. Час ад часу крадком ён пазiраў на немца, якi, выцягшы з шырокiх рукавоў валасатыя, загарэлыя рукi, стараўся трапляць у лад з яго намаганнямi. Загарэлы шчацiнiсты твар немца з добра развiтай нiжняй скiвiцай крывiўся ад пяску i натугi, а таксама, напэўна, ад слабасцi; на пераноссi густа высыпалi дробныя кропелькi поту. Зрэдку ён выцiраў iх рукавом, размазваючы па замурзаных шчоках. Бiнт на галаве, зашмальцаваны ад поту каўнер i плячо з адарваным пагонам неўзабаве густа абсыпаў пыл. Валока чуў блiзкае няроўнае немцава дыханне, тупанне яго ботаў побач са сваiмi, i ад гэтае блiзкасцi цi ад суладнасцi агульных намаганняў тое варожае, што ўвесь час жыло ў iм да гэтага немца, начало меншаць, раставаць i прападаць. Невыразна яшчэ адчуваючы ў сабе тую змену, Валока бянтэжыўся i чагосьцi не мог зразумець у сабе. Так яны варушылi тую зломiну хвiлiн дзесяць, але яна ўсё ж не паддавалася. Немец зморана дыхаў, ды i Валока прымлеў i нарэшце апусцiў рукi. Запылены тонкi праменьчык струнка ўпёрся ў запарушаны пяском немцаў бот. - Халера, - сказаў баец, з прыкрасцю паглядзеўшы ў столь. - Сiлы мала. - Я, я, - зараз жа цiха адгукнуўся немец. Ён таксама з клопатам агледзеў столь i зусiм нечакана, з марудлiвым няўмелым намаганнем, вымавiў: - Малё сiлы. Валока варухнуў запарушанымi пяском бровамi, здзiўлена паглядзеў на немца - разумее, чмур! - Што, фарштэй па-руску? - Малё, малё, - сказаў немец i ўсмiхнуўся. - Вiтэбск руска фрау... гражданка малё-малё ўчыль. - Глядзi ты! Ось дык фокус! Баец злез з цаглянае кучы, стомлена апусцiўся на канец пагнутай бэлькi i палез у кiшэню - як заўжды ў цяжкiм клопатным стане захацелася закурыць, "праяснiць мазгi". Аўтамат ён прыткнуў мiж калень. Немец, нiбы чакаючы гэтай перадышкi, таксама з гатоўнасцю сеў, дзе стаяў, - пад самым промнем на цэгле. Параненую нагу беражна выцягнуў перад сабой. - Фокус, фокус... Не знай, што то ест, - казаў ён, крывячы твар ад болю. - Ге! - упершыню ўсмiхнуўся i Валока. - Гэта, брат, не адразу i зразумееш... Заскарузлымi пальцамi баец развязаў вышыты пеўнямi кiсет, дастаў складзены кавалак газеты, насыпаў i разраўняў махорку. Пасля крутнуў разы два матузком-завязкаю, але спынiўся, спадылба зiрнуў на немца, трохi разважыў i махнуў кiсетам. - Лавi! Немец зноў, вiдаць, не зразумеў сэнсу слова, трошкi спазнiўся лапнуць далонямi, але ўсё ж ля самых ботаў кiсет злавiў. - О, рус махорка! - сказаў ён i па чарзе адной i другой наздрою панюхаў кiсет. Пасля няўмела разматаў тугую завязку i неяк вельмi няспрытна згарнуў цыгарку. Так яны закурылi, прыпалiўшы кожны паасобку - Валока ад запалкi, якая знайшлася ў яго патрушчаным карабку, немец - ад запальнiцы, адмыслова змайстраванай накшталт маленькага блiшчастага пiсталецiка. Насалодзiўшы грудзi першай зацяжкай, Валока неяк уважлiва, упершыню з добразычлiвай зацiкаўленасцю, агледзеў немца. - Дык што ж рабiць будзем? Як выбiрацца? - Я, я, - пагадзiўся немец. - Iдзi. Нада iдзi. Туды, навэрх, - паказаў ён пальцам у праламаную, але такую яшчэ моцную столь. - Навэрх, - грубавата перадражнiў Валока. - Вядома, наверх. Не ўнiз жа. Але як вылезеш? Невядома, што немец зразумеў з гэтае фразы, але ўраз заклапочана абвёў позiркам сцены, цёмны закутак за прыступкамi, задраўшы шырокiя пашчэнкi, агледзеў столь. - Арбайт нада, - кiўнуў ён галавой у самы змрочны куток, завалены цагляным друзам. - Арбайт... Мнёга арбайт. - Арбайт, канечне... А ты хто? Рабочы цi гэта... хлебароб? - запытаў Валока. Немец, наморшчыўшы лоб, угледзеўся ў яго. - Я, я! - зразумеўшы пытанне, радасна адгукнуўся ён. - Арбайт! Как ета па-руску... тышлер. Не прыпомнiўшы патрэбнага рускага слова, ён дзвюма рукамi зрабiў такi рух, нiбы габляваў дошку, i Валока здзiвiўшыся, зразумеў: - Столяр? - Я, я, - пацвердзiў немец. - От дык фокус! I я ж столяр. Я - столяр! - тыкаючы сябе пальцам у грудзi, гучней крыкнуў Валока, нiбы гучнейшае немец мог лепш зразумець. I ўсё ж, вiдаць, ён зразумеў, коратка ўсмiхнуўся праз дым i ашчадна дацмыгаў махорку. - Iх хаўз, дом арбайт. Мнёга, мнёга хаўз, - казаў ён, рукамi робячы ў паветры такi рух, нiбы абмацваў двухскатны дах. - I я гэта... хаўзы будаваў, - сказаў Валока i, паказваючы, паклаў далонь на далонь. - Зрубы рубiў. Рускi вугал. I нямецкi рубiлi. Ведаю гэта. - Гут, гут, - задаволена кiваў галавой немец. - Усё ведаю. Гэта яшчэ рыгель, рэйсмус, - вашыя ж назвы. - Я, я. Рыгель! Рэйсмус, - як рэха, паўтарыў немец знаёмыя словы. Пасля ён пасур'ёзнеў i, счакаўшы, пакуль баец дакурыць цыгарку, устаў. - Нада iдзi! - зноў падняўшы палец угору, сказаў немец. Валока таксама ўстаў, узяў у рукi аўтамат, недаўменна паглядзеў на яго, не ведаючы, куды прыбраць гэтую рэч, i пасля надзеў цераз галаву за спiну. Так ён заўсёды будзе пры iм i не дужа перашкодзiць у працы. Немец узлез па цэгле ў самую гару, скурчыўся там у змроку i пачаў кiдаць унiз цагляныя зломкi. Ва ўсёй яго цяперашняй паставе i аблiччы баец не бачыў нiчога варожага, нiчога недаверлiва хiтраватага, немец быў просты, рухавы i нават, адчувалася па нечым, - чулы i шчыры чалавек. Валока падлез да яго ў змрок i, зусiм зацяўшы ў сабе падазронасць, спытаў: - Як цябе зваць? Немец спынiў працу, праз пыл павярнуў да яго твар -ён не разумеў пытання. - Завуць як? - гучней, бы глухога, запытаў Валока. - Мяне - Iван, а цябе? Ганс? Фрыц? - Фрыц! Я, я! Фрыц Хагеман, - нiбы ўзрадаваўшыся сваей здагадлiвасцi, ахвотна абвясцiў немец i засмяяўся. - Iх - Фрыц, ду - Iван. Гут! - I ён зноў засмяяўся, у дробныя зморшчынкi сабраўшы свой немалады ўжо твар. - Гут-то гут, - разважна, але паддаючыся яго лёгкасцi, сказаў Валока. Толькi не дужа. Вось вылезем, а тады што? Але на немца гэты Валокаў клопат не зрабiў уражання. Ён па-ранейшаму рупна выдзiраў з груды наваленыя сюды кавалкi нейкае разбуранай сцяны i кiдаў iх унiз. Баец прымасцiўся побач i, нязручна сагнуўшыся ў цеснаце, пачаў рабiць тое ж. 4 Невядома, колькi мiнула часу. Яны ўжо багата перакiдалi ўнiз друзу, пад столлю можна было стаць - там, у змроку i пыле, сапраўды была праломiна некуды ўгору i ўбок, толькi яе моцна завалiла. Праменьчык са шчылiны знiк, цяпер адтуль нясмела клалася ў пыл толькi маленькая плямка знадворнага святла, i ў сутарэннi панаваў густы, ледзь-ледзь прышарэлы змрок. Як-колечы прызвычаеныя да яго, дзве пары вачэй трохi бачылi паблiзу, i людзi працавалi. Абодва яны наскрозь прапылiлiся, немец раз-пораз чыхаў, а Валока цяжка, дыхавiчна кашляў. Тое, што яны ўсё ж намацалi выхад, крыху абнадзейвала байца, цяпер ён ужо не думаў, што прападзе па-дурному. Затое новы, куды большы i складанейшы клопат усе настойлiвей пачаў агартаць яго. Якi нячысцiк звёў яго з гэтым недарэчным немцам, думаў Валока. Праўда, пакуль яны былi тут i разам выкарасквалiся з аднае бяды, баец сяк-так мог пагадзiцца на гэтае iх сяброўства. Але што рабiць, калi яны вылезуць? I хто там наверсе - свае цi немцы? Калi свае, то гэта яго клопат - яшчэ палова бяды: немца можа як-небудзь пашанцуе залучыць у палон. А калi немцы? Зноў бiцца? Дык цi не лепш забiць яго тут? Але Валока толькi думаў так, адчуваючы, што застрэлiць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго, калi мiж iмi рушылася галоўнае для таго - узаемная нянавiсць, калi раптам у варожым мундзiры з'явiўся перад iм зважлiвы, рупны, працавiты, самы звычайны чалавек, якi i да Валокi ставiўся не як вораг-фашыст, а як супольнiк i сябра. Здаецца, гэта быў зусiм неблагi немец, i недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмi нават магло стацца, што i ён забiў бы Валоку. Незвычайна гэта было i дзiўна - адчуваць яго тут, побач з сабой; хвiлiнамi нават забывалася, што яны ворагi. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесцi, пакурыць, мiрна i па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае iх разважнае добразычлiвасцi адкрыецца нешта значнае i цiкавае. Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. З выгляду немец быў неблагi чалавек, працавiты, - пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як iхнi санiнструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забiтыя, але хто тады нарабiў такога гора людзям, хто столькi пазабiваў, папалiў, абрабаваў, перавешаў, хто залiў крывёю ўвесь свет? Ды i што скажуць хлопцы i начальства, калi даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калi дазнаецца капiтан Воранаў, маўклiвы загадкавы чалавек са схаванымi пад бровы вачмi, як ён паставiцца да такой суполкi? Валока мог меркаваць - што-колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку. Пакутна было i складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай i такой нечаканай бядзе. Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселi на цэглу ў куце i пачалi адплёўвацца. Валока дастаў кiсет, насыпаў у паперку махоркi i, прытрымлiваючы яе пальцамi, перадаў кiсет немцу. Той ахвотна пераняў. Калi Валока саслюнiў цыгарку, ён услужлiва пстрыкнуў запальнiчкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мiльготкi, маленькi, як iскрынка, агеньчык запальнiчкi трохi разагнаў змрок, асвяцiў пакарэжаную столь, выварацiны цаглiн у сцяне i два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку запальнiчку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе i пачаў прыладжваць у вышчарбiне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, i Валока падняў з долу кавалак цаглiны. . - На вось прыпры. Але немец раптам здрыгануўся, бялявыя бровы на яго твары саўганулiся на лоб, ён з жахам услухаўся ў нешта, што адбывалася знадворку. Валока ўзняў голаў - наверсе, над самымi iх галовамi, пачулiся крокi - туп... туп... туп... Праз бетон данёсся блiзкi, аднак глухi, невыразны голас, недзе над прыступкамi штось грукнула i сцiхла: чалавек, пэўна, спынiўся цi мо адышоўся далей. Баец ускочыў - першым яго жаданнем было крыкнуць, азвацца, але ў той жа момант ён злавiў на сабе напружана ўмольны позiрк немца i сам схамянуўся. Хто? Такое пытанне ўраз маланкай пранеслася ў свядомасцi абодвух,i, вядома, абодва яны прагнулi рознага. Гэтая хвiлiнная iх раз'яднанасць зноў застарэлай варожасцю захлiснула Валокава нутро, але толькi на кароткi час. Адразу, як сцiхлi крокi, сцiхла i нясцерпнае жаданне азвацца - цвярозая разважнасць падказвала яму, што трэба маўчаць i выбiрацца з падзямелля самiм. Яны яшчэ паўслухоўвалiся, мярцвеючы ад празмернае ўвагi, затым немец выдыхнуў, неяк абвяў з цела i пачаў паволi прыладжваць у сцяне запальнiчку. Баец закашляўся, зацяў рот далонямi. Крокаў болей не было чуваць. - От папалi, дык папалi, - не так немцу, як самому сабе сказаў Валока, выдыхаючы ў трапяткую цемру зацяжку. Немец звесiў з калень цяжкiя натруджаныя рукi i ўздыхнуў. Яго нядаўнi, трохi бесклапотна-бадзёры настрой вiдавочна прыхмурэў, - пэўна, ад працы цi мо ад гэтага трывожнага клопату. - Вайна нiкс гут! - раптам прыцiшана, але з набалелай упэўненасцю азваўся ён, i баец ажно здзiвiўся ад гэтае перамены ў настроi ворага. - Вайна - шайзэ! Немец сказаў гэта з нейкiм трудным, зацятым адчаем у вачах. Валока, трохi разявiўшы рот, недаўменна, з прыхаванай iронiяй паглядзеў на яго. - Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру? - Фюрэр - шайзэ! - строга абвясцiў немец, вiдаць, толькi адно гэтае слова i зразумеўшы з доўгай Валокавай фразы. - Фюрэр своляч! Фюрэр эйнфахерменш нiкс нада, - сказаў ён i стукнуў сябе кулаком у грудзi. - Фрыц Хагеман нiкс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кiндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! Шайзэ вайна. Валока зразумеў не ўсё, але ўцямiў прычыну абурэння гэтага немца, толькi спачуваць яму ён не збiраўся. Немец жа, мусiць, вылiў свой даўнi гнеў i на хвiлiну змоўчаў. Баец тым часам дакурыў цыгарку i ўрэшце, наважыўшыся на тое, што ўвесь час непакоiла яго, сказаў: - Слухай, Фрыц. Вылезем туды, - ён паказаў пальцам угору, - давай палон. Рус плен - i вайна капут. Га? Немец уважлiва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруцiў галавой. - Нiкс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч - Сiбiр. Пуф-пуф дойч. - Нiхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баiшся? - загарачыўся Валока. - Ты ведаеш, колькi у нас вашых камарадаў плен? Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнiчкi ў сцяне. З ягоных вачэй выплыла i атулiла ўвесь твар туга чалавека, якi колькi нi прыкiдваецца сам сабе, як нi абнадзейвае сябе, а ўсё ж нiяк не можа пазбыцца вялiкага i нязбыўнага, як смерць, клопату. Задумаўшыся, ён трошкi памаўчаў, пасля заварушыўся, расшпiлiў кiшэнь мундзiра i дастаў нейкiя паперы. Перабраўшы iх, знайшоў там надарваны канверт з пацёртымi краямi i дастаў адтуль картку. - Майн фрау ўнд кiндэр. Дрэздэн, - сказаў ён i падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлiвасцю да чужога, але зразумелага i па-чалавечы дарагога наблiзiў картку да слабенькага святла запальнiчкi. З фатаграфii на яго пазiралi жанчына i трое малых. Старэйшы - галаногi хлапец у кароткiх штонiках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у мацi, сярэднi - хлопчык год дзесяцi - стаяў ля старэйшага i трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду вiднеўся невялiчкi, але ладна адбудаваны i дагледжаны домiк з верандаю, высокi чарапiчны дах, у прасценках густая лiстота вiнаграднiку. На хвiлiну баец ажно ўпiўся ў гэта вачмi. - Ладная дамоўка, нiчога не скажаш, - уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы цiхенькi самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мiрнаму, гаспадарчаму жыццю, цi мо ад успамiнаў аб сваiх там, дома... З прытоенай зайздрасцю i скрухаю ён аддаў картку назад. - Драй кiндэр! - сказаў Фрыц, хаваючы у кiшэню паперы. - Плёха плен. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, - фрау, кiндэр ком, ком унд канцлагер. Плёха! Валока зразумеў. Пэўна ж, так, яны, гэтыя немцы, не дужа там няньчацца i са сваiмi - ён ужо чуў, што за такiя справы сем'i гэтых фрыцаў па галовах не гладзяць. Ну, але што ж тады iм рабiць? А Фрыц тым часам ямчэй усеўся на цагляным зломку i, памагаючы сабе рукамi, пачаў нешта тлумачыць. - Фрыц нiкс буржуй, Фрыц арбайт! - Нiбы ў доказ таго ён выцягнуў перад сабой шырокiя, дужыя, працавiтыя далонi. - Маркi мала-мала Фрыц. Айн хаўз Фрыц. Хагеман - бедны чалавек. Рус Iван - бедны чалавек. Цвай бедны чалавек, паказаў Фрыц два пальцы. - Мi панiмайт. - Ну гэта... Якi я бедны? - невядома чаму сумеўся Валока. - Чаго Iван бедны? Што я, беспрацоўны? Калгаснiк я. - Я, я, - пагадзiўся немец. - Плёха рускi кальхаснiк. Кальхас бедна. "Што ён мяне тут ахмурае, - падумаў Валока. - Куды гне?" I яму дужа захацелася быць не горшым, чым гэты немец, - не ўступiў жа ён яму ў нядаўняе бойцы, быў роўны ў працы, i цяпер вельмi ж нежадана было яму аказацца нейкiм бедняком, вартым спачування. Унутры ў iм усё запратэставала супраць гэтага абразлiвага варожага спачування. - Наш калгас багаты. Вось! У нас не такiя - у нас яшчэ лепшыя дамы. Мы шыферам крылi. I хлеба - во! -гаварыў ён, паказваючы далонню да шыi. Немец, здаецца, нiчога не зразумеў i казаў свае: - Плёха рус кальхас... Бедна... Баец адчуў, што не дужа абхiтрыш гэтага немца, якi прайшоў палову Расii i, пэўна, нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца. - Мала што дзе там бедна. а ў нас багата. Во. Мы хлеба па сто пудоў палучалi. I бульбы. I гароху. I масла па пуду, i грошы - тысячу рублёў. Тысячу, разумееш? - з пафасам назваў ён суму, якая ў даваенным сялянскiм разуменнi была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякiм разе за гэтыя грошы можна было купiць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. Немец нахмурыў лоб, iмкнучыся штосьцi зразумець у запальчывай гэтай гамонцы, i Валока пальцам вывеў на запыленай сцяне палачку i тры нулi. - Тысяча! От! - Таўсенд! Кiлёграм масле? - здзiвiўся немец i недаверлiва паглядаў то на лiчбу, то на байца. А той, адчуўшы, што немец памыляецца, але, бачачы яго захапленне, не стаў выкрываць непаразумення i нахабнавата пацвердзiў: - Ну! А ты думаў... Немец загасiў у вачах недаверлiвы агеньчык i паскроб патылiцу. - Усё было. Да вайны, - гаварыў далей Валока з такiм адчуваннем, бы рашыўся на штосьцi адчайна забароннае, адкуль назад нiякага ходу ўжо не было. I ён лез напралом. - Радыё было - раз, - пачаў ён загiнаць на левай руцэ пальцы. - Лiсапед. - Для нагляднасцi ён падабраў ногi i пакруцiў, бы педалямi, у паветры. - Рад, - здагадаўся немец. - Во, во, рад - два. - Iх iмель крафтрад, матацыкль, - аб'явiў немец. - Матацыкл? Матацыкл што? Матацыкл ерунда. а ў мяне была... ведаеш што? Гэта што плавае - чых-чых-чых! Маторка звалася. Во! - паведамiў ён, знайшоўшы свой галоўны ў гэтай спрэчцы козыр. - Лодка? - Ага, лодка. От жылi. Каб не вы, фашысты... Фрыц падумаў, яшчэ паўзiраўся ў байца, наморшчыў лоб i ўздыхнуў, няпэўна супакойваючыся. "Паверыў", коратка, з надзеяй, падумаў Валока. - Фашызм нiкс гут. Плёха фашызм, - сказаў Фрыц, i баец цяжка падняўся з месца. Немец таксама ўстаў, услухаўся, але скрозь было цiха. Яны зноў пачалi разбiраць завалле, выцягваць каменныя выварацiны з праломiны ў сцяне, але канца гэтае справе не было вiдаць. За праломiнай iшла суцэльная сцяна друзу, i хутка з яе ўжо нiчога нельга было выдраць - так там усё было туга спрасавана. Абодва за той час дужа ўходалiся, запылiлiся. Валока, не перастаючы, кашляў ад пылу. Урэшце ён вылаяўся i вылез на вальнейшае месца. Стала вiдаць, што калупацца там - справа дурная i марная. Яны памаўчалi, змарыўшыся, пасля Валока пайшоў абмацваць усе закуткi гэтага падзямелля. Запальнiчка свяцiла слаба, i ён больш вобмацкам, чым бачачы, натрапiў на нейкую патарчаку, што высоўвалася ўгары са столi. Гэта было ў баку ад таго месца, дзе ўдзень прабiваўся праменьчык. Баец гукнуў, i Фрыц прынёс сюды свой мiзэрны свяцiльнiк. Мiльготкая iскрынка праплыла ў цемры i, толькi калi немец падняў яе ў кулаку пад самую столь, трошкi асвяцiла цьмяны кавалак бетону. Слабенькае святло хлiпка блукала па столi, два твары напружана ўзiралiся ўгору. Валока напяўся - зломак кратаўся. Немец свяцiў адной рукой, а другой таксама ўпёрся ў край гэтае выварацiны. - Ахтунг! Памалё! Малё трэба, Iван, - засцярожлiва сказаў ён, i баец пачуў яго цёплае дыханне ля вуха. Там, ззаду, за спiной, вiсеў яго аўтамат, якi лёгка можна было ўхапiць, але Валока ўжо не звяртаў на гэта ўвагi. - Што там "ахтунг!". Ану, дужэй. Раз, два, узялi! Шырока расставiўшы ногi, яны ўперлiся, Валока папiхаў зломак у адзiн бок, у другi, той яўна паддаваўся iхняе сiле. Тады баец напяўся яшчэ, i зломак зрабiў шырэйшы ход туды i назад. Здавалася, у гэты раз яны сапраўды знайшлi выйсце. Валока аж акрыяў духам i, змораны, сабраў у сабе рэшту сiл. Зломак паддаваўся, вось-вось павiнен быў выпасцi, як раптам немец засцярожлiва ўскрыкнуў, запальнiчка ўраз пагасла, i нейкi жахлiвы цяжар, прарваўшыся, рухнуў на Валоку. Ён i не ўцямiў нават, што сталася, уваччу блiснула аранжавая зарнiца, i страшны боль у галаве пагасiў адчуванне. 5 Не, ён не загiнуў - ён жыў, але навакольны свет даходзiў да яго свядомасцi праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нiбы ён дзесьцi сцяты, сцiснуты, бы ў якой зубатай пашчы, i страшны боль пранiзвае ўсё яго цела. Асаблiва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сiлы, i было вельмi пакутна. Яшчэ больш балела спiна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасцi Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкi якога разам з калючкамi асоту ўпiваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахiма, якi жне побач на коннай жняярцы, але нiяк не можа выдавiць з сябе таго крыку. Праз хвiлiну, аднак, ён бачыць жняяра; толькi гэта чамусьцi не Трахiм, а немец - той Фрыц, з якiм ён спаткаўся куды пазней, на вайне, i ў яго аўтамат, - аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлiвае на каленях зброю. Немец чамусьцi гаворыць па-беларуску. Валока заходзiцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спынiць коней i застрэлiць яго. Ён ездзiць па кругу навокал байца, кругi ўсё звужаюцца, i зубы жняяркi ўсё блiжэй i блiжэй прысоўваюцца да яго ног. А тут яшчэ дужа пячэ сонца, так смалiць, што ажно разломваецца галава, унутры ўсё ссохла, i нясцерпна хочацца пiць. Валока шэпча: "Пiць, пiць..." - толькi слоў няма: вусны варушацца, а гук прапаў. Затым сонца пачынае знiжацца, падступаць да яго, але чамусьцi робiцца маленькiм, не большым за агеньчык запалкi. Страх патроху мiнаецца, толькi спякота ўсё ранейшая i ўсё хочацца пiць. I яшчэ робiцца цёмна, прападае кудысьцi поле i Трахiм, а ён апынаецца ўжо на вайне. За пагоркам стракоча кулямёт, а недзе паблiзу над галавой чуецца спагадлiвы голас iх ротнага санiнструктара Корзана: "Гут, Iван, гут! Жывы Iван гут..." Санiнструктар гаворыць па-нямецку, толькi байца гэта чамусьцi не здзiўляе, той рады, што побач чалавек - ён дапаможа. I зноў загараецца ў цемры агеньчык i плыве некуды ўдалячынь. Валока жахаецца ад таго, што яго пакiдаюць, ён ускрыквае ад жудасцi, як некалi ўскрыкваў у маленстве, напалоханы жахамi сноў. I ўжо з большай рэчаiснасцю бачыць у змроку асветленую з таго боку постаць з адарваным пагонам, якi целяпаецца па плячы. Постаць сунецца кудысьцi ў цёмны кут, на момант слабенькаю плямай асвятляецца сцяна ў адным месцы, пасля ў другiм. I вось у асветленай мясцiне мiльгае знаёмы абрыс аўтамата. Валока здзiўляецца - гэта ж яго ППШ нумар НЛ 0482. Баец не цямiць яшчэ, што i як сталася папярэдне, не ведае, хто там, толькi здагадваецца, што гэта не санiнструктар. I ўсведамленне таго, што яго абяззброiлi, зноў жахам працiнае байца. Пераадольваючы страшны боль у галаве, ён прыўзнiмаецца з долу, пакутна сядае, падпёршы сябе дрыготкiмi рукамi, намацвае нейкi цагляны абломак i чакае. Забiць, забiць, забiць у што б там нi стала, iнакш заб'е той!.. Валока спрабуе ўстаць, сэрца яго надрыўна калоцiцца ў грудзях, толькi ён дужа слабы, цяжкiя рукi не слухаюцца, i страшны боль у галаве мацнее. А вораг усё поўзае ў цемрывай далечы, высветлiвае глухi мур сцяны - што ён шукае? Затым плямка святла спыняецца, дрыжыць на адным месцы, коратка клацае затвор аўтамата. Валока, душачыся ад болю i знямогi, сцiскаецца, у вачах мутнее, i тады ў куце грукае стрэл. Шырокi чырвоны бляск зусiм асляпляе байца, рукi не вытрымлiваюць, ён падае, але боль не павялiчваецца - чалавек жыве. Ён збiрае ў сабе сiлы крыкнуць, нясцерпна памiраць у гэтай нямой маўклiвасцi, але ў той час да яго слыху даносiцца мернае, вельмi лагоднае цвiркатанне вады. Ну вядома ж, так можа цвiрчэць толькi вада! Валока ўжо бачыць у цемры яе зiхаваты струмень i, адчуваючы, як пакiдаюць яго рэшткi свядомасцi, выдаўлiвае з сябе стогн. Наступным яго адчуваннем было далiкатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыi; здавалася, нейкая жывая iстота паўзла за каўнер, на грудзi, толькi на вуснах i ў роце стала лепш i нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы - у зрок ударыла рассыпчатая яркасць iскраў; яны гойдалiся, скакалi на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклi. Пасля ён сцямiў, што ўсё гэта адбiвалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзiлi словы: - Трынкен, Iван! Трынкен! Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалi аб край нейкай пасудзiны, а ў свядомасцi коратка i выразна блiснула ява - ён згадаў, дзе ён i хто з iм. "Немец! Фрыц!" На момант адарваўшыся ад вады, ён зiрнуў угору, - над iм мiльгала ў кулаку запальнiчка i расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знiзу, твар з вялiкiмi i валасатымi ноздрамi, брывастым iлбом, пад якiм лыпалi выпуклыя жаўтлявыя бялкi вачэй. Вочы, аднак, таiлi ў сабе лагоду i спагадлiвасць, i гэта супакоiла байца. - Трынкен, Iван. Трынкен... Ён зноў апусцiў голаў да пасудзiны; у глыбiнi яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнiчкi. Чамусьцi Валоку зрабiлася блага - ён хiснуўся ад вады, Фрыц штосьцi сказаў, пабурчаў i прыбраў ваду ўбок. Баец сцiшыўся ў доле, так яму стала лягчэй - спякотны жар уняўся, толькi галава, плечы i нешта ўсярэдзiне тупа балелi. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, i раптам прахапiўся ад думкi - дзе аўтамат? Чалавек iрвануўся з долу - немцавы рукi адразу прытрымалi яго, настойлiва паклалi назад, i Валока ў нейкiм раптоўным прасвятленнi здзiвiўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калi цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былi ўвесь век i цяпер сталi самыя найблiжэйшыя адзiн аднаму i самыя патрэбныя. I таму - прэч усе падазрэннi, засцярожлiвасць, недавер! Усё, што стала над iх чалавечаю сутнасцю, - усё, наслоенае iх нацыянальнаю рознасцю, палiтычнай варожасцю, вайной, - усе гэта, аддзеленае ад iх магiльнаю тоўшчай руiн, засталося там, наверсе, у беззваротным мiнулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнiкi былi тут людзi i толькi дбалi пра тое, як абодвум застацца жывымi дзеля iх сем'яў, мiрнае справы, дзеля самых звычайных i незаменных чалавечых радасцей. Валока памацаў рукой немцава калена побач iслаба пацiснуў яго. Фрыц жыва адгукнуўся, падняў яго руку, таксама далiкатна пацiснуў яе ля локця i асцярожна паклаў на дол. Тлумачыць адзiн аднаму нiчога не трэба. Пасля баец сцiх i забыўся. Клопат яго знiк, боль крыху прыцiх, але нейкiя ўнутраныя пакуты працягвалiся. Невядома, цi гэта быў сон, цi трызненне хворага, толькi пакутныя зданi i прывiды доўгi час не пакiдалi яго. Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау, на гарадской ускраiне ў садку, дзе з тыдзень да наступлення перафармiроўваўся iх полк. I быццам яшчэ не было гэтага наступлення, але ўжо ўсё, што здарылася цяпер з iм, стала мiнулым, i Валока не стараўся зразумець, чаму гэта так. I быццам быў жывы камбат Папрэнка, забiты яшчэ пад Оршай; ён выклiкаў Валоку ў штаб, i баец з цяжкiм сэрцам прыйшоў у блiндаж, хоць ведаў, што ў Брэслау штаб батальёна змяшчаўся ў ладным катэджы з балконамi, а не ў блiндажы. Але ў блiндажы чамусьцi аказаўся не камбат Папрэнка, а капiтан Воранаў. "Ну што, нямецкi шпiён?" Такiм папрокам сустрэў ён Валоку, хапiў яго за плечы, здзёр пагоны, потым пачаў настаўляць пiсталет у кружочкi медаляў на ягоных грудзях. "Немца хаваў? Ворага тытунём частаваў? Чаму не забiў?" Валока вельмi хацеў вытлумачыць, што i як сталася з iм у гэтым склепе, але мову ў яго адняло, i ён адчуваў, што зараз будзе пагiбель. I сапраўды, Воранаў стрэлiў, але болю Валока не адчуў i тады здагадаўся: медалi. Медалi яго ўратавалi ад кулi. Але ў той жа час у Воранава замест пiсталета апынулася супрацьтанкавае ружжо - гэта ўжо была пэўная смерць. "Здраднiк! Пракурыў Радзiму? Вышэйшую меру табе!" - гучалi страшныя словы, i Валока азiрнуўся ў пошуках выйсця. Але раптам аказалася, што ззаду роўнае поле, Воранаў некуды знiк, i ён, Валока, як у даўнiя, даваенныя часы,сядзiць у вясновы дзень на краi баразны, паставiўшы босыя ногi на мяккi вiльготны глей. Побач шнурком сядзяць калгаснiкi, яго аднавяскоўцы, у барознах адпачываюць конi, а ззаду, па раллi, клюючы вялiкiх белых чарвякоў, скачуць гракi. Усе кураць, жартуюць, снедаюць тым, што папрыносiлi iм дзецi i жонкi, п'юць квас. Валоку таксама вельмi хочацца пiць, але сняданка яму нiхто не нясе, бо яго дом чамусьцi далека адсюль. Ён адзiн тут вайсковец, на iм салдацкiя галiфэ i гiмнасцёрка, толькi яна без дзягi, якая разам з аўтаматам i скаткай ляжыць воддаль на раллi, i на скатцы сядзiць вялiкi, нейкi нерухомы чорны грак. Усе смяюцца i кураць, а Валока ведае, што яму ўжо сняданка не будзе, бо ён асуджаны да смяротнае кары, i што ўсё тое, што ляжыць пад граком, ужо здадзена старшынi, якi зняў яго i са сталавання. Пасля таго конi, людзi i гракi знiкаюць, толькi той, нерухавы, усё сядзiць на скатцы i крумкае. Аказваецца, гэта воран. Валока палохаецца настойлiвай загадкавай птушкi, прабуе ўскочыць, тузаецца i ачынаецца. 6 За пакутную ноч памутнела яго свядомасць, i Валока не адразу ўцямiў, дзе ён i што з iм сталася. Перш-наперш яго здзiвiла блiзкая, устрывожаная стралянiна. Недзе таропка патрэсквалi аўтаматныя чэргi, бахалi вiнтоўкi. Аднойчы нават данёсся крык, але Валока не зразумеў, у якiм баку ён раздаўся. Перамагаючы санлiвую аслабеласць, баец расплюшчыў вочы. У склепе было светлавата. Па-над сцяной, дзе яны выдзiралi зломак, ляжала новая куча друзу, - вiдаць, тая, што абрынулася на яго, - i над ею яркiм дзённым святлом блiшчала дзiрка. Валоку адразу скаланула радаснае iмкненне, ён тузануўся ў доле, сеў, але боль у галаве прымусiў яго пакутна схiлiцца набок. Як-колечы ён, аднак, утрымаўся, перамог слабасць, трошкi аддыхаўся i паварушыў у ботах адубелыя ад сцюжы ногi. Пасля ён усе ж сеў i паволi падняў галаву, абкручаную нейкай анучай, шкумат якой звiсаў каля вуха. Валока асцярожна памацаў гэты скрываўлены турбан i тады, ураз прыпамятаўшы, што з iм сталася, з удзячнасцю падумаў пра немца. Фрыц Хагеман сядзеў побач, прысланiўшыся спiной да пагнутае бэлькi, i спаў. Галава яго звесiлася на плячо, валасы растрапалiся, нiжняя губа адтапырылася. Шчацiнне на яго шчоках за ноч пабольшала, i ўвесь ён выглядаў вельмi стомленым, пажылым чалавекам. Ля яго ног стаяла каска з рэштаю вады. Валока адразу памкнуўся за ёю, але, узяўшы ў рукi, зноў апусцiў на зямлю. Вада дужа смярдзела потам, i байца ледзь не зблажыла. Гэта была нямецкая салдацкая каска, сотнi якiх валялiся на месцах баёў; хлопцы iх заўжды адкiдвалi з-пад ног ботамi, - тым больш што траплялiся акрываўленыя, прастрэленыя, усякiя. Каска адразу напомнiла байцу пра варожае i агiднае. Валока паморшчыўся, зноў прыслухаўся i агледзеўся. У куце за прыступкамi, на закiданай друзам падлозе, цямнела вiльготная пляма, i чуваць было, як мерна капае недзе вада: кап-кап-кап. З трубы, пэўна, падумаў Валока i зноў паглядзеў на немца. Вiдаць, прытамiўшыся за ноч, той моцна спаў, i баец стаў напружана думаць у цiшы, што яму рабiць далей. Трэба вылазiць. Здаецца, ён здолеў бы сам як-небудзь выкараскацца адсюль дзiрка ёсць, - што яму цяпер немец! Хай спiць, а прачнецца - хай сам дбае; без яго Валоку спакайней, ды i бяды менш будзе. Толькi... Толькi хто там, наверсе? Стралянiна, здавалася, яшчэ болей пашырылася - чутна стала i ў адным баку, i ў другiм, раз за разам непадалёк гахнулi тры выбухi. Хто гэта? Нашы? А калi немцы? Калi немцы - яму будзе кепска з яго праламанаю галавой, а калi нашы пападзе немцу. Нарвецца на якога аўтаматчыка, не паспее i рук падняць, як той прашые яго чаргой. Хлопцы ёсць бязлiтасныя, у многiх свежыя раны ў сэрцы - усё можа стацца. Не, прыйдзецца, вiдаць, разам - здаць Фрыца ў палон, i на душы будзе спакайней. Так разважаючы, Валока сядзеў каля немца i азiраў таго, соннага, без асаблiвай варожасцi да яго i без вялiкай прыязнасцi. Уначы было iнакш - ён бачыў толькi яго асветлены запальнiчкаю, звычайны, як i ва ўсiх, чалавечы твар, - а цяпер перад iм сядзеў немец у прапыленым, з адарваным пагонам мундзiры, у нiзкiх скураных ботах, побач валялася ягоная каска з арлом на баку, не хапала толькi нямецкага аўтамата. Валокаў ППШ ляжаў зводдаль, i баец па салдацкай звычцы пацягнуўся да яго рукой, зачапiў за почапку i павалок да сябе. Магазiн заскрыгаў па жарсцвянаму долу, i немец, раптам абарваўшы мернае роўнае дыханне, прачнуўся. Спачатку ён таксама, вiдаць, звянтэжыўся, залыпаў вачмi, а затым, пазнаўшы байца усмiхнуўся i трохi здзiўлена азваўся: - О, Iван, лебенд? Гут, гут. Заўважыўшы, што Валока прыбраў сабе аўтамат, ён заклапочана варухнуў бровамi. У вачах адбiўся кароценькi неспакой, але ён зараз жа падавiў яго i зноў бадзёра, стараючыся як мага выразна вымаўляць кожнае слова, сказаў: - Можна iдзi. Туда iдзi. Дзверы туда iх махен... - Дзверы? Валока хацеў усмiхнуцца, але ў. галаве ўраз балюча кальнула, i твар яго зморшчыўся ў пакутнай грымасе. - Болна? - Ладна, - паморшчыўся баец. - Жывы будзем - не памром. Ён не хацеў паказваць немцу свае слабасцi - крый Божа, не застагнаць - i, дапамагаючы сабе рукамi, устаў на ногi. У галаве адразу закалола, перад вачмi расплылiся рудыя кругi. Ён асцярожна i з вялiкай натугай выпрастаўся, але не прастагнаў, стрымаўся. Трошкi пастаяўшы так, аслабела ступiў па друзе да дзiркi ў куце. Фрыц хацеў падтрымаць яго, але Валока ўпарта адняў руку. Кульгаючы, немец падаўся туды таксама, першы далез да дзiркi i зазiрнуў угору; за iм узабраўся на друз i Валока. Яму балюча было закiдваць голаў, i баец не змог паглядзець угору. У той час недзе паблiзу пратрашчала чарга, другая, пачулiся галасы - нехта крыкнуў, пасля там, наверсе, загаварылi не цiха i не гучна, але так, што слоў разабраць было нельга. Валока сцяў скiвiцы; немец, паўразявiўшы рот, з абвостраным неспакоем у шэрых вачах паглядзеў на байца. Яны нiчога не сказалi адзiн аднаму i на нейкi час замерлi пад тою праломiнай. Зноў трывожнае, як подых пагiбелi, пытанне "хто?" секанула па iх свядомасцi. Але гамонка наверсе спынiлася - можа, людзi адбеглi-ся, а можа, замоўклi, - яшчэ праз хвiлiну аднекуль здалёк данеслiся доўгiя кулямётныя чэргi. Нешта там адбывалася. З пачаткам новага дня ўсчыналiся новыя схваткi, i Валоку ахапiў неспакой. - Трэба лезцi, туды, наверх, - паказаў ён немцу. Фрыц зразумеў, коратка пацвердзiў: - Я-я, - i, пакульгваючы, замiтусiўся, шукаючы, што б падкласцi, каб зручней было дабрацца да дзiркi. З некалькiх кавалкаў бетону ён склаў невысокi падмостак, прымерыўся - трохi было нiзка, тады ён скульгiкаў унiз, прынёс каску i паклаў яе наверх. Так можна было ўхапiцца за край праломiны. Ён i сапраўды ўхапiўся i нават, прыўзняўшыся на руках, выглянуў, але ў нерашучасцi апусцiўся зноў. Зноў на iмгненне сустрэлiся iх вельмi сур'ёзныя позiркi, але нiводзiн нiчога не сказаў другому - абодва толькi слухалi, як прастор наверсе калацiлi стрэлы, i старалiся як-небудзь угадаць, хто там. Толькi ўгадаць не было як. Тады немец нахмурыўся, рашуча напяўся, скочыў, высiлiўшыся на руках, упёрся здаровым каленам у край i апынуўся наверсе. Некалькi секунд ён стаяў там, азiраючыся, а знiзу на яго напружана глядзеў Валока. Баец з натугай трымаўся на нагах, у вачах хiсталася наваколле, але цяпер - адчуваў ён - рашалася найбольшае, i ён з першай жа секунды не хацеў прапусцiць яго. У Валокавай душы раптам узнялося нешта крыўдлiва-пакутнае, нейкае адчуванне сваей аслабеласцi, падумалася нават, - немец падасца адсюль, i ён застанецца адзiн у гэтай яме. Валока адчуваў у сабе ўжо выразны зачатак прыхiльнасцi да гэтага незвычайнага ворага - цяпер ён быў яму гэтак патрэбны, як бывае патрэбны ў бядзе таварыш. Толькi немец нiкуды не бег. Ён пераступiў ботамi ля самае дзiркi, агледзеўся, з-пад абцасаў шархотка пасыпаўся ў склеп пясок, i затым з дзiркi ледзь не па локаць высунулася яго рука. - Iван, шнэль! Быстра!.. Валока ўзлез на падмостак, падняў насустрач руку, але немец незадаволена пераступiў, махнуў кiсцю - спярша ён збiраўся пераняць аўтамат. Баец зняў ППШ з пляча, бяздумна сунуў яму i раптам спалохаўся. Аутамат апынуўся ў немца, i Валоку - кароценька, на iмгненне - здалося: абхiтрыў! Аднак немец не збiраўся ў яго страляць, а з салдацкай беражлiвасцю да зброi паклаў ППШ на дол i працягнуў у дзiрку абедзве рукi. Напяўшыся, Валока даў свае, немец моцна ашчаперыў iх, пацягнуў, баец упёрся ботам у сцяну, да болю сцяў скiвiцы, каб не застагнаць, i бокам перавалiўся цераз край праломiны. Так абодва яны апынулiся наверсе ў руiнах вялiзнага дома, канец якога, задраўшы ў неба ўцалелую тарцовую сцяну, стаяў, нiбы агромнiсты помнiк разбурэнням вайны. На сцяне другога цi трэцяга паверха коса вiсела карцiна ў пазалочанай раме, неяк трымаўся яшчэ пасечаны асколкамi габеленчык з ласямi; зачапiўшыся за нешта, тырчаў дагары нагамi ложак з металiчнаю сеткай. У выбiтым, недарэчным цяпер на выгляд, акне варушылася на ветры фiранка. Ад вулiцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома i вялiзнаю плахай касабочылася ўгору з-пад самых iх ног. Там, недзе за вулiцай, у праяснелым ужо ранiшнiм небе цiха краталiся верхавiны лiп, у скверы ля якога ўчора хаваўся ад бомбаў Валока. Яны трошкi аддыхалiся, услухалiся: зноў стала выразна чуваць, як блiзка на вулiцы, страляючы, беглi людзi. Данеслiся i крыкi, толькi Валока не разабраў слоў, а немец, раптам устрапянуўшыся i размахваючы рукамi, кiнуўся па друзе ўгору. Аднак бегчы ў ламаччы было не дужа зручна, ды ён яшчэ i кульгаў, але ўсё ж далёка адарваўся ад байца, якi, ледзьве перастаўляючы ногi ў грудах цэглы, брыў следам. Фрыц першы дабраўся да таго месца, адкуль можна было саскочыць на вулiцу, выпрастаўся ўсёй сваёю паджарай постаццю на фоне нябеснае яснасцi, i тады Валока вельмi выразна i непапраўна, як смерць, пачуў узрадаваныя галасы ворагаў: - Хагеман! Хагеман! Ком! Ком! Хагеман! Валока чакаў iх, увесь ранак быў гатовы на горшае, i ўсё ж у гэтую хвiлiну яны абрынулiся на байца неспадзявана. Ён асеў у дол, а Фрыц, крутнуўшыся да яго на цагляным абрыве, з радасцю на раптоўна ажыўленым твары крыкнуў: - Iван! Iван! Ком! I памкнуўся скочыць, каб бегчы туды, куды звалi яго таварышы. - Стой! - не так гучна, але з няскоранай рашучасцю прамовiў Валока. Стой! На момант на немцавым твары мiльганула разгубленасць, нават боль, а можа, спалох, затым ён узмахнуў у паветры рукамi i знiк па той бок руiн. Валока таксама на момант быццам самлеў, разгубiўшыся ад такой нечаканасцi, а затым, не зважаючы на сваю знямогу, прыпадаючы на рукi, бягом кiнуўся наверх, туды, дзе знiк Фрыц. Хагеман далека не адбег, вулiца таксама скрозь была завалена рэшткамi дамоў, i ён пералазiў цераз цагляныя глыбы якраз пад тым месцам, дзе з'явiўся Валока. Насупраць, па-над чыгуннай агароджай скверыка, адстрэльваючыся i прыгiнаючыся, беглi немцы. - Стой! - крыкнуў Валока, убачыўшы яго. - Фрыц! Стой! Немец аж скалануўся ад яго голасу, прыўзняў галаву - твар яго, здалося Валоку, зморшчыўся, нiбы ад болю. I немец на момант спынiўся, зiрнуў на байца, затым - на скверык, дзе немцы - усе, колькi iх было, - прымарудзiлi хаду, некаторыя выпрасталiся, здзiўлена ўгледзелiся ў iх двух. Але гэта толькi на iмгненне. Зараз жа там загаварылi, i зычны камандзiрскi голас, як бiзуном, ляснуў па руiнах: - Хагеман, ком! Шыссен! Фрыц кульнуўся цераз глыбу, што перагароджвала яго шлях да сваiх, а Валока, адчуўшы, што зараз усе скончыцца, але ўжо не думаючы пра сябе, а толькi з усяе свае ўпартасцi не жадаючы аддаць ворагам гэтага чалавека, стрыкнуў па-над iм чаргою. Кулi з пералётам i недалётам у розных месцах абсыпалi навокал яго руiны. Тады немец яшчэ раз ускочыў, крутнуўся, зiрнуў угору на Валоку - у яго вачах адбiўся ўжо страх i азвярэлая лютасць чалавека, у якога не было выйсця. Баец, сцяўшыся, упаў мiж ламачча, не зводзячы з немца позiрку, i ўбачыў, як той лiхаманкавым рухам выхапiў нешта з кiшэнi, iрвануў другою рукой i, коратка размахнуўшыся, шпурнуў у яго. Яно, гэтае невялiкае i iмклiвае, чорнаю птушкай мiльганула ў ранiшнiм небе i, не даляцеўшы да Валокi, гулка-коратка шчоўкнула. "Граната!" - чамусьцi са спазненнем блiснула здагадка, i Валока, адчуўшы канец i не маючы нi сiлы, нi якое магчымасцi ўратавацца, iрвануў да пляча аўтамат. Чаргi ён, невядома чаму, не пачуў, у нейкую долю секунды згледзеў толькi, як апруцянела хiснуўся Фрыц Хагеман, i ў той жа час вышэй ад Валокi, ударыўшыся ў прасценак, аглушальна рванула граната. Гарачы iмпэтны ўдар сцебануў яго па плячы, i зараз жа ўсё патанула ў пыле, якi ўдушлiвым воблакам накрыў байца. Пыл яго i выратаваў. Валока адчуў, як немцы ўдарылi з аўтаматаў, некалькi куль раскрышыла цаглiны побач, але ён, прыгнуўшыся, з раптоўным спрытам iрвануўся назад, упаў, ускочыў зноў, перакацiўся цераз вялiкi зломак, аббег глыбокую варонку, з якой яны толькi што вылезлi, i, запаволiўшы хаду, выбраўся з руiн на закiданы друзам падворак. Па дарожцы, вымашчанай бетоннымi плiткамi, дабег да шнурка нейкай калючай загарадзi, прадраўся праз яе гушчар i, падлезшы пад прадраную драцяную сетку, апынуўся ў нейкiм вузенькiм незнаемым правулку. Яго адразу ледзьве не збiлi з ног хлопцы-аўтаматчыкi. Гучна ляскаючы падэшвамi, яны шалёна беглi некуды, - мабыць, напярэймы тым немцам, што адступалi ля сквера. Заднi страхавiта зiрнуў на яго скрываўленую галаву, але змоўчаў, не сказаў нiчога. Ён быў знаёмы, гэты хлапец з рабацiнкамi на пераноссi i яснымi насцярожанымi вачмi, але Валока не здолеў прыпамятаць, дзе ён бачыў яго, i адчуў, як забалела параненае плячо. Правулак быў вузенькi i зусiм пусты. Валока паглядзеў у адзiн канец яго, у другi i, сцяўшы пад пагонам рассечанае асколкам плячо, хiстаючыся, пайшоў туды, адкуль беглi аўтаматчыкi. Угары, у ясным вясновым небе, бахала, сiпела, калацiлася гулкае рэха бойкi. "Што ж гэта? Як жа гэта?" - толькi цяпер акрэслiлася ў яго галаве яшчэ няўцямная думка-здзiўленне. Узрушаны i змардаваны, ён нечага нiяк не мог сцямiць цi, можа, не мог чагосьцi ўспомнiць - разгарачаным нутром ён толькi адчуваў, што сталася вялiкая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлiвасць, перад магутнаю сiлай якой i ён, i Фрыц Хагеман былi бездапаможнымi. I яму было вельмi пакутна ад таго i хацелася завыць ад крыўды, якая ашчаперыла i душыла яго. 1961 г. |
|
|