"Срэбная ружа (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Чекану Дориан)Чекану ДорианСрэбная ружа (на белорусском языке)Дарыян Чакану Срэбная ружа Пераклад: Галiна Шаранговiч У гэтую ноч у мяне расцвiла ружа. За адну ноч, зусiм нечакана, ды яшчэ якая! Яе срэбныя пялёсткi прамянiлiся таямнiчым святлом, абуджаючы пачуццё нейкага дабратворнага супакаення. Я адчынiў акно, каб ружа магла дыхаць свежым паветрам. Ад лёгкага ветрыку яе пялёсткi трапяталiся, яны быццам струменiлiся, напаўняючы наваколле спакоем i цiшынёй. Я паклiкаў жонку, каб яна таксама ўбачыла дзiвосную кветку: - Сiльвiя! Вiдаць, яна спала. - Сiльвiя! - крыкнуў я. - Iдзi сюды! У нас расцвiла ружа! Яна з'явiлася за спiною, зiрнула на маё стварэнне. - Прыгожая. Пазяхнула i пайшла з пакоя. Я праводзiў яе збянтэжаным позiркам. Жончына абыякавасць была незразумелая: ружа не проста цвiла, яна пульсавала, рухаючыся ў танцы пад гукi нейкай, адной ёй чутнай музыкi. - Сiльвiя! - зноў паклiкаў я. - Не, ты паглядзi, якое хараство! - Ну я ж сказала, што прыгожая. - Ты толькi мiмаходзь зiрнула, а на такое трэба глядзець i глядзець! - Ты б лепей схадзiў кавун купiў. Тры днi дзецi ныюць, просяць кавуна, а iх бацька з ружамi няньчыцца... Чуеш?.. Ружа ўсё танцавала i танцавала. Потым пачала спяваць. Я слухаў яе як зачараваны. Добра, што яна не чуе Сiльвiю! Добра, што i я не чуў Сiльвiю! У пакой зайшоў Раду. - Ого, якая прыгожая ружа, - сказаў ён, пазяхаючы, i тут жа пайшоў прэч. - Раду, сынок, пачакай, куды ж ты? Ты бачыў ружу? - Бачыў, бачыў. - I табе падабаецца? - Падабаецца. I Раду нiчога не разумее. Я падняў з ложка свайго малодшага, Сэндзела, i панёс яго да кветкi. Ён быў яшчэ сонны i супрацiўляўся, а калi зразумеў, што гэта не паможа, залiўся горкiмi слязьмi. - Не плач, мой маленькi, паглядзi, якая прыгожая кветка. Ружа, аднак, анi яго не супакоiла. - Сэндзел, сынок, панюхай гэтую кветачку! - Не хасю! - адварочваўся Сэндзел. - Хасю кавуна! - Не чапай дзiця, што ты яго мучыш?! - накiнулася на мяне жонка. Да мяне нiяк не даходзiла, што, нарэшце, адбываецца: як можна заставацца абыякавым побач з такой прыгажосцю? Срэбная ружа! I справа не ў тым, што я яе вывеў, выпесцiў i аддаў ёй некалькi гадоў жыцця, я быў у страшэннай роспачы, бо не было ў маiх сямейнiкаў элементарнага пачуцця прыгожага... - Не журыся, добры чалавек, - пачуўся аксамiтавы голас. Я здзiўлена азiрнуўся. - Гэта я. Гаварыла... ружа! * * * Праз два днi ў дзверы пастукалi, i Сiльвiя пабегла адчыняць. На парозе стаяў высокi стройны мужчына. Ён паправiў сонцаахоўныя акуляры i ветлiва ўсмiхнуўся. - Панi Сiльвiя, я ад вашага мужа. - Праходзьце. Што з iм? Незнаёмы зайшоў у кватэру. - Калi ласка, не турбуйцеся. Я лiтаральна на некалькi хвiлiн. - Што з маiм мужам? - настойлiва паўтарыла Сiльвiя. Толькi цяпер яна здолела добра разгледзець госця. Ён выняў з кiшэнi насоўку i пачаў старанна працiраць акуляры. Сiльвiю ўразiлi яго вочы, яны былi незвычайнага колеру i выпраменьвалi нейкае загадкавае святло. Быццам загiпнатызаваная, глядзела яна ў гэтыя вочы, адчуваючы, што ўсю яе iстоту запаўняюць цёплыя промнi. Але тут незнаёмы начапiў акуляры i загаварыў да яе: - Панi Сiльвiя, не хвалюйцеся. Ваш муж жывы-здаровы, але... ён не можа прыйсцi, бо... - Што з iм? - усклiкнула Сiльвiя. Гiпнатычны стан, у якiм яна патанула, знiк гэтаксама хутка, як i з'явiўся. - Панi Сiльвiя, прашу вас, супакойцеся. Незнаёмы вiдавочна разгубiўся i, напэўна, таму паспяшаўся выдаць iнфармацыю, якую хацеў паведамiць спакваля: - Ён знаходзiцца ў Краiне Ружаў. У душы ў Сiльвii змагалiся два пачуццi: нявер'е i адчай. Кожнае з iх магло выклiкаць прыступ нястрыманага шаленства, а гэтага больш за ўсё i асцерагаўся незнаёмы. - Што-о? Дзе-е?! - як i меркаваў ён, абурылася Сiльвiя i грозна рушыла на яго. - Панi Сiльвiя! Панi Сiльвiя! - спрабаваў супакоiць яе госць. Але яна наблiжалася, i было вiдаць, што намеры ў яе самыя агрэсiўныя. Госць зразумеў гэта i, адступаючы да дзвярэй, апошнi раз паспрабаваў яе супакоiць: - Панi Сiльвiя, ваш муж адчувае сябе добра i прасiў мяне перадаць вам грошы! I ён падаў ёй канверт. Аднак грошы выклiкалi адваротны эфект. - Грошы?! Я пакажу табе грошы! Шантажыст!.. - зараўла яна. - Каб зараз жа, чуеш, у гэтую ж хвiлiну, ты вярнуў мне майго мужа! Iнакш... Каб хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай сцэнай, незнаёмы зняў акуляры, зiрнуў на Сiльвiю срэбным позiркам i, прыкаваўшы яе да месца, знiк... * * * ...Сiльвiн муж, бледны, непрытомны, ляжаў у ложку. Ён з'явiўся дома гэтаксама нечакана, як, зрэшты, i знiк два днi таму. Сiльвiя збянтэжана глядзела на яго. - Гэта... ты? Ён, натуральна, не адказваў. Праз гадзiну ён апамятаўся, расплюшчыў вочы i агледзеўся. Каля ложка сядзела заплаканая жонка. - Чаго ты плачаш, Сiльвiя? - цiха спытаўся ён. - Я не плачу, Мiрча, - яна з палёгкай уздыхнула i стала выцiраць слёзы. Ён прыўзняўся, сеў i, застагнаўшы, схапiўся за галаву. - Не разумею, што са мною... - Ну, я ж казала, не патрэбныя табе гэтыя ружы. Бачыш, мая праўда, Мiрча... - ? У пакой з плачам увайшоў Раду. - Тата, глядзi, ружу сарвалi! Срэбная ружа, сапраўды сарваная i звялая, ляжала на далонi ў хлопчыка, стаўшы звычайнаю шэраю кветкаю... - Сарвалi? Ну i што? - хмура прамармытаў бацька. Раду глядзеў на яго спалохана, са здзiўленнем. - Як ну i што? Ружа памерла, тата! Сiльвiя зiрнула на сына i адчула, як яе пранялi дрыжыкi: карыя хлопчыкавыя вочы засерабрылiся, выпраменьваючы таямнiчае пранiклiвае святло. I яна адразу ўспомнiла незнаёмага з Краiны Ружаў. |
|
|