"Начлег у вёсцы Сiнегах (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Черный Кузьма)Черный КузьмаНачлег у вёсцы Сiнегах (на белорусском языке)Кузьма Чорны Начлег у вёсцы Сiнегах Вялiкi паход скупы на адпачынак. I мы спалi мала - прыхваткамi, па гадзiны дзве ўпору. У вёсцы Сiнегах засталi мы сляды праходу ранейшых вайсковых часцей: дзецi гулялi з кабелем; каля хлява крайняй хаты, на панадворку, на расцярушанай саломе, параскiданы патроны; мы папрабавалi iх да сваiх вiнтовак - не падышлi, так iх зноў i пакiнулi тут. Восем хат вёскi Сiнегаў шасталi на ветры раскудлачанымi грэблямi саламяных стрэх. Спаць лажыцца трэба было адразу. У хаце я застаў цiхую ўстрывожанасць i непакой напалоханых вайной людзей: чацвёра дзяцей i жанчына - гаспадыня i мацi - прыгожая горадзенская сялянка. Мы сцелемся ў халодных сенцах на нейкiх нiзкiх скрынях - я i наш узводны, таварыш Скабакоў, вясёлы i рыжы хлапец, родам з нейкiх Аланецкiх азёрных рыбных узбярэжжаў. Мы папраўляем салому, пацёртую ранейшымi вайсковымi начлежнiкамi, кладзем пад галовы ўсю сваю салдацкую маёмасць, i цяжкая дрымота зразу кладзецца на вочы нашы. Дзверы ў гарачую хату адчынены. Там доўга i цiха спрачаюцца дзецi за нейкую "падушку з чырвонаю прошваю", i нарэшце ўсё робiцца цiха. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Прывыкшы да трывожных ранiц, я ўскiдаю раптам угору галаву i стараюся разагнаць каменную ранiшнюю дрымоту. Малады дзень ледзьве прапускае праз маленькае сенечнае акенца першае святло сваё. "Яшчэ пяць хвiлiн я паляжу, i тады буду будзiць Скабакова", - я думаю i змагаюся з цяжкай дрымотай. Я падкладваю рукi пад галаву i сцiскаю каля вушэй. Тахкае i балiць у галаве. У хаце я чую гаворку: - Уставай, сынок, - гаворыць жанчына. Усё маўчыць. - Сынок, устань. - Ай, мама... - Устань, сынок, ну хто ж устане, ты ж самы большанькi. - Я яшчэ хоць трохi пасплю... - Заснеш удзень, а цяпер - ну каго ж я пабуджу. Хлапчанё заплакала. Ён доўга зацягнуў санлiвым голасам, цягнуў i, мусiць, спаў. Пасля раптам сцiх. Жанчына маўчала. Я ўстаў i пабудзiў Скабакова. Я ўвайшоў у хату. Жанчына рвала на кавалкi старую, зношаную да адных дзiрак сарочку. - Добры дзень, - сказаў я. - Добры дзень, - адказала жанчына. - Дзякуем за начлег, мы ўжо iдзем. - Iдзiце. Што мне сказаць яшчэ? I я гавару: - Няхай хлапчук паспiць яшчэ трохi, няхай гадуецца. Я адчуваю сябе так, як бы ў чым вiнаваты тут. - Ну, а што я зраблю, - гаворыць яна раптам, хутка, моцна, - што я зраблю, што я адна параджу. Гаспадара няма, гаспадар ваюе. А сёння мне трэба хоць трохi пачаць авёс жаць, дастаць дзе каня ды хоць возiк жыта прывезцi абаб'ю як-небудзь, хоць пранiкам, а вечарам у жорнах змялю, калi падсохне за дзень на печы, дык назаўтра хлеб рашчыню... - А каня няма? - Каня палякi пазаўчора ў абоз пагналi, разам з хлопцам. - З якiм хлопцам? - З сынам. - Вялiкi? - Малы... Каб вялiкi - я не тужыла б гэтак... А тут малога нiяк не ўзбудзiць карову выгнаць папасвiць. I няма чаго даць яму паснедаць. Накапала ўчора зранку картопель трохi, малыя яшчэ, дык пад вечар салдат накармiла iдуць босыя, галодныя, абарваныя, абшарпаныя... Можа, думаю, i мой там дзе-небудзь небарак... Яна падышла да ложка. - Устань, сынок, я табе новыя анучы ад свае старое сарочкi адарвала, каб табе было чым нагу мяккiм абкруцiць. Абуеш Мiколкавы лапцiкi, яны табе велiкаваценькiя, i вольна назе будзе... Устань, сынок. Яна нагнулася над ложкам. - Зараз прарваць павiнна. - Што? - Нарыў. На тым тыднi яшчэ нагу прабiў на корч, дык нарывае. I я нагнуўся над ложкам. Хлапчанё спала. На левай назе, каля пальцаў, збоку, была белаватая пухлiна, запэцканая ў гразь. Я пайшоў у сенцы. У сваiх мяшках я нiчога не знайшоў, апроч двух тараноў. Я дастаў iх i палажыў у хаце на лаве - уся мая салдацкая ежа. I тады мы з таварышам Скабаковым назаўсёды пакiнулi гэтую хату. Праз хвiлiн пятнаццаць мы пакiнулi гэтую вёску Сiнегi. Чакаючы загад рушыць, я ўбачыў яго: накульгваючы, ступаючы на пяту, ён гнаў карову. Каля хаты стаяла мацi яго - вялiкая горадзенская жанчына. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . I от мы iдзем. Будзем iсцi доўга - вялiкi паход скупы на адпачынак. 1927 Каментары Друкуецца па кнiзе "Выбраныя творы" /Менск, ДВБ, 1934/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе "Беларуская работнiца i сялянка", 1927, № 7. Датуецца лiпенем 1927 года. |
|
|