"Апавяданне без канца (на белорусском языке)" - читать интересную книгу автора (Чигринов Иван)Чигринов ИванАпавяданне без канца (на белорусском языке)Iван Чыгрынаў Апавяданне без канца На золку, калi яшчэ спявалi пеўнi, я пакiнуў Брады, каб да сонца выйсцi праз дальнi расцяроб да Пычава берага. Дарога iшла паўз лясное возера. Летам па ёй амаль нiхто не ездзiў, таму каляiны пазарасталi высокай травой. Трава даставала да каленяў. Можа ўжо гадзiну мае грудзi дыхалi халадком яснага рання. У густым ельнiку, што стаяў паабапал дарогi, спрасонку валтузiлiся сытыя дразды. Па-над возерам, у млявай шэранi, чубiлiся галубы. - Галубка, кума, ты будзеш мая... Лес неўзаметку праганяў дрымоту. Я моўчкi збiваў парусiнавымi туфлямi халодную расу i ўсё спяшаўся. Хутка павiнен быў пачацца луг. Але на Пычаў бераг трапiў не я першы. Чалавек, якi паспеў туды раней, сядзеў нерухома каля самай вады, звесiўшы ногi, i зацята глядзеў перад сабой, быццам сiлiўся разгледзець нешта на дне ракi. Побач ляжалi рыбацкiя прылады бляшанка з чарвямi i арэшкавае вудзiльна. Леседзь хоць i была раскручана, але ён пакуль нi разу не закiнуў вуды, бо бляшанка з чарвямi стаяла зачыненая. Рака дымiлася цёплым туманам. Учора гэтага чалавека бачыў я разам са старшынёй райвыканкома i дырэктарам саўгаса ў садзе. Шырока стаўляючы ногi, ён пахаджваў памiж дрэў, падпёртых калкамi, каб не ламалася ад яблыкаў сучча, i голасна смяяўся. Ва ўсёй яго постацi адчувалiся здароўе i тая абыякавая ўпэўненасць, з якой прывыклi ступаць па зямлi толькi нямногiя людзi. Нават старшыня райвыканкома, якi гаварыў яму пра нейкiя справы, iдучы побач, здавалася, губляўся пад яго насмешлiвым, трохi спагадлiвым позiркам. Ён быў чалавекам высокага росту, з шырокiмi, крыху прыўзнятымi плячамi, з высокiм iлбом i доўгiмi, закiнутымi назад валасамi, якiя ўжо добра пасiвелi. Якраз i я апынуўся ля будкi вартаўнiка. Стары Панаська сказаў: - Бач, як перад гэтым Чыкiлёнкам гнуцца... i наш i той раённы. Стары дымiў люлькай i соннымi вачмi глядзеў у той бок, дзе за коўратамi сабраўся каля легкавушак натоўп. - Ну i пралаза гэты Чыкiлёнак, - дадаў стары. Потым спытаў: - А ты яшчэ не схадзiў да яго на паклон? I, не чакаючы адказу, пахвалiў: - Ты гэта правiльна, хлопец, робiш. Табе няма чаго знацца з iм. Панаську быццам цягнуў хто за язык. - Бацька яго, Iван Чыкiла, быў чалавек, - гаварыў Панаська. - Iгнаська таму i аддаў сваю Вольгу. Думаў, сын па бацьку. Яблыка ж, гавораць, падае недалёка ад яблынi. Але як часта людзi памыляюцца!.. Гэта аж вон куды закацiлася. Нават дастаць цяжка. Панаська гудзеў сваiм нутраным - глухаватым, але яшчэ моцным голасам: - I добра, што хоць Вольга не бачыць. Адпеклавала дзеўка сваё. Ды ён, мусiць, i не надумаўся б сюды, каб яна жыла. Не, што нi кажы, а Чыкiлёнак гэты пралаза, брат. Во бачыш, як сустракаюць яго. Дамогся свайго. А нашы вочы вылупiлi ды шапкi ледзь не ломяць. Сказана, дурнi. Бо ў галаве замест мазгоў падалiкi. Ну i што, калi начальнiк? Ды такога начальнiка, як Чыкiлёнак, калi па-людску рабiць, дык i блiзка не трэба пускаць. То было ўчора. А сёння Чыкiлёнак выглядаў адзiнока. Што прывяло яго на Пычаў бераг? Няўжо сапраўды тыя шчупакi, якiя мне каторы дзень не давалi спакою? Здалёку ён не чуў маiх крокаў. Не паварушыўся i тады, калi я затупаў блiзка. Але я не шукаў з iм сустрэчы. Зоркi тым часам тухлi на небе. Паказалася сонца. Спачатку яно высунулася адным сваiм краем i стала падобнае на чырвоны шар, у якi нехта неўзаметку дзьмуў збоку, i таму ён усё павялiчваўся, узнiмаючыся ўгору. Нарэшце гэты распалены шар адарваўся ад зямлi i закалыхаўся над ёю - вялiкi, блiзкi i разам з тым недасягальны. Сонца здавалася нейкiм няпраўдашнiм. Быццам яго намаляваў хто чырвонай фарбай ды павесiў там, дзе яно заўсёды ўзыходзiць, каб падманваць даверлiвых. - Гэта ты, Iваноў? - спытаў Чыкiлёнак i не павярнуў галавы, напэўна, падумаў, што прыйшоў яго шафёр. Я прамаўчаў. Тады ён раззлаваўся: - Ты што, не чуеш, Iваноў? - Гэта не Iваноў, - адказаў я, каб неяк азвацца. "Ну i пралаза гэты Чыкiлёнак", - успомнiў я словы старога Панаськi. Штосьцi прыгожае i непрыгожае было адначасова ў яго твары. У шэрых i крыху раскосых вачах, асаблiва калi ўсмiхаўся, загаралiся хiтраватыя iскры. Але яны загаралiся толькi на адзiн кароткi мiг. Дзiўнымi якасцямi валодаў Чыкiлёнак. Ён яшчэ не разгледзеў мяне як мае быць, толькi акiнуў паспешлiва позiркам. Ён яшчэ не сказаў нiчога такога, каб запомнiлася. I не зрабiў нiчога, адно што ўзяўся за вудзiльна. Але на Пычавым беразе захадзiла ўсё хадуном, зрабiлася раптам шумна, быццам неспадзявана хто запоўнiў, як пляшку, усю пустэчу, якая да гэтага была тут. - А, рыбак, - гаварыў ён паблажлiва, i я ўжо бачыў яго такiм, якiм быў ён учора ў садзе; быццам толькi што не сядзэў на Пычавым беразе адзiнокi i заклапочаны чалавек, якога варта было пашкадаваць. - Ты, мусiць, не адсюль? - I сам адказваў: - Канечне, не адсюль. А то ж я адразу цябе пазнаў бы, нягледзячы на тое, што ўжо дваццаць гадоў не быў тут. Я, брат, на пароду памятлiвы. Дык я, малады чалавек, маю сказаць табе, што на гэтым Пычавым беразе... Гаварыў ён спакойна, важна, уладна. I ўвесь час стараўся быць дружалюбна абыякавым. Гаворкай сваёй ён нiбы закалыхваў. Ён меў нешта сказаць мне пра Пычаў бераг. Але ж я таксама меў што сказаць яму. Напрыклад, пра тое, як памiрала яго жонка. ...Тым летам над тутэйшымi пясчанымi пагоркамi стаяла засуха. Яравыя гарэлi на коранi, а жыта, пасмяглае, нiзкарослае, было пустое. Дажджы iшлi стараной. Але прывiды голаду не палохалi людзей. - Нябось, зямля вялiкая, дзе-небудзь зародзiць, - гаварыў хто-небудзь, i ўсёй вёсцы перадавалiся яго спакой i развага. - Хлеба прывязуць у краму... Але пасля гарачынi, калi на зямлю прыходзiў вечар, нехта ўсё ж валачыў за вёскаю плуг, пракладваючы паўз гумны збавiцельную баразну; нехта насiў да возера чужы частакол... Пясок на дарогах перагараў на мяккi прысак. Босаму на iм нельга было ступiць аднаго кроку - пякло. I калi з вёскi выязджала якая машына цi нават падвода, дык за многа вёрст было вiдаць кожнаму, бо адразу над усiм, што рухалася па дарозе, павiсала воблака пылу, якое паступова станавiлася падобнае на клубы жоўта-белага дыму, што ўзнiмаецца звычайна над стогам падпаленай саломы. Як у бяздоннi, прападаў гук. Крычы не крычы, а цябе ўсё роўна нiхто не пачуе. У такi вось дзень мне якраз i выпала iсцi на Самацэвiчы. Я выбраў дарогу самую кароткую. Гэта была палявая дарога, вузкая, ледзь не сцежка. Ужо вiдаць было, як узвышалiся пасярод старых лiп купалы царквы - самай высокай будынiны ў наваколлi. Ужо не так многа заставалася прайсцi. I я трацiў, здаецца, апошнiя свае сiлы, каб па гэткай духаце хутчэй датупаць да мястэчка. Наперадзе iшла нейкая жанчына, i мне ўвесь час хацелася дагнаць яе. Можа гэта была адзiная жывая iстота, якую нешта змусiла ў немiласэрную гарачыню выйсцi з дому. Але неўзабаве i яна схавалася ў жыце. Мне падумалася, што яна некуды збочыла, бо не ўсе ж людзi ходзяць у адну дарогу. Затое зусiм не парадаваўся я, калi заўважыў жанчыну зноў. Яна ляжала на ўзмежку, галавою ў жыта, нiбы шукала там паратунку ад спёкi. Ляжала на спiне, i рукi яе былi шырока раскiнуты. Твар, увесь пасiнелы, ён ледзь не свяцiўся наскрозь, слаба крывiўся ад болю. Я кiнуўся да жанчыны i асцярожна прыўзняў яе за плечы. - Дыхаць... дыхаць няма чым, - ледзь чутна сказала яна. Збялелыя вусны яе дрыжалi. "Памiрае", - падумаў я i разгубiўся. Ад гэтага кроў хлынула ў галаву, сцiснула скронi. Але я перамог нечаканую слабасць, якая можа больш ад гарачынi была, чым ад разгубленасцi, узяў на рукi хворую i панёс яе па дарозе, туды, дзе вiднелiся купалы царквы. Жанчына, здавалася, не дыхала. Твар яе пакрывалi кропелькi поту. Я ўпарта нёс сваю нялёгкую ношу i з кожным крокам усё больш хваляваўся. Нарэшце мне пачало здавацца, што я не паспею дайсцi да пасёлка i жанчына памрэ на маiх руках. Тады я паклаў яе ў жыта i пабег шукаць дапамогi, бо сам нiчога не мог зрабiць - жанчына, наколькi я разумеў гэта, хварэла на сэрца, i яе ў дарозе, далёка ад дому, хапiў прыступ. Я бег, i пот залiваў мне вочы. Дыхалася цяжка. У роце прагоркла. - Каб не памерла, каб не памерла, каб не памерла, - нiбы падлiчваў я крокi, i гэта мяне падганяла... Праз два днi я прыйшоў у бальнiцу праведаць яе. Сястра, якая ездзiла тады з доктарам на машыне хуткай дапамогi па хворую, замест адказу паказала мне ў канец калiдора. Там, насупраць акна, нехта стаяў у белым халаце. Бальнiчны калiдор быў доўгi, таму адразу цяжка было разгледзець чалавека. Але праз колькi крокаў я ўжо ведаў, што там стаяла жанчына. Толькi не тая, якую мне давялося ратаваць. - Мама памерла, - яна ступiла насустрач i заплакала. Ад яе слоў раптам заныла маё нутро. Заныла, засаднiла. Але я ўсё ж пайшоў за дзяўчынай па калiдоры, каб даслухаць, што яна гаварыла скрозь слёзы. - Перад смерцю мама хацела бачыць вас. Гэта ж вы падабралi яе на дарозе ў той дзень. А вы ўсё не iшлi. I яна не дачакалася. Памерла. Дык я потым падумала, што вы яшчэ прыйдзеце. Мне сказаў доктар... Я мог бы расказаць Чыкiлёнку не толькi пра гэта. Але ён астатняе ведаў. ...У сорак першым Чыкiлёнак пакiнуў Брады, калi апошнiя нашы часцi перайшлi ля Вусаўкi мост. Дома заставалася цяжарная жонка. Тады стаяла лета, а ўвосень жонка павiнна была радзiць. I ён не павёз яе ў бежанцы - не параiлi людзi. Але як толькi прыйшлi немцы, тыя ж самыя людзi разнеслi чутку: - Бачылi Чыкiлёнка ў Шурышчы!.. Суседзi пасля гэтага пачалi заходзiць у хату, робячы выгляд, што дарэмна Вольга хавае ад iх сваю тайну. - Ты, дзеўка, пабойся бога, не будзь такой скрытнай, - гаварыла кожную ранiцу якая-небудзь Хвядосiха, калi Вольга iшла з вёдрамi да студнi. - Ад людзей жа не век хавацца. Бачылi твайго ўчора!.. Вольга доўга не верыла людзям. Але з цягам часу i яна перастала спаць начамi. Чакала, што муж, калi ён сапраўды недзе паблiзу, пастукае аднойчы ў шыбiну. Нарэшце яе паклiкалi ў камендатуру. - Мы ведаем, што ваш муж хаваецца ў лесе, - ветлiва ўсмiхаючыся, сказаў камендант. - Ён збiраецца шкодзiць нам. Таму мы i паклiкалi вас. Вы чакаеце дзiця. Дык перадайце свайму мужу, каб ён праз чатыры днi з'явiўся да нас. Вы павiнны ўлiчваць абставiны. Пераканайце яго. Камендант пазванiў некуды i вылез з-за стала. Ён заставаўся ветлiвы да канца: - Назад вас павязуць на маёй машыне. Мы, немцы, любiм гасцiннасць. Але ведайце, праз чатыры днi я сам прыеду да вас. Канечне, таксама ў госцi, бо я спадзяюся, што нiякiх непаразуменняў памiж намi не будзе. Камендант стрымаў слова. - Вы нас падвялi, шаноўная, - гукнуў ён яшчэ ад парога, i ў голасе яго не было ранейшай ветлiвасцi. - Дзе ваш муж? - ужо наступаў ён. - Я не сустракала яго. Ён нiколi не прыходзiў дамоў. Мусiць, гэта людзi нагаварылi, што ён недзе тут. Вольгу павялi да возера i паставiлi там, крокаў за дзесяць ад берагу, у халодную ваду, як сказаў камендант, прымаць ванны. На дварэ якраз была восень. Пасля па Вольгу яшчэ прыходзiлi з камендатуры. Але ў яе нарадзiлася дачка. Раней часу. Пасля пачалася хвароба. Камендантавы ванны так не мiнулiся. Вольга застудзiла ногi, i ёй давялося вучыцца хадзiць нанава. Цяпер ужо разам з дачкой. Тым часам вайна канчалася. Як i ўсе людзi, Вольга чакала свайго гаспадара, бо ўжо каторы год атрымлiвала ад яго ў ваенкамаце па атэстату грошы. Зрэдку прыходзiлi пiсьмы. Муж пiсаў, мiж iншым, што нiколi за вайну яму не выпала хадзiць паблiзу Брадоў, i таму яго нiхто не мог бачыць у Шурышчы. Але навошта было варушыць старое? Добра, што ўсё абышлося. Так думала Вольга. I вось аднойчы, здаецца, праз тры месяцы пасля вайны, калi жывыя вярталiся пад свае стрэхi, Вольга атрымала пiсьмо. Яно было напiсана чужой рукой. Значыць, не ўсё яшчэ абышлося!.. Вольга чытала пiсьмо i не давала сабе веры. Лiтары, выведзеныя жаночай рукой, скакалi перад вачмi, расплывалiся. Пiсьмо было кароткае. "Я не збiралася пiсаць, - чытала Вольга. - Спадзявалася, што ён сам напiша. Ды ён усё адмаўляецца. Але ўжо не час маўчаць. У мяне ад яго будзе дзiця. Маё дзiця таксама мае права на бацьку. Таму я не пушчу яго ў Брады..." Дачытаць да канца неставала сiл. На другi дзень Вольга спехам сабралася ў дарогу... Дом, у якiм жыў цяпер яе муж, паказалi людзi. Але калi яна памкнулася было ўзысцi па лесвiцы на другi паверх, яе затрымаў мiлiцыянер. - Грамадзяначка, - сказаў ён, як мог, стрымана, - сюды вам не паложана. Я вось тут запiшу вас, а вы пачакайце, можа хто выйдзе, тады я паклiчу. Вольга падалася назад i больш не спрабавала падыходзiць да дзвярэй кватэры. Яна толькi падумала, што вельмi ўжо неспадзявана перамянiлiся часы i што яе жыццё цяпер, вiдаць, перакулiлася назаўсёды. Асаблiва бянтэжыў Вольгу гэты мiлiцыянер. Яго паставiлi тут, здавалася ёй, дзеля таго, каб адгарадзiць iх, каб узвесцi памiж iмi яшчэ большую сцяну. Але яна хацела дачакацца свайго мужа. Яна павiнна была расказаць яму, што перажыла праз яго за вайну... I таму засталася стаяць ля пад'езда. Успомнiлi пра яе пад самы вечар. - А я i не здагадвалася, што ў вас хопiць смеласцi так хутка прыехаць, падышла да яе спакойная, яшчэ зусiм маладая жанчына. Яна была вельмi прыгожая, гэта жанчына. Можа таму яна так спакойна i трымалася перад Вольгай. I хто ведае, можа яна адчула гэту сваю перавагу яшчэ задоўга да таго, як сустрэла Вольгу. - Толькi я не ведаю, - пачала яна, - чаго вы сваёй паездкай дамагаецеся? Ён не хоча з вамi жыць. Дык што вам патрэбна? Вы нарэшце павiнны зразумець, што ўжо не пара яму. У яго цяперашнiм становiшчы такая жонка будзе адно замiнаць... О, гэтая жанчына была занадта шчырая ў сваiх довадах. Яна нават не заўважала, як балюча даймала гэтым сваю маўклiвую ахвяру. - Я размаўляю з вамi як жанчына з жанчынай, - гаварыла далей яна. - Вы не крыўдуйце. Бо я магла нават не падысцi да вас. Вы ўпершыню апынулiся ў вялiкiм горадзе. Мужа няма дома, i наогул яго доўга яшчэ не будзе, дык я павiнна паклапацiцца сама. I потым ён сказаў... Але ж лепш хадземце, я завяду вас да аднаго чалавека. Вольга адчувала сябе дрэнна яшчэ з ранiцы, калi прыехала на вакзал. Затым доўга стаяла ля пад'езда. А зараз гэта жанчына сваёй непадробнай шчырасцю адбiрала ў яе апошнюю надзею. Неставала волi на супрацiўленне. I яна пайшла следам, спярша па вулiцы, гарачай i дымнай, потым па нейкiх бясконцых калiдорах, засланых прыгожымi дыванамi. Цяпер Вольгу непакоiла ўжо iншае - каб не трапiць неспадзявана на вочы свайму мужу, бо не хацелася, каб ён пабачыў яе поплеч з гэтай модна апранутай, выпешчанай жанчынай. У душы яна ўжо нават рада была, што яго не аказалася дома. У кабiнеце, куды яе прапусцiлi адразу, - не абышлося без намаганняў спадарожнiцы, - сядзеў, напэўна, той самы чалавек да якога яны iшлi. - Дык чым я магу быць карысны вам? - пасадзiўшы Вольгу ў крэсла насупраць сябе, спытаў ён вялым голасам. - Я прыехала да мужа, - i Вольга назвала прозвiшча. - Ну i што? Чалавек, вiдаць, не зусiм разумеў, чаго дамагалася ад яго гэта вясковая жанчына. Тады Вольга падала яму пiсьмо, якое, уласна, i змусiла яе сабрацца ў дарогу. Ён чытаў тое пiсьмо, а Вольга ўпотай выцiрала слёзы. - Так, - прамовiў нарэшце чалавек i зацiкаўлена агледзеў Вольгу. - Я штосьцi прыпамiнаю. Але пачакайце. - Ён адчынiў шуфляду стала i дастаў адтуль сiнюю папку. Доўга гартаў старонкi, чытаў паперкi, якiя былi ўшыты ў папку, потым усклiкнуў: - Ага, вось яно!.. Ад гэтага воклiчу Вользе зрабiлася млосна. Сэрца раптам пачула штосьцi нядобрае. - Тут ёсць выпiска з метрыкi... Марына нарадзiлася дваццаць шостага жнiўня тысяча дзевяцьсот сорак другога года. Так? - Так, - адказала Вольга, не разумеючы, куды хiлiцца гаворка. - Добра. Тады прачытаем, што пiша ваш муж: "Мая жонка нарадзiла дзiця ад немца. Бо я пакiнуў Брады ў лiпенi сорак першага года, а Марына, гэта значыць мая так званая дачка, нарадзiлася... што i пацвярджае метрыка... Таму я i не магу жыць разам". У Вольгi пахаладзела на сэрцы. - Гэта няпраўда, - захвалявалася яна. - Тут звычайная памылка. Так запiсалi ў сельсавеце. Людзi могуць сказаць. Дачка нарадзiлася якраз у сорак першым. I не ад якога немца. Гэта яго дзiця. Уся вёска ведае. Я толькi не дагледзела, як яны там запiсвалi. Бо цi думаў тады хто!.. - Дапусцiм, што вам можна паверыць, - спынiў яе той жа вялы голас. - Але ж i мужу вашаму я мушу паверыць. Тым больш, што дакументы пацвярджаюць. Вы толькi правiльна зразумейце мяне... Ён гаварыў i далей, але Вольга больш не слухала: сёння чамусьцi ўвесь час угаворвалi Вольгу, каб яна нешта зразумела, i нiхто не разумеў яе... Ужо каторы год Марына высаджвала на матчынай магiле барвiны. Гэта магiла i мяне параднiла з Брадамi. Я палюбiў i цiхую раку, i лазнякi над ёю, i пясчаныя пагоркi, на якiх аж да самай восенi хвалюецца пад ветрам жыта. Мне палюбiлася скупая прырода таго ўсходняга кутка Беларусi, дзе прамiнула дзяцiнства чалавека, якi мне на ўсё жыццё стаў дарагi. Я нiколi не спадзяваўся сустрэць тут Марынiнага бацьку. Зараз ён меў нешта сказаць мне пра Пычаў бераг. Але я пабрыў далей. Над ракою па-ранейшаму дымiўся цёплы туман. 1962 г. |
|
|